У Магілёве міжнародны марафон беглі працоўныя, бо прасіла ўлада

У Магілёве на Міжнародны марафон, які адбыўся 8 мая, гарвыканкам абавязаў прадпрыемствы рэкрутаваць сваіх працоўных. На думку чыноўнікаў, «сумесны ўдзел прадстаўнікоў працоўных калектываў» паспрыяе іх згуртаванню, умацуе здароўе ды зробіць больш разнастайным адпачынак.

Арганізатары разлічвалі на тысячу ўдзельнікаў, прычым для дасягнення гэтага паказчыка кіраўніцтва гарвыканкаму заклікала прадпрыемствы забяспечыць удзел у ім не меней за 10 чалавек ад кожнага. Пра гэта гаворыцца ў дакуменце, які трапіў нашаму выданню. Згодна з ім завадскія марафонцы меліся выйсці на старт у адной форме з агульнай эмблемай, а масоўка падтрымліваць іх плакатамі і расцяжкамі.

Гэта ўжо трэці падобны забег у горадзе. Два папярэднія адбыліся ў 2017 і 2019 гадах, і недахопу ўдзельнікаў на іх не назіралася – як магілёўскіх, так і замежных. У 2019-ым марафон выйграў украінец Багдан Семяновіч.

Сёлета ніводнае афіцыйнае паведамленне пра спартовую імпрэзу не згадала, з якіх краінаў на яе прыехалі ўдзельнікі, але марафон падаецца, як «міжнародны».

У сёлетнім марафоне ўдзельнічалі прынамсі двое спартоўцаў у інвалідных вазках.