Дзень у гісторыі. 9 лістапада. Крыштальная ноч

Міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антысемітызмам.

Устаноўлены ў памяць Крыштальнай ночы з 9 на 10 лістапада 1938 года, калі ў выніку пагромаў у Германіі было спалена 267 сінагог, 815 габрэйскіх крам, 30 000 яўрэяў былі заключаны ў канцлагеры, было забіта больш за 90 чалавек. Пагромы гэтай ночы сталі першай масавай акцыяй фізічнага гвалту Трэцяга рэйха ў адносінах да яўрэяў. Паводле ацэнак гісторыкаў, практычна поўная адсутнасць рэакцыі на пагром як унутры самой Германіі, так і ў іншых краінах Еўропы развязала фашыстам рукі і паслужыла стымулам да пачатку масавага знішчэння еўрапейскіх яўрэяў.

1924 год. У Магілёўскім гарадскім тэатры ўпершыню прагучала першая беларуская опера на рэвалюцыйную тэму “Вызваленне працы” Мікалая Чуркіна.

2019 год. Бюст беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча адкрылі ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. 

Устаноўлены ў Глушы бюст стаў першым помнікам беларускаму пісьменніку Алесю Адамовічу. Сродкі на яго збіралі грамадскія актывісты.

Алесь Адамовіч Глуша

Эра беспакаранасці ў Слаўгарадзе прайшла – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі фотапасткі

Жыхарам Слаўгарада больш не дазволяць смеціць у зоне адпачынку, а звярам і птушкам – расцягваць смецце.

За людзей і звяроў вырашыў узяцца старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Кажамякін на чарговым пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванню.

Ён быў да глыбіні душы абураны тым, што банер «Захаваем родны лес», усталяваны ў месцы адпачынку з паэтычнай назвай Мар’ін Уцёс, ігнаруецца і двухногімі адпачывальнікамі, і ляснымі братамі меншымі.

Райвыканкам зайшоў з козыраў – на кантэйнеры ўсталявалі накрыўкі, каб птушкі і звяры не маглі расцягваць смецце па лесе.

Адпачывальнікам таксама цяпер не атрымаецца схавацца ад усевідушчага вока штаба па добраўпарадкаванню – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі відэаназіранне і фотапасткі.

Раённая газета дакладна абазначыла сітуацыю ўсяго трыма словамі – эпоха беспакаранасці прайшла. Якая там ужо эпоха… Калі гаворка пра Слаўгарад, дык гэта была цэлая эра. Цяпер – усё з чыстага аркуша.

Як кажуць, любіце прыроду, маць вашу!

Фота газеты “Прысожскі край”.

У Магілёве прадаецца бельведэр на даху

У Магілёве прадаецца вежа на даху гістарычнай «сталінкі» – невялікая, але з панарамным відам на горад.

За ўнікальнае памяшканне на даху магілёўскага дома, размешчанага па вуліцы Першамайская, 46, просяць 52 тысячы долараў.

Вежа-бельведэр уяўляе сабой пакой плошчай 15 квадратных метраў, з васьмю сценамі і 24 вокнамі ва ўсе бакі. Вышыня столі – 5,6 метра.

Сам будынак – жылы дом 1954 года пабудовы. Ён з’яўляецца яскравым прыкладам пасляваеннай савецкай неакласікі.

Дом знаходзіцца каля Мінскага рынку і сабора Трох Свяціцеляў. У ім у свой час жыў вядомы акцёр і рэжысёр Валянцін Ермаловіч.

Кампанія “Savmet”, што прадае бельведэр, прапануе будучым уладальнікам і ідэі адносна таго, як можна выкарыстоўваць вежку. У ёй можна ўладкаваць вінны бар, стыльную майстэрню або гасцявы дом.

Спроба прадаць унікальнае памяшканне ўжо рабілася ў 2017 годзе, але ахвотных набыць яго не знайшлося.

Магчыма, з-за канструктыўных складанасцяў – кватэра з бельведэрам падзелена на тры ўзроўні. На самы верхні, непасрэдна ў вежу, трэба падымацца па стромкай металічнай лесвіцы і пралазіць праз люк у столі.

Цяпер прадаўцы, акрамя бельведэра, прапануюць яшчэ і камплект дызайнерскіх рашэнняў, відавочна згенераваных штучным інтэлектам.

Фото за адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 8 лістапада. Паўстанне ў Крычаве, знішчэнне гета ў Бабруйску

1696 год. Крычаўскія паўстанцы разграмілі харугву ВКЛ

У 1696 годзе ў Крычаве была раскватараваная харугва харунжага Вялікага княства Літоўскага Рыгора Агінскага, якая пачала займацца ў горадзе разбоем. 8 лістапада пачалося сумеснае ўзброенае паўстанне гараджан і сялян староства. Жыхары занялі замак і захапілі гарматы з якіх абстралялі харугву. Пачаўся жорсткі бой, у выніку якога харугва была разбіта, ацалелыя ваяры ўцяклі з горада.

Крычаў ХІХ ст.
Від на Крычаў у пач. ХІХ ст.

1916 год. Нарадзіўся Георгій Бенядзіктаў, заслужаны архітэктар БССР

Адзін з аўтараў праекта гасцініцы «Магілёў», пабудаванай у 1972 г. 

гасцініца Магілёў

1941 год. Знішчэнне гета ў Бабруйску.

Гета было створана ў Бабруйску ўжо ў першыя дні акупацыі горада нямецкімі войскамі. Асноўная частка масавых растрэлаў яўрэяў адбылася 7-8 лістапада 1941 года. Яўрэям было абвешчана, што іх павязуць у Палестыну. У рэальнасці ў дзевяці кіламетрах ад горада, каля дарогі на Слуцк іх ужо чакалі тры ямы, загадзя выкапаныя ваеннапалоннымі.

Бабруйскае гета

У Магілёве школьнікаў вучылі разганяць пратэсты

У Магілёўскім інстытуце МУС прайшлі заняткі, дзе навучэнцаў СШ №15 апраналі ў амуніцыю АМАПу, прызначаную для разгону масавых акцый.

Як паведамляецца на сайце інстытута, гэта былі заняткі па тэме “Асноўныя паняцці асабістай бяспекі” для т. зв. Прававой групы з вышэйзгаданай школы. Падчас “практычнай часткі” школьнікі апраналіся ў шлемы, бронекамізэлькі, бралі ў рукі шчыты і дубінкі – ўсё тое, што звычайна выкарыстоўваюцца пры разгоне пратэстаў. Навучанне адбывалася пад кіраўніцтвам старэйшага выкладчыка кафедры службова-прыкладной падрыхтоўкі, падпалкоўніка міліцыі Леаніда Яўсеева.Пры гэтым варта адзначыць, што адбывалася такое навучанне пад час восеньскіх канікул.

Фотаздымак: Магілёўскі інстытут МУС

У напоі з Горак знайшлі небяспечныя бактэрыі

Расійскія эпідэміёлагі знайшлі ў прадукцыі Горацкага харчовага камбіната бактэрыі групы кішачнай палачкі (БГКП).

Небяспечныя бактэрыі знайшлі ў кісламалочным абястлушчаным напоі “Экспанента Біа-Скір”. Цяпер у дачыненні да харчовага камбіната ўведзены ўзмоцнены лабараторны кантроль у Расіі.

Як сведчаць спецыялісты, БГКП у харчовых прадуктах сведчыць аб іх фекальным забруджванні. Дадзеныя бактэрыі могуць трапляць у прадукты з вады, з абсталявання, рук працоўнага персаналу і з іншых крыніц. БКГП выклікаюць страўнікава-кішачныя захворванні. Найгоршае ўскладненне — небяспечны для жыцця гемалітыка-ўрэмічнага сіндром з паразай нырак. Найбольш небяспечны для дзяцей.

Фотаздымак: pixabay.com

Чарговы кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў турэмны тэрмін за прыпіскі

У Крычаўскім раёне кіраўнік прадпрыемства АПК асуджаны да зняволення з адтэрміноўкай з-за ўкрывання падзежу 112 кароў.

Летам 2025 года пракуратура Крычаўскага раёна разам з міліцыяй праверыла буйны жывёлагадоўчы аб’ект мясцовага прадпрыемства АПК. Падчас пераліку жывёлы высветлілася, што на ферме не хапае значнай колькасці кароў.

Далейшае расследаванне паказала, што кіраўнік у 2024 годзе даваў падначаленым указанні не складаць акты аб падзежы жывёлы і ўносіць у справаздачы фіктыўныя даныя. Такім чынам, у дакументах “жывыя” каровы існавалі, хаця ў рэальнасці яны загінулі ці былі нібыта “накіраваныя на забой”.

У выніку на прадпрыемстве былі ўтоеныя факты падзежу 112 кароў. Усе гэтыя выпадкі афіцыйна не адлюстроўваліся ў бухгалтарскіх і вытворчых дакументах, што дазваляла трымаць “прыгожыя” паказчыкі і пазбягаць адказнасці за страты.

Справа дайшла да суду, дзе кіраўнік, на той момант ужо былы, цалкам прызнаў сваю віну.

