Глускі бондар Уладзімір Станкевіч – адзіны на ўсю Магілёўшчыну

Традыцыйная тэхналогія бондарных вырабаў у Глускім раёне ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Усё гэта дзякуючы глускаму бондару, народнаму майстру Уладзіміру Станкевічу.

Ён стварае свае вырабы – бочкі, кадкі, ушаты, шайкі, запарнікі – выключна па тых тэхналогіях, якімі карысталіся нашы продкі.

Станкевіч – адзіны народны майстар па бондарнай справе на Магілёўшчыне.

Першыя навыкі бондарства ён атрымаў у дзяцінстве, калі назіраў за працай дзеда.

Пачынаў з простых вырабаў, затым перайшоў да вырабу бочак і маслабоек.

Цяпер настолькі авалодаў тэорыяй і практыкай бондарства, што здольны зрабіць любую драўляную пасудзіну.

Станкевіч працуе толькі ўручную, выкарыстоўвае інструменты, што засталіся ад дзеда, ці зробленыя ўласнаручна.

Акрамя таго, майстар перадае свой вопыт моладзі – вядзе гурток па бондарству ў Глускім Доме рамёстваў.

Яго вучні ўдзельнічаюць у выставах усіх узроўняў з 2010 года.

Фота: БелТА.

На Магілёўшчыне пракуратура спрабуе спагнаць 6,9 млн рублёў запазычанасцяў

Спагнаць 6,9 млн рублёў пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці праз пяць іскаў у суд спрабуе пракуратура Магілёўскай вобласці. Як высветлілася, заключаючы дамовы з замежнымі контрагентамі, магілёўскія прадпрыемствы дзейнічалі сабе ў шкоду.

Па выніках праверкі выканання заканадаўства ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці, якую правяла пракуратура Магілёўшчыны у 2025 годзе, быў выяўлены шэраг парушэнняў. Так, пракуроры зафіксавалі тры факты скажэння статыстычнай справаздачнасці арганізацыямі Магілёва і Шклоўскага раёна. За гэта работнікі, якія дапусцілі такое скажэнне, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Прычым адзін з прыцягнутых здзейсніў аналагічнае правапарушэнне паўторна на працягу года.

“Устаноўлены факты заключэння дагавораў на ўмовах, якія не адпавядаюць эканамічным інтарэсам суб’ектаў гаспадарання, а таксама выпадкі адгрузкі прадукцыі пры наяўнасці з контрагентам пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці” – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

За дрэнны нагляд за знешнеэканамічнай дзейнасцю пракуратура аб’явіла афіцыйныя папярэджанні прадстаўнікам дзяржавы ў адным з буйных прадпрыемстваў Магілёва.

Усяго ж у 2025 годзе па выніках праверак у гэтай сферы ў адрас кіраўнікоў правяраемых арганізацый пракуратура вынесла сем прадстаўленняў, пяць прадпісанняў і чатыры пастановы, абвясціла тры афіцыйныя папярэджанні. Па патрабаванні пракурораў восем асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, тры – да адміністрацыйнай.

Таксама пры дапамозе магілёўскіх пракурораў у 2025 годзе ў трох арганізацыях вобласці ўдалося пагасіць пратэрмінаваную знешнюю дэбіторскую запазычанасць на звыш 208 тыс. рублёў.

Фотаздымак: пракуратура Магілёўскай вобласці

П’яны быхаўчанін у рэстаране ўдарыў жанчыну бутэлькай па галаве

А як паступалі ў падобных выпадках з быхаўскімі чыноўнікамі, таксама здольнымі прыкласціся да сваіх блізкіх – чытайце ў нашым матэрыяле.

Нядаўна ў Быхаве на адкрытым пасяджэнні асудзілі мужчыну, які ў рэстаране, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ударыў сваю сужыцельку бутэлькай па галаве.

Судзілі быхаўчаніна ў адкрытым пасяджэнні ў мясцовым РАУС і прыгаварылі да папраўчых работ тэрмінам на 10 месяцаў з утрыманнем 15 працэнтаў заработку на карысць дзяржавы.

