Стала вядома цяперашняе месца адбыцця пакарання берасцейскага палітвязня Аляксанра Казлянкі – ён знаходзіцца ў Горацкай калоніі №9.
Аб пераводзе анархіста, асуджанага па справе “Рэвалюцыйнага дзеяння”, у калонію ў Горках паведаміў тэлеграм-канал АЧК-Беларусь. Гэта адбылося пасля суда над ім па арт. 411 за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі выпраўленчай установы і асуджэння яго яшчэ на паўтара года зняволення. Раней Аляксандр адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі №1. Там жа праходзіў суд.
Першапачаткова, 6 верасня 2022 года, палітвязень быў асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 долараў).
Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Аляксандр Казлянка, акрамя датычнасці да анархісцкага руху, быў сябрам “Свабоднага прафсаюза”. Ён раней неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у пратэстных акцыях, напрыклад, супраць акумулятарнага завода (АКБ) у Берасці і супраць дэкрэта “аб дармаедах” у 2017 годзе.
2 сакавіка 2021 года да Аляксандра прыйшлі з вобшукам, а затым затрымалі.
Аляксандру прад’яўленае абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). У аснову абвінавачвання па арт. 342 КК лёг эпізод з перакрыццём дарог ў Берасці ажно ў 2018 годзе: 5 траўня таго году анархісты блакавалі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва заводу АКБ. Пры гэтым знаёмыя Казлянкі кажуць, што ўдзелу ў акцыі ён не прымаў.
З першых дзён знаходжання ў зняволенні Аляксандра абавязалі насіць жоўтую бірку, як “схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў” (такія біркі носяць усе палітвязні), гэта значыць, што да зняволенага асаблівае стаўленне і больш жорсткія ўмовы адбыцця пакарання.
Геворг Мелканян даў першае інтэрв’ю на новай пасадзе. Падаецца, ён трапна вызначыў балючыя кропкі Асіповіцкага раёна.
У інтэрв’ю раённай газеце Геворг Мелканян распавёў, на чым плануе засяродзіць увагу як кіраўнік Асіповіцкага раёна.
Згодна з яго словамі:
цэнтральныя вуліцы ў нармальным стане, але ў «закутках» яшчэ хапае месцаў, дзе людзі вымушаны хадзіць у гумавых ботах;
ключавая праблема раёна – сельская гаспадарка. Там востра не хапае кадраў – іх трэба не мяняць, а шукаць, бо іх сапраўды няма;
важна асабіста пазнаёміцца з калектывамі і кіраўнікамі, зразумець, хто гатовы працаваць, а хто, магчыма, выгарэў ці мае патрэбу ў матывацыі;
Асіповіцкі раён павінен вярнуцца ў тройку лідараў Магілёўскай вобласці па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Мелканян не плануе пачынаць з аўралу. Спачатку ён ацэніць сітуацыю, асабіста наведаўшы кожнае прадпрыемства раёна.
Добрай навіной, на яго думку, з’яўляецца тое, што сельская гаспадарка дае толькі пяць працэнтаў выручкі Асіповіцкага раёна, а астатнія 95 працэнтаў гэта развітая прамысловасць, адна з наймацнейшых у вобласці.
Разлік Мелканяна на тое, што прамысловасць дапаможа «пацягнуць» за сабой сельскую гаспадарку, можа даць вынік.
Тым больш, новы старшыня райвыканкама не збіраецца мірыцца з кіраўнікамі, што сядзяць у сваіх крэслах толькі таму, што «нікому не замінаюць».
Па меркаванні Мелканяна, гэта і нараджае застой. Нельга сказаць, што ён адкрыў Амерыку, але нельга не прызнаць і таго, што перад намі даволі рэдкі выпадак, калі прадстаўнік уладнай вертыкалі назваў рэчы сваімі імёнамі.
Міфы і легенды пра беларускую рэчаіснасць рэзка адрозніваюцца ад сапраўднага становішча спраў.
Вось так выглядае рамонт дарог у Быхаўскім раёне паводле версіі раённай газеты, якая складае небыліцы і канвеерным метадам выпускае пастановачныя пацёмкінскія вёскі.
А вось адзін з карыстальнікаў “Тык-Току” паказаў жорсткую праўду.
Гаворка ідзе пра дарогу, якая праходзіць праз вёску Праточнае Быхаўскага раёна.
Па ёй возяць пясок з кар’ера ў Быхаў, і назваць гэта дарогай можа толькі вельмі вялікі аптыміст.
Чалавек, які зняў відэа, пытаецца: каму скардзіцца? Пытанне з падвохам.
Скаргі такога кшталту разглядаюцца бандай чыноўнікаў, што захапіла ўладу ў краіне, як экстрэмізм.
Улады бачаць пагрозу нават у двух літарах “М” на блакітным фоне.
З аднаго боку, гэта можа пацешыць ганарлівасць журналістаў нашага партала, але з іншага – асабліва радавацца няма чаму.
Адзін вядомы чалавек некалі сказаў: незалежная прэса патрэбная таму, што не дае ўладзе аскацініцца. У Магілёўскай вобласці незалежная прэса знішчаная. Адпаведна, аскацініванне ідзе ўдарнымі тэмпамі.
10 снежня 2013 года Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і праваабарончы цэнтр «Вясна» прадставілі падрабязную справаздачу на 80-ці старонках «Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі». З тых часоў сітуацыя з правамі чалавека ў краіне толькі пагоршылася.
У дакладзе Упраўлення ААН па правах чалавека канстатуюцца парушэнні правоў дзясяткаў тысяч жыхароў Беларусі. Калі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года сотні тысяч людзей аб’ядналіся, каб мірна выказаць сваю нязгоду, у адказ на іх дзеянні адбыліся «масавыя і гвалтоўныя рэпрэсіі», якія дасягнулі небывалых маштабаў.
Міжнародны дзень правоў жывёл ( International Animal Rights Day, з 1998 года).
У гэты дзень абаронцы жывёл ва ўсім свеце імкнуцца данесці да людзей, што дабрыня і павага важныя для ўсіх жывых істот. Дзень адмыслова супадае з Днём правоў чалавека.
Важна разумець, што жывёлы таксама маюць тыя ж правы, што і людзі. Мэта дня – выкрыццё ўсіх формаў гвалту над жывёламі. Заснавальнікі дня заявілі, што, паколькі жывёлы не могуць галасаваць, пратэставаць або выступаць за сваю бяспеку, людзі павінны рабіць гэта за іх.
1802 год. Англійскі афіцэр Фрэнсіс Луі Баралье першым з еўрапейцаў апісаў прымяненне бумеранга абарыгенамі Аўстраліі.
Першы аўстралійскі бумеранг прывёз у Еўропу Джэймс Кук, тады яго палічылі простай дубінкай.
Падобныя да бумерангу прадметы выкарыстоўвалі людзі палеаліту і ў Еўропе, але наскальныя выявы бумерангаў, выяўленыя ў Аўстраліі – самыя старажытныя (ім 50 000 гадоў).
Акрамя таго, менавіта жыхары гэтага мацерыка прыдумалі як будзе вяртацца бумеранг да свайго гаспадара. Самы старажытны ў свеце бумеранг (20 000 гадоў) знойдзены ў Карпатах. Ён выкананы з біўня маманта.
1870 год. Нарадзіўся Фердынанд Рушчыц.
Беларускі і польскі мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог.
Аказаў уплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў мастацтве.
Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагменце беларускай прыроды.
Працаваў над кніжнай графікай, аформіў звыш 50 кніг.
Аўтар дэкарацый для 15 тэатральных пастановак.
Палотны захоўваюцца ў музеях Польшчы, Літвы, Расіі, Беларусі, еўрапейскіх і амерыканскіх зборах.
Браў удзел у рэстраўрацыі Маці Божай Вострабрамскай.
Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці.
Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння выкапняў у Беларусі.
Узнгачальваў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР, выкладаў у БДУ, загадваў кафедрай геалогіі, арганізаваў і ўзначаліў Інстытут геалогіі АН БССР.
Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай (цэнтр – Клімавічы) акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе рэспублікі.
З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных вод.
Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода.
Падараваў БДУ уласную вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якая стала пачаткам Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.
Быў рэпрэсаваны ў 1930-я. Памёр 13 студзеня 1935 года.
1937 год. Расстраляны магілёўскі паэт Лаборы Калмансон
10 снежня 1937 г. у Чалябінску быў расстраляны беларускі, рускі і савецкі паэт, крытык Лаборы Гілелевіч Калмансон, які пісаў пад псеўданімамі Г. Лялевіч і Л. Магілёўскі. Ён нарадзіўся ў Магілёве ў 1901 г., вучыўся ў магілёўскім рэальным вучылішчы, друкаваўся ў мясцовай прэсе, а ў 1917-м дэбютаваў пад псеўданімам Л. Магілёўскі ў магілёўскай газеце «Молот».
1963 год. Уведзена ў эксплуатацыю першая чарга “Беларуськалій” у Салігорску.
У 1949 годзе ў Беларусі было адкрыта адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійных соляў – Старобінскае. Яго асваенне пачалося ў 1958 годзе, а прамысловая здабыча калійнай солі была пачата ў студзені 1961 года.
Цяпер у ААТ “Беларуськалій” уваходзяць 5 рудаўпраўленняў, 5 абагачальных фабрык і 8 руднікоў. Прадпрыемства кантралюе 11-13% сусветнага рынку калію. Адзінае ў свеце прадпрыемства, якое вядзе здабычу на глыбіні больш за 1 км шахтавым спосабам.
У 2020 годзе «Беларуськалій» стаў адным з цэнтраў забастовак пасля прэзідэнцкіх выбараў і гвалту над пратэстоўцамі.
1982 год. Магілёўскі гарвыканкам прыняў спецыяльнае рашэнне аб устаноўцы мемарыяльнай дошкі і добраўпарадкаванні магілы паэта Аляксея Пысіна.
Дошку вырашылі ўсталяваць на доме па праспекце Міра, 35а ў Магілёве, дзе жыў паэт. Адначасова прадугледжвалася добраўпарадкаванне яго магілы на Каталіцкіх могілках.
2007 год. Пачаў выходзіць у эфір тэлеканал «Белсат».
Структурная частка Польскага тэлебачання. Ініцыятыва стварэння спадарожнікавага тэлеканала для беларускіх гледачоў належыць журналістцы А. Рамашэўскай-Гузы.
Канал быў адказам на выказаную ў беларускіх дэмакратычных колах патрэбу ў незалежнай ад уладаў Беларусі тэлестанцыі.
Канал пачаў трансляванне ў Міжнародны дзень правоў чалавека пад кіраўніцтвам А.Рамашэўскай-Гузы.
У склад Назіральнай рады канала ў 2008 годзе ўвайшлі В. Акудовіч, М. Анемпадыстаў, З.Бандарэнка, Г. Бураўкін, А. Гуляеў, С.Калінкіна, У. Колас (старшыня), А. Трусаў, Ю. Хашчавацкі.
У 2020 годзе каманда налічвала амаль 300 работнікаў з Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін.
Працаваў у Тэатры-студыі кінаакцёра, Брэсцкім тэатры, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага.
Сыграў некалькі дзясяткаў тэатральных, больш за 140 кінароляў, у тым ліку ў фільмах, «Вазьму твой боль», «Дзяржаўная мяжа», «Раскіданае гняздо», «Казка пра Зорнага хлопчыка», «Сакрэтны фарватар», «Давід Гарадзецкі», «Снайпер», «Вольф Месінг», «Снайпер-2. Тунгус», «Смерць шпіёнам».
Нейкія асянікі, яны ж асяны і асенікі з Магілёўскага раёна цяпер прэтэндуюць на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
Аб прэтэнзіі на сусветную каштоўнасць піша выданне “Беларусь сегодня”. Пры гэтым яно спасылаецца не на нейкіх кулінараў ці захавальнікаў кулінарных традыцый, а на загадчыцу сектара культуры Магілёўскага райвыканкама Наталлю Гоманаву.
Паводле чыноўніцы, асянікі – гэта брэнд Магілёўскага раёну. Гоманава сцвярджае, што яны нагадваюць дранікі, але акрамя бульбы ў іх дадаюць і іншую гародніну, вырашчаную на прысядзібных участках: гарбуз, моркву, цыбулю, а таксама зеляніну – кроп, пятрушку.
Мясцовая раёнка “Прыдняпроўская ніва” ўжо амаль упэўнена, што асянікі хутка будуць ўключаны ў вышэйназваны Спіс. Праўда, адкуль сыходзіць такая ўпэўненасць, выданне не раскрывае. Хутчэй за ўсё, адтуль жа, адкуль, па ўсёй верагоднасці, і ўзніклі асянікі – з Магілёўскага райвыканкама.
Сумнявацца, што “асянікі” маюць такое ж дачыненне да традыцыйных страў магілёўскага люду, як звычайная яешня, прымушае тое, што нідзе, ні ў якіх кнігах беларускай нацыянальнай кухні яны не ўзгадваюцца. Апытаныя пры падрыхтоўцы гэтага артыкула магілёўцы і жыхары Магілёўскага раёна нічога не змаглі распавесці пра смак асянікаў.
Хітрыкі чыноўнікаў вядомыя па ўсім свеце, але лукашэнкаўскія клеркі ў гэтым плане дадуць фору ўсім замежным калегам.
Ажно 3000 свабодных вакансій выставілі прыватныя арганізацыі Бабруйска. Яшчэ пяць гадоў таму такога не было.
“Гадоў пяць таму ад прыватных арганізацый вакансій не было, а цяпер – 3000 вакансій. І заводы, буйныя прадпрыемствы бяруць людзей з навучаннем, нават інвалідаў. І мамы дзяцей з інваліднасцю могуць працаваць на паўстаўкі – звяртайцеся да нас па дапамогу ў пошуку зручных вакансій” – заявіла галоўны спецыяліст аддзела садзейнічання ў працаўладкаванні Бабруйскага гарвыканкама Святлана Шпакоўская, выступаючы на 4 снежня форуме, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў. Пра гэта піша komkur.info.
Пры гэтым яна адзначыла, што, каб адправіць чалавека на навучанне якой-небудзь прафесіі, здаровага або з інваліднасцю, патрэбна яго рэгістрацыя ва ўпраўленні па працы і занятасці Бабруйскага гарвыканкама.
На форуме жадаючыя маглі азнаёміцца з некаторымі вакансіямі і прыкладамі курсаў для атрымання прафесій – напрыклад, Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр прапануе навучанне людзей з інваліднасцю 1, 2 і 3 групы (і без інваліднасці) прафесіям працоўнага зялёнага будаўніцтва, столяра, зборшчыка або рамонтніка абутку, аператара ЭВМ і іншым.
Шпакоўская адзначыла, што для пачатку рамеснай або прадпрымальніцкай дзейнасці можна атрымаць бязвыплатную субсідыю і навучанне ў Магілёве з аплатай пражывання за кошт упраўлення.
Раённыя газеты Магілёўшчыны спаборнічаюць у падачы карыснай інфармацыі для сваіх чытачоў.
Вельмі карысную інфармацыю размясціла хоцімская раённая газета. На думку аднаго з механізатараў, галоўная ўмова якаснага падняцця зябі – наладжванне плугоў.
Наладжванне плугоў – фірмовая фішка аднаго з мясцовых журналістаў, перакананага камуніста.
Акрамя пасвячэння чытачоў у таямніцы апрацоўкі глебы, ён яшчэ выдатна разбіраецца ў нюансах загнівання Захаду і характэрных рысах імперыялістычных акул.
Чаму з такімі ведамі ён дагэтуль не на пенсіі – адна з загадак архаічнай беларускай прапаганды.
Слаўгарадская газета «Прысожскі край» працуе наперад і з дапушчэннямі. Журналісты раптам задаліся пытаннем: што рабіць, калі падчас канфлікту з-за шумнай гульні ў мяч дарослы сусед некалькі разоў ударыў майго дзіця па галаве? Як пакараць мужчыну?
Адказ даў мясцовы ўчастковы: трэба патэлефанаваць у 102.
Адкуль у «Прысожскага краю» такая цікавасць да ўдараў па галаве – яшчэ адна загадка.
А вось у газеце «Асіповіцкі край» далі рэцэнзію на фільм «Переломный момент» і прыйшлі да высновы, што беларускае кіно нарэшце дасягнула ўзроўню «Netflix».
Вось так і жывём. Хтосьці яшчэ не наладзіў свой плуг, каго-небудзь ударылі па галаве пыльным мяшком, а ў кагосьці, ад частых праглядаў «Netflix», пачалася манія велічы.
У Горацкім райсудзе да чатырох гадоў зняволення асудзілі агранома, які цягам чатырох гадоў набраў хабару на амаль 35 тысяч рублёў.
Паводле суда Горацкага раёна, 49-гадовы мясцовы жыхар, будучы галоўным аграномам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, атрымліваў грошы ад пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі. Узамен ён фармаваў пад іх закупкі і забяспечваў выгадныя кантракты. Так цягнулася са студзеня 2020 года па снежань 2023-га.
Агульная сума хабару склала 34 545 рублёў 26 капеек. Для легалізацыі такіх незаконных даходаў была распрацавана схема з фіктыўнымі дамовамі. Гэта былі дамова падраду, калі плацілі за работы, якія выконвала насамрэч прадпрыемства і дамова арэнды аўтамабіля, якога абвінавачаны ў рэчаіснасці не прадастаўляў. Грошы пераводзіліся па гэтым дамовам на асабісты рахунак галоўнага агранома.
На суде абвінавачаны сваю віну ў буйным хабары прызнаў і раскаяўся, а таксама вярнуў усе незаконна здабытыя сродкі.
Былога галоўнага агранома асудзілі на чатыры гады зняволенння ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штрафу ў 29 400 рублёў з забаронай на пяць гадоў займаць кіруючыя і распарадчыя пасады.
Чыноўнікі Шклоўшчыны сур’ёзна ўзяліся за дарогі. У вобласці многае плануюць выканаць і нават перавыканаць.
Сёлета ў Шклоўскім раёне абноўлена 40 тысяч квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Трыццаць працэнтаў з іх адрамантаваныя ў “гравійным выкананні”.
У планах мясцовых уладаў – удвая павялічыць гэты аб’ём у наступным годзе.
Намеснік старшыні райвыканкама Максім Лісоўскі сцвярджае, што:
рамонт не праводзіцца па традыцыйнай для беларускіх дарожнікаў тэхналогіі «асфальт у лужу»;
у наступным годзе ў раёне адрамантуюць у два разы больш дарог.
Дарэчы, выраз «павялічыць у разы» ўсё часцей гучыць ад магілёўскіх чыноўнікаў.
На нарадзе ў Мсціславе, якую праводзіў кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты, заявілі пра планы на трэць павялічыць надоі і заваліць Магілёўшчыну мясам. Што праўда, не заўтра, а да 2030 года.
У казкі пра добрыя дарогі і велізарныя надоі вельмі хочацца верыць. Шкада толькі, што планы чыноўнікаў Магілёўскай вобласці найчасцей не спраўджваюцца – і тады пачынаюцца апраўданні ў стылі «гранаты не той сістэмы».
Слімаковая гаспадарка ўвайшла ў новы маршрут гастранамічнага і экалагічнага турызму Горацкага раёна.
Унікальным бізнесам занялася жыхарка горада Горкі. Яна была беспрацоўнай, падчас падарожжа па Беларусі наведала слімакавую ферму і вырашыла займацца вырошчваннем слімакоў сама.
Спачатку спрабавала рабіць гэта ў кватэры і выкарыстоўвала ванну, аднак ферму хутка перанеслі ў вёску Шавароўка – слімакам быў патрэбны і прастор, і асаблівы догляд.
Цяпер на вясковым участку абсталяваны сартавальныя і прамывальныя сталы, поле для выпасу і іншыя, даволі дарагія прыстасаванні для вырошчвання слімакоў.
Аб’ёмы продажу дэлікатэсу пакуль невялікія. Беларусам яшчэ трэба зразумець, што гэта за прадукт і якую ён мае карысць. Напрыклад, уладальніцы фермы трэба пераканаць пакупнікоў, што мяса слімакоў лёгка засвойваецца.
Аднак пачатак ужо ёсць. Як распавяла прадпрымальніца, у многіх тэлефонах яна ўжо запісаная як «Наталля слімак».
Цікавы факт: у райвыканкаме, дзе Наталля атрымала субсідыю ў 4 тысячы рублёў, ёй паведамілі, што слімак у Беларусі лічыцца сельскагаспадарчай жывёлай нароўні з каровамі і курамі.