Суд Крычаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён атрымаў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, штраф у памеры 300 базавых велічынь (каля 12,6 тысячы рублёў) і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, што такі самы прысуд быў вынесены ў Клічаве, дзе на лаўку падсудных трапіла былая намесніца дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Бабруйскім раёне, якая праз прыпіскі хавала падзеж жывёлы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У вёсцы на Кругляншчыне зачыненыя школа і крама, але ФАП пашкадавалі

“Пытанне аб закрыцці ФАПа нават не стаяла” – чыноўнікі круглянскага райвыканкама праявілі высакароднасць.

У вёсцы Круча Круглянскага раёна ФАП давялося перанесці з будынка базавай сярэдняй школы – яе закрылі якраз на Дзень ведаў 1 верасня. Добра, што ў вёсцы месца хапае. Цяпер фельчарска-акушэрскі пункт будзе працаваць у пустуючых памяшканнях гандлёвага аб’екта магілёўскага райспажыўсаюза.

З школай і крамай у вёсцы разабраліся раз і назаўжды. На гэтым фоне вельмі цынічна гучыць фраза ў рэпартажы БелТА: “пытанне закрыцця ФАПа ў вёсцы, як адзначылі ў райвыканкаме, нават не разглядалася”.

Атрымліваецца, што людзі павінны яшчэ і падзякаваць чыноўнікам, якія маглі закрыць да халеры яшчэ і ФАП, але не зрабілі гэтага з гуманітарных меркаванняў?

Фота: БелТА.

У Горках п’яны мужчына атакаваў аўтамабілі

Вяртаючыся ноччу з гасцей, жыхар Горак зачымсьці пашкодзіў чатыры чужыя аўтамабілі.

Чатыры аўтамабілі пашкодзіў жыхар Горак – ён драпаў машыны ключом, ламаў люстэркі задняга віду і шклоачышчальнікі. 

Больш за ўсё не пашанцавала аўтамабілю Opel – 38-гадовы хуліган адарваў і памяў яго рэгістрацыйны знак. 

Усё гэта трапіла на камеры відэаназірання, а на нумарным знаку засталіся яшчэ і адбіткі пальцаў.

Высветлілася, што мужчына не належыў да лудзіцкага руху. Свае паводзіны ён патлумачыў тым, што быў п’яны.

Паколькі ў хулігана няма судзімасцяў, ён раскаяўся і добраахвотна пакрыў нанесеную шкоду, вырашана было не прыцягваць яго да крымінальнай адказнасці.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

У магілёўскіх раённых СМІ святкуюць Кастрычніцкі пераварот

Прывід бальшавізму зноў блукае па Магілёўшчыне.

У сродках масавай інфармацыі Магілёўшчыны пачынаецца гістэрычнае ўсхваленне “вялікага кастрычніка”, які нібыта аддаў зямлю сялянам і заводы рабочым.

Як правіла, больш за ўсіх у гэта вераць чыноўнікі-лукашысты, уладальнікі зямлі ў Драздах і вялікія спецыялісты па стратнасці заводаў.

Першай апублікавала рэпартаж са святкавання 7 лістапада круглянская “раёнка”, адзначыўшы, што “для Беларусі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі заўсёды быў і застаецца культавым, знакавай падзеяй, што вызначыла ўсю наступную гісторыю нашага народа і краіны ў цэлым”.

Помнік Ільічу ў Круглым хоць і ўстаноўлены на нізкім пастаменце, але памеры ў яго ўнушальныя.

Судзячы па засяроджаных тварах удзельнікаў мітынгу, яны перакананыя ў тым, што эпітэт “культавы” можна аднесці да дня захопу ўлады бальшавікамі.

Кіраўніцтва Хоцімскага раёна ўпэўненае ў тым, што захавала і памножыла патэнцыял савецкай улады.

У Кіраўску ўсе чыноўнікі, адзіным парывам, расказалі пра карысць кастрычніцкага перавароту для шараговых грамадзян.

Слаўгарадская раённая газета, вядомая празмернай патэтыкай нават у адносінах да смеццевых бакаў, распавяла чытачам пра Прапойск у тыглі рэвалюцыйных гадоў і ўспомніла “культавага” прапойскага паэта, які заклікаў «не адрываць Беларусь ад жывога цела Расіі».

Ну, а ў Крычаве ўспомнілі пра тое, што дзякуючы рэвалюцыі ў 1937 годзе ў горадзе адкрылі аўтобусны рух.

І гэта толькі пачатак. Проста прыхільнікі рэвалюцыі пакуль што занятыя на мітынгах, а выплёскваць свае эмоцыі ў СМІ будуць пазней і сціхнуць толькі праз некалькі дзён.

Фота круглянскай раённай газеты.