У Быхаве недалюбліваюць пісьменнікаў-землякоў, але паважаюць пісьменнікаў з КДБ

Быхаўская раённая газета паведамляе, што на сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі

у раённым цэнтры культуры панавала асаблівая, неверагодна цёплая атмасфера.

Пісьменнікі Аляксандр Казека (на фота злева), Сяргей Украінка, Уладзімір Ясеў і Сяргей Данілаў зачыталі свае самыя вядомыя творы.

Гаварылі пра жыццё, натхненне і вечнасць з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Саксоновым. Менавіта ён у мінулым фізрук і кандыдат у майстры спорту па плаванні адказвае цяпер за духоўнае развіццё Быхаўшчыны.

Вельмі паказальна, што на сустрэчы не прысутнічаў Мікалай Леўчанка – таксама вядомы і заслужаны пісьменнік.

У Быхаве, трэба адзначыць, стаўленне да пісьменнікаў неадназначнае. Напрыклад пра пісьменніка-быхаўчаніна Сяргея Антонава, чые кнігі выдадзены тыражом каля паўмільёна экзэмпляраў і перакладзены на пяць моў, паклапацілася мясцовае ўпраўленне КДБ.

У пратэстах 2020-га Антонаў не ўдзельнічаў, але пісаў у незалежных СМІ пра бардак у Быхаве. Сяргею давялося эміграваць і апошняе згадванне пра яго звязана з выставай у польскім прэзідэнцкім палацы – там гучалі новыя навелы Антонава.

Падобна, што і ў Мікалая Леўчанкі, некалі аблашчанага ўладай, цяпер адносіны з ёй не самыя лепшыя. Затое ў Аляксандра Казекі, у мінулым супрацоўніка КДБ, усё ў ажуры. Ён узначальвае супольнасць пісьменнікаў Магілёўшчыны.

Фота раённай газеты.

Быхаўчанін супрацоўнічае з тэатрам у Беластоку

Курсы па сцэнарным майстэрстве ў эмігранцкім тэатры Беластока чытае ўраджэнец Магілёўшчыны.

У эмігранцкім тэатры “Pryehali”, заснаваным у Беластоку гродзенскімі акцёрамі, курсы па напісанні сцэнарыяў чытае быхаўчанін Сяргей Антонаў.

Беласток – тэатральны горад. Там працуюць больш за пяць тэатраў і тэатральных студый. Гродзенскія акцёры, што апынуліся ў вымушанай эміграцыі, заснавалі ў горадзе свой тэатр. 

Кіруе ім рэжысёр і акцёр Аляксандр Енджэеўскі, які да эміграцыі працаваў у Тэатры лялек Гродна і вёў святочныя мерапрыемствы на буйных прадпрыемствах горада.

Для жыхароў Беластока тэатр “Pryehali” паставіў некалькі спектакляў па казках беларускіх і польскіх пісьменнікаў. Гралі ў іх юныя акторы тэатральнай студыі Енджэеўскага – дзеці беларускіх эмігрантаў.

А нядаўна да тэатра далучыўся пісьменнік Сяргей Антонаў. Ён расказвае там пра свой вопыт напісання сцэнараў.

Сяргей – быхаўчанін. Ён сааўтар сагі Дзмітрыя Глухоўскага “Вселенная Метро 2033”.

Антонаў удзельнічаў у напісанні сцэнарыя да новай, чацвёртай камп’ютарнай гульні Metro. Ён таксама пісаў сцэнарыі сваіх містычных трылераў для студыі “ФабулаНова”.

“Ніколі не быў аматарам тэатра, але пабываўшы на спектаклях Енджэеўскага, стаў прыхільнікам творчасці рэжысёра” – кажа Сяргей Антонаў.

Фота: HrodnaLife.