Цяжкахворая Ксюша Маісеенка атрымала выратавальны ўкол

Трохгадовай Ксюшы Маісеенка з Магілёва сёння ўвялі прэпарат Zolgensma.

Дзяўчынцы ўвялі самы дарагі ў свеце прэпарат, які каштаваў каля 1,8 млн долараў, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця». Пра гэта піша Оnliner. 

Нагадаем, што медыкі далі дабро на выкарыстанне Zolgensma, бо заўважылі пазітыўныя змены ў стане Ксюшы.

У 2024 годзе дзячынцы паставілі дыягназ спінальная мышачная атрафія (СМА) другога тыпу – рэдкае генетычнае захворванне, якое паступова пазбаўляе чалавека здольнасці рухацца, дыхаць і ў выніку прыводзіць да смерці.

У свеце існуе эфектыўнае лячэнне – генная тэрапія Zolgensma, якая ўводзіцца аднаразова. Аднак яе кошт складае каля 1,8 мільёна долараў, а ў Беларусі гэтае лячэнне не ўваходзіць у праграмы бясплатнай медыцынскай дапамогі.

Асаблівасць гісторыі Ксюшы ў тым, што дзяўчынка жыве ў магілёўскім Доме дзіцяці. Яе маці засталася адна, не справілася з цяжарам сітуацыі і здала дзяўчынку. Толькі пасля таго як пра яе даведаліся валанцёры, быў арганізаваны збор сродкаў, і неабходную суму ўдалося сабраць усяго за месяц.

Сабраныя грошы былі пераведзены на рахунак РНПЦ «Маці і дзіця», які замовіў і аплаціў самыя дарагія ў свеце лекі. Зараз Ксюша знаходзіцца ў гэтай мінскай медустанове.

Фотаздымак: Оnliner.by

У Асіповічах вучыліся тушыць пажар на аб’екце дзяржрэзерву «Маяк»

У Асіповіцкім раёне ратавальнікі правялі тактыка-спецыяльныя вучэнні на аб’екце «Маяк». Паводле легенды вучэнняў, загарэўся рэзервуар з керасінам, які ўваходзіць у сістэму дзяржаўных матэрыяльных рэзерваў, пасля чаго адбыўся ўмоўны выбух: дах ёмістасці сарвала, стацыянарная сістэма пажаратушэння нібыта выйшла са строю, а агонь мог перакінуцца на суседнія рэзервуары.

Як паведамляе раённае выданне, у вучэннях удзельнічалі тры пажарныя аўтацыстэрны, аўталесвіца і падраздзяленні Асіповіцкага РАНС. Ратавальнікі адпрацоўвалі падачу пены, астуджэнне суседніх ёмістасцяў, працу пераносных лафетных ствалоў і ўстаноўкі «Пурга-30». У сцэнары таксама прадугледжвалася прыцягненне сіл з суседніх раёнаў, Бабруйска і абласнога ўпраўлення МНС.

Само па сабе адпрацоўванне пажару на небяспечным аб’екце — звычайная і неабходная справа. Але цяпер падобныя вучэнні ў Асіповічах успрымаюцца ў іншым кантэксце. У траўні ў раёне праходзілі расійска-беларускія трэніроўкі з удзелам падраздзяленняў, звязаных з ядзерным забеспячэннем. 

Акрамя таго, Беларусь усё часцей згадваецца ў сувязі з рызыкай яе глыбейшага ўцягвання ў расійскую вайну супраць Украіны. На гэтым фоне асаблівае значэнне набываюць аб’екты захоўвання паліва і дзяржаўных рэзерваў: Украіна працягвае наносіць паспяховыя ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры, а ў чэрвені паведамлялася, у прыватнасці, пра атакі на Маскоўскі НПЗ. 

Пакуль што ў Асіповічах гарэў толькі навучальны рэзервуар, а выбух існаваў выключна ў службовай легендзе. Аднак сама неабходнасць мадэляваць аварыйныя сцэнары на «стратэгічным» аб’екце паказвае: у цяперашняй ваеннай рэальнасці такія трэніроўкі ўжо не выглядаюць абстрактнай прафілактыкай.

Крыніца ілюстрацыі: «Асіповічы Online».

Чытайце таксама: У Асіповіцкім раёне прайшлі расійска-беларускія ядзерныя вучэнні.

Ахвярай ДТЗ пад Магілёвам аказаўся студэнт БРУ на пераддыпломнай практыцы

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці смяротнага ДТЗ на трасе Р-122 «Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы» ў Магілёўскім раёне.

Як паведамляла ДАІ, днём 22 чэрвеня 51-гадовы кіроўца Fiat збіў двух мужчын, якія ішлі па ўзбочыне да месца правядзення дарожных работ. У выніку аварыі 23-гадовы мужчына загінуў, яго 41-гадовага калегу шпіталізавалі.

Як стала вядома mogilev.media ад уласных крыніц, загінулы быў студэнтам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Ён праходзіў пераддыпломную практыку і накіроўваўся да месца работ.

У афіцыйных паведамленнях пра аварыю гэтая акалічнасць не згадвалася: ахвяру назвалі проста «рабочым». Прычыны і дакладныя абставіны здарэння пакуль высвятляюцца.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

Магілёвец: барэльеф гомасэксуалісту Барысу Маісееву трэба зняць!

Некаторыя магілёўцы бачаць у барэльефе спеваку Барысу Маісееву на вуліцы Чалюскінцаў прапаганду гомасэксуальных адносін і патрабуць яго зняць.

Магілёвец Мікалай Салаўёў нагадаў у тэлеграм-канале “Вячэрні Магілёў”, што ў Беларусі пачаў дзейнічаць “закон аб пакаранні за прапаганду ЛГБТ і педафіліі”, дакладней – змены ў КаАП, якія прадугледжваюць адказнасць за прапаганду гомасэксуалізму і добраахвотнай адмовы ад нараджэння дзяцей. Папраўкі ўступілі ў сілу 19 чэрвеня 2026 года. 

“Цяпер, хочацца верыць, здымуць са сцяны дома па вул. Чалюскінцаў г. Магілёва барэльеф Барысу Маісееву, які быў адкрытым гомасэксуалістам, дэманструючы сваю такую “асаблівасць” і ўсім вядомы менавіта гэтым. Іншых “заслуг” яго я і не ведаю”, – піша Салаўёў. 

Магілёвец увогуле лічыць, што такі барэльеф – гэта ганьба Магілёва. “Да таго ж часам ушанаваць свайго куміра да дома прыязджаюць з розных месцаў і краін прыхільнікі. Яно трэба нашаму гораду?” – запытваецца Мікалай Салаўёў, пэўна, жадаючы закрыць ўезд у Магілёў асобам, шануючым творчасць спевака. Пра творчасць Маісеева апантаннаму гетеросэксуалу, па яго ўласным сцвярджэнні, нічога невядома. 

Таму Мікалай Салаўёў яшчэ раз заклікае зняць барэльеф, прычым ужо дзеля нашчадкаў, відаць, цвёрда ведаючы, што ў будучым гомасэксуалістаў ніколі не будзе, бо ня будзе памяці аб Барысе Маісееве.

Нагадаем, 16 ліпеня 2023 года на вул. Чалюскінцаў у Магілёве адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Барыса Маісеева. Яна з’явілася на доме (у народзе яго называюць “шэрым”), дзе нарадзіўся і вырас артыст. Цырымонія праводзілася ў рамках “Славянскага базару”. 

Барыс Маісееў – артыст савецкай і расійскай эстрады, танцор. Ён нарадзіўся ў Магілёве 4 сакавіка 1954 года. Пасля школы з’ехаў у Мінск, там скончыў харэаграфічную вучэльню. У 1980-х выступаў у трупе Алы Пугачовай, пазней развіваў сольную кар’еру. Памёр 27 верасня 2022 году.

Фотаздымак: magilev.by

Дэлегацыя з Магілёва паедзе на фестываль на прыфрантавой тэрыторыі

У Бранск, які ў Беларусі цяпер лічыцца прыфрантавой зонай, паедзе дэлегацыя з Магілёва на фестываль “Славянскае адзінства”.

Фестываль «Славянскае адзінства» сёлета пройдзе ў расійскім Бранску з 27 па 29 чэрвеня. Расійскі бок паведаміў, што ўдзел у ім возьмуць дэлегацыі з Гомеля, Магілёва, а таксама прадстаўнікі самаабвешчанай ЛНР.

Пра падрыхтоўку паездкі з Магілёва сведчаць закупкі, размешчаныя Магілёўскай абласной філармоніяй, высветліў “Флагшток”. Згодна з дакументацыяй, у Бранск плануюць адправіць каля 20 артыстаў. Для ўдзельнікаў таксама закупляюцца паслугі страхавання.

Раней фестываль праводзіўся каля манумента «Дружба» на стыку межаў Беларусі, Украіны і Расіі. У ім удзельнічалі прадстаўнікі трох краін. Пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны фармат мерапрыемства быў зменены, і цяпер яго праводзяць па чарзе ў Гомелі і Бранску.

Нядаўна Бранскую вобласць наведаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, які ўдзельнічаў у пасяджэнні аргкамітэта фестывалю. Пазней, каментуючы інцыдэнт з аўтобусам у Бранскай вобласці з беларускімі дзецьмі, куды трапіў дрон і загінула жанчына, а некалькі дзяцей аказаліся параненымі, ён назваў рэгіён «практычна прыфрантавой зонай».

Фотаздымак: ТГ “Гомельшчына афіцыйна”

Як выжыла магілёўская школа “Канкорд” пасля разгрому прыватнай адукацыі

Магілёўская прыватная школа “Канкорд”, заснаваная бізнэсоўцам Яўгенам Баскіным, здолела выжыць, схаваўшыся пад крыло мясцовай улады.

Восенню 2022 года ўлады скарысталіся інцыдэнтам са стралянінай у прыватнай школе «Смарт Скул» і зладзілі татальную зачыстку прыватнай адукацыі. Тады беларускі дыктатар на сустрэчы з кіраўніком Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам назваў прыватную адукацыю «антыдзяржаўнай клаакай» і загадаў «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі». У Беларусі ўвялі абавязковае ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці. Ліцэнзіі атрымалі толькі шэсць з 35 прыватных школі. Выжыць дапамагла не толькі адпаведнасць новым патрабаванням, але і сувязі з буйным бізнэсам, чыноўнікамі, наменклатурай, сям’ёй Лукашэнкі або лаяльнымі дзяржаве структурамі. Адной з такіх стала магілёўская прыватная школа “Канкорд”.

Непрофільны інтарэс “курынага караля”

Стварыць прыватную школу недзе ў 2019 годзе захацеў вядомы ў Магілёве буйны бізнэсовец, старшыня савета дырэктараў кампаніі «Сервалюкс» Яўген Баскін (на фота першы злева). Ідэя рэалізавалася у 2021 годзе. 

«Школа «Канкорд» была спраектаваная і пабудаваная з нуля ў адпаведнасці з інвестыцыйнай дамовай. Зямельны ўчастак, дадзены ЗАТ «Сервалюкс Агра», першапачаткова знаходзіўся ў пераліку ўчасткаў, прызначаных для давання інвестарам для будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, прадугледжаных інвестыцыйнымі дамовамі», – патлумачыла расследавальніцкаму праекту «Бюро» абставіны вылучэння тэрыторыі пад забудову юрыстка школы.

1 верасня 2021 года «Канкорд», разлічаны на 88 вучняў, пачаў працу. На ўрачыстае адкрыццё прыбылі тагачасны кіраўнік Магілёва Уладзімір Цумараў (на фота другі справа) і таксама тагачасны кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксей Багайчук (на фота першы справа).

Прыватна-дзяржаўны канкардат

Масавая зачыстка прыватных навучальных устаноў 2022 года закранула і «Канкорд». Але пакуль іншыя прыватныя школы закрываліся, дзецішча Яўгена Баскіна схавалася пад крыло сярэдняй школы №12, стаўшы яе другім корпусам. Інфармацыю пра гэта можна знайсці ў тэндарах. Так, у кастрычніку 2022 года школа №12 закупляе за бюджэтныя грошы паслугі па харчаванні для вучняў свайго другога корпуса па вуліцы Сурганава, 76. Менавіта па гэтым адрасе стаіць новы будынак «Канкорда». Харчаванне за кошт дзяржавы закуплялася для 36 вучняў.

А ў студзені 2023-га школа № 12 зноў закупляе за бюджэтныя грошы для корпуса № 2 паслугі па «абслугоўванні аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння». Сама школа не хавала ў сваім інстаграме, што яны цяпер «школа № 12».

 

Школа заставалася пад дзяржавай датуль, пакуль уладальнікі «Канкорда» не вырашылі праблему з дакументамі. Ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць яны атрымалі ў красавіку 2023 года. Ужо пад восень школа зноў запрацавала самастойна. Сёння там навучаецца 85 дзяцей, за год бацькі выкладваюць 5250 долараў.

Такім чынам, каб пазбегнуць закрыцця сваёй школы, Яўген Баскін дамовіўся з мясцовымі ўладамі і хутка перадаў будынак мясцовай дзяржаўнай школе, перавёў туды настаўнікаў і вучняў, пакуль яго «Канкорд» атрымліваў усе неабходныя дазволы на працу. А калі атрымаў усё неабходнае, перавёў назад сваіх вучняў і школу пад сваё кіраванне.

Мясцовыя ўлады і 12-я школа Магілёва сталі для «Канкорда» надзейным тылам у неспакойны час. Гэта адлюстравалася на ідэалагічным складніку прыватнай школы, бо ў 12-й школе ёсць класы вайскова-патрыятычнай скіраванасці. Як толькі «Канкорд» трапіў пад апеку дзяржаўнай установы адукацыі, у акаўнце прыватнай школы з’явіліся публікацыі адпаведнага зместу. На школьных мерапрыемствах прысутнічалі вайскоўцы, з’явіліся вайскова-патрыятычныя класы.

Шлях для абраных

«У перыяд дзейнасці дамовы бязвыплатнага карыстання заснавальнік школы «Канкорд» самастойна нёс усе выдаткі па ейным утрыманні, у тым ліку камунальных і эксплуатацыйных плацяжах. Улічваючы патрэбу ў дадатковым фінансаванні сярэдняй школы №12 г. Магілёва ў сувязі з тым, што колькасць педагогаў і вучняў павялічылася, значныя сродкі накіроўваліся заснавальнікам у гэты перыяд на аказанне бязвыплатнай спонсарскай дапамогі гэтай адукацыйнай установе», – распавяла “Бюро” юрыстка “Канкорда”. На пытанне, ці кампенсаваў уладальнік «Канкорда» сродкі, выдаткаваныя дзяржаўнай школай на патрэбы корпуса № 2 па дзяржзакупках, яна адказаць не здолела.

У Магілёўскім аблвыканкаме сказалі, што школа «Канкорд» атрымала ліцэнзію ва ўсталяваным парадку, і накіравалі па падрабязнасці ў Магілёўскі гарвыканкам. Але там адмовіліся па тэлефоне дзяліцца нюансамі пераходу настаўнікаў і вучняў прыватнай школы пад крыло дзяржаўнай на час ліцэнзавання. Дык можа такі варыянт быў прапанаваны і іншым прыватным школам Беларусі?

«Некаторым проста казалі: “Будзеце шукаць магчымасці неяк застацца ў гульні, мы вас пасадзім”. І нават больш – некаторым давялося з’язджаць, бо спрабавалі нешта шукаць. Так што гаворка пра тое, што закон працуе не для ўсіх, а для абраных», – каментуе сітуацыю эксперт са сферы адукацыі.

«Калі б мы таксама маглі ўвайсці ў склад дзяржаўнай школы, каб захаваць сваю справу, мы б так і зрабілі. Але не ўсім так можна», – пракаментавала сітуацыю другая крыніца “Бюро” са сферы адукацыі.

Адукацыя без канкурэнтаў

«Канкорд» завяршыў 2025 год з выручкай 1,7 млн рублёў і чыстым прыбыткам 118 тыс. рублёў. Мэтавае фінансаванне склала 18 тыс. рублёў – найменшы паказчык сярод шасці прыватных школ Беларусі.

Фінансавая справаздачнасць за 2025 год паказвае: шэсць прыватных школ, якія пакінулі ўлады пасля зачысткі, у цэлым працуюць паспяхова.

Звузіўшы рынак да некалькіх устаноў, улады фактычна стварылі для іх прывілеяваныя ўмовы. Фінансавыя вынікі 2025 года сведчаць пра тое, што гэтыя школы не проста выжылі – яны працягваюць акумуляваць мільёны рублёў выручкі, прыбытку, актываў і мэтавага фінансавання.

Фотаздымак: vestnikmogileva.by

Наданне масту ў Магілёве імя Яшына ануляванае – выявіўся юрыдычны казус

У сакавіку гэтага года было афіцыйна абвешчана, што галоўны магілёўскі мост праз Днепр атрымаў назву «мост імя Героя Савецкага Саюза М.М. Яшына». Адпаведнае рашэнне прыняла гарадская тапанімічная камісія, нягледзячы на тое, што падобная форма назвы парушае адразу тры заканадаўчыя нормы: яна занадта доўгая і мае такія забароненыя для тапонімаў элементы, як ініцыялы і слова “імя”.

Але пазней высветлілася цікавая дэталь – аказваецца, заканадаўства наогул не дапускае афіцыйнае найменаванне які-кольвек мастоў у Беларусі.

Пра гэта паведаміў Тэлеграм-канал “Спадчына”, аўтар якога накіраваў афіцыйны зварот у Дзяржкаммаёмасць. З адказу ведамства вынікае наступнае: заканадаўства Беларусі дазваляе прысвойваць найменні элементам вулічна-дарожнай сеткі. Спіс такіх элементаў канкрэтны, гэта вуліцы, завулкі, праспекты, плошчы, паркі, скверы, бульвары, тракты, набярэжныя і шаша. Мост у гэты пералік не ўваходзіць, а значыць, не з’яўляецца такім элементам а выступае як інжынернае збудаванне. Пагэтаму любое рашэнне пра найменаванне маста аўтаматычна губляю любую юрыдычную сілу. На практыцы гэта выглядае так: магілёўскія гарадскія ўлады могуць павесіць на мосце хоць пяцьдзясят таблічак, нават размаляваць яго ўвесь з галавы да ног словамі “мост імя Героя Савецкага Саюза М.М. Яшына”, але ні ў адным афіцыйным рэестры гэта не можа быць зафіксавана.
мостяшын
Фота тэлеграм-канала «Магілёў – мой горад!».

Апублікавана праграма Дня горада – будзе фестываль паветраных змеяў, канцэрт расійскіх артыстаў

Дзень горада Магілёў будзе сёлета святкаваць чатыры дні – з 24 па 28 чэрвеня. Вось падрабязная праграма мерапрыемстваў.

Праграма святкавання Дня горада Магілёва

24 чэрвеня

10.00 – Грамадзянска-патрыятычны квэст «Моладзь – гэта мы!»
Спартыўны комплекс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій

11.00 – Адкрыццё скаладрома
вул. Індустрыяльная, 28

16.00–18.00 – Спартыўна-забаўляльнае свята «Рытм Перамог»
Адкрытыя пляцоўкі: вул. Чалюскінцаў, 148; вул. Сіманава, 55; б-р Непакораных, 44

25 чэрвеня

14.30 – Спартыўна-патрыятычнае мерапрыемства «Беларусь – гэта мы! Планета пад назвай МОЛАДЗЬ»
Тэрыторыя Магілёўскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа

18.30 – Святочны канцэрт «Музычны саюз гарадоў-пабрацімаў» Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Магілёўскай гарадской капэлы
Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу, вул. Першамайская, 34

26 чэрвеня

11.45 – Народная зарадка, прысвечаная Дню горада Магілёва
Адкрытая пляцоўка Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа

14.00–16.00 – Арт-пляцоўка «Творчая хваля»
Адкрытыя пляцоўкі на тэрыторыі: СШ № 7, СШ № 44, СШ № 41

15.00 – Канцэртна-гульнявая праграма «Квітней, любімы Магілёў»
Адкрытая пляцоўка па вул. Цыялкоўскага, 13

16.00 – Адкрыццё выставы работ расійскіх мастакоў – удзельнікаў пленэру «Магілёў на палотнах расійскіх мастакоў»
Выставачная зала Музея гісторыі Магілёва

18.00–23.00 – Мерапрыемства «ALFA SUNSET» з удзелам хард-тэхна-дуэта «POLICE IN PARIS», ды-джэяў Sahar і Katrin_clane
Тэрыторыя каля Святога возера

21.30 – Урачыстае адкрыццё аб’екта «Музычны фантан»
Набярэжная Дубравенкі

27 чэрвеня

11.00 – Забаўляльна-гульнявая праграма «Нашы ўсмешкі – табе, Магілёў»
Адкрытая пляцоўка па зав. Гогаля, 2

11.00 – Канцэртна-забаўляльная праграма «Квітней, мой беларускі край!»
Адкрытая пляцоўка па вул. Кулешова, 20

12.00–18.00 – Выстава-кірмаш рамеснікаў «Магілёўскі сувенір»; выстава-прэзентацыя прадпрыемстваў горада «Нашы дасягненні – табе, Магілёў!»; фестываль марожанага «Салодкі Магілёў»
Камсамольскі сквер

12.00–18.00 – Свята настрою «Магілёў са смакам»
вул. Ленінская

12.00–18.00 – Тэрыторыя натхнення «Табе, наш Магілёў»
Плошча Зорак

12.00–18.00 – Літаратурная платформа «Магілёў на старонках гісторыі»
Тэатральны сквер

12.00–21.00 – Святочныя гулянні «Магілёўскія традыцыі»
Парк у Падніколлі

13.00 – Фестываль паветраных змеяў «Стракатае неба»
Парк у Падніколлі

13.00 – Святочная праграма «Нашы таленты – табе, родны Магілёў!»
Адкрытая пляцоўка каля корпуса № 2 Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава, вул. Крыленкі, 12

14.00–14.30 – Адкрыццё Яраслаўскага дворыка
Пляцоўка ў двары рэлігійнай арганізацыі «Іудзейская рэлігійная абшчына “Хабад” у Магілёве»

На працягу дня – Арт-галерэя «Магілёў вачыма сяброў», «Магілёў вачыма дзяцей»
Плошча Адзінства

12.00–14.00 – Святочная канцэртная праграма «Магілёў сустракае сяброў»
Плошча Адзінства

14.00–15.00 – Канцэртная праграма ўдзельнікаў шоу «Фактар BY. Дзеці»
Плошча Адзінства

15.00 – Канцэрт Цэнтральнага пагранічнага ансамбля Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

15.00–16.00 – Канцэртная праграма «Табе, любімы Магілёў!»; творчы праект «Стыль нашага горада» – дэфіле-дэманстрацыя вырабаў майстроў і рамеснікаў горада, адзення, абутку, сумак і галантарэі вядомых брэндаў горада і Рэспублікі Беларусь
Плошча Адзінства

15.00–17.00 – Культурна-забаўляльнае мерапрыемства «Код культуры»
Адкрытая пляцоўка па вул. Церашкіна-Златавусцкага

15.00 – Душэўны канцэрт «Класіка ў Тэатральным» у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Магілёўскай гарадской капэлы
Тэатральны сквер

16.20 – Урачыстае адкрыццё стэл, якія сімвалізуюць пабрацімскія адносіны паміж Магілёвам і гарадамі Чалябінскам і Екацярынбургам
Пляцоўка каля Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта

16.40 – Адкрыццё малой архітэктурнай формы «Курган бессмяротнасці», перададзенай у дар Магілёву ад горада-партнёра Бранска
Камсамольскі сквер з боку вул. Першамайскай

17.00 – Музычныя сустрэчы «Караоке пад аркестр у Тэатральным» у выкананні духавога аркестра ДУК «Магілёўскія гарадскія аркестры»
Тэатральны сквер

17.00 – Інтэрактыўная гульня «Вау! Музычнае лато»
Плошча Адзінства

19.00–23.00 – Святочны канцэрт «Магілёў – гэта мы!», прысвечаны Дню горада Магілёва, з удзелам расійскага музычнага выканаўцы Лёшы Свіка, расійскага дыджэйскага дуэта «Swanky Tunes», ды-джэя Krase
Плошча Славы

23.00 – Святочны феерверк «Росквітай! Магілёў!»
Набярэжная Дняпра

23.15 – Акцыя «Ноч вялікага кіно»
Парк у Падніколлі

28 чэрвеня

12.00 – Урачыстае адкрыццё імянной зоркі «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва»
Плошча Зорак

12.00–18.00 – Выстава-кірмаш рамеснікаў «Магілёўскі сувенір»
Камсамольскі сквер

13.00 – Спартыўнае свята «Самы моцны магіляўчанін»
Пляцоўка каля ФАК «H2O», вул. Златавусцкага, 1

17.00–22.00 – Моладзевы медыяпікнік «На Дубравенцы» пад адкрытым небам
Набярэжная Дубравенкі

18.00–20.00 – Вечар адпачынку «Магілёў – лепшы горад зямлі!» з удзелам духавога аркестра дзяржаўнай установы культуры «Магілёўскія гарадскія аркестры»
Сквер 40-годдзя Перамогі

Фота архіўнае, mogilev.media

Чатырнаццатая смяротная лабавая аварыя за тры гады – што адбываецца на трасах Магілёўшчыны

Днём 13 чэрвеня ў Чэрыкаўскім раёне каля аграгарадка Рэчыца адбылося смяротнае ДТЗ. Пад кіраваннем 52-гадовага гамяльчаніна мікрааўтобус Mercedes-Benz Sprinter выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з лесавозам. Кіроўца загінуў на месцы, а яго 22-гадовы сын, што ехаў на пасажырскім сядзенні, быў дастаўлены ў лякарню з траўмамі.
Лабавыя сутыкненні на гэтай двухпалоснай трасе сталі ўжо звычайнай справай. За апошнія тры гады на Р-43, што ідзе ад мяжы з РФ праз Крычаў на Бабруйск, адбылося шэсць аварый з ахвярамі, чатыры з якіх – гэта лабавыя сутыкненні пры абгоне. 

Усяго па Магілёўскай вобласці за перыяд з 2023 па 2026 год налічваецца чатырнаццаць лабавых аварый, пры якіх загінулі альбо моцна пацярпелі людзі.

Ажыўленыя двухпалосныя дарогі, загружаныя ціхаходнай цяжкай тэхнікай, штогод гуляюць у латэрэю з магілёўскімі кіроўцамі, цана якой – жыццё.

Фота: ДАІ

Пацверджана мэтазгоднасць ўкола Zolgensma для цяжкахворай Ксюшы з Магілёва

Аналізы пацвярджаюць, што па ўсіх паказчыках магіляўчанка Ксюша Маісеенка  з магілёўскага дзетдома гатовая да геназамяшчальнай тэрапіі. Медыкі бачаць пазітыўную дынаміку.

Абнадзейваючы кансіліум

Адбыўся кансіліум урачоў датычна далейшага лячэнні Ксюшы Маісеенка, якая хварэе на спінальную мышачную атрафію (СМА) другога тыпу. Медыкі канстатавалі станоўчую дынаміку на фоне тэрапіі, якую дзяўчынка атрымлівае. Гэта «Рысдыплам», кошт аднаго флакона якога можа даходзіць да 11 тыс. долараў.

Нарэшце дачакаліся вынікаў аналізаў, якія рабілі ў Нідэрландах: яны пацвярджаюць, што па ўсіх паказчыках Ксюша гатовая да геназамяшчальнай тэрапіі, а менавіта на выратавальны ўкол самым дарагім у свеце прэпаратам Zolgensma. Уводзіць лек, на які беларусы сабралі 1,8 млн долараў у рэкордныя тэрміны, плануюць у Беларусі.

У хуткім часе сабраныя грошы перавядуць на рахунак РНПЦ «Маці і дзіця», які потым замовіць і аплаціць самыя дарагія ў свеце лекі.

Валанцёры абвясцілі дадатковы збор грошай на арэнду кватэры ў Мінску для Ксюшы і яе мамы Ніны. Дзяўчынка будзе жыць недзе ля РНПЦ «Маці і дзіця» месяц на каранціне перад уколам. З асноўнага рахунку можна здымаць грошы толькі на неабходнае лячэнне.

Юрыдычныя праблемы

Хоць плануецца, што менавіта маці будзе побач з дачкой у гэты складаны перыяд, узнікаюць пытанні, як гэта атрымаецца зрабіць з юрыдычнага пункту гледжання. Маці Ксюшы абмежавана ў бацькоўскіх правах (бо пакінула дачку ў дзіцячым доме).

Па-другое, дзяржава прымусова працаўладкавала жанчыну аператаркай машыннага даення, каб тая магла кампенсаваць расходы па ўтрыманні дзяцей (усе чацвёра дзяцей Ніны жывуць не з ёй). А ў такой сітуацыі працадаўца абавязаны кантраляваць штодзённую яўку абавязаных асоб на працу сумесна з органамі ўнутраных спраў і органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Але валанцёры сцвярджаюць, што існуе магчымасць таго, каб Ніна суправаджала Ксюшу ў РНПЦ.

Як раней паведамлялася, Ксюшы Маісеенка з Магілёва тры гады. У 2024 годзе дзяўчынцы паставілі дыягназ спінальная мышачная атрафія другога тыпу. Гэта рэдкая генетычная хвароба, пры якой паступова гінуць нейроны, што адказваюць за рух. Дзяўчынка жыве ў магілёўскім Доме дзіцяці для дзяцей з арганічнай паразай цэнтральнай нервовай сістэмы з парушэннем псіхікі.

Фотаздымак: Інстаграм my.mogilev