Трэба сказаць, што аргумент у выглядзе ўдару бутэлькай па галаве для Быхава хоць і не звычайная з’ява, але і не надзвычайнае здарэнне. Райцэнтр ніколі не прэтэндаваў на званне культурнай сталіцы вобласці ці перамогу ў конкурсе раёна высокай культуры быту.

Прычым асаблівай вытанчанасцю манер ніколі не адрозніваліся ні звычайныя быхаўчане, ні члены “вертыкалі” Лукашэнкі.

Бывала так, што:

  • начальніца быхаўскага прадпрыемства біла нядбайных падначаленых гумавым шлангам;
  • старшыня райвыканкама пачынаў працоўную раніцу не з планёркі, а з праверкі самаадчування сваіх намеснікаў алкатэстарам;
  • дырэктар УКП “Быхаўскі жылкамгас” трапляў у ІЧУ пасля п’янай сваркі з жонкай.

Праўда, адкрытых пасяджэнняў або хоць бы таварыскіх судоў па гэтых выпадках не праводзілася, а меры ўздзеяння да быхаўскай эліты былі мякчэйшыя, чым папраўчыя работы.

Выглядала гэта так:

Такім чынам, галоўнымі прыярытэтамі для Быхава, што б там ні казаў Лукашэнка ды Ісачанка, былі і застаюцца кіно, віно і даміно, а ўсе навіны можна звесці да слоў класіка: “зноў п’юць тут, б’юцца і плачуць”.

У Магілёўскай вобласці налічылі 40 пісьменнікаў

Магілёўскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» налічвае ў сваіх шэрагах сорак майстроў пяра.

Пісьменнікі Магілёўшчыны, “чыя творчасць складае залаты фонд рэгіянальнай і нацыянальнай літаратуры”, падвялі вынікі года.

Старшыня суполкі Аляксандр Казека распавёў, што аўтары:

  • вялі актыўную асветніцкую працу;
  • сустракаліся з чытачамі ў гарадскіх, раённых і сельскіх школах і бібліятэках;
  • удзельнічалі ў літаратурных чытаннях і памятных мерапрыемствах;
  • правялі мноства прэзентацый новых кніг.

Усё правільна: калі пісьменнікаў ні многа ні мала – сорак душ, то і кніг за год павінна быць напісана не менш за дзясятак. Інакш атрымаецца нейкі творчы застой.

Дзіўна, што дакладную колькасць раманаў, што выйшлі з-пад пёраў магілёўскіх сапернікаў Айзека Азімава і Дзіна Кунца, Казека не ўдакладніў.

Затое паведаміў, што ў 2025 годзе ад Магілёўскай вобласці ў Саюз уступілі знакамітыя літаратары Віктар Кубека і Анатоль Папейка.

Дарэчы, два пісьменнікі – гэта гадавы ліміт для кожнай вобласці, устаноўлены праўладным саюзам літаратараў. 

Відавочна, ёсць асцярогі, што калі прымаць усіх ахвотных, кніжныя паліцы бібліятэк вобласці рухнуць пад цяжарам свежанапісаных жамчужын сусветнай літаратуры

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Калгасам Магілёўшчыны новыя землі не патрэбны – са старымі б разабрацца

КДК Магілёўскай вобласці выявіў нежаданне прадпрыемстваў АПК уцягваць землі ў абарот і скажэнне аператыўнай справаздачнасці.

Меліяраваныя землі “не выкарыстоўваюцца з-за бяздзейнасці сельгасарганізацый-землекарыстальнікаў” – да такой сумнай высновы прыйшлі кантралёры магілёўскага КДК.

Так, меліяраваныя ў 2023 годзе землі ААТ «Мірны-Агра» Чаўскага раёна зараслi пустазеллем, а ў СПК «Гігант» Бабруйскага раёна з 2024 года не ўцягнута ў сельскагаспадарчы абарот больш за 100 гектараў зямель пасля правядзення культуртэхнічнай меліярацыі на меліярацыйнай сістэме «Ала».

За нелюбоў да сістэмы “Ала” у прыватнасці і да выкарыстання меліяраваных зямель у цэлым, да адказнасці прыцягнута сем чалавек.

Работа актывізавана, але… Калі калгасы ўцягваюць землі ў абарот толькі пад прымусам, то гэта значыць, што яны не надта ў іх маюць патрэбу. 

Падобна на тое, што новыя землі сельгаспрадпрыемствам Магілёўскай вобласці і задарма не цікавыя – ім бы са старымі разабрацца. Вось такая актывізацыя па-лукашэнкаўску.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Клічаве рысь прыйшла ў «Кулінарыю»

Жыхароў Клічава не вельмі здзівіла рысь, якая гуляла па горадзе.

Рысь шпацыравала па Клічаве – мясцовы жыхар, які выклаў ролік пра звера ў TikTok, распавёў, што, у рэшце рэшт, рысь завярнула ў двор мясцовай «Кулінарыі».

Яшчэ адзін клічаўчанін, у той жа дзень бачыў дзве дзікія кошкі, якія пераплывалі раку недалёка ад горада, і зняў адну з іх на відэа.

Чаму рысі вырашылі наведацца ў Клічаў – загадка. Магчыма, яны вырашылі папаляваць на курэй, якіх разводзяць жыхары прыватнага сектара горада.

Аднак гэта толькі здагадка, агучаная ў каментарыях да ролікаў. 

Дзіўным паводзінам рысяў могуць быць і іншыя тлумачэнні. Бо чаго толькі не здараецца ў Магілёўскай вобласці.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Больш за 30 тысяч рублёў заплаціць бабруйскі фермер за драбненне бізнесу

На незаконнай мінімізацыі падатковых абавязкаў злавілі бабруйскага фермера, які збіраўся ліквідаваць сваю сялянска-фермерскую гаспадарку.

Падаткавікі Бабруйска праверылі мясцовага фермера, які збіраўся ліквідаваць свой бізнес. Аказалася, што фермер скажаў справаздачную дакументацыю і наўмысна зарэгістраваў другую СФГ для выкарыстання падатковых ільгот.

Па выніках праверкі прад’яўлены да выплаты падаткі і пеня ў суме 28 000 рублёў. Яшчэ тры тысячы рублёў фермеру давядзецца заплаціць з-за змяншэння розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і сумай ПДВ.

Судзячы па публікацыях у СМІ, падатковымі “гульнямі” на Магілёўшчыне часцей займаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі сферы гандлю і паслуг. 

Аказваецца, фермеры таксама не любяць плаціць падаткі. Пра чыноўнікаў, якія мухлююць са сваімі падатковымі дэкларацыямі, навін няма зусім. 

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Дзаржаўная сацыёлаг распавяла пра патаемныя жаданні жыхароў Магілёўшчыны

Аналіз “грамадскіх” ініцыятыў Магілёўскай вобласці ідзе поўным ходам: трэба прымаць дэлегацыі і ратаваць шэрых журавоў.

Кіраўнік Цэнтра аналізу грамадзянскіх ініцыятыў Беларускага інстытута сацыялагічных даследаванняў (БІСД) «Народная пяцігодка» Кацярына Рэчыц распавяла пра сінтэз і аналіз, якія праводзіць адна з самых бессэнсоўных структур. У сваім інтэрв’ю Рэчыц паведаміла, што іх інстытуцыя правяла даследаванне мясцовых ініцыятыў на Магілёўшчыне.

Апытанне БІСД паказала, што:

  • жыхары Кастрычніцкага раёна Магілёва занепакоены працай адной з паліклінік;
  • у мікрараёне каля ААТ «Ольса» мясцовыя жыхары хацелі б, каб былі пасаджаныя кусты і дрэвы;
  • жыхароў Глускага раёна хвалюе якасць мабільнай сувязі і пытанне абмежавання палявання ў зоне пражывання чырвонакніжных шэрых журавоў;
  • жыхары Слаўгарадчыны прапануюць перааснасціць гасцініцу «Блакітная Крыніца», каб яна магла прымаць афіцыйныя дэлегацыі.

Складаецца ўражанне, што ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама скасавана разам з «Магілёўзелянбудам», мабільнымі аператарамі Глуска і яго прыродаахоўнай службай, а ў Слаўгарадзе грамадзяне і дня не пражывуць без дэлегацый.

На самой справе і службы на месцы, і слаўгарадчане пакуль не пакутуюць на сіндром Даўна.

Проста за “ініцыятывы” БІСД выдае тое, над чым чыноўнікі павінны працаваць штодня. Навошта? Рэчыц распавяла і пра гэта. Аказваецца, ініцыятывы трэба яшчэ і правесці праз УНС – яшчэ адну структуру-прывід.

Фота: “Магілёскія ведамасці”.

Дарогу ў быхаўскай вёсцы паказалі ў TikTok

Казкі магілёўскіх чыноўнікаў пра тысячы кіламетраў адрамантаваных дарог супярэчаць сведчанням з месцаў.

Міфы і легенды пра беларускую рэчаіснасць рэзка адрозніваюцца ад сапраўднага становішча спраў. 

Вось так выглядае рамонт дарог у Быхаўскім раёне паводле версіі раённай газеты, якая складае небыліцы і канвеерным метадам выпускае пастановачныя пацёмкінскія вёскі.

рамонт быхаў

А вось адзін з карыстальнікаў “Тык-Току” паказаў жорсткую праўду.

Гаворка ідзе пра дарогу, якая праходзіць праз вёску Праточнае Быхаўскага раёна.

Парэчча

Па ёй возяць пясок з кар’ера ў Быхаў, і назваць гэта дарогай можа толькі вельмі вялікі аптыміст.

Чалавек, які зняў відэа, пытаецца: каму скардзіцца? Пытанне з падвохам.

Скаргі такога кшталту разглядаюцца бандай чыноўнікаў, што захапіла ўладу ў краіне, як экстрэмізм.

Дарэчы, акаўнт “Тык-Ток” mogilev.media таксама ўжо прызнаны экстрэмісцкім.

Улады бачаць пагрозу нават у двух літарах “М” на блакітным фоне.

З аднаго боку, гэта можа пацешыць ганарлівасць журналістаў нашага партала, але з іншага – асабліва радавацца няма чаму.

Адзін вядомы чалавек некалі сказаў: незалежная прэса патрэбная таму, што не дае ўладзе аскацініцца. У Магілёўскай вобласці незалежная прэса знішчаная. Адпаведна, аскацініванне ідзе ўдарнымі тэмпамі.

Фота: скрыншот відэа.

У Шклоўскім раёне асфальт у лужы ўжо не кідаюць

Чыноўнікі Шклоўшчыны сур’ёзна ўзяліся за дарогі. У вобласці многае плануюць выканаць і нават перавыканаць.

Сёлета ў Шклоўскім раёне абноўлена 40 тысяч квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Трыццаць працэнтаў з іх адрамантаваныя ў “гравійным выкананні”. 

У планах мясцовых уладаў – удвая павялічыць гэты аб’ём у наступным годзе.

Намеснік старшыні райвыканкама Максім Лісоўскі сцвярджае, што:

  • рамонт не праводзіцца па традыцыйнай для беларускіх дарожнікаў тэхналогіі «асфальт у лужу»;
  • у наступным годзе ў раёне адрамантуюць у два разы больш дарог.

Дарэчы, выраз «павялічыць у разы» ўсё часцей гучыць ад магілёўскіх чыноўнікаў. 

На нарадзе ў Мсціславе, якую праводзіў кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты, заявілі пра планы на трэць павялічыць надоі і заваліць Магілёўшчыну мясам. Што праўда, не заўтра, а да 2030 года.

У казкі пра добрыя дарогі і велізарныя надоі вельмі хочацца верыць. Шкада толькі, што планы чыноўнікаў Магілёўскай вобласці найчасцей не спраўджваюцца – і тады пачынаюцца апраўданні ў стылі «гранаты не той сістэмы».

Фота: скрыншот рэпартажу ТРК «Магілёў».