Дарогу ў быхаўскай вёсцы паказалі ў TikTok

Казкі магілёўскіх чыноўнікаў пра тысячы кіламетраў адрамантаваных дарог супярэчаць сведчанням з месцаў.

Міфы і легенды пра беларускую рэчаіснасць рэзка адрозніваюцца ад сапраўднага становішча спраў. 

Вось так выглядае рамонт дарог у Быхаўскім раёне паводле версіі раённай газеты, якая складае небыліцы і канвеерным метадам выпускае пастановачныя пацёмкінскія вёскі.

рамонт быхаў

А вось адзін з карыстальнікаў “Тык-Току” паказаў жорсткую праўду.

Гаворка ідзе пра дарогу, якая праходзіць праз вёску Праточнае Быхаўскага раёна.

Парэчча

Па ёй возяць пясок з кар’ера ў Быхаў, і назваць гэта дарогай можа толькі вельмі вялікі аптыміст.

Чалавек, які зняў відэа, пытаецца: каму скардзіцца? Пытанне з падвохам.

Скаргі такога кшталту разглядаюцца бандай чыноўнікаў, што захапіла ўладу ў краіне, як экстрэмізм.

Дарэчы, акаўнт “Тык-Ток” mogilev.media таксама ўжо прызнаны экстрэмісцкім.

Улады бачаць пагрозу нават у двух літарах “М” на блакітным фоне.

З аднаго боку, гэта можа пацешыць ганарлівасць журналістаў нашага партала, але з іншага – асабліва радавацца няма чаму.

Адзін вядомы чалавек некалі сказаў: незалежная прэса патрэбная таму, што не дае ўладзе аскацініцца. У Магілёўскай вобласці незалежная прэса знішчаная. Адпаведна, аскацініванне ідзе ўдарнымі тэмпамі.

Фота: скрыншот відэа.

У Бабруйску шматкроць вырасла колькасць вакансій ад прыватных арганізацый

Ажно 3000 свабодных вакансій выставілі прыватныя арганізацыі Бабруйска. Яшчэ пяць гадоў таму такога не было.

“Гадоў пяць таму ад прыватных арганізацый вакансій не было, а цяпер – 3000 вакансій. І заводы, буйныя прадпрыемствы бяруць людзей з навучаннем, нават інвалідаў. І мамы дзяцей з інваліднасцю могуць працаваць на паўстаўкі – звяртайцеся да нас па дапамогу ў пошуку зручных вакансій” – заявіла галоўны спецыяліст аддзела садзейнічання ў працаўладкаванні Бабруйскага гарвыканкама Святлана Шпакоўская, выступаючы на 4 снежня форуме, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў. Пра гэта піша komkur.info. 

Пры гэтым яна адзначыла, што, каб адправіць чалавека на навучанне якой-небудзь прафесіі, здаровага або з інваліднасцю, патрэбна яго рэгістрацыя ва ўпраўленні па працы і занятасці Бабруйскага гарвыканкама.

На форуме жадаючыя маглі азнаёміцца з некаторымі вакансіямі і прыкладамі курсаў для атрымання прафесій – напрыклад, Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр прапануе навучанне людзей з інваліднасцю 1, 2 і 3 групы (і без інваліднасці) прафесіям працоўнага зялёнага будаўніцтва, столяра, зборшчыка або рамонтніка абутку, аператара ЭВМ і іншым.

Шпакоўская адзначыла, што для пачатку рамеснай або прадпрымальніцкай дзейнасці можна атрымаць бязвыплатную субсідыю і навучанне ў Магілёве з аплатай пражывання за кошт упраўлення.

Фотаздымак: komkur.info

Горацкі аграном папаўся на хабары ў 35 545 рублёў 26 капеек

У Горацкім райсудзе да чатырох гадоў зняволення асудзілі агранома, які цягам чатырох гадоў набраў хабару на амаль 35 тысяч рублёў.

Паводле суда Горацкага раёна, 49-гадовы мясцовы жыхар, будучы галоўным аграномам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, атрымліваў грошы ад пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі. Узамен ён фармаваў пад іх закупкі і забяспечваў выгадныя кантракты. Так цягнулася са студзеня 2020 года па снежань 2023-га.

Агульная сума хабару склала 34 545 рублёў 26 капеек. Для легалізацыі такіх незаконных даходаў была распрацавана схема з фіктыўнымі дамовамі. Гэта былі дамова падраду, калі плацілі за работы, якія выконвала насамрэч прадпрыемства і дамова арэнды аўтамабіля, якога абвінавачаны ў рэчаіснасці не прадастаўляў. Грошы пераводзіліся па гэтым дамовам на асабісты рахунак галоўнага агранома.

На суде абвінавачаны сваю віну ў буйным хабары прызнаў і раскаяўся, а таксама вярнуў усе незаконна здабытыя сродкі.

Былога галоўнага агранома асудзілі на чатыры гады зняволенння ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штрафу ў 29 400 рублёў з забаронай на пяць гадоў займаць кіруючыя і распарадчыя пасады.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Шклоўскім раёне асфальт у лужы ўжо не кідаюць

Чыноўнікі Шклоўшчыны сур’ёзна ўзяліся за дарогі. У вобласці многае плануюць выканаць і нават перавыканаць.

Сёлета ў Шклоўскім раёне абноўлена 40 тысяч квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Трыццаць працэнтаў з іх адрамантаваныя ў “гравійным выкананні”. 

У планах мясцовых уладаў – удвая павялічыць гэты аб’ём у наступным годзе.

Намеснік старшыні райвыканкама Максім Лісоўскі сцвярджае, што:

  • рамонт не праводзіцца па традыцыйнай для беларускіх дарожнікаў тэхналогіі «асфальт у лужу»;
  • у наступным годзе ў раёне адрамантуюць у два разы больш дарог.

Дарэчы, выраз «павялічыць у разы» ўсё часцей гучыць ад магілёўскіх чыноўнікаў. 

На нарадзе ў Мсціславе, якую праводзіў кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты, заявілі пра планы на трэць павялічыць надоі і заваліць Магілёўшчыну мясам. Што праўда, не заўтра, а да 2030 года.

У казкі пра добрыя дарогі і велізарныя надоі вельмі хочацца верыць. Шкада толькі, што планы чыноўнікаў Магілёўскай вобласці найчасцей не спраўджваюцца – і тады пачынаюцца апраўданні ў стылі «гранаты не той сістэмы».

Фота: скрыншот рэпартажу ТРК «Магілёў».

У вёсцы Шавароўка Горацкага раёна з’явілася слімаковая ферма

Слімаковая гаспадарка ўвайшла ў новы маршрут гастранамічнага і экалагічнага турызму Горацкага раёна.

Унікальным бізнесам занялася жыхарка горада Горкі. Яна была беспрацоўнай, падчас падарожжа па Беларусі наведала слімакавую ферму і вырашыла займацца вырошчваннем слімакоў сама.

Спачатку спрабавала рабіць гэта ў кватэры і выкарыстоўвала ванну, аднак ферму хутка перанеслі ў вёску Шавароўка – слімакам быў патрэбны і прастор, і асаблівы догляд.

Цяпер на вясковым участку абсталяваны сартавальныя і прамывальныя сталы, поле для выпасу і іншыя, даволі дарагія прыстасаванні для вырошчвання слімакоў.

Аб’ёмы продажу дэлікатэсу пакуль невялікія. Беларусам яшчэ трэба зразумець, што гэта за прадукт і якую ён мае карысць. Напрыклад, уладальніцы фермы трэба пераканаць пакупнікоў, што мяса слімакоў лёгка засвойваецца.

Аднак пачатак ужо ёсць. Як распавяла прадпрымальніца, у многіх тэлефонах яна ўжо запісаная як «Наталля слімак».

Цікавы факт: у райвыканкаме, дзе Наталля атрымала субсідыю ў 4 тысячы рублёў, ёй паведамілі, што слімак у Беларусі лічыцца сельскагаспадарчай жывёлай нароўні з каровамі і курамі.

Фота: «СБ».

Ганаровага грамадзяніна выбіраюць у Клімавічах з аднаго кандыдата

У Клімавічах разглядаюць кандыдатуру на прысваенне звання «Ганаровы грамадзянін Клімавіцкага раёна». Кандыдат – толькі адзін.

У камісію па разглядзе кандыдатур на званне «Ганаровы грамадзянін Клімавіцкага раёна» клімавіцкага райвыканкама паступіла ўсяго адна заява – ад ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў».

Прадпрыемства не мудравала і прапанавала прысвоіць званне старшыні мясцовага савета прызначаных «дэпутатаў» – Васілю Захаранку.

Пералічаны шматлікія заслугі кандыдата, якому, як аказалася, на дадзены момант няма роўных.

Сістэма прызначэння ганаровых грамадзян у Беларусі працуе па безальтэрнатыўным прынцыпе, і званні ў асноўным прысвойваюцца чыноўнікам, радзей – медыкам.

Пра тое, каб прызнаць заслугі перад раёнам даярак або механізатараў, гаворка нават не ідзе – павагу яны заслугоўваюць толькі на словах.

У выпадку з Васілём Захаранкам можна толькі абмеркаваць яго кандыдатуру, даслаўшы свой водгук на электронную пошту. Як кажуць, напісаць ліст дробным почыркам.

Фота клімавіцкай раённай газеты.

Бабруйскія падлеткі-неанацысты зарэзалі наркамана, трэніруючы нажавы бой пад мастом

Сталі вядомыя шакуючыя падрабязнасці жорсткага забойства, што адбылося ў Бабруйску ў сакавіку гэтага года. Як паведамляе “Следчы камітэт”, двое бабруйскіх шаснаццацігадовых падлеткаў вечарам 31 сакавіка трэніравалі нажавы бой пад адным з мастоў праз Бярэзіну. Недалёка ад месца трэніроўкі яны заўважылі незнаёмага мужчыну, паводзіны якога выдавалі ў ім чалавека пад таксічным ап’яненнем. 

Падлеткі вырашылі “разабрацца” з незнаёмцам і перанеслі на яго сваю трэніроўку, якая стала смяротнай. 51-гадоваму жыхару бабруйска былі нанесеныя шматлікія нажавыя раненні, ад якіх мужчына памёр на месцы. Яго залітае крывёй цела толькі праз два дні знайшлі мясцовыя школьнікі. 

Падлеткаў-забойцаў, якія аказаліся навучэнцымі бабруйскіх каледжаў, знайшлі па камерах відэаназірання. Ведамства падкрэслівае, што прынамсі адзін з іх, ініцыятар трэніровак на нажах, цікавіўся нацысцкай ідэалогіяй. 

Абодвух 16-гадовых бабруйчан асудзілі да выхаваўчай калоніі, на тэрмін 9 і 10 гадоў.

Фота: “Следчы камітэт”

У Бабруйску школьнікаў кармілі гнілымі памідорамі

Пракуратура знайшла гнілую гародніну ў адной з устаноў адукацыі Бабруйска.

У Магілёўскай вобласці пракуратура правяла рэйд па школьных сталоўках. Сумесна з ёй працавалі спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі. 

Асабліва сур’ёзныя парушэнні выявілі ў адной са школ Бабруйска: там знайшлі пярловыя крупы з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці і гародніну з прыкметамі гнілі і перамарозкі. Няякасную прадукцыю ўтылізавалі.

Сярод іншых парушэнняў у правераных школах – неадпаведнасць меню школ зацверджаным двухтыднёвым рацыёнам па колькасці і разнастайнасці страў; адсутнасць належнага вытворчага кантролю; не выкананне санітарна-эпідэміялагічных норм у сталовых; выкарыстанне дэфармаванага кухоннага інвентара і посуду са сколамі; несвоечасовы рамонт тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання.

Фотаздымак: пракуратура г. Бабруйска

У Польшчы памёр абвінавачаны ў шпіянажы актывіст з Бабруйска – што вядома

Актывіст з Бабруйска Уладзімір Усер (Лазараў) памёр у шэлтары ў Беластоку, куды яго адпусцілі са шпіталя чакаць суда. 

Як стала вядома «Нашай Ніве», у эмігранта з Бабруйска спынілася сэрца. Яму было 69 гадоў.

Уладзімір апошнім часам быў пад следствам па справе аб шпіянажы ў Польшчы. Паводле звестак польскай пракуратуры, трое беларусаў і двое ўкраінцаў з сакавіка 2024 года да лютага 2025‑га супрацоўнічалі з замежнай разведкай і выконвалі розныя заданні, якія атрымлівалі праз Тэлеграм. 

У іх задачы ўваходзіла фатаграфаванне аб’ектаў крытычнай інфраструктуры і месцаў, важных для бяспекі дзяржавы. Акрамя таго, яны павінны былі развешваць плакаты і маляваць графіці.

Па гэтай справе затрымалі і Усера. Але польскія сілавікі пакінулі яго ў шпіталі з-за дрэннага стану здароўя. Такім чынам, суда ён чакаў на волі.

Яшчэ раней Усер стаў героем прапагандысцкага фільма БТ. Ён зняў некалькі сюжэтаў у Беластоку, якія потым выкарысталі ў агітцы «Чужое неба».

Як сцвярджаюць тыя, хто больш-менш ведаў Уладзіміра, ён быў частым удзельнікам разнастайных апазіцыйных мерапрыемстваў у Бабруйску. 

Скрыншот з прапагандысцкага фільма БТ

Бабруйчаніна пакаралі штрафам за збіццё і пагрозу забойствам

Бабруйскі суд праявіў надзвычайную мяккасць да злачынцы, які збіваў і пагражаў забіць уласную сужыцельку. 

Суд над 34-гадовым бабруйчанінам праходзіў проста ў аддзеле міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска. Прычынай разгляду сталі паводзіны мужчыны, які яшчэ ў кастрычніку 2025 года, будучы п’яным, пасварыўся са сваёй сужыцелькай, пачаў збіваць яе рукамі і нагамі, душыў жанчыну і, прыстаўляючы нож да яе цела, пагражаў забіць.

Суд прызнаў жыхара Бабруйска вінаватым, але прызначыў яму мінімальна магчымае па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса пакаранне – штраф у памеры 50 базавых велічынь, што складае 2100 рублёў. Дарэчы, у якасці пакарання гэты артыкул прадугледжвае і грамадскія працы, і выпраўленчыя працы, і арышт, і абмежаванне волі, і нават пазбаўленне волі да трох гадоў. Але суд абраў даволі невялікі штраф.

Прысуд у сілу пакуль не ўступіў. 

Фотаздымак: Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска