Каля 30 магілёўцаў выйшлі на Прабег цвярозасці

Ужо другі раз на 1 студзеня ў Магілёве адбываецца Прабег цвярозасці. Гэтым разам бегаючых цвярознікаў было каля 30 чалавек.

Пры -14°C удзельнікі забегу ва ўзросце ад 7 да 62 гадоў прабеглі 3600 метраў па дарожкам вакол Дубравенкі. 

Як піша тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”, гэты забег з’яўляецца ініцыятывай магілёўскага ультрамарафонца Андрэя Арончыка. Ён не толькі арганізаваў усё ў другі раз, разаслаўшы запрашэнні бегунам з усёй Беларусі, але і падрыхтаваў для кожнага бегуна памятную бірульку.

“А пасля забегу для самых вытрывалых пачаўся… другі забег! Каманда “Падабайка-Run” на чале з арганізатарамі адправілася пакараць яшчэ 26 км па зімовым Магілёве” – гаворыцца ў паведамленні.

Дарэчы, у мінулагоднім магілёўскім Прабегу цвярозасці прыняло ўдзел крыху больш за 20 чалавек і беглі яны пяць кіламетраў, паведамляе Андрэй Арончык у Інстаграме.

Фотаздымак: ТГ “Магілёў – мой горад”

Як прайшоў Дзень горада ў Магілёве – атмасферныя фота

Пабывалі на Дні горада ў Падмікольскім парку. Перадаем вам настрой дажджлівага свята праз гэтую невялікую падборку.

Асноўнай пляцоўкай свята стаў парк у Падміколлі. Тут размясціліся гандлёвыя палаткі з шашлыкамі і рознымі пачастункамі. А 12.00 у парку стартаваў забег “Магілёў, бягом за львом”. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, мерапрыемства сабрала пару дзясяткаў наведвальнікаў, а некаторыя з удзельнікаў забегу нават крэатывілі з вобразамі льва.










день города

У Магілёве пройдзе забег па лесвіцы ў Падміколлі – у баявой вопратцы і ў апаратах па 18 кілаграмаў

Магілёўскі гарадскі аддзел МНС абвясціў турнір “Падмікольскі каскад” з забегам для ўсіх ахвотных у баявой вопратцы.

Спаборніцтвы пройдуць 31 траўня ў 9.00. У забегу прымуць удзел некалькі груп спартсменаў. Першыя дзве групы складуць супрацоўнікі МНС, мужчыны. У трэцяй групе змогуць спаборнічаць усе жыхары Магілёва старэйшыя за 18 гадоў, таксама мужчыны. Жанчыны – як супрацоўніцы МНС, так і грамадзянскія асобы, змогуць прыняць удзел у чацвёртым забегу.

Спартсмены будуць спаборнічаць у хуткасным пад’ёме на лесвіцу Падмікольскага парка. Усе ўдзельнікі-мужчыны пойдуць на забег у баявой вопратцы ратавальніка і ў апаратах на сціснутым паветры, вага якога 18 кілаграмаў. Жанчыны будуць бегаць без апаратаў, але ў баявой вопратцы. Перад пачаткам спаборніцтваў усе спартсмены пройдуць медыцынскае асведчанне.

Фота: mogilev.media

Настаўнік беларускай мовы з Магілёва перамог у лёгкаатлетычным забегу «Шахцёр-трэйл»

Юрась Каласоўскі, вядомы ў Магілёве не толькі як марафонец, але і як грамадскі актывіст, які вучыў ахвотных беларускай мове на моўных курсах. 

Ён – настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Яго прызнавалі найлепшым настаўнікам Магілёва і вобласці.

У Салігорску на забегу «Шахцёр-Трэйл» Юрась Каласоўскі перамог на самай прэстыжнай дыстанцыі ў 40 кіламетраў. Ён прабег яе за 2 гадзіны, 45 хвілін і 53 секунды!

У салігорскім забегу ўдзельнічала больш за пяцьсот удзельнікаў. Ім прапаноўваліся на выбар дыстанцыі ў 40 км, 20 км, 6 км, піша інтэрнэт-выданне «Шахцёр».

фота: Шахцёр

У Магілёве міжнародны марафон беглі працоўныя, бо прасіла ўлада

У Магілёве на Міжнародны марафон, які адбыўся 8 мая, гарвыканкам абавязаў прадпрыемствы рэкрутаваць сваіх працоўных. На думку чыноўнікаў, «сумесны ўдзел прадстаўнікоў працоўных калектываў» паспрыяе іх згуртаванню, умацуе здароўе ды зробіць больш разнастайным адпачынак.

Арганізатары разлічвалі на тысячу ўдзельнікаў, прычым для дасягнення гэтага паказчыка кіраўніцтва гарвыканкаму заклікала прадпрыемствы забяспечыць удзел у ім не меней за 10 чалавек ад кожнага. Пра гэта гаворыцца ў дакуменце, які трапіў нашаму выданню. Згодна з ім завадскія марафонцы меліся выйсці на старт у адной форме з агульнай эмблемай, а масоўка падтрымліваць іх плакатамі і расцяжкамі.

Гэта ўжо трэці падобны забег у горадзе. Два папярэднія адбыліся ў 2017 і 2019 гадах, і недахопу ўдзельнікаў на іх не назіралася – як магілёўскіх, так і замежных. У 2019-ым марафон выйграў украінец Багдан Семяновіч.

Сёлета ніводнае афіцыйнае паведамленне пра спартовую імпрэзу не згадала, з якіх краінаў на яе прыехалі ўдзельнікі, але марафон падаецца, як «міжнародны».

У сёлетнім марафоне ўдзельнічалі прынамсі двое спартоўцаў у інвалідных вазках.