Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень. Рабаванне Кіева. Першая лётчыца. Нарадзіліся палітыкі А. Чарвякоў, А. Саннікаў, “беларускі Шаляпін” П. Конюх, паэт С. Адамовіч. Памёр дзеяч БНР П. Крачэўскі.

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду. 

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1910 год. Нарадзіўся  Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Беларуская бібліятэка ў Лондане.

Дзень у гісторыі. 7 сакавіка. Увядзенне высакоснага года, выходнага ў нядзелю. Патэнт на тэлефон. Нарадзіліся генерал Тамаш Ваўжэцкі, палітык Фабіян Акінчыц. Загінуў паэт А. Грачанікаў.

238 да н.э.  Фараон Пталамей III Эвергет упершыню ўвёў высакосныя гады каб прадухіліць зрухі ў календары.

Пазней астранамічныя веды егіпцян былі аб’яднаныя ў адно са старажытнарымскімі традыцыямі адліку часу і атрымаўся Юльянскі каляндар. 

Стваральнікам юльянскага календара быў егіпецкі астраном і матэматык Сазіген, які на даручэнне Гая Юлія Цэзара займаўся распрацоўкай каляндарнай рэформы. За падставу каляндарнага цыкла Сазіген узяў вядомую ў той час працягласць астранамічнага года ў 365 дзён і 6 гадзін. Для зручнасці адліку ён прапанаваў тры гады лічыць па 365 дзён, а чацвёрты – па 366 дзён, каб пазбыцца дробнай часткі сутак і ўраўнаважыць астранамічны і каляндарны гады.

З 1 студзеня 45 года да н.э. Гай Юлій Цэзар увёў новы каляндар. У кожны год кратны чатыром, дадаваліся адны дадатковыя суткі ў лютым.

Шляхам сапастаўлення рымскіх і егіпецкіх датыровак у папірусе, знойдзеным у 1999 годзе, было ўстаноўлена, што высакоснымі гадамі ў Рыме былі 44, 41, 38, 35, 32, 29, 26, 23, 20, 17, 14, 11, 8 гады да н. э., 4, 8, 12 і ў наступным, кожны чацьвёрты год.

Год з’яўляецца высакосным у двух выпадках: або калі ён кратны 4, але пры гэтым не кратны 100, або кратны 400. Год не з’яўляецца высакосным, калі ён не кратны 4, або ён кратны 100, але пры гэтым не кратны 400.

Гады 1700, 1800 і 1900 не з’яўляюцца высакоснымі, так як яны кратныя 100 і не кратныя 400. Гады 1600 і 2000 – высакосныя, так як яны кратныя 400. Гады 2100, 2200 і 2300 – невысакосныя.

Высакосным годам быў 2020 год, наступным будзе 2024.

Людзі, якія нарадзіліся 29 лютага, святкуюць свой дзень нараджэння, калі прыпадае высакосны год. 

321 год. Рымскі імператар Канстанцін I Вялікі абвясціў нядзелю днём адпачынку.

За 8 гадоў раней імператар дазволіў свабоднае вызнанне хрысціянства.

Ніводнае распараджэнне ўладаў у гісторыі не выконвалася з такім задавальненнем, як эдыкт Канстанціна пра нядзельны дзень.

На гэты дзень рынкі павінны былі закрывацца, а дзяржаўныя ўстановы – спыняць усялякую дзейнасць за выключэннем аперацый па вызваленні рабоў. Ніякіх абмежаванняў на земляробчыя працы, у якіх брала ўдзел пераважная большасць насельніцтва, не накладалася.

Да эдыкта Канстанціна грамадзяне Рымскай імперыі адзначалі ў гэты дзень – “дзень Сонца”. Водгалас гэтай традыцыі захаваўся ў сучаснай назве нядзелі ў шэрагу еўрапейскіх моў – Sunday. 

Канстанцін крыху змяніў традыцыю. А прычынай таму паслужыў сон: напярэдадні найважнейшай бітвы яму прысніўся крыж на сонцы і надпіс, які абяцаў перамогу з гэтым знакам. Сон аказаўся прарочым, Канстанцін сапраўды атрымаў перамогу. Таму імператар забараніў фізічную працу ў нядзелю і прысвяціў яе Госпаду.

За савецкім часам у гэты дзень нярэдка праводзілі нядзельнікі.

Нядзеля – выходны дзень у хрысціянскіх краінах.

У Каралеўстве Марока – тры выходныя дні: пятніца (мусульмане), субота (іўдзеі, шабат), нядзеля (хрысціяне).

1573 год. Беларус са шляхецкага роду Іван Фёдараў заснаваў друкарню ў Львове.

І. Фёдараў (1510–1583) – сярэдневяковы ўсходнееўрапейскі друкар. Лічыцца пачынальнікам друкарскай справы ў Масковіі і ва Ўкраіне.

Паходзіць з дробнай беларускай шляхты, падпісваўся родавым гербам Рагозаў «Шранява». Існуе гіпотэза, што ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна.

З 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал».

15 лютага 1574 года ў Львове скончыў друк “Апостала” –  першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу. Адначасова з “Апосталам” Фёдараў друкуе і першы кірылічны падручнік граматы – “Азбуку”.

Помнік украінскаму першадрукару Івану Фёдараву ў Львове.

1753 год. Нарадзіўся Тамаш Ваўжэцкі. Палітычны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года. Генерал-лейтэнант.

Вучыўся ў езуіцкай школе ў Відзах. Дэпутат ад шляхты Браслаўскага павета на Чатырохгадовым сейме Рэчы Паспалітай 1788–1792, дзе выступаў 169 разоў з палымянымі прамовамі, настойваючы на прыняцці Канстытуцыі.

У пачатку паўстання 1794 года дзейнічаў у чыне генерала ў Браслаўскім павеце, потым – у Курляндыі. Вызначыўся ў штурме Лібавы і ў бітве пад Брэстам.

Пасля паланення Т. Касцюшкі ўзначаліў паўстанне, другі галоўнакамандуючы войск (10 кастрычніка – 16 лістапада 1794). 

Узяты ў палон, быў перавезены ў Пецярбург, дзе два гады знаходзіўся ў зняволенні. Пасля ўступлення на трон Паўла I вызвалены з турмы, вярнуўся на Радзіму.

Займаў у Царстве Польскім пасады сенатара, ваяводы і міністра юстыцыі.

Памёр 5 жніўня 1816 года. Пахаваны ў Відзах Лаўчынскіх сённяшняга Браслаўскага раёна.

1872 год. Нарадзіўся Васіль Залатароў.

Беларускі кампазітар і педагог. Заслужаны артыст Расіі, народны артыст Беларусі. Прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Пачынальнік беларускай акадэмічнай музыкі.

Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М. Балакірава і А. Лядава, Пецярбургскай кансерваторыі па класу М. Рымскага-Корсакава.

Выкладаў у кансерваторыях і музычна-драматычных інстытутах у Расіі, ва Украіне, Беларусі. Яго вучнямі былі Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, У. Алоўнікаў.

У беларускую музычную культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах народных легенд «Князь-возера», сімфонія «Беларусь», танцавальная сюіта і уверцюра-фантазія на беларускія тэмы для сімфанічнага аркестра, цыкл апрацовак народных песень для голасу з сімфанічным аркестрам «Кантрасты» і іншыя.

Аўтар манаграфіі «Фуга» – першай рускамоўнай працы, спецыяльна прысвечанай гэтай музычнай форме.

Памёр 25 мая 1964 года.

В. Залатароў з выпускнікамі С. Нісневіч, М. Вайнбергам, У. Алоўнікавым, Д. Лукасам, Р. Селіцкім, Л. Абеліевічам, Д. Лукас. Мінск, 1941 год.

1876 год.  Аляксандр Бэл атрымаў патэнт на “размаўляльны тэлеграф” – тэлефон.

Сама ідэя тэлефанавання была распрацавана ў 1849-1853 гадах парыжскім інжынерам-механікам Шарлем Бурселем, ён першым ужыў слова “тэлефон” (ад грэцкага tele – удалячынь, далёка і phone – гук).

У 1860 году ў ЗША Антоніа Мэучы прадэманстраваў прыладу, якая магла перадаваць гукі па правадах – Telectrophon. У 1861 годзе нямецкі фізік І. Рэйс прадэманстраваў іншую прыладу, якая таксама магла перадаваць музычныя тоны і чалавечую гаворку па правадах – Telephon.

10 сакавіка 1876 года адбылася перадача першай выразнай фразы, якая стала гістарычнай: “Містэр Ватсан, ідзіце сюды. Вы мне патрэбныя”. Гэтая перадача была ажыццёўлена па 12-ці метроваму проваду, які злучаў кватэру Бэла з лабараторыяй на гарышчы.

25 чэрвеня 1876 года Бэл упершыню прадэманстраваў свой тэлефон на першай Сусветнай электратэхнічнай выставе ў Філадэльфіі. А праз 5 гадоў – на міжнароднай выставе ў Парыжы, дзе да яго апарата выстройваліся вялізныя чэргі.

Бэл у 1877 годзе стварыў першую тэлефонную кампанію “Bell Telephone Company”.

Першы телефон з’явіўся ў Магілёве ў 1881 годзе, у Мінску – у 1890 годзе. 

1886 год. Нарадзіўся Фабіян Акінчыц.

Беларускі палітычны дзеяч, юрыст, выдавец, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. У 1920-1930-я гады дырэктар школы на Стаўбцоўшчыне, уладальнік бюро юрыдычных парад, кіраўнік Беларускага дабрачыннага таварыства, віленскага юрыдычнага аддзела Цэнтральнага сакратарыята Беларускай сялянска-работніцкай грамады, член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.

У 1927 годзе асуджаны на 8 гадоў зняволення за палітычную дзейнасць, вызвалены датэрмінова Прэзідэнтам Польшчы І. Масціцкім у 1930.  

У ліпені 1939 года стаў старшынёй Беларускага бюро прапаганды пры Міністэрстве прапаганды ў Берліне. У пачатку 1940 года быў старшынёй Беларускага камітэта ў Варшаве. Арганізатар Вустраўскай школы прапагандыстаў (пад Берлінам), куды траплялі асобы з ліку савецкіх ваеннапалонных. Пасля заканчэння курсаў многія выпускнікі накіроўваліся на працу ў акупацыйную адміністрацыю на Беларусі.

Акінчыц прэтэндаваў на палітычнае лідарства ў беларускіх колах, блізкіх да германскіх акупацыйных улад.

5 сакавіка 1943 года Ф. Акінчыц быў застрэлены на кватэры ў Мінску супрацоўнікам «Беларускай газеты» А. Матусевічам.

1906 год. У Кіеве адбыўся суд над ураджэнкай Магілёўскай губерні Лідзіяй Язерскай, якая 29 лістапада 1905 года здзейсніла замах на жыццё Магілёўскага губернатара М. Клінгенберга.

Л. Язерская (Казановіч, 1866–1915) – стаматолаг, эсерка. 

Была асуджаная на 13,5 гадоў катаргі. Памерла ў Якуцку 30 верасня 1915 года ад бранхіяльнай астмы.

У Магілёве яе імя носіць вуліца Язерскай (былая Жандармская, паміж саборам Трох Свяціцеляў і аблвыканкамам). 

Урачыстая сустрэча рэвалюцыянерак М. Спірыдонавай, М. Школьнік, А. Біцэнка, А.Ізмайловіч, Р. Фіялкі, Л. Язерскай на Омскай чыгуначнай станцыі 30 чэрвеня 1906 года падчас этапавання на Нерчынскую катаргу

1918 год. У Магілёў уступілі польскія легіянеры, якія падпарадкоўваліся германскаму камандаванню.

Брыгада Польскіх стралкоў была сфарміравана ў 1916 годзе ў Бабруйску (4 000 штыкоў) і перакінута пад Баранавічы. У жніўні 1917 года перадыслацыравана ў Быхаў і ўключана склад Першага польскага корпуса І. Доўбар-Мусніцкага. Корпус складаўся з 12 стралковых, 3 уланскіх палкоў і цяжкай артылерыі. Польскія легіянеры ахоўвалі Стаўку ў Магілёве, адыгралі немалую ролю ў лёсе «быхаўскіх вязняў».

Польскія легіянеры ў Бабруйску

1931 год. Памёр Павел Дземідовіч (1871-1931).

Даследчык беларускай этнаграфіі і фальклору.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, Віленскі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у беларускіх школах, у Выбаргскай настаўніцкай семінарыі і на настаўніцкіх курсах у Выбаргу і Юр’еве (Тарту), супрацоўнік аддзялення этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Арганізатар (1919) і загадчык мінскай беларускай гімназіі, супрацоўнік Наркамата асветы БССР, этнаграфічнай секцыі Інбелкульта, выкладчык Мінскага інстытута народнай адукацыі.

Публікаваўся ў выданнях «Виленский вестник», «Этнографическое обозрение», «Живая старина». Частку сваіх этнаграфічных збораў перадаў М. Доўнар-Запольскаму. Спадчына П. Дземідовіча выкарыстана пры падрыхтоўцы выданняў «Легенды і паданні» (1983), «Земляробчы каляндар» (1990) серыі «Беларуская народная творчасць».

Арыштоўваўся ў 1921 г. па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Кожух.

Беларускі мастак-жывапісец.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, праходзіў стажыроўку ў творчых майстэрнях у г. Мінску.

Увасабленне сіл прыроды – асноўны змястоўны матыў яго жывапісных работ. У яго карцінах зварот да архаічных пластоў этнічнай культуры беларусаў носіць рамантычны характар.

За серыю работ «Чарнобыля чорная быль» прысуджана прэмія прафсаюзаў.

Памёр 6 ліпеня 2017 года.

1967 год. Пастановай ЦК КПСС, Саветам міністраў СССР быў уведзены пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выходнымі днямі.

З’явілася звыклая нам пяцідзёнка, але пры гэтым захаваліся і рабочыя суботы па вызначанай сетцы працоўнага часу.

Пяцідзёнка замяніла сямідзённы працоўны тыдзень з 8-гадзінным працоўным днём і 48 гадзін у тыдзень, які быў уведзены ўлетку 1940 года.

У еўрапейскіх краінах, паводле дырэктывы Еўрапарламента і ЕС, сярэдняя працягласць працоўнага часу не павінна перавышаць 48 гадзін у тыдзень, уключаючы звышурочныя, якія кампенсуюцца.

У Фінляндыі працоўны тыдзень – гэта 32-38 гадзін, у Італіі – 40-48, Францыі – 35-48, у Вялікабрытаніі – 36, у ФРГ  – 40-48 гадзін, Нідэрландах – 40-48, ЗША – 40, Кітаі – 40-48.

1991 год. Загінуў пры нявысветліных абставінах Анатоль Грачанікаў (1938-1991).

Беларускі паэт і перакладчык. Галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць».

Аўтар 10 зборнікаў вершаў, зборніка паэзіі, кніг сатыры і гумару, 4-х кніг для дзяцей. 

На беларускую мову пераклаў зборнік паэзіі Зульфіі, кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў, асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін. 

Дзяржаўная прэмія БССР за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара». 

23 лютага. Дзень у гісторыі. Дзень абаронцаў. Нарадзіліся мастак К. Малевіч, філосаф Я. Бабосаў, актор А. Янкоўскі

Дзень абаронцаў Айчыны.

Паводле папулярнай версіі, 23 лютага – дзень стварэння Чырвонай Арміі. Але гэта не так, таму што дэкрэт пра стварэнне добраахвотніцкай Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі Ленін падпісаў амаль на месяц раней – 28 студзеня 1918 года.

Па другой версіі, у гэты дзень пад Псковам былі спынены і разбіты германскія войскі, якія ішлі на Петраград – “калыску рэвалюцыі”. Аднак на самай справе 23 лютага пад Псковам не было ні баёў, ні перамогі.

Трэцяя версія, больш пераканаўчая: бальшавікі прыдумалі свята 23 лютага для таго, каб людзі забыліся пра буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая скінула цара. Яна пачалася 23 лютага 1917 года.

І што важна: ніводная з гэтых версій не мае дачынення да Беларусі.

А яшчэ 23 лютага – дзень стварэння Беларускай краёвай абароны (23 лютага 1944-28 красавіка 1945 года).

1766 год. Памёр Станіслаў Ляшчынскі. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1704–1706, 1733).

У Рэчы Паспалітай было адразу два выбраныя і ўмоўна легетымныя каралі: С. Ляшчынскі і Аўгуст ІІ Моцны. Войскі Пятра ўвайшлі ў Рэч Паспалітую, рабуючы ВКЛ, з мэтай вярнуць карону Аўгусту і перашкодзіць прасоўванню шведаў да межаў Расіі.

У 1733 годзе пасля смерці Аўгуста II было абвешчанае чарговае беcкаралеўе, і Ляшчынскі атрымаў магчымасць заняць каралеўскі сталец з дапамогай Францыі. Аднак супраць была Расія. 

5 кастрычніка 1733 года ў Кракаве з дапамогай расійскіх войскаў быў абраны новы кароль Аўгуст Саксонскі, які і быў неўзабаве каранаваны.

1878 год. Нарадзіўся Казімір Малевіч. 

Тэарэтык мастацтва, дызайнер–мастак–авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму – кірунку ў абстрактным мастацтве.

У 1919–1922 гадах выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску.

На пачатку 1900–1910-х гадоў імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму, потым перайшоў да супрэматычных кампазіцый, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў («Чорны квадрат», «Чырвоны квадрат»). 

З дапамогай прасторавых кампазіцый («архітэктонаў») вывучаў фармальную мову пластычных мастацтваў, ствараў праекты побытавых рэчаў, малюнкі для тэкстыля і іншыя. У 1918 стварыў афармленне першай пастаноўкі «Містэрыі-буф» У. Маякоўскага.

Аўтар мастацтвазнаўчых прац «Ад кубізму да супрэматызму», «Супрэматызм» і іншых.

Cамая дарагая карціна ў гісторыі – «Супрэматычная кампазіцыя» – напісана менавіта Малевічам.

Памёр 15 мая 1935 года.

1880 год. Памёр Фёдар Глінка. 

Пісьменнік, публіцыст, афіцэр, удзельнік дзекабрысцкіх таварыстваў.

Удзельнік Айчыннай вайны 1812 года, член «Саюза выратавання», адзін з кіраўнікоў «Саюза дастатку». 

Аўтар вайсковага дзённіка «Лісты рускага афіцэра» (1815–1816), працы «Досведы святой паэзіі», вершаў «Тройка» і «Вязень», якія сталі папулярнымі песнямі.

1891 год. Нарадзіўся Міхаіл Піятуховіч. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, педагог.

Даследчык беларускай літаратуры. Член навукова-тэрміналагічнай камісіі, Інбелкульта, акадэмік, прафесар і дэкан педагагічнага факультэта БДУ.

З прычыны грубых палітычных абвінавачванняў яго навуковых апанентаў, пераехаў на педагагічную працу на Каўказ.

Арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу і расстраляны ў Мінску 20 снежня 1937 года.

Даследчык заходнееўрапейскай, у тым ліку французскай, беларускай літаратуры, творчасці Якуба Коласа.

Аўтар “Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры…”, даследаванняў пра фальклор, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, Ядвігіна Ш., М. Чарота, К. Чорнага і іншых. 

Рэдактар-укладальнік хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі», рэдактар і аўтар уступнага артыкула да твораў П. Труса.

1907 год. Нарадзіўся Станіслаў Станкевіч. 

Беларускі літаратуразнавец, грамадскі дзеяч.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, абараніў магістарскую дысертацыю «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». Доктарская дысертацыя абаронена па тэме «Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі».

Адзін з кіраўнікоў Таварыства прыяцеляў беларусаведы, рэдактар часопіса «Студэнцкая думка». Выкладаў у Віленскім універсітэце, працаваў у Югаславіі і Балгарыі. 

У перыяд акупацыі Беларусі быў бургамістрам Барысаўскай акругі, акруговым намеснікам Беларускай цэнтральнай рады ў Баранавічах. 

3 лета 1944 года – у Германіі. Быў першым старшынёй «Антыбальшавіцкага блоку народаў», садзейнічаў адкрыццю філіяла Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Мюнхене, працаваў у беларускай рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода», Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен). 

3 1962 жыў у ЗША. Старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання, рэдактар газеты «Беларус». Аўтар кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 1960-х гг.».

Памёр 6 лістапада 1980 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

Станіслаў Станкевіч разам з М. Шчорсам і Н. Арсенневай падчас шпацыру па вуліцы Вільні. Другая палова 1930-х гадоў.

1931 год. Нарадзіўся Яўген Бабосаў. 

Беларускі філосаф, сацыёлаг, палітолаг і культуролаг. Акадэмік НАН Беларусі. Доктар філасофскіх навук, прафесар.

Скончыў БДУ. Працаваў у БДУ, Мінскім медыцынскім інстытуце,  Інстытуце павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ, дырэктарам Інстытута філасофіі і права АН БССР (1977–1989). Заснавальнік (1990) і дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.

Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследаванняў сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, духоўнага свету чалавека ў адзінстве з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. 

Даследуе асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-стратыфікацыйнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў.

Аўтар звыш 820 навуковых прац, у тым ліку 36 манаграфій, 15 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па сацыялогіі і канфлікталогіі.

Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Быў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (1993), Сацыялістычнай партыі Беларусі (1994).

1942 год. У в. Сталяры Асіповіцкага раёна нарадзіўся Анатоль Багдановіч.  

Беларускі эканамгеограф, буйны спецыяліст у галіне размяшчэння вытворчых сіл і рэгіянальнай эканомікі. Кандыдат геаграфічных навук. 

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. 

Працаваў у розных навукова-доследных установах эканамічных інстытутах, першым намеснікам дырэктара Навукова-доследнага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.

Прымаў удзел у распрацоўцы схем развіцця і размяшчэння вытворчых сіл Беларусі на розныя перыяды, займаўся распрацоўкай палітыкі Праграмы перахода да рынкавай эканомікі, комплексных прагнозаў сацыяльна – эканамічнага развіцця на розныя перыяды, Праграмы структурнай перабудовы эканомікі Беларусі, Канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь, розных іншых праграм.

Аўтар больш за 200 навуковых прац у галіне эканомікі, эканамічнай геаграфіі, у тым ліку манаграфіі «Города Беларуси. Краткий экономический очерк», 16 кніг, 4 брашур.

1944 год. Нарадзіўся Алег Янкоўскі. 

Савецкі акцёр тэатра і кіно, рэжысёр. Народны артыст СССР. Лаурэат Дзяржаўных прэмій СССР,  Расіі (дзве). Уладальнік Прэміі «Ніка».

Яго бацька паходзіў з польскай шляхты беларускіх зямель. Нарадзіўся ў Джэзказгане, куды быў сасланы бацька.

Некаторы час жыў са старэйшым братам Расцілавам у Мінску, тут дэбютаваў на сцэне тэатра. Скончыў Саратаўскае тэатральнае вучылішча. Працаваў у Саратаўскім драматычным тэатры, у Маскоўскім тэатры «Ленком».

Сярод роляў: барон Мюнхгаўзен («Той самы Мюнхгаўзен»), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф. Дастаеўскага), Трыгорын («Чайка» А. Чэхава), Гамлет («Гамлет» У. Шэкспіра), Аркадзь Бурмін («Хлопец з нашага горада» К. Сіманава), Берынг («Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага) і іншыя.

3 1968 года здымаўся ў кіно: «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы», «Я, Францыск Скарына…», «Зорка чароўнага шчасця», «Звычайны цуд», «Той самы Мюнхгаўзен», «Закаханы па ўласным жаданні», «Забіць дракона» і шматлікія іншыя.

Памёр 20 мая 2009 года.

1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурных прэмій імя І. Мележа, імя Якуба Коласа.

Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у часопісе «Маладосць», у часопісе «Полымя», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Нёман» і «Беларусь».

Аўтар апавяданняў, кніг, зборнікаў прозы. Паводле «Зоркі над палігонам» зняты мастацкі фільм «Палігон», «Паляванне на Апошняга Жураўля» – у тэатры імя Я. Купалы пастаўлены спектакль, знята мастацкая кінастужка.

А. Жук адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Памёр 15 кастрычніка 2022 года.

1979 год. Памёр ураджэнец Віцебска Міхаіл Натарэвіч.

Савецкі жывапісец і педагог. Вучань Ю.  Пэна.

Выкладаў у Ленінградскіх інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры, Вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы імя В. Мухінай.

Пісаў жанравыя і гісторыка-рэвалюцыйныя кампазіцыі, партрэты, пейзажы. Працаваў у тэхніцы алейнага і тэмпернага жывапісу.

Яго творы знаходзяцца ў Дзяржаўным Рускім музеі, у іншых музеях і прыватных зборах у Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША і іншых краінах.

Памёр 23 лютага 1979 года ў Ленінградзе.

Дзень у гісторыі. 19 лютага. Крыжовы паход супраць літоўцаў. Крым перададзены Украіне. Першы дазволены апазіцыйны мітынг. Нарадзіліся мастак Ю. Пешка, паэт С. Шушкевіч.

Сусветны дзень кітоў (World Whale Day). 

У гэты дзень 1986 года Міжнародная кітабойная камісія (МКК), пасля 200 гадоў бязлітаснага знішчэння марскіх гігантаў, забараніла камерцыйны промысел буйных кітоў і гандаль іх мясам. Штогод у гэты дзень розныя прыродаахоўныя групы праводзяць акцыі ў абарону кітоў і іншых марскіх млекакормячых. Часта эколагі аб’ядноўваюцца і прысвячаюць гэты дзень абароне аднаго ўнікальнага віду, якому пагражае смяротная небяспека.

У цяперашні час дазволены толькі абарыгенны промысел кітоў выключна для задавальнення запатрабаванняў карэннага насельніцтва, а таксама канфіскацыя кітоў у навуковых мэтах па спецыяльных дазволах урадаў-членаў МКК.

У сярэднім даўжыня кіта складае ад 22 да 27 метраў. Самы вялікі кіт быў злоўлены ў 1926 годзе: яго даўжыня складала 33 метры, а важыла жывёла 150 тон.

Далёкія продкі кітоў былі сухапутнымі жывёламі, якія хадзілі на чатырох нагах.

1236 год. Папа Рыгор IX абвясціў першы крыжовы паход супраць літоўцаў. 

Рыга стала апорным пунктам для прыбываючых воінаў Хрыста. Усяго прыбыло больш за 2 000 саксонцаў, да іх далучылася і 200 пскавічоў, якіх моцна дапяклі набегі балцкіх плямёнаў.

Магістр Ордэна Мечаносцаў Фолквін, не асабліва гарэў жаданнем ісці ў малазнаёмую мясцовасць і таму да восені крыжакі сядзелі ў Рызе. 

Крыжакі і іх саюзнікі спустошылі значную тэрыторыю на мяжы сучасных Латвіі і Літвы. Літоўцы хаця і былі заспеты знянацку гэтым уварваннем, даволі хутка сабралі да 3 000 апалчэнцаў. 

21 верасня каля Саўле (Шаўляй) крыжакоў сустрэў са сваёй дружынай мясцовы правадыр В. Булёніс, да яго на наступны дзень далучыліся жэмайты Вікінтаса. 

Цяжкая конніца крыжакоў увязла ў балоце, што дапамагло літоўцам нанесці суперніку велізарныя страты.

1767 год. Нарадзіўся Юзаф Пешка. 

Польскі і беларускі жывапісец, прадстаўнік акадэмічнага класіцызму. 

Працаваў у Гродна, Нясвіжы, Мінску, іншых гарадах і мястэчках, выкладаў у Школе прыгожых мастацтваў, у Ягелонскім універсітэце, стаў першым дырэктарам рэарганізаванай Школы выяўленчых мастацтваў. 

Пасля падарожжаў па Беларусі пакінуў выявы краявідаў Магілёва і Шклова, Магілёўскай губерні, Віцебска, Нясвіжа, Мінска і іншых. 

Аўтар партрэтаў гістарычных дзеячаў, прац па гісторыі Рэчы Паспалітай. Яго пейзажы з’яўляюцца асабліва каштоўнымі для вывучэння архітэктуры Мінска, Магілёва.  

Памёр 4 верасня 1831 года.

Юзаф Пешка. Краявід Шклова
Юзаф Пешка. Краявід Шклова

1864 год. Нарадзіўся Вячаслаў Адамовіч. 

Беларускі палітычны і вайсковы дзеяч, выдавец, публіцыст, паэт, музыка.

Выдавец газеты «Северо-западный телеграф», удзельнік беларускага вайсковага руху, сябра Беларускай Вайсковай Камісіі, браў удзел у стварэнні таемнай сялянскай вайсковай арганізацыі «Зялёны Дуб», якую ўзначаліў яго сын Вячаслаў (атаман Дзяргач). 

Браў удзел у антыбальшавіцкай акцыі пачатку 1920-х гадоў. Пазней адышоў ад палітычнай дзейнасці, жыў у Вільні.

Памёр 21 лютага 1939 года.

1887 год. Нарадзіўся Янка Пазняк. 

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, палітык. Дзед палітыка Зянона Пазняка.

У маладосці далучыўся да беларускага руху, удзельнічаў у працы беларускіх хрысціянска-асветніцкіх суполак. 

Выдаваў каталіцкую газету «Biełarus», рэдагаваў газету «Biełaruskaja krynica», часопіс «Хрысціянская думка», быў сакратаром Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, старшынёй Прэзідыума Беларускага народнага аб’яднання, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта. Арганізатар беларускіх сялянскіх мастацкіх калектываў і стваральнік беларускіх вясковых школ.

Яго палітычная дзейнасць сустрэла негатыўную рэакцыю з боку польскіх уладаў. Супраць яго было заведзена 35 судовых спраў, накладаліся грашовыя штрафы, ён быў у зняволенні.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС. Верагодна, пасля 22 красавіка 1940 года быў расстраляны ў Мінску.

супрацоўнікі рэдакцыі «Biełaruskaj krynicy» ў Вільні. Злева направа: Я. Найдзюк, У. Тарасевіч, М. Пяцюкевіч, Ян Пазняк
супрацоўнікі рэдакцыі «Biełaruskaj krynicy» ў Вільні. Злева направа: Я. Найдзюк, У. Тарасевіч, М. Пяцюкевіч, Ян Пазняк

1890 год. Нарадзіўся Казімір Сваяк (Стаповіч). 

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, паэт.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Служыў у касцёлах у Камаях, Клюшчанах, іншых у мястэчках Заходняй Беларусі. З 1915 года вёў казанні на беларускай мове. 

Аўтар вершаў, зборніка вершаў, вершаванага апавядання. Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы», «Купалле». Напісаў філасофскі дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» з «Аўтабіяграфіяй».

Памёр 6 мая 1926 года.

У 1990 годзе А. Мальдзіс падчас візіту ў Ватыкан пры размове з Папам унёс прапанову прылічыць К. Стаповіча да ліку блаславёных.

У Вільні ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар.

1901 год. Нарадзіўся Сяргей Бусел. 

Беларускі грамадскі дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання.

Удзельнікк беларускага нацыянальнага руху, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны. У часе Слуцкага збройнага чыну прымаў удзел у фармаванні 1-й  Слуцкай брыгады войскаў БНР.

Уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі, працаваў ў ковенскім Прадстаўніцтве БНР і літоўскім Міністэрстве беларускіх спраў. 

У Празе ўдзельнічаў у эмігранцкіх арганізацыях разам з Т. Грыбам, Я. Мамонькам, П. Бадуновай, М. Чарнецкім. 

Пасля вяртання ў Вільню працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце, у часопісе «Золак». У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС і вывезены ў Мінск. 

У лютым 1940 года прыгавораны да 15 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Далейшы лёс невядомы.

1908 год. Нарадзіўся Станіслаў Шушкевіч.

Беларускі паэт, Заслужаны работнік культуры. Бацька палітыка С. С. Шушкевіча. 

Быў членам літаб’яднання «Маладняк», БелАПП. Працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, загадчыкам бібліятэкі Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, у рэдакцыях шэрагу газет.

Арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 8 год лагераў. Знаходзіўся ў лагеры і ссылцы ў Кемераўскай вобласці. У 1946 годзе вярнуўся на Радзіму. Паўторна арыштаваны ў жніўні 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

Пасля 1956 года працаваў у газетах «Мінская праўда», «Літаратура і мастацтва».

Аўтар вершаў, дзясятка паэтычных зборнікаў, кнігі ўспамінаў, успамінаў пра беларускіх пісьменнікаў, кнігі прозы, зборніка сатыры і гумару. Пісаў і для дзяцей: шэраг зборнікаў вершаў, апавяданняў і казак. Выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах, «Выбранае». 

Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Памёр 1 лютага 1991 года.

1919 год. У Магілёве створана дзіцячая музычная школа. 

Ініцыятыву аматараў музыкі “праштурхнуў” кампазітар М. Чуркін. Установе, неўзабаве дзіцячай музычнай школе №1 імя М. Рымскага-Корсакава, быў выдзелены асабняк былога прамыслоўца Бачкова па Камуністычным завулку, а ў 1925 годзе быў выдзелены новы будынак. 

У 1938 годзе на базе школы было адкрыта Магілёўскае музычнае вучылішча імя Н.А. Рымскага-Корсакава. Школа (зараз – каледж музыкі і харэаграфіі) і вучылішча (цяпер – музычны каледж) да 1960 года працавалі ў адным будынку.

1954 год. Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Крымская вобласць перададзена з РСФСР у склад Украінскай ССР. 

Пастанова Прэзідыума аб перадачы Крыма была прынятая аднагалосна. Фармальнасць адміністрацыйнага ўпарадкавання да 300-годдзя Пераяслаўскай рады, у 2014 годзе стала падставай для расійскай акупацыі Крыма і ўсходу Украіны. 

Прынята лічыць, што ідэя перадачы Крыма належала М. Хрушчову. 

Ніякага ажыятажу сярод насельніцтва падзея не выклікала. Народ і ў Расіі, і ва Украіне прыняў вестку аб перамене статусу Крыма на здзіўленне будзённа.

1989 год. Адбыўся мітынг на мінскім стадыёне «Дынама», арганізаваны Беларускім народным фронтам і Канфедэрацыяй беларускіх аб’яднанняў («Талака», «Тутэйшыя» і іншыя). 

Гэта быў першы ў БССР дазволены ўладамі апазіцыйны палітычны мітынг, першая масавая деманстрацыя нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белых сцягоў і герба «Пагоня».  

Нягледзячы на моцны мароз узяла ўдзел каля 40  000 чалавек. 

Спяваў Сяржук Сокалаў-Воюш. Выступалі лідары Фронту, кандыдаты ў народныя дэпутаты СССР, якіх падтрымліваў БНФ.

Перадвыбарчым лозунгам Фронту быў заклік «Заводы – рабочым, зямля – сялянам, улада – народу». Шэраг кандыдатаў, каго БНФ прапагандаваў і падтрымліваў на выбарах, сталі народнымі дэпутатамі СССР: А. Адамовіч і В. Быкаў – па спісах творчых саюзаў, С. Габрусеў, А. Дабравольскі, А. Жураўлёў, М. Ігнатовіч, С. Шушкевіч – ад выбарчых акруг.

1993 год. Памёр ураджэнец Беларусі Часлаў Кудаба (Худаба). 

Беларускі і літоўскі географ-краязнавец, эколаг, Лаўрэат Дзяржпрэміі Літвы. 

Барацьбіт за незалежнасць Літвы. Кіраўнік праекта па стварэнню геаграфічнага атласа Літвы, аўтар манаграфій, кніг, артыкулаў аб прыродзе, культуры, экалагічным стане Літвы, Беларусі, пра хараство Нарачанскага краю. 

Кніга «Па Віліі: падарожныя запісы» прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія.

Дзень у гісторыі. 17 лютага. Першы падзел Рэчы Паспалітай. Трагедыя Росіцы. Марш “недармаедаў”. Нарадзіліся археолаг К. Тышкевіч, падарожнік па Амерыцы К. Ельскі

Міжнародны Дзень спантанай праявы дабрыні (International Spontaneous Kindness Day, з 1998 года). 

Устаноўлены па ініцыятыве міжнародных дабрачынных арганізацый на канферэнцыі ў Токіа. У гэты дзень, як заклікаюць арганізатары, трэба імкнуцца быць добрым да ўсіх, і не проста добрым, а добрым бязмежна і бескарысліва.

Калі чалавек чакае падзякі за сваю дабрыню, гэта не можа лічыцца сапраўднай дабрынёй.

Добрыя справы самі па сабе павінны дастаўляць вам задавальненне, і пры гэтым, даючы нешта іншым ці дапамагаючы ім, вы не павінны чакаць узнагароды. Такая сапраўдная дабрыня.

Нямногія ў наш неспакойны час здольныя на такі “подзвіг” – у стане стомленасці і раздражненні ад надзённых клопатаў мы ўсё часцей абыякава праходзім міма чужых праблем, пакуль яны не закрануць нас саміх.

І тады мы шукаем падтрымку і ўдзел у людзей, для якіх “бескарыслівая дапамога”, “міласэрнасць” і “спагадлівасць” не проста словы, а сэнс жыцця, які стаў пакліканнем.

1772 год.  Прускі кароль Фрыдрых II і Кацярына II падпісалі Пецярбургскую канвенцыю аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.  

5 жніўня 1772 года набыла моц аналагічная руска-аўстрыйская канвенцыя. У верасні 1772 года рускія, аўстрыйскія і прускія войскі занялі адпаведныя тэрыторыі. 

Рэч Паспалітая працягвала існаваць, але яе тэрыторыя істотна скарацілася. У верасні 1773 года кароль Станіслаў Панятоўскі прызнаў новыя межы, падпісаўшы мірныя дамовы з Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. 

Наступныя падзелы Рэчы Паспалітай адбыліся ў 1793 і 1795 гадах.

1806 год. Нарадзіўся Канстанцін Тышкевіч. 

Беларускі археолаг, гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі. На аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. 

Член навуковых таварыстваў Вільні, Кракава, Масквы, Прагі, Парыжа, Лондана. 

Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў. 

У памяць аб вучоным з 2007 года праводзіцца водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» па Віліі. 

Памёр 13 ліпеня 1868 года.

1837 год. Нарадзіўся Канстанцін Ельскі. 

Беларускі вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік.

Сваяк кампазітара С. Манюшкі.

Вучыўся ў  Маскоўскім і Кіеўскім універсітэтах. Адзін з першых у Расійскай імперыі дарвіністаў.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863-1864 гадоў ва Украіне. Жыў у эміграцыі. 

Займаўся геалагічнай практыкай у Турцыі, працаваў у парыжскім Прыродазнаўчым інстытуце, даследаваў Французскую Гвіяну ў Паўднёвай Амерыцы (1865-1869), Перу (1869-1878), Кардыльеры, вярхоўі Мараньёна – аднаго з вытокаў Амазонкі. Прэпараваныя ім пудзілы адпраўляліся ў музеі Еўропы, адных толькі павукоў даслаў каля 300 экзэмпляраў, адкрыў невядомыя віды жывёл. Сустваральнік і захавальнік прыродазнаўчага музея ў перуанскай Ліме.

Па вяртанні з Амерыкі, працаваў у Варшаве, захавальнікам прыродазнаўчых калекцый Кракаўскай акадэміі навук, у Турцыі, Германіі. Удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях на французскі паўвостраў Брэтань, у балканскай Далмацыі.

У гонар вучонага названы від лаўра, некаторыя віды птушак і звяроў.

Памёр 26 лістапада 1896 года.

1937 год. У вёсцы Машанакі Магілёўскага раёна нарадзілася Зінаіда Бандарэнка. 

Герой Сацыялістычнай працы, Ганаровы хімік СССР.

Усё яе працоўнае жыццё прайшло на Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно»: прадзільшчыца, апаратчыца. Выбіралася ад калектыва Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1976-1981). 

Упершыню ў СССР разам з напарніцай выйшла з брыгады каб на дваіх абслугоўваць адразу 15 станкоў. Пераможца пяці пяцігодак.

1938 год. Памёр у ГУЛАГу  Міхась Багун. 

Беларускі паэт, празаік, перакладчык.

Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва», у Белдзяржвыдавецтве.

Аўтар лірычных рамантычна-акрыленых твораў: шэрагу зборнікаў, паэм. Пісаў і апавяданні для дзяцей.  Перакладчык на беларускую мову М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», вершаў А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і іншых.

Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, увайшлі ў фальклорныя запісы.

Арыштаваны ў лістападзе 1936 года, прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі.

1943 год. Нацысты спалілі 1530 жыхароў, уключая двух каталіцкіх святароў, вёскі Росіца Верхнядзвінскага раёна. 

16-18 лютага тут прайшла карная аперацыя «Зімовы цуд». Карнікі звезлі мясцовых жыхароў у стайню і падпалілі яе. Святары Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў і прынялі разам з імі пакутніцкую смерць.

У 1999 годзе Ян Павал II абвясціў ксяндзоў Ю. Кашыру і А. Ляшчэвіча блаславёнымі. 19 жніўня 2000 года ў Росіцы адбылося паўторнае асвячэнне касцёла.

Па колькасці ахвяр Росіца – трэцяя на Беларусі апасля в. Боркі Кіраўскага раёна (2000), былой в. Ала Светлагорскага раёна (1758 чалавек).

1949 год. Заступіў на пасаду першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман (1874–1952). 

Ураджэнец м. Моталь пад Пінскам. Выбітны навуковец-хімік, палітык, прэзідэнт (1929-1946) Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Заснавальнік даследчага інстытуту, які цяпер носіць ягонае імя.

Ганаровы доктар Ерусалімскага універсітэта, Ганаровы грамадзянін Ерусаліма.

1952 год. Нарадзіўся Уладзімір Крываблоцкі. 

Беларускі мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (дыпломнай працай стаў вялізны два з паловай метры ў вышыню трыпціх «Хатынь»), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Маляваць пачаў у дзяцінстве, свае малюнкі дасылаў у газету «Піонэр Беларусі» і тройчы перамагаў у конкурсах.

Асновай творчасці з’яўляецца Беларусь, яе мінуўшчына, людзі, прырода. Прымаў удзел у рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, аздабленні будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім гісторыі і культуры, Магілёўскім абласным мастацкім, Віцебскім краязнаўчым музеях.

Яго вітражы ўпрыгожваюць многія будынкі Мінска, Кобрына, Брэста, Цэнтральнага Батанічнага сада,  Ушацкага Музея народнай славы, Палаца Культуры Мсціслава. Паліпціх «Рэквіем» памерам 33 м² – у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Жывапіс прысвечаны вязням канцлагеру ў Азарычах ствараўся 3,5 гады. За гэту працу быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

«Зямля», мазаіка на фасадзе Брэсцкага электра-механічнага завода

1955 год. Нарадзіўся Уладзімір Вішнеўскі. 

Беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, скульптар, педагог. Акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Загадчык кафедры графікі Беларускай Акадэміі мастацтваў. Выдатны майстар станковай і кніжнай графікі, працуе ў тэхніках афорта, літаграфіі, тэмперы.

Аўтар шматлікіх графічных серый, сярод іх «Птушкаловы», «Кірмаш спадзяванняў», «Пабудова чалавека», «Туга страчанага сусвету», ілюстрацый да кніг У. Ягоўдзіка, Якуба Коласа, К. Крапівы, А. Разанава, М. Лужаніна, Ф. Дастаеўскага, А. Пашкевіч (Цёткі).

За ілюстрацыі кніг «Вянок беларускіх народных песень» і «Палата кнігапісная» М. Нікалаева атрымаў дыпломы беларускіх рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі».

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватных зборах Беларусі і замежжа.

2013 год. Памёр Сакрат Яновіч. 

Беларускі, польскі пісьменьнік, публіцыст, грамадскі дзеяч Беласточчыны. Працаваў ў газеце «Ніва», узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, займаўся актыўнай літарганізатарскай дзейнасцю. У яго Villa Socrates праходзілі шматлікія беларускія і міжнародныя інтэлектуальныя спатканні. 

Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр, каля 30 кніг, сярод якіх «Беларусь, Беларусь», «Доўгая смерць Крынак» і інш. Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я. Брыля, п’есу Я. Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатра імя Я. Вянгеркі ў Беластоку.

2017 год. У Мінску адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць прэзідэнцкага Дэкрэта № 3 і эканамічнай палітыкі ўлад. 

Удзельнічала больш за 2 000 чалавек. Арганізатарамі акцыі сталі апазіцыйныя палітыкі М. Статкевіч, У. Някляеў і іншыя. Марш прайшоў ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Беларусі, каля якога адбыўся кароткі мітынг.

Затым пратэсты перакінуліся на іншыя гарады Беларусі: Гомель, Магілёў (каля 500 чалавек прайшлі па вуліцы Ленінскай), Брэст, Гродна, Віцебск і іншыя. Удзельнікі маршу актыўна даводзілі, што яны не “дармаеды”, і пратэставалі супраць уторгнення непразрыстай дзяржавы ў зоны асабістай свабоды грамадзян.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомы як Дэкрэт аб дармаедстве, быў выдадзены 2 красавіка 2015 года. Ён не адпавядае Канстытуцыі, міжнародным дагаворам і іншым заканадаўчым актам краіны. 

Падобны ўказ быў прыняты ў 1961 годзе ў СССР, там дармаедства адносілі да крымінальна-каральных злачынстваў.

Улады Беларусі рабілі спробы ўвесці падатковы збор з беспрацоўных грамадзян з 2013 года, з ініцыятывы прэм’ер-міністра М. Мясніковіча.

Дзень у гісторыі. 15 лютага. Полацк зруйнаваны Іванам Жахлівым. З’яўленне дыскеты. Вывад савецкіх войск з Афганістана. Нарадзіўся пісьменнік П. Васючэнка.

Сусветны дзень дзяцей, хворых на рак (International Childhood Cancer Day, з 2001 года). 

Устаноўлены з ініцыятывы Сусветнай канфедэрацыі бацькоў дзяцей, хворых на рак (ICCCPO). Праводзіцца пад патранатам Міжнароднага таварыства дзіцячых анколагаў. 

Паводле медыцынскай статыстыкі, штогод у свеце каля 200 000 дзяцей захворваюць на рак, палова з іх памірае. Залогам паспяховага лячэння анкалагічных захворванняў лічыцца своечасовая дыягностыка. Калі хвароба выяўляецца на першай або другой стадыях, лячэнне часцяком вядзе да спрыяльнага сыходу. Аднак 10% выпадкаў выяўляецца толькі на трэцяй стадыі, а ў 8% дзяцей яго дыягнастуюць толькі на чацвёртай стадыі. Дзяцей часцей за ўсё паражае лейкемія, або рак крыві. 

У развітых краінах, дзе медыкі маюць неабходнае дыягнастычнае абсталяванне, у цяперашні час перамагаюць хваробу трое з чатырох дзяцей. У краінах трэцяга свету сітуацыя супрацьлеглая.

Стрэчанне Гасподне. Прынясенне ў Іерусалімскі храм немаўля Ісуса Хрыста (у праваслаўных хрысціян). 

Прыняслі яго бацькі на 40-ы дзень пасля Калядаў і на 32-і дзень пасля Абразання. У  храме Святое сямейства сустрэў Сімяон Багапрыімец.

У хрысціянстве свята з’явілася ў VI стагоддзі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы («стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога Запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай.

Сімяон чакаў прышэсця Збавіцеля, бо яму было прадказана, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста Госпада. Сімяон чакаў сустрэчы 300 гадоў. 

1563 год. Полацк захоплены пасля аблогі маскоўскімі войскамі Івана Жахлівага пад час Лівонскай вайны. 

Аблога цягнулася з 1 лютага. Маскавітаў было ад 31 000 да 150 000 войска і 200 асадных гармат. Полацкі гарнізон меў толькі 2 000 салдат ВКЛ, 400 польскіх наемнікаў і нямецкую роту, 38 гармат. Выбар Полацка для нападу, цалкам відавочны. Полацак у XVI стагоддзі быў найбуйным і найбагатым горадам Вялікага княства Літоўскага, з насельніцтвам ледзь не 100 000 чалавек. Тут рускае войска магло разлічваць на велізарную здабычу. Акрамя таго, узяцце Полацка давала цэлы шэраг тактычных пераваг. Пры ўсталяванні кантролю над Полацкам і цягам Заходняй Дзвіны Руская дзяржава атрымала б магчымасць для прамых зносін з Лівоніяй са Смаленска, адкрыла шлях на Вільню. Полацак спрадвеку лічыўся Рурыкавічамі адной са сваіх галоўных вотчын.

Іван IV любіў апрануць свае палітычныя і ваенныя акцыі ў форму святой вайны супраць ворагаў веры і царквы. У паход ён узяў са сваёй казны крыж Св. Еўфрасінні Полацкай, каб вярнуць яго ў Спаскі манастыр.

У выніку захопу Полацка 15 лютага 1563 года Іван Жахлівы спаліў горад і зраўняў з зямлёй, загадаў без шкадавання засекчы болей за 20 000 гараджан, пагнаць у Маскву больш як 60 000, а кабет і дзяўчат распрануць і так – голымі і звязанымі – весці. Манахаў-бернардынаў закатаваць, “жыдоў хрысціць або патапіць у Дзвіне”.

1857 год. Памёр Міхаіл Глінка. 

Рускі кампазітар, заснавальнік рускай класічнай музыкі. Яго прадзед, які паходзіў са старажытнага каталіцкага шляхецкага рода, пры захопу Смаленска рускімі ў 1654 годзе вымушаны быў прыняць маскоўскае падданства. 

Па выразу У. Стасава, Пушкін і Глінка “стварылі новую рускую мову – адзін у паэзіі, другі ў музыцы”.

Найбольш вядомыя творы: оперы «Жыццё за цара», «Руслан і Людміла», «Вальс-фантазія», скерца для аркестра «Камарынская».

Апошнія гады жыцця правеў у Іспаніі, Аўстрыі і Германіі.

Памёр у Берліне, перапахаваны ў Пецярбурзе.

У 1982 годзе ў радавой сядзібе кампазітара Наваспаскае ў Смаленскай вобласці адчынены Дом-музей М. Глінкі.

У Беларусі імя Глінкі носяць Мінскі музычны каледж, вуліцы ў Віцебску, Гомелі, Гродна, Бабруйску, завулак у Магілёве.

1904 год. Нарадзілася Ларыса Александроўская. 

Беларуская оперная спявачка (сапрана), тэатральны рэжысёр, грамадскі дзеяч. Народная артыстка БССР (1938) і СССР (1940).

Скончыла Беларускі музычны тэхнікум, студыю оперы і балета. У 1919-1924 гадах – удзельніца арганізаванай ёю самадзейнай трупы пры Палітаддзеле Заходняга фронту, у 1927 годзе выконвала беларускія народныя песні на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне, з 1933 года – артыстка Беларускага тэатра оперы і балета, яго галоўны рэжысёр (1951-1960).

Падчас вайны выступала ў складзе франтавых канцэртных брыгад, выступала на перадавой.

Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’яднання і яго старшыня.

З поспехам выконвала партыі ў класічных і нацыянальных операх. Выступала як канцэртная спявачка, значнае месца ў рэпертуары займалі беларускія народныя песні.

Выступала ў шматлікіх замежных краінах.

Памерла 23 мая 1980 года.

1912 год. Нарадзіўся Навум Перкін. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік. Доктар філалагічных навук, прафесар Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа 

Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук.

Аўтар прац «Аркадзь Куляшоў: Паэтычная творчасць», «Творчасць Петруся Броўкі», «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20-30-х гадоў: Праблемы сацыялістычнага рэалізму»,  «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры», «Пятро Глебка» і іншых.

Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Истории советской многонациональной литературы», суаўтар падручніка «Беларуская савецкая літаратура» для 9-10 класаў.

Памёр 2 кастрычніка 1976 года.

1958 год. Памёр Язэп Рэшаць. 

Дзеяч беларускай эміграцыі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, навуковец, пісьменнік, драматург і публіцыст. Доктар філасофіі і тэалогіі. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.

Прафесар Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, Універсітэта Стэфана Баторыя, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі,  Беластоцкай настаўніцкай семінарыі.

Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці, дзеяч Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Супрацоўнічаў з каталіцкім перыядычным выданнем «Chryścijanskaja Dumka».

Вёў душпастырскую дзейнасць на Падляшшы.

У 1938 годзе выехаў у ЗША, уступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве Св. Пракопа каля Чыкага.

Аўтар многіх рэлігійных і навуковых кніг на беларускай мове, пьес (пад псеўданімам Язэп Рушчанец). Адзін з распарцоўшчыкаў статуту Лігі абароны правоў беларусаў-каталікоў.

1959 год. У Полацку нарадзіўся Пятро Васючэнка. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, драматург, казачнік і аўтар фэнтэзі. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Аўтар і суаўтар літаратуразнаўчых манаграфій «Драматургія і час», «Драматургічная спадчына Янкі Купалы», «Пошукі страчанага дзяцінства», «Сучасная беларуская драматургія», «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм», папулярных нарысаў, шэрагу кніг прозы, паэзіі, экалагічнай казкі «Каляровая затока», зборніка п’ес. Папулярнасць у публікі здабылі яго творы пра прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага.

Яго творы перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны.

Памёр 25 жніўня 2019 года.

1970 год. Кампанія IBM прапанавала гнуткі магнітны дыск для захоўвання інфармацыі. 

Так з’явілася дыскета (Floppy disk) – партатыўная запамінальная прылада для шматразовага запісу і захоўвання дадзеных, прызначаных для апрацоўкі на камп’ютары.

Дыскеты былі асабліва шырока распаўсюджаны ў 1970-я – пачатку 2000-х гадоў. Гэта былі дыскеты памерам 8´´ (дзюймаў), 5,25´´, 4´´, 3,25´´, 3,5´´ (аб’ём 1,44 Мб), 3´´, 2,8´´, 3´´, 2,5´´, 2´´. Яны саступілі больш ёмкім і зручным CD, DVD і флэш-накапляльнікам.

1975 год. Памёр Міхал Сапоцька. 

Каталіцкі святар, блаславёны. Заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці Ісуса Хрыста.

У Вільні служыў вайсковым капеланам і садзейнічаў адбудове касцёла Святога Ігнацыя, быў духоўным айцом Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі, прафесарам Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, духоўнай семінарыі ў Беластоку, рэктарам касцёла Арханёла Міхала.

Аўтар духоўнага «Дзённіка» сястры Фаустыны.

Беатыфікаваны у 2008 годзе.

1989 год. Завершаны вывад савецкіх войскаў з Афганістана. У Беларусі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. 

9-гадовае вайсковае ўварванне СССР у Афганістан са снежня 1979 па люты 1989 года скончылася вывадам войска паводле Жэнэўскіх пагадненняў ад 14 красавіка 1988 года. Вывад войск цягнуўся з 15 мая 1988 года.

24 снежня 1979 года міністар абароны СССР Дз. Усцінаў зацвердзіў уварванне ў Афганістан. 25 снежня каля Кабула аб скалу разбіўся савецкі вайскова-транспартны самалёт Іл-76, у выніку чаго загінулі 47 вайскоўцаў 350-га парашутна-дэсантнага палка з п. Баравуха пад Полацкам са складу віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. 

А 19:30 654 савецкія вайскоўцы, апранутыя ў афганскую форму, пачалі ў Кабуле штурм Вялікага каралеўскага палаца, дзе застрэлілі старшыню ўрада краіны Хафізулу Аміна, яго 2 малалетных сыноў і каля 200 афганскіх вайскоўцаў.

У савецкім вайсковым уварванні ў Афганістан узялі ўдзел больш за 30 000 ураджэнцаў Беларусі (5% ад усіх вайскоўцаў), з якіх 723 (3%) загінулі, больш за 1,5 тысяч атрымалі раненні, кантузіі, 702 – вярнуліся інвалідамі, 12 прапалі бяз вестак.

2013 год. Падзенне метэарыта на Урале, у раёне Чалябінска. 

Палёт баліда назіралі ў Свярдлоўскай, Курганскай і Цюменскай абласцях Расіі, у паўночных раёнах Казахстана. Метэарыт у 10 тон выбухнуў над Чалябінскам на вышыні 30-70 км прыкладна а 09:20 па мясцовым часе. Яго хуткасць пры падзенні складала да 70 кіламетраў у секунду.

З-за выбухнай хвалі пацярпелі каля 1 200 чалавек, былі пашкоджаны будынкі. Да гэтага, 11 лютага над тэрыторыяй Башкірыі таксама быў зафіксаваны пралёт буйнога баліда.

Расія правакуе НАТА – уварванне ў паветраную прастору Польшчы, вывад у мора караблёў з атамнай зброяй

Сёння раніцай два знішчальнікі F-35 ВПС Нідэрландаў перахапілі групу з трох расійскіх ваенных самалётаў у небе над Польшчай – паведамляе Reuters.

Паведамляецца, што ў паветраную прастору Польшчы  з боку Калінінграда ўвайшлі два штурмавікі Су-27 і самалёт радыёэлектроннай разведкі Іл-20М. Ім на перахоп вылецелі два F-35, якія належаць Нідэрландам. Яны суправаджалі расейскія самалёты да таго моманту, як тыя пакінулі паветраную прастору Польшчы.

Акрамя гэтага, упершыню з часоў СССР і за апошнія 30 гадоў, Расія аднавіла вывад у мора караблёў з тактычнай ядзернай зброяй на борце – паведамляюць novosti-n са спасылкай на справаздачу нарвежскай разведкі.

“Асноўная частка ядзернага патэнцыялу размешчана на падводных лодках і надводных караблях Паўночнага флота.” – гаворыцца ў дакладзе разведслужбы.

Ведамства адзначае, што тактычная ядзерная зброя можа ўяўляць асабліва сур’ёзную пагрозу ў сцэнарах патэнцыйнага супрацьстаяння Расіі і НАТА.

Фота маюць ілюстрацыйны характар

Дзень у гісторыі. 11 лютага. Заснаванне Японіі і Ватыкана. Ялцінская канферэнцыя. Нарадзіліся мастак Н. Орда, тэлевядучы Ю. Жыгамонт

Сусветны дзень хворага (World Day of the Sick, з 1993 года). 

Дзень заснаваны 13 мая 1992 года па ініцыятыве Папы Рымскага Іаана Паўла II. Пантыфік мэту Дня вызначыў так: “даць адчуць супрацоўнікам шматлікіх медыцынскіх каталіцкіх арганізацый, вернікам, усёй грамадзянскай супольнасці неабходнасць забеспячэння лепшага догляду хворых і нямоглых, аблягчэння іх пакут”.

Дата была абраная ў сувязі з тым, што менавіта ў гэты дзень у французскім мястэчку Лурд шмат стагоддзяў таму адбылася з’ява Маці Божай. Святая Дзева, Лурдская Маці Божая, якая ацаліла хворых і стала сімвалам выратавальніцы хворых.

Ігнат (народны каляндар). 

«Ігнат Грамніцам рад», «падае руку грамнiцам», радуецца пералому зімы.

660 год да нашай эры. Дзень заснавання японскай дзяржавы.

Ураджэнец вострава Кюсю Дзіму (? – 585 да н. э.), які лічыў сваёй прамаці багіню сонца Аматэрасу, заваёўвае краіну Ямата і займае яе пасад.

Ён прымае тытул Сына Неба і засноўвае імператарскую дынастыю, якая кіруе ў Японіі і дагэтуль. Гэты дзень лічыцца датай заснавання японскай дзяржавы. З 1336 святкуецца як самурайскае свята “Кігэнсэцу” – Дзень заснавання дзяржавы.

Сёння Японія – адзіная ў свеце імперыя, член “Вялікай сямёркі”, вялікая эканамічная дзяржава, што займае 3-4 месцы ў свеце па ВУП, 4-е – па аб’ёму экспарта і 6-е па імпарту, 11-е па колькасці насельніцтва (125 мільёнаў чалавек), з вельмі высокім узроўнем жыцця і з самай высокай сярэдняй працягласцю жыцця (85 гадоў). 

Адзіная краіна ў свеце, супраць якой была выкарыстана ядзерная зброя.

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады – калі лічыць па новым стылі.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” 1 лютага – гэта 11 лютага па грыгарыянскім календары. 

У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без боя на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

1807 год. Нарадзіўся Напалеон Орда. 

Беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Скончыў Свіслацкую гімназію. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве быў арыштаваны і выключаны з Віленскага універсітэта. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. 

Жыў на эміграцыі ў Францыі. Браў урокі музыкі ў Ф. Шапена. Аўтар твораў для фартэпіяна – рамансаў, паланэзаў, серэнад, мазурак. Працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.

Яго выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў (узору 2000 года).

Памёр 26 красавіка 1883 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская мастацкая школа. Працуе раённы музейны комплекс Н. Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна, у Іванава пастаўлены адзіны ў Еўропе помнік. Адноўлена сядзіба, у якой нарадзіўся мастак.

1877 год. Нарадзіўся Антон Неканда-Трэпка. 

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, педагог.

Удзельнік пецярбургскага Беларускага гуртка народнай прасветы, студэнцкага руху. Сустваральнік Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».

У Мінску працаваў у польскай гімназіі, у наркамасветы БССР, намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, уваходзіў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. У сакавіку 1919 года арыштаваны ВЧК і інтэрніраваны ў Смаленск.

З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, сасланы ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса. Памёр 12 лютага 1942 года на наступны дзень апасля 65-годдзя па дарозе да месца дыслакацыі вайсковай часці.

Фота: А. Неканда-Трэпка з жонкай Юліяй

1924 год. Памёр урадэнец Полацка Дзміцер Кайгародаў (1846–1924)

Прыродазнавец, падарожнік, аўтар феналагічных карт, заснавальнік рускай феналогіі, аўтар першых радыёперадач па прыродазнаўстве, прафесар. 

Пасля выйсця ў адстаўку з армейскай службы, заняўся навукай. У 1875-1905 гадах узначальваў кафедры лясной тэхналогіі, ляснога інжынернага мастацтва ў Пецярбургскім лясным інстытуце.

Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-папулярных работ, дапаможнікаў, падручнікаў, у тым ліку «Кароткі агляд расліннага царства па кліматычных паясах»,  комплекснай праграмы па прыродазнаўстве. Распрацоўшчык экскурсійнага метаду, першых календароў назіранняў для школы, заснавальнік Дня птушак.

Стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раянавання еўрапейскай часткі Расіі, сярод яго карэспандэнтаў былі і жыхары Беларусі, у тым ліку навучэнцы магілёўскіх школ.

Як папулярызатар прыроды, мноства сваіх артыкулаў, казак прыродазнаўчага зместу рэгулярна размяшчаў у дзясятках часопісаў.

Лічыў прыроду крыніцай музычнай, мастацкай, паэтычнай творчасці, натхнення. Аўтар некалькіх рамансаў.

Імя Кайгародава носіць Феналагічная камісія Рускага Геаграфічнага таварыства, вуліца ў Пецярбургу.

Ягоны ўнучаты пляменнік – А. Кайгарадаў (1881-1951) – беларускі акадэмік, кліматолаг, рэктар БДСГА, сустваральнік гідраметэаралагічнай службы, першы кіраўнік Беларускай навукова-даследчай геафізічнай абсерваторыі.

1929 год. Утварэнне суверэннай дзяржавы Ватыкан. 

Ватыкан стаў суверэнным у выніку Латэранскіх (па назве палаца) пагадненняў паміж Італьянскім каралеўствам  і Апостальскай Сталіцай, паміж прадстаўніком караля Віктара Эмануіла III прэм’ер-міністрам Б. Мусаліні і кардыналам П’етра Гаспары. 

Пагадненнямі скончыўся канфлікт паміж бакамі, які цягнуўся з 1870 года.

Ватыкан – карлікавая дзяржава, самая маленькая ў свеце, размешчана ў заходняй частцы Рыма, на Ватыканскім пагорку(“vaticinia” – “прадказанне”), на плошчы ў 44 гектары. Насельніцтва каля 900 чалавек. 

Гэта – абсалютная тэакратычная манархія на чале з Папай Рымскім. 

Значную частку тэрыторыі займае сабор святога Пятра і аднайменны пляц, якія з’яўляюцца цэнтрам пакланення каталікоў усяго свету, акрамя іх тут яшчэ месцяцца саборы Санта-Марыя-Маджорэ, Латэранскі, Ватыканская абсерваторыя. 

Практычна ўвесь перыметр краіны – каля 3200 метраў – абмежаваны сцяной, якая спыняе незаконныя пранікненні.

Ватыкан мае сваю армію са 117 швейцарскіх гвардзейцаў. Грашовая адзінка – еўра. Чаканіцца абмежавана і ватыканскі еўра (у асноўным для нумізматаў).

1945 год. Завяршылася Крымская (Ялцінская) канферэнцыя “вялікай тройкі”. 

Кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі быў прыняты план пасляваенага ўладкавання Еўропы, узгоднены дзеянні для дасягнення капітуляцыі Германіі. У «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» былі уключаны раздзелы пра разгром, акупацыю Германіі, рэпарацыі, аб Польшчы, Югаславіі, Кітаі і Японіі і іншыя. У выніку выканання СССР дамоў па Польшчы, БССР страціла Беластоцкую вобласць.

1952 год. У в. Ялізава Асіповіцкага раёна нарадзілася Людміла Паўлікава (Хейдарава). 

Беларуская паэтэса.

Працавала ў навукова-даследчых установах Мінска,  на Беларускім тэлебачанні.

Аўтар вершаў, многіх зборнікаў паэзіі, паэм, філасофскай кнігі, кніг апавяданняў, раманаў, перакладаў на беларускую мову асобных твораў  А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Ахматавай, М. Валошына, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, з літоўскай, украінскай, польскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Адамовіча, часопіса “Дзеяслоў”, “Залаты апостраф”.

1959 год. У Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага цырку з першым паказам. 

Умяшчальнасць залы цырка – 1668 месцаў, цырк разлічаны для паказу нумароў розных жанраў – ад воднай феерыі да паветраных нумароў. 

Першы ў Беларусі цырк «Цырк братоў Нікіціных» на 800 месцаў быў адкрыты ў Мінгску 16 лістапада 1884 года.

Будаўніцтва новага цырка пачалося ў кастрычніку 1954 года на беразе р. Свіслач. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаванне з прамавугольным у плане трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены каланадай карынфскага ордара. 

Будынак рэканструяваны ў 2008–2010 гадах.

Зараз у Беларусі працуюць толькі Мінскі і Гомельскі цыркі.  А вось у 1930-я гады працавалі ў Віцебску, Мінску, Магілёве, Гомеле, Бабруйску.

1968 год. Нарадзіўся Юрый Жыгамонт. 

Беларускі акцёр і тэлевядучы.

Яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць. “Стопрацэнтны беларускі падарожнік” бо вандруе толькі ў межах Беларусі і аб гэтым ніколькі не шкадуе.

Акцёр тэатру і кіно, працуе ў Тэатры юнага гледача, прымае ўдзел у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Тарас на Парнасе».

З 2006 года быў вядучым тэлепраекту «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта» на тэлеканале «СТБ». З 2017 года «Падарожжа дылетанта» выходзіў на партале TUT.BY.

Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.

Дзень у гісторыі. 9 лютага. Дзень стаматолага. Нараджэнне стрыптызу, валейбола і шрыфта Іллі Капіевіча. Дэпартацыя з Заходняй Беларусі. Нарадзіліся ваяр Радзівіл “Пярун”, паэт В. Тарас

Міжнародны дзень стаматолага (International Dentist Day) 

Устаноўлены па ініцыятыве Асацыяцыі Стаматолагаў ЗША ў дзень шанавання каталіцкай Святой Апалоніі Александрыйскай. Святая не адраклася ад Хрыста і прыняла смерць на вогнішчы 9 лютага 249 года. Існуе павер’е, што варта толькі вымавіць імя Апалоніі, памаліцца ёй – зубны боль аціхне.

Археалогія даказала, што прафесія стаматолага існавала і ў старажытнасці. Першая машына, падобная на апарат для лячэння зубоў, выкарыстоўвалася ўжо 9 тысяч гадоў таму.

Навукоўцы даследавалі парэшткі людзей з Белуджыстана ўзростам не менш як 7 000 гадоў. І ў зубах выявілі адтуліны, дыяметр якіх быў не больш за 3 мм, а глыбіня – не больш за 3,5 мм. Гэтыя адтуліны былі выкананы ідэальна, нібы тут папрацавалі сапраўднай бормашынай.

1547 год. Нарадзіўся Крыштоф Радзівіл “Пярун”

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. Вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі, кашталян троцкі, гетман польны літоўскі, вялікі падчашы літоўскі.

Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558–1582 гадоў: у 16 гадоў браў удзел у бітве пры Уле, пазней узяў замак Усвяты, нанёс паражэнне маскоўскаму войску каля Вялікіх Лук. Мянушку Пярун атрымаў за прымяненне «тактыкі выпаленай зямлі». 

Удзельнічаў у рэйдзе (1581) да вярхоўяў Волгі, заняў Старыцу і Ржэў, што разам з аблогай Пскова прымусілі Івана Жахлівага падпісаць перамір’е. Гэты рэйд паслужыў нагодай для стварэння шэрагу паэтычных твораў Ф. Градоўскага, Г. Пельгрымоўскага, Я. Каханоўскага, А. Рымшы.

Прыхільнік плана стварэння дзяржаўнай уніі ВКЛ, Польшчы і Расіі на чале з вялікім князем.

Змагаўся з паўстаннем Налівайкі 1594-1596 гадоў. У 1601 года нанёс паражэнне шведам ў бітве пад Кокенгаўзэнам, узяў Вендэн.

Фундатар і будаўнік кальвінісцкіх сабораў, апякун вучоных, дзеячаў беларускай культуры.

Памёр 20 лістапада 1621 года.

1667 год. Дзень Андрусаўскага замірэння (па новаму стылю). 

Скончылася самая стратная ў гісторыі Беларусі вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, у якой загінуў кожны другі жыхар. Мірная дамова была падпісана тэрмінам на 13,5 гадоў. Пагадненне было заключана ў в. Андрусава на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяводстваў.

Да Масквы перайшлі Смаленскае ваяводства, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, Левабярэжная Ўкраіна – палова тэрыторыі Рэчы Паспалітай. За землі Левабярэжнай Украіны Масковія сплаціла 1 000 000 злотых – каля 200 000 рублёў.

Рэчы Паспалітай заставаліся Правабярэжная Ўкраіна і Беларусь. Кіеў быў перададзены Масковіі на 2 гады, але так і ня быў вернуты, у 1686 годзе Масква за яго сплаціла 146 000 рублёў.

Запарожская Сеч апынулася пад агульным пратэктаратам абедзьвюх дзяржаваў. Гэта развеяла спадзевы запарожцаў на стварэнне ўласнай дзяржавы, і казацкі гетман Пятро Дарашэнка пачаў шукаць дапамогі ў туркаў.

1710 год. Пётр I зацвердзіў новую грамадзянскую азбуку і грамадзянскі шрыфт

Царква працягвала карыстацца стараславянскім алфавітам.

Распрацаваў і адліў новы шрыфт у 1707 годзе ў Маскоўскай урадавай друкарні ураджэнец Мсціслава Ілля Капіевіч (1651–1714). Але кіраўнік друкарні Палікарпаў, каб пазбавіцца ад канкурэнта, назваў яго ерэтыком з-за пратэстанцкага веравызнання. Зразумела, прызнаць, што грамадзянскі шрыфт распрацаваў літвін-ерэтык, не выпадала, а таму пальму першынства атрымаў сам цар Пётр І. Капіевічу заставалася толькі трываць несправядлівасць: «И тако сими утешаяся, да познаем нашу немощь, и держимося смиренномудрия и правды». Капіевіч з’яўляецца першым выкладчыкам Пятра І у Галандыі, друкаром, перакладчыкам кніг, увёў у зварот назвы сучасных 12 сузор’яў, тэрміны глобус, мапа/карта.

1881 год. Памёр Фёдар Дастаеўскі. 

Расійскі пісьменнік і філосаф. Выхадзец  з літоўскага шляхецкага роду герба «Радван», які меў маёнтак Дастоева на Піншчыне.

Вайсковы інжынер. Перакладчык «Яўгеніі Грандэ» Бальзака.

З выхадам першага свайго твора «Бедныя людзі» адразу здабыў папулярнасць.

За ўдзел у рэвалюцыйным гуртку М. Петрашэўскага арыштаваны (1849), асуджаны да пакарання смерцю, якое заменена на катаргу ў Омску. Пасля катаргі служыў радавым у лінейным сібірскім батальёне.

Аўтар многіх вядомых твораў, у тым ліку «Злачынства і пакаранне», «Ідыёт», «Браты Карамазавы».

Фрыдрых Ніцшэ прызнаваў, што Дастаеўскі адзіны, хто здолеў яму растлумачыць, што такое чалавечая псіхалогія.

1893 год. Дзень нараджэння стрыптызу.

У вядомым парыжскім кабарэ “Мулен Руж” упершыню ў свеце танцорка-мадэль Манон Лавіль “Мона” распранулася перад публікай пад час традыцыйнага баля студэнтаў-мастакоў. 

За гэты пэрфоманс яна была арыштавана паліцыяй і аштрафавана на 100 франкаў па ініцыятыве актывістаў Лігі абароны маралі. У абарону танцоркі ў Парыжы пачаліся беспарадкі і пратэсты.

Своеасаблівым протастрыптызам можна лічыць танец “канкан”, які з’явіўся ў Францыі на паўстагоддзя раней. У Амерыцы стрыптыз зваўся “бурлеск”.

Стрыптыз стаў неад’емнай часткай масавай культуры, звычайна яго дэманструюць у начных клубах. Класічны элемент стрыптызу – пілон (тычка). Танец на пілоне – pole dance – самастойны накірунак у спорце. Сучасны стрыптыз дасягнуў дасканаласці, ператварыўшыся ў спалучэнне пластыкі і гульні, прыгажосці і харэаграфіі.

На Беларусь стрыптыз прыйшоў на пачатку 1990-х і першым стрып-клубам стала мінская «Лагуна». Усе канцэртныя нумары для гасцей стрыптыз-клубы павінны ўзгадняць з камісіяй Мінкульта Беларусі. Адзіны клуб у Магілёве, дзе дазволены стрыптыз – “Steak and Wine”.

Стрыптыз – задавальненне не для бедных, але і не толькі для багатых. Чэк у 6 мінскіх стрып-клубах дасягае 100 рублёў у агульнай зале, прыватны танец каштуе 150–300 рублёў.

1895 год. Дзень нараджэння валейбола.

У горадзе Халіоку штата Масачусэтс у спортзале каледжа Асацыяцыі маладых хрысціян інструктар па фізічнай культуры У. Морган прыдумаў новую камандную гульню ў мяч пад назвай “mintonette”. Пазней прафесар А. Хальстэд прапанаваў назву “валейбол” – “лятаючы мяч” (“at the volley” – “на ляту” і “ball” – “мяч”).

Падобныя гульні вядомы былі і раней. Старажытнарымскія легіянеры любілі перакідаць адзін аднаму ўдарамі кулака мяч, падвешаны на вяроўцы.

Першая афіцыйная дэманстрацыя гульні адбылася 7 ліпеня 1896 года на канферэнцыі Саюза хрысціянскай моладзі ў Спрынгфілдзе штата Масачусэтс. Менавіта гэтая асацыяцыя з’явілася актыўным ініцыятарам распаўсюджвання валейбола. У 1900 годзе валейбол выйшаў за межы ЗША. У Беларусі валейбол з’явіўся ў 1910–1920-х гадах.

Першы чэмпіянат Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд адбыўся ў Рыме ў 1948 годзе. Упершыню валейбол быў уключаны ў праграму XVIII Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 1964 годзе.

1897 год. Стартаваў першы поўны перапіс насельніцтва Расійскай Імперыі. 

Прайшоў па ініцыятыве географа П. Сямёнава-Цянь-Шанскага.

Насельніцтва Беларусі ў сучасных межах склала 6 673 000 чалавек, у тым ліку па гарадах (тысяч чалавек): Мінск – 90,9, Віцебск- 65,9, Брэст – 46,6, Магілёў – 43,1, Гродна – 40,9, Гомель – 36,7,

 

Асіповічы – 0,9,

Бялынічы – 2,2,

Бабруйск – 22,0,

Быхаў –  6,4,

Глуск – 5,3,

Горкі – 6,7,

Дрыбін –  1,2,

Касцюковічы – 0,7,

Клімавічы – 4,7,

Клічаў – 0,6,

Краснаполле – 3,2,

Круглае – 1,6,

Крычаў – 6,2,  

Мсціслаў – 8,5,

Прапойск – 1,0,

Хоцімск – 3,0,

Чавусы – 4,7,

Чэрыкаў – 5,6,

Шклоў – 9,7.

1940 год. У ноч з 9 на 10 лютага ажыццёўлена першая хваля (з чатырох) савецкай дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі.

Дэпартацыі насельніцтва ў аддаленыя рэгіёны СССР – адзін са сродкаў рэпрэсій савецкай акупацыйнай уладай з мэтай знішчэння цэлых пластоў грамадства, патэнцыйна нелаяльных да савецкай улады.

Рэпрэсіям падлягалі людзі перадусім паводле свайго сацыяльнага стану: заможныя сяляне і прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства, супрацоўнікі польскіх органаў улады, польскія асаднікі і іншыя. У савецкай, постсавецкай і польскай гістарыяграфіях гэтыя падзеі прынята абазначаць як “дэпартацыю польскіх грамадзянаў” ці “дэпартацыю палякаў”, хаця большасць дэпартаваных былі карэнныя жыхары Беларусі.

Маёмасць дэпартаваных канфіскоўвалася. Людзям даваліся лічаныя гадзіны на зборы і дазвалялася браць з сабою толькі мінімум асабістых рэчаў. Перавозка сасланых адбывалася пад канвоем у вагонах для быдла, сотні людзей загінулі пад час перавозкі ў бесчалавечых умовах.

У гэтую хвалю 33 749 асаднікаў і 17 561 службоўцаў лясной варты былі адпраўленыя  ў Сібір і Казахстан.

1930 год. Нарадзіўся Валянцін Тарас. 

Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст. Падлеткам ўдзельнічаў у партызанскім руху.

 

Працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Нёман». У 1968 годзе звольнены з працы «за антысавецкія размовы» і на працягу 8 гадоў яго не друкавалі, не дазвалялі здымаць фільм паводле яго сцэнарыя, не выпускалі за мяжу.

З пачаткам перабудовы быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, членам Назіральнай рады Беларускага Хельсінкскага Камітэта, член Беларускага ПЭН-клуба. Адзін з стваральнікаў Хартыі-97.

Аўтар вершаў, шматлікіх зборнікаў паэзіі і кніг аповесцей і апавяданняў, мемуараў, літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры». Па яго творах здымаліся фільмы на Кіеўскай кінастудыі імя А. Даўжэнкі і на «Беларусьфільме».

Перакладаў п’есы для купалаўскага тэатра, на рускую мову пераклаў шматлікія творы, кнігі, у тым ліку Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Р. Барадуліна, М. Стральцова, К. Чорнага, Я. Брыля, В. Быкава і іншых.

Памёр 13 лютага 2009 года.

1946 год. Нарадзіўся Эдуард Зарыцкі. 

Беларускі кампазітар. Народны артыст. Кавалер ордэна Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю.

Загадваў музычнай часткай Беларускага тэатра юнага гледача. Працаваў пераважна ў галіне інструментальнай музыкі, масавай і эстраднай песні, тэатральнай і кінамузыкі.

Аўтар больш за 600 песень, цыклаў на вершы А. Міцкевіча, Якуба Коласа і У. Караткевіча, шматлікіх сімфоній, сюіт, канцэрціна для сімфанічанага аркестра, канцэртаў для габоя і валторны, камернага аркестра, камерна-інструментальнай музыкі, музыкі да спектакляў, .

Да гэтага часу папулярнымі з’яўляюцца яго песні «Белыя крылы», «Замова», «Начныя кастры», «Будзьма», «Палыновая ростань», «Лісток календара», «Так прыйшла да нас Перамога».

Памёр 6 чэрвеня 2018 года.

1960 год. Нарадзіўся Міхась Казлоўскі. 

Беларускі краязнавец, грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, выдавец.

Працаваў у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі, у Цэнтры эстэтычнага выхавання г. Маладзечна, метадыстам Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. 

Заснавальнік клуба беларускай патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка», мастацкай гасцёўні Я. Драздовіча, літаратурнага музея У. Караткевіча ў Маладзечне. Адзін са стваральнікаў гісторыка-краязнаўчага аб’яднання «Крывіч». 

Рэдактар-выдавец альманаха «Куфэрак Віленшчыны». Пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, шэраг паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. 

Аўтар і ўкладальнік старонак «Куфэрак» у тыднёвіку «Рэгіянальная газета»,  краязнаўчых публікацый, рэцэнзій у перыядычных выданнях.

1991 год. У ЗША памёр ураджэнец г. Ліда Аркадзь Мігдал. 

Савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР.

Вучыўся у Ленінградскім ўніверсітэце, адкуль яго выгналі ў 1931 годзе за «непралетарскае паходжанне». У 1933 годзе быў арыштаваны, сядзеў у вязьніцы.

З канца 1930-х гадоў вывучаў праблемы ўзаемадзеяння нейтронаў з атамамі. У выніку ім быў развіты арыгінальны метад «устрэсвання», які прынёс аўтару заслужаную вядомасць.

Працаваў у Інстытуце фізічных праблем АН СССР, прафесарам Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, у Інстытуце атамнай энергіі, Інстытуце тэарытычнай фізікі. У 1947 годзе быў апанентам на абароне кандыдацкай дысертацыі А. Сахаравым.

Заснавальнік новых кірункаў у ядзернай фізіцы і фізіцы металаў. Даследаваў праблему палярызацыі і вакууму ў моцных магнітных палях.

У навуковы ўжытак увайшлі такія азначэнні, як асаблівасць Мігдала-Кона, скачок Мігдала, канстанта Мігдала.

Дзень у гісторыі. 3 лютага. Барацьба з брыдкаслоўем. Косаўскі расстрэл. Нарадзіліся этнагеограф Саламон Брук, хакеіст Андрэй Касціцын

Сусветны дзень барацьбы з брыдкаслоўем (World Day Against Profanity). 

Уведзены, каб паказаць прыгажосць мовы і прадэманстраваць культуру нацыі. 

Мэта – прыцягнуць як мага больш людзей да свайго роду ачышчэння мовы ад ненарматыўнай лексікі. Бяда ў тым, што выкараніць ненарматыўную лексіку проста забаронай немагчыма.

Паняцце  «ненарматыўная лексіка» некалькі шырэйшае, чым проста брыдкаслоўе, лаянка. Яно ўключае ў сябе і такія паняцці, як «жаргон» і «слэнг», якія ў адрозненне ад нецэнзурнай лексікі не з’яўляюцца забароненымі да ўжывання ў грамадскіх месцах. Яны не ўспрымаюцца як асацыяльныя паводзіны, але, тым не менш, выходзяць за рамкі агульнапрынятых нормаў гаворкі .

Цікавыя факты:

Па колькасці нецэнзурных слоў і выразаў першае месца ў свеце займае англійская мова, другое – галандская, трэцяе – руская.

Чалавек ужывае лаянку ў сярэднім 230 000 разоў на працягу жыцця.

Першае на Беларусі зафіксаванае слова з ненарматыўнай лексікі знаходзіцца на камяні з падмуркаў Сафійскага сабора. Гэты камень захоўваецца пад шкляным кубам у самім саборы.

Існуе міф, быццам бы ў беларускай мове няма нецэнзурнай лаянкі і ўвогуле – яна і не створана для лаянкі. Але насамрэч у любой паўнавартаснай мове прысутнічаюць элементы абсцэнай лексікі, лічаць навукоўцы.  

1919 год. На Усебеларускім з’ездзе саветаў прынята першая канстытуцыя Беларусі. 

Юрыдычна замацавала ўтварэнне новай савецкай дзяржавы пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі. 

ССРБ была ўтворана ў Смаленску 1 студзеня 1919 года, у якасці афіцыйных прызнавала кіруючыя органы ўлады РСФСР. ССРБ не была прызнана аніводнай дзяржавай у свеце, акрамя іншых савецкіх рэспублік і РСФСР.

Канстытуцыя юрыдычна замацавала і асноўныя прынцыпы сацыялістычнага ладу, грунтавалася на Канстытуцыі РСФСР 1918 года. У ёй замацоўваліся палажэнні аб савецкай форме ўлады і дыктатуры пралетарыяту. Першай яе часткай стала ленінская Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Абвяшчала адмену прыватнай уласнасці на зямлю і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, замацавала дзяржаўную ўласнасць на лясы, нетры, увядзенне ўсеагульнай працоўнай павіннасці і іншае. 

Канстытуцыя складалася з 32 артыкулаў. Асноўны Закон зацвердзіў новыя герб, сцяг.

1920 год. У Рагачове нарадзіўся Саламон Брук. 

Этнограф, доктар геаграфічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны дзеяч навукі. Родапачынальнік этнадэмаграфіі і этнічнай картаграфіі ў СССР.

Працаваў у Інстытуце этнаграфіі імя М. Міклуха-Маклая АН СССР, галоўным навуковым кансультантам Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення СССР па пытаннях уліку нацыянальнага складу пры правядзенні перапісаў насельніцтва краіны.

Адыграў вядучую ролю ў стварэнні фундаментальных выданняў “Колькасць і рассяленне народаў свету”, “Атлас народаў свету”. З’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара энцыклапедычных этнаграфічных выданняў “Народы свету: гісторыка-этнаграфічны даведнік” і “Народы Расіі: энцыклапедыя”.

Памёр у 1995 годзе.

1926 год. Выйшаў першы нумар газэты “Беларускае слова”. 

Заходнебеларуская грамадска-палітычная і літаратурная газэта палонафільнай  і антыкамуністычнай арыентацыі, друкаваны орган Часовай беларускай рады. Выходзіла да 9 сакавіка 1928 году замест газеты «Грамадскі Голас». 

Рэдактарам быў Тодар Вернікоўскі. 

Выступала за культурна-нацыянальную аўтаномію беларусаў у Польшчы, беларусізацыю праваслаўнай царквы, далучэнне БССР да Заходняй Беларусі. Змяшчала літаратуразнаўчыя нарысы пра творчасць У. Жылкі, Ядвігіна Ш., К. Буйло, А. Пашкевіч (Цёткі), М. Багдановіча, літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў.

рэдактар Тодар Вернікоўскі

1927 год. Косаўскі расстрэл. 

У мястэчку Косава польскія ўлады расстралялі мірную дэманстрацыю людзей, якія выступалі супраць забароны Беларускай сялянска-работніцкай грамады, закрыцця беларускіх школ, за вызваленне з турмы актывістаў. 

На дэманстрацыю выйшла 1 500 чалавек, якія прайшлі па мястэчку, правялі мітынг. Калі ў калоне сярод дэманстрантаў з’явіліся чырвоныя сцягі, польская паліцыя адкрыла агонь. 

Загінула 6 чалавек, некалькі дзясяткаў чалавек было паранена. 

Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і польскай адміністрацыі. 

З косаўскіх падзей распачаліся жорсткія захады польскіх улад на землях Заходняй Беларусі.

1964 год. Памёр Станіслаў Станкевіч. 

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, паэт, выдавец.

У 1903–1919 гадах працаваў у аптэках Пецярбурга, падтрымліваў сувязі з Б. Эпімах-Шыпілам. 

З пачатку 1920-х супрацоўнічаў з Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні, меў уласную беларускую кнігарню. Выдаваў разам з Зоськай Верас адрыўныя беларускія календары, выступаў з літаратурнымі творамі ў перыядычным друку Заходняй Беларусі.

Аўтар некалькіх зборнікаў вершаў, аўтабіяграфічнай паэмы «Лявонава доля».

Арыштаваны НКУС у кастрычніку 1945 года і сасланы ў Пермскую вобласць, адкуль у Вільнюс вярнуўся у 1954 годзе.

1985 год. Нарадзіўся Андрэй Касціцын. 

Беларускі хакеіст, выступае ў КХЛ. Лепшы хакеіст Беларусі 2008 года.

Удзельнік чэмпіянатаў свету 2003, 2004 у першым дывізіёне, 2005, 2006, 2008, 2012, 2014 гадоў у складзе зборнай Беларусі.

Гуляў у NHL за «Манрэаль Канадыенс», «Нэшвіл», з 2012 года выступае за расійскія клубы, фіналіст Кубка Гагарына.

На чэмпіянаце свету ў Остраве 2014 года быў прызнаны адным з лепшых бамбардзіраў.

1989 год. Памёр Анатоль Анікейчык. 

Беларускі скульптар.

Прафесар Беларускага дзяржаўага тэатральна-мастацкага інстытута. Сярод яго вучняў вядомыя беларускія скульптары некалькіх пакаленняў: Л. Давідзенка, Г. Буралкін, Г. Гаравая, У. Слабодчыкаў, А. Фінскі, А.  Мятліцкі, У. Жбанаў, С. Гумілеўскі, В. Янушкевіч і іншыя.

Шырока вядомы пераважна як скульптар-манументаліст, прымаў удзел у стварэнні вядомых манументальных ансамбляў: помніка Янку Купале ў Мінску, мемарыяльных комплексаў «Прарыў» на Ушаччыне і «Праклён фашызму» ў Докшыцкім раёне, помніка М. Гастэла і яго экіпажу, помніка-бюста Янку Купале ў Араў-парку ў ЗША і іншых.

Стваральнік скульптур Б. Вішкарова, Г. Паплаўскага, Ф. Кастра, Чэ Гевары, П. Машэрава, Г. Ахматавай, П. Чайкоўскага, А. Пушкіна і іншых.

Рамантычнасць светапогляду аўтара адлюстроўвалася у сімвалісцкай статуарнай пластыцы: «Папараць-кветка», «Вясна», «Бессмяротнасць», «Перамога, якая нясе мір».

Анікейчык – адна з выдатных постацей беларускай скульптуры паваеннага часу, поруч з майстрамі айчыннай пластыкі – А. Глебавым, А. Бембелем, З. Азгурам, С. Селіханавым.

1990 год. У Мінску адбыўся першы з’езд Сялянскага саюза Беларусі

Саюз быў створаны 16 лістапада 1989 года. У студзені 1993 года пераўтвораны ў Беларускі саюз фермераў, 31 мая 2000 года – у Беларускае грамадскае аб’яднанне фермераў.

У 2021 годзе налічвалася 3 462 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, якія мелі 247 400 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку ворыва – 170 600. Фермерскія гаспадаркі па тэмпах роста вытворчасці значна апярэджваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі.

2019 год. Памёр Васіль Сёмуха. 

Беларускі перакладчык з еўрапейскіх моў.

Сябра рэдкалегіі і адзін з заснавальнікаў серыі “Паэты планеты”. Пераклаў на беларускую мову Біблію, творы Шылера, Гофмана, Грымельсгаўзэна, Ніцшэ, Гесэ, Зюскінда, Славацкага, Норвіда, Тувіма, Райніса і інш. Яго пераклады выйшлі ў некалькіх кнігах серыі – зборніках вершаў Чакса, Рыльке, Гётэ, Шылера, Бэлшавіцы, Тракля.

Акрамя перакладаў класікаў, рабіў пераклады для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з  кіраўніком «Беларускай капэлы» В. Скарабагатавым. 

Пераклаў лібрэта да опер Радзівіла «Фаўст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.

Яго пераклад «Бібліі» выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысціянскіх цэркваў.