Цяжкахворая Ксюша Маісеенка атрымала выратавальны ўкол

Трохгадовай Ксюшы Маісеенка з Магілёва сёння ўвялі прэпарат Zolgensma.

Дзяўчынцы ўвялі самы дарагі ў свеце прэпарат, які каштаваў каля 1,8 млн долараў, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця». Пра гэта піша Оnliner. 

Нагадаем, што медыкі далі дабро на выкарыстанне Zolgensma, бо заўважылі пазітыўныя змены ў стане Ксюшы.

У 2024 годзе дзячынцы паставілі дыягназ спінальная мышачная атрафія (СМА) другога тыпу – рэдкае генетычнае захворванне, якое паступова пазбаўляе чалавека здольнасці рухацца, дыхаць і ў выніку прыводзіць да смерці.

У свеце існуе эфектыўнае лячэнне – генная тэрапія Zolgensma, якая ўводзіцца аднаразова. Аднак яе кошт складае каля 1,8 мільёна долараў, а ў Беларусі гэтае лячэнне не ўваходзіць у праграмы бясплатнай медыцынскай дапамогі.

Асаблівасць гісторыі Ксюшы ў тым, што дзяўчынка жыве ў магілёўскім Доме дзіцяці. Яе маці засталася адна, не справілася з цяжарам сітуацыі і здала дзяўчынку. Толькі пасля таго як пра яе даведаліся валанцёры, быў арганізаваны збор сродкаў, і неабходную суму ўдалося сабраць усяго за месяц.

Сабраныя грошы былі пераведзены на рахунак РНПЦ «Маці і дзіця», які замовіў і аплаціў самыя дарагія ў свеце лекі. Зараз Ксюша знаходзіцца ў гэтай мінскай медустанове.

Фотаздымак: Оnliner.by

Пацверджана мэтазгоднасць ўкола Zolgensma для цяжкахворай Ксюшы з Магілёва

Аналізы пацвярджаюць, што па ўсіх паказчыках магіляўчанка Ксюша Маісеенка  з магілёўскага дзетдома гатовая да геназамяшчальнай тэрапіі. Медыкі бачаць пазітыўную дынаміку.

Абнадзейваючы кансіліум

Адбыўся кансіліум урачоў датычна далейшага лячэнні Ксюшы Маісеенка, якая хварэе на спінальную мышачную атрафію (СМА) другога тыпу. Медыкі канстатавалі станоўчую дынаміку на фоне тэрапіі, якую дзяўчынка атрымлівае. Гэта «Рысдыплам», кошт аднаго флакона якога можа даходзіць да 11 тыс. долараў.

Нарэшце дачакаліся вынікаў аналізаў, якія рабілі ў Нідэрландах: яны пацвярджаюць, што па ўсіх паказчыках Ксюша гатовая да геназамяшчальнай тэрапіі, а менавіта на выратавальны ўкол самым дарагім у свеце прэпаратам Zolgensma. Уводзіць лек, на які беларусы сабралі 1,8 млн долараў у рэкордныя тэрміны, плануюць у Беларусі.

У хуткім часе сабраныя грошы перавядуць на рахунак РНПЦ «Маці і дзіця», які потым замовіць і аплаціць самыя дарагія ў свеце лекі.

Валанцёры абвясцілі дадатковы збор грошай на арэнду кватэры ў Мінску для Ксюшы і яе мамы Ніны. Дзяўчынка будзе жыць недзе ля РНПЦ «Маці і дзіця» месяц на каранціне перад уколам. З асноўнага рахунку можна здымаць грошы толькі на неабходнае лячэнне.

Юрыдычныя праблемы

Хоць плануецца, што менавіта маці будзе побач з дачкой у гэты складаны перыяд, узнікаюць пытанні, як гэта атрымаецца зрабіць з юрыдычнага пункту гледжання. Маці Ксюшы абмежавана ў бацькоўскіх правах (бо пакінула дачку ў дзіцячым доме).

Па-другое, дзяржава прымусова працаўладкавала жанчыну аператаркай машыннага даення, каб тая магла кампенсаваць расходы па ўтрыманні дзяцей (усе чацвёра дзяцей Ніны жывуць не з ёй). А ў такой сітуацыі працадаўца абавязаны кантраляваць штодзённую яўку абавязаных асоб на працу сумесна з органамі ўнутраных спраў і органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Але валанцёры сцвярджаюць, што існуе магчымасць таго, каб Ніна суправаджала Ксюшу ў РНПЦ.

Як раней паведамлялася, Ксюшы Маісеенка з Магілёва тры гады. У 2024 годзе дзяўчынцы паставілі дыягназ спінальная мышачная атрафія другога тыпу. Гэта рэдкая генетычная хвароба, пры якой паступова гінуць нейроны, што адказваюць за рух. Дзяўчынка жыве ў магілёўскім Доме дзіцяці для дзяцей з арганічнай паразай цэнтральнай нервовай сістэмы з парушэннем псіхікі.

Фотаздымак: Інстаграм my.mogilev

У цяжкахворай дзяўчынкі з Магілёва з’явіўся шанец на выратавальны ўкол

Трохгадовая Ксюша Маісеенка з Дому дзіцяці, для якой было сабрана 1,8 млн долараў, цяпер можа разлічваць, што выратавальны ўкол дасць плён.

“Ксюша адчувае сябе выдатна, настрой у яе цудоўны. Яна прайшла курс медыцынскай рэабілітацыі на базе Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. На наступным тыдні плануецца перавод у рэспубліканскі цэнтр «Маці і дзіця», для таго, каб зрабіць забор крыві на антыцелы і вырашыць пытанне аб далейшым увядзенні геназамяшчальнай тэрапіі”, – напісала ў Інстаграме галоўны доктар Дома дзіцяці для дзяцей з арганічнай паразай цэнтральнай нервовай сістэмы з парушэннем псіхікі Юлія Падалякіна.

Паводле яе, ад праведзенага лячэння і рэабілітацыі ёсць вынік. Па словах доктара, стан дзяўчынкі стабільны, станоўчыя змены бачныя і ў рухах, і ў тым, як яна ўпэўнена сядзіць.

На выкладзеным відэа бачна, што дзяўчынка сядзіць у інвалідным вазочку ў прыгожай сукенцы, пасміхаецца, есць вафельку і моцна трымае пакет з падарункамі. Хоць яшчэ нядаўна медыкі адзначалі, што Ксюша страціла магчымасць самастойная сядзець і трымаць галаву.

Ксюшы Маісеенка з Магілёва тры гады. У 2024 годзе ёй паставілі дыягназ спінальная мышачная атрафія (СМА) другога тыпу – рэдкае генетычнае захворванне, якое паступова пазбаўляе чалавека здольнасці рухацца, дыхаць і ў выніку прыводзіць да смерці.

У свеце існуе эфектыўнае лячэнне – генная тэрапія Zolgensma, якая ўводзіцца аднаразова. Аднак яе кошт складае каля 1,8 мільёна долараў, а ў Беларусі гэтае лячэнне не ўваходзіць у праграмы бясплатнай медыцынскай дапамогі.

Асаблівасць гісторыі Ксюшы ў тым, што дзяўчынка жыве ў магілёўскім Доме дзіцяці. Яе маці засталася адна, не справілася з цяжарам сітуацыі і здала дзяўчынку. Толькі пасля таго як пра яе даведаліся валанцёры, быў арганізаваны збор сродкаў, і неабходную суму ўдалося сабраць усяго за месяц.

Аднак пасля рэспубліканскага кансіліуму беларускія медыкі прыйшлі да высновы, што стан дзяўчынкі значна пагоршыўся. На думку спецыялістаў, на той момант правядзенне геннай тэрапіі магло несці больш рызык, чым карысці, таму Zolgensma ёй не рэкамендавалі.

Замест гэтага Ксюшы прызначылі працягваць лячэнне прэпаратам «Рысдыплам», які не вылечвае СМА, але запавольвае развіццё хваробы і падтрымлівае рухальныя і дыхальныя функцыі. Для тэрапіі неабходныя дзясяткі флаконаў штогод, а кошт кожнага можа дасягаць 11 тыс. долараў.

Валанцёры не пагадзіліся з рашэннем кансіліуму і працягнулі дамагацца перагляду справы. У выніку сітуацыя зрушылася з месца і цяпер у Ксюшы зноў з’явіўся шанец атрымаць выратавальную генную тэрапію.

Скрыншот: Інстаграм my.mogilev