Дзень у гісторыі. 1 лютага. Таруньскі мір. Славутае Магілёўскае паўстанне. Нямы сойм. Заклік К. Каліноўскага да паўстання

Ігнат (народны каляндар). 

«На святога Ігната зіма багата».

У адных месцах лічылі, што якое надвор’е сёння, такі і ўвесь люты будзе, у іншых казалі, што такой будзе ўся вясна.

Былі і такія прыкметы: калі неба яснае, то вясна будзе рана; калі мяцеліца, то і на Масленку будзе месці.

1411 год. Заключаны Таруньскі мір, якім скончылася Вялікая вайна (1409–1411) Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам

У гістарыяграфіі гэта пагадненне часта лічыцца дыпламатычнай няўдачай Польшчы і Літвы з-за іх няздольнасці выгадна скарыстаць разгромнае паражэнне крыжакоў у Грунвальдскай бітве. 

Крыжакі аддалі Добжынскую зямлю, захопленую ў Польшчы падчас вайны, і зрабілі толькі часовыя тэрытарыяльныя саступкі ў Жамойці, якая пераходзіла да Літвы толькі на час кіравання польскага караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. 

Таруньскі мір быў нестабільным. Спатрэбіліся яшчэ дзве вайны, Галодная вайна ў 1414 і Голубская вайна ў 1422, каб падпісаць Мельнскі мір, які вырашыў усе тэрытарыяльныя спрэчкі. Тым не менш, вялікія памеры ваенных рэпарацый былі значным фінансавым цяжарам для крыжакоў, яны спарадзілі ўнутраныя канфлікты і эканамічны спад. Крыжацкі ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц.

Ян Матэйка. Вітаўт і Ягайла моляцца напярэдадні Грунвальдскай бітвы. 

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без бая на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

Напярэдадні быў распрацаваны план паўстання, паводле якога ўсе гаспадары, у якіх стаялі па хатах маскоўскія ратнікі, мусілі абясшкодзіць іхнюю зброю, дастаўшы крэмень ці іншым чынам папсаваўшы яе. Датай пачатку паўстання было прызначанае 10 лютага. Да апошняй хвіліны маскоўцы не здагадваліся пра змову месцічаў.

Прычынай заўчаснага (не 10, а 1 лютага) пачатку паўстання называюцца зняважлівыя паводзіны расійскіх жаўнераў на гандлёвай плошчы. У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

Існуе таксама іншая дата паўстання паводле іншых крыніц – 11 лютага 1661 года.

“Магілёўскае паўстанне”. Ілюстрацыя Ігара Адамовіча да кнігі А.Д. Лісоўскага “Кніга”.

1717 год. У Рэчы Паспалітай адбылася паседжанне аднадзённага «Нямога сойма»

Сойм быў скліканы для вылучэння ўмоў каралю Аўгусту II. Увайшоў у гісторыю як «нямы» таму, што кароль прыняў патрабаванні, якія яму выстаўляліся – вывад саксонскіх войскаў, пашырэнне паўнамоцтваў Сойма і Сената, абмежаванне асабістай улады караля – практычна без адзінага слова. 

Да такога рашэння яго схіліў расійскі цар Пётр I, які меў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай 60 000 салдат. 

Сойм таксама пашырыў правы шляхты, зацвердзіў вайскова-скарбовую рэформу, стварэнне невялікіх рэгулярных армій Польшчы (18 000) і Вялікага княства Літоўскага (6 000 салдат), зацвердзіў пратэкцыю рускага цара над Рэччу Паспалітай.

1733 год. Памёр Аўгуст Моцны, Фрыдрых Аўгуст I, Аўгуст II

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1697–1706, 1709–1733).

Мянушку «Моцны» атрымаў з прычыны выключнай фізічнай сілы і шматлікіх любоўных прыгод. Карыстаўся папулярнасцю сярод дробнай шляхты.

Імкнучыся да абсалютнай улады збіраўся ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай уладай, у чым яго падтрымалі Радзівілы, Вішнявецкія і іншыя магнаты і шляхта. 

Уцягнуў краіну ў Паўночную вайну (1700–1721) як  саюзнік Пятра I, аслабіў дзяржаву. Яго няўдалая палітыка прывяла да актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай не толькі Расіі, але і Прусіі, Аўстрыі і Францыі.

Аўгуст Моцны больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам. Намагаючыся ўзмацніць сваю ўладу ў Польшчы і ВКЛ ён абапіраўся на дапамогу суседніх дзяржаў, на карысць якіх збіраўся аддаць частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

1811 год. Нарадзіўся Рамуальд Зянкевіч. 

Беларускі этнограф, педагог, археолаг, фалькларыст. 

Збіраў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі на Піншчыне, укладальнік першага зборніка беларускіх песень, які мае навуковае значэнне. Вывучаў Крэўскі замак, Тураў. 

Спасылаючыся на запісаныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні, сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў. Аўтар першай археалагічнай карты Ашмянскага павета. 

Памёр 11 верасня 1868 года.

1860 год. Памёр Іосіф Ярашэвіч. 

Беларускі гісторык, этнограф, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Апякун студэнта Ю. Славацкага – будучага вядомага польскага паэта.

Збіраў крыніцы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, крытычна іх аналізаваў, знайшоў у Віленскім кармеліцкім кляштары польскамоўны тэкст Першага статуту ВКЛ.

Пасля падаўлення паўстання 1830–1831 года і закрыцця Віленскага ўніверсітэта, пакінуў педагагічную дзейнасць, як «асоба, якая не правільна мысліць».

Галоўная яго праца «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» грунтуецца на звестках Літоўскай метрыкі, М. Стрыйкоўскага, А. Нарушэвіча, І. Анацэвіча, Т. Нарбута, К. Богуша, М. Карамзіна, Е. Фойгта.

Аўтар прац «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян», «Пра стан цывілізацыі Літвы перад i пасля заснавання акадэміі», «Матэрыялы да статыстыкі i этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет».

Вывучаў паходжанне колішніх плямёнаў на геаграфічнай Беларусі, фальклор i этнаграфію беларусаў, цікавіўся археалогіяй.

1863 год. Выйшаў зварот Літоўскага правінцыяльнага камітэта на чале з К. Каліноўскім да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу. 

Паўстанне пачалося на тэрыторыі Польшчы 22 студзеня, а на тэрыторыі Літвы і Беларусі – 1 лютага пасля закліка лідара паўстання. Паўстанне цягнулася, галоўным чынам, да 18 чэрвеня, а поўнасцю задушана рускім царызмам увосень 1864 года.

Паўстанне 1863-1864 гадоў выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860–1870-я гады, стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Падчас паўстання загінула да 30 000 чалавек, да 20 000 было рэпрэсавана. У Польшчы статут ветэрана студзеньскага паўстання ў 1920–1939 гадах атрымалі 3 644 чалавек – гэта тыя, хто заставаўся ў жывых. У 1920-я гады ў сённяшнім пасёлку Свір на самым высокім месцы над аднайменным возерам быў устаноўлены помнік у гонар паўстанцаў з белым арлом, які быў зруйнаваны Саветамі ў 1939 годзе, а белы арол скінуты ў возера.

1874 год. Памерла Гелена Скірмунт. 

Беларуская і польская мастачка. Пляменніца Напалеона Орды.

Малявала партрэты, пейзажы, абразы для касцёлаў.

Як скульптар выканала шмат распяццяў, медальёнаў з партрэтамі, у тым ліку І. Лялевеля, Ю. Крашэўскага. Аўтар гіпсавых плакет «Міндоўг», «Гедзімін», гістарычных шахмат у выглядзе войска Яна III Сабескага і туркаў і іншых прац.

У 1863 годзе за спробу даставіць дэпешу Р. Траўгуту арыштавана і саслана ў Тамбоў.

Б. Залескім часткова апублікаваны яе дзённік разам з лістамі пад назвай «3 жыцця літвінкі, 1827-1874».

1884 год. Нарадзіўся Аляксандр Сянкевіч. 

Дзяржаўны дзеяч БССР, нарком аховы здароўя, публіцыст.

Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне, пасля разгону якога з’ехаў у ЗША, дзе скончыў медыцынскі факультэт Балтымарскага ўніверсітэта.

У 1917 годзе арганізаваў медслужбу савецкіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе. 

У 1921–1923 гадах быў наркамам аховы здароўя БССР, пасля – працаваў на партыйных пасадах, у беларускім сектары Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве, у БДУ, рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі, у Інстытуце літаратуры і мастацтва акадэміі навук, дырэктарам Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, ва Усесаюзным радыёкамітэце.

Пасля 1930 года ў палітычнай няласцы, высланы з Беларусі. Арыштаваны ў  студзені 1938 года, у чэрвені прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны 29 чэрвеня 1938 года.

Быў неаднаразова выведзены ў літаратурных творах: Якубам Коласам, як Алесь Садовіч у трылогіі «На ростанях» і як правобраз Бас-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі», А. Фадзеевым, як доктар Сташынскі ў рамане «Разгром».

Імем Сянкевіча названа вуліца ў Мікалаеўшчыне.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Прытыцкі. 

Беларускі палітычны дзеяч Заходняй Беларусі і БССР.

Дзеяч Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. У 1936 годзе прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвым турэмным зняволеннем, вызвалены ў 1939 годзе пад час паходу Чырвонай Арміі і прызначаны намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама.

У чэрвені-жніўні 1941 года ўдзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва. Падчас вайны – начальнік Польскага штаба партызанскага руху.

У пасляваенны час быў першым сакратаром Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага, Мінскага абкамаў КПБ, намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1968–1971).

Памёр 13 чэрвеня 1971 года.

Яго імем названыя вуліцы ў Мінску, Гродне, Баранавічах, Маладзечне, Магілёве (Бароўка), сквер у Мінску.

1994 год. Памёр ураджэнец Рэчыцы Яўген Караткевіч. 

Палярны даследчык, доктар геаграфічных навук, прафесар, Герой Сацыялістычнай працы, віцэ-прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР.

Унёс вялікі ўклад у вывучэнне прыроды, прыродных багаццяў Арктыкі і Антарктыды. Удзельнік Першай комплекснай антарктычнай экспедыцыі, непасрэдны кіраўнік трох экспедыцый на лядовы мацярык, у 1962–1989 гадах узначальваў Савецкую антарктычную экспедыцыю. 

Аўтар больш за 200 навуковых прац, кіраўнік работ па падрыхтоўцы і выданню серыі навуковых атласаў прыроды. Пахаваны на Серафімаўскіх могілках Санкт-Пецярбурга. У яго гонар названа падледніковае плато ў Антарктыдзе.

Дзень у гісторыі. 29 студзеня. Дзень беларускай навукі і дзень без інтэрнэту. Арышт Кастуся Каліноўскага. Нарадзіліся дзеяч БНР Антон Луцкевіч, футбаліст Сяргей Бароўскі

Дзень мабілізацыі супраць ядзернай пагрозы (Day of mobilization against the nuclear threat, з 1985 года). 

Адзначаецца з моманту прыняцця Дэлійскай дэкларацыі аб прынцыпах свабоды ад ядзернай зброі і негвалтоўнага міру. Дэкларацыя змяшчае заклік да спынення гонкі ядзернага ўзбраення, скарачэння і паступовай ліквідацыі ядзерных арсеналаў і ліквідацыі пагрозы ядзернай вайны.

Заснавальнікі даты сцвярджаюць, што магчымасці ратавання ад уздзеяння ядзернага выбуху вельмі абмежаваныя. У выніку буйнамаштабнай ядзернай вайны адбудзецца глабальная кліматычная катастрофа.

Хоць ядзерная зброя выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях усяго двойчы, у 1945 годзе, усе наступныя дзесяцігоддзі міжнародная дыпламатыя і ваенная стратэгія дзяржаў знаходзіліся пад моцным уплывам планаў вядзення магчымай ядзернай вайны, якія распрацоўваліся. 

Трынітраталуолавы эквівалент бомбы, скінутай на Хірасіму, складаў 13 кт. Выбуховая моц савецкай стратэгічнай ракеты SS-18, у 1540 разоў больш.

Занепакоенасць выклікае агрэсія Расіі, якая мае значны ядзерны арсенал, супраць Украіны.

Міжнародны Дзень Без інтэрнэту (International Internet-Free Day), апошняя нядзеля студзеня. 

Сваю гісторыю гэтае свята вядзе з пачатку 2000-х гадоў, а ініцыятарам яго ўстановы, па адных дадзеных, з’яўляецца “Брытанскі Інстытут сацыяльных вынаходстваў”, а па іншых – брытанскі некамерцыйны анлайн-праект “DoBe.org”.

Галоўная мэта дадзенага свята – цалкам адцягнуць людзей ад кампутараў і глабальнай сеткі хаця б на адзін дзень, каб пражыць гэты дзень выключна ў “рэальным” свеце, мець зносіны з іншымі людзьмі выключна “ўжывую” або прысвяціць яго свайму ўлюбёнаму хобі, вядома ж, не звязанаму з інтэрнэтам.

Дзень беларускай навукі (з 1993 года). 

Апошняя нядзеля студзеня. Вядучым даследчым і навуковым цэнтрам краіны з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе. У Нацыянальнай акадэміі працуе больш за 18 тысяч даследчыкаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага персаналу, сярод якіх нямала дактароў і кандыдатаў навук.

Адзін з найважнейшых паказчыкаў навуковай дзейнасці – навукаёмістасць ВУП – у апошнія гады складае каля 1%. Гэта вышэй, чым у большасці краін СНД, але значна ніжэй, чым у развітых краінах. У краінах супастаўных з Беларуссю па памеры і насельніцтве – Фінляндыі і Швецыі – навукаёмістасць ВУП роўная 3%.

1720 год. Нарадзіўся Францішак Багамолец. 

Польскі і беларускі драматург, публіцыст, выдавец. Выкладчык у Віленскім, Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. Вылучаўся шматбаковай дасведчанасцю. 

Заснаваў і рэдагаваў у Варшаве часопісы «Wiadomości Uprzywilejowane Warszawskie», «Kurier Warszawski».

Аўтар вершаў, больш за 20 камедый для школьнага тэатра, у якіх з пазіцый памяркоўнага асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы шляхты. Складаў вершы.

Апублікаваў хронікі М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, М. Кромера, А. Гваньіні, лісты Я. Каханоўскага, П. Каханоўскага, С. Любамірскага, М. Сарбеўскага.

Выступаў супраць засілля ў літаратуры лацінскай мовы, але дапускаў запазычанні з блізкароднасных моў, у тым ліку з беларускай. Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў дапоўніць зборнік С. Рысінскага.

Меў непасрэднае дачыненне да першай польскай оперы – «Ашчасліўленая беднасць», напісанай паводле яго лібрэта кампазітарам М. Каміньскім і пастаўленай 11 ліпеня 1778 ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве.

Памёр 24 красавіка 1784 года.

1864 год. У Вільні арыштаваны Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Царскім уладам ён быў выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам.

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зраўняныя з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы ў Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

1878 год. Нарадзіўся Уладзімір Самойла. Беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.

Удзельнік беларускага літаратурна-грамадскага руху, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). Супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях «Минский курьер», «Наша ніва».

Хатні настаўнік Івана Луцэвіча, адыграў значную ролю ў творчым станаўленні Янкі Купалы, адзін з першых высока ацаніў яго здольнасці і літаратурную творчасць.

Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў.

З 1918 года жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіі і публіцыстам у газетах «Віленская мова», «Віленскія навіны», быў адным з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірунку, рэцэнзентам на выданні Інбелкульта і Акадэміі Навук, працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Арыштаваны НКУС у кастрычніку 1939 года. Вязень беластоцкай турмы. 

Расстраляны, верагодна, у 1941 годзе.

1884 год. Нарадзіўся Антон Луцкевіч. 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі. 

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні. Перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў. Памёр 23 сакавіка 1942 года ў лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

1904 год. У Магілёўскім Іосіфаўскім кафедральным саборы праасвяшчэнным Максімам быў прачытаны народу Найвышэйшы маніфест аб вайне з Японіяй і здзейснены малебен аб дараванні перамогі расійскім войскам. 

У маі 1910 года тут 3 дні знаходзіліся мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай, якія накіроўваліся з Кіева ў Полацк. Праз 25 гадоў, 29 студзеня 1929 года гарадскія улады вырашылі сабор зачыніць. У 1932 годзе, у будынку адкрыўся музей гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 годзе было прынята рашэнне аб зносе сабора і будаўніцтве гасцініцы “Дняпро” для новай беларускай сталіцы ў Магілёве.

Сабор Святога Іосіфа – першы ўзор класіцызму ў культавым дойлідстве на тэрыторыі Беларусі, праваслаўны сабор на Саборнай плошчы ў Магілёве. Першы камень у падмурак будучага сабора, ля пляцоўкі з драўлянай царквой Уваскрэсення Хрыстова, быў закладзены 29 мая 1780 г. Кацярынай ІІ і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II.

Храм быў пабудаваны ў 1798 годзе па праекце М. Львова і ўпрыгожаны карцінамі і іконамі Ул. Баравікоўскага.

У кастрычніку 2011 года намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка заявіў, што Іосіфаўскі сабор у ліку першых стаіць у чарзе на аднаўленне разбураных архітэктурных помнікаў Магілёва. Прайшло 11 гадоў, але ніякіх выразных крокаў па аднаўленні святыні не зроблена.

1924 год. Нарадзіўся Арцём Баханькоў. 

Беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў ў Інстытуце мовазнаўства акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме НАН Беларусі.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Ф. Скарыны. Аўтар і суаўтар шматлікіх даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

Памёр 12 жніўня 2001 года.

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Бароўскі. 

Беларускі футбаліст і трэнер.

У 1972-1987 гадах – гулец, у 1984-1985 – капітан  мінскага «Дынама». У чэмпіянаце СССР правёў 400 матчаў, з іх 270 у вышэйшай лізе. Чэмпіён СССР (1982).

У 1981-1985 гадах выступаў за зборную СССР, у 1982 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Іспаніі.

У 1989 годзе пачаў трэнерскую кар’еру: нацыянальная зборная, у розных клубах Латвіі, Малдовы, Літвы, Украіны, Беларусі (“Металург”, “Дынама” Мінск, “Шахцёр”, БАТЭ).

Пад яго кіраўніцтвам зборная атрымала адну з найвядомейшых перамог – у 1995 годзе над зборнай Нідэрландаў (1:0) і адно з найцяжэйшых паражэнняў – у 2000 годзе ад Андоры (0:2).

У 2014 годзе прывёў салігорскі «Шахцёра» да перамогі ў Кубку Беларусі 2013/2014, вывеў яго ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы, на 3 месца чэмпіяната Беларусі.

З 2019 года трэнер каманды «Іслач».

Дзень у гісторыі. 27 студзеня. Дзень памяці ахвяр Халакоста. Перамога над татарамі на Альшаніцы. Першая пастаноўка “Паўлінкі”. Абрушэнне даху школы ў Краснаполлі

Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста (International Holocaust Remembrance Day, з 2005 года)

Устаноўлены Генеральнай Асамблеі ААН і прымеркаваны да гадавіны вызвалення канцлагера  Асвенцым у 1945 годзе. 

Прысвечаны трагедыі Халакоста, якая адбылася падчас Другой сусветнай вайны і якая прывяла да гібелі 6 мільёнаў яўрэяў ад рук нацысцкага рэжыму.

Біблейскае слова «Халакост» азначае «усеспаленне» або «ахвяра ўсеспалення». Пад гэтым тэрмінам разумеюць масавае знішчэнне розных сацыяльных і этнічных груп падчас існавання нацысцкай Германіі, жахлівую спробу нацыстаў цалкам вынішчыць габрэйскі народ.

Габрэі Магілёва, 1941 год.

1527 год. Перамога войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскам крымскіх татараў у бітве на рацэ Альшаніцы. 

На прытоку Дняпра Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам, 7 000 коннікаў вялікага гетмана К. Астрожскага, палявога гетмана Я. Радзівіла, князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і іншыя дагналі войска татар у 24 000 чалавек на чале з царэвічам Малаем, разбілі іх і вызвалілі 80 000 палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць. 

Малай узяты ў палон, а потым забіты. 

Пасля гэтага Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

1880 год. Амерыканскі вынаходнік  Томас Эдысан запатэнтаваў электрычную лямпачку. 

Эдысан неяк заявіў: «Мы зробім электрычнасць гэтакай таннай, што толькі багатыя будуць паліць свечкі». 

Ягоная з Дж. П. Морганам кампанія Edison Electric Light да канца 1883 года выпускала 3/4 лямпаў напальвання ў ЗША. Каб заваяваць рынак, Эдысан усталяваў продажную цану лямпачкі 40 цэнтаў пры яе сабекошце 110 цэнтаў. 

Чатыры гады Эдысан павялічваў выпуск лямпачак, зніжаючы іх сабекошт, аднак трываў страты. Калі сабекошт лямпы зваліўся да 22 цэнтаў, а іх выпуск вырас да 1 мільёна штук, ён за адзін год пакрыў усе выдаткі. 

У 1892 годзе кампанія Эдысана з’ядналася з іншымі кампаніямі ў General Electric.

Эдысан атрымаў у ЗША 1093 патэнты і каля 3 тысяч у іншых краінах. Удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінаапаратуру, пабудаваў першыя электравозы, вынайшаў фанограф, прапанаваў выкарыстоўваць у пачатку тэлефоннай гутаркі слова «алё».

1904 год. Нарадзіўся Іван Чымбург. 

Беларускі філосаф, кандыдат філасофскіх навук. Рэктар БДУ.

Скончыў Слуцкую беларускую гтімназію, Саратаўскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Варонежы, БДУ.

Пасля дэмабілізацыі ў 1944 годзе працаваў загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму БДУ, дырэктарам Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б, рэктарам БДУ (1949-1952).

Пры яго рэктарстве была зачынена кафедра гісторыі БССР, адбылося аб’яднанне біялагічнага і хімічнага факультэтаў, некаторых кафедр, пераўтварэнне геаграфічнага факультэта ў геолага-геаграфічны, былі ўтвораны кафедры філасофіі і логікі (яе і ўзначаліў), эксперыментальнай фізікі, глебазнаўства, наладжана праца аспірантуры, навуковых экспедыцый, студэнцкміх навуковых таварыстваў.

У 1952-1970 гадах працаваў у Інстытуце філісофіі і права АН БССР, у Беларускім політэхнічным інстытуце, Мінскім педінстытуце.

Памёр у 1978 годзе.

1913 год. Адбылася першая пастаноўка знакамітай камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». 

Была пастаўлена рэжысёрам  А.  Бурбісам у віленскім рабочым клубе «Сокал» сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў прысутнасці Купалы. 

Выканаўцай ролі Паўлінкі стала Соф’я Маркевіч (Маркевічанка).

На спектакль 1 лютага станоўча адгукнулася газета «Наша ніва».

1935 год. Нарадзіўся Зіновій Бабій. 

Беларускі оперны спявак, акцёр. Народны артыст. Пры жыцці яго называлі «Беларускі Арфей» або «Наш Каруза».

Вучыўся ў Кіеўскай і Беларускай кансерваторыях, працаваў у оперных тэатрах Кіева, Львова, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Характару голасу і артыстычнай індывідуальнасці спевака ў найбольшай ступені адпавядалі партыі драматычнага плана.

Талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту ствараць непаўторныя вобразы на сцэне, у тым ліку, у класічных операх – Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), у творах рускіх кампазітараў – Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С. Танеева), у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага).

Меў вялікі канцэртны рэпертуар, які ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў.

Гастраляваў у Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Францыі, Канадзе.

Памёр 27 ліпеня 1984 года ў Мінску. 

1938 год. Расстраляны НКУС Уладзімір Беняшэвіч. 

Гісторык царквы, візантыст, акадэмік Берлінскай, Мюнхенскай і Страсбургскай акадэмій навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гайдэльбергскім універсітэтах. 

Працаваў прафесарам Пецярбургскага / Ленінградскага ўніверсітэта, галоўным бібліятэкарам аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі, рэдактарам перыёдыкаў “Памятники древнерусского канонического права”, “Обзор трудов по славяноведению, 1908-1913”.

Склаў бібліяграфію па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. 

Арыштоўваўся ДПУ ў 1929, 1931 гадах, асуджаны да лагераў. 

Дзякуючы хадайніцтву А. Эйнштэйна, Ф. Нансена і У. Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933 годзе.

27 лістапада 1937 года зноў арыштаваны. Расстраляны разам з двума сынамі і братам.

1955 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Саковіч. 

Беларускі пратэстанцкі святар, пастар заснаванай ім поўнаевангельскай царквы «Слова веры».

З 1970-х гадоў у Мінску займаўся падпольным распаўсюджаннем хрысціянскай літаратуры. 

Кіраваў Рэлігійным аб’яднаннем супольнасцяў хрысціян поўнага Эвангелля ў Рэспубліцы Беларусь (РАСХПЭ), ініцыяваў адкрыццё Біблейскага каледжа РАСХПЭ.

З’ехаў на лячэнне ў Дзюсельдорф, дзе і памёр 19 сакавіка 2015 года.

1973 год. Нарадзіўся Валянцін Бялькевіч. 

Беларускі футбаліст. 

У 1991-1996 выступаў за «Дынама (Мінск)». У 1995 быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.

У 1996 перайшоў у «Дынама (Кіеў)». Менавіта ён арганізоўваў ільвіную долю імклівых і паражальных контратак, якія сталі фірмовым стылем «Дынама» канца 1990-х. У 2001 прызнаны найлепшым гульцом украінскага чэмпіянату.

Да кастрычніка 2005 года уваходзіў у нацыянальную зборную Беларусі, за якую згуляў 56 матчаў, забіў 10 галоў, быў адным з лідараў у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года.

У 2008 годзе атрымаў украінскае грамадзянства.

«Мозг» каманды, прыроджаны плэймейкер, «дырыжор» гульні, які здольны адной вострай перадачай вырашыць лёс матчу. Вельмі тэхнічны і элегантны футбаліст, ад гульні якога заўзятары атрымлівалі велічэзнае эстэтычнае задавальненне. Майстар звышдакладных перадач, футбаліст, які «гуляе» галавой і цудоўна «бачыць» поле.

Адрозніваўся джэнтэльменскімі паводзінамі на полі. Абіраўся капітанам і віцэ-капітанам каманды.

Памёр 1 жніўня 2014 года ў Кіеве.

2004 год. У выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполле загінула 4 чалавекі. 

Трагедыя адбылася а 10:28 раніцы ў спартыўнай зале СШ №1 у  Краснаполлі: абрынулася сцяна, а за ёй і столь. Падчас трагедыі ў зале знаходзілася каля 40 чалавек. Загінуў настаўнік П. Любашэнка і трое вучняў.

Дах мог накрыць 250 чалавек.

Трохпавярховая школа была адкрыта ў 2002 годзе. Будаўніцтва было пачата ў 1988 годзе, але закансервавана на 11 гадоў з-за недахопу грошай.

На думку спецыялістаў, трагедыя можа быць вынікам памылкі праекціроўшчыкаў ці тых, хто праводзіў паўторную экспертызу будынка пасля кансервацыі.

Разбор даху школы ў Краснаполлі, 2004 год.

2003 год. Памерла Ніна Абрамчык (Ляўковіч). 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, пісьменніца, паэтка, фалькларыстка.

Была членам Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні, настаўнічала на Пружаншчыне.

З 1941 года жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, будучым Прэзідэнтам Рады БНР, потым у Парыжы. 

Працавала ў газеце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы, старшынёй Аб’яднання беларускіх жанчын у Францыі, у парыжскім Музеі чалавека. Удзельнічала ў міжнародным кангрэсе «Мацярынскае жыццё», арганізаваным у 1947 годзе Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам.

У Германіі выдала «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Л. Геніюш, апрацавала і выдала ў 1942-1943 гадах кнігі «Беларусь у песнях», «Гісторыя Беларусі ў картах», «Калядныя песні», «Пад гоман вясёлы»

Аўтар вершаў, апавяданняў, даследаванняў па фалькларыстыцы і этналогіі, па гісторыі і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі).

Пахавана ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля свайго мужа.

Дзень у гісторыі. 26 студзеня. Перамога на Уле. Расстрэл уніятаў. Самы вялікі ў свеце алмаз. Выжыць пры падзенні з 10 кіламетраў. Беларуская мова стала дзяржаўнай. Памерлі Алесь Адамовіч, Уладзімір Мулявін.

  Міжнародны дзень мытніка (International Customs Day, з 1983). 

Прафесійнае свята ўсіх працаўнікоў мытных службаў планеты. Устаноўлена да 30-годдзя Сусветнай мытнай арганізацыі (World Customs Organization). На сённяшні дзень Сусветная мытная арганізацыя аб’ядноўвае 182 дзяржавы-члены, якія кантралююць 98% усяго міжнароднага гандлю.

Беларусь уступіла ў Сусветную мытную арганізацыю ў 1993 годзе.

У Вялікім Княстве Літоўскім мытня месцілася ў каморы. Мыта (цло) збіралі з купцоў за правоз тавараў праз мяжу і па землях ВКЛ.

1564 год. Войскі ВКЛ у ходзе Лівонскай вайны разбілі маскоўскую армію на рацэ Ула.

Вялікалітоўская кавалерыя ў 10 000 шабель на чале з вялікім гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым, Р. Сангушкам і Р. Хадкевічам  перамагла 24-тысячную маскоўскую армію П. Шуйскага на рацэ Уле на Іванскіх палях пад Чашнікамі. 

Імклівая франтальная атака, спалучаная з нападам з тылу, павярнула маскоўцаў наўцёкі, якіх гналі «5 міляў» і значную частку ўзялі ў палон. 

Мясцовыя сяляне не толькі прыносілі важныя звесткі пра рух маскоўскага войска, але і ўдзельнічалі ў бітве. Ваяводу Шуйскага забіў сякерай адзін з мясцовых сялян. 

Гэтая перамога, разам з наступнай перамогай на Дуброўне пад Оршай у тым жа годзе, сарвала планы вялікага маскоўскага паходу 1564 года.

1617 год. Мінскі кашталян Пётр Тышкевіч пацвердзіў права мусульман на мячэць пабудаваную ў Татарскай слабадзе. 

Слабада ўзнікла ў сувязі з пасяленнем тут у пачатку XVI стагоддзя ўзятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разбітыя пад Клецкам у 1506 годзе, хаця існуе меркаванне, што масавае пасяленне палонных татараў у Мінску ўзнікла значна раней, яшчэ ў часы вялікага князя Вітаўта. 

Першая драўляная мячэць з’явілася ў Мінску ў 1599 годзе, на яе месцы на пачатку 1900-х гадоў быў узведзены мураваны будынак, разбураны ў 1962 годзе для будаўніцтва гасцініцы «Юбілейная». Каля мячэці знаходзіўся мізар, які таксама быў знішчаны ў 1960-я. 

На тэрыторыі краіны было больш за 10 мячэцей, зараз засталіся ў Іўе, Мінску, Смілавічах, Навагрудку, Слоніме. 

Мінская мячэць, 1918.

1690 год. Памёр Марцыян Аляксандр Агінскі. 

Дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з уплывовых магнатаў. Чашнік, стольнік, крайчы і канцлер вялікі літоўскі, ваявода троцкі.

Граф «на Дуброўне», меў ва ўласнасці многія землі, у тым ліку Рагачоўскае староства.

Удзельнік Паўночнай вайны (1655-1660), вайны з Маскоўскай дзяржавай (1654-1667). На чале ўласнага палка браў удзел у Хоцінскай бітве (1673). Удзельнік падпісання «Вечнага міру» (1686) з Масковіяй.

Сябар праваслаўнага Віленскага Святадухаўскага і Магілёўскага Богаяўленскага брацтваў.

1784 год. Бенджамін Франклін выказаў шкадаванне аб тым, што арол стаў сімвалам ЗША, заяўляючы, што ён упадабаў бы індычку. 

Пасля абвяшчэння незалежнасці першых штатаў ЗША ў 1776 годзе перад амерыканцамі стаў выбар – каго лічыць нацыянальным сімвалам. Эмблемай свабоднай Амерыкі вырашана было зрабіць толькі тую птушку, якая насяляе толькі ЗША.

Такіх выявілася дзве – белагаловы арлан і дзікая індычка. Спрэчкі працягваліся цэлых 6 гадоў. Бенджамін Франклін быў катэгарычна супраць арлана, лічыў яго ганебным, баязлівым і злосным: “Гэта птушка нізкай маралі, як тыя людзі, хто жыве жорсткасцю і рабаваннем. Індычка ж, хоць дурная і самазадаволеная, але ўсё ж лепшы выбар.”

1874 год. Пры абароне сваёй царквы ад ператварэння яе ў праваслаўную загінула 13 беларускіх сялян-уніятаў з в. Пратулін на Падляшшы. 

500 уніятаў вёскі, узброеныя каламі, занялі абарону вакол царквы, каб не пусціць туды праваслаўнае духавенства. Супраць вернікаў 2 роты царскіх салдатаў ужылі зброю: 9 чалавек забіта, з 14 цяжка параненых 4 памерлі. Аналагічныя сутыкненні уніятаў з войскамі адбыліся ў вёсках Дралёва (загінула 5 чалавек) і Палубічы.

У 1875 у Парыжы ў іх гонар быў выбіты медаль з надпісам «Братам-русінам, замардаваным маскоўскім царызмам, за вернасць царкве і Польшчы. 1874» з імёнамі 18 уніятаў, забітых у Пратуліне і Дралёве. 

6 кастрычніка 1996 года 13 падляшскіх мучанікаў урачыста беатыфікаваны ў Рыме.

1905 год. У Паўднёвай Афрыцы знойдзены самы вялікі ў гісторыі чалавецтва алмаз “Кулінан” – 3106 каратаў, 621,2 грам. 

Выпадкова вынайдзены кіраўніком рудніка “Прэм’ер” Ф. Уэлсам пры вячэрнім абыходзе, калі ён заўважыў яркі бляск і зіхаценне, якія зыходзілі з кропкі на сценцы кар’ера. 

Сваю назву атрымаў у гонар уладальніка рудніка Т. Кулінана. Камень дзівіў усіх не толькі сваімі вагой і  памерам 10 x 6,5 x 5 сантыметраў – з’яўляўся абломкам буйнейшага крышталя, – але і дзіўнай чысцінёй, поўнай адсутнасцю мінеральных уключэнняў, бурбалак і расколін. 

Кошт дыямента быў такі высокі, што на працягу шэрагу гадоў на яго не знаходзілася пакупніка. Ён два гады быў выстаўлены на ўсеагульны агляд у банку ў Ёханэсбургу. 

Камень быў набыты за 150 000 фунтаў стэрлінгаў і падораны англійскаму каралю да дня яго нараджэння 9 лістапада 1907 года. 

Сучасныя эксперты-гемалогі лічаць, што пакупнікам унікальны камень дастаўся практычна дарма: па цэнах таго часу яго кошт складаўся не менш за 8 мільёнаў фунтаў, а цяперашні эквівалентны кошт – 94 тоны золата. 

У 1908 годзе “Кулінан” вырашана было разбіць на часткі і аграніць. Для гэтага яго адправілі ў Амстэрдам да знакамітых ювеліраў братам Асскор. Алмаз быў расколаты на 9 буйных частак і каля 100 дробных. 

Агранка камянёў была завершана ў 1912 годзе. Было атрымана 105 дыяментаў агульнай вагой 1063,65 карата, 34,25% ад масы зыходнага каменя. 9 самых буйных і знакамітых дыяментаў складаюць гонар англійскай кароны.

1947 год. Нарадзілася Святлана Акружная. 

Беларуская актрыса. Народная артыстка Беларусі.

Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1969 года працуе ў Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа.

Сыграла больш за 30 роляў у тэатры, а таксама ў кіно, у тым ліку, у фільмах “Плач перапёлкі”, “Зацюканы апостал” і іншых. Пра яе асаблівы талент напісана больш 450 нарысаў і артыкулаў у кнігах, часопісах, газетах і біяграфічных даведніках, зняты дакументальны фільм «Святлана» (рэжысёр А. Трафіменка).

1961 год. Нарадзіўся Уэйн Грэцкі

Знакаміты канадскі хакеіст. Унук выхадца з Гродзеншчыны Цярэнція Грэцкі. 

Адзін з самых вядомых спартсменаў XX стагоддзя. У Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе Грэцкі атрымаў мянушку «Вялікі», ён усталяваў 61 рэкорд і неаднаразова заваёўваў індывідуальныя прызы Лігі, уключаючы 9 прызоў самаму каштоўнаму гульцу і 10 — лепшаму бамбардзіру сезону. 

Быў у ліку 5 спартсменаў, якія запалілі агонь Алімпіяды-2010 у Ванкуверы. 

Увайшоў у сімвалічную зборную стагоддзя «Centennial All-Star Team» Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай.

1972  год. Югаслаўка Вясна Вулавіч засталася жывой пасля падзення з самалёта з вышыні 10160 метраў. Рэкорд Кнігі Гінэса. 

Самалёт югаслаўскай кампаніі JAT, на якім яна была сцюардэсай, пралятаючы над нямецкай вёскай Хінтэрхермсдорф, узарваўся ў паветры, а яго абломкі ўпалі ў раёне чэхаславацкай вёскі Србска-Камяніцы. 

Вуловіч аказалася адзінай выжылай у гэтым рэйсе, паколькі знаходзілася ў хвасце самалёта і была прышпілена рамянямі бяспекі. 

Яна была некалькі сутак у коме, правяла некалькі месяцаў у шпіталях: пералом чэрапа, зламаныя абедзве нагі і тры пазванкі, з-за чаго некаторы час была паралізаваная ніжэй пояса. 

Пасля трагедыі, ужо не змагла быць сцюардэсай і працавала ў кампаніі JAT на адміністрацыйнай пасадзе.

1990 год. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб мовах». Абвяшчэнне беларускай мовы дзяржаўнай. 

Закон аб мовах павінен быў спыніць татальную русіфікацыю Беларусі. Беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова — «мовай міжнацыянальных зносін».

Але на Рэферэндум 1995 года, разам з іншымі пытаннямі, першым было вынесена: «Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?». 

Улетку 1998 года у Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» былі ўнесены змены і дапаўненні. У адпаведнасці з імі была выключаная ўзнёслая прэамбула Закона і ўстаноўлены ў якасці дзяржаўных моваў беларуская і руская мовы. 

З прыняццем новай рэдакцыі Закона аб мовах ад 13 ліпеня 1998 года было спынена прыярытэтнае развіццё беларускай мовы, як і адменена дзяржаўная праграма яе развіцця.

Некаторыя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 1/3 беларусаў заяўлялі пра свабоднае валоданне беларускай мовай, але толькі каля 6 % беларусаў гавораць, што ўвесь час карыстаюцца беларускай мовай, амаль 74 % увесь час карыстаюцца рускай, а 21 % не карыстаюцца беларускай мовай наогул.

У афіцыйнай сферы выкарыстанне беларускай мовы вельмі абмежаванае. Справаводства ў Беларусі амаль цалкам рускамоўнае.

Назвы населеных пунктаў на дарожных паказальніках падаюцца, у асноўным, на беларускай мове, хоць часам сустракаюцца і рускамоўныя шыльды.

Удзельная вага вучняў школ з беларускай мовай навучання каля 10% і яна мае тэндэнцыю да скарачэння.

8 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

1994 год. Памёр Алесь Адамовіч. 

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст. Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза журналістаў СССР і Саюза кінематаграфістаў. 

Дырэктар Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Народны дэпутат СССР. Удзельнік працы Сойму БНФ. 

Найбольш вядомы па творах, якія экранізаваны – «Вайна пад стрэхамі», «Сыны сыходзяць у бой» (аўтар і выканаўца песень У. Высоцкі), «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі», «Карнікі» (ляглі ў аснову сцэнару кінафільма «Ідзі і глядзі»).

Суаўтар «Блакаднай кнігі», аўтар серыі артыкулаў пра творчасць Максіма Гарэцкага, кніг публіцыстыкі.

У п. Глушы Бабруйскага раёна, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, ёсць вуліца яго імя, у 2018 адкрыты арт-аб’ект — «Прыпынак Адамовіча», у 2019 – адкрыты бюст.

2003 год. Памёр Уладзімір Мулявін. 

Беларускі і рускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Дзень у гісторыі. 23 студзеня. Самы разбуральны землятрус. Памерлі герой Чылі Ігнат Дамейка і «імператар рэпартажу» Рышард Капусцінскі. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі

Дзень почырку, Дзень ручнога ліста (Handwriting Day)

Заснаваны па ініцыятыве Асацыяцыі вытворцаў пішучых прылад з мэтай нагадаць усім нам аб унікальнасці ручнога ліста, аб непаўторнасці почырку кожнага чалавека і зірнуць на стварэнне рукапіснага тэксту, як на спосаб самавыяўлення. 

Дата гэтага свята абрана не выпадкова – у гэты дзень нарадзіўся адзін з вядомых амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў, Джон Хэнкок, які першым паставіў свой подпіс пад Дэкларацыяй Незалежнасці ЗША (1774 год). Подпіс Хэнкока быў буйным і размашыстым, што і дадало аўтарытэту яе аўтару.

Мастацтва ручнога ліста актыўна развівалася на працягу многіх тысяч гадоў. Аб сувязі почырку з духоўным светам і характарам чалавека выказваліся і Арыстоцель, і вялікія італьянцы эпохі Адраджэння. А ў 1875 годзе французскі абат Жан Іпаліт Мішанер ужыў тэрмін “графалогія”, які пазначае вобласць ведаў аб почырку і метадах яго даследавання ў сувязі з псіхічным станам асобы. Графалогія лічыцца адной з найважнейшых навук, здольнай толькі па ручным пісьме вызначыць індывідуальныя здольнасці чалавека.

Па почырку можна пазнаць характар асобы, яе моцныя і слабыя бакі, у якім настроі чалавек пісаў, яго стаўленне да навакольных і нават аптыміст ці песіміст аўтар.

1556 год. У кітайскай правінцыі Шаньсі адбыўся самы разбуральны землятрус з усіх сусветных сейсмічных катастроф

Яго цэнтр знаходзіўся ў горадзе Сіань, які размешчаны на берагах вялікай ракі Хуанхэ. 

Па сведчанні відавочцаў, цэлыя гарады апускаліся ў грунт за лічаныя секунды, колькасць ахвяр гэтай трагедыі налічвала больш за 830 000 чалавек. Па колькасці загінулых – гэта трэцяя катастрофа за ўсю пісьмовую гісторыю чалавецтва, а з землятрусаў – наймацнейшы ў гісторыі па колькасці ахвяр і адзін з наймацнейшых па магнітудзе (8,4)

На карце чырвоным колерам адзначана правінцыя Шэньсі, охравым –  закранутыя землятрусам раёны.

1793 год. У Санкт-Пецярбургу падпісана пагадненне паміж Расіяй і Прусіяй аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай. 

Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат пра падзел, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводства. Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск (сёння Даўгаўпілс) – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія вобласці Падолле і Валынь.

У гэтым падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імперыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1783 год. Нарадзіўся Стэндаль (Анры-Мары Бейль). 

Французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага раману, аўтар знакамітага рамана «Чырвонае і чорнае». Аўтар слова «турыст». 

Удзельнік пахода Напалеона на Расію ў 1812 годзе. Праз Оршу, Смаленск дайшоў да Маквы. 

Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, служыў ваенным інтэндантам у Оршы.

1849 год. У ЗША упершыню ўручаны дыплом урача жанчыне Элізабет Блэквел. 

А вось першай жанчынай на Беларусі і ў Расіі з дыпломам доктара медыцыны ў 1867 годзе стала ураджэнка Чавус Варвара Руднева-Кашаварава (па нараджэнню – Нафанова).

1889 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ігнат Дамейка. 

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг. Нацыянальны герой Чылі.

У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Член таварыства філаматаў разам з Я. Чачотам, А. Міцкевічам. 

Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, быў ад’ютантам 25 пяхотнага палка. 

Пасля сканчэння Горнай школы ў Парыжы атрымаў запрашэнне на працу ў Чылі. Працаваў прафесарам горнай школы (зараз універсітэт яго імя) у Кікімба (1838-1846), прафесарам, загадчыкам кафедры хіміі, рэктарам (1867-1883) універсітэта Сант’яга. Чылійскі “Гранд дэ адукатар”, фактычны заснавальнік прародазнаўчых даследаванняў, сучаснай адукуацыі, увёў метрычную сістэму, арганізаваў метэаралагічную службу.

Склаў з каментарамі геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай.

У 1884 годзе наведаў сяброў і калег у Кракаве, Варшаве, Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку.

Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы Чылі.

Імем вучонага названы малая планета, мінерал, шматлікія расліны, выкапнёвыя жывёлы, роды дыназаўраў, птэразаўраў, рыб, падвід лісіц, названы горад, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі і яшчэ ў 9 гарадах Чылі, у Вільнюсе, Навагрудку. Таксама – горны хрыбет у Андах, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, шэраг навучальных і навуковых устаноў у Чылі. Ёсць музей і стаіць абеліск у в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзведкаўскай школе адкрыты музей, а ў вёсцы Мядзведка ўстаноўлены бюст і памятны камень, помнік усталяваны і ў Сант’яга.

1901 год. Нарадзіўся Станіслаў Калеснік. 

Беларускі, савецкі географ, доктар геаграфічных навук, акадэмік АН СССР, прафесар, палярнік, заснавальнік савецкай гляцыялогіі, Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР (1964-1977).

У аўтабіяграфіі месца нараджэння – г. Віцебск.

Скончыў геаграфічны факультэт ЛДУ.

Удзельнік і кіраўнік шматлікіх геамарфалагічных даследаванняў горных раёнаў, ледавікоў, арктычных экспедыцый.

У Ленінградскім універсітэце прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара і загадчыка кафедры, дэкана геаграфічнага факультэта, прарэктара.

Працаваў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага геаграфічнага саюза, з’яўляўся Ганаровым членам Польскага, Сербскага, Харвацкага, Амерыканскага геаграфічных таварыстваў; Ганаровым доктарам Кракаўскага і Фінскага (Турку) універсітэтаў.

Рэдактар Энцыклапедычнага слоўніка геаграфічных назваў.

Памёр 13 верасня 1977 года.

Яго імем названы: пік у Забайкальскім Алатау, два пікі на Паміры, ледавікі – на Каўказе, Палярным Урале.

1916 год. Самае рэзкае у свеце  пахаладанне на працягу сутак: падзенне на 56 градусаў

Адбылося ў амерыканскім штаце Мантана: тэмпература знізілася з  з +6,7 да -48,8°С.

1938 год. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі. 

Беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік.

Рэдактар, выдавец  беларускіх газет, часопісаў, кніг, падручнікаў.

Кіраўнік Кабінета міністраў Народнай рады БНР.  

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Інбелкульта, у Камісіі жывой беларускай мовы, Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны, арганізатарам этнаграфічных экспедыцый, у час адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі.

Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) – першай кнігі, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага, «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» (1924), фантастычнай аповесці «Лабірынты», сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі»). Таксама – апрацовак гістарычных легенд, апавяданняў, артыкулаў пра знакамітых беларускіх дзеячаў, па гісторыі Беларусі, перакладаў з рускай, англійскай, польскай, дацкай і іншых моў.

21 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, знаходзіўся ў ссылцы. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу і ў гэты ж дзень расстраляны. 

1960 год. У склад Магілёўскай вобласці ўключаны Глускі раён. 

Гэта адзіны палескі раён у складзе вобласці і адзіны са здабычай нафты, у басейне р. Прыпяць. Самы цёплы, з самым працяглым вегетатыўным перыядам, адзіны раён, дзе пануе ветравая эрозія глебаў.  

У 1938-1944 гадах уваходзіў у склад  Палескай, у 1944-1954 – Бабруйскай, у 1954-1960 – Мінскай вобласці. Зараз у раёне каля 12 000 жыхароў.

1981 год. Памерла Вера Маслоўская. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтэса.

Арганізатар беларускай школьнай працы ў Заходняй Беларусі, настаўнічала на Міншчыне, была школьным інструктарам Барысаўскага, Дзісенскага паветаў. Сузаснавальніца і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак (1920).

У 1920-1921 гадах стварала падпольныя паўстанцкія арганізацыі на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Удзельніца І Усебеларускай канферэнцыі (Прага). Арыштавана ў 1923 годзе, цэнтральная фігура «Працэсу 45-ці», прыгаворана да 6 гадоў турмы.

Пры прыходзе Саветаў, займалася школьнай справай на радзіме, у Агароднічках, якую працягвала і пры нямецкай акупацыі. У 1946 годзе ў Сілезіі арганізавала дзіцячы сад, у 1951-1958 гадах працавала ў Супраслі загадчыцай гарадской бібліятэкі, у Лізе жанчын, у беластоцкай Павятовай радзе. Аўтар вершаў.

Вера Маслоўская сярод членаў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, 1921.

2007 год. Памёр ураджэнец Пінска  Рышард Капусцінскі. 

Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».

Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў Залаты Крыж Заслугі за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.

Удзельнік руху «Салідарнасць».

Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у  1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.

Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага, Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і узнагарод.

Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Памёр 23 студзеня 2007  года.

У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.

Дзень у гісторыі. 12 студзеня. Нарадзіўся народны артыст Уладзімір Мулявін. Памёр аўтар эталона гербу «Пагоня» Яўген Кулік. Ліквідацыя «Аўтарадыё»

1581 год. Пінск атрымаў герб «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»

Пінск – сталіца Палесся, тут знаходзяцца 44 значных гістарычна-культурных помніка і жыве 125 000 чалавек. Вядомы з 1097 года. Быў цэнтрам княства, вобласці (1939-1954), меў Магдэбурсгскае права. 

А. Блок параўноўваў яго з Кіцеж-градам. Тут заснавана першая ў Беларусі аптэка (1561). 

Буйны транспартны вузел, рачны порт. Працуюць важныя прамысловыя прадпрыемствы: адзіны ў Беларусі суднабудаўніча–суднарамонтны завод (тут пабудаваны цеплаход “Магілёў”), “Кузлітмаш”, “Амкадор-Пінск”, хімкамбінат, “Пінскдрэў” і іншыя. Дзейнічаюць Палескі драматычны тэатр, Музей Беларускага Палесся, Палескі ўніверсітэт, вышэйшая духоўная семінарыя імя Святога Тамаша Аквінскага. 

Радзіма Нобелеўскага лаўрэата Саймана Сміта (Сямёна Кузняца).

1591 год.  Мінск атрымаў герб “небаўзяцце панны Марыі». 

Да 29 ліпеня 1939 года меў назву Менск. Вядомы з 1067 года. Сталіца Беларусі (з 8 студзеня 1919 года), двухмільённы горад, самы вялікі прамысловы, навуковы, культурна-грамадскі, спартыўна-турыстычны цэнтр краіны.

1888 год. Нарадзіўся Язэп Каранеўскі. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, педагог, другі рэктар БДУ (1929-1931). Правадзейны сябра Інбелкульта.

Працаваў у Менскім настаўніцкім інстытуце, у грамадска-палітычнай арганізацыі «Маладая Беларусь», школьным інспектарам і выкладчыкам геаграфіі ў Менскай беларускай гімназіі, намеснікам наркама асветы, дырэктарам педтэхнікума. Займаўся арганізацыяй БДУ, праваднік масавай беларусізацыі.

У 1931 годзе пераехаў у Маскву. 15 ліпеня 1937 года арыштаваны НКУС і перавезены ў Менск. 28 кастрычніка прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і на другі дзень  расстраляны.

1906 год. Нарадзіўся Язэп Малецкі. 

Беларускі грамадскі дзеяч, рэдактар і выдавец, урач.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Прымаў удзел у беларускім культурным і нацыянальным руху. Пад час вайны працаваў у Віленскім беларускім камітэце ў Гродна, кіраваў медыцынскай школай у Баранавічах, быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады.

У Германіі арганізаваў «Аб’яднанне беларускіх лекараў на чужыне», рэдагаваў часопіс «Медычная думка». У Аўстраліі быў старшынёй  Беларускага аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе, удзельнікам выдання месячніка «Новае жыццё ў Сіднэі», дырэктарам Беларускага культурна-грамадскага клуба ў Сіднэі, старшынёй аўстралійскага сектара Рады БНР, Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі.

Аўтар мемуараў «Пад знакам Пагоні», медыцынскіх публіцыстычных артыкулаў.

Памёр 6 чэрвеня 1982 года ў Сіднэі.

1936 год. Заснавана добраахвотнае спартыўнае таварыства “Лакаматыў”. 

Мэта – паўсядзённая праца па аздараўленні чыгуначнікаў і членаў іх сем’яў.

Пры старшыні “Лакаматыва” Беларускай чыгункі Вікенціі Раманоўскім (1964-1994) было створана 12 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ – больш, чым на Маскоўскай і Кастрычніцкай магістралях. 

Больш за 32 выхаванцы таварыства сталі чэмпіёнамі і прызёрамі СССР, Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў. Сярод іх такія вядомыя спартсмены, як М. Кіраў, Н. Марыненка, С. Блоцкі, А. Бліняеў, М. Дамаросаў, А. Неўскі, І. Сумнікаў.

У 1994 годзе “Лакаматыў” стаў Дарожным фізкультурна-спартыўным камбінатам, у 2014 годзе ў кожным аддзяленні чыгункі былі створаны культурна-спартыўныя цэнтры (у Гомелі – Культурна-спартыўны комплекс).

Вялікі ўклад у развіццё спорту ўнеслі спартсмены Магілёўскага аддзялення чыгункі Таццяна Жукава і Валерый Палаўчэня.

Заўзятарам вядомая хакейная дружына «Лакаматыў-Орша». 

Спарткомлексы «Лакаматыва» працуюць на ўсіх чыгуначных вузлах, у тым ліку ў Крычаве, Бабруйску, Магілёве, Асіповічах.

Культурна-спартыўны цэнтр “Лакаматыў”, Магілёў  

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Мулявін. 

Беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі. 

1959 год. Нарадзілася Вераніка Чаркасава. 

Беларуская журналістка.

Працавала на беларускім тэлебачанні, у газеце «Голас Радзімы», у незалежных выданнях: «Имя», «Белорусская деловая газета», «Наша Свабода», «БелГазета», «Салідарнасць». 

Праводзіла журналісцкія даследаванні, пісала на сацыяльныя тэмы, напісала некалькі артыкулаў на тэму незаконнага гандлю зброяй паміж Беларуссю і Іракам.

Займалася дакументалістыкай. Самыя знакамітыя дакументальныя фільмы — пра М. Багдановіча, С. Мяржынскага, А.  Чаркасава. Пэўны час працавала над праграмай «Крок».

20 кастрычніка 2004 года была забітая ва ўласнай кватэры ў Мінску. Забойца нанёс каля 20 нажавых удараў.

1989 год. Пачаў апошні перапіс насельніцтва СССР

Праходзіў з 12 па 19 студзеня. Паводле яго дадзеных у БССР жыло 10 200 200 чалавек. 

Насельніцтва Магілёўскай вобласці склала 1 297 800 чалавек, па асобных гарадах (тысяч чалавек): 

Асіповічы – 34,0, 

Бялынічы – 6,6, 

Бабруйск – 221,0, 

Быхаў – 20,0, 

Глуск – 8,6, 

Дрыбін – 1,5, 

Касцюковічы – 13,2, 

Кіраўск – 6,7, 

Клімавічы – 18,0, 

Клічаў – 7,8, 

Краснаполле – 6,9, 

Круглае – 7,0, 

Крычаў – 33,0, 

Магілёў – 359,0, 

Мсціслаў – 12,0, 

Слаўгарад – 7,2, 

Хоцімск -7,7, 

Чавусы – 12,5, 

Чэрыкаў – 7,7, 

Шклоў – 15,0.

2000 год. Памёр Яўген Глебаў. 

Беларускі кампазітар, дырыжор, педагог. Народны артыст БССР і СССР. 

Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Аўтар шмтлікіх сімфоній, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў. Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры. 

Падрыхтаваў больш за 40 вучняў, сярод якіх Л. Захлеўны, Я. Паплаўская, В. Раінчык, Э. Ханок. 

Па ўспамінах В. Быкава, Глебаў доўга супраціўляўся ўступленню у КПСС, а пры прыёме не змог адказаць, у якім годзе была Кастрычніцкая рэвалюцыя. 

2002 год. Памёр Яўген Кулік. 

Беларускі мастак, аўтар эталона гербу «Пагоня» ў якасці дзяржаўнага герба Беларусі ў 1991-1995 гадах. 

Яго майстэрня, што знаходзілася ў Мінску насупраць будынка КДБ, стала ў 1960-я гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назву «На паддашку».

У станковых творах распрацоўваў тэмы гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны», «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі», малюнкаў рэканструкцый «Замкі Беларусі», паводле твораў У. Караткевіча, Янкі Купалы, «Паўстанне 1863 г. на Беларусі», трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша».

Займаўся і кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, у тым ліку «Слова аб палку Ігаравым», «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

2011 год. Ліквідавана беларуская радыёстанцыя «Аўтарадыё»

Першая незалежная радыёстанцыя ў незалежнай Беларусі, працавала ў Мінску з 7 жніўня 1992 года. 

Па меркаванню музычнага крытыка Зміцера Падбярэзскага, найбольш любімая сярод беларускіх FM-станцыяў. 

Ратыравала беларускую музыку, у прыватнасці такія гурты, як «N.R.M.», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і «Neuro Dubel», лідараў хіт-парадаў «Тузін Гітоў». Вядомымі вядучымі перадач на радыёстанцыі былі А. Хаменка, З. Вайцюшкевіч, Маша Яр і іншыя. 

У перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе радыё траслявала матэрыялы апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты А. Саннікава і У. Някляева.

2018 год. Памёр Расціслаў Жмойдзяк. 

Беларускі географ і картограф, прафесар, заслужаны работнік народнай адукацыі. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці.

З 1961 года ў БДУ прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара, дэкана геаграфічнага факультэта (1983–1998), загадчыка кафедры геадэзіі і картаграфіі (1980–2005). Распрацоўшчык праблем картаграфавання сельскагаспадарчай вытворчасці, дынамікі сельскага рассялення, сацыяльна-эканамічнага развіцця, экалагічнага картаграфавання. 

Пад яго кіраўніцтвам выдадзены атласы: “Атлас БССР”, “Атлас Рэспублікі Беларусь”, “Геаграфія Беларусi”, “Атлас геаграфіі Беларусі”, насценныя навучальныя карты, суаўтар Нацыянальнага атласа Беларусі. 

Дзень у гісторыі. 11 студзеня. Міжнародны дзень “дзякуй”. Ягайла атрымаў у жонкі каралеву Ядвігу. Забарона газета «Наша доля». Нарадзіўся мастак Аляксандр Ісачоў

Міжнародны дзень “дзякуй”. 

Свята ініцыявана з падачы міжнародных міратворчых супольнасцяў. Словы ўдзячнасці, якія сказаны з добрымі намерамі, валодаюць магутнай энергетыкай і здольныя матэрыялізавацца ў добрае самаадчуванне, здымаюць дэпрэсіўнае пачуццё і прымушаюць зноў і зноў здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Слова “дзякуй” сугучнае ў літоўскай, заходнеславянскіх, украінскай, беларускай, германскіх (ангельскае “thank”, нямецкае “danke”) мовах і звязана са словам з санскрыту “daihya” – “тое, што знаходзіцца ў целе”, “душа”. 

Дзякаваць – аддаваць частку душы: “дзякаваць ад усёй душы”, “вельмi дзякаваць”. 

Слова “дзякаваць” у помніках нашай мовы сустракаецца з XV стагоддзя. 

Псіхолагі лічаць, што словы падзякі – гэта “вусныя пагладжванні”, якія здольныя супакоіць і сагрэць сваёй цеплынёй. Галоўнае, каб словы падзякі вымаўляліся ад чыстага сэрца. 

Невыпадкова здаўна ў народзе існавала вельмі мудрае павер’е – не вымаўляй словы падзякі ў стане раздражнення, у такім выпадку, магічныя словы не дасягнуць мэты і не прынясуць радасці ні вам, ні таму, каму кажаце. Цікава, што і карані таксама сыходзяць значна глыбей простай падзякі.

1386 год. Прадстаўнікі Польшчы ў Ваўкавыску перадалі вялікаму князю Ягайлу акт аб перавыбранні яго каралём польскім і аддачы яму ў жонкі малалетняй польскай каралевы Ядвігі.

Ядвіга (1374-1399) – дачка караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага і Лізаветы Босніяцкай. На каралеўскі сталец абрана пасля смерці бацькі — у 1384 годзе.

У 1385 годзе заключыла Крэўскую унію. Пасля заключэння шлюбу з Ягайлам, той падарыў Ядвізе ў якасці вясельнага падарунка Магілёў.

Памерла падчас родаў. Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986, кананізавана ў 1997 годзе. Дзень успаміну 17 ліпеня.

1395 (1397) год. Памёр Скіргайла Альгердавіч. 

Князь полацкі, троцкі і, магчыма, кіеўскі. 

Удзельнік паходаў супраць крыжакоў (1374-1375). 

Пасля выгнання Андрэя Альгердавіча, княжыў у Полацку (1377-1381). У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Стаў князем Троцкім і другой уплывовай асобай у дзяржаве. 

У час заключэння Крэўскай уніі (1385) забяспечыў сабе права застацца праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве (1386) перамог смаленскага князя Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў Смаленскае княства, на наступны год авалодаў Полацкам і захапіў свайго брата Андрэя Альгердавіча. 

Валодаў Троцкім, Полацкім княствамі, Менскам, Свіслаччу, Бабруйскам, Прапошаскам і іншымі гарадамі, захапіў Віцебск, авалодаў Кіевам. Атручаны ў Кіеве. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

1864 год. У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе сябраваў з Ф. Багушэвічам. 

Удзельнічаў у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў Маскве і Пецярбургу. 

Паплечнік К. Каліноўскага. Паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны ў снежні 1863 года. 

Пакараны смерцю на Лукішскай плошчы.

1867 год. У в. Карытнае (зараз Асіповіцкі раён) нарадзіўся Сцяпан Рункевіч.

Беларускі гісторык царквы, архівіст, дзеяч Рускай Праваслаўнай Царквы, грамадскі дзеяч.

Выхаванец і выкладчык Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сакратар Сіноду. 

Выдаў 5 выпускаў «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі», «Кароткі гістарычны нарыс стагоддзя Мінскай епархіі…», «Гісторыю Мінскай архіепіскапіі (1793-1832)».

Даследчык гісторыі ўніяцкай царквы і Мінскай епархіі праваслаўнай царквы, гісторыі Рэчы Паспалітай напярэдадні яе падзелу.

Памёр 12 сакавіка 1924 года.

1907 год. Пастановаю Віленскай судовай палаты забаронена газета «Наша доля». 

Рэдактар-выдавец І. Туркенес засуджаны на 1 год крэпасці. 

Поўная назва газеты «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» – штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета на беларускай мове. 

Выдавалася ў Вільні з 1(14) верасня да 1(14) снежня 1906 года. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова – лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 000 асобнікаў.

У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка) і іншыя. 

Газета мела рубрыкі: “Дзеянні ўрада”, “Палітычны агляд”, “Жыццё вёскі”, “Жыццё горада”, “Найноўшыя творы беларускай літаратуры”, “Што чуваць на Белай Русі”, “Новыя кнігі”, “З мінулага Беларус” і іншыя.

1908 год. Нарадзіўся Віктар Заўрыеў. 

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ. 

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. 

Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый. 

Памёр 14 сакавіка 1976 года.

1937 год. Нарадзіўся Віктар Кухта. 

Беларускі біяхімік. Доктар медыцынскіх навук. Прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў прафесарам, загадчыкам кафедры біялагічнай хіміі Беларускага медуніверсітэта.

Аўтар і суаўтар манаграфій, падручнікаў для студэнтаў-медыкаў, 215 навуковых прац. Падрыхтаваў 3 дактароў і 18 кандыдатаў навук.

1947 год. Нарадзіўся Валянцін Яцухна. 

Беларускі географ, ландшафтны эколаг, глебазнавец. 

Працаваў у інстытуце “Белгіпразем”, факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ дацэнтам, загадчыкам лабараторыі экалогіі ландшафтаў. 

Спецыяліст у галіне рацыянальнага выкарыстання, экалагічнай ацэнкі і тэрытарыяльнай арганізацыі аграландшафтаў, прыкладных геаграфічных даследаванняў, планавання землекарыстання, экасістэмных паслуг.

Аўтар больш за 550 навуковых прац. Навуковы эксперт Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем / дэградацыяй зямель.

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ісачоў. 

Беларускі жывапісец, графік.

Прымаў удзел у двух выстаўках ленінградскіх мастакоў авангардных кірункаў (1974, 1975). 

З 1975 года працаваў у класічнай манеры пісьма. Асноўнымі сюжэтамі яго карцін былі міфалагічныя і біблейскія сюжэты. У стылявым кірунку мастак пачаў арыентавацца на традыцыі еўрапейскага акадэмічнага жывапісу сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. Пісаў іконы для Рэчыцкай царквы, выканаў роспіс сцен храма ў г. Мазыры.

У лістападзе 1987 года ў Рэчыцы адбылася персанальная выстаўка мастака, якую паглядзела каля 20 000 чалавек. Праз тры дні пасля заканчэння выстаўкі мастак памёр ад сардэчнага прыступу.

Аўтар каля 500 карцін, большасць з якіх былі вывезены за мяжу ў Швецыю, Германію, Францыю, Ізраіль і ЗША.

Памёр 5 снежня 1987 года.

1983 год. Памёр Ціхан Кісялёў. 

Беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Герой Сацыялістычнай Працы.

Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у партыйных органах, першым сакратаром Брэсцкага абкама, старшынёй Савета Міністраў БССР (1959-1978),  намеснікам Старшыні Савета Міністраў СССР (1978-1980), пасля смерці П. Машэрава стаў першым сакратаром ЦК КПБ.

Пад час яго дзейнасці ажыццяўляліся працэсы аднаўлення пасляваеннай эканомікі, будаўніцтва сучасных гігантаў прамысловасці.

Яго імём названы вуліцы ў Мінску, Гомелі. У Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

2001 год. Памерла Аляксандра Данілава. 

Заслужаны архітэктар БССР.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работ у Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. 

Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

 

Дзень у гісторыі. 3 студзеня. Пачатак будаўніцтва Бруклінскага моста. Нарадзіліся архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, палітык Уладзімір Канаплёў

1738 год. Нарадзіўся Казімір Нарбут. 

Мысліцель, асветнік і філосаф эпохі Асветніцтва, член ордэна піяраў. Прафесар філасофіі.

Вучыўся ў піярскіх навучальных установах ВКЛ, у Рыме. Працаваў прафесарам і прэфектам піярскіх калегіумаў, прэфектам піярскай друкарні, пробашчам у розных гарадах.

Аўтар падручніка «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», курса «Эклектычная філасофія». Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў». У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. 

Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве, лічыў свецкую этыку адной з асноўных адукацыйных дысцыплін. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школы «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ».

Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі.

Памёр 17 сакавіка 1807 года.

 

1834 год. У в. Асінаўка Магілёўскай губерні (цяпер – Віцебскі раён) нарадзіўся Зміцер Сямёнаў. 

Першы беларускі, другі рускі метадыст,  папулярызатар геаграфічнай адукацыі, пісьменнік.

Настаўнічаў у Віцебску, Пецярбургу. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў Расіі настаўніцкіх семінарый. Першая такая семінарыя адкрыта ў Маладзечне ў 1864 годзе. 

Дырэктар Кубанскай, Закаўказскай (г. Горы) настаўніцкіх семінарый. 

Стаў другім, пасля К. Ушынскага метадыстам геаграфіі, рускай мовы. 

Першым у Расіі стаў друкаваць у педагагічных часопісах паурочныя распрацоўкі па прадметах. 

Распрацаваў шэраг першых наглядных дапаможнікаў для гімназій. Аўтар геаграфічнай хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (6 тамоў), метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Каментары да нагляднага навучання па карцінках”, больш за 300 артыкулаў педагагічнага, біяграфічнага, крытычнага і гістарычнага зместу. 

Распрацоўшчык краязнаўчага (радзімазнаўчага) прынцыпу выкладання геаграфіі. Яго ідэі закладзены ва ўведзеным у 1996 годзе вучэбным прадмеце для беларускай пачатковай школы “Мая Радзіма – Беларусь”. 

Памёр 21 сакавіка 1902 года.

1855 год. Памёр Антон Марціноўскі. 

Беларускі выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі. Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічныя навіны», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы. 

Сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ (1812). Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу.

1870 год. У Нью-Ёрку пачалося будаўніцтва Бруклінскага моста праз праліў Іст-Рывер. 

Да будаўніцтва прыцягнулі 2 000 транспартных сродкаў і 150 000 гараджан. Мост будаваўся 13 гадоў, злучае Манхэтэн і Бруклін, яго даўжыня  1 825 метраў (цэнтральны пралёт – 486 метраў) пры шырыні 26 метраў, максімальная вышыня над Іст-Рывер – 41 метр. 

Палатно маста ўтрымліваецца чатырма тросамі дыяметрам каля паўметра, прычым кожны з іх складаецца з 5434 сталёвых жыл. Гэтыя апорныя тросы абапіраюцца на дзве пабудаваныя ў гатычным стылі вежы, якія ўзвышаюцца над вадой на 84 метры.

Бруклінскі мост – папулярнае месца адпачынку і веласіпедных прагулак для жыхароў Нью-Ёрка, адзін з сімвалаў горада.

1888 год. Дзень нараджэння саломінкі для кактэйляў. 

Першую штучную саломінку для кактэйлю вынайшаў амерыканскі прадпрымальнік Марвін Стоўн, уладальнік фабрыкі па вытворчасці папяровых цыгарэтных мунштукоў. 

Ён вынайшаў яе падчас дэпрэсіі, калі папіваў кактэйль праз жытнюю саломінку. Некаторыя валокны жытняй саломінскі расшчапіліся і падчас чарговага ўцягвання вадкасці загразлі ў Марвіна на зубах. І гэта моцна яго раздражняла. 

Тады ён узяў палоску паперы і намазаў яе край па ўсёй даўжыні клеем, наматаў спіраллю на аловак, а затым зняў атрыманую трубачку. Але звычайная папера хутка намакала і пераставала трымаць форму. Тады ён стаў выкарыстоўваць устойлівую паперу з манільскай пянькі, а дыяметр абраў такім, каб праз трубачку не праскоквала цытрынавая костачка.

Яшчэ ў старажытныя часы сярод арыстакратаў Егіпта і Месапатаміі лічылася модным піць праз залатую або срэбную трубачку.

У 1906 годзе была вынайдзена аўтаматычная машына для вырабу папяровых саломінак. У 1939 годзе амерыканец Джозэф Фрыдман заснаваў карпарацыю “Flexible Straw Corporation” і стаў выпускаць гафраваную саломінку, якая магла згінацца над шклянкай. Фрыдман знайшоў рынак збыту не толькі ў рэстаранах, але і ў шпіталях: ляжачых пацыентаў было зручна паіць з іх дапамогай.

У ІІ палове XX стагоддзя балтыморац Ота Дайфенбах вынайшаў пластыкавую саломінку для піцця.

1900 год. Нарадзіўся Аляксандр Адамовіч

Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Намеснік наркама земляробства БССР. Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Бабруйску, Клімавічах. Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».

Арыштаваны НКУС 19 ліпеня 1930 года. Пакаранне адбываў у Салавецкім, Беламорска-Балтыйскім лагерах. Расстраляны 15 верасня 1937 года каля станцыі Сягежа ў Карэліі.

1905 год. Нарадзіўся Уладзімір Хадыка. 

Беларускі паэт, перакладчык.

Настаўнічаў, служыў у Чырвонай Арміі, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, лірычных цыклаў.

Пераклаў на беларускую мову аповесць К. Гарбунова «Ледалом», кнігу выбраных твораў У. Бахмецьева «Людзі і рэчы», шэраг твораў М. Горкага, якія ўвайшлі ў 5 і 6-ы тамы Збору твораў М. Горкага на беларускай мове, раман М. Шолахава «Ціхі Дон» і іншыя. На яго верш «Расцём і дужэем» А. Туранкоў напісаў песню.

У лістападзе 1936 года арыштаваны НКУС, у 1937 асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагерах Сібіры. 

Загінуў 12 мая 1940 года на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ.

1944 год. Нарадзіўся Міхаіл Раманюк. 

Беларускі мастацтвазнавец, мастак, этнограф. Кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар. Даследчык народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі, зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення ХІХ— пачатку ХХ стагоддзяў. 

Аўтар альбомаў, кніг, серыі паштовых марак па народнаму адзенню, сцэнічных касцюмаў для розных мастацкіх калектываў, альбома «Беларускія народныя крыжы».

Кансультант «Беларусьфільма».

Памёр 4 верасня 1997 года.

Марка з малюнкам Раманюка

1946 год. Нарадзіўся Тадэвуш Кандрусевіч. 

Каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі (да 3 студзеня 2021 года). Доктар тэалогіі. Член Мальтыйскага ордэна.

Служыў у Літве, Расіі і Беларусі. 

Адлічаны з Гродзенскага педінстытута за наведванне касцёла і ўдзел у набажэнствах. Скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут, каўнаскую Духоўную семінарыю. Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў. Вынайшаў «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

Служыў у Вільні, Друскеніках, біскупам Мінскай дыяцэзіі (1989-1991), у Расіі (1991-2007), архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім (2007-2021), заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове, заснаваў маскоўскі Каледж каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага з 3 філіяламі, «Радыё Марыя» і Вышэйшую духоўную семінарыю «Марыя — Каралева Апосталаў» у Санкт-Пецярбургу,

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян. Заявіў аб наяўных падставах меркаваць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі праходзілі несумленна.

31 жніўня 2020 года, пасля вяртання з паездкі ў Польшчу, беларускія памежнікі адмовілі мітрапаліту ва ўездзе ў краіну. МУС Беларусі прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

24 снежня 2020 года вярнуўся ў Беларусь і 3 студзеня 2021 года завяршыў пастырскую дзейнасць.

1947 год. Нарадзіўся Васіль Гігевіч. 

Беларускі пісьменнік.

Настаўнічаў у Харкаўскай вобласці, арганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя», працаваў на Барысаўскім шклозаводзе, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Маладосць».

Аўтар апавяданняў, 10 зборнікаў прозы, раманаў.

Выкарыстоўваючы своеасаблівыя мастацкія формы, даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце: паводзіны звычайнага чалавека, які па няволі апынуўся ў чужым грамадстве; магчымасці найноўшых тэхналогій стварыць штучны розум, каб устанавіць дыктат над людзьмі; рэакцыя зямлян на незвычайныя бытавыя праявы, якія выкліканы кантактамі з іншапланецянамі.

1954 год. У в. Акулінцы Магілёўскага раёна нарадзіўся Уладзімір Канаплёў. 

Беларускі палітык, спартыўны функцыянер. Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.

Працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара школы ў Шклове, у Шклоўскім РАУС, памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета А. Лукашэнкі, галоўным памочнікам прэзідэнта. 

Дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, узначальваў дэпутацкую фракцыю “Згода”, быў намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу I і II склікання, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III склікання. 

Прэзідэнт Федэрацыі гандбола. Падтрымаў стварэнне рэгіянальнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, выданне манаграфіі П. Лярскага “Прырода Магілёўскай вобласці”, праект мемарыялізацыі навуковай спадчыны вучоных-географаў Магілёўскага педінстытута.

2005 года. Указам прэзідэнта зацверджаны гербы Бабруйска, Дрыбіна, Слаўгарада, Чавус, Асіповічаў, Клічава, Касцюковічаў, Краснополля.

2008 год. Памерла Вольга Ладыгіна. 

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Працавала архітэктарам, галоўным архітэктарам Белдзяржпраекта, у Белдзяржпраекце, Дзяржбудзе, старшынёй праўлення Саюза архітэктараў БССР (1961-1965).

Аўтар шматлікіх праектаў па ўсёй Беларусі, а таксама моста праз р. Дняпро (1955) і Палаца культуры вобласці (1976) у Магілёве.

2018 год. Памерла Людміла Яфімава. 

Народная артыстка Беларусі, харавы дырыжор.

Прадстаўнік Ленінградскай школы харавога дырыжыравання.

Працавала ў Мінскім музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, дзе заснавала канцэртны хор. З 1987 года мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы. 

Выканаўчай манеры Яфімавай былі ўласцівы глыбокае пранікненне ў змест твору, апора на класічны вакал.

Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай Беларускай праваслаўнай царквы.

Дзень у гісторыі. 30 снежня. Зачыніўся Віленскі манетны двор. Утварэнне СССР. Пакаранне Садама Хусейна. Нарадзіўся Павел Севярынец

1667 год. Спыніў дзейнасць Віленскі манетны двор – асноўны цэнтр манетнай вытворчасці Вялікага Княства Літоўскага.

Існаваў з канца XV стагоддзя. Вырабляў сярэбраныя дэнары Вітаўта (1392-1430), дэнары і грошы пры Аляксандру Ягелончыку, паўгрошы і грошы пры Жыгімонце Старым, Жыгімонце Аўгусце. 

Быў агульнадзяржаўным манетным дваром Рэчы Паспалітай, вырабляў наміналы ад дэнара да партугала (залатая манета), пры Стэфане Баторыі выпускаў наміналы ад дэнарыя да дуката, пры Жыгімонце Вазе – ад соліда да партугала, пры Уладзіславе IV – партугалы, пры Яне ІІ Казіміры – ад соліда да дуката. 

Да Люблінскай уніі 1569 года манеты выпускаліся з выявай Пагоні на асобнай стапе. У час праўлення Баторыя на манеце адбіваліся гербы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, а пры Яне ІІ Казіміры аднавілі Пагоню.

Манеты Віленскага двара вылучаюцца па гербах падскарбіяў вялікіх літоўскіх або па знаках арандатараў двара.

1904 год. Нарадзіўся Зэлік Аксельрод

Беларускі яўрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш. 

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. 

На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці». Пасля гэтага здарэння быў арыштаваны.

26 чэрвеня 1941 г. палітычнага вязня турмы НКУС адвезлі ў лес і расстралялі.Зэлік Аксельрод у маладосці, 1920-я гады

1922 год. Утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. 

На I з’ездзе Саветаў прадстаўнікамі РСФСР, Украінскай і Беларускай ССР, Закаўказскай федэрацыі былі падпісаны Дэкларацыя аб утварэнні СССР і Саюзны Дагавор.

Фармальна новая дзяржава стваралася як федэрацыя суверэнных рэспублік з захаваннем права вольнага выхаду і адкрытым доступам у яе. Аднак механізм “вольнага выхаду” не прадугледжваўся.

Пасля правядзення ў 1924-1925 гадах нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі ў склад СССР увайшлі Узбекская і Туркменская ССР, Казахстан і Кіргізія атрымалі статус аўтаномных рэспублік у рамках РСФСР, а Таджыкская аўтаномная рэспубліка становіцца часткай Узбекскай ССР. Па Канстытуцыі 1936 г. у склад СССР уваходзілі як саюзныя савецкія сацыялістычныя рэспублікі Расійская Федэрацыя, Украіна, Беларусь, Грузія, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кіргізія, Узбекістан, Туркменія і Таджыкістан. У 1940 годзе з далучэннем Прыбалтыкі і Бесарабіі ў СССР увайшлі Латвійская, Літоўская, Эстонская і Малдаўская саюзныя рэспублікі. У 1940-1956 гадах існавала Карэла-Фінская ССР. У склад СССР імкнулася Балгарыя.

СССР спыніў сваё існаванне 25 снежня 1991 года.

1937 год. Расстраляны НКУС Аляксандр Цвікевіч

Беларускі палітычны і культурны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.

Аўтар прац «Кароткі нарыс узнікнення БНР», «Западна-русізм».

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады, міністр замежных спраў БНР, кіраўнік ураду БНР (1923-1925).

Працаваў вучоным сакратаром Інбелкульта, у Інстытуце гісторыі акадэміі навук. Арыштоўваўся ў 1930, 1937 гадах.

Аляксандр Цвікевіч.jpg

1951 год. Спынена дзеянне “плана Маршала”

Гэта праграма дапамогі Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Прапанавана ў 1947 годзе амерыканскім дзяржаўным сакратаром Дж. Маршалам і пачала ажыццяўленне ў красавіку 1948 года. У рэалізацыі плана ўдзельнічалі 17 еўрапейскіх краін, уключаючы Заходнюю Германію.

План Маршала садзейнічаў устанаўленню пасляваеннага міру ў Заходняй Еўропе. Заяўленай ЗША мэтай рэалізацыі плана было аднаўленне разбуранай вайной эканомікі Еўропы, ліквідацыя гандлёвых бар’ераў, мадэрнізацыя прамысловасці еўрапейскіх краін, выцясненне камуністаў з уладных структур і развіццё Еўропы ў цэлым.

План Маршала меркаваў таксама і дапамогу ў пасляваенным аднаўленні эканомікі СССР, але І. Сталін адмовіўся ад любых форм дапамогі ў рамках Плана.

Рэалізацыя плана Маршала стала падмуркам для стварэння Еўрапейскага Саюза.

1956 год. Вёска Шацілкі перайменавана ў Светлагорск (спачатку гарадскі пасёлак, зараз — горад). 

Шацілкі ўпершыню згадваюцца ў 1560 годзе як маёнтак Шацілінскі Востраў. 

Сёння ў Светлагорску жыве 64 тысячы жыхароў. 

У горадзе над ракой Бярэзіна працуюць буйныя прадпрыемствы: «Хімвалакно», цэлюлозна-кардонны камбінат, завод беленай цэлюлозы, домабудаўнічы камбінат і іншыя. Займае 1-е месца па колькасці хворых на СНІД.

1957 год. Памёр Юрый Сабалеўскі. 

Беларускі палітычны і нацыянальны дзеяч. Пасол на Сейм Другой Рэчы Паспалітай.

Член Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

Двойчы (1928, 1939) быў арыштаваны польскімі ўладамі, у 1941 годзе арыштаваны НКУС. 

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады бургамістра Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, 2-га віцэ-прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады, узначальваў акруговы аддзел Беларускай народнай самапомачы ў Мінску. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Другога Усебеларускага кангрэсу (1944, Мінск).

У 1944-1950 і ў 1957 гадах жыў ў Германіі, рэдагаваў газету «Беларускае слова», член Агульнага беларускага саюза вайскоўцаў.

У 1950-1957 гадах жыў у ЗША: член Украінскай нацыянальнай рады, Беларускага нацыянальнага фонду, Камітэта незалежнай Беларусі.

1976 год. Нарадзіўся Павел Севярынец

Беларускі палітык, пісьменнік і публіцыст, адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту».

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў журналістам. Узначальваў Мінскую маладзёвую фракцыю БНФ, быў намеснікам старшыні Партыі БНФ, намеснікам і старшынёй «Маладога Фронту» (да 2004 года).

Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі супраць палітыкі Лукашэнкі, за што неаднароза арыштоўваўся, абмяжоўваўся ў волі.

Севярынец быў адным з арганізатараў I Кангрэсу Беларускай Моладзі,  абароны Курапатаў (2001-2002), розных нацыянальных кампаній.

Аўтар кнігі «Беларусалім. Золак» («Кніга года» 2017), заснавальнік і прадзюсар серыі музычных альбомаў беларускамоўнай хрысціянскай музыкі «Беларускі Хрысьціянскі Хіт» (2008-2015, 7 альбомаў), сузаснавальнік хрысціянскага інфармацыйнага парталу «Крыніца.інфо», стваральнік «Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай» (2014), «Камітэту абароны прадпрымальніцтва» (2016), адзін з каардынатараў стала дзеючага форума «Свабоду палітвязням!» (2015).

Арыштаваны перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, асуджаны на 7 гадоў зняволення. Палітычны зняволены, Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення.

1984 год. Памёр Макар Паслядовіч

Беларускі пісьменнік і перакладчык.

Працаваў у газетах “Беларуская вёска”, “Звязда”, часопісе “Полымя рэвалюцыі”. 

Аўтар шэрагу зборнікаў апавяданняў, аповесцей, раманаў, нарысаў, п’ес, кніг  апавяданняў для дзяцей, зборнікаў гумарыстычных апавяданняў, літаратурных пародый. У 1961 годзе выйшаў Збор твораў у 2 тамах, у 1986 г. – Выбраныя творы.

Пераклаў на беларускую мову некаторыя творы А. Пушкіна, А. Чэхава, М. Гогаля («Тарас Бульба», у суаўтарстве), Р. Джаваньёлі («Спартак») і іншыя. 

1994 год. Памёр ураджэнец Ліды Стэфан Вітажэнец. 

Польскі лётчык, ас-знішчальнік у Другую сусветную вайну ў складзе польскай і англійскай авіацыі.

Скончыў Лідскую гімназію імя гетмана Хадкевіча, лётныя курсы і школы.

Пад час вайны здзейсніў 208 баявых вылетаў. Камандаваў эскадрылляй, дывізіёнам, знішчальным крылом.

Пасля вайны служыў у апараце камандавання Паветраных Сіл Польшчы, быў камендантам Цэнтра падрыхтоўкі лётчыкаў у Модліне, палкоўнік. Узначальваў Саюз польскіх лётчыкаў.

Правёў у паветры 4238 гадзін, лётаў на 31 тыпе самалётаў.

2006 год. Былы дыктатар Ірака Садам Хусейн прыгавораны да смерці праз павешанне. 

Напярэдадні сотні сваякоў ахвяраў дыктатара звярнуліся да ўладаў з просьбай прызначыць іх катамі. А шыіты патрабавалі, каб Садама павесілі публічна, на плошчы, і транслявалі пакаранне па тэлебачанні ў прамым эфіры. 

Хусэйн быў павешаны раніцай у штаб-кватэры вайсковай выведкі Іраку. Час быў выбраны так, каб пакаранне адбылося на некалькі хвілін раней за пачатак свята Курбан-байрам (Дня ахвярапрынашэння). 

Прысутныя пры пакаранні іракскія чыноўнікі і вайскоўцы, якія да гэтага кляліся ў вернасці, абсыпалі Хусэйна абразамі і выкрыквалі: “Далоў дыктатуру!”, “Адпраўляйся ў пекла!”. Потым былому прэзыдэнту Іраку накінулі пятлю на шыю і расхінулі пад ім люк эшафота, у які ён праваліўся.

Садам Хусэйн стаў першым кіраўніком дзяржавы, які пакараны смерцю ў XXI стагоддзі.

Садам Хусэйн ахвяраваў 500 000 долараў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Дзень у гісторыі. 26 снежня. Дзень падарункаў. Уключэнне Інфлянтаў у ВКЛ. Заснаванне «Беларусбанка». Самае смяротнае цунамі ў гісторыі

Дзень падарункаў (Boxing day, літаральна “дзень скрынак”). 

Згодна з каляднымі традыцыямі, у ноч з 25-га на 26 снежня, Санта-Клаўс кладзе пад навагоднюю ёлку падарункі ў святочных скрынках. Свята адзначаецца ў Вялікабрытаніі і ў краінах Брытанскай садружнасці нацый, у іншых каталіцкіх краінах, у Нарвегіі.

Святы Стэфан, першапакутнік, дыякан (у каталікоў). 

Адзін з семярых памочнікаў апосталаў у ерусалімскім Касцёле для служэння бедным. Першы, хто прыняў пакутніцкую смерць за Хрыста, якая апісана ў Дзеях Апосталаў. 

Існуе надзвычайнае падабенства смерці Ісуса і Стэфана – ілжывыя сведкі, смерць па-за горадам, адданне Ісуса Айцу, а Стэфана – Ісусу, прабачэнне забойцам. Культ святога распачаўся з IV стагоддзя. Дата яго нараджэння невядомая. Па паходжанні быў габрэем-эліністам. «Муж поўны веры і Духа Святога», «чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу»

Сцяпан (народны каляндар). «Кожны сабе пан».

Дзень археолага Беларусі (прапануемая дата). 

Некаторыя даследчыкі, як Леанід Калядзінскі, прапануюць святкаваць дзень у гонар таго, што 26 снежня  1818 года вядомаму археолагу, этнографу і фалькларысту Зарыяну Даленге-Хадакоўскаму Віленскім універсітэтам упершыню ў Расійскай імперыі была выдадзена Грамата на правядзенне археалагічных даследаванняў.

Ва ўсходнееўрапейскай версіі Дзень археолага адзначаецца 15 жніўня.

1566 год. Гарадзенскі сойм уключыў Інфлянцкае княства ў склад ВКЛ. 

Лівонцы прызналі сябе часткай ВКЛ, але захавалі свае мясцовыя правы.

Кіраваў гэтай калоніяй губернатар, які прызначаўся каралём і вялікім князем літоўскім. Сталіцай быў горад Дынабург (Дзвінск, зараз – Даўгаўпілс). Ахоплівала тэрыторыі Лівоніі, якія знаходзіліся на поўначы і ўсходзе ад Дзвіны (Відзэмэ, Латгалія, Паўднёвая Эстонія).

1783 год. Фізік Луі Себасцьян Ленорман прадэманстраваў першы ў гісторыі скачок з парашутам з вялікай вышыні. 

Ленорман пачаў свае эксперыменты па скачках з парашутам, натхнёны прадстаўленнем тайскага эквілібрыста, які выкарыстоўваў пляжны парасон для балансу. Перш чым здзейсніць публічны скачок з вежы абсерваторыі, Ленорман праверыў свае парашуты на жывёлах.

Навуковец спачатку скокнуў з даху аднапавярховага дома ў Парыжы, затым з вежы абсерваторыі ў Манпелье вышынёй 26 метраў. 

Ленорман увёў ва ўжытак назоў “парашут” (грэцкае “para” – “супраць” і французскага “chute” – “падаць”), прапаноўваў выкарыстоўваць яго для выратавання людзей падчас пажараў.

Ленорман выкарыстоўваў так званы цвёрды парашут, гэта значыць з каркасам. Яго канструкцыя натхніла Андрэ-Жака Гарнэрэна, першага ў свеце парашуціста, на стварэнне гібкага парашута – без каркаса.

 1812 год. Рэшткі напалеонаўскай арміі перайшлі раку Нёман у заходнім напрамку. 

Да гэтага 600-тысячнае войска пераходзіла Нёман ва ўсходнім напрамку 24 чэрвеня 1812 года. За паўгода Напалеон страціў каля 550 тысяч чалавек, усю конніцу і артылерыю. У бітве пры Бярэзіне 26-28 лістапада Напалеон страціў каля 30 тысяч салдат і афіцэраў і накіраваўся ў Вільню.

1891 год. Нарадзіўся Алесь (Аляксей) Вініцкі. 

Гісторык беларускай эміграцыі.

Настаўніцкая дзейнасць была перарвана ўдзелам у Першай сусветнай вайне (капітан). 

Падчас Другой сусветнай вайны займаўся школьніцтвам на акупаванай тэрыторыі Нясвіжскага раёна, адчыніў Нясвіжскую беларускую настаўніцкую семінарыю. 

У канцы вайны быў вывезены на прымусовыя працы ў Германію. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні Беларускага камітэта ў Рэгенсбургу, быў сябрам Рады БНР, удзельнічаў у аднаўленні Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, працаваў у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.

У 1956 годзе эмігрыраваў у ЗША, займаўся зборам матэрыялаў пра беларусаў у Германіі, па гісторыі беларускага скаўтынгу, гісторыі асветы на Беларусі, пра рэлігійныя справы.

У 1994 годзе ў мінскім выдавецтве «Тэхналогія» выйшла кніга «Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох».

1893 год. Нарадзіўся Яўген Цікоцкі

Беларускі кампазітар. Народны артыст БССР і СССР. Адзін з заснавальнікаў беларускай оперы і сімфоніі ў БССР. Лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР.

Падчас вайны з палякамі, паміж баямі пры вызваленні Рагачова, Магілёва, Пухавіч, Бабруйска, у баявым маршы да Брэста, у вольныя хвіліны выступаў у перасоўных вайсковых клубах як піяніст і акампаніятар.

У 1920-1934 гадах творчасць звязана з Бабруйскам, піша музыку для паказальнага вайсковага тэатра, працуе піяністам у кінатэатры, дае канцэрты, стварае музычную школу (1927).

З 1934 года працаваў ў Мінску, пісаў музыку для Беларускага радыё, выкладаў у музычнай школе, кіраваў Беларускай філармоніяй, узначальваў Саюз кампазітараў БССР. Актыўны абаронца ад руйнавання архітэктурнай спадчыны сталіцы.

Аўтар шэрагу опер, гераічных паэм, 6 сімфоній, сімфанічных паэм, канцэртаў, песень, музыкі да драматычных спектакляў і фільмаў.

Памёр 24 лістапада 1970 году ў Мінску.

Імя дзеяча прысвоена бабруйскім дзіцячай музычнай школе №1, завулку.

1922 год. Заснаванне Ашчаднага банка «Беларусбанк» (АААТ “СБ “Беларусбанк”). 

У гэты дзень Савет Народных Камісараў Расіі сваёй пастановай заснаваў Ашчадныя касы. 

«Беларусбанк» – найбуйнейшы ў Беларусі банк, займае лідзіруючыя пазіцыі ў беларускай банкаўскай сістэме па ўзроўні ўласнага капіталу, актываў, крэдытаў, дэпазітаў. Патрапіў пад санкцыі Еўрапейскага саюза летам 2021 года. 

У часы СССР з 1922 па 1987 год у краіне дзейнічала сістэма Дзяржаўных працоўных ашчадных кас СССР. У 1987 годзе яна пераўтворана ў Беларускі рэспубліканскі банк Ашчаднага банка СССР, які праз 4 гады, у 1991 годзе, быў рэарганізаваны ў Ашчадны банк Рэспублікі Беларусь.

1937 год. Нарадзіўся Уладзімір Гніламёдаў. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, пісьменнік. Доктар філалагічных навук, прафесар. Акадэмік.

Працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, інструктарам аддзела культуры, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ, у Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ, галоўным рэдактарам выдавецтва «Галіяфы». 

Вывучае гісторыю, тэорыю і метадалогію беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі XX стагоддзя, творчасць класікаў беларускай літаратуры.

Падрыхтаваў 14 кандыдатаў навук.

Аўтар шматлікіх брашур крытыкі, манаграфій, зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў.

1937 год. Расстраляны Антук Крыніца (сапраўднае імя Антон Ждановіч). 

Беларускі акцёр тэатра. Удзельнік стварэння Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, яго вядучы акцёр. Брат акцёра Фларыяна Ждановіча.

З 1918 года працаваў у Беларускім савецкім тэатры, з 1920 года ў БДТ-1. Сярод найлепшых роляў: Лявон, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я. Купалы), Сымон Мікула, Паўлюк («Рысь», «Хам» Э. Ажэшкі), Ваявода, Красінскі («Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча), Бжазіцкі («Над Нёманам» М. Грамыкі), Разанаў, Кульмскі («Крывая аблона», «Вір» Я. Рамановіча) і іншыя.

19 лiстапада 1937 года арыштаваны. 11 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. Расстраляны Мікалай Каспяровіч. 

Беларускі этнограф і мовазнавец, краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец.

Настаўнічаў, быў інструктарам Часовага беларускага нацыянальнага камітэта і Цэнтральнай беларускай школьнай рады, арганізаваў і быў першым старшынёй Ігуменскіх павятовых беларускага нацыянальнага камітэта і школьнай рады, удзельнічаў у антыпольскім падполлі. 

Працаваў інструктарам Наркамасветы БССР, інспектарам Слуцкага, Віцебскага аддзелаў народнай асветы, сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце.

Аўтар «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Віцебскага краёвага слоўніка» і «Слоўнічка уласных найменняў», прац па краязнаўству, гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва, архітэктуры, графіцы, гісторыі тэатра, навукі, бібліяграфіі твораў К. Каганца.

Укладальнік першага беларускага дапаможніка па тэорыі літаратуры.

Арыштаваны ДПУ ў 1930 годзе. Вязень ГУЛАГу. Паўторна арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу.

У яго гонар у 2013 годзе ў Віцебску па вуліцы Крылова, 4, усталявана мемарыяльная дошка.

1940 год. Памёр пасля збіцця невядомымі Баляслаў Пачопка. 

Рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху, журналіст, педагог і публіцыст. Да рэвалюцыі быў рэдактар-выдаўцом першай беларускай катaліцкай газеты «Biełarus» (Вільня), аўтарам «Нашай Нівы», выкладчыкам, арганізатарам школ, дырэктарам Свіслацкай беларускай настаўніцкай семінарыі. Аўтар шматлікіх кніг на беларускай мове на рэлігійныя тэмы, першай «Граматыкі беларускай мовы» (1918).

У міжваеннае дваццацігоддзе далучыўся да справы беларускага ўніяцтва. Душпастырскую дзейнасць праводзіў на Палессі.

За прыхільнасць да беларускай мовы і культуры праследаваўся польскімі ўладамі.

1959 год. У Арктыцы трагічна загінуў ураджэнец Магілёва Восіп Нядзвецкі. 

Савецкі даследчык Арктыкі, палярнік, другі ў Магілёўскай вобласці, пасля акадэміка О. Шмідта, Герой Савецкага Саюза (1940).

Герой лядовага дрэйфу парахода “Г. Сядоў” (6100 км, 812 дзён). З 1946 года працаваў начальнікам палярнай станцыі на мысе Арктычны.

Пахаваны ў Маскве.

1969 год. Ізраільскія маракі сагналі з французскага порта Шэрбура пяць караблёў, якія Францыя адмаўлялася прадаваць у Ізраіль з-за міжнародных санкцый.

Ізраільскія спецслужбы пакаралі Францыю, сагнаўшы пад Каляды ракетныя катэры з Шэрбура. Францыя пагадзілася пабудаваць для Ізраіля ракетныя катэры тыпу Саар, але з-за араба-ізраільскага канфлікту цалкам замарозіла франка-ізраільскае ваеннае супрацоўніцтва. 

У адказ Масад арганізаваў аперацыю “Ноеў каўчэг” па згоне некалькіх ракетных катэраў, ужо аплачаных Ізраілем. Гэтая аперацыя пацвердзіла славу Масада як адной з лепшых спецслужбаў свету і ў чарговы раз паказала свету, што Ізраіль – гэта дзяржава, якая ставіць на першае месца нацыянальныя інтарэсы.

2004 год. Катастрафічнае падводнае землетрасенне ў Індыйскім акіяне выклікала самае смяротнае цунамі ў свеце. 

Магнітуда землетрасення склала 9,1-9,3 бала. Гэта 2-3 па сіле землетрасенне за ўсю гісторыю назіранняў. Цунамі дасягнула берагоў Інданезіі, Шры-Ланкі, поўдня Індыі, Тайланда і іншых краін. 

Вышыня хваль перавышала 15 метраў. Цунамі прывяло да велізарных разбурэнняў і велізарнай колькасці загінулых людзей, нават у Порт-Элізабет, у Паўднёва-Афрыанскай Рэспубліцы, за 6900 км ад эпіцэнтра. 

Усяго загінула, па розных ацэнках, да 300 000 чалавек.