Павел Жуйкоў сагравае Магілёўшчыну цеплынёй сваёй душы

Колькі гекталітраў гарачага чаю выдалі праўладныя прафсаюзы працоўным Магілёўскай вобласці?

Дзіўную навіну паведамілі праўладныя прафсаюзы Магілёўшчыны праўладнаму ж СМІ «Магілёўскія ведамасці».

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання Павел Жуйкоў расказаў пра павышаную ўвагу свайго ведамства да працоўных падчас моцных маразоў у артыкуле «Гарачы чай у хрышчэнскія маразы».

Тэкст суправаджаецца фотаздымкамі, на якіх работнікам невядомага, відаць, будаўнічага прадпрыемства наліваюць чай з тэрмаса, а тыя з задавальненнем яго п’юць.

Пры гэтым у самім тэксце няма ні слова пра гекталітры чаю, якім прафсаюз пачаставаў магілёўцаў, што працуюць на марозе.

Няма ўвогуле ніякай канкрэтыкі. Аднак Жуйкоў упарта чапляецца за чай і сцвярджае, што «прапанаваная ў мароз кружка чаю часам сагравае людзей не толькі ў літаральным сэнсе, але і цеплынёй душы сваіх калег».

Ці варта разумець гэта так, што чай павінны выдаваць самі прадпрыемствы, а прафсаюзы гатовыя патраціцца толькі на цеплыню сэрцаў?

І калі Павел Жуйкоў абмяжоўваецца роляй чайнага кансультанта, то не грэх было б даць яму слушную параду наконт спосабу ўжывання цукру: упрыкуску ці ўсё ж такі ўнакладку?

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

У Магілёве працуюць пункты абагрэву

У раёне Мінскага рынку адкрыўся стацыянарны пункт абагрэву, па вуліцах Магілёва ездзяць мабільныя пункты.

Па ініцыятыве абласнога аддзялення Чырвонага Крыжа ў Магілёве адкрыўся стацыянарны пункт абагрэву. Ён працуе ў раёне Мінскага рынку з 11 да 15 гадзін. Там усе ахвотныя могуць сагрэцца, атрымаць гарбату і кашу.

Акрамя таго, працуюць і перасоўныя пункты абагрэву – яны курсіруюць у месцах вялікага скаплення людзей. Там валанцёры раздаюць ежу і гарбату, даюць кансультацыі пра тое, як правільна паводзіць сябе ў маразы.

Аналагічную дапамогу можна атрымаць непасрэдна ў абласным офісе Чырвонага Крыжа ў працоўны час, а таксама ў офісах арганізацыі, размешчаных у раённых цэнтрах.

Ці ўсе раённыя арганізацыі Чырвонага Крыжа маюць свае офісы – невядома. Напрыклад, у Быхаве такі офіс ёсць. Гэта асобны будынак. Аднак ён адчыняецца толькі зрэдку, бо ў мясцовага аддзялення Чырвонага Крыжа няма сродкаў, каб аплачваць камунальныя выдаткі, у тым ліку ацяпленне.

Фота: БелТА.

Сотні качак скапіліся на Дубравенцы ў Магілёве

На рацэ Дубравенцы ў Пячэрскім лесапарку Магілёва скапіліся сотні качак, якія цяпер не адлятаюць у вырай, але церпяць з-за маразоў.

На відэа і фотаздымках, зробленых сведкамі, і перададзенымі тэлеграм-каналу “МогилевОнлайн” выразна відаць, як сотні птушак згуртаваліся на невялікай паласе вады, што яшчэ не пакрылася лёдам. Жыхары Магілёва, якія шпацыруюць непадалёк, з задавальненнем падкормліваюць такую шматлікую зграю.

Масавая прысутнасць качак у Магілёве – гэта непасрэдны вынік чалавечага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. З кожным годам падобная сітуацыя, верагодна, будзе ўсё часцей назірацца і ў іншых гарадах Беларусі.

Арнітолагі падкрэсліваюць, што такая з’ява ўжо перастае быць рэдкасцю. Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму качкі лічыліся пералётнымі птушкамі і толькі асобныя з іх заставаліся зімой у гарадах, то сёння ўжо тысячы птушак не адлятаюць у вырай, а зімуць каля вадаёмаў, якія не замярзаюць.

Навукоўцы тлумачаць гэта не толькі агульным пацяпленнем клімату. Асноўным фактарам з’яўляецца дзейнасць чалавека. Людзі рэгулярна кормяць вадаплаўных птушак на працягу ўсяго года, прывучаючы іх да лёгкадаступнай ежы, а менавіта хлеба і батона. У выніку качкі паступова губляюць свае прыродныя інстынкты, у тым ліку патрэбу ў сезонным пералёце ў цёплыя краіны.

Фотаздымак: “МогилевОнлайн”