Чыноўнікі: Мсціслаў, Хойнікі і Астравец аднолькава прыдатныя для ядзернага магільніка

У прадстаўленай грамадскасці ацэнцы ўдзеяння на навакольнае асяроддзе чыноўнікі хочуць пазбегнуць адказнасці за выбар пляцоўкі для ядзерных адходаў, лічыць незалежны Сяргей Бесараб.

Усе тры пляцоўкі нібыта аднолькава добрыя

Для размяшчэння ядзернага магільніка разглядаюцца тры тэрыторыі – каля Мсціслава, Хойнікаў і Астраўца. Паводле афіцыйнага дакумента БелРАА, усе яны прызнаныя прыдатнымі. На думку Бесараба, які з’ўляецца міждысцыплінарным даследчыкам, вынаходнікам і навуковым журналістам з бэкграўндам у радыяцыйнай і калоіднай хіміі, гэта галоўная праблема справаздачы. Паводле міжнародных стандартаў, пасля вывучэння магчымых варыянтаў спецыялісты павінны вылучыць найбольш бяспечную пляцоўку і рэзервовую. У беларускім праекце гэтага няма.

Эксперт лічыць, што такім чынам распрацоўшчыкі фактычна перакладаюць адказнасць на ўрад. Калі ўсе тры варыянты прызнаныя роўнымі, то выбар будзе ўжо не навуковым, а палітычным.

Замест сховішча – цэлы ядзерны комплекс

Бесараб звяртае ўвагу, што ў дакументах аб’ект называецца прыпаверхневым сховішчам радыёактыўных адходаў. Аднак з генеральнага плана вынікае, што прадугледжваюцца не толькі модулі пахавання, але і комплекс перапрацоўкі адходаў, сховішчы, устаноўкі для спальвання і выпарвання.

На яго думку, грамадскасці прапануюць успрымаць праект як адносна простае сховішча, хаця фактычна гаворка ідзе пра значна больш складаны і патэнцыйна небяспечны прамысловы аб’ект.

Пытанні без адказаў

Эксперт таксама звярнуў увагу на шэраг тэхнічных момантаў, якія, на яго думку, у справаздачы не атрымалі належнай ацэнкі. Сярод іх выкарыстанне радыёактыўнай драўніны з Хойніцкага раёна, рызыкі распаўсюджвання радыёнуклідаў праз грунтовыя воды, доўгатэрміновая бяспека кантэйнераў, наступствы магчымых аварый і ўплыў змянення клімату.

Асобна ён адзначае, што ключавыя разлікі бяспекі выконвалі расійскія структуры, звязаныя з «Расатамам», а беларускія арганізацыі фактычна выступалі толькі ў ролі выканаўцаў дапаможных работ.

«Дакумент для зняцця адказнасці»

На думку Сяргея Бесараба, галоўнае ўражанне ад справаздачы – спроба стварыць бачнасць маштабнага навуковага даследавання, не адказаўшы пры гэтым на асноўныя пытанні бяспекі.

Ён лічыць, што прадстаўлены матэрыял больш нагадвае не абгрунтаванне бяспекі будучага ядзернага магільніка, а шматстаронкавы дакумент, які дазваляе чыноўнікам і распрацоўшчыкам у будучыні сказаць, што ўсе магчымыя варыянты былі аднолькава добрымі, а канчатковае рашэнне прымалі ўжо палітыкі.

Інфаграфіка: выданне “Флагшток”