Магілёвец праз суд дамогся вяртання грошай за “не вельмі разумны” тэлевізар

Суд у Магілёве скасаваў дамову куплі-продажу дарагога тэлевізара праз падаванне пакупніку недакладнай інфармацыі пра тавар.

У Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва была разгледжана грамадзянская справа па позве мясцовага жыхара да гандлёвай арганізацыі аб абароне правоў спажыўца.

Тэлевізар аказаўся не такім “разумным”

У студзені 2025 года магілёвец набыў у краме адказчыка тэлевізар коштам 10 599 рублёў. Пры куплі ён паведаміў прадаўцу, што шукае мадэль з убудаваным галасавым памочнікам, здольным кіраваць сістэмай «разумны дом», падобна да калонкі «Аліса».

Аднак, пасля куплі высветлілася, што галасавы памочнік актывуецца толькі пры ўключаным экране і працуе выключна праз пульт кіравання. Гэта значыць, выкарыстоўваць яго для галасавога кіравання бытавымі прыборамі без уключэння тэлевізара немагчыма.

Пакупнік палічыў, што прадавец падаў недакладную інфармацыю пра функцыянальнасць прылады і запатрабаваў скасаваць дамову куплі-продажу і вярнуць грошы. Гандлёвая арганізацыя адмовіла, сцвярджаючы, што інфармацыя пра тавар была поўнай і дакладнай.

Схавалі галоўнае

Суд стаў на бок пакупніка, пагадзіўшыся, што пры продажы тэлевізара істцу не была прадстаўлена поўная і праўдзівая інфармацыя пра яго характарыстыкі і магчымасці. Гэта з’яўляецца парушэннем закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», які абавязвае прадаўца паведамляць пакупніку ўсю інфармацыю пра функцыянальныя асаблівасці тавару.

Таксама суд адзначыў, што прадавец быў загадзя папярэджаны пра канкрэтную мэту набыцця тэлевізара. А менавіта – для выкарыстання ў сістэме «разумны дом», аднак прапанаваў тавар, які гэтым патрабаванням не адпавядаў.

Довады адказчыка пра нібыта поўную інфармацыю суд прызнаў неабгрунтаванымі. Паказанні прадаўцоў-кансультантаў былі супярэчлівымі, а відэазапіс дэманстрацыі працы тэлевізара, які мог бы пацвердзіць пазіцыю гандлёвай арганізацыі, суду прадстаўлены не быў.

З улікам усіх абставін суд задаволіў патрабаванні істца і пастанавіў скасаваць дамову куплі-продажу тэлевізара. З адказчыка спагнана вартасць тэлевізара 10 599 рублёў, кампенсацыя маральнай шкоды 150 рублёў, а таксама дзяржаўная пошліна ў даход дзяржавы 336 рублёў.

Рашэнне было абскарджана прадаўцом, але бепспаспяхова для яго, і ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак: Магілёўскі аблсуд

У барацьбе са злачыннасцю злачыннасць на баку магілёўскай пракуратуры

Намеснік пракурора Магілёва і памілаваны карупцыянер наведалі магілёўскі ліцэй №1 з “папярэджаннем” пра адказнасць за падпіску на “экстрэмісцкія” рэсурсы.

Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №1, дзе вучацца адны з самых таленавітых школьнікаў рэгіёна, даўно лічыцца ўзорнай навучальнай установай. Бацькі з ліку мясцовай эліты імкнуцца ўладкаваць туды сваіх дзяцей, бо ліцэй традыцыйна робіць стаўку на якасную адукацыю і культурнае развіццё, а не на ідэалагічныя кампаніі.

Як паведамляе Mayday, напярэдадні канікулаў у ліцэй прыйшлі намеснік пракурора Магілёва Яўген Фурманаў і намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Яўген Дуплеўскі. Апошні вядомы тым, што ў 2014 годзе ў дачыненні да яго тая ж пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Віну ён цалкам прызнаў і быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам пасля кампенсацыі нанесенай шкоды.

На сустрэчу сабралі актыў вучнёўскага самакіравання. Галоўнай тэмай стала папярэджанне аб адказнасці за распаўсюд і падпіску на так званыя “экстрэмісцкія” рэсурсы. Паводле ўдзельнікаў, усе прысутныя вучні добра разумелі (што не можа не радаваць), пра якія інтэрнэт-пляцоўкі ідзе гаворка.

Намеснік пракурора падрабязна тлумачыў, якія наступствы могуць чакаць падлеткаў у выпадку, калі іх дзейнасць у сетцы прыцягне ўвагу праваахоўных органаў. Яўген Дуплеўскі, у сваю чаргу, выступіў коратка і абмежаваўся агульнымі разважаннямі пра неабходнасць “законпаслухмяных паводзінаў”.

Сустрэча прайшла ў фармальна-прафілактычным ключы, аднак, паводле сведак, мела выразны ідэалагічны падтэкст і ўспрымалася хутчэй як папярэджанне, чым як выхаваўчая гутарка.

Фотаздымак: Mayday

У Быхаўскага райсельгасхарча новы начальнік – знаёмімся

Сяргей Сыса стаў першым намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкама ў 28 гадоў. Ён ва ўсім згодны з Лукашэнкам і гатовы, згодна яго ўказанням, варушыцца.

Светапогляд новага начальніка Быхаўскага райсельгасхарчу Сяргея Сысы базуецца на простых, але ёмістых пастулатах Лукашэнкі і досведзе сваякоў: бацька Сяргея Пятровіча кіруе ААТ «Герой» Дубровенскага раёна, а старэйшы брат працуе генеральным дырэктарам Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў.

Падымаць быхаўскую аграрную галіну з калень малады намеснік ужо пачаў.

Ён сцвярджае, што раён у неабходны тэрмін завяршыў сяўбу азімых. Прычым, добрай падмогай у гэтай справе сталі мехатрады міжраённага аграсэрвісу «Задняпроўскі».

На практыцы гэта азначае, што ні пасеяць, ні ўбраць самастойна быхаўскія аграрыі не ў стане, і ім даводзіцца наймаць дапамогу з боку.

Усюдыісны міжраённы аграсэрвіс «Задняпроўскі», вядома, зробіць усё, за што яму заплоцяць.

Застаецца толькі зразумець функцыі ў мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, якія, падаецца, выступаюць толькі ў сціплай ролі ўладальнікаў зямель і назіральнікаў за замацаванымі за імі сялянамі.

Адказ на гэтае пытанне Сяргей Сыса таксама знайшоў у Лукашэнкі. Маўляў, той правільна сказаў: дай дрэннаму гаспадарцы тэхніку – праз год пад плот паставяць.

Ну, а паколькі добрых гаспадарак на Быхаўшчыне няма і не прадбачыцца, то і пытанне з тэхнікай закрыта.

Затое міжраённаму аграсэрвісу «Задняпроўскі» выдзелілі ў Быхаўскім раёне дзве з паловай тысячы гектараў зямлі.

Зразумець логіку і самога «вялікага кормчага», і яго вучня Сысы ў цэлым можна: рух дзеля руху. 

Што ж тычыцца Быхаўскага раёна, дык новаму намесніку зусім не абавязкова падымаць яго з калень. Пры такім запасе сувязяў Сяргею Пятровічу трэба толькі пратрымацца год-два, каб пайсці на павышэнне.

Фота: “Беларусь сегодня”.

Дзень у гісторыі. 12 лістапада. Землятрус у Магілёве

1623 год. Выбухнула Віцебскае паўстанне праваслаўных гараджан супраць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. 

Па сігнале званоў ратушы і праваслаўных цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну.

Гараджане, у тым ліку члены магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права. З горада спагнана 3 079 злотых. 

Каралеўскія камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх праваслаўных цэркваў і адліць з іх вялікі звон у памяць пра Кунцэвіча. Ратуша была разбурана. 

Затрыманы і пакараны смерцю 19 чалавек, у тым ліку 2 бурмістры і падбухторшчык паўстання – палачанін Пётра Васілеўскі, які на допыце прызнаўся, што была сувязь з праваслаўным брацтвам у Вільні. 

78 чалавек прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

Перад гэтым, у 1618 годзе супраць Іасафата Кунцэвіча сваё паўстанне падымаў Магілёў – архібіскупа адмовіліся ўпускаць у горад, за што кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза распарадзіўся закрыць праваслаўныя цэрквы.

Паўстанне ў Віцебску

1885 год. Нарадзіўся Міхаіл Грамыка.  

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Даследчык радовішчаў нафты.

Выхаванец Магілёўскай гімназіі.

Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе».

Удзельнік пошукаў нафты на Палессі (на падставе аналізу тапоніма Гарывада).

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.

Памёр 30 чэрвеня 1969 года.

Грамыка Міхаіл

1896 год. У Магілёве адбыўся землятрус у 4 балы.

Да гэтага дакументальна быў зафіксаваны землятрус 29 жніўня 1893, 4 бала. Напярэдадні і пасля гэтай даты, свойскія жывёлы паводзілі сябе неадэкватна: раўлі суткамі каровы, іржалі коні, кудысьці пахаваліся каты. Тады ніхто не мог растлумачыць прычыну такіх іх паводзін. 

Фіксаваліся хвалі карпацкіх землятрусаў 4 сакавіка 1977 года, 4-5 балаў, 30 мая 1990, 3-4 балы.

1902 год. Нарадзілася Таццяна Бандарчык, беларуская актрыса.

У 1920 годзе на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драмгурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Янкі Купалы «Паўлінка» і выканала галоўную ролю.

Працавала ў купалаўскім, коласаўскім тэатрах, драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным.

Найбольш каларытныя характары стварыла ў беларускай драматургіі: Паланея («Прымакі» Янкі Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Якуба Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» Кузьмы Чорнага),Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка) і іншыя.

Знялася ў фільме «Руіны страляюць…»

Памерла 24 ліпеня 1974 года.

Таццяна Бандарчык

1944 год. У Магілёве адкрыты новы драўляны мост цераз р. Днепр.

 Быў пабудаваны замест разбуранага ў 1941-м годзе. Мост быў пабудаваны савецкімі сапёрамі і ваеннапалоннымі немцамі. Разабраны ў 1959 г.

Мост праз Днепр

1958 год. Нарадзіўся Леанід Пранчак. Беларускі паэт, перакладчык.

Працаваў на Магілеўскім абласным радыё, у тэатры-студыі «Верасы», дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі, карэспандэнтам газеты «Рэспубліка» ў ЗША, мастацкім кіраўніком Тэатра-студыі беларускай эстрады.

Аўтар вершаў, аўтар кніг вершаў, кнігі «Беларуская Амерыка».

Больш за 200 вершаў паэта пакладзены на музыку. Найбольш вядомыя з іх «Даставай Язэп гармонік», «Пад зоркай Пагоні», «Каля Чырвонага касцёла», «Адзінокая жанчына», «Жыве Беларусь!», «Сумны саксафон», «Паклонніца», «Талака», «Цёмная пані», «Каханая» і іншыя.

З 2018 года вядзе масавыя судовыя працэсы аб абароне аўтарскіх правоў на свае творы. 

Займаецца маніторынгам СМІ, дапаможнікаў, друкаваных выданняў, шукаючы радкі за сваім аўтарствам. Пасля чаго падае пазоў у суд з заявай аб парушэннях аўтарскіх правоў і патрабаваннем фінансавай кампенсацыі. 

Сярод тых, з кім аўтар судзіўся: «Наша Ніва», «Звязда» «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», блогеры, бацькі дзяцей, якія спявалі песні на яго вершы і іншыя. Сярод аштрафаваных ёсць і магілёўцы.

Леанід Пранчак

Магілёўскі абласны суд усё цягне ў Расію

Магілёўскі аблсуд любіць даты ў гісторыі, звязаныя з Расіяй. Даты, важныя ў станаўленні беларускага правасуддзя, звычайна абыходзіць увагай.

Напрыканцы кастрычніка mogilev.media ўжо звяртала ўвагу на тое, як Магілёўскі аблсуд у сваім тэлеграм канале захапляўся тым, што ў 1696 годзе Баярская дума зацвердзіла ўказ Пятра I датычны развіцця суднабудаўніцтва. Пра тое, што Магілёў у той час ніякага дачынення да Расіі не меў, і пра тое, што гэты самы расійскі цар потым ушчэнт спаліў Магілёў, у цяперашнім Магілёўскім аблсудзе робяць выгляд, што не ведаюць.

Так і 11 лістапада аблсуд узгадаў, што ў гэты дзень у 1922 годзе Усерасійскі Цэнтральны выканаўчы камітэт прыняў пастанову “Аб уводзе ў дзеянне Палажэння аб судаўладкаванні РСФСР”. 

“Так пачыналася новая эпоха савецкага правасуддзя, якая стала асновай для наступнага развіцця судовай сістэмы ў нашай краіне” – гаворыцца ў паведамленні.

Цяжка зразумець радасць ад станаўленне таго правасуддзя, якое кіравалася класавым прынцыпам і якое дапускала пазасудовыя разгляды спраў – “тройкі” трыццатых гадоў, калі судзілі без права на адваката мільёны ні ў чым не павінных людзей. Сталінскія палітрэпрэсіі – гэта менавіта прадукт “новай эпохі савецкага правасуддзя”, дзе, ўзгадваючы слова сумнавядомага пракурора Вышынскага, прызнанне было царыцай доказаў.

Акрамя агіднага ўсхвалення савецкага рэпрэсіўнага правасуддзя, Магілёўскі аблсуд яшчэ і лічыць РСФСР сваёй краінай. Пэўна, работнікам гэтага суда хочацца вярнуцца, у тыя гады, калі Магілёў сапраўды належаў РСФСР, да таго, як з першым узбуйненнем БССР ён быў вернуты Беларусі. Іншага тлумачэння такога апантанага пакланення расейшчыне знайсці цяжка.

Дарэчы, аналагічную, але сваю, пастанову ўвёў у дзеянне 15 красавіка 1923 года і ЦВК БССР. Сёлета пра гэту дату Магілёўскі аблсуд не ўзгадаў. Цікава, ці напіша ў наступным годзе? Чамусьці, не верыцца.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

З ягадамі ў Магілёўскай вобласці ўсё ў парадку, а ў астатнім заняпад

Статыстыка паказвае: заняпад Магілёўшчыны ўжо не схаваць за лозунгамі.

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці статупраўленне Магілёўскай вобласці апублікавала цікавыя лічбы.

Сярэдні ўзрост работнікаў сельскагаспадарчай галіны Магілёўшчыны – 45,8 года.

У 2024 годзе сярод работнікаў галіны Магілёўскай вобласці 64,5 працэнта складалі мужчыны.

Узровень адукацыі аграрыяў выглядае так:

  • вышэйшую адукацыю маюць 13,4 працэнта работнікаў;
  • сярэднюю спецыяльную – 13,2 працэнта;
  • прафесійна-тэхнічную – 44,1 працэнта.

Вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі займаюцца:

  • сельгасарганізацыі – 78,9 працэнта;
  • асабістыя падсобныя гаспадаркі насельніцтва – 17,8 працэнта;
  • фермерскія гаспадаркі – 3,3 працэнта.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў сельскай гаспадаркі ў студзені-верасні 2025 года склала 1919,7 рубля, а ў работнікаў харчовай прамысловасці – 2400 рублёў.

Аб’ём вытворчасці асноўных відаў прадуктаў харчавання на душу насельніцтва склаў:

  • збожжа – 1001 кілаграм;
  • малака – 762 кілаграмы;
  • бульбы – 419 кілаграмаў;
  • яек – 375 штук;
  • гародніны – 235 кілаграмаў;
  • жывёлы і птушкі – 157 кілаграмаў;
  • пладоў і ягад – 55 кілаграмаў.

Прасцей кажучы, моладзь у вёску не ідзе, узровень адукацыі работнікаў сельскай гаспадаркі, нягледзячы на іх масіраваную падрыхтоўку, застаецца даволі нізкім, фермераў у Магілёўскай вобласці амаль што вынішчылі. Зарплата ў перапрацоўшчыкаў значна вышэйшая, чым у вытворцаў.

Затое на Магілёўшчыне ўсё яшчэ водзяцца ляшчы, ягады, грыбы. Што і трэба было даказаць.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Стогадовая настаўніца з Магілёва рашае дыферэнцыяльныя ўраўненні

Настаўніца матэматыкі з Магілёва адзначае стогадовы юбілей.

Прымаючы высокае начальства, якое прыйшло павіншаваць яе са 100-гадовым юбілеем, Маргарыта Васільеўна Ікусава сказала, што яе бянтэжыць такая пільная ўвага. 

Між тым Маргарыта Ікусава – партрэт цэлай эпохі. Яна сустрэла вайну 15-гадовым падлеткам, а як толькі атрымала пашпарт, скончыла школу малодшых авіяспецыялістаў. Пасля вайны пятнаццаць гадоў вучыла матэматыцы дзяцей у Быхаве, потым выкладала фізіку ў адным з магілёўскіх інстытутаў.

Да гэтага часу пенсіянерка, замест таго каб разгадваць красворды, вырашае дыферэнцыяльныя ураўненні, а яснасці яе розуму могуць пазайздросціць і маладыя людзі.

Фота БелТА.

Дзень у гісторыі. 11 лістапада. Адкрыццё Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі

11 лістапада каталіцкі Касцёл адзначае літургічны ўспамін св. Марціна Турскага, духоўнага заступніка Чавус

Справа ў тым, што 12 жніўня 1634 горад разам з Магдэбургскім правам атрымаў і адмысловы герб, які апісваецца наступным чынам: “у блакітным полі на белым кані святы Марцін з мечам у руцэ, на плячах чырвоны плашч». Як зазначаюць гісторыкі, гэты герб варта разглядаць у адным шэрагу гарадскіх знакаў, якія адлюстроўваюць ідэі абароны і перамогі хрысціянскіх каштоўнасцей.

Герб Чаусы
Гістарычны герб г. Чавусы

1673 год. Ракеты Казіміра Семяновіча знішчаюць турак

Пад час Хоцінскай бітвы ў страшэнную завіруху аб’яднанае польска-літоўскае войска Яна Сабескага разграміла 35-тысячную асманскую армію Гусейна-пашы, якая месцілася ў Хоцінскай крэпасці.

У гэтай бітве кароль і вялікі князь Ян Сабескі паспяхова выкарыстаў ракеты. Ракеты былі вынайдзены генерал-лейтэнантам Казімірам Семяновічам (1600-1651). Даследчыкі не маюць дакладных звестак пра паходжанне Семяновіча, а па некаторых версіях, яго непасрэдным продкам быў Дзмітрый Сякіра з роду князёў Друцкіх, уладальнік “двара Быхава” а сам Семяновіч, магчыма, быў ураджэнцам Магілёўшчыны. 

Казімір Семяновіч

11 лістапада 1783 год. Імператрыца Кацярына II пацвердзіла граматай адкрыццё Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі.

Самая вялікая каталіцкая епархія ў гісторыі – яна ахоплівала ўсе землі тагачаснай Расійскай імперыі, уключаючы Аляску. Кіраўніком епархіі быў зацверджаны Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.

Богуш-Сестранцэвіч

1918 – ад немцаў вызвалены Быхаў і настаў канец Першай Сусветнай вайны. 

Пасля Камп’енскага перамір’я 11 лістапада 1918 года на тэрыторыю Быхава ўвайшлі савецкія войскі. Адначасова 11 лістапада лічыцца днём завяршэння нямецкай акупацыі Беларусі ў Першую Сусветную вайну.

Быхов 1918 год

1928 год. У Магілёве з групай беларускіх пісьменнікаў гасцяваў Якуб Колас.

1963 год – з Магілёва перавялі гістарычны архіў. 

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 года Цэнтральны гістарычны архіў БССР перавялі з Магілёва ў Мінск. У былы магілёўскі касцёл св. Станіслава засяліўся Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. Паралельна рашэннем таго ж дня рэарганізавалі сетку архіваў у рэгіёнах (у т.л. у Крычаве і Бабруйску стварылі філіялы абласных архіваў). 

1955 год. Нарадзілася Галіна Тычка

Беларускі літаратуразнавец і крытык. Доктар  філалагічных навук, прафесар.

Настаўнічала ў Шклоўскім раёне, працавала гідам-перакладчыкам польскай мовы ў «Спадарожніку», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», дацэнтам БДПУ імя М. Танка, прафесарам БДУ, загадчыцай кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Вывучае працэсы фармавання новай беларускай літаратуры, сучасныя літаратурныя працэсы на Беларусі ў еўрапейскім кантэксце.

З’ездзіць за пакупкамі жыхарам Ялізава прапануюць два разы на месяц

Жыхары мікрараёна Прыгарадны ў Ялізаве Асіповіцкага раёна засталіся зусім без магазіна, але ім зрабілі “ласку” – два разы на месяц аўтобус давязе іх да магазінаў у цэнтры пасёлка.

“У сувязі з закрыццём крамы райпо ў мікрараёне Прыгарадны прапрацавана пытанне падвозу пажылых грамадзян да гандлёвых аб’ектаў, размешчаных у цэнтры пасёлка.  Пайшло насустрач горадаўтваральнае прадпрыемства: аўтобус філіяла “Ялізава” ААТ “Гродзенскі шклозавод” прадастаўлены на перыяд з 1 лістапада па 31 сакавіка ў першы і трэці аўторак месяца. Час вызначаны 10:00-12:00” – піша раённая газета “Асіповіцкі край”, азначаючы, што першая паездка адбылася 4 лістапада.

Паводле выдання, людзі з Прыгараднага задаволены такой альтэрнатывай адзінаму магазіну, які быў каля іх. Верыцца ў гэта з цяжкасцю, але незадаволеных галасоў не чуваць. Затое “Асіповіцкі край” сцвярджае, што новая рэчаіснасць, усталяванню якой паспрыялі сельвыканкам і дэпутат райсавета па Ялізаўскай акрузе Алег Гербач, зрабіла жыццё жыхароў пасёлка лепей і камфортней.

Фотаздымак: тэлеграм-канал “Асіповіцкі край”

Магілёўскі адвакат ацаніў дзеянні медыка, які адмовіўся аглядаць пацыентку

Калі жыццю пацыента нічога не пагражае, то доктар не абавязаны яго аглядаць па заканчэнні свайго працоўнага часу, сцвярджае магілёўскі адвакат.

Дзяўчыне-навучэнцы каледжа стала кепска падчас заняткаў і яе адпусцілі ў паліклініку. Там яна аказалася апошняй у чарзе да ўрача і калі падыйшоў час ёй заходзіць у кабінет, то яго працоўны час скончыўся. Доктар адмовіўся аглядаць пацыентку. Пра гэта распавёў чытач выдання “Аргументы і факты ў Беларусі”, задаючы пытанне, ці правамерна паступіў медык.

Калі нішто не пагражае жыццю пацыента, то ўрач мае права адмовіць у прыёме пасля заканчэння свайго працоўнага дня, растлумачыў адвакат Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў Уладзімір Гарбачоў.

Паводле юрыста, згодна з правіламі ўнутранага распарадку для пацыентаў дзяржаўнай установы аховы здароўя лекар абавязаны прыняць пацыента, калі ў яго ёсць неадкладныя паказанні, аднак па агульным правіле пасля заканчэння працоўнага дня ён мае права не прымаць пацыентаў, якія стаяць у чарзе на планавы прыём.

Аднак, калі сітуацыя экстраная, лекар павінен аказаць яму неабходную дапамогу, незалежна ад часу сутак, бо прыярытэт аддаецца неадкладнай дапамозе.

Экстраныя медыцынскія паказанні – гэта станы, якія пагражаюць жыццю пацыента, такія як раптоўная страта свядомасці, спыненне дыхання, моцны крывацёк, востры болевы сіндром, цяжкія траўмы, апёкі, атручванні або псіхічныя засмучэнні, пры якіх неабходная неадкладная медыцынская дапамога.

“Такім чынам, калі ў пацыента раптам пагоршылася самаадчуванне, лекар абавязаны прыняць яго, нават калі працоўны дзень скончаны, паколькі ў выпадку экстранай сітуацыі медыцынская дапамога аказваецца без папярэдняга запісу і чаргі” – адзначае магілёўскі адвакат.

Фотаздымак: “Аргументы і факты ў Беларусі”