У Быхаве недалюбліваюць пісьменнікаў-землякоў, але паважаюць пісьменнікаў з КДБ

Быхаўская раённая газета паведамляе, што на сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі

у раённым цэнтры культуры панавала асаблівая, неверагодна цёплая атмасфера.

Пісьменнікі Аляксандр Казека (на фота злева), Сяргей Украінка, Уладзімір Ясеў і Сяргей Данілаў зачыталі свае самыя вядомыя творы.

Гаварылі пра жыццё, натхненне і вечнасць з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Саксоновым. Менавіта ён у мінулым фізрук і кандыдат у майстры спорту па плаванні адказвае цяпер за духоўнае развіццё Быхаўшчыны.

Вельмі паказальна, што на сустрэчы не прысутнічаў Мікалай Леўчанка – таксама вядомы і заслужаны пісьменнік.

У Быхаве, трэба адзначыць, стаўленне да пісьменнікаў неадназначнае. Напрыклад пра пісьменніка-быхаўчаніна Сяргея Антонава, чые кнігі выдадзены тыражом каля паўмільёна экзэмпляраў і перакладзены на пяць моў, паклапацілася мясцовае ўпраўленне КДБ.

У пратэстах 2020-га Антонаў не ўдзельнічаў, але пісаў у незалежных СМІ пра бардак у Быхаве. Сяргею давялося эміграваць і апошняе згадванне пра яго звязана з выставай у польскім прэзідэнцкім палацы – там гучалі новыя навелы Антонава.

Падобна, што і ў Мікалая Леўчанкі, некалі аблашчанага ўладай, цяпер адносіны з ёй не самыя лепшыя. Затое ў Аляксандра Казекі, у мінулым супрацоўніка КДБ, усё ў ажуры. Ён узначальвае супольнасць пісьменнікаў Магілёўшчыны.

Фота раённай газеты.

У Магілёўскай вобласці налічылі 40 пісьменнікаў

Магілёўскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» налічвае ў сваіх шэрагах сорак майстроў пяра.

Пісьменнікі Магілёўшчыны, “чыя творчасць складае залаты фонд рэгіянальнай і нацыянальнай літаратуры”, падвялі вынікі года.

Старшыня суполкі Аляксандр Казека распавёў, што аўтары:

  • вялі актыўную асветніцкую працу;
  • сустракаліся з чытачамі ў гарадскіх, раённых і сельскіх школах і бібліятэках;
  • удзельнічалі ў літаратурных чытаннях і памятных мерапрыемствах;
  • правялі мноства прэзентацый новых кніг.

Усё правільна: калі пісьменнікаў ні многа ні мала – сорак душ, то і кніг за год павінна быць напісана не менш за дзясятак. Інакш атрымаецца нейкі творчы застой.

Дзіўна, што дакладную колькасць раманаў, што выйшлі з-пад пёраў магілёўскіх сапернікаў Айзека Азімава і Дзіна Кунца, Казека не ўдакладніў.

Затое паведаміў, што ў 2025 годзе ад Магілёўскай вобласці ў Саюз уступілі знакамітыя літаратары Віктар Кубека і Анатоль Папейка.

Дарэчы, два пісьменнікі – гэта гадавы ліміт для кожнай вобласці, устаноўлены праўладным саюзам літаратараў. 

Відавочна, ёсць асцярогі, што калі прымаць усіх ахвотных, кніжныя паліцы бібліятэк вобласці рухнуць пад цяжарам свежанапісаных жамчужын сусветнай літаратуры

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Дзень у гісторыі: 1 верасня. Пачалася Другая Сусветная вайна

1939 год. Пачалася Другая Сусветная вайна.

Гітлераўская Германія атакавала Польшчу. Тады саюзнікам Германіі быў Савецкі Саюз. Ён напаў на Польшчу з усходу 17 верасня. Між двума краінамі-агрэсарамі існавала дамоўленасць аб падзеле краін усходняй Еўропы. Гэты дакумент вядомы, як пакт Молатава-Рыбентропа.

Саюзніцкія абавязкі Сталін выконваў да 22 чэрвеня 1941 году, калі на СССР напала Германія.

У вайне ўдзельнічалі 62 дзяржавы з 74 з 80 % насельніцтва Зямлі, загінула больш за 70 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі Беларусі было забіта 2 219 000 чалавек, ускосныя страты – да 3 мільёнаў – кожны трэці жыхар краіны і 4,3% усіх ахвяраў вайны ў свеце.

Вайна ў Еўропе скончылася 8 мая 1945 году. Афіцынай жа датай яе сканчэння лічыцца 2 верасня 1945 году, калі Японія падпісала акт аб капітуляцыі.

1 верасня адзначаецца Сусветны Дзень міру.

Пачатак Другой Сусветнай вайны

1841 год. Нарадзіўся Гіяцынт Альхімовіч.

Беларускі і французскі мастак.

Разам з братам Казімірам удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў.

Эміграваў у Францыю, прафесар школы малявання, прафесійна-тэхнічнага вучылішча, вышэйшай жаночай школы ў Перпіньяне.

Удзельнік выстаў мастацкіх твораў. Узнагароджаны французскім ордэнам «Officier d’Académie».

Гіяцынт Альхімовіч

1853 год. Нарадзіўся Міхал Федароўскі.

Фалькларыст, этнограф, археолаг.

Збіральнік кніг, твораў жывапісу і графікі, гістарычных, фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.

Сабраў беларускія песенныя і танцавальныя мелодыі, народныя песні, прыказкі, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя ў 8-томнай працы «Люд беларускі» (1887-1981).

Аўтар этнаграфічнага твору «Пружана і яе ваколіцы».

Вёў археалагічныя раскопкі ў Гродзенскай губерні.

 

Этнограф Федароўскі

1913 год. Нарадзіўся Масей Сяднёў.

Паэт, празаік, журналіст

Праз усю яго творчасць праходзіць адна нязменная тэма – Бацькаўшчына, маці, мова.

Аўтар зборніка вершаў «Ад сына твайго, Беларусь», кнігі «Ахвяры бальшавізму», шэрагу зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Цень Янкі Купалы», раманаў, успамінаў.

На беларускую мову пераклаў санеты Мікеланджэла, некаторыя творы І. Гётэ, Г. Гейнэ, Р. Рыльке.

Арыштаваны савецкімі органамі ў 1936 годзе, абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і распаўсюдзе твораў Язэпа Пушчы і Алеся Гаруна.

З 1944 года – на эміграцыі.

З 1967 да 1983 году Майсей Сяднёў працаваў на Радыё Свабода, узначальваў беларускую рэдакцыю.

Масей Сяднёў

1956 год. Нарадзіўся Уладзімір Салодкі.

Спявак.

Выхаванец Магілёўскага культасветвучылішча.

Уладальнік голасу прыгожага тэмбру шырокага дыяпазону.

У рэпертуары беларускія, украінскія народныя, аўтарскія і іншыя песні, сярод якіх «У лузе каліна стаяла», «Кірыла Тураўскі» У. Будніка.

Працаваў у Дзяржаўным народным хоры Беларусі, ансамблі «Свята», Дзяржаўным ансамблі танца.

Сустваральнік ансамбля народнай песні «Вяселле».

Уладзімір Салодкі

1969 год. Калектыў “Лявоны” атрымаў статус вакальна-інструментальнага ансамбля.

У 1970 годзе «Лявоны» змянілі назву на «Песняры», якім наканавана было стаць брэндавым беларускім калектывам.

Аснову яго рэпертуару складалі апрацаваная беларускія народныя песні.

Мастацкім кіраўніком з моманту ўтварэння і да смерці ў 2003 годзе быў У. Мулявін, народны артыст Беларусі і СССР.

Самымі папулярнымі песнямі калектыву сталі «Касiў Ясь канюшыну», «Бывайце здаровы», «Белая Русь». У 1976 годзе падчас гастроляў у Амерыцы, канадцы знялі фільм пра «Песняроў», а кампанія «Columbia» выпусціла кружэлку з іх песнямі.

Ансамбль Лявоны

2007 год. Адкрыты помнік Усяславу Чарадзею.

Першы конны помнік у незалежнай Беларусі. Вышыня помніка з пастаментам складае 3,5 метраў. Скульптура важыць 4,5 тоны.

Пад уладай Усяслава з 1044 па 1101 гады Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці, пры ім зʼявіўся і першы мураваны будынак – Сафійскі сабор.

Помнік Чарадзею

2011 год. У мікрараёне Спадарожнік горада Магілёва адкрылася школа №45.
Школа 45 Магілёў

2018 год. Філіял Нацыянальнага мастацкага музея “Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі” адкрылі пасля капрамонту і рэстаўрацыі ў Магілёве. 

Ва ўсіх залах былі абноўлены інтэр’еры, дызайн, устаноўлена новая мэбля, выставачнае і мультымедыйнае абсталяванне.

Музей Бялыніцкага-Бірулі

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў