Дзень у гісторыі. 1 лютага. Таруньскі мір. Славутае Магілёўскае паўстанне. Нямы сойм. Заклік К. Каліноўскага да паўстання

Ігнат (народны каляндар). 

«На святога Ігната зіма багата».

У адных месцах лічылі, што якое надвор’е сёння, такі і ўвесь люты будзе, у іншых казалі, што такой будзе ўся вясна.

Былі і такія прыкметы: калі неба яснае, то вясна будзе рана; калі мяцеліца, то і на Масленку будзе месці.

1411 год. Заключаны Таруньскі мір, якім скончылася Вялікая вайна (1409–1411) Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам

У гістарыяграфіі гэта пагадненне часта лічыцца дыпламатычнай няўдачай Польшчы і Літвы з-за іх няздольнасці выгадна скарыстаць разгромнае паражэнне крыжакоў у Грунвальдскай бітве. 

Крыжакі аддалі Добжынскую зямлю, захопленую ў Польшчы падчас вайны, і зрабілі толькі часовыя тэрытарыяльныя саступкі ў Жамойці, якая пераходзіла да Літвы толькі на час кіравання польскага караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. 

Таруньскі мір быў нестабільным. Спатрэбіліся яшчэ дзве вайны, Галодная вайна ў 1414 і Голубская вайна ў 1422, каб падпісаць Мельнскі мір, які вырашыў усе тэрытарыяльныя спрэчкі. Тым не менш, вялікія памеры ваенных рэпарацый былі значным фінансавым цяжарам для крыжакоў, яны спарадзілі ўнутраныя канфлікты і эканамічны спад. Крыжацкі ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц.

Ян Матэйка. Вітаўт і Ягайла моляцца напярэдадні Грунвальдскай бітвы. 

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без бая на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

Напярэдадні быў распрацаваны план паўстання, паводле якога ўсе гаспадары, у якіх стаялі па хатах маскоўскія ратнікі, мусілі абясшкодзіць іхнюю зброю, дастаўшы крэмень ці іншым чынам папсаваўшы яе. Датай пачатку паўстання было прызначанае 10 лютага. Да апошняй хвіліны маскоўцы не здагадваліся пра змову месцічаў.

Прычынай заўчаснага (не 10, а 1 лютага) пачатку паўстання называюцца зняважлівыя паводзіны расійскіх жаўнераў на гандлёвай плошчы. У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

Існуе таксама іншая дата паўстання паводле іншых крыніц – 11 лютага 1661 года.

“Магілёўскае паўстанне”. Ілюстрацыя Ігара Адамовіча да кнігі А.Д. Лісоўскага “Кніга”.

1717 год. У Рэчы Паспалітай адбылася паседжанне аднадзённага «Нямога сойма»

Сойм быў скліканы для вылучэння ўмоў каралю Аўгусту II. Увайшоў у гісторыю як «нямы» таму, што кароль прыняў патрабаванні, якія яму выстаўляліся – вывад саксонскіх войскаў, пашырэнне паўнамоцтваў Сойма і Сената, абмежаванне асабістай улады караля – практычна без адзінага слова. 

Да такога рашэння яго схіліў расійскі цар Пётр I, які меў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай 60 000 салдат. 

Сойм таксама пашырыў правы шляхты, зацвердзіў вайскова-скарбовую рэформу, стварэнне невялікіх рэгулярных армій Польшчы (18 000) і Вялікага княства Літоўскага (6 000 салдат), зацвердзіў пратэкцыю рускага цара над Рэччу Паспалітай.

1733 год. Памёр Аўгуст Моцны, Фрыдрых Аўгуст I, Аўгуст II

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1697–1706, 1709–1733).

Мянушку «Моцны» атрымаў з прычыны выключнай фізічнай сілы і шматлікіх любоўных прыгод. Карыстаўся папулярнасцю сярод дробнай шляхты.

Імкнучыся да абсалютнай улады збіраўся ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай уладай, у чым яго падтрымалі Радзівілы, Вішнявецкія і іншыя магнаты і шляхта. 

Уцягнуў краіну ў Паўночную вайну (1700–1721) як  саюзнік Пятра I, аслабіў дзяржаву. Яго няўдалая палітыка прывяла да актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай не толькі Расіі, але і Прусіі, Аўстрыі і Францыі.

Аўгуст Моцны больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам. Намагаючыся ўзмацніць сваю ўладу ў Польшчы і ВКЛ ён абапіраўся на дапамогу суседніх дзяржаў, на карысць якіх збіраўся аддаць частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

1811 год. Нарадзіўся Рамуальд Зянкевіч. 

Беларускі этнограф, педагог, археолаг, фалькларыст. 

Збіраў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі на Піншчыне, укладальнік першага зборніка беларускіх песень, які мае навуковае значэнне. Вывучаў Крэўскі замак, Тураў. 

Спасылаючыся на запісаныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні, сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў. Аўтар першай археалагічнай карты Ашмянскага павета. 

Памёр 11 верасня 1868 года.

1860 год. Памёр Іосіф Ярашэвіч. 

Беларускі гісторык, этнограф, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Апякун студэнта Ю. Славацкага – будучага вядомага польскага паэта.

Збіраў крыніцы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, крытычна іх аналізаваў, знайшоў у Віленскім кармеліцкім кляштары польскамоўны тэкст Першага статуту ВКЛ.

Пасля падаўлення паўстання 1830–1831 года і закрыцця Віленскага ўніверсітэта, пакінуў педагагічную дзейнасць, як «асоба, якая не правільна мысліць».

Галоўная яго праца «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» грунтуецца на звестках Літоўскай метрыкі, М. Стрыйкоўскага, А. Нарушэвіча, І. Анацэвіча, Т. Нарбута, К. Богуша, М. Карамзіна, Е. Фойгта.

Аўтар прац «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян», «Пра стан цывілізацыі Літвы перад i пасля заснавання акадэміі», «Матэрыялы да статыстыкі i этнаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет».

Вывучаў паходжанне колішніх плямёнаў на геаграфічнай Беларусі, фальклор i этнаграфію беларусаў, цікавіўся археалогіяй.

1863 год. Выйшаў зварот Літоўскага правінцыяльнага камітэта на чале з К. Каліноўскім да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу. 

Паўстанне пачалося на тэрыторыі Польшчы 22 студзеня, а на тэрыторыі Літвы і Беларусі – 1 лютага пасля закліка лідара паўстання. Паўстанне цягнулася, галоўным чынам, да 18 чэрвеня, а поўнасцю задушана рускім царызмам увосень 1864 года.

Паўстанне 1863-1864 гадоў выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860–1870-я гады, стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Падчас паўстання загінула да 30 000 чалавек, да 20 000 было рэпрэсавана. У Польшчы статут ветэрана студзеньскага паўстання ў 1920–1939 гадах атрымалі 3 644 чалавек – гэта тыя, хто заставаўся ў жывых. У 1920-я гады ў сённяшнім пасёлку Свір на самым высокім месцы над аднайменным возерам быў устаноўлены помнік у гонар паўстанцаў з белым арлом, які быў зруйнаваны Саветамі ў 1939 годзе, а белы арол скінуты ў возера.

1874 год. Памерла Гелена Скірмунт. 

Беларуская і польская мастачка. Пляменніца Напалеона Орды.

Малявала партрэты, пейзажы, абразы для касцёлаў.

Як скульптар выканала шмат распяццяў, медальёнаў з партрэтамі, у тым ліку І. Лялевеля, Ю. Крашэўскага. Аўтар гіпсавых плакет «Міндоўг», «Гедзімін», гістарычных шахмат у выглядзе войска Яна III Сабескага і туркаў і іншых прац.

У 1863 годзе за спробу даставіць дэпешу Р. Траўгуту арыштавана і саслана ў Тамбоў.

Б. Залескім часткова апублікаваны яе дзённік разам з лістамі пад назвай «3 жыцця літвінкі, 1827-1874».

1884 год. Нарадзіўся Аляксандр Сянкевіч. 

Дзяржаўны дзеяч БССР, нарком аховы здароўя, публіцыст.

Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне, пасля разгону якога з’ехаў у ЗША, дзе скончыў медыцынскі факультэт Балтымарскага ўніверсітэта.

У 1917 годзе арганізаваў медслужбу савецкіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе. 

У 1921–1923 гадах быў наркамам аховы здароўя БССР, пасля – працаваў на партыйных пасадах, у беларускім сектары Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве, у БДУ, рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі, у Інстытуце літаратуры і мастацтва акадэміі навук, дырэктарам Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, ва Усесаюзным радыёкамітэце.

Пасля 1930 года ў палітычнай няласцы, высланы з Беларусі. Арыштаваны ў  студзені 1938 года, у чэрвені прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны 29 чэрвеня 1938 года.

Быў неаднаразова выведзены ў літаратурных творах: Якубам Коласам, як Алесь Садовіч у трылогіі «На ростанях» і як правобраз Бас-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі», А. Фадзеевым, як доктар Сташынскі ў рамане «Разгром».

Імем Сянкевіча названа вуліца ў Мікалаеўшчыне.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Прытыцкі. 

Беларускі палітычны дзеяч Заходняй Беларусі і БССР.

Дзеяч Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. У 1936 годзе прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвым турэмным зняволеннем, вызвалены ў 1939 годзе пад час паходу Чырвонай Арміі і прызначаны намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама.

У чэрвені-жніўні 1941 года ўдзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва. Падчас вайны – начальнік Польскага штаба партызанскага руху.

У пасляваенны час быў першым сакратаром Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага, Мінскага абкамаў КПБ, намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1968–1971).

Памёр 13 чэрвеня 1971 года.

Яго імем названыя вуліцы ў Мінску, Гродне, Баранавічах, Маладзечне, Магілёве (Бароўка), сквер у Мінску.

1994 год. Памёр ураджэнец Рэчыцы Яўген Караткевіч. 

Палярны даследчык, доктар геаграфічных навук, прафесар, Герой Сацыялістычнай працы, віцэ-прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР.

Унёс вялікі ўклад у вывучэнне прыроды, прыродных багаццяў Арктыкі і Антарктыды. Удзельнік Першай комплекснай антарктычнай экспедыцыі, непасрэдны кіраўнік трох экспедыцый на лядовы мацярык, у 1962–1989 гадах узначальваў Савецкую антарктычную экспедыцыю. 

Аўтар больш за 200 навуковых прац, кіраўнік работ па падрыхтоўцы і выданню серыі навуковых атласаў прыроды. Пахаваны на Серафімаўскіх могілках Санкт-Пецярбурга. У яго гонар названа падледніковае плато ў Антарктыдзе.

Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Вакол Зямлі за 72 дні. Нарадзіліся: Уладзімір Высоцкі, паэты Адам Гурыновіч, Сяргей Украінка, Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня  1885 года ў Варшаве.

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года. 

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

1938 год. У Празе памёр  Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

помнік у Навагрудку 

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.

Дзень у гісторыі. 21 студзеня. Дзень абдымкаў і Швейцарскай гвардыі. Нарадзіўся гісторык Адам Кіркор. Пакараны Емяльян Пугачоў, памёрлі археолаг Ісак Сербаў і Уладзімір Ленін

Міжнародны дзень абдымкаў (International Hug Day, з 1986 года). 

З абдымкаў пачынаецца жыццё чалавека – бо першае, што робіць маці пасля з’яўлення свайго дзіцяці на свет – абдымае яго і прыкладвае да грудзей. Абдымкі суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыццёвага шляху – абдымаюцца закаханыя, муж і жонка, сябры, сваякі. Абдымаюцца, вітаючы адно аднаго, выказваючы свае пачуцці. Абдымкі – сімвал блізкасці і кахання.

Ёсць версія, што ў 1970-я гады нейкі юнак Хуан прыляцеў у Сіднэй. Маладога чалавека ніхто не сустрэў, і гэты факт засмуціў яго. Яму было самотна і сумна. Страціўшы надзею, ён зрабіў плакат “Абдымкі бясплатна” і стаў каля аэрапорта. Аўстралійцы са здзіўленнем спачатку глядзелі на юнака. Але жанчына, якая падышла да яго, сказала, што яна засталася зусім адна і мае патрэбу ў абдымках… 

Пра гэтую падзею даведаліся і студэнты, якія выступілі заснавальнікамі новага свята. Так у Аўстраліі зарадзіўся рух абдымкаў. А з 1986 года свята стала адзначацца і ў Амерыцы, потым традыцыя абдымкаў разышлася па свеце.

Увогуле, Дзень абдымкаў адзначаецца 4 разы на год: 21 студзеня, 15 і 22 ліпеня, 4 снежня, але ж дата 21 студзеня – найболей папулярная.

На думку навукоўцаў, штодзённыя абдымкі ад 3 да 7 разоў умацоўваюць імунную сістэму і псіхіку, а больш за 8 разоў – дазваляюць чалавеку здабыць поўнае шчасце.

Дзень інжынерных войск Беларусі. 

Чамусьці свята звязваецца з ўтварэннем рускай «Школы пушкарскага прыказа», якую 21 студзеня 1701 года заснаваў Пётр І. 

Армія Вялікага Княства Літоўскага і да гэтай даты мела свае інжынерныя войскі і аддзелы. Менавіта пабудова пантоннага маста з вінных бочак дапамагла Канстанціну Астрожскаму пераправіцца цераз Днепр і разграміць маскоўцаў у славутай бітве пад Воршай.

Сёння дыплом беларускага воіна-інжынера можна атрымаць у Ваеннай акадэміі і на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ. Інжынерных частак ва Ўзброеных Сілах краіны досыць багата: 7-ы Торуньскі інжынерны полк у Барысаве, 557-ы полк Заходняга камандавання, 2-я інжынерная брыгада ў Мінску, 189 інжынерны полк у Гродна, 188 інжынерна-сапёрны батальён у Магілёве.

1506 год. Утворана войска Ватыкана – Швейцарская гвардыя. Найстарэйшае войска на планеце. 

Утворана па распараджэнні рымскага папы Юлія II. Папа запрасіў на службу палкоўніка П’ера дэ Эрнштайна, які прывёў з сабой полк у паўтары сотні вялізных, светлавалосых, барадатых салдат. 

Служба ў гвардыі працягваецца ад двух гадоў. Акрамя прыгожай знешнасці і фізічных даных, суіскальнік павінен мець вышэйшую адукацыю, рост не меней за 174 см, узрост не старэйшы за 25 гадоў, быць чыстакроўным швейцарцам і быць каталіком. 

Гвардыя складаецца з 117 гвардзейцаў: 97 алебардыстаў і 7 сяржантаў. Камандуе войскам капітан папскіх гвардзейцаў са сваімі 4 афіцэрамі – дзейнымі афіцэрамі швейцарскай арміі.

Форма швейцарскіх гвардзейцаў вельмі каларытная – шлемы ўпрыгожаны ружовымі плюмажамі, а на камзолах чаргуюцца жоўтыя і сінія палосы. Распрацоўка дызайну формы належыць Мікеланджэла і Рафаэлю.

1775 год. У Маскве пакараны смерцю праз чвартаванне Емяльян Пугачоў. 

Данскі казак, кіраўнік сялянскага паўстання 1773-1775 гадоў. 

Удзельнік Сямігадовай 1756-1763 і руска-турэцкай 1768-1774 гадоў войнаў. На пачатку 1772 года быў ва ўцёках у старавераў у Ветцы на Гомельшчыне, ёсць непацверджаныя даныя аб знаходжанні і на тэрыторыі Хоцімшчыны.

У верасні 1773 года абвясціў сябе імператарам Пятром III. Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сялянскага царства. Паказаў вялікія арганізатарскія і ваенныя здольнасці. Пасля паражэння ад урадавых войск схоплены 19 верасня 1774 года.

1818 год. У Мсціслаўскім павеце нарадзіўся Адам Кіркор. 

Беларускі гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец.

Вучыўся у Магілёўскай, Віленскай гімназіях.

Выдаваў альманахі «Radegast», «Pamiętnik umysłowy», «Teka Wileńska», «Na dziś» i «Teka Krakowska», газеты «Kurier Wileński», пецярбургскую «Новое время» (1868-1871), рэдагаваў “Памятные книжки Виленской губернии”, навуковыя і мастацкія кнігі ва ўласнай віленскай друкарні. 

Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Беларусі і Літве, даследаваў каля 1 000 курганоў. Аўтар 3 тома «Маляўнічая Расія» («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882).

Член Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўнік Віленскага музея старажытнасцяў, член-карэспандэнт Імператарскага археалагічнага таварыства, член Рускага геаграфічнага таварыства.

У 1863 годзе прыцягваўся да следства ў сувязі з удзелам у паўстанні яго жонкі А. Маеўскай, на варшаўскай кватэры якой хаваўся кіраўнік паўстанцкага ўрада Р. Траўгут.

Памёр 23 лістапада 1886 года.

1886 год. Нарадзіўся Аляксей Туранкоў

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Вязень ГУЛАГу. 

У 1941-1944 гадах супрацоўнік Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Мінску і выдавецтва К. Езавітава ў Рызе. 

Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. Аўтар некалькіх опер, у тым ліку  «Кветка шчасця» (лібрэта В. Барысевіч, П. Броўкі і П. Глебкі), музыкі да многіх драматычных спектакляў («Пінская шляхта» і іншых) і кінафільмаў. Аўтар апрацоўкі беларускіх народных песень.

Памёр 27 верасня 1958 года.

1923 год. Нарадзіўся Аркадзь Астрамецкі. 

Беларускі цымбаліст, народны артыст. 

Кіраваў групай цымбалістаў Беларускага дзяржаўнага народнага аркестра (Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча), быў яго канцэртмайстрам, салістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выкладчыкам музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Яго рэпертуар складалі творы беларускіх аўтараў, пералажэнні інструментальных п’ес кампазітараў-класікаў. 

Манера выканання А. Астрамецкага вылучалася артыстызмам, яркай выразнасцю, вобразнасцю, рамантычнай узнёсласцю, шырокай палітрай фарбаў. У 1979 годзе ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся першы ў гісторыі цымбалаў сольны канцэрт у двух аддзяленнях у выкананні А. Астрамецкага. 

Творчасць артыста была шырока вядома па-за межамі СССР: ён гастраляваў у больш чым 20 краінах свету.

1924 год. Памёр Уладзімір Ульянаў (Ленін)

Расійскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы. 

Нягледзячы на тое, што Ленін ніяк не звязаны з Беларуссю, што беларускія дзеці амаль нічога не ведаюць пра яго, і па сёння назвы Ленінская, Леніна, Уллянаўская, Ільіч, Ільічоўка пануюць у тапаніміцы гарадоў і вёсак краіны, яго імя прысутнічае ў назвах буйных прадпрыемстваў і навучальных устаноў, у назвах гарадскіх раёнаў Мінска, Бабруйска, Брэста, Гродна, Магілёва, практычна ва ўсіх больш ці менш буйных пасяленнях стаяць помнікі ў яго гонар – іх 240 на Беларусі. 

Цікава, што самы першы помнік Леніну, драўляны, яшчэ пры жыцці “правадыра”, у 1922 годзе быў устаноўлены ў сённяшнім райцэнтры – у Краснополлі. 

А пад Іванава Брэсцкай вобласці захавалася лесанасаджэнне ў выглядзе слова ЛЕНІН – са 150 000 дрэў.

1928 год. У в. Антонаўка Чавускага раёна нарадзіўся Іван Аношкін

Беларускі пісьменнік

Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педінстытута. Працаваў ў газетах Бранскай, Брэсцкай абласцей, у чэрыкаўскай раёнцы «Сацыялістычная перамога», у абласной «Магілёўская праўда».

Аўтар 3 зборнікаў апавяданняў і гумарэсак, 5 аповесцей і апавяданняў, кніг для дзяцей «Навічок», «Алёнчын сакрэт», «Антонаў ясень». 

Памёр 3 лютага 2013 года ў Магілёве.

1938 год. Памёр у ГУЛАГу Янка Туміловіч. 

Беларускі паэт.

Скончыў БДУ. Працаваў выкладчыкам гісторыі, у рэдакцыях часопісаў. Член літаб’яднання «Маладняк», адзін з заснавальнікаў «Пралетарска-сялянскай беларускай літаратурнай суполкі» («Пробліск»).

Аўтар вершаў – узораў пралеткультаўскага рамантызму. 

Аўтар паэмы «Ульянаў–Ленін». З 1930 года яго публікацыі зніклі са старонак перыядычнага друку.

Арыштаваны ў 1936 годзе, прыгавораны да 7 гадоў лагераў. Памёр у лагеры пад Уладзівастокам.

1943 год. Памёр ураджэнец в. Кульшыцы (зараз – Слаўгарадскі раён) Ісак Сербаў. 

Беларускі этнограф, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай археалогіі, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытута беларускай культуры.

У Кульшыцах існавала традыцыя даваць беларускім немаўлятам біблейскія імёны. 

Настаўнічаў у шматлікіх месцах, уключаючы Вільню, Мінск, Хоцімск.

У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнню творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў. Узначальваў работы па збору і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ. 

Сабраў багатыя калекцыі народнага аддзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом “Беларускае народнае мастацтва” (1951).

Першым ў краіне сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.

1978 год. Памёр Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк, Альберт Кадняк). 

Беларускі паэт.

У Дзяржынскай школе вучыўся разам з вядомым у будучым гісторыкам М. Ермаловічам.

Працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына», падчас вайны – у рэдакцыі мінскай «Беларускай газеты», рыжскай «Новы шлях».

У 1944 годзе выехаў на Захад. У Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне.

У 1949 годзе пераехаў у Аўстралію. Член Згуртавання беларусаў у Вікторыі, Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Мае песні», вершаў-мініяцюр, паэм, зборнікаў паэзіі.

Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіліся першы рэктар Магілёўскага педінстытута Яўген Бычкоў, акадэмік Браніслаў Тарашкевіч, артыст Рыгор Шырма. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1913 год. Нарадзілася Ларыса Алексютовіч

Беларуская танцоўшчыца, балетмайстар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў балетнай групе Беларускага драмтэатра (Купалаўскага), у аб’яднанні музычных эстрадных і цыркавых работнікаў, у Ансамблі беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. 

У 1950-1973 гадах працавала балетмайстрам ансамбля танца БДУ, выкладчыкам Беларускага харэаграфічнага вучылішча. 

Ставіла шэраг сцэнічных танцаў на традыцыйнай аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні», кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях».

Памерла ў 2003 годзе.

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

1949 год. Памёр Юзаф Пузына. 

Польскі і беларускі гісторык, пісьменнік, паэт. Доктар філасофіі. Працаваў у міністэрстве замежных спраў Польшчы, рэдактарам міністэрскага часопіса “Messager Polonais”, членам рэдакцыі “Miesięcznik heraldyczny”, кіраўніком аддзела культуры магістрата Чанстаховы.

Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар вялікай працы “Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга”, мемуараў пра пісьменніцу М. Радзевіч.

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская, апошнім – у 2022 годзе – дырэктар ААТ «Мажэліт» Вікенці  Ермалёнак. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

2005 год. Зацверджаны гербы шэрагу гарадоў Віцебскай вобласці. 

Зацверджаны гербы Бешанковічаў, Браслава, Глыбокага, Гарадка, Докшыцаў, Лёзна, Мёраў, Полацка, Паставаў, Расонаў, Сянна, Талачына, Чашнікаў, Шаркаўшчыны, Шуміліна.

Герб Полацка

Дзень у гісторыі. 12 студзеня. Нарадзіўся народны артыст Уладзімір Мулявін. Памёр аўтар эталона гербу «Пагоня» Яўген Кулік. Ліквідацыя «Аўтарадыё»

1581 год. Пінск атрымаў герб «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»

Пінск – сталіца Палесся, тут знаходзяцца 44 значных гістарычна-культурных помніка і жыве 125 000 чалавек. Вядомы з 1097 года. Быў цэнтрам княства, вобласці (1939-1954), меў Магдэбурсгскае права. 

А. Блок параўноўваў яго з Кіцеж-градам. Тут заснавана першая ў Беларусі аптэка (1561). 

Буйны транспартны вузел, рачны порт. Працуюць важныя прамысловыя прадпрыемствы: адзіны ў Беларусі суднабудаўніча–суднарамонтны завод (тут пабудаваны цеплаход “Магілёў”), “Кузлітмаш”, “Амкадор-Пінск”, хімкамбінат, “Пінскдрэў” і іншыя. Дзейнічаюць Палескі драматычны тэатр, Музей Беларускага Палесся, Палескі ўніверсітэт, вышэйшая духоўная семінарыя імя Святога Тамаша Аквінскага. 

Радзіма Нобелеўскага лаўрэата Саймана Сміта (Сямёна Кузняца).

1591 год.  Мінск атрымаў герб “небаўзяцце панны Марыі». 

Да 29 ліпеня 1939 года меў назву Менск. Вядомы з 1067 года. Сталіца Беларусі (з 8 студзеня 1919 года), двухмільённы горад, самы вялікі прамысловы, навуковы, культурна-грамадскі, спартыўна-турыстычны цэнтр краіны.

1888 год. Нарадзіўся Язэп Каранеўскі. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, педагог, другі рэктар БДУ (1929-1931). Правадзейны сябра Інбелкульта.

Працаваў у Менскім настаўніцкім інстытуце, у грамадска-палітычнай арганізацыі «Маладая Беларусь», школьным інспектарам і выкладчыкам геаграфіі ў Менскай беларускай гімназіі, намеснікам наркама асветы, дырэктарам педтэхнікума. Займаўся арганізацыяй БДУ, праваднік масавай беларусізацыі.

У 1931 годзе пераехаў у Маскву. 15 ліпеня 1937 года арыштаваны НКУС і перавезены ў Менск. 28 кастрычніка прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і на другі дзень  расстраляны.

1906 год. Нарадзіўся Язэп Малецкі. 

Беларускі грамадскі дзеяч, рэдактар і выдавец, урач.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Прымаў удзел у беларускім культурным і нацыянальным руху. Пад час вайны працаваў у Віленскім беларускім камітэце ў Гродна, кіраваў медыцынскай школай у Баранавічах, быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады.

У Германіі арганізаваў «Аб’яднанне беларускіх лекараў на чужыне», рэдагаваў часопіс «Медычная думка». У Аўстраліі быў старшынёй  Беларускага аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе, удзельнікам выдання месячніка «Новае жыццё ў Сіднэі», дырэктарам Беларускага культурна-грамадскага клуба ў Сіднэі, старшынёй аўстралійскага сектара Рады БНР, Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі.

Аўтар мемуараў «Пад знакам Пагоні», медыцынскіх публіцыстычных артыкулаў.

Памёр 6 чэрвеня 1982 года ў Сіднэі.

1936 год. Заснавана добраахвотнае спартыўнае таварыства “Лакаматыў”. 

Мэта – паўсядзённая праца па аздараўленні чыгуначнікаў і членаў іх сем’яў.

Пры старшыні “Лакаматыва” Беларускай чыгункі Вікенціі Раманоўскім (1964-1994) было створана 12 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ – больш, чым на Маскоўскай і Кастрычніцкай магістралях. 

Больш за 32 выхаванцы таварыства сталі чэмпіёнамі і прызёрамі СССР, Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў. Сярод іх такія вядомыя спартсмены, як М. Кіраў, Н. Марыненка, С. Блоцкі, А. Бліняеў, М. Дамаросаў, А. Неўскі, І. Сумнікаў.

У 1994 годзе “Лакаматыў” стаў Дарожным фізкультурна-спартыўным камбінатам, у 2014 годзе ў кожным аддзяленні чыгункі былі створаны культурна-спартыўныя цэнтры (у Гомелі – Культурна-спартыўны комплекс).

Вялікі ўклад у развіццё спорту ўнеслі спартсмены Магілёўскага аддзялення чыгункі Таццяна Жукава і Валерый Палаўчэня.

Заўзятарам вядомая хакейная дружына «Лакаматыў-Орша». 

Спарткомлексы «Лакаматыва» працуюць на ўсіх чыгуначных вузлах, у тым ліку ў Крычаве, Бабруйску, Магілёве, Асіповічах.

Культурна-спартыўны цэнтр “Лакаматыў”, Магілёў  

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Мулявін. 

Беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі. 

1959 год. Нарадзілася Вераніка Чаркасава. 

Беларуская журналістка.

Працавала на беларускім тэлебачанні, у газеце «Голас Радзімы», у незалежных выданнях: «Имя», «Белорусская деловая газета», «Наша Свабода», «БелГазета», «Салідарнасць». 

Праводзіла журналісцкія даследаванні, пісала на сацыяльныя тэмы, напісала некалькі артыкулаў на тэму незаконнага гандлю зброяй паміж Беларуссю і Іракам.

Займалася дакументалістыкай. Самыя знакамітыя дакументальныя фільмы — пра М. Багдановіча, С. Мяржынскага, А.  Чаркасава. Пэўны час працавала над праграмай «Крок».

20 кастрычніка 2004 года была забітая ва ўласнай кватэры ў Мінску. Забойца нанёс каля 20 нажавых удараў.

1989 год. Пачаў апошні перапіс насельніцтва СССР

Праходзіў з 12 па 19 студзеня. Паводле яго дадзеных у БССР жыло 10 200 200 чалавек. 

Насельніцтва Магілёўскай вобласці склала 1 297 800 чалавек, па асобных гарадах (тысяч чалавек): 

Асіповічы – 34,0, 

Бялынічы – 6,6, 

Бабруйск – 221,0, 

Быхаў – 20,0, 

Глуск – 8,6, 

Дрыбін – 1,5, 

Касцюковічы – 13,2, 

Кіраўск – 6,7, 

Клімавічы – 18,0, 

Клічаў – 7,8, 

Краснаполле – 6,9, 

Круглае – 7,0, 

Крычаў – 33,0, 

Магілёў – 359,0, 

Мсціслаў – 12,0, 

Слаўгарад – 7,2, 

Хоцімск -7,7, 

Чавусы – 12,5, 

Чэрыкаў – 7,7, 

Шклоў – 15,0.

2000 год. Памёр Яўген Глебаў. 

Беларускі кампазітар, дырыжор, педагог. Народны артыст БССР і СССР. 

Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Аўтар шмтлікіх сімфоній, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў. Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры. 

Падрыхтаваў больш за 40 вучняў, сярод якіх Л. Захлеўны, Я. Паплаўская, В. Раінчык, Э. Ханок. 

Па ўспамінах В. Быкава, Глебаў доўга супраціўляўся ўступленню у КПСС, а пры прыёме не змог адказаць, у якім годзе была Кастрычніцкая рэвалюцыя. 

2002 год. Памёр Яўген Кулік. 

Беларускі мастак, аўтар эталона гербу «Пагоня» ў якасці дзяржаўнага герба Беларусі ў 1991-1995 гадах. 

Яго майстэрня, што знаходзілася ў Мінску насупраць будынка КДБ, стала ў 1960-я гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назву «На паддашку».

У станковых творах распрацоўваў тэмы гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны», «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі», малюнкаў рэканструкцый «Замкі Беларусі», паводле твораў У. Караткевіча, Янкі Купалы, «Паўстанне 1863 г. на Беларусі», трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша».

Займаўся і кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, у тым ліку «Слова аб палку Ігаравым», «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

2011 год. Ліквідавана беларуская радыёстанцыя «Аўтарадыё»

Першая незалежная радыёстанцыя ў незалежнай Беларусі, працавала ў Мінску з 7 жніўня 1992 года. 

Па меркаванню музычнага крытыка Зміцера Падбярэзскага, найбольш любімая сярод беларускіх FM-станцыяў. 

Ратыравала беларускую музыку, у прыватнасці такія гурты, як «N.R.M.», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і «Neuro Dubel», лідараў хіт-парадаў «Тузін Гітоў». Вядомымі вядучымі перадач на радыёстанцыі былі А. Хаменка, З. Вайцюшкевіч, Маша Яр і іншыя. 

У перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе радыё траслявала матэрыялы апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты А. Саннікава і У. Някляева.

2018 год. Памёр Расціслаў Жмойдзяк. 

Беларускі географ і картограф, прафесар, заслужаны работнік народнай адукацыі. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці.

З 1961 года ў БДУ прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара, дэкана геаграфічнага факультэта (1983–1998), загадчыка кафедры геадэзіі і картаграфіі (1980–2005). Распрацоўшчык праблем картаграфавання сельскагаспадарчай вытворчасці, дынамікі сельскага рассялення, сацыяльна-эканамічнага развіцця, экалагічнага картаграфавання. 

Пад яго кіраўніцтвам выдадзены атласы: “Атлас БССР”, “Атлас Рэспублікі Беларусь”, “Геаграфія Беларусi”, “Атлас геаграфіі Беларусі”, насценныя навучальныя карты, суаўтар Нацыянальнага атласа Беларусі. 

Дзень у гісторыі. 11 студзеня. Міжнародны дзень “дзякуй”. Ягайла атрымаў у жонкі каралеву Ядвігу. Забарона газета «Наша доля». Нарадзіўся мастак Аляксандр Ісачоў

Міжнародны дзень “дзякуй”. 

Свята ініцыявана з падачы міжнародных міратворчых супольнасцяў. Словы ўдзячнасці, якія сказаны з добрымі намерамі, валодаюць магутнай энергетыкай і здольныя матэрыялізавацца ў добрае самаадчуванне, здымаюць дэпрэсіўнае пачуццё і прымушаюць зноў і зноў здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Слова “дзякуй” сугучнае ў літоўскай, заходнеславянскіх, украінскай, беларускай, германскіх (ангельскае “thank”, нямецкае “danke”) мовах і звязана са словам з санскрыту “daihya” – “тое, што знаходзіцца ў целе”, “душа”. 

Дзякаваць – аддаваць частку душы: “дзякаваць ад усёй душы”, “вельмi дзякаваць”. 

Слова “дзякаваць” у помніках нашай мовы сустракаецца з XV стагоддзя. 

Псіхолагі лічаць, што словы падзякі – гэта “вусныя пагладжванні”, якія здольныя супакоіць і сагрэць сваёй цеплынёй. Галоўнае, каб словы падзякі вымаўляліся ад чыстага сэрца. 

Невыпадкова здаўна ў народзе існавала вельмі мудрае павер’е – не вымаўляй словы падзякі ў стане раздражнення, у такім выпадку, магічныя словы не дасягнуць мэты і не прынясуць радасці ні вам, ні таму, каму кажаце. Цікава, што і карані таксама сыходзяць значна глыбей простай падзякі.

1386 год. Прадстаўнікі Польшчы ў Ваўкавыску перадалі вялікаму князю Ягайлу акт аб перавыбранні яго каралём польскім і аддачы яму ў жонкі малалетняй польскай каралевы Ядвігі.

Ядвіга (1374-1399) – дачка караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага і Лізаветы Босніяцкай. На каралеўскі сталец абрана пасля смерці бацькі — у 1384 годзе.

У 1385 годзе заключыла Крэўскую унію. Пасля заключэння шлюбу з Ягайлам, той падарыў Ядвізе ў якасці вясельнага падарунка Магілёў.

Памерла падчас родаў. Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986, кананізавана ў 1997 годзе. Дзень успаміну 17 ліпеня.

1395 (1397) год. Памёр Скіргайла Альгердавіч. 

Князь полацкі, троцкі і, магчыма, кіеўскі. 

Удзельнік паходаў супраць крыжакоў (1374-1375). 

Пасля выгнання Андрэя Альгердавіча, княжыў у Полацку (1377-1381). У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Стаў князем Троцкім і другой уплывовай асобай у дзяржаве. 

У час заключэння Крэўскай уніі (1385) забяспечыў сабе права застацца праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве (1386) перамог смаленскага князя Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў Смаленскае княства, на наступны год авалодаў Полацкам і захапіў свайго брата Андрэя Альгердавіча. 

Валодаў Троцкім, Полацкім княствамі, Менскам, Свіслаччу, Бабруйскам, Прапошаскам і іншымі гарадамі, захапіў Віцебск, авалодаў Кіевам. Атручаны ў Кіеве. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

1864 год. У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе сябраваў з Ф. Багушэвічам. 

Удзельнічаў у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў Маскве і Пецярбургу. 

Паплечнік К. Каліноўскага. Паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны ў снежні 1863 года. 

Пакараны смерцю на Лукішскай плошчы.

1867 год. У в. Карытнае (зараз Асіповіцкі раён) нарадзіўся Сцяпан Рункевіч.

Беларускі гісторык царквы, архівіст, дзеяч Рускай Праваслаўнай Царквы, грамадскі дзеяч.

Выхаванец і выкладчык Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сакратар Сіноду. 

Выдаў 5 выпускаў «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі», «Кароткі гістарычны нарыс стагоддзя Мінскай епархіі…», «Гісторыю Мінскай архіепіскапіі (1793-1832)».

Даследчык гісторыі ўніяцкай царквы і Мінскай епархіі праваслаўнай царквы, гісторыі Рэчы Паспалітай напярэдадні яе падзелу.

Памёр 12 сакавіка 1924 года.

1907 год. Пастановаю Віленскай судовай палаты забаронена газета «Наша доля». 

Рэдактар-выдавец І. Туркенес засуджаны на 1 год крэпасці. 

Поўная назва газеты «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» – штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета на беларускай мове. 

Выдавалася ў Вільні з 1(14) верасня да 1(14) снежня 1906 года. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова – лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 000 асобнікаў.

У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка) і іншыя. 

Газета мела рубрыкі: “Дзеянні ўрада”, “Палітычны агляд”, “Жыццё вёскі”, “Жыццё горада”, “Найноўшыя творы беларускай літаратуры”, “Што чуваць на Белай Русі”, “Новыя кнігі”, “З мінулага Беларус” і іншыя.

1908 год. Нарадзіўся Віктар Заўрыеў. 

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ. 

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. 

Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый. 

Памёр 14 сакавіка 1976 года.

1937 год. Нарадзіўся Віктар Кухта. 

Беларускі біяхімік. Доктар медыцынскіх навук. Прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў прафесарам, загадчыкам кафедры біялагічнай хіміі Беларускага медуніверсітэта.

Аўтар і суаўтар манаграфій, падручнікаў для студэнтаў-медыкаў, 215 навуковых прац. Падрыхтаваў 3 дактароў і 18 кандыдатаў навук.

1947 год. Нарадзіўся Валянцін Яцухна. 

Беларускі географ, ландшафтны эколаг, глебазнавец. 

Працаваў у інстытуце “Белгіпразем”, факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ дацэнтам, загадчыкам лабараторыі экалогіі ландшафтаў. 

Спецыяліст у галіне рацыянальнага выкарыстання, экалагічнай ацэнкі і тэрытарыяльнай арганізацыі аграландшафтаў, прыкладных геаграфічных даследаванняў, планавання землекарыстання, экасістэмных паслуг.

Аўтар больш за 550 навуковых прац. Навуковы эксперт Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем / дэградацыяй зямель.

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ісачоў. 

Беларускі жывапісец, графік.

Прымаў удзел у двух выстаўках ленінградскіх мастакоў авангардных кірункаў (1974, 1975). 

З 1975 года працаваў у класічнай манеры пісьма. Асноўнымі сюжэтамі яго карцін былі міфалагічныя і біблейскія сюжэты. У стылявым кірунку мастак пачаў арыентавацца на традыцыі еўрапейскага акадэмічнага жывапісу сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. Пісаў іконы для Рэчыцкай царквы, выканаў роспіс сцен храма ў г. Мазыры.

У лістападзе 1987 года ў Рэчыцы адбылася персанальная выстаўка мастака, якую паглядзела каля 20 000 чалавек. Праз тры дні пасля заканчэння выстаўкі мастак памёр ад сардэчнага прыступу.

Аўтар каля 500 карцін, большасць з якіх былі вывезены за мяжу ў Швецыю, Германію, Францыю, Ізраіль і ЗША.

Памёр 5 снежня 1987 года.

1983 год. Памёр Ціхан Кісялёў. 

Беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Герой Сацыялістычнай Працы.

Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у партыйных органах, першым сакратаром Брэсцкага абкама, старшынёй Савета Міністраў БССР (1959-1978),  намеснікам Старшыні Савета Міністраў СССР (1978-1980), пасля смерці П. Машэрава стаў першым сакратаром ЦК КПБ.

Пад час яго дзейнасці ажыццяўляліся працэсы аднаўлення пасляваеннай эканомікі, будаўніцтва сучасных гігантаў прамысловасці.

Яго імём названы вуліцы ў Мінску, Гомелі. У Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

2001 год. Памерла Аляксандра Данілава. 

Заслужаны архітэктар БССР.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работ у Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. 

Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

 

Дзень у гісторыі. 8 студзеня. Дзень Бабіных каш. Адкрыты чыгуначны рух праз Магілёў. Мінск стаў сталіцай. Levi Strauss зачыніла апошнюю фабрыку ў ЗША.

Зімовы пакроўчык. Сабор Прасвятой Багародзіцы. Маладзёны (Бабіны). Частаванне бабы-пупарэзніцы. Дзень Бабіных каш.

Народная традыцыя надзяляе павітуху (павівальная бабка, прыёмніца, пупарэзка, пупавязніца) – дваістым статусам: яна пасланніца Божай Маці або намесніца Яе павітухі (Ісуса Хрыста прымала бабуля Саламаніда). Саламея-павітуха – заступніца прафесіі.

“У кожнай бабкі свае схваткі”, “Пачакай, не нарадзі, а за бабкай схадзі”, “Бабка прыйдзе, усякай справе падсобіць”, “Бог з літасцю, а бабка з рукамі”.

Бабуля-павітуха на вёсцы ўсім радня далёкая. Бабка дапамагала парадзісе, бабка дбала аб лёгкіх радзімах.

Сем’і з дзецьмі прыходзілі да бабак-павітух, частавалі іх самым смачным з таго, што спецыяльна да гэтага дня нарыхтавалі, і самі частаваліся знакамітымі “бабчынамі кашамі”. Гатовую кашу ўпрыгожвалі макам, ягадамі, арэхамі, палоўкамі яек, запякалі ў ёй курыцу ці пеўніка ў залежнасці ад таго, нарадзілася ў сям’і дзяўчынка ці хлопчык.

Па традыцыі адзін з гаршкоў з кашай разбівалі “на шчасце”, а затым ужо пачыналі частаваць кожнага, хто прыйшоў “на агеньчык”, ды не абы як, а абавязкова “з закавыкай”. Напрыклад, таго, хто стаў нядаўна бацькам, кармілі кашай “з пацехай”, у якой быў намяшаны хрэн, перац, гарчыца або пакладзена солі звыш усякай меры. Лічылася, што такім чынам ён хоць у нейкай ступені падзеліць са сваёй жонкай пакуты, выпрабаваныя ёю пры родах. Маладую маці адорвалі грэцкімі арэхамі, каб прыбывала малако. А дзетак частавалі кашамі салодкімі, разлічваючы на іх прыхільнасць да нованароджанага.

А яшчэ па бабчыных кашах на лёс варажылі. Калі падчас падрыхтоўкі яна вылазіць з чыгуна ў бок печы – разлічвалі на шчаслівы год, у адваротным выпадку рыхтаваліся да непрыемнасцяў. Але каб пазбегнуць непрыемнасцей ад “нешчаслівай” кашы, то яе разам з чыгуном тапілі ў палонцы.

1903 год. Адкрыты рух цягнікоў на ўсёй Віцебска-Жлобінскай чыгунцы праз Магілёў. 

З гэтай нагоды магілёўскага губернатара і жыхароў горада павіншавалі ў сваіх тэлеграмах імператар Мікалай II, міністр шляхоў зносін князь М. Хілкоў і міністр фінансаў С. Вітэ. Гэтага моманту Магілёў чакаў каля 30 год.

1911 год. Нарадзіўся Уладзімір Дудзіцкі. 

Беларускі паэт, дзеяч беларускай эміграцыі.

Быў выключаны з «воўчым білетам» з Мінскага педтэхнікума як «нацдэм». Працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», выдавецтве акадэміі навук.

Арыштаваны ДПУ ў лютым 1933 года, асуджаны, пакаранне адбываў у Сібіры, Казахстане, Узбекістане.

Падчас нямецкай акупацыі працаваў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы, кіраўніком Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы, увайшоў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Летам 1944 года эміграваў. Жыў у Германіі, Аўстрыі, Венесуэле, дзе заснаваў Беларускі камітэт, у ЗША, Аргенціне.

У 1950-1960-х гадах працаваў галоўным рэдактарам беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленне» ў Мюнхене. У ЗША выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана.

Аўтар зборнікаў паэзіі, паэм, прозы, перакладаў, публіцыстыкі, успамінаў. Валодаў іспанскай, англійскай, нямецкай мовамі.

1919 год. Мінск абвешчаны сталіцай ССРБ. 

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь была абвешчана 1 студзеня 1919 года ў Смаленску. Існавала з 1 студзеня да 27 лютага 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада ў складзе Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, большай часткі Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў – амаль 300 тысяч кв. км.

16 студзеня 1919 года ў склад РСФСР без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ увайшлі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. 27 лютага 1919 года ў Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай ССР у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. ССРБ перастала існаваць.

1924 год. Нарадзіўся Алесь Савіцкі. 

Беларускі пісьменнік. Ганаровы грамадзянін г. Полацка.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Сцяг камунізму», выдавецтве «Ураджай», у Літаратурным музеі Якуба Коласа, аддзеле культуры ЦК КПБ.

Аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў для дзяцей. Шэраг твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.

Памёр 5 кастрычніка 2015 года.

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Каханоўскі

Беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец. Доктар гістарычных навук.

Удзельнік археалагічных раскопак у Крыме, Беларусі, працаваў дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства.

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Сярод яго шматлікіх цікавых знаходак – уборы ксяндза А. Станкевіча, скарбы манет, археалагічная калекцыі керамічнага посуду, фрагменты кафлі, тканіны, дакументы, лісты беларускіх дзячаў, фотаматэрыялы, музычныя інструменты.

Памёр 15 студзеня 1994 года.

1954 год. Адбылася адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа БССР. 

Ліквідаваны вобласці – Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Пінская і Полацкая. Засталося 7 абласцей: Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гомельская, Брэсцкая, Гродзенская, Маладзечанская (замест Вілейскай). Тэрыторыя былой Бабруйскай вобласці адыйшла ў склад Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей.

1959 год. Генерал Шарль дэ Голь (1890-1970) стаў прэзідэнтам Францыі, першым прэзідэнтам Пятай Рэспублікі (1959-1969). 

Будучы капітанам францускай арміі падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года пасля ранення знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне. Яму там паставілі помнік (2021 год), які так і не адкрылі дагэтуль.

Як прэзідэнт меў незвычайна шырокія паўнамоцтвы – мог у выпадку надзвычайнай сітуацыі распусціць парламент і прызначыць новыя выбары, асабіста курыраваў пытанні абароны, знешняй палітыкі і найважнейшыя ўнутраныя міністэрствы.

За 80 гадоў жыцця здолеў стаць найвялікшым героем Францыі пасля Жаны д’Арк. Двойчы ўзначальваў краіну, абодва разы прымаючы кіраўніцтва на піку нацыянальнай катастрофы і пакідаючы дзяржаву ў стане эканамічнага ўздыму і роста міжнароднага прэстыжу. 

Аўтар больш за дзясятак кніг – мемуараў і тэарэтычных прац-бэстсэлераў па ваенным мастацтве. Загадкавы, містычны, выратавальнік Францыі, аб’яднальнік французскага народа, вызваліцель Алжыра і іншых калоній імперыі. Цікава, што тэкст расійскай канстытуцыі 1993 года, шмат у чым супадае з канстытуцыяй дэ Голя.

1967 год. У Мюнхене памерла Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка). 

Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).

У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.

Падчас акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.

3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады).  З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.

У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.

магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч) 

1980 год. Памёр Канстанцін Кіслы. 

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў з сям’ёй у Марыупалі, працаваў  кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. 

З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1997 год. Памерла Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

2004 год. Levi Strauss & C° зачыніла апошнюю фабрыку на тэрыторыі ЗША. 

Зачынілася пашывачная фабрыка сусветна вядомай амерыканскай кампанія па вытворчасці джынсаў у Сан-Антоніа, штат Тэхас. На гэтым завяршылася больш чым 150-гадовая эпоха, на працягу якой на лэйбле найпапулярных у моладзевым асяроддзі штаноў красаваўся ганарлівы надпіс “Made in USA”. Кампанія, што ўзнікла ў Сан-Францыска ў 1853 годзе, толькі з 1981 па 1990 год з прычыны дарагой працоўнай сілы закрыла ў сябе на радзіме 58 прадпрыемстваў. Цяпер кампанія мае тры “джынсавыя штаб-кватэры”: у Сан-Францыска, Брусэлі і Сінгапуры, а асноўную частку прадукцыі пад маркай Levi Strauss вырабляюць па ліцэнзіі іншыя кампаніі.

Дзень у гісторыі. 2 студзеня. Разрабаванне Кіева. Першы фотаздымак Месяца. Нарадзіліся пісьменнік-фантаст Айзэк Азімаў, вядомыя географы Пятро Лярскі, Іван Пірожнік, палітык Сямён Домаш

1203 год. “Взят бысть Кыев Рюриком и Олговичи и всею Половецьскою землею. И створися велико зло в Русстеи земли, якого же зла не было от крещенья над Кыевом…” – сцвярджае Лаўрэнцеўскі летапіс. 

За кіеўскі сталец вялі барацьбу Рурык Расціславіч са смаленскай дынастыі і Раман Мсціславіч Валынскі. Кіяўляне падтрымлівалі Рамана, у адказ Рурык заклікаў на дапамогу чарнігаўцаў і полаўцаў і падверг Кіеў разрабаванню з масавым вывадам насельніцтва ў рабства, пасля чаго горад страціў ранейшае значэнне.

Разрабаванне Кіева падарвала аўтарытэт і моц Кіева і характарызавала заняпад Паўднёвай Русі яшчэ да Батыева нашэсця. Падчас разрабавання полаўцамі Кіева-Пячэрскай лаўры загінуў Ілля Пячэрскі, магчымы прататып быліннага Іллі Мурамца.

1839 год. Зроблены першы фотаздымак Месяца Луі Дагерам.

Дзякуючы прыліўным сілам Месяц заўсёды звернуты да паверхні Зямлі адным бокам. Па меры таго, як Месяц на працягу месяца абарочваецца вакол Зямлі, адбываецца знаёмы ўсім цыкл змены фаз. З Зямлі бачная толькі частка асветленага боку Месяца, якая на працягу перыяду звароту Месяца бесперапынна мяняецца з-за змены адноснай канфігурацыі Зямлі, Месяца і Сонца.

Луі Дагер прадставіў шырокай грамадскасці працэс атрымання дагератыпу толькі ў жніўні 1839 года.

1864 год. Пакараны смерцю Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандытат матэматыкі.

Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, у Парыжы выдаў брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У лютым 1863 года далучыўся да паўстанцкай арганізацыі, са жніўня – паўстанцкі начальнік Вільні.

Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года.

Публічна павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

1918 год. У в. Рымінка Чавускага раёна нарадзіўся Пятро Лярскі

Знакаміты беларускі географ, краязнавец, педагог. Кандыдат геаграфічных навук. Выдатнік народнай асветы БССР і СССР. Ганаровы член Беларускага геаграфічнага таварыства. Чалавек года Магілёўскай вобласці (2006).

Усё свае жыццё прысвяціў служэнню Магілёўскаму педінстытуту, які скончыў.

Аўтар і суаўтар больш за 160 навуковых публікацый і 17 кніг, у тым ліку 3 падручнікаў для ВНУ, 5 школьных падручнікаў па прыродазнаўстве, шэрагу метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў.

Выдаў падручнікі “Дапаможнік па краязнаўству” для геаграфічных спецыяльнасцей, “Геаграфія”, “Землязнаўства і краязнаўства” (у суаўтарстве) для студэнтаў педагагічных факультэтаў вну СССР. З 1970 па 1996 год школьны курс прыродазнаўства вывучаўся па падручніках П. Лярскага.

Папулярызатар геаграфічных ведаў, краязнаўства. Найбольш папулярная яго кніга “Прырода Магілёўскай вобласці” (на рускай і беларускай мовах).

Памёр 25 кастрычніка 2013 года.

У яго гонар устаноўлена шыльда ў Магілёве на будынку корпуса МДУ па вул. Першамайская, 44 (скульптар А.Вараб’ёў), яго імя прысвоена СШ №21 г. Магілёва.

1920 год. У в. Пятровічы Клімавіцкага павета (зараз – Смаленская вобласць) нарадзіўся Айзэк Азімаў. 

Амерыканскі пісьменнік-фантаст, папулярызатар навукі, доктар біяхіміі.

Бацькі – яўрэйскія млынары Хана-Рахіл Берман і Іуда Азімаў разам  сынам у 1923 годзе праз Магілёў імігравалі ў ЗША.

Аўтар каля 500 кніг, галоўным чынам мастацкіх, першым чынам у жанры навуковай фантастыкі, але таксама і ў іншых жанрах: фэнтэзі, дэтэктыў, гумар, і навукова-папулярных у самых розных абласцях – ад астраномі і генетыкі да гісторыі і літаратуразнаўства. 

Аўтар тэрмінаў рабатэхніка, робатыка, пазітронны, псіхагісторыя.

Азімаў разам з А. Кларкам і Р. Хайнлайнам адносіцца да «Вялікай тройкі» пісьменнікаў-фантастаў.

Памёр 6 красавіка 1992 года.

1925 год. Нарадзіўся Яўген Дзямідчык. 

Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы Міністэрства аховы здароўя, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.

Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдатэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. 

Памёр 1 красавіка 2010 года.

1943 год. Нарадзіўся Пётр Нікіценка. 

Беларускі эканаміст. Доктар эканамічных навук, прафесар, Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук.

Працаваў прарэктарам БДУ, першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, прафесарам Інстытута павышэння кваліфікацыі пры БДУ, загадчыкам кафедры Акадэміі кіравання, дырэктарам Інстытута эканомікі НАН Беларусі.

Аўтар навуковых прац у галіне нацыянальнай бяспекі, дзяржаўнага кіравання і будаўніцтва, навукова-тэхнічнага, інавацыйнага развіцця, павышэння эфектыўнасці назапашвання капіталу, фондаў і інтэнсіфікацыі грамадскай вытворчасці, методыкі ўстойлівага развіцця ў рэгіянальна-галіновым аспекце.

Аўтар больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 33 манаграфій.

1950 год. Нарадзіўся Сямён Домаш

Беларускі апазіцыйны палітык.

Скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум, Вышэйшую партшколу, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі.

Працаваў дырэктарам аўтабазы, аўтакамбіната г. Гродна, у Гродзенскім гаркаме КПБ, старшынёй выканкама і гарадскога Савета дэпутатаў г. Ліды, г. Гродна, Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. Падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года выступіў супраць палітыкі А. Лукашэнкі, падпісаў заяву аб імпічменце прэзідэнту. 

Пасля паражэння апазіцыі вярнуўся ў Гродна: быў віцэ-прэзідэнтам Беларускай праваабарончай канвенцыі, у Кардынацыйнай радзе дэмакратычных сіл прадстаўляў Гродзенскую вобласць, з’яўляўся старшынёй Кардынацыйнага Камітэта «Гродзенская Ініцыятыва». З ініцыятывы Дораша і пры яго актыўным удзеле ў маі 2000 г. створана Кардынацыйная Рада «Рэгіянальная Беларусь». Падпісант Хартыі’97.

Удзельнік сустрэчы прэзідэнта ЗША Біла Клінтана з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета Беларусі.

У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі, але зняў сваю кандыдатуру на карысць Ул. Ганчарыка.

Памёр за рулём аўтамабіля 9 лютага 2019 года.

1946 год. Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме Фабіян Абрантовіч

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёла.

Рэктар Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі. 

Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва.

1950 год. Памёр Юзаф Ядкоўскі. 

Беларускі краязнавец, заснавальнік гісторыка-археалагічнага музея ў Гродне.

У 1910-1914 гадах падарожнічаў па Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, рабіў раскопкі, у тым ліку ў Міры.

Стварыў  музей у Гродне (зараз гісторыка-археалагічны музей) і ўзначальваў яго ў 1922-1936 гадах.

Вёў раскопкі ў Ваўкавыску (1925), даследаваў княжацкі храм, Верхнюю і Ніжнюю цэрквы на тэрыторыі Старога замка ў Гродне.

Аўтар прац «Гродна», «Гарадзішча Ваўкавыска»), «Раннесярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Гродзенскім Старым каралеўскім замку ў 1932 і 1933 гг.», «Абарончы храм на Каложы ў Гродне».

Засталася нявыдадзенай яго шматтомная праца «Польскія рэліквіі ў Расіі».

Памёр 2 студзеня 1950 года

 

1952 год. У п. Міжрэчча Клічаўскага раёна нарадзіўся Іван Пірожнік. 

Беларускі географ, прафесар, доктар габілітаваны, доктар геаграфічных навук.

Працаваў дэканам геаграфічнага факультэта, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін БДУ.

Даследчык пытанняў сацыяльна-эканамічнай, рэкрэацыйнай геаграфіі, тэрытарыяльнай арганізацыі турысцкага абслугоўвання.

Працаваў прафесарам Люблянскага, Сілезскага, Кракаўскага ўніверсітэтаў, Акадэміі Паморскай (Польшча).

1986 год. Памёр Уладзімір Тарасевіч

Каталіцкі святар-бенедыкцінец, беларускі царкоўны дзеяч, біскуп, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў на Захадзе. Доктар багаслоўя.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны пераехаў у ЗША.

У 1958-1986 гадах узначальваў беларускую ўніяцкую парафію Хрыста Спаса ў Чыкага. Архімандрыт. Епіскап каталіцкай царквы ўсходняга абраду, адначасова Папам Рымскім прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў заходняга і ўсходняга абрадаў на эміграцыі.

Адзін з заснавальнікаў уніяцкага англа-рускамоўнага часопіса «Церковный голос», выдаваў бюлетэні «Праўда», «Да злучэння».

Памёр 2 снежня 1986 года. Пахаваны на могілках бенедыкцінскага кляштара Св. Пракопа ў Лайле, штат Ілінойс.

1989 год. Памёр ураджэнец Брэста Ілля Мазурук

Савецкі палярны лётчык, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр авіяцыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1937-1950).

Удзельнічаў у ваенных аперацыях супраць басмачоў у Сярэдняй Азіі, служыў на Далёкім Усходзе, удзельнік будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, начальнік Упраўлення палярнай авіяцыі Галоўпаўночмарпуці, удзельнічаў у высадцы першай дрэйфуючай навуковай станцыі “Паўночны полюс-1”. 

Удзельнік савецка-фінскай, Вялікай Айчыннай войн. Быў камандзірам 1-й перагоначнай авіяцыйнай дывізіі Авіяцыі далёкага дзеяння, кіраваў перагоначнай трасай з Аляскі ў СССР для паставак па ленд-лізе амерыканскіх самалётаў.

Пасля вайны працаваў намеснікам начальніка Навукова-выпрабавальнага інстытута, начальнікам лётнай інспекцыі – намеснікам начальніка Упраўлення палярнай авіяцыі Галоўпаўночмарпуці, удзельнікам паветранай высокашыротнай экспедыцыі «Поўнач-5».

У сакавіку 1957 года разам з лётчыкам А. Паляковым упершыню ажыццявіў пасадку самалёта Ан-2 на вяршыню айсберга ў Антарктыдзе.

Памёр 2 студзеня 1989 года і пахаваны на Траекураўскіх могілках Масквы.

2019 год. Памёр Юры Туронак. 

Беларускі дзеяч і гісторык. Працаваў і жыў у Польшчы. Доктар гісторыі (тэма «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»).

Браў актыўны ўдзел у беларускім руху ў Польшчы. Адзін з арганізатараў і старшыня праўлення Варшаўскага аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства, старшыня Навуковага гуртка таварыства.

Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне», «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай», «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем», «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», зборніка «Мадэрная гісторыя Беларусі».

Пасмяротна ўзнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады БНР.

Роўна 80 гадоў таму загінуў Цярохін, які збіў таранам два “Юнкерса” над Магілёвам за адзін бой

Праслаўлены, ён так і не стаў Героем Савецкага Саюза. Яго імем названа вуліца ў магілёўскім Задняпроўі, а таксама яму прысвечаны верш Канстанціна Сіманава.

Мікалай Цярохін увайшоў у гісторыю Другой Сусветнай вайны, як адзін з двух савецкіх лётчыкаў (разам з А. Хлабыставым), якія тройчы ўчынілі паветраны таран. Але Цярохіну удалося пратараніць два самалёты за адзін бой у небе над Магілёвам.

20 ліпеня 1942 года камандуючы авіяцыяй 52-й арміі паслаў у Маскву прадстаўленне на маёра Цярохіна Мікалая Васільевіча, дзе значылася, што лётчык “варты вышэйшай урадавай узнагароды звання “Героя Савецкага Саюза” і, у адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР ад 20 мая 1942 года, ордэна “Айчыннай вайны 1-й ступені”.

Але маёр М. Цярохін не атрымаў звання Героя ні летам 1942 года, ні пасля сваёй гібелі ў паветраным баі 30 снежня 1942 года.

Пры абароне Магілёва, 10 ліпеня 1941 года, старшы лейтэнант Мікалай Цярохін камандаваў звяном у 161-м знішчальным авіяцыйным палку 43-й знішчальнай авіядывізіі Заходняга фронту.

У гэты дзень ён у паветраным баі збіў адразу 3 варожыя самалёты, у тым ліку два таранам. За гэты бой ён быў узнагароджаны вышэйшым у СССР ордэнам Леніна.

Узгадвае адзін з непасрэдных сведкаў гэтага подзвігу, Герой Савецкага Саюза Міхаіл Дзевятаеў:

“У тую ліпеньскую раннюю раніцу адбыўся памятны няроўны бой над Магілёвам, удзельнікам якога аказаўся і я…

Калі накацілася хваля бамбавікоў, на аэрадроме было толькі 3 звяна… Камандзір звяна старшы лейтэнант Цярохін павёў сваіх лётчыкаў проста на галаўное звяно бамбавікоў. Напярэдадні ён ужо збіў “Юнкерс”. Цяпер яму не шанцавала: бліжэйшы да яго бамбёр, які Цярохін паліваў агнём сваіх кулямётаў, не гарэў. Растраціўшы боезапас, лётчык вырашыў тараніць ворага, не даць яму сысці. Ён падышоў да “Юнкерса” ушчыльную і шрубай свайго І-16 секануў яму хваставое апярэнне. Нямецкі бамбавік перайшоў у некіравальнае падзенне.

Вось тут – тое і здарылася тое, што можна ўбачыць раз у жыцці. “Юнкерсы” ішлі вельмі шчыльна. Пратаранены Цярохіным бамбавік ударыў крылом свайго вядучага. Той рэзка адвярнуў налева і сутыкнуўся з левым… Так на маіх вачах усё галаўное звяно Ju-88 і павалілася на зямлю…”

Бой Мікалая Цярохіна на гэтым не скончыўся. Ён спускаўся на парашуце ў асяроддзі збітых ім нямецкіх лётчыкаў, якія таксама прызямляліся на парашутах. Экіпаж аднаго з “Юнкёрсаў” страляў у нашага лётчыка з пісталетаў. Цярохін адстрэльваўся. Прызямліліся яны на полі, за некалькі кіламетраў ад аэрадрома. Да месца прызямлення падаспелі калгаснікі. Яны абяззброілі немцаў і звязалі ўсіх адной вяроўкай, канец якой далі ў рукі Цярохіну. Так ён і з’явіўся на камандны пункт дывізіі – з пісталетам у адной руцэ і з вяроўкай, якой былі злучаны палонныя немцы – у другой”.

Неўзабаве пасля бою, у палку пабываў Канстанцін Сіманаў. У выніку размовы з адважным лётчыкам у блакноце пісьменніка з’явіўся наступны запіс:

“Старшы лейтэнант Цярохін. Спачатку збіў аднаго “Юнкерса”. Выйшлі ўсе патроны. Тараніў другога “Юнкерса” плоскасцю па хвасце. Паламаў толькі кансоль. Трэцяга “Юнкерса” ўдарыў маторам у хвост. У яго, калі выкідваўся з парашутам, ірваная рана , разбіты моцна твар…”.

Сіманаў выказаў сваё захапленне мужнасцю пілота ў баладзе “Сакрэт перамогі”, своеасаблівым паэтычным апісанні паветранага тарана.

Мікалай Цярохін нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Чардынь Пензенскай вобласці. Загінуў 30 снежня 1942 года. Пахаваны ў г. Валдай Наўгародскай вобласці.

Дзень у гісторыі. 30 снежня. Зачыніўся Віленскі манетны двор. Утварэнне СССР. Пакаранне Садама Хусейна. Нарадзіўся Павел Севярынец

1667 год. Спыніў дзейнасць Віленскі манетны двор – асноўны цэнтр манетнай вытворчасці Вялікага Княства Літоўскага.

Існаваў з канца XV стагоддзя. Вырабляў сярэбраныя дэнары Вітаўта (1392-1430), дэнары і грошы пры Аляксандру Ягелончыку, паўгрошы і грошы пры Жыгімонце Старым, Жыгімонце Аўгусце. 

Быў агульнадзяржаўным манетным дваром Рэчы Паспалітай, вырабляў наміналы ад дэнара да партугала (залатая манета), пры Стэфане Баторыі выпускаў наміналы ад дэнарыя да дуката, пры Жыгімонце Вазе – ад соліда да партугала, пры Уладзіславе IV – партугалы, пры Яне ІІ Казіміры – ад соліда да дуката. 

Да Люблінскай уніі 1569 года манеты выпускаліся з выявай Пагоні на асобнай стапе. У час праўлення Баторыя на манеце адбіваліся гербы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, а пры Яне ІІ Казіміры аднавілі Пагоню.

Манеты Віленскага двара вылучаюцца па гербах падскарбіяў вялікіх літоўскіх або па знаках арандатараў двара.

1904 год. Нарадзіўся Зэлік Аксельрод

Беларускі яўрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш. 

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. 

На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці». Пасля гэтага здарэння быў арыштаваны.

26 чэрвеня 1941 г. палітычнага вязня турмы НКУС адвезлі ў лес і расстралялі.Зэлік Аксельрод у маладосці, 1920-я гады

1922 год. Утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. 

На I з’ездзе Саветаў прадстаўнікамі РСФСР, Украінскай і Беларускай ССР, Закаўказскай федэрацыі былі падпісаны Дэкларацыя аб утварэнні СССР і Саюзны Дагавор.

Фармальна новая дзяржава стваралася як федэрацыя суверэнных рэспублік з захаваннем права вольнага выхаду і адкрытым доступам у яе. Аднак механізм “вольнага выхаду” не прадугледжваўся.

Пасля правядзення ў 1924-1925 гадах нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі ў склад СССР увайшлі Узбекская і Туркменская ССР, Казахстан і Кіргізія атрымалі статус аўтаномных рэспублік у рамках РСФСР, а Таджыкская аўтаномная рэспубліка становіцца часткай Узбекскай ССР. Па Канстытуцыі 1936 г. у склад СССР уваходзілі як саюзныя савецкія сацыялістычныя рэспублікі Расійская Федэрацыя, Украіна, Беларусь, Грузія, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кіргізія, Узбекістан, Туркменія і Таджыкістан. У 1940 годзе з далучэннем Прыбалтыкі і Бесарабіі ў СССР увайшлі Латвійская, Літоўская, Эстонская і Малдаўская саюзныя рэспублікі. У 1940-1956 гадах існавала Карэла-Фінская ССР. У склад СССР імкнулася Балгарыя.

СССР спыніў сваё існаванне 25 снежня 1991 года.

1937 год. Расстраляны НКУС Аляксандр Цвікевіч

Беларускі палітычны і культурны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.

Аўтар прац «Кароткі нарыс узнікнення БНР», «Западна-русізм».

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады, міністр замежных спраў БНР, кіраўнік ураду БНР (1923-1925).

Працаваў вучоным сакратаром Інбелкульта, у Інстытуце гісторыі акадэміі навук. Арыштоўваўся ў 1930, 1937 гадах.

Аляксандр Цвікевіч.jpg

1951 год. Спынена дзеянне “плана Маршала”

Гэта праграма дапамогі Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Прапанавана ў 1947 годзе амерыканскім дзяржаўным сакратаром Дж. Маршалам і пачала ажыццяўленне ў красавіку 1948 года. У рэалізацыі плана ўдзельнічалі 17 еўрапейскіх краін, уключаючы Заходнюю Германію.

План Маршала садзейнічаў устанаўленню пасляваеннага міру ў Заходняй Еўропе. Заяўленай ЗША мэтай рэалізацыі плана было аднаўленне разбуранай вайной эканомікі Еўропы, ліквідацыя гандлёвых бар’ераў, мадэрнізацыя прамысловасці еўрапейскіх краін, выцясненне камуністаў з уладных структур і развіццё Еўропы ў цэлым.

План Маршала меркаваў таксама і дапамогу ў пасляваенным аднаўленні эканомікі СССР, але І. Сталін адмовіўся ад любых форм дапамогі ў рамках Плана.

Рэалізацыя плана Маршала стала падмуркам для стварэння Еўрапейскага Саюза.

1956 год. Вёска Шацілкі перайменавана ў Светлагорск (спачатку гарадскі пасёлак, зараз — горад). 

Шацілкі ўпершыню згадваюцца ў 1560 годзе як маёнтак Шацілінскі Востраў. 

Сёння ў Светлагорску жыве 64 тысячы жыхароў. 

У горадзе над ракой Бярэзіна працуюць буйныя прадпрыемствы: «Хімвалакно», цэлюлозна-кардонны камбінат, завод беленай цэлюлозы, домабудаўнічы камбінат і іншыя. Займае 1-е месца па колькасці хворых на СНІД.

1957 год. Памёр Юрый Сабалеўскі. 

Беларускі палітычны і нацыянальны дзеяч. Пасол на Сейм Другой Рэчы Паспалітай.

Член Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

Двойчы (1928, 1939) быў арыштаваны польскімі ўладамі, у 1941 годзе арыштаваны НКУС. 

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады бургамістра Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, 2-га віцэ-прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады, узначальваў акруговы аддзел Беларускай народнай самапомачы ў Мінску. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Другога Усебеларускага кангрэсу (1944, Мінск).

У 1944-1950 і ў 1957 гадах жыў ў Германіі, рэдагаваў газету «Беларускае слова», член Агульнага беларускага саюза вайскоўцаў.

У 1950-1957 гадах жыў у ЗША: член Украінскай нацыянальнай рады, Беларускага нацыянальнага фонду, Камітэта незалежнай Беларусі.

1976 год. Нарадзіўся Павел Севярынец

Беларускі палітык, пісьменнік і публіцыст, адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту».

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў журналістам. Узначальваў Мінскую маладзёвую фракцыю БНФ, быў намеснікам старшыні Партыі БНФ, намеснікам і старшынёй «Маладога Фронту» (да 2004 года).

Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі супраць палітыкі Лукашэнкі, за што неаднароза арыштоўваўся, абмяжоўваўся ў волі.

Севярынец быў адным з арганізатараў I Кангрэсу Беларускай Моладзі,  абароны Курапатаў (2001-2002), розных нацыянальных кампаній.

Аўтар кнігі «Беларусалім. Золак» («Кніга года» 2017), заснавальнік і прадзюсар серыі музычных альбомаў беларускамоўнай хрысціянскай музыкі «Беларускі Хрысьціянскі Хіт» (2008-2015, 7 альбомаў), сузаснавальнік хрысціянскага інфармацыйнага парталу «Крыніца.інфо», стваральнік «Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай» (2014), «Камітэту абароны прадпрымальніцтва» (2016), адзін з каардынатараў стала дзеючага форума «Свабоду палітвязням!» (2015).

Арыштаваны перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, асуджаны на 7 гадоў зняволення. Палітычны зняволены, Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення.

1984 год. Памёр Макар Паслядовіч

Беларускі пісьменнік і перакладчык.

Працаваў у газетах “Беларуская вёска”, “Звязда”, часопісе “Полымя рэвалюцыі”. 

Аўтар шэрагу зборнікаў апавяданняў, аповесцей, раманаў, нарысаў, п’ес, кніг  апавяданняў для дзяцей, зборнікаў гумарыстычных апавяданняў, літаратурных пародый. У 1961 годзе выйшаў Збор твораў у 2 тамах, у 1986 г. – Выбраныя творы.

Пераклаў на беларускую мову некаторыя творы А. Пушкіна, А. Чэхава, М. Гогаля («Тарас Бульба», у суаўтарстве), Р. Джаваньёлі («Спартак») і іншыя. 

1994 год. Памёр ураджэнец Ліды Стэфан Вітажэнец. 

Польскі лётчык, ас-знішчальнік у Другую сусветную вайну ў складзе польскай і англійскай авіацыі.

Скончыў Лідскую гімназію імя гетмана Хадкевіча, лётныя курсы і школы.

Пад час вайны здзейсніў 208 баявых вылетаў. Камандаваў эскадрылляй, дывізіёнам, знішчальным крылом.

Пасля вайны служыў у апараце камандавання Паветраных Сіл Польшчы, быў камендантам Цэнтра падрыхтоўкі лётчыкаў у Модліне, палкоўнік. Узначальваў Саюз польскіх лётчыкаў.

Правёў у паветры 4238 гадзін, лётаў на 31 тыпе самалётаў.

2006 год. Былы дыктатар Ірака Садам Хусейн прыгавораны да смерці праз павешанне. 

Напярэдадні сотні сваякоў ахвяраў дыктатара звярнуліся да ўладаў з просьбай прызначыць іх катамі. А шыіты патрабавалі, каб Садама павесілі публічна, на плошчы, і транслявалі пакаранне па тэлебачанні ў прамым эфіры. 

Хусэйн быў павешаны раніцай у штаб-кватэры вайсковай выведкі Іраку. Час быў выбраны так, каб пакаранне адбылося на некалькі хвілін раней за пачатак свята Курбан-байрам (Дня ахвярапрынашэння). 

Прысутныя пры пакаранні іракскія чыноўнікі і вайскоўцы, якія да гэтага кляліся ў вернасці, абсыпалі Хусэйна абразамі і выкрыквалі: “Далоў дыктатуру!”, “Адпраўляйся ў пекла!”. Потым былому прэзыдэнту Іраку накінулі пятлю на шыю і расхінулі пад ім люк эшафота, у які ён праваліўся.

Садам Хусэйн стаў першым кіраўніком дзяржавы, які пакараны смерцю ў XXI стагоддзі.

Садам Хусэйн ахвяраваў 500 000 долараў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.