Дарогу ў быхаўскай вёсцы паказалі ў TikTok

Казкі магілёўскіх чыноўнікаў пра тысячы кіламетраў адрамантаваных дарог супярэчаць сведчанням з месцаў.

Міфы і легенды пра беларускую рэчаіснасць рэзка адрозніваюцца ад сапраўднага становішча спраў. 

Вось так выглядае рамонт дарог у Быхаўскім раёне паводле версіі раённай газеты, якая складае небыліцы і канвеерным метадам выпускае пастановачныя пацёмкінскія вёскі.

рамонт быхаў

А вось адзін з карыстальнікаў “Тык-Току” паказаў жорсткую праўду.

Гаворка ідзе пра дарогу, якая праходзіць праз вёску Праточнае Быхаўскага раёна.

Парэчча

Па ёй возяць пясок з кар’ера ў Быхаў, і назваць гэта дарогай можа толькі вельмі вялікі аптыміст.

Чалавек, які зняў відэа, пытаецца: каму скардзіцца? Пытанне з падвохам.

Скаргі такога кшталту разглядаюцца бандай чыноўнікаў, што захапіла ўладу ў краіне, як экстрэмізм.

Дарэчы, акаўнт “Тык-Ток” mogilev.media таксама ўжо прызнаны экстрэмісцкім.

Улады бачаць пагрозу нават у двух літарах “М” на блакітным фоне.

З аднаго боку, гэта можа пацешыць ганарлівасць журналістаў нашага партала, але з іншага – асабліва радавацца няма чаму.

Адзін вядомы чалавек некалі сказаў: незалежная прэса патрэбная таму, што не дае ўладзе аскацініцца. У Магілёўскай вобласці незалежная прэса знішчаная. Адпаведна, аскацініванне ідзе ўдарнымі тэмпамі.

Фота: скрыншот відэа.

У Шклоўскім раёне асфальт у лужы ўжо не кідаюць

Чыноўнікі Шклоўшчыны сур’ёзна ўзяліся за дарогі. У вобласці многае плануюць выканаць і нават перавыканаць.

Сёлета ў Шклоўскім раёне абноўлена 40 тысяч квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Трыццаць працэнтаў з іх адрамантаваныя ў “гравійным выкананні”. 

У планах мясцовых уладаў – удвая павялічыць гэты аб’ём у наступным годзе.

Намеснік старшыні райвыканкама Максім Лісоўскі сцвярджае, што:

  • рамонт не праводзіцца па традыцыйнай для беларускіх дарожнікаў тэхналогіі «асфальт у лужу»;
  • у наступным годзе ў раёне адрамантуюць у два разы больш дарог.

Дарэчы, выраз «павялічыць у разы» ўсё часцей гучыць ад магілёўскіх чыноўнікаў. 

На нарадзе ў Мсціславе, якую праводзіў кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты, заявілі пра планы на трэць павялічыць надоі і заваліць Магілёўшчыну мясам. Што праўда, не заўтра, а да 2030 года.

У казкі пра добрыя дарогі і велізарныя надоі вельмі хочацца верыць. Шкада толькі, што планы чыноўнікаў Магілёўскай вобласці найчасцей не спраўджваюцца – і тады пачынаюцца апраўданні ў стылі «гранаты не той сістэмы».

Фота: скрыншот рэпартажу ТРК «Магілёў».

У крамах Магілёўшчыны зноў пратэрміноўка і завышэнне цэн

Шэраг парушэнняў выяўлены КДК у гандлёвых аб’ектах Бабруйска, Касцюковіцкага і Хоцімскага раёнаў.

Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі гандлёвыя аб’екты і выявілі шэраг парушэнняў:

  • у трох гандлёвых аб’ектах ІП горада Бабруйска дапушчана завышэнне цэн больш чым на 30 найменняў харчовых тавараў;
  • на некаторыя тавары адсутнічалі дакументы, што пацвярджаюць іх набыццё, якасць і бяспеку;
  • у двух гандлёвых аб’ектах (Касцюковічы і Хоцімск) выяўлены тавары з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці на суму больш за 270 рублёў;
  • выяўлены факты неабгрунтаванага спагнання платы за спажывецкую ўпакоўку не ўпакаваных вытворцам тавараў.

Сітуацыя, увогуле, не новая. Хочацца толькі адзначыць, што, распавядаючы пра праверку, дзяржаўнае СМІ зрабіла акцэнт на парушэннях, дапушчаных індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Не вельмі верыцца, што ў крамах аблспажыўсаюза, які знаходзіцца пад абаронай уладаў, парушэнні ўжо выкаранены.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўская дзяржаўныя прафсаюзы хваляцца выбуховым ростам экскурсій

Паколькі барацьба за працоўныя правы не ў прыярытэце для праўладных прафсаюзаў, яны актыўна развіваюць турыстычную дзейнасць.

Як адзначаецца на сайце Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, за першыя дзесяць месяцаў 2025 года Магілёўская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму паставіла рэкорд па колькасці турысцка-экскурсійных паездак для сваіх сябраў.
Агульны лік за студзень-кастрычнік 2025 года дасягнуў ажно 133 праведзеных мерапрыемстваў. Сярод іх найбольшая колькасць – 92 экскурсіі – дзякуючы супрацы з прадпрыемствам “Магілёўтурыст”, якое мае дачыненне да туркампаніі “Беларустурыст”, якая ў сваю чаргу рэкламуецца на сайце Федэрацыі прафсаюзаў. 

У параўнанні з усім 2024 годам рост такой бесканкурэнтнай супрацы з афіляванай з праўладнымі прафсаюзамі туркампаніяй аказаўся больш чым 10-разовым – тады было ўсяго 9 выездаў. І гэта толькі ў прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Усяго ж галіновых прафсаюзных арганізацыі ў сістэме Магілёўскага аб’яднання прафсаюзаў – 14

Пры такім выбуховым росце турпаездак, кожнаму галіноваму прафсаюзу варта задумацца пра стварэнне уласнай туркампаніі. Першапачатковы капітал для гэтага  ўжо ёсць – прафсаюзныя ўзносы.

Людзей за рысай беднасці больш за ўсё на Магілёўшчыне

У Магілёўскай вобласці 5,1% насельніцтва жыве за рысай беднасці, што больш, чым ва ўсіх іншых рэгіёнах Беларусі.

Паводле даных Белстата за трэці квартал 2025 года, за Магілёўшчынай па долі такіх грамадзян ідзе Гомельская вобласць – 5%. Затым Берасцейская – 4,8%, Віцебская – 4,6%, Менская – 2,5%, Гарадзенская – 2,4%. Менш за ўсё жывучых за рысай беднасці, як і мае быць, – у сталіцы. Там іх 1,1%.

У сярэднім жа па Беларусі гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 3,4%. Гэта 309,7 тыс. чалавек з 9 млн 109 тыс. 280 насельніцтва краіны. Прычым у гарадах жывучых за рысай беднасці – 2,7%, а ў сельскай мясцовасці – 5,6%.

З асноўных выдаткаў беларусаў 37,2% ідзе на харчаванне, 35,9% – на набыццё нехарчовых тавараў, 24,7% – на аплату паслуг. З паслуг 5,4% займаюць жыллёва-камунальныя.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Рашэнне аб будаўніцтве АЭС у Магілёўскай вобласці пакуль адкладаецца

На БелАЭС вырашана пабудаваць трэці блок. Ці будзе будавацца АЭС на Магілёўшчыне – залежыць ад патрэб. Пакуль іх няма.

Рашэнне аб будаўніцтве трэцяга блока ў Астраўцы прынята па выніках нарады ў Лукашэнкі 14 лістапада 2025 года, піша БелТА.

“Па выніках нарады прынята рашэнне аб развіцці Астравецкай атамнай электрастанцыі, рэалізацыі другой чаргі – збудаванні трэцяга энергаблока. І паралельна будзе арганізавана работа па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці” – заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч.

Паводле яго, гэта дадатковае даследаванне будзе выяўляць, дзе магчыма ў будучым развіццё атамнай энергетыкі, калі спатрэбіцца далейшае задавальненне росту электраспажывання менавіта ў Магілёўскім рэгіёне.

Пры гэтым абодва працэсы – збудаванне трэцяга энергаблока на БелАЭС і даследаванне пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці – будуць ісці паралельна, растлумачыў віцэ-прэм’ер. “Але рашэнне аб другой чарзе БелАЭС – вось цяпер, так, мы гэтым будзем займацца” – адзначыў Віктар Каранкевіч. 

Што да магчымага будаўніцтва ў будучыні яшчэ адной атамнай электрастанцыі ў Беларусі, ён заўважыў: “У далейшым рашэнне, якое неабходна будзе разглядаць па далейшым развіцці атамнай энергетыкі, будзе ўвязана і з ростам электраспажывання”.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Школьнікам Хоцімска зрабілі тэлемост з выхаваўчай калоніяй

Раней сядзеш – раней выйдзеш: у Хоцімску прайшоў тэлемост паміж школьнікамі і выхаваўчай калоніяй.

Прапагандысты Магілёўскай вобласці прывіваюць вучням законапаслухмянасць, адразу хапаючы быка за рогі: паказваюць, што жыццё за кратамі – не мёд. Па сутнасці, палохаюць школьнікаў зонай. Яны лічаць, што менавіта такі прамалінейны падыход да выхавання будзе самым эфектыўным.

У СШ №2 Хоцімска адбыўся тэлемост паміж вучнямі школ Хоцімскага раёна і выхаваўчай калоніяй №2 дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці.

Што менавіта паказвалі вучням, раённая газета не ўдакладняе, але і без лішніх дэталяў зразумела: «законапаслухмяны лад жыцця» такімі прымітыўнымі метадамі не сфарміруецца. 

Але займацца правым выхаваннем праз вывучэнне асноўных палажэнняў Канстытуцыі і заканадаўства, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў Беларусі не прынята, паколькі вельмі часта “не да законаў”.

Дарэчы, ад беларускага рэжыму можна чакаць чаго заўгодна. Бо сам Лукашэнка прызнаваў: законапаслухмянымі яго кіраўнікі становяцца толькі пасля таго, як насёрбаюцца турэмнай баланды.

Фота раённай газеты.

Расол ад галалёдзіцы паспяхова пратэсціравалі на Магілёўшчыне

“Магілёўаўтадар” правёў паспяховыя выпрабаванні расола тэхнічнай солі ад галалёдзіцы. Досвед могуць распаўсюдзіць на іншыя рэгіёны.

Як піша партал abw.by са спасылкай на “БелдарНДІ”, вадкія супрацьгалалёдныя матэрыялы вырабляюцца і выкарыстоўваюцца зімой у Магілёўскай вобласці як у чыстым выглядзе, так і для змачывання сухіх супрацьгалалёдных рэагентаў. “У цяперашні час вядзецца праца па распаўсюджванню паспяховай практыкі РУП “Магілёўаўтадар” на іншыя вобласці Рэспублікі Беларусь” – кажуць у “БелдарНДІ”.

Падрабязна аб выкарыстанні расолаў у Магілёўскай вобласці пісаў “Транспартны Веснік”. Мяркуючы па водгуках на артыкул, адзначае abw.by, эксперымент можна лічыць паспяховым. Адзначаецца, што выкарыстанне вадкіх рэагентаў экалагічней і больш эфектыўнае, чым выкарыстанне сухіх, паколькі канцэнтрацыя солі ў іх ніжэй, а ўздзейнічаюць яны хутчэй. Аднак яны эфектыўныя толькі пры невялікім марозе: расоламі апрацоўваецца праязная частка пры тэмпературы не ніжэй -5°С. Калі слупок тэрмометра апускаецца яшчэ, расолам змочваюць сухія рэагенты, а ў вадкім стане не выкарыстоўваюць.

Магчыма, цяпер у тэставым рэжыме выкарыстанне расола тэхнічнай солі як супрацьгалалёднага сродку паспрабуюць у іншых абласцях Беларусі.

Фотаздымак: abw.by

Горацкіх камунальнікаў злавілі на растраце мільёна бюджэтных грошай

КДК Магілёўскай вобласці праверыў горацкае УКПП «Камунальнік». Вынікі ўражваюць і шакуюць.

Незаконнае атрыманне больш за мільён рублёў бюджэтных сродкаў выяўлена Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці пры праверцы горацкага УКПП «Камунальнік». 

Устаноўлена, што горацкія камунальнікі:

  • неабгрунтавана завышалі планавыя выдаткі пры фарміраванні планавых разліковых цэн на паслугі па цеплазабеспячэнню;
  • уключалі ў акты выкананых работ па ўтрыманні вулічна-дарожнай сеткі лішнія сумы да аплаты;
  • парушалі правілы бухгалтарскага ўліку пры прыёме лому чорных і каляровых металаў; 
  • хімічылі са здаваемай у арэнду дзяржаўнай маёмасцю;
  • парушалі правілы праезду цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання.

Вынік – мільён рублёў, незаконна атрыманы з бюджэту. Здаецца, няма такога правіла, якое б камунальнікі Горак не парушылі. Карацей кажучы, наш пастрэл усюды паспеў.

Вось толькі фармулёўка «вінаватыя ў парушэннях службовыя асобы і прадпрыемствы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці» наводзіць на думку, што растраты сродкаў падаткаплацельшчыкаў не спыняцца.

Фота ілюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.

Трое жыхароў Магілёўшчыны папаліся на арганізацыі незаконнай міграцыі

У суд пайшла крымінальная справа трох жыхароў Магілёўшчыны і аднаго жыхара Мінскай вобласці, якія стварылі канал незаконнай міграцыі замежных грамадзян у Расію.

Паводле пракуратуры, чатыры падзельнікі арганізавалі транзітны праезд у Расію прыбыўшых у Беларусь самалётам дзесяці грамадзян дзвюх краін Цэнтральнай Азіі. 

Паколькі забарона замежнаму грамадзяніну ўязджаць у Расію распаўсюджваецца і на забарону ўезда яму ў Беларусь, яны распрацавалі схему, калі пры праходжанні памежнага кантроля прыхоўваўся факт такой забароны, у тым ліку шляхам замены пашпарта замежніку.

Беларусы сустрэлі замежнікаў ў мінскім аэрапорце, перавезлі іх у месца начлега, а потым адвезілі да мяжы з Расіяй. Праўда, у адну з такіх паездак 7 красавіка 2025 года іх затрымалі ў Мсціслаўскім раёне.

Праваахоўнікі падлічылі, што такім злачынным шляхам здабылі ў пераліку 6,7 тыс. рублёў.

Справа аб арганізацыі незаконнай міграцыі ўжо накіравана ў суд. Трое фігурантаў знаходзяцца пад вартай, а адзін – пад асабістым паручыцельствам.

Фотаздымак: virtualbrest.ru