Як выжыла магілёўская школа “Канкорд” пасля разгрому прыватнай адукацыі

Магілёўская прыватная школа “Канкорд”, заснаваная бізнэсоўцам Яўгенам Баскіным, здолела выжыць, схаваўшыся пад крыло мясцовай улады.

Восенню 2022 года ўлады скарысталіся інцыдэнтам са стралянінай у прыватнай школе «Смарт Скул» і зладзілі татальную зачыстку прыватнай адукацыі. Тады беларускі дыктатар на сустрэчы з кіраўніком Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам назваў прыватную адукацыю «антыдзяржаўнай клаакай» і загадаў «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі». У Беларусі ўвялі абавязковае ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці. Ліцэнзіі атрымалі толькі шэсць з 35 прыватных школі. Выжыць дапамагла не толькі адпаведнасць новым патрабаванням, але і сувязі з буйным бізнэсам, чыноўнікамі, наменклатурай, сям’ёй Лукашэнкі або лаяльнымі дзяржаве структурамі. Адной з такіх стала магілёўская прыватная школа “Канкорд”.

Непрофільны інтарэс “курынага караля”

Стварыць прыватную школу недзе ў 2019 годзе захацеў вядомы ў Магілёве буйны бізнэсовец, старшыня савета дырэктараў кампаніі «Сервалюкс» Яўген Баскін (на фота першы злева). Ідэя рэалізавалася у 2021 годзе. 

«Школа «Канкорд» была спраектаваная і пабудаваная з нуля ў адпаведнасці з інвестыцыйнай дамовай. Зямельны ўчастак, дадзены ЗАТ «Сервалюкс Агра», першапачаткова знаходзіўся ў пераліку ўчасткаў, прызначаных для давання інвестарам для будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, прадугледжаных інвестыцыйнымі дамовамі», – патлумачыла расследавальніцкаму праекту «Бюро» абставіны вылучэння тэрыторыі пад забудову юрыстка школы.

1 верасня 2021 года «Канкорд», разлічаны на 88 вучняў, пачаў працу. На ўрачыстае адкрыццё прыбылі тагачасны кіраўнік Магілёва Уладзімір Цумараў (на фота другі справа) і таксама тагачасны кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксей Багайчук (на фота першы справа).

Прыватна-дзяржаўны канкардат

Масавая зачыстка прыватных навучальных устаноў 2022 года закранула і «Канкорд». Але пакуль іншыя прыватныя школы закрываліся, дзецішча Яўгена Баскіна схавалася пад крыло сярэдняй школы №12, стаўшы яе другім корпусам. Інфармацыю пра гэта можна знайсці ў тэндарах. Так, у кастрычніку 2022 года школа №12 закупляе за бюджэтныя грошы паслугі па харчаванні для вучняў свайго другога корпуса па вуліцы Сурганава, 76. Менавіта па гэтым адрасе стаіць новы будынак «Канкорда». Харчаванне за кошт дзяржавы закуплялася для 36 вучняў.

А ў студзені 2023-га школа № 12 зноў закупляе за бюджэтныя грошы для корпуса № 2 паслугі па «абслугоўванні аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння». Сама школа не хавала ў сваім інстаграме, што яны цяпер «школа № 12».

 

Школа заставалася пад дзяржавай датуль, пакуль уладальнікі «Канкорда» не вырашылі праблему з дакументамі. Ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць яны атрымалі ў красавіку 2023 года. Ужо пад восень школа зноў запрацавала самастойна. Сёння там навучаецца 85 дзяцей, за год бацькі выкладваюць 5250 долараў.

Такім чынам, каб пазбегнуць закрыцця сваёй школы, Яўген Баскін дамовіўся з мясцовымі ўладамі і хутка перадаў будынак мясцовай дзяржаўнай школе, перавёў туды настаўнікаў і вучняў, пакуль яго «Канкорд» атрымліваў усе неабходныя дазволы на працу. А калі атрымаў усё неабходнае, перавёў назад сваіх вучняў і школу пад сваё кіраванне.

Мясцовыя ўлады і 12-я школа Магілёва сталі для «Канкорда» надзейным тылам у неспакойны час. Гэта адлюстравалася на ідэалагічным складніку прыватнай школы, бо ў 12-й школе ёсць класы вайскова-патрыятычнай скіраванасці. Як толькі «Канкорд» трапіў пад апеку дзяржаўнай установы адукацыі, у акаўнце прыватнай школы з’явіліся публікацыі адпаведнага зместу. На школьных мерапрыемствах прысутнічалі вайскоўцы, з’явіліся вайскова-патрыятычныя класы.

Шлях для абраных

«У перыяд дзейнасці дамовы бязвыплатнага карыстання заснавальнік школы «Канкорд» самастойна нёс усе выдаткі па ейным утрыманні, у тым ліку камунальных і эксплуатацыйных плацяжах. Улічваючы патрэбу ў дадатковым фінансаванні сярэдняй школы №12 г. Магілёва ў сувязі з тым, што колькасць педагогаў і вучняў павялічылася, значныя сродкі накіроўваліся заснавальнікам у гэты перыяд на аказанне бязвыплатнай спонсарскай дапамогі гэтай адукацыйнай установе», – распавяла “Бюро” юрыстка “Канкорда”. На пытанне, ці кампенсаваў уладальнік «Канкорда» сродкі, выдаткаваныя дзяржаўнай школай на патрэбы корпуса № 2 па дзяржзакупках, яна адказаць не здолела.

У Магілёўскім аблвыканкаме сказалі, што школа «Канкорд» атрымала ліцэнзію ва ўсталяваным парадку, і накіравалі па падрабязнасці ў Магілёўскі гарвыканкам. Але там адмовіліся па тэлефоне дзяліцца нюансамі пераходу настаўнікаў і вучняў прыватнай школы пад крыло дзяржаўнай на час ліцэнзавання. Дык можа такі варыянт быў прапанаваны і іншым прыватным школам Беларусі?

«Некаторым проста казалі: “Будзеце шукаць магчымасці неяк застацца ў гульні, мы вас пасадзім”. І нават больш – некаторым давялося з’язджаць, бо спрабавалі нешта шукаць. Так што гаворка пра тое, што закон працуе не для ўсіх, а для абраных», – каментуе сітуацыю эксперт са сферы адукацыі.

«Калі б мы таксама маглі ўвайсці ў склад дзяржаўнай школы, каб захаваць сваю справу, мы б так і зрабілі. Але не ўсім так можна», – пракаментавала сітуацыю другая крыніца “Бюро” са сферы адукацыі.

Адукацыя без канкурэнтаў

«Канкорд» завяршыў 2025 год з выручкай 1,7 млн рублёў і чыстым прыбыткам 118 тыс. рублёў. Мэтавае фінансаванне склала 18 тыс. рублёў – найменшы паказчык сярод шасці прыватных школ Беларусі.

Фінансавая справаздачнасць за 2025 год паказвае: шэсць прыватных школ, якія пакінулі ўлады пасля зачысткі, у цэлым працуюць паспяхова.

Звузіўшы рынак да некалькіх устаноў, улады фактычна стварылі для іх прывілеяваныя ўмовы. Фінансавыя вынікі 2025 года сведчаць пра тое, што гэтыя школы не проста выжылі – яны працягваюць акумуляваць мільёны рублёў выручкі, прыбытку, актываў і мэтавага фінансавання.

Фотаздымак: vestnikmogileva.by