Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Уваход Гасподні ў Ерусалім. Свята яшчэ называюць Вербніца, Вербная або Пальмавая нядзеля.
У нас пальма не расце, таму замест яе галінак выкарыстоўваюць галінкі вярбы. Расквітнелымі вясною галінкамі вернікі ўслаўляюць Збавіцеля як Пераможцу смерці. Сёння – апошняя нядзеля перад Вялікаднем.
Святкаваньне Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім распачалося ў старажытныя часы і прысвечана ўспаміну вядомай эвангельскай падзеі, калі Ісус Хрыстос прыйшоў у горад для прыняцця пакут і смерці на Крыжы.
Mogilev.media пабывалі на святкаванні Вербнай нядзелі на тэрыторыі Кафедральнага Сабора Праабражэння Гасподняга па вуліцы Габраўскай.
Людское мора ўсё папаўняецца новымі чалавечымі рэкамі. Толькі калі гэтага сабора візуальна нашых грамадзян больш, чым на першамайскіх афіцыйных дэманстрацыях. Людзі ўсе лагодныя, з добрым настроем, адкрытымі сэрцамі, з усмешкамі на тварах. Яны віншуюць са святам і тых каго ведаюць і зусім невядомых ім людзей.
На уваходзе да царквы утвараюцца заторы.
З жадаючых асвяцьць вярбу ўтвараюцца колы вакол сабора. Пасля асвячэння склад людскіх колаў хутка мяняецца.
Выйсці з тэрыторыі храма так жа складана, як і зайсці. На перекрыжаванні Пушкінскага праспекта і Габраўскай магутныя людскія патокі сустракаюцца. Патокі рэгулююцца ДПС.
З серады на чацвер, з 5 на 6 красавіка 2023 года пачынаецца Песах – габрэйскі Вялікдзень, які нагадвае аб сыходзе яўрэяў з Егіпта.
У Беларусі і іншых краінах па-за Ізраілем святкаванні доўжацца восем дзён – з вечара 5 красавіка да ночы 15 красавіка.
Святочныя мерапрыемствы перад Вялікднём праводзяць вернікі рыма-каталіцкай царквы.
6 красавіка ў іх Вялікі Чацвер – Імша Вячэры Пана, 7-га каталікі збяруцца на Вялікую Пятніцу, пад час якой пройдзе Літургія Мукі Пана – адарацыя крыжа.
8 красавіка ў Вялікую Субота адбудзецца Вялікодная Вігілія з асвячэннем вялікодных страваў. І, у рэшце, 9 красавіка на Уваскрасенне Пана ва ўсіх касцёлах пройдзе Святая Імша.
Святочныя мерапрыемствы перад Вербнай Нядзеляй у праваслаўных вернікаў
6 красавіка у храмах адбудуцца вячэрнія богаслужэнні, 7-га ладзіцца ранішняя Боская Літургія да свята Дабравешчання, 8-га – вячэрняе богаслужэнне.
9 красавіка, у Вербную нядзелю адбудзецца ранішняя Боская Літургія.
Сусветны метэаралагічны дзень (World Meteorological Day, з 1950 года). Дзень працаўнікоў гідраметэаралагічнай службы Беларусі.
Метэаралогія – навука аб будове і ўласцівасцях зямной атмасферы, фізічных працэсах у ёй.
Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) бярэ свой пачатак ад Міжнароднай метэаралагічнай арганізацыі, якая была створана ў 1873 годзе. У 1951 годзе СМА стала спецыялізаванай установай ААН у галіне метэаралогіі (надвор’е і клімат), аператыўнай гідралогіі і сумежных геафізічных навук.
Асноўны напрамак дзейнасці СМА – аказанне краінам падтрымкі ў прадастаўленні метэаралагічных і гідралагічных паслуг.
Сусветны метэаралагічны дзень праводзіцца з мэтай павышэння дасведчанасці шырокай грамадскасці аб магчымых наступствах змены клімату. Бо сёння хуткая змена клімату – адна з самых сур’ёзных экалагічных праблем, з якімі сутыкаецца чалавецтва.
Дзень нараджэння выраза “O.K.” – “о’кей”.
ОК упершыню з’явіўся 23 сакавіка 1839 года на старонках газеты “Бостан монінг пост”. Гэта быў час, калі амерыканцы захапляліся абрэвіятурамі і скарачалі ўсё што можна. Сэнсам жарту была насмешка над непісьменнасцю аматараў скарачэнняў.
Словы “all correct” ператварыліся ў ОК, бо людзі часта пісалі “oll korrect”.
Газетай былі дапушчаны адразу дзве наўмысным арфаграфічныя памылкі. Такім чынам, правільным было б утварыць ангельскую абрэвіятуру “А.С.”, адпаведна, у беларускай транскрыпцыі – “эй сі”.
1662 год. Памёр Адам Саковіч.
Вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, з роду герба Корвін. Падваявода віленскі, староста ашмянскi, ваявода смаленскі (1658-1662). Маршалак Трыбунала ВКЛ.
Удзельнік вайны 1654-1667 гадоў, быў паручнікам у гусарскай харугве Вінцэнта Гасеўскага. Адзін з героеў у рамане Г. Сянкевіча «Патоп».
Фота. Герб Корвін.
1895 год. Нарадзіўся Васіль Сташэўскі.
Беларускі драматург, перакладчык, празаік.
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Удзельнічаў у Першай сусветнай, польска-савецкай вайне, настаўнічаў, працаваў сакратаром Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчыкам Менскага павятовага аддзела народнай асветы, адказным сакратаром аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», у газеце «Савецкая Беларусь».
Аўтар больш чым 20 п’ес, некаторыя з якіх ставіліся ў тэатрах, 5 кніг нарысаў, перакладаў на беларускую мову творы І. Мікітэнкі, М. Ірчана, А. Афінагенава, А. Карнейчука, І. Качаргі, І. Ле, І. Сенчанкі і іншых.
Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, расстраляны 29 лістапада 1937года.
1903год. У Віцебску нарадзілася Алена Кабішчар-Якерсон (1903-1990).
Савецкі жывапісец і графік.
Вучылася ў мастацкай студыі Ю. Пэна, Віцебскім мастацкім вучылішчы, у Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве.
Працавала ў Дзяржаўным Цэнтральным музеі народазнаўства, фальклорным кабінеце Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у Маскоўскім аддзяленні Мастацкага фонду СССР.
Выконвала скульптурныя, жывапісныя і манекенавыя працы для розных устаноў.
1906 год. У г. Чэрыкаве нарадзіўся Ісак Любан.
Беларускі кампазітар, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Мастацкі кіраўнік Беларускага радыё (1928–1936), Ансамбля песні і танца Беларускай філармоніі (1937–1941), старшыня Саюза кампазітараў БССР. Сталінская прэмія за музыку да спектакля «Несцерка».
У пасляваенны час працаваў у Маскве: мастацкі кіраўнік Ансамбля песні і танца Цэнтральнага Дома культуры чыгуначнікаў.
Складальнік зборніку «Беларускія народныя і рэвалюцыйныя песні для харавога і сольнага выканання» (1938).
Аўтар шматлікіх музычных твораў – сюіт, музыкі для сімфанічнага аркестра, для салістаў, хору і аркестра народных інструментаў, п’ес, песен, у тым ліку на словы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, К. Крапівы, М. Рудэрмана, А. Астрэйкі, А. Сафронава, Л. Ашаніна, А. Жарава, Я. Далматоўскага, А. Бачылы, М. Андронава, М. Лужаніна, А. Русака (у тым ліку «Бывайце здаровы»), музыкі да драматычных спектакляў, да фільмаў, у тым ліку «Гадзіннік спыніўся апоўначы».
У 1942 годзе, калі знаходзіўся пасля ранення ў шпіталі, напісаў музыку да песні «Наш тост». Яе выконвала народная артыстка СССР Л. Александроўская і з той пары «Наш тост» уключылі ў свой рэпертуар шматлікія вядомыя артысты і франтавыя ансамблі.
Памёр 7 лістапада 1975 года.
1948 год. Нарадзіўся Генадзь Пашкоў.
Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.
Скончыў БДУ. Пацаваў на Беларускім радыё, у часопісах «Полымя», «Тэатральная Беларусь», у «Цэнтральнай газеце», у апараце ЦК КПБ, дырэктарам (1996–2008) выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя П. Броўкі, першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аўтар 9 зборнікаў паэзіі, 3 зборнікаў паэзіі для дзяцей, 2 кніг нарысаў, суаўтар дакументальнагафільма «Я зямлю люблю так…».
Пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена выданне шматлікіх энцыклапедый, у тым ліку 18-томная “Беларуская энцыклапедыя”, 2-х томная “Энцыклапедыя ВКЛ”.
1942год. Памёр у ГУЛАГу Антон Луцкевіч (1884–1942).
Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, навуковец, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.
Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.
У снежні 1919 – лютым 1920 года старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.
Грамадска-палітычны дзеяч ў Заходняй Беларусі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1927, 1928 гадах, абвінавачваўся ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай выведкай.
Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні, перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў.
Памёр у лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.
1942 год. Загінуў у ГУЛАГу Сяргей Ракіта (Законнікаў, 1909–1942).
У 1920-я гады быў камсамольскім актывістам, працаваў у гомельскай абласной газеце «Палеская праўда», у рэдакцыях мінскіх газет, на радыё, у Дзяржвыдавецтве БССР. Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, асуджаны да 10 гадоў лагераў.
Аўтар допісаў у аршанскую акруговую газету «Камуністычны шлях», нарысаў, вершаў, двух зборнікаў паэзіі.
1978 год. Пайшоў з жыцця Рыгор Шырма (1892–1978).
Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.
Дзеяч беларускага культурнага і палітычнага руху ў Заходняй Беларусі, арганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939–1970).
Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. Выдаў першыя зборнікі М. Васілька, М. Танка, С. Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў А. Салагуба і В.Таўлая.
Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме. У час нападу Германіі на СССР калектыў знаходзіўся на гастролях у РСФСР, адкуль паехалі на Каўказ, а пасля ў Краснаярск. Тут ён быў арыштаваны НКУС і сядзеў у турме да сакавіка 1942 года. Пасля перавезены на Лубянку, дзе допыты ладзіліся да жніўня. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа перад П. Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан.
Ён прыцягнуў да мастацкай апрацоўкі народных песень беларускіх кампазітараў М. Аладава, А. Багатырова, Я. Цікоцкага, П. Падкавырава, Р. Пукста, У. Алоўнікава і шматлікіх іншых.
Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964). Па ўспамінах Зянона Пазняка, у сярэдзіне 1970-х Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.
Памёр 23 сакавіка 1978 года.
1990 год. Заснаванне Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі ў Мінску.
Музей мае 10 экспазіцыйных і адну выставачную залу, два філіялы: «Музей гісторыі беларускага кіно» і «Гасцёўня Уладзіслава Галубка».
Спачатку музей змяшчаўся ў будынку па вуліцы Старавіленская (сёння там знаходзіцца «Гасцёўня Уладзіслава Галубка»). У 2001 годзе пераехаў ў адрэстаўраваны будынак, так званы «Дом масонаў», у Музычным завулку.
Музей ладзіць лялечны спектакль у батлейцы, музычныя вечарыны.
1991 год. У Мінску пачаўся II з’езд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (23-24 сакавіка).
У палітычным спавешчанні, з якім выступіў З. Пазняк, было падкрэслена, што савецкая імперыя вычарпала свае рэсурсы, і альтэрнатывы незалежнасці няма. Камуністычны рэжым не паддаецца рэфармаванню, таму рух за два гады прайшоў шлях ад спадзяванняў на супрацоўніцтва з «лепшымі сіламі КПСС» да прынцыповага антыкамунізму.
Праца БНФ мусіць скіроўвацца на інтэграцыю грамадства рэспублікі, на адраджэнне нацыянальнай і грамадзянскай супольнасці.
Базай для дэмакратыі з’яўляецца прыватная ўласнасць, культурны, свядомы і свабодны чалавек. З’езд прыняў Праграмную заяву «Свабода – Незалежнасць – Адраджэнне». 3 назвы руху скасаваныя словы «за перабудову». Падкрэслена, што праз здабыццё суверэнітэту рэспубліка зможа вярнуцца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, аднавіць маральныя, культурныя і сацыяльныя каштоўнасці.
Дэкларавана, што БНФ застаецца шырокім грамадска-палітычным рухам, што апора БНФ – мільён жыхароў рэспублікі, якія адказалі на пытанне рэферэндуму па захаванню СССР «не».
Вызначаны статус сяброў і прыхільнікаў БНФ. У БНФ арганізацыйна ўвайшлі Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Ліга жанчын Беларусі, Мінскі гарадскі бацькоўскі камітэт беларускамоўных класаў.
Старшынёй БНФ быў выбраны З. Пазняк, яго намеснікамі – В. Голубеў, У. Заблоцкі, Ю. Хадыка.
2007 год. У Самалі збіты самалёт Іл-76 беларускай авіякампаніі «ТрансАвіяЭкспарт».
Загінулі 11 лётчыкаў і авіятэхнікаў, якія дэмантавалі авіяцыйнае абсталяванне Іл-76, абстралянага 9 сакавіка.
9 сакавіка іншы Іл-76, які перавозіў два БТР з Уганды ў Самалі, пры заходзе на пасадку ў Магадзіша, быў абстраляны з перанаснога зенітна-ракетнага комплекса. На борце паўстаў моцны пажар, аднак пілотам удалося пасадзіць самалёт і пазбегнуць ахвяр. Самалёт атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні.
Борт, якi пацярпеў крушэнне 23 сакавіка, перавозіў абсталяванне, дэмантаванае з пацярпелага 9 сакавіка самалёта.
Самалійскія ўлады заявілі, што аварыя адбылася ў выніку няшчаснага выпадку, адмаўляючы iнфармацыю аб атацы з боку радыкалаў.
З красавіка 2007 года Федэральнае авіяцыйнае ўпраўленне ЗША забараніла амерыканскiм авіякампаніям лятаць над самалійскай паветранай прасторай ніжэй за 7900 м, з-за магчымай пагрозы з боку гранатамётаў і зенітна-ракетных комплексаў.
238 да н.э. Фараон Пталамей III Эвергет упершыню ўвёў высакосныя гады каб прадухіліць зрухі ў календары.
Пазней астранамічныя веды егіпцян былі аб’яднаныя ў адно са старажытнарымскімі традыцыямі адліку часу і атрымаўся Юльянскі каляндар.
Стваральнікам юльянскага календара быў егіпецкі астраном і матэматык Сазіген, які на даручэнне Гая Юлія Цэзара займаўся распрацоўкай каляндарнай рэформы. За падставу каляндарнага цыкла Сазіген узяў вядомую ў той час працягласць астранамічнага года ў 365 дзён і 6 гадзін. Для зручнасці адліку ён прапанаваў тры гады лічыць па 365 дзён, а чацвёрты – па 366 дзён, каб пазбыцца дробнай часткі сутак і ўраўнаважыць астранамічны і каляндарны гады.
З 1 студзеня 45 года да н.э. Гай Юлій Цэзар увёў новы каляндар. У кожны год кратны чатыром, дадаваліся адны дадатковыя суткі ў лютым.
Шляхам сапастаўлення рымскіх і егіпецкіх датыровак у папірусе, знойдзеным у 1999 годзе, было ўстаноўлена, што высакоснымі гадамі ў Рыме былі 44, 41, 38, 35, 32, 29, 26, 23, 20, 17, 14, 11, 8 гады да н. э., 4, 8, 12 і ў наступным, кожны чацьвёрты год.
Год з’яўляецца высакосным у двух выпадках: або калі ён кратны 4, але пры гэтым не кратны 100, або кратны 400. Год не з’яўляецца высакосным, калі ён не кратны 4, або ён кратны 100, але пры гэтым не кратны 400.
Гады 1700, 1800 і 1900 не з’яўляюцца высакоснымі, так як яны кратныя 100 і не кратныя 400. Гады 1600 і 2000 – высакосныя, так як яны кратныя 400. Гады 2100, 2200 і 2300 – невысакосныя.
Высакосным годам быў 2020 год, наступным будзе 2024.
Людзі, якія нарадзіліся 29 лютага, святкуюць свой дзень нараджэння, калі прыпадае высакосны год.
321 год. Рымскі імператар Канстанцін I Вялікі абвясціў нядзелю днём адпачынку.
За 8 гадоў раней імператар дазволіў свабоднае вызнанне хрысціянства.
Ніводнае распараджэнне ўладаў у гісторыі не выконвалася з такім задавальненнем, як эдыкт Канстанціна пра нядзельны дзень.
На гэты дзень рынкі павінны былі закрывацца, а дзяржаўныя ўстановы – спыняць усялякую дзейнасць за выключэннем аперацый па вызваленні рабоў. Ніякіх абмежаванняў на земляробчыя працы, у якіх брала ўдзел пераважная большасць насельніцтва, не накладалася.
Да эдыкта Канстанціна грамадзяне Рымскай імперыі адзначалі ў гэты дзень – “дзень Сонца”. Водгалас гэтай традыцыі захаваўся ў сучаснай назве нядзелі ў шэрагу еўрапейскіх моў – Sunday.
Канстанцін крыху змяніў традыцыю. А прычынай таму паслужыў сон: напярэдадні найважнейшай бітвы яму прысніўся крыж на сонцы і надпіс, які абяцаў перамогу з гэтым знакам. Сон аказаўся прарочым, Канстанцін сапраўды атрымаў перамогу. Таму імператар забараніў фізічную працу ў нядзелю і прысвяціў яе Госпаду.
За савецкім часам у гэты дзень нярэдка праводзілі нядзельнікі.
Нядзеля – выходны дзень у хрысціянскіх краінах.
У Каралеўстве Марока – тры выходныя дні: пятніца (мусульмане), субота (іўдзеі, шабат), нядзеля (хрысціяне).
1573 год. Беларус са шляхецкага роду Іван Фёдараў заснаваў друкарню ў Львове.
І. Фёдараў (1510–1583) – сярэдневяковы ўсходнееўрапейскі друкар. Лічыцца пачынальнікам друкарскай справы ў Масковіі і ва Ўкраіне.
Паходзіць з дробнай беларускай шляхты, падпісваўся родавым гербам Рагозаў «Шранява». Існуе гіпотэза, што ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна.
З 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал».
15 лютага 1574 года ў Львове скончыў друк “Апостала” – першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу. Адначасова з “Апосталам” Фёдараў друкуе і першы кірылічны падручнік граматы – “Азбуку”.
1753 год. Нарадзіўся Тамаш Ваўжэцкі. Палітычны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года. Генерал-лейтэнант.
Вучыўся ў езуіцкай школе ў Відзах. Дэпутат ад шляхты Браслаўскага павета на Чатырохгадовым сейме Рэчы Паспалітай 1788–1792, дзе выступаў 169 разоў з палымянымі прамовамі, настойваючы на прыняцці Канстытуцыі.
У пачатку паўстання 1794 года дзейнічаў у чыне генерала ў Браслаўскім павеце, потым – у Курляндыі. Вызначыўся ў штурме Лібавы і ў бітве пад Брэстам.
Пасля паланення Т. Касцюшкі ўзначаліў паўстанне, другі галоўнакамандуючы войск (10 кастрычніка – 16 лістапада 1794).
Узяты ў палон, быў перавезены ў Пецярбург, дзе два гады знаходзіўся ў зняволенні. Пасля ўступлення на трон Паўла I вызвалены з турмы, вярнуўся на Радзіму.
Займаў у Царстве Польскім пасады сенатара, ваяводы і міністра юстыцыі.
Памёр 5 жніўня 1816 года. Пахаваны ў Відзах Лаўчынскіх сённяшнягаБраслаўскага раёна.
1872 год. Нарадзіўся Васіль Залатароў.
Беларускі кампазітар і педагог. Заслужаны артыст Расіі, народны артыст Беларусі. Прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Пачынальнік беларускай акадэмічнай музыкі.
Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М. Балакірава і А. Лядава, Пецярбургскай кансерваторыі па класу М. Рымскага-Корсакава.
Выкладаў у кансерваторыях і музычна-драматычных інстытутах у Расіі, ва Украіне, Беларусі. Яго вучнямі былі Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, У. Алоўнікаў.
У беларускую музычную культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах народных легенд «Князь-возера», сімфонія «Беларусь», танцавальная сюіта і уверцюра-фантазія на беларускія тэмы для сімфанічнага аркестра, цыкл апрацовак народных песень для голасу з сімфанічным аркестрам «Кантрасты» і іншыя.
Аўтар манаграфіі «Фуга» – першай рускамоўнай працы, спецыяльна прысвечанай гэтай музычнай форме.
Памёр 25 мая 1964 года.
1876 год. Аляксандр Бэл атрымаў патэнт на “размаўляльны тэлеграф” – тэлефон.
Сама ідэя тэлефанавання была распрацавана ў 1849-1853 гадах парыжскім інжынерам-механікам Шарлем Бурселем, ён першым ужыў слова “тэлефон” (ад грэцкага tele – удалячынь, далёка і phone – гук).
У 1860 году ў ЗША Антоніа Мэучы прадэманстраваў прыладу, якая магла перадаваць гукі па правадах – Telectrophon. У 1861 годзе нямецкі фізік І. Рэйс прадэманстраваў іншую прыладу, якая таксама магла перадаваць музычныя тоны і чалавечую гаворку па правадах – Telephon.
10 сакавіка 1876 года адбылася перадача першай выразнай фразы, якая стала гістарычнай: “Містэр Ватсан, ідзіце сюды. Вы мне патрэбныя”. Гэтая перадача была ажыццёўлена па 12-ці метроваму проваду, які злучаў кватэру Бэла з лабараторыяй на гарышчы.
25 чэрвеня 1876 года Бэл упершыню прадэманстраваў свой тэлефон на першай Сусветнай электратэхнічнай выставе ў Філадэльфіі. А праз 5 гадоў – на міжнароднай выставе ў Парыжы, дзе да яго апарата выстройваліся вялізныя чэргі.
Бэл у 1877 годзе стварыў першую тэлефонную кампанію “Bell Telephone Company”.
Першы телефон з’явіўся ў Магілёве ў 1881 годзе, у Мінску – у 1890 годзе.
1886 год. Нарадзіўся Фабіян Акінчыц.
Беларускі палітычны дзеяч, юрыст, выдавец, публіцыст.
Скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. У 1920-1930-я гады дырэктар школы на Стаўбцоўшчыне, уладальнік бюро юрыдычных парад, кіраўнік Беларускага дабрачыннага таварыства, віленскага юрыдычнага аддзела Цэнтральнага сакратарыята Беларускай сялянска-работніцкай грамады, член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.
У 1927 годзе асуджаны на 8 гадоў зняволення за палітычную дзейнасць, вызвалены датэрмінова Прэзідэнтам Польшчы І. Масціцкім у 1930.
У ліпені 1939 года стаў старшынёй Беларускага бюро прапаганды пры Міністэрстве прапаганды ў Берліне. У пачатку 1940 года быў старшынёй Беларускага камітэта ў Варшаве. Арганізатар Вустраўскай школы прапагандыстаў (пад Берлінам), куды траплялі асобы з ліку савецкіх ваеннапалонных. Пасля заканчэння курсаў многія выпускнікі накіроўваліся на працу ў акупацыйную адміністрацыю на Беларусі.
Акінчыц прэтэндаваў на палітычнае лідарства ў беларускіх колах, блізкіх да германскіх акупацыйных улад.
5 сакавіка 1943 года Ф. Акінчыц быў застрэлены на кватэры ў Мінску супрацоўнікам «Беларускай газеты» А. Матусевічам.
1906 год. У Кіеве адбыўся суд над ураджэнкай Магілёўскай губерні Лідзіяй Язерскай, якая 29 лістапада 1905 года здзейсніла замах на жыццё Магілёўскага губернатара М. Клінгенберга.
Л. Язерская (Казановіч, 1866–1915) – стаматолаг, эсерка.
Была асуджаная на 13,5 гадоў катаргі. Памерла ў Якуцку 30 верасня 1915 года ад бранхіяльнай астмы.
У Магілёве яе імя носіць вуліца Язерскай (былая Жандармская, паміж саборам Трох Свяціцеляў і аблвыканкамам).
1918 год.У Магілёў уступілі польскія легіянеры, якія падпарадкоўваліся германскаму камандаванню.
Брыгада Польскіх стралкоў была сфарміравана ў 1916 годзе ў Бабруйску (4 000 штыкоў) і перакінута пад Баранавічы. У жніўні 1917 года перадыслацыравана ў Быхаў і ўключана склад Першага польскага корпуса І. Доўбар-Мусніцкага. Корпус складаўся з 12 стралковых, 3 уланскіх палкоў і цяжкай артылерыі. Польскія легіянеры ахоўвалі Стаўку ў Магілёве, адыгралі немалую ролю ў лёсе «быхаўскіх вязняў».
1931 год. Памёр Павел Дземідовіч (1871-1931).
Даследчык беларускай этнаграфіі і фальклору.
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, Віленскі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у беларускіх школах, у Выбаргскай настаўніцкай семінарыі і на настаўніцкіх курсах у Выбаргу і Юр’еве (Тарту), супрацоўнік аддзялення этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.
Арганізатар (1919) і загадчык мінскай беларускай гімназіі, супрацоўнік Наркамата асветы БССР, этнаграфічнай секцыі Інбелкульта, выкладчык Мінскага інстытута народнай адукацыі.
Публікаваўся ў выданнях «Виленский вестник», «Этнографическое обозрение», «Живая старина». Частку сваіх этнаграфічных збораў перадаў М. Доўнар-Запольскаму. Спадчына П. Дземідовіча выкарыстана пры падрыхтоўцы выданняў «Легенды і паданні» (1983), «Земляробчы каляндар» (1990) серыі «Беларуская народная творчасць».
Арыштоўваўся ў 1921 г. па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці.
1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Кожух.
Беларускі мастак-жывапісец.
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, праходзіў стажыроўку ў творчых майстэрнях у г. Мінску.
Увасабленне сіл прыроды – асноўны змястоўны матыў яго жывапісных работ. У яго карцінах зварот да архаічных пластоў этнічнай культуры беларусаў носіць рамантычны характар.
За серыю работ «Чарнобыля чорная быль» прысуджана прэмія прафсаюзаў.
Памёр 6 ліпеня 2017 года.
1967 год.Пастановай ЦК КПСС, Саветам міністраў СССР быў уведзены пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выходнымі днямі.
З’явілася звыклая нам пяцідзёнка, але пры гэтым захаваліся і рабочыя суботы па вызначанай сетцы працоўнага часу.
Пяцідзёнка замяніла сямідзённы працоўны тыдзень з 8-гадзінным працоўным днём і 48 гадзін у тыдзень, які быў уведзены ўлетку 1940 года.
У еўрапейскіх краінах, паводле дырэктывы Еўрапарламента і ЕС, сярэдняя працягласць працоўнага часу не павінна перавышаць 48 гадзін у тыдзень, уключаючы звышурочныя, якія кампенсуюцца.
У Фінляндыі працоўны тыдзень – гэта 32-38 гадзін, у Італіі – 40-48, Францыі – 35-48, у Вялікабрытаніі – 36, у ФРГ – 40-48 гадзін, Нідэрландах – 40-48, ЗША – 40, Кітаі – 40-48.
1991 год. Загінуў пры нявысветліных абставінах Анатоль Грачанікаў (1938-1991).
Беларускі паэт і перакладчык. Галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць».
Аўтар 10 зборнікаў вершаў, зборніка паэзіі, кніг сатыры і гумару, 4-х кніг для дзяцей.
На беларускую мову пераклаў зборнік паэзіі Зульфіі, кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў, асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.
Дзяржаўная прэмія БССР за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».