У Касцюковічах ужо ўсё называюць сваімі імёнамі – у раёне выяўлена яшчэ адна схема ўтойвання гібелі жывёлы.
Кіраўніцу фермы судзілі ў Касцюковічах на адкрытым пасяджэнні – у прысутнасці службовых асоб і работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый.
Жанчына ўнесла ва ўліковыя дакументы заведама ілжывыя звесткі і запісы, не ўказаўшы гібель як мінімум 33 галоў буйной рагатай жывёлы.
З іх 11 галоў 33-гадовая жыхарка Касцюковічаў «рэалізавала» праз забойны цэх. Такім чынам, абвінавачаная ўтойвала гібель жывёлы і падавала ў бухгалтэрыю прадпрыемства справаздачы з ілжывымі звесткамі.
Суд улічыў прызнальныя паказанні абвінавачанай і яе шчырае раскаянне. Прысуд – год папраўчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы пятнаццаці працэнтаў заробку, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц.
Гэта ўжо не першы такі выпадак на Касцюкоўшчыне. Справы ва ўбыточных калгасах Беларусі пастаўлены так, што «моцным гаспадарнікам» прасцей пайсці на службовы падлог, чым прызнаць, што каровы здохлі з-за дрэннага догляду.
А тым часам і ў Магілёўскім раёне ўзбуджана крымінальная справа супраць 48-гадовага кіраўніка сельгаспрадпрыемства, які на працягу сямі месяцаў даваў незаконныя ўказанні падначаленым аб унясенні ілжывых звестак у афіцыйныя дакументы.
Схаваны падзёж 119 галоў. Прадпрыемству нанесены ўрон у памеры каля 130 000 рублёў.
Фота раённай газеты.