Пра ўзбуйненне Дрыбінскага раёна захацелі запытацца ў насельніцтва

Пасля некалькіх месяцаў разваг ва ўладзе аб вартасці павелічэння тэрыторыі Дрыбінскага раёна чыноўнікаў зацікавіла меркаванне насельніцтва.

Пра тое, што варта даведацца меркавання людзей з тых тэрыторый, якія будуць перададзены Дрыбінскаму раёну, думка ўзнікла не ў кагосьці з раённых ці абласных чыноўнікаў, а ў самога беларускага дыктатара ў Мінску

“Што на гэты конт думаюць ва ўсіх пералічаных раёнах? Гэта вельмі важна для людзей, але пасля таго, як мы ім раскажам, чаго мы хочам. Ці прапрацаваны магчымыя наступствы і далейшыя дзеянні? Колькі гэта будзе каштаваць для бюджэту і грамадзян? Я меркаваў, што гэта нічога не будзе каштаваць. Але калі трэба падтрымаць нейкія гаспадаркі – падтрымаем. І самае галоўнае: ці будзе станоўчы сацыяльны і эканамічны эфект?” – пацікавіўся ён, пасля таго, як сам ініцыяваў узбуйненне Дрыбінскага раёна.

Лукашэнка лічыць, што ў гэтым раёне ўжо створана інфраструктура, не горшая за інфраструктуру іншых раёнаў. “Ён павінен адпавядаць сярэднім памерам раёнаў нашай краіны”, – заявіў дыктатар.

Цікава, што раней чыноўнікі казалі пра ўзбуйненне Дрыбіншчыны коштам Магілёўскага, Горацкага і Шклоўскага раёнаў. Цяпер жа пра Шклоўскі гаворкі няма, але ўзгадваецца Чавускі.

Нагадаем, што нават пры запланаваным павелічэнні тэрыторыі Дрыбінскага раёна на 10 тыс. га, ён ніяк не будзе адпавядаць сярэднім памерам па меншай меры раёнаў Магілёўшчыны. У цяперашні час плошча Дрыбінскага раёна 767,84 км2. 10 тыс.га, на якія збіраюцца павялічыць яго тэрыторыю, гэта плюс 100 км2. Такім чынам павялічаны Дрыбінскі раён будзе мець прыкладна 868 км2. Гэта ніяк не робіць яго большым па плошчы за сярэднестатыстычны сельскі раён у Магілёўскай вобласці.

Практычна ўсе сельскія раёны вобласці маюць тэрыторыю больш за 1000 км2. Выключэнне, акрамя Дрыбінскага, складаюць толькі Крычаўскі (776,84 км2), Круглянскі (879,16 км2) і Хоцімскі (862,55 кв2) раёны. Такім чынам Дрыбінскі раён нават пасля запланаванага ўзбуйнення стане толькі перадапошнім па плошчы сельскім раёнам Магілёўскай вобласці.

Фотаздымак: Вікіпедыя

«Фотасесіямі адсправаздачыліся». На Дубравенцы праблемы з туалетамі

Пад публікацыяй пра набярэжную Дубравенкі ў сацыяльнай сетцы сабраліся дзясяткі свежых каментарыяў магілёўцаў. Усе яны незадаволеныя сітуацыяй з зонай адпачынку каля ракі Дубравенка:

  1. Звярніце ўвагу, які туалет на Дубравенцы. Людзей шмат, працуе адна кабінка. І ўсё настолькі забруджана, што з туалета ўсё выцякае праз верх. Ужо сцежка з усёй гэтай жыжы да палатак». Далучана фота з відавочна перапоўненым біятуалетам.
  2. Такі з’едлівы смурод, што дыхаць немагчыма. Такім чынам людзі хутка будуць хадзіць па кустах, і прыгожае месца ператворыцца ў вялікі туалет.
  3. Нядаўна да нас у Польшчу прыехалі сваякі, гулялі на прыродзе, я сказала – можна зайсці ў біятуалет, а яны адразу пачалі адмаўляцца, маўляў, смярдзючыя. Як жа яна здзівілася, калі там прыемна пахла і было чыста, нават рукі можна было памыць. Пры гэтым біятуалет быў у лесе. Вось вам і байкі пра чыстую Беларусь.

    Дубравенка

А вось самы разгорнуты каментарый з фіксацыяй усіх узроўняў праблемы адразу:

«А вы бачылі, што творыцца па другі бок моста? Фантан адкрылі, прыгожа пагрымелі, фотасесіямі адсправаздачыліся. З-за ўстаноўкі фантана Дубравенку перакрывалі ў мінулым годзе і ў гэтым, у выніку чаго вада ў рацэ моцна забалоцілася і ўся ў ціне. Хто цяпер будзе гэта чысціць? Актыўна пачалі мяняць пераходныя масткі, пасля адкрыцця актыўнасць знікла, валяюцца старыя дэмантаваныя і новыя недаробленыя. На адным з іх знялі парэнчы – да першага няшчаснага выпадку? З-за масавага наведвання фантана грамадзянамі і іх дзецьмі паўсюль смецце, і няма ніводнай сметніцы. Тэрыторыя не прыбіраецца ўвогуле».

Адзін перапоўнены біятуалет, адсутнасць сметніц, рака ў ціне пасля двухгадовага будаўніцтва, недаробленыя пешаходныя масткі…

Свята святла, музыкі і вады закончылася. Пачаліся суровыя будні.

Мы ўжо пісалі пра скульптуру «Сям’я» ў гэтым ансамблі – затаптаную наведвальнікамі фантана ў першыя ж дні. І пра закрыццё зоны адпачынку на тыдзень для апрацоўкі ад кляшчоў, якую забыліся правесці перад масавым мерапрыемствам. Вось і трэцяя серыя.

Як трапна сфармуляваў адзін каментатар, «фотасесіямі адсправаздачыліся».

Цяпер і фота зусім іншыя. Як кажуць, без гальштукаў.

Фота: “МагілёўАнлайн”.

Чыноўнікі: Мсціслаў, Хойнікі і Астравец аднолькава прыдатныя для ядзернага магільніка

У прадстаўленай грамадскасці ацэнцы ўдзеяння на навакольнае асяроддзе чыноўнікі хочуць пазбегнуць адказнасці за выбар пляцоўкі для ядзерных адходаў, лічыць незалежны Сяргей Бесараб.

Усе тры пляцоўкі нібыта аднолькава добрыя

Для размяшчэння ядзернага магільніка разглядаюцца тры тэрыторыі – каля Мсціслава, Хойнікаў і Астраўца. Паводле афіцыйнага дакумента БелРАА, усе яны прызнаныя прыдатнымі. На думку Бесараба, які з’ўляецца міждысцыплінарным даследчыкам, вынаходнікам і навуковым журналістам з бэкграўндам у радыяцыйнай і калоіднай хіміі, гэта галоўная праблема справаздачы. Паводле міжнародных стандартаў, пасля вывучэння магчымых варыянтаў спецыялісты павінны вылучыць найбольш бяспечную пляцоўку і рэзервовую. У беларускім праекце гэтага няма.

Эксперт лічыць, што такім чынам распрацоўшчыкі фактычна перакладаюць адказнасць на ўрад. Калі ўсе тры варыянты прызнаныя роўнымі, то выбар будзе ўжо не навуковым, а палітычным.

Замест сховішча – цэлы ядзерны комплекс

Бесараб звяртае ўвагу, што ў дакументах аб’ект называецца прыпаверхневым сховішчам радыёактыўных адходаў. Аднак з генеральнага плана вынікае, што прадугледжваюцца не толькі модулі пахавання, але і комплекс перапрацоўкі адходаў, сховішчы, устаноўкі для спальвання і выпарвання.

На яго думку, грамадскасці прапануюць успрымаць праект як адносна простае сховішча, хаця фактычна гаворка ідзе пра значна больш складаны і патэнцыйна небяспечны прамысловы аб’ект.

Пытанні без адказаў

Эксперт таксама звярнуў увагу на шэраг тэхнічных момантаў, якія, на яго думку, у справаздачы не атрымалі належнай ацэнкі. Сярод іх выкарыстанне радыёактыўнай драўніны з Хойніцкага раёна, рызыкі распаўсюджвання радыёнуклідаў праз грунтовыя воды, доўгатэрміновая бяспека кантэйнераў, наступствы магчымых аварый і ўплыў змянення клімату.

Асобна ён адзначае, што ключавыя разлікі бяспекі выконвалі расійскія структуры, звязаныя з «Расатамам», а беларускія арганізацыі фактычна выступалі толькі ў ролі выканаўцаў дапаможных работ.

«Дакумент для зняцця адказнасці»

На думку Сяргея Бесараба, галоўнае ўражанне ад справаздачы – спроба стварыць бачнасць маштабнага навуковага даследавання, не адказаўшы пры гэтым на асноўныя пытанні бяспекі.

Ён лічыць, што прадстаўлены матэрыял больш нагадвае не абгрунтаванне бяспекі будучага ядзернага магільніка, а шматстаронкавы дакумент, які дазваляе чыноўнікам і распрацоўшчыкам у будучыні сказаць, што ўсе магчымыя варыянты былі аднолькава добрымі, а канчатковае рашэнне прымалі ўжо палітыкі.

Інфаграфіка: выданне “Флагшток”

3,5 мільёны рублёў за 50 метраў: разбіраем цэннік магілёўскага кола агляду

Прадпрыемства «МагілёўАтракцыёны» рыхтуе тэндарную закупку кола агляду вышынёй не менш за 50 метраў, арыенціровачны кошт – 3,5 мільёны рублёў. Усталяваць яго абяцаюць да лютага 2027 года. Галоўны інжынер кажа, што атракцыён «можа стаць самым высокім у Беларусі».

3,5 мільёны рублёў – гэта колькі на сусветным рынку?

Паводле цяперашняга курсу 3,5 мільёна BYN – гэта прыкладна 1 мільён долараў ЗША. Шмат гэта ці мала для 50-метровага кола агляду?

Глядзім арыенціровачныя сусветныя цэны ў апошнім аглядзе 2026 года ад галіновага вытворцы Sinorides:

  • стандартны паркавы 50-метровы атракцыён у кітайскага вытворцы каштуе ад 280 да 600 тысяч долараў – гэта цана ад завода ў Кітаі, без уліку дастаўкі і мантажу;
  • канчатковы кошт пад ключ – з міжнароднай перавозкай, мытняй, фундаментам, мантажом і дазволамі – ад 555 да 920 тысяч долараў. Гэта на 30-50 працэнтаў даражэй, чым «проста атракцыён з завода»;
  • той жа памер у еўрапейскіх вытворцаў (Fabbri, Vekoma, Zamperla) – яшчэ на 30-50 працэнтаў даражэй: ад 800 тысяч да 1,4 мільёна долараў за тую ж вышыню;
  • закрытая цёплая кабіна каштуе ў 3-5 разоў даражэй за адкрытую.

У выніку: 1 мільён долараў за 50-метровае кола агляду – гэта цана кітайскага базавага варыянту з абсталяваннем і ўстаноўкай. Не еўрапейскага. Не з прэміяльнымі кабінамі, не з шырокім святлодыёдным асвятленнем і не з VIP-версіяй.

Гэта адзін з варыянтаў Beston, Sinorides, Yudinis або Carnee Rides – вытворцаў з Чжэнчжоў, якія ўжо ўсталявалі аналагічныя колы ў Мексіцы, Узбекістане, Казахстане.

Што амаль напэўна не ўваходзіць у 3,5 мільёны

Фармулёўка «арыенціровачны кошт атракцыёна» – вельмі расплывістая. Слова «атракцыёна» азначае выраб, а не праект. Гэта значыць:

  1. Фундамент пад 50-мятровае кола, гэта значыць некалькі соцень тон бетону і арматуры – асобна.
  2. Дэмантаж існуючага вяровачнага гарадка на пляцоўцы – асобна.
  3. Узгадненні, экспертызы, дазволы на будаўніцтва, страхаванне – асобна.
  4. Падвод электраэнергіі, асвятленне падыходаў, агароджа – асобна.

Рэальны кошт усяго праекта пад ключ, паводле сусветных нормаў, будзе ў 1,3-1,7 раза вышэйшы за заяўлены. Гэта значыць у дыяпазоне 4,5 – 6 мільёнаў рублёў у выніку.

Гэта стандартная беларуская схема параўнальна сумленнага выкачвання грошай з бюджэту: тэндар аб’яўляецца пад кошт абсталявання, а потым, як снег на галаву, з’яўляюцца «дадатковыя работы», якія праходзяць па асобных кантрактах.

«Самае высокае ў краіне» – маркетынгавае дапушчэнне

Абяцаюць, што кола будзе «не менш за 50 метраў». Мінскае кола ў парку Горкага – 54 метры, усталявана маскоўскім ААТ «Канструктарскае бюро „Мир”» у 2003 годзе.

За 23 гады ніхто ў Беларусі яго так і не перасягнуў.

Каб магілёўскае кола сапраўды стала самым высокім у краіне, яму патрэбна як мінімум 55 метраў. «Не менш за 50» яшчэ не азначае, што яно «можа стаць самым высокім». Гэта дапушчэнне ў дыяпазоне 4 метраў, якое аднолькава можа скончыцца як рэкордам, так і другім месцам з адставаннем у адзін паверх стандартнай дзевяціпавярхоўкі.

Пра тэрміны

Ад абвяшчэння тэндару да ўстаноўкі ў лютым 2027 года застаецца каля сямі месяцаў. Паводле сусветных нормаў вытворчасць 50-метровага кола на заводзе займае 4-6 месяцаў, дастаўка з Кітая праз Казахстан і Расію – яшчэ 6-8 тыдняў, мантаж на месцы – 6-10 тыдняў. У выніку 6-8 месяцаў пры ідэальным сцэнарыі. 

А яшчэ і люты – гэта ўстаноўка ў мароз. Металаканструкцыі такога маштабу ў Беларусі ў лютым ніхто не збірае. Значыць, мантаж будзе або фарсіраваны, або перанесены на вясну, або рэальны ўвод у эксплуатацыю зрушыцца. Хутчэй за ўсё – трэцяе, і «ужо наступным летам пакатацца» ператворыцца ў «напрыканцы сезона наступнага года».

Апошнім часам магілёўскія ўлады імкнуцца зрабіць нешта «самае вялікае ў краіне». Вядома ж, не самы высокі заробак у жыхароў вобласці і не самую прыбытковую эканоміку. Пакуль што ў нас толькі самы высокі падзеж жывёлы.

Іншая справа – светламузычны фантан або кола агляду. З гэтымі штукамі ёсць хоць нейкі шанец выйсці ў лідары.

Фота bestonferriswheel.com.

Падарожжа ў Францыю абярнулася комай: магілёўцу патрэбны дзясяткі тысяч еўра на эвакуацыю дадому

40-гадовы Віктар Паграбны з Магілёва адправіўся ў Францыю – паводле адной версіі, у адпачынак, паводле другой – на заробкі. Праз месяц яго жонка і сябры праз сацыяльныя сеткі збіраюць каля 100 тысяч еўра, каб вывезці мужчыну на Радзіму: падчас паездкі ў яго развіўся трамбоз, а потым адбылося спыненне сэрца, пасля якога ён упаў у кому.

Як гэта адбылося

Дарога сама па сабе стала фактарам рызыкі. Пералёт з Мінска праходзіў з перасадкай у Стамбуле: спачатку тры гадзіны ў паветры, потым дзве гадзіны ў аэрапорце, і зноў тры гадзіны палёту – ужо да Ніцы. Доўгае нерухомае сядзенне падчас пералётаў – вядомы фактар, які можа справакаваць утварэнне тромбаў у людзей са схільнасцю.

Праблемы далі пра сябе ведаць не адразу: дыхавіца нарастала паступова, і Віктар звярнуўся да ўрачоў толькі праз тыдзень. Дыягностыка выявіла тромб у назе і прыкметы тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі. Урачы ацэньвалі яго стан як адносна стабільны і прызначылі прэпараты, якія разрэджваюць кроў. Здарылася гэта ў першых днях чэрвеня.

8 чэрвеня сітуацыя кардынальна змянілася: рэзка ўпалі ціск і пульс, у сэрцы выявілі яшчэ адзін тромб, мужчыну тэрмінова перавялі ў рэанімацыю. Двойчы спынялася сэрца – на сем і на дваццаць хвілін, – і абодва разы яго ўдавалася рэанімаваць.

Лячэнне запатрабавала сур’ёзнай апаратнай падтрымкі: ЭКМА для замяшчэння працы сэрца і лёгкіх, штучная вентыляцыя лёгкіх, дыяліз праз адмову нырак, антыбіётыкі на фоне далучанай інфекцыі і больш агрэсіўная тэрапія супраць тромбаў. Да канца чэрвеня Віктар усё яшчэ не мог дыхаць самастойна.

Дыягназ урачоў

Найгоршае высветлілася пазней. Пакуль сэрца спынялася, мужчыну трымалі ў стане глыбокага медыкаментознага сну. Аднак пасля адмены седатыўных прэпаратаў ён у прытомнасць не прыйшоў. Здымкі паказалі маштабнае пашкоджанне галаўнога мозга – вынік недахопу кіслароду падчас спыненняў сэрца.

Прагноз, які далі французскія спецыялісты, вельмі неспрыяльны: 4–5 балаў паводле шкалы CPC, што адпавядае альбо ўстойліваму вегетатыўнаму стану, альбо смерці. Незалежны неўролаг, запрошаны для атрымання другога меркавання, пацвердзіў гэтую ацэнку. У такой сітуацыі французская медыцынская практыка прадугледжвае адключэнне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх – урачы лічаць далейшую падтрымку бессэнсоўнай.

Сям’я з гэтым не пагаджаецца. Жонка Віктара паведамляе ў сацыяльных сетках, што ўжо сабрана больш за 55 тысяч рублёў, і цяпер чакаюць пацвярджэння па спецыяльным санітарным борце коштам каля 80 тысяч еўра – менавіта ім плануюць даставіць мужчыну ў Беларусь.

Знаёмыя Віктара, футбольнага заўзятара, арганізавалі збор праз тэматычную суполку, аргументуючы гэта тым, што французскі бок не настроены працягваць актыўнае лячэнне з-за нізкіх шанцаў на аднаўленне, а адмаўляцца ад барацьбы – не ў іх правілах.

Паводле слоў людзей, якія падтрымліваюць сувязь з сям’ёй, побач з Віктарам цяпер знаходзіцца яго жонка Юлія. Адзін з сяброў мужчыны распавядае, што ўрачы прапануюць ёй пагадзіцца на адключэнне апаратаў, але яна звяртае ўвагу на тое, што ў мужа захоўваюцца рэфлексы, і настойвае: тэрміновая транспарціроўка можа даць шанец на паляпшэнне. Паводле апошніх даных, лёгкія Віктара працуюць толькі на траціну ад нормы.

У Магілёве Віктара чакаюць

У Магілёўскай абласной бальніцы для Віктара ўжо рыхтуюць палату. Галоўная перашкода – арганізацыя санітарнага авіярэйса, кошт якога ацэньваецца ў 80–130 тысяч еўра; падабраць адпаведны борт складана праз палітычныя абмежаванні, але пошукі працягваюцца.

Дадатковая нагрузка – кошт самога знаходжання ў французскай клініцы: суткі ў рэанімацыі каштуюць каля 4000 еўра, тады як страхоўка Віктара пакрывала толькі 30 тысяч. Паводле ацэнак людзей, знаёмых з сітуацыяй, агульны кошт лячэння ўжо перавысіў 90 тысяч еўра.

Розніца паміж тым, што пакрыла страхоўка, і фактычным коштам лячэння – гэта і ёсць доўг, які ўтварыўся перад французскай клінікай. Іншымі словамі, у Віктара няма гэтых грошай – наадварот, менавіта гэтую суму сям’і, імаверна, давядзецца аплаціць.

Асобны, самастойны артыкул выдаткаў – транспарціроўка. Атрымліваецца, што сям’і неабходна вырашыць адразу дзве фінансавыя задачы: аплаціць (або хаця б часткова пакрыць) ужо назапашаны рахунак за лячэнне ў французскай бальніцы і знайсці грошы на сам пералёт. Менавіта таму канчатковая мэта збору – каля 100 тысяч еўра, і менавіта таму родныя падкрэсліваюць, што рахунак працягвае расці з кожным днём, пакуль Віктар застаецца ў рэанімацыі.

Фота з сацыяльных сетак Віктара Паграбнога.

Дырэктар прапіў 97 тысяч, выдзеленых на дом у Краснаполлі, і ніхто гэтага не заўважыў

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 32-гадовага дырэктара прыватнай будаўнічай арганізацыі. Яму інкрымінуецца прысваенне маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.

Паводле матэрыялаў следства, пасля заключэння дагавора падраду на будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў гарадскім пасёлку Краснаполле дырэктар перавёў на свой асабісты банкаўскі рахунак больш за 97 тысяч рублёў, атрыманых арганізацыяй у якасці бюджэтнага авансу на будаўніча-мантажныя работы. Выкарыстоўваючы ключ электроннага лічбавага подпісу, цягам трох месяцаў ён ствараў плацежныя даручэнні і пераводзіў грошы самому сабе.

Атрыманыя сродкі абвінавачаны траціў пераважна на дарагія спіртныя напоі, якія сам жа і ўжываў, а таксама на пагашэнне асабістых даўгоў. Паводле заключэння экспертызы, у яго дыягнаставаны хранічны алкагалізм.

Падчас расследавання абвінавачаны часткова пакрыў нанесеную шкоду – на 65 тысяч рублёў. Да суда ён застаецца пад вартай.

Пракуратура не адказала на галоўнае пытанне: як цягам трох месяцаў запар ніхто не заўважыў пераводаў з бюджэтнага рахунку будаўнічай арганізацыі на асабісты рахунак яе дырэктара. Для будаўніцтва шматкватэрнага дома з бюджэтным фінансаваннем законам прадугледжана сістэма кантролю:

  • банк, які абслугоўвае рахунак арганізацыі, абавязаны ажыццяўляць фінансавы маніторынг падазроных аперацый – у тым ліку буйных рэгулярных пераводаў з рахунку юрыдычнай асобы на рахунак афіляванай фізічнай асобы; 
  • заказчык будаўніцтва (райвыканкам або УКБ) павінен атрымліваць справаздачы аб выкананні работ па формах КС-2 і КС-3 і аплачваць чарговыя траншы толькі пасля пацверджанага выканання работ. Калі будаўніцтва стаіць – наступны транш выдзяляцца не павінен; 
  • дзяржбуднагляд праводзіць інспекцыі будаўнічых аб’ектаў, у тым ліку тых, што фінансуюцца з бюджэту; 
  • камітэт дзяржаўнага кантролю мае паўнамоцтвы правяраць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. 

Хранічны алкагалізм – не шыла, якое можна схаваць у мяшку. Ён прадугледжвае відавочныя праявы: зрывы, прапушчаныя працоўныя дні, фізічны стан, несумяшчальны з абавязкамі кіраўніка будоўлі. Тры месяцы ў такім стане не маглі застацца незаўважанымі для тых, хто паводле закона абавязаны кантраляваць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў і ход работ.

Пракуратура называе аднаго вінаватага – 32-гадовага дырэктара. Пытанне, хто і калі павінен быў заўважыць і спыніць сітуацыю да таго, як грошы былі выведзены і патрачаны, ніхто не ставіць. 

Між тым без адказу на яго гэтая гісторыя не заканчваецца: недабудаваны дом у Краснаполлі застаецца, і наступнаму падрадчыку зноў спатрэбіцца бюджэтны аванс.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Бура ў Бабруйску: без пацярпелых, але з пашкоджанымі машынамі

Учарашні ўраган у Бабруйску нарабіў шкоды маёмасці. На шчасце, людзі не пацярпелі.

Дрэвы падалі на машыны і краму

Моцны шквалісты вецер, які ўчора абрынуўся на Бабруйск і Бабруйскі раён, пашкодзіў будынкі, аўтамабілі і гарадскую інфраструктуру. Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, пацярпелых няма.

Найбольш пашкоджанняў нанеслі паваленыя дрэвы. Адно з іх разбіла шкленне крамы. Яшчэ восем легкавых аўтамабіляў атрымалі пашкоджанні пасля падзення дрэў. Яшчэ адну машыну пашкодзіў сарваны ветрам ліст шыферу.

Усяго, паводле аператыўных звестак, непагадзь пашкодзіла дахі двух аб’ектаў і дзевяць транспартных сродкаў.

Спыніліся тралейбусы і перакуліла прыпынак

Пра наступствы ўрагану паведамлялі і самі бабруйчане. Так, на вуліцы Крылова ветрам знесла аўтобусны павільён, які апынуўся проста пасярод праезнай часткі. Каля «Бабруйск-Арэны» і ў мікрараёне Заходні парывамі ветру зрушыла з месца прычэп і пазадарожнік.

У раёне кальца ААТ «Белшына» часова спыніўся рух сямі тралейбусаў. Паводле паведамленняў відавочцаў, прычынай магло стаць дрэва, якое ўпала на кантактную сетку на вуліцы Шыннай.

Жыхары мікрараёна Кісялевічы таксама паведамлялі пра часовае адключэнне гарачага і халоднага водазабеспячэння. Да 16.35 падача вады была адноўлена.

Наступствы яшчэ ліквідуюць

Для ліквідацыі наступстваў непагадзі падраздзяленні МНС 26 разоў выязджалі на прыборку паваленых дрэў. Ратавальнікі распілавалі і прыбралі 52 дрэвы. Яшчэ 20 былі вывезены іншымі службамі і ўласнікамі тэрыторый.

Як паведаміла начальніца Бабруйскай метэастанцыі Святлана Запарожац, максімальная хуткасць ветру ў горадзе дасягнула 22 м/с. Гэта на адзін метр за секунду больш, чым падчас моцнай майскай навальніцы, якая таксама пакінула пасля сябе значныя пашкоджанні.

У МНС адзначылі, што службы і надалей расчышчаюць горад ад паваленых дрэў.

Фотаздымак: komkur.info

Бадзяжныя сабакі ў Асіповічах: праблема не ў сабаках і не ў «прыкормшчыках», а ў службах

Газета «Асіповіцкі край» выйшла з вялікім аналітычным матэрыялам «Двор без агрэсіі», у якім галоўны ўрач раённага ЦГЭ, начальнік райветстанцыі і ўрач-хірург ЦРБ у адзін голас сцвярджаюць: бяздомным катам і сабакам не месца на вуліцах.

Аргументы – шаленства, таксаплазмоз, эхінакакоз, лішай, рэальныя выпадкі ўкусаў. Ёсць і лічбы:

  • за гэты год па антырабічную дапамогу звярнуліся 45 чалавек, што на 36,4 працэнта больш, чым годам раней;
  • за пяць месяцаў адлоўлена 70 жывёлін;
  • рэкамендацыі: не прыкормліваць, не разнімаць жывёл, якія б’юцца, рэгістраваць сваіх гадаванцаў, штрафы – да 15 базавых велічыняў.

Усё правільна, але… Калі кожны год адлоўліваюць сотні сабак, а колькасць укусаў пры гэтым павялічваецца на траціну, значыць, абраная стратэгія не працуе. Прыкмета правалу – не «добрыя людзі, якія кормяць сабак каля сталовай», а менавіта гэтая арыфметыка.

Іх жа статыстыка сведчыць супраць іх

Рост колькасці зваротаў з нагоды ўкусаў на 36,4 працэнта пры адначасовым адлове азначае, што папуляцыя ўзнаўляецца хутчэй, чым яе паспяваюць скарачаць. Гэта – базавае ўраўненне дынамікі любой папуляцыі. Калі б тое, што робіць «Спецаўтапрадпрыемства», сапраўды дапамагала, крывая ішла б уніз, а яна ідзе ўверх.

І ўласная выснова спецыялістаў у канцы матэрыялу гэта фактычна пацвярджае: «даказаць, хто гаспадар “беспрытульніка”, практычна немагчыма, бо сабака ходзіць па вуліцах без дакументаў».

Гэта значыць, галоўны заяўлены інструмент – штрафы для безадказных уладальнікаў – не прымяняецца, бо для гэтага няма неабходнай інфраструктуры.

Аргумент супраць АСВВ, які аргументам не з’яўляецца

Начальнік райветстанцыі ў матэрыяле сцвярджае: стэрылізуйце – але яны «не перастануць быць крыніцай інфекцыі». Гэта спрэчка не з рэальнай праграмай АСВВ (адлоў – стэрылізацыя – вакцынацыя – вяртанне), а з яе спрошчанай версіяй.

Паўнавартасныя праграмы такога тыпу заўсёды ўключаюць абавязковую вакцынацыю – перадусім супраць шаленства – і апрацоўку ад паразітаў.

Сам падыход да масавай вакцынацыі мае дакладнае навуковае абгрунтаванне: СААЗ і Сусветная арганізацыя аховы здароўя жывёл (WOAH) рэкамендуюць як парогавы стандарт ахоп вакцынацыяй не менш за 70 працэнтаў папуляцыі сабак. Гэта – базавы прынцып Глабальнага стратэгічнага плана па ліквідацыі шаленства ў людзей да 2030 года.

Любая стратэгія, якая абапіраецца толькі на адлоў і не дасягае гэтага парога вакцынацыі, асуджаная змагацца з наступствамі, а не з крыніцай праблемы.

Да АСВВ ёсць і абгрунтаваная крытыка: у матэрыяле «Милосердие.ру» падрабязна разабрана, як праграма дрэнна працуе там, дзе яе фармальна ўкараняюць, але належным чынам не фінансуюць, не кантралююць якасць стэрылізацыі і не ізалююць агрэсіўных жывёл. Гэта важна. Аднак гэта аргумент на карысць нармальна арганізаванай праграмы, а не супраць праграмы ўвогуле.

Чаго няма – і чаму менавіта гэта і ёсць праблема

У Асіповіцкім раёне дзейнічаюць правілы ўтрымання хатніх жывёл: зарэгістраваць на працягу трох дзён, прышчапіць ад шаленства, выводзіць на павадку і ў намордніку. На паперы ўсё строга. На практыцы ж рэгістрацыя адбываецца ў «адным акне» або сельвыканкаме на падставе заявы, без абавязковага чыпавання, без адзінай электроннай базы, без ідэнтыфікатара, які дазволіў бы па знойдзеным сабаку адшукаць яго гаспадара. Адсюль і тупік, у якім добраахвотна распісваюцца самі спецыялісты: гаспадара не знайсці, штраф не выпісаць.

У краінах ЕС абавязковае чыпаванне сабак звязана з адзінай базай даных, а муніцыпалітэты вядуць уліковыя прытулкі з празрыстым фінансаваннем.

У Алматы з 2022 года дзейнічае праграма АСВВ з закупкай модульных блокаў на 200 месцаў і спецыяльным аўтатранспартам; за паўтара года там стэрылізавалі і прышчапілі некалькі соцень сабак, а работа вядзецца ў звязцы з зааабарончымі арганізацыямі, а не ў рэжыме спрэчак з імі.

Хто насамрэч стварае «двор з агрэсіяй»

Зграйная агрэсія ўзнікае не там, дзе бабуля з пятага паверха корміць дваровую Жучку. Яна ўзнікае там, дзе:

  • няма ўліку ўладальнікаў, і згублены хатні сабака не ідэнтыфікуецца, папаўняючы вулічную папуляцыю;
  • адлоўленых жывёл няма куды падзець, акрамя як усыпіць або вярнуць назад без вакцынацыі і стэрылізацыі;
  • кормавая база – адкрытыя смеццевыя кантэйнеры, закінутыя будоўлі, безгаспадарныя падвалы – ніяк не кантралюецца.

Усе тры пункты – зона адказнасці камунальных, санітарных і ветэрынарных службаў. Менавіта той звязкі, якая ў раённым матэрыяле выступае ў ролі эксперта па праблеме.

Што павінна было прагучаць у артыкуле

Сумленная размова пра праблему бадзяжных сабак у Асіповіцкім раёне (ды і ва ўсёй Магілёўскай вобласці) павінна была б уключаць наступныя лічбы:

  • колькі грошай выдзелена на адлоў і ўтрыманне жывёл;
  • ці ёсць муніцыпальны прытулак і якая яго ўмяшчальнасць;
  • што адбываецца з 70 жывёламі, адлоўленымі за пяць месяцаў (перадача новым уладальнікам, эўтаназія, стэрылізацыя і вяртанне – у якіх суадносінах);
  • колькі хатніх сабак у раёне афіцыйна зарэгістраваныя і якая доля прышчэпленых ад шаленства ад агульнага пагалоўя;
  • чаму да гэтага часу няма абавязковага чыпавання.

Без гэтых лічбаў абмеркаванне зводзіцца да заклікаў не карміць і не дакранацца. Гэта разумная тэхніка бяспекі для дзіцяці ў двары.

Але гэта не палітыка ўлады па кіраванні папуляцыяй.

Зрэшты, усё як заўсёды. Як і з уборкай снегу. Мы бачым чарговую спробу перакласці на жыхароў задачу, якую абавязаныя вырашаць гарадскія службы.

Фота раённай газеты.

На раённых вучэннях МНС у Бялынічах адбыўся няшчасны выпадак

Малады супрацоўнік Бялыніцкага райаддзела МНС атрымаў моцныя траўмы пасля няшчаснага выпадку на вучэннях ратавальнікаў.

Згодна інфармацыі з крыніц mogilev.media, вучэнніі ў бялыніцкім падраздзяленні праходзілі на гэтым тыдні. Падчас іх цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымаў адзін з ратавальнікаў. 

Паводле сведак здарэння, 23-гадовы малады чалавек, які хутка збіраўся ажаніцца, упаў з вучэбнай вышкі. У выніку падзення ў яго аказаліся зламаны таз, хрыбетнік і два рэбры. Ён быў адразу шпіталізаваны, урачы правялі аперацыю.

Па меркаванні нашых крыніц, гэты няшчасны выпадак стаў вынікам халатнасці і наплявацельскага стаўлення да сваіх супрацоўнікаў з боку кіраўнікоў бялыніцкага падраздзялення МНС.

На гэты момант афіцыйнага заключэння камісіі з нагоды надзвычайнага здарэння ў Бялынічах пакуль няма.

Фотаздымак: foto-planeta.com

Магілёўская вобласць стаіць на адной эканамічнай назе

Учора на XIII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адсправаздачыўся пра падпісанне пагаднення з Ніжагародскай вобласцю і заадно падвёў вынікі пяцігодкі. «Калі ў 2021 годзе тавараабарот складаў 2,3 мільярда долараў ЗША, то сёння гэты паказчык дасягнуў ужо 3,1 мільярда долараў ЗША – рост склаў практычна ў паўтара раза», – паведаміў «губернатар» журналістам.

Фраза старанна прадуманая, лічбы прыгожыя. Праблема ў тым, што Ісачанка крыху схлусіў, а дасягненне, пра якое ідзе гаворка, – хутчэй правал, чым перамога.

Хітрая арыфметыка Ісачанкі

Перш за ўсё – пра «ў паўтара раза». Рост з 2,3 да 3,1 мільярда – гэта трыццаць пяць працэнтаў, а не пяцьдзясят. Акругленне на сваю карысць на пятнаццаць працэнтных пунктаў Анатоль Міхайлавіч дазволіў сабе між іншым, паміж падпісаннем дакумента і фотасесіяй.

Далей – пра долары. Назапашаная інфляцыя долара паводле індэкса спажывецкіх цэн ЗША за 2021-2025 гады складае каля дваццаці працэнтаў. Гэта значыць, што тая ж фізічная маса тавараў, пераацэненая ў патаннелых доларах, аўтаматычна выглядае даражэй. Калі ачысціць «рост» ад гэтага інфляцыйнага эфекту, рэальны прырост фізічных аб’ёмаў гандлю – каля пятнаццаці працэнтаў. Не «ў паўтара раза», а адна сёмая. І тое – за пяць гадоў, у сярэднім па тры працэнты за год.

Тупіковая геаграфія

Сёння Магілёўская вобласць падтрымлівае гандлёва-эканамічныя адносіны з трыццаццю суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. На форумах гэта падаецца як поспех міжрэгіянальнай кааперацыі. Насамрэч гэта карта вымушанай дыверсіфікацыі: пасля 2022 года экспарт на Захад абваліўся, і кожнае беларускае прадпрыемства мусіла знайсці сабе новага пакупніка. Знайсці – дзе атрымаецца: у Смаленску, Бранску, Маскве, Падмаскоўі, Астрахані, цяпер і ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Былы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці аблвыканкама Руслан Страхар тады сфармуляваў гэта проста: «У перыяд, калі наша краіна сутыкнулася з санкцыйным ціскам калектыўнага Захаду, мы, вядома, былі вымушаныя перабудаваць нашы таварныя патокі ў бок Усходу, і перш за ўсё – на Расійскую Федэрацыю». Ключавое слова – «вымушаныя». Трыццаць пагадненняў – гэта не свабодны выбар партнёраў, а раскладванне яек з аднаго і таго ж кошыка па трыццаці паліцах.

Поўная залежнасць

Каб зразумець маштаб праблемы, трэба ўзгадаць дзве рэчы.

Першая – апошнія поўныя даныя аблвыканкама пра знешні гандаль. Паводле вынікаў 2022 года агульны знешнегандлёвы абарот тавараў Магілёўшчыны склаў 4,3 мільярда долараў, з якіх толькі 912 мільёнаў – са краінамі па-за СНД. Гэта значыць, што ўжо тады семдзесят дзевяць працэнтаў усяго знешняга гандлю вобласці прыпадала на постсавецкую прастору, а ў ёй – амаль выключна на Расію. Пасля 2022 года заходняя доля толькі скарачалася.

Другая – памеры самой вобласці:

  • на 1 студзеня 2026 года ў Магілёўскай вобласці пражываюць 962 053 чалавекі; за мінулы год рэгіён страціў 9 312 жыхароў і афіцыйна выбыў з катэгорыі «мільённікаў»;
  • доля вобласці ў ВУП Беларусі ў першым паўгоддзі 2025 года знізілася з 7,8 да 7,6 працэнта – гэта самая маленькая доля сярод усіх абласцей краіны.

Падзелім 3,1 мільярда долараў тавараабароту на 962 тысячы чалавек. Атрымліваецца каля 3 200 долараў на кожнага жыхара – мужчыну, жанчыну, пенсіянера, немаўля – толькі гандлю з адной краінай. Гэта не паказчык «шматвектарнасці». Гэта партрэт рэгіёна, які без расійскага рынку проста не працуе.

Трыццаць дзвярэй у адзін пакой

Што з гэтага вынікае? Любая ўзрушэнне ў расійскага партнёра – санкцыйнае, валютнае, лагістычнае, палітычнае – адбіваецца на Магілёўшчыне мацней, чым на Брэстчыне, Гродзеншчыне ці Мінску. Большая частка «дыверсіфікацыі» ўнутры расійскага контуру – гэта ілюзія: трыццаць дзвярэй вядуць у адзін і той ж пакой.

Пры гэтым вобласць працягвае губляць людзей і долю ў нацыянальным ВУП. Калі гандаль з Расіяй раптам спыніць рост (а рэальныя тэмпы росту, як мы бачылі, вельмі сціплыя), а насельніцтва будзе змяншацца на дзесяць тысяч чалавек у год, праз дзесяць гадоў Магілёўшчына рызыкуе апынуцца ў становішчы, пры якім ніякія дарожныя карты з Астраханню ці Омскам ужо не дапамогуць.

Лічба «3,1 мільярда», на якой трымаецца справаздача Ісачанкі, – гэта не дасягненне. Гэта дыягназ. Рэгіён стаіць на адной эканамічнай назе, і гэтая нага – чужая.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».