“Магілёўаўтадар” правёў паспяховыя выпрабаванні расола тэхнічнай солі ад галалёдзіцы. Досвед могуць распаўсюдзіць на іншыя рэгіёны.
Як піша партал abw.by са спасылкай на “БелдарНДІ”, вадкія супрацьгалалёдныя матэрыялы вырабляюцца і выкарыстоўваюцца зімой у Магілёўскай вобласці як у чыстым выглядзе, так і для змачывання сухіх супрацьгалалёдных рэагентаў. “У цяперашні час вядзецца праца па распаўсюджванню паспяховай практыкі РУП “Магілёўаўтадар” на іншыя вобласці Рэспублікі Беларусь” – кажуць у “БелдарНДІ”.
Падрабязна аб выкарыстанні расолаў у Магілёўскай вобласці пісаў “Транспартны Веснік”. Мяркуючы па водгуках на артыкул, адзначае abw.by, эксперымент можна лічыць паспяховым. Адзначаецца, што выкарыстанне вадкіх рэагентаў экалагічней і больш эфектыўнае, чым выкарыстанне сухіх, паколькі канцэнтрацыя солі ў іх ніжэй, а ўздзейнічаюць яны хутчэй. Аднак яны эфектыўныя толькі пры невялікім марозе: расоламі апрацоўваецца праязная частка пры тэмпературы не ніжэй -5°С. Калі слупок тэрмометра апускаецца яшчэ, расолам змочваюць сухія рэагенты, а ў вадкім стане не выкарыстоўваюць.
Магчыма, цяпер у тэставым рэжыме выкарыстанне расола тэхнічнай солі як супрацьгалалёднага сродку паспрабуюць у іншых абласцях Беларусі.
Фотаздымак: abw.by