Горацкі аграном папаўся на хабары ў 35 545 рублёў 26 капеек

У Горацкім райсудзе да чатырох гадоў зняволення асудзілі агранома, які цягам чатырох гадоў набраў хабару на амаль 35 тысяч рублёў.

Паводле суда Горацкага раёна, 49-гадовы мясцовы жыхар, будучы галоўным аграномам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, атрымліваў грошы ад пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі. Узамен ён фармаваў пад іх закупкі і забяспечваў выгадныя кантракты. Так цягнулася са студзеня 2020 года па снежань 2023-га.

Агульная сума хабару склала 34 545 рублёў 26 капеек. Для легалізацыі такіх незаконных даходаў была распрацавана схема з фіктыўнымі дамовамі. Гэта былі дамова падраду, калі плацілі за работы, якія выконвала насамрэч прадпрыемства і дамова арэнды аўтамабіля, якога абвінавачаны ў рэчаіснасці не прадастаўляў. Грошы пераводзіліся па гэтым дамовам на асабісты рахунак галоўнага агранома.

На суде абвінавачаны сваю віну ў буйным хабары прызнаў і раскаяўся, а таксама вярнуў усе незаконна здабытыя сродкі.

Былога галоўнага агранома асудзілі на чатыры гады зняволенння ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штрафу ў 29 400 рублёў з забаронай на пяць гадоў займаць кіруючыя і распарадчыя пасады.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве вынесены прысуд забойцы маладой жанчыны

Магіляўчанка памерла ад траўматычнага шоку, а яе забойца сцвярджаў, што толькі двойчы шлёпнуў жанчыну па шчаках.

Пастаўлена кропка ў трагедыі, якая адбылася вясной у Магілёве. Тады ад збіцця памерла жанчына, якой яшчэ не споўнілася трыццаць. Яе 35-гадовы сужыцель сцвярджаў, што даў ёй толькі некалькі аплявух.

Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла: траўмаў было не менш за дзесяць, і ўдары былі нанесены ў жыццёва важныя часткі цела.

Агрэсіўны мужчына і раней ужываў гвалт. Ён быў двойчы жанаты, і абедзве жонкі добра ведалі, што такое ягоныя кулакі.

І гэтым разам не ўсё было спакойна – абвінавачаны аднойчы ў прыступе гневу разарваў пашпарт будучай ахвяры.

Суд прыгаварыў магілёўца да 16 гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фота: УДКСЭ па Магілёўскай вобласці.

Бабруйчаніна пакаралі штрафам за збіццё і пагрозу забойствам

Бабруйскі суд праявіў надзвычайную мяккасць да злачынцы, які збіваў і пагражаў забіць уласную сужыцельку. 

Суд над 34-гадовым бабруйчанінам праходзіў проста ў аддзеле міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска. Прычынай разгляду сталі паводзіны мужчыны, які яшчэ ў кастрычніку 2025 года, будучы п’яным, пасварыўся са сваёй сужыцелькай, пачаў збіваць яе рукамі і нагамі, душыў жанчыну і, прыстаўляючы нож да яе цела, пагражаў забіць.

Суд прызнаў жыхара Бабруйска вінаватым, але прызначыў яму мінімальна магчымае па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса пакаранне – штраф у памеры 50 базавых велічынь, што складае 2100 рублёў. Дарэчы, у якасці пакарання гэты артыкул прадугледжвае і грамадскія працы, і выпраўленчыя працы, і арышт, і абмежаванне волі, і нават пазбаўленне волі да трох гадоў. Але суд абраў даволі невялікі штраф.

Прысуд у сілу пакуль не ўступіў. 

Фотаздымак: Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска

У Касцюковічах судзілі кіраўніцу фермы

У Касцюковічах ужо ўсё называюць сваімі імёнамі – у раёне выяўлена яшчэ адна схема ўтойвання гібелі жывёлы.

Кіраўніцу фермы судзілі ў Касцюковічах на адкрытым пасяджэнні – у прысутнасці службовых асоб і работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый.

Жанчына ўнесла ва ўліковыя дакументы заведама ілжывыя звесткі і запісы, не ўказаўшы гібель як мінімум 33 галоў буйной рагатай жывёлы.

З іх 11 галоў 33-гадовая жыхарка Касцюковічаў «рэалізавала» праз забойны цэх. Такім чынам, абвінавачаная ўтойвала гібель жывёлы і падавала ў бухгалтэрыю прадпрыемства справаздачы з ілжывымі звесткамі. 

Суд улічыў прызнальныя паказанні абвінавачанай і яе шчырае раскаянне. Прысуд – год папраўчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы пятнаццаці працэнтаў заробку, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц.

Гэта ўжо не першы такі выпадак на Касцюкоўшчыне. Справы ва ўбыточных калгасах Беларусі пастаўлены так, што «моцным гаспадарнікам» прасцей пайсці на службовы падлог, чым прызнаць, што каровы здохлі з-за дрэннага догляду.

А тым часам і ў Магілёўскім раёне ўзбуджана крымінальная справа супраць 48-гадовага кіраўніка сельгаспрадпрыемства, які на працягу сямі месяцаў даваў незаконныя ўказанні падначаленым аб унясенні ілжывых звестак у афіцыйныя дакументы.

Схаваны падзёж 119 галоў. Прадпрыемству нанесены ўрон у памеры каля 130 000 рублёў.

Фота раённай  газеты.

Магілёўскую школьніцу асудзілі на восем гадоў за наркотыкі

Восем гадоў зняволення прысудзіў суд у Чэрыкаве непаўналетняй магіляўчанцы па абвінавачванні ў незаконным абароце наркотыкаў.

Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Падрабязнасцяў справы ў інфармацыі з Вярхоўнага суда няма. Вядома, што дзяўчыну асудзілі па ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу. Яна прызнана вінаватай у незаконных з мэтай збыту набыцці, захоўванні, перавозцы, незаконным збыце псіхатропных рэчываў, у дачыненні да псіхатропных рэчываў у буйным памеры, у дачыненні да асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, учыненых арганізаванай групай.

Варта адзначыць, што чацвертая частка данага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе зняволення ад васьмі да 20 гадоў са штрафам альбо без яго. Школьніца пачне адбываць свой тэрмін у выхаваўчай калоніі.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Суд у Магілёве абвясціў экстрэмісцкім TikTok Аляксандра Івуліна

Суд Ленінскага раёна Магілёва назваў экстрэмісцкім TikTok-акаўнт «ЧестнОК-LIVE» спартыўнага журналіста, экс-палітвязня Аляксандра Івуліна.

Гэты рэсурс ужо ўнеслі ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 

Аляксандр Івулін – ураджэнец Оршы, вядомы спартыўны журналіст і футбаліст. Ён гуляў за “Крумкачоў”, працаваў у выданні Tribuna.com. 3 чэрвеня 2021 года Аляксандр быў арыштаваны спачатку на 30 сутак па адміністрацыйнай справе, а пазней асуджаны на два гады калоніі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пасля выхаду з калоніі Івулін з’ехаў за мяжу і аднавіў працу над уласнымі праектамі. 

Яго праект “ЧестнОК” у красавіку гэтага года быў прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Харчы замест камп’ютэраў: студэнт з Краснаполля папаўся на махлярстве

Тры гады зняволення прысудзілі студэнту з Краснаполля, які, абяцаючы даставіць купленыя ў яго камп’ютэты, адпраўляў заказчыкам прадукты харчавання.

Сваю дзейнасць па размяшчэнні на папулярных інтэрнэт-пляцоўках хлуслівых аб’яў аб продажу камп’ютэрнай тэхнікі і камплектуючых 20-гадовы малады чалавек пачаў размяшчаць у першай палове мінулага года. Тым, хто выказваў зацікаўленнасць у набыцці прапануемых тавараў, ён абяцаў выслаць замоўленае па пошце. І пасылкі сапраўды былі, праўда, не з камп’ютарнай тэхнікай, а з прадуктамі харчавання.

Як падлічыў суд у Краснаполлі, з мая 2024 года па сакавік 2025, часам разам з падзельнікамі, малады чалавек завалодаў грашыма 22 пацярпелых на агульную суму ў 10 407 рублёў. Пры гэтым не ўдалося падмануць яшчэ чатырох кліентаў, якія раскрывалі падман яшчэ на пошце, калі распакоўвалі там пасылкі і пасля ўбачанага адмаўляліся пералічваць грошы махляру.

Падчас судовага працэса падсудны прызнаў віну часткова. Згодна выраку, яму прызначана тры гады зняволення, штраф 4200 рублёў і канфіскацыя яго мабільных тэлефонаў як сродкаў злачынства. На карысць пацярпелых спагнана кампенсацыя маральнай і матэрыяльнай шкоды.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магіляўчанку не выратаваў ад даўгоў шлюбны дагавор

Магіляўчанка спрабавала пазбегнуць выплаты 240 тыс. рублёў па судоваму выраку, прыкрыўшыся шлюбнай дамовай, але пракуратура выкрыла яго фіктыўнасць.

У свой час суд у Мінску прызнаў жыхарку Магілёва вітнаватай у нясплаце мытных плацяжоў, падаткаў і іншых збораў, а таксама ў незаконным заняцці прадпрымальніцкай дзейнасцю. З яе і яе падзельнікаў было спагнана агулам 240 тыс. рублёў.

Аднак, калі на аўтамабіцль жанчыны судовыя выканаўцы наклалі арышт, жанчына хуценька разам з мужам заключылі шлюбны дагавор. Дакумент прадугледжваў, што з моманту яго заключэння ўся маёмасць жонкі пераходзіць ва ўласнасць мужа. Пры тым, што сужонцы вялі агульную гаспадарку і жанчына таксама мела прыбатак у выглядзе заробку.

Пракуратура выкрыла хітрыкі гэтых магілёўцаў і звярнулася ў суд, каб прызнаць шлюбную дамову несапраўднай. Суд Ленінскага раёна Магілёва пагадзіўся з такім меркаваннем. Яго рашэнне ўжо ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйскі прадпрымальнік ухіліўся ад падаткаў больш чым на 600 000 рублёў

Бабруйскі прыдпрымальнік выкарыстаў схему ўхілення ад падаткаў шляхам драблення бізнэса. За гэта яму прысудзілі два з паловай гады хатняй хіміі.

Як высветліў суд у Бабруйску ў працэсе над 62-гадовым індывідуальным прадпрымальнікам, мясцовы жыхар працаваў па схеме аптымізацыі падаткаў з 2016 года. 

Ён зарэгістраваў у якасці такіх жа ІП сваю матку, сужыцельку і абедзьвюх дочак. Потым перадаў ім права ўласнасці на нерухомасць, кую здаваў у арэнду. Фармальна агульнай выручкі ў іх не было, але насамрэч грошы ішлі ў адну кішэню, пры меншай сплаце падаткаў. У выніку ад такой дзейнасці, як высветліў суд, сума ўхілення ад падаткаў склала за гэты дзясятак гадоў 628 тыс. рублёў.

У зале суда прадпрымальнік сваю віну прызнаў, цалкам выплаціў грошы. Вырак быў даволі мяккі – два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама ён мусіць сплаціць 42 тыс. рублёў штрафу і яму забаронена пяць гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Клімавіцкі брыгадзір аддзелаўся “хатняй хіміяй” за гібель пастуха

Дапушчаны да працы пастух загінуў пры пераходзе жывёлы праз раку. Ён не толькі не меў кваліфікацыі, а наогул не працаваў на гэтым прадпрыемстве.

У чэрвені 2025 года, працуючы брыгадзірам ў адным з сельгаспрадспрыемстваў Клімавіцкага раёна супрацоўнік дапусціў да пасьбы жывёлы грамадзяніна, які не меў да гэтага неабходнай кваліфікацыі. Больш за тое, гэты чалавек увогуле не меў якіх-кольвечы ведаў, датычных тэхнікі бяспекі і ахове працы пры выкананні такога роду дзейнасці, і нават не працаваў у тым сельгаспрадпрыемстве. 

Усё гэта высветліў Клімавіцкі райсуд, калі разлядаў справу аб смерці пастуха, які патануў пры перагоне статка праз раку.

Брыгадзір цалкам прызнаў сваю віну, і суд быў да яго надзвычай паблажлівы. За ўсё яго дзеянні, якія пацягнулі смерць падначаленага, абвінавачаны атрымаў два гады “хатняй хіміі” з забаронай на тры гады займаць кіруючыя пасады.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц