Аграрыі Быхаўшчыны спадзяюцца на добрае надвор’е і фартуну

Першы намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Сяргей Сыса (на фота) ў свежым паведамленні пра ход першага ўкосу намаляваў цалкам добразычлівую карціну. Травы сёлета лепшыя, надвор’е паспрыяла, тэхніка часткова абноўлена, аграрыі працуюць на поўную сілу, а нарыхтаваных кармоў павінна хапіць жывёле на ўвесь асенне-зімовы перыяд.

Накасілі – яшчэ не значыць нарыхтавалі

На першы погляд гэта звычайная сезонная справаздача: колькі гектараў убрана, колькі сена і сенажу трэба нарыхтаваць, колькі галоў буйной рагатай жывёлы неабходна забяспечыць кармамі. Але калі супаставіць гэтыя словы з матэрыяламі Камітэта дзяржаўнага кантролю, пракуратуры і публікацыямі ў самім раёне, аптымістычная карцінка пачынае рассыпацца.

Праблема Быхаўшчыны не ў тым, што ў чэрвені 2026 года дрэнна растуць травы. Праблема ў тым, што добрыя травы і добрае надвор’е не адмяняюць сістэмных правалаў у якасці кармоў, утрыманні жывёлы, падзяжы жывёлы і арганізацыі працы гаспадарак.

Начальнік быхаўскага райсельгасхарчу робіць акцэнт на ўдалым старце корманарыхтоўкі. Пад першы ўкос у раёне адведзена амаль 11 300 гектараў, з іх убрана каля пятай часткі. Асобна падкрэсліваецца, што люцэрна і бабовыя травы ўдаліся добра.

Аднак ключавое пытанне не толькі ў тым, колькі травы скасілі, а ў тым, якой якасці корм потым апынуўся ў траншэях і на фермах.

У 2023 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю паведамляў пра парушэнні тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання кармоў у Магілёўскай вобласці. Паводле вынікаў лабараторных даследаванняў значная частка праверанага сенажу была аднесена да нізкаякасных кармоў трэцяга класа, а сярод раёнаў з найбольшай доляй такога сенажу называўся менавіта Быхаўскі раён.

Гэтыя даныя дапаўняла і інфармацыя БелТА пра вынікі даследавання якасці травяных кармоў больш чым у трохстах сарака сельскагаспадарчых арганізацыях.

То-бок афіцыйны аптымізм адносна зялёнай масы сам па сабе нічога не даказвае. Трава можа вырасці добрай, але корманарыхтоўчая кампанія ўсё роўна можа скончыцца нізкапажыўным сенажом, парушэннямі захоўвання і прыпіскамі аб’ёмаў.

Што з падзяжом?

Тым часам падзёж БРЖ у раёне вылічаўся сотнямі галоў.

Сыса кажа, што якасны корм забяспечыць здароўе пагалоўя і дасць станоўчы вынік у надоях і прывагах. Гучыць як па нотах. Але менавіта здароўе пагалоўя ў раёне ўжо станавілася прадметам жорсткага разбору.

На пасяджэнні Быхаўскага райвыканкама ў лютым 2024 года былі названы лічбы, якія дрэнна спалучаюцца з дабратворнай рыторыкай.

Паводле афіцыйнай публікацыі райвыканкама, за 2023 год у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна пала шэсцьсот восемдзесят дзве галавы буйной рагатай жывёлы. З іх дзевяноста чатыры галавы склалі звышнарматыўны падзёж.

Гэта не дробная статыстычная хібнасць і не выпадковы эпізод. Калі падзеж ідзе на сотні галоў, гаворка ўжо не пра надвор’е і не пра адзін няўдалы месяц, а пра якасць кіравання жывёлагадоўляй.

Тым больш што ў той жа публікацыі проста гаварылася пра грубыя парушэнні кармлення і ўтрымання, безгаспадарчасць, ігнараванне тэхналагічных рэгламентаў, невыкананне заатэхнічных і ветэрынарных правілаў. Прычыны называліся адкрыта: не стыхія, а арганізацыя працы.

Асабліва паказальны студзень 2024 года. Толькі за адзін месяц у Быхаўскім раёне пала сто дваццаць галоў буйной рагатай жывёлы. У якасці прычын называліся несвоечасовае выпойванне малодзівам нованароджаных цялят і неналежны санітарны стан на малочна-таварных комплексах і фермах. Гэта таксама было зафіксавана ў матэрыяле райвыканкама.

Менавіта тут узнікае галоўнае супярэчанне. Цяпер намеснік старшыні райвыканкама гаворыць пра пільную ўвагу да кармоў і будучага здароўя жывёл. А ў больш ранніх афіцыйных матэрыялах улады самі прызнавалі, што жывёлы гінулі не праз анамальную засуху або надзвычайную сітуацыю, а праз элементарныя парушэнні догляду, кармлення і санітарыі.

Колькі ёсць і колькі было

Яшчэ адзін прыгожы паказчык са свежай справаздачы Сысы – больш за 22 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ў раёне і больш за 8,6 тысячы галоў малочнага статка. Але агульны раённы паказчык хавае сітуацыю па канкрэтных гаспадарках.

Увосень 2024 года раённая прэса пісала, што ў ААТ «Абідавічы», ААТ «Вароніна», КУП «Мокранскі Агра» і СК «Дуброва» было дапушчана зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Там жа гаварылася пра гаспадаркі, якія не дацягнулі да леташніх прываг. Гэтыя даныя змяшчаліся ў публікацыі Быхаўскай раённай газеты пра жывёлагадоўлю.

Таму спасылка на агульнае пагалоўе гучыць уражліва толькі да таго часу, пакуль не паглядзець на дынаміку ў асобных арганізацыях. Калі частка гаспадарак губляе жывёлу і не выконвае паказчыкі па прывагах, то размова пра будучую эканоміку ад якасных кармоў застаецца хутчэй надзеяй, чым даказаным вынікам.

Надоі таксама пад пытаннем

Сяргей Сыса звязвае якасць кармоў з будучымі надоямі. Але ў раёне ўжо былі прыклады, калі ўзорныя аб’екты з часам апыналіся сярод праблемных.

Так, малочна-таварны комплекс «Новы Свет» ААТ «Абідавічы» некалькі гадоў таму падаваўся як паспяховы аб’ект. У 2020 годзе раённая прэса пісала, што комплекс штодня здаваў дзяржаве амаль дзве тысячы семсот кілаграмаў малака. Пра гэта расказвалася ў артыкулеі пра работу комплексу «Новы Свет».

Але ўжо ў 2024 годзе гэты ж комплекс апынуўся сярод адстаючых па надоях. Загаварылі пра тое, што на малочна-таварных комплексах «Сялец» і «Новы Свет» не змаглі атрымаць нават 1000 кілаграмаў малака за справаздачны перыяд. Такі паварот добра паказвае, наколькі асцярожна трэба ставіцца да парадных публікацый пра жывёлагадоўлю.

Вось гэта залудзілі

Вось і новая тэхніка не адмяняе старыя правалы. У справаздачы асобна пералічваецца абнаўленне парка: два новыя аўтамабілі МАЗ, два кормаўборачныя камбайны і дзве касілкі. Для справаздачы гэта важная дэталь, але яна не закрывае пытанне арганізацыі работ.

Раней падчас маніторынгу КДК высвятлялася, што ў ААТ «Навабыхаўскі» правядзенне корманарыхтоўкі стрымлівалася недахопам паліва. Пра гэта паведамлялася ў публікацыі пра праверкі корманарыхтоўкі. То-бок праблема была не толькі ў наяўнасці тэхнікі, але і ў элементарным забеспячэнні работ. Машыны можна купіць, але гэта не гарантуе своечасовую ўборку, правільнае захоўванне кармоў і дысцыпліну на месцах.

Сёння Сыса гаворыць пра перазалужэнне плошчаў і ўцягванне зямель пасля меліярацыі. Але і гэты пункт выглядае лепш у справаздачы, чым у кантрольных матэрыялах мінулых гадоў.

Яшчэ ў 2022 годзе ў Магілёўскай вобласці фