АЭС у Магілёўскай вобласці

Рашэнне аб будаўніцтве АЭС у Магілёўскай вобласці пакуль адкладаецца

На БелАЭС вырашана пабудаваць трэці блок. Ці будзе будавацца АЭС на Магілёўшчыне – залежыць ад патрэб. Пакуль іх няма.

Рашэнне аб будаўніцтве трэцяга блока ў Астраўцы прынята па выніках нарады ў Лукашэнкі 14 лістапада 2025 года, піша БелТА.

“Па выніках нарады прынята рашэнне аб развіцці Астравецкай атамнай электрастанцыі, рэалізацыі другой чаргі – збудаванні трэцяга энергаблока. І паралельна будзе арганізавана работа па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці” – заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч.

Паводле яго, гэта дадатковае даследаванне будзе выяўляць, дзе магчыма ў будучым развіццё атамнай энергетыкі, калі спатрэбіцца далейшае задавальненне росту электраспажывання менавіта ў Магілёўскім рэгіёне.

Пры гэтым абодва працэсы – збудаванне трэцяга энергаблока на БелАЭС і даследаванне пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці – будуць ісці паралельна, растлумачыў віцэ-прэм’ер. “Але рашэнне аб другой чарзе БелАЭС – вось цяпер, так, мы гэтым будзем займацца” – адзначыў Віктар Каранкевіч. 

Што да магчымага будаўніцтва ў будучыні яшчэ адной атамнай электрастанцыі ў Беларусі, ён заўважыў: “У далейшым рашэнне, якое неабходна будзе разглядаць па далейшым развіцці атамнай энергетыкі, будзе ўвязана і з ростам электраспажывання”.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва