Магілёўскі бізнесмен, уладальнік холдынга “Сервалюкс” Яўген Баскін атрымаў даручэнне ад улад курыраваць Дубровенскі раён Віцебскай вобласці.
У Беларусі пачалася рэалізацыя чарговай «мегаідэі» па выратаванні праблемнага аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны. Замест сістэмных рэформаў улады вырашылі пераразмеркаваць адказнасць, На гэты раз на плечы паспяховых бізнесменаў. У рамках пілотнага праекта Яўген Баскін атрымаў пад кантроль увесь аграсектар Дубровенскага раёна, дзе для гэтага нават стварылі асобную структуру – «Дубровно Дэйрыз». Пра гэта піша “План Б”.
Ініцыятыва стала вынікам лютаўскай нарады ў беларускага дыктатара, дзе Віцебская вобласць у чарговы раз была прызнана самым праблемным рэгіёнам. Правіцель заявіў, што знайшоў «адказных людзей», якія павінны «дапамагчы і спытаць». Фактычна ж гаворка ідзе пра ручное кіраванне і пераклад рызык з дзяржавы на прыватны бізнес.
Акрамя Баскіна, «куратарамі» прызначаны бізнесмен Аляксандр Машэнскі (кампанія “Санта Імпэкс Брэст») і кіраўнік «Агрокамбіната Дзяржынскі» Уладзімір Лук’янаў. Аднак, як менавіта яны павінны вырашаць сістэмныя праблемы галіны, якія пачынаюцца ад нізкай эфектыўнасці і заканчваюцца хранічнай запазычанасцю, не тлумачыцца.
У Дубровенскім раёне з дапамогай “Дейрыз” плануецца мадэрнізацыя жывёлагадоўчых аб’ектаў, а таксама абнаўленне трактароў і іншай тэхнікі сельгаспрадпрыемства. Чыноўнікі запэўніваюць, што скарачэнняў не будзе, а працоўных месцаў нават стане больш. Такія абяцанні выглядаюць традыцыйна аптымістычна, але не ўлічваюць, што эфектыўнасць звычайна патрабуе аптымізацыі, а не раздування штатаў.
Маштабы задачы вялікія: дзевяць гаспадарак, каля 75 тыс. гектараў зямлі і 25 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. Пры гэтым частка праблем назапашвалася гадамі і звязаная не толькі з недахопам інвестыцый, але і з агульнай мадэллю кіравання ў сельскай гаспадарцы.
Для самога Баскіна праект выглядае не столькі магчымасцю, колькі цяжкім абавязкам. Хоць «Сервалюкс» ужо меў інтарэсы ў раёне, цяпер кампаніі давядзецца ўкладваць значныя сродкі ў чужыя актывы, якія раней не дэманстравалі эфектыўнасці. Пры гэтым бізнес і без таго абцяжараны крэдытамі і развівае праекты за мяжой.
Дадатковыя рызыкі – адміністрацыйны ціск і кантроль. Замест стратэгічнага развіцця кампанія можа апынуцца ў рэжыме пастаяннай справаздачнасці перад чыноўнікамі і правяраючымі органамі.
У выніку ўзнікае пытанне: ці здольная такая схема, якая з’яўляецца фактычна прымусовым шэфствам бізнесу над праблемнымі рэгіёнамі, вырашыць глыбокія праблемы галіны? Пакуль гэта выглядае хутчэй як чаговая спроба часова замаскіраваць сістэмныя збоі.
Фотаздымак: Tut.by
