«Фотасесіямі адсправаздачыліся». На Дубравенцы праблемы з туалетамі

Пад публікацыяй пра набярэжную Дубравенкі ў сацыяльнай сетцы сабраліся дзясяткі свежых каментарыяў магілёўцаў. Усе яны незадаволеныя сітуацыяй з зонай адпачынку каля ракі Дубравенка:

  1. Звярніце ўвагу, які туалет на Дубравенцы. Людзей шмат, працуе адна кабінка. І ўсё настолькі забруджана, што з туалета ўсё выцякае праз верх. Ужо сцежка з усёй гэтай жыжы да палатак». Далучана фота з відавочна перапоўненым біятуалетам.
  2. Такі з’едлівы смурод, што дыхаць немагчыма. Такім чынам людзі хутка будуць хадзіць па кустах, і прыгожае месца ператворыцца ў вялікі туалет.
  3. Нядаўна да нас у Польшчу прыехалі сваякі, гулялі на прыродзе, я сказала – можна зайсці ў біятуалет, а яны адразу пачалі адмаўляцца, маўляў, смярдзючыя. Як жа яна здзівілася, калі там прыемна пахла і было чыста, нават рукі можна было памыць. Пры гэтым біятуалет быў у лесе. Вось вам і байкі пра чыстую Беларусь.

    Дубравенка

А вось самы разгорнуты каментарый з фіксацыяй усіх узроўняў праблемы адразу:

«А вы бачылі, што творыцца па другі бок моста? Фантан адкрылі, прыгожа пагрымелі, фотасесіямі адсправаздачыліся. З-за ўстаноўкі фантана Дубравенку перакрывалі ў мінулым годзе і ў гэтым, у выніку чаго вада ў рацэ моцна забалоцілася і ўся ў ціне. Хто цяпер будзе гэта чысціць? Актыўна пачалі мяняць пераходныя масткі, пасля адкрыцця актыўнасць знікла, валяюцца старыя дэмантаваныя і новыя недаробленыя. На адным з іх знялі парэнчы – да першага няшчаснага выпадку? З-за масавага наведвання фантана грамадзянамі і іх дзецьмі паўсюль смецце, і няма ніводнай сметніцы. Тэрыторыя не прыбіраецца ўвогуле».

Адзін перапоўнены біятуалет, адсутнасць сметніц, рака ў ціне пасля двухгадовага будаўніцтва, недаробленыя пешаходныя масткі…

Свята святла, музыкі і вады закончылася. Пачаліся суровыя будні.

Мы ўжо пісалі пра скульптуру «Сям’я» ў гэтым ансамблі – затаптаную наведвальнікамі фантана ў першыя ж дні. І пра закрыццё зоны адпачынку на тыдзень для апрацоўкі ад кляшчоў, якую забыліся правесці перад масавым мерапрыемствам. Вось і трэцяя серыя.

Як трапна сфармуляваў адзін каментатар, «фотасесіямі адсправаздачыліся».

Цяпер і фота зусім іншыя. Як кажуць, без гальштукаў.

Фота: “МагілёўАнлайн”.

Набярэжную Дубравенкі закрылі на тыдзень ад кляшчоў. Праз тыдзень пасля адкрыцця фантана

На набярэжнай ракі Дубравенкі з’явілася таблічка: тэрыторыю апрацавалі акарыцыдамі супраць кляшчоў, зона адпачынку закрыта на тры-пяць дзён, «пакуль канцэнтрацыя рэчыва не знізіцца да бяспечнай».

Здаецца, звычайная санітарная працэдура. Але гэтая працэдура праводзіцца на набярэжнай, якую 26 чэрвеня ўрачыста адкрываў сам старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў – з самым вялікім у краіне светламузычным фантанам і дзясяткамі тысяч наведвальнікаў. Праз тыдзень аказалася, што тэрыторыя, куды толькі што паклікалі «палову Магілёва», яшчэ не была абаронена ад кляшчоў і мае патрэбу ў тэрміновай хімічнай апрацоўцы.

Апрацоўка Дубравенкі праведзена 3 ліпеня. Гэта азначае адно з двух:

  • вясновай красавіцкай апрацоўкі на набярэжнай не было – або яна была праведзена ў іншы час, задоўга да адкрыцця фантана, і яе дзеянне вычарпалася да 26 чэрвеня. Тады дзясяткі тысяч чалавек, якія прыйшлі на адкрыццё фантана, знаходзіліся на тэрыторыі з актыўнай папуляцыяй кляшчоў. Пры тым, што пік іх актыўнасці якраз прыпадае на май-чэрвень;
  • першая апрацоўка была вясной, але планавая другая чамусьці не была праведзена напярэдадні адкрыцця фантана 26 чэрвеня – хоць графік масавага мерапрыемства быў вядомы яшчэ з восені 2025 года. Тады тыя ж наведвальнікі 26 чэрвеня прыйшлі на тэрыторыю з ужо часткова вычарпаным ахоўным эфектам.

У абодвух выпадках гэта не жарты, а паслядоўнае ігнараванне самага простага каляндарнага пытання пры падрыхтоўцы галоўнай гарадской падзеі лета.

Ад цяперашняй апрацоўкі пацярпелі гараджане, якія не могуць карыстацца цэнтральнай зонай адпачынку ў разгар сезона: набярэжная закрыта з 3 ліпеня прыкладна да 8 ліпеня. Гэта пачатак летняга адпачынкавага перыяду, час, калі набярэжная павінна працаваць напоўніцу.

Ад таго, што апрацоўка не была праведзена ў належны час да 26 чэрвеня, пад пагрозай патэнцыйна ўсе, хто ў гэты дзень апынуўся ў натоўпе на набярэжнай. Кляшчавы энцэфаліт і барэліёз не праяўляюць сябе адразу; даныя пра колькасць укусаў, зарэгістраваных у Магілёве за апошнія два тыдні, ні гарвыканкам, ні мясцовая санітарна-эпідэміялагічная служба публічна не прыводзяць.

Другі раз за тыдзень набярэжная Дубравенкі становіцца гісторыяй пра тое, як заказчык не падумаў. Спачатку – скульптура «Сям’я», спраектаваная і ўсталяваная без уліку таго, што праз два тыдні побач будзе адкрыццё фантана з тысячамі людзей. Цяпер – акарыцыдная апрацоўка, праведзеная тады, калі яе эфект тэарэтычна ўжо павінен быў дзейнічаць, а не толькі пачынацца.

Фота “МогилевОнлайн”.

Сотні качак скапіліся на Дубравенцы ў Магілёве

На рацэ Дубравенцы ў Пячэрскім лесапарку Магілёва скапіліся сотні качак, якія цяпер не адлятаюць у вырай, але церпяць з-за маразоў.

На відэа і фотаздымках, зробленых сведкамі, і перададзенымі тэлеграм-каналу “МогилевОнлайн” выразна відаць, як сотні птушак згуртаваліся на невялікай паласе вады, што яшчэ не пакрылася лёдам. Жыхары Магілёва, якія шпацыруюць непадалёк, з задавальненнем падкормліваюць такую шматлікую зграю.

Масавая прысутнасць качак у Магілёве – гэта непасрэдны вынік чалавечага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. З кожным годам падобная сітуацыя, верагодна, будзе ўсё часцей назірацца і ў іншых гарадах Беларусі.

Арнітолагі падкрэсліваюць, што такая з’ява ўжо перастае быць рэдкасцю. Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму качкі лічыліся пералётнымі птушкамі і толькі асобныя з іх заставаліся зімой у гарадах, то сёння ўжо тысячы птушак не адлятаюць у вырай, а зімуць каля вадаёмаў, якія не замярзаюць.

Навукоўцы тлумачаць гэта не толькі агульным пацяпленнем клімату. Асноўным фактарам з’яўляецца дзейнасць чалавека. Людзі рэгулярна кормяць вадаплаўных птушак на працягу ўсяго года, прывучаючы іх да лёгкадаступнай ежы, а менавіта хлеба і батона. У выніку качкі паступова губляюць свае прыродныя інстынкты, у тым ліку патрэбу ў сезонным пералёце ў цёплыя краіны.

Фотаздымак: “МогилевОнлайн”

Каля 30 магілёўцаў выйшлі на Прабег цвярозасці

Ужо другі раз на 1 студзеня ў Магілёве адбываецца Прабег цвярозасці. Гэтым разам бегаючых цвярознікаў было каля 30 чалавек.

Пры -14°C удзельнікі забегу ва ўзросце ад 7 да 62 гадоў прабеглі 3600 метраў па дарожкам вакол Дубравенкі. 

Як піша тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”, гэты забег з’яўляецца ініцыятывай магілёўскага ультрамарафонца Андрэя Арончыка. Ён не толькі арганізаваў усё ў другі раз, разаслаўшы запрашэнні бегунам з усёй Беларусі, але і падрыхтаваў для кожнага бегуна памятную бірульку.

“А пасля забегу для самых вытрывалых пачаўся… другі забег! Каманда “Падабайка-Run” на чале з арганізатарамі адправілася пакараць яшчэ 26 км па зімовым Магілёве” – гаворыцца ў паведамленні.

Дарэчы, у мінулагоднім магілёўскім Прабегу цвярозасці прыняло ўдзел крыху больш за 20 чалавек і беглі яны пяць кіламетраў, паведамляе Андрэй Арончык у Інстаграме.

Фотаздымак: ТГ “Магілёў – мой горад”

Падведзены вынікі конкурсу на афармленне мастоў праз Дубравенку

У конкурсе на лепшае афармленне магілёўскіх мастоў перамог архітэктурна-будаўнічы каледж.

Магілёўскі гарадскі кіраўнік Сяргей Чарткоў узнагародзіў пераможцаў конкурсу на канцэпцыю афармлення пешаходных мастоў праз Дубравенку. У раёне магілёўскай ракі Дубравенка размешчаныя 11 пешаходных мастоў, якія, на думку ўладаў, маюць патрэбу не толькі ў тэхнічным абнаўленні, але і ў свежых ідэях для іх рэканструкцыі.

З гэтай мэтай быў абвешчаны спецыяльны конкурс. Нядаўна падвялі яго вынікі.

Пераможцам быў прызнаны архітэктурна-будаўнічы каледж. Старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў уручыў навучэнцам-пераможцам дыпломы і каштоўныя падарункі.

Сярод лепшых былі адзначаны праекты:

  • Лізаветы Шах – “Эка-масты прыроды і мастацтва” (на загалоўным фота);
  • Анастасіі Целяпнёвай – “Плынь казак і легенд”;
  • Валерыі Бабчанок, Дар’і Сухадольскай, Ксеніі Войцэль – серыя распрацовак для мастоў у раёне праспекта Міра;
  • Мікіты Твардоўскага і Іллі Ларкіна – праект комплекснага добраўпарадкавання ракі Дубравенка.
Мост Дубравенка
Праект Анастасіі Целяпнёвай

Фота сайта Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа.

Набярэжную Дубравенкі ў цэнтры Магілёва плануюць забудаваць шматкватэрнымі дамамі

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў конкурс архітэктурна-планіровачных канцэпцый шматкватэрнай жылой забудовы вуліц Левая і Правая Дубравенка ў Магілёве. Пад магчымую перабудову трапілі ўчасткі ад вуліцы Лазарэнкі амаль да праспекта Міра.

Дубравенка

Конкурс праводзіцца “без уліку Генеральнага плана горада Магілёва, і праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва»”.

Конкурс архітэктурна-планіровачных канцэпцый будзе праводзіцца да 4 чэрвеня 2025 года. Па яго выніках, верагодна, будзе прынятае рашэнне аб капітальнай перабудове ўсёй цэнтральнай часткі набярэжнай ракі Дубравенкі.

Лазарэнка

Фота з адкрытых крыніц

Сёння – гадавіна “Магілёўскага цунамі”. Паглядзіце ўнікальны ролік з фотаздымкаў трагедыі

10 красавіка 1942 года ў Магілёве адбылося навадненне на рацэ Дубравенка. У гісторыі Беларусі больш невядомыя падобныя тэхнагенныя катастрофы. Ахвярамі трагедыі тады стала ад некалькіх соцень да двух тысяч чалавек.

Мы падрыхтавалі невялікі відэаролік да гадавіны “Магілёўскага цунамі”. Ён складзены з фотаздымкаў, зробленых нямецкімі салдатамі ў 1942 годзе – усе яны былі набытыя на інтэрнэт-аўкцыёнах магілёўскім краязнаўцам і калекцыянерам Алегам Давідам Лісоўскім.

На першых фотаздымках можна пабачыць стан чыгуначнага насыпу непасрэдна перад катастрофай, а таксама запруду, якая і прывяла да наваднення. Далейшыя здымкі паказваюць нам сам патоп і яго наступствы. Больш падрабязна пра “Магілёўскае цунамі” мы пісалі раней, а ў 2022 годзе на месцы трагедыі была пастаўленая інфармацыйная таблічка.

Фота: з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага  

Тыповы Магілёў – вось такая звалка на беразе Дубравенкі

Чытачы mogilev.media падзяліліся фота, зробленым каля набярэжнай Дубравенкі ў Магілёве. Як бачна на здымку, гару смецця зграблі ў хмызы каля самага ажыўлена ўчастку набярэжнай, каля праспекта Міру.

Фота: чытачы mogilev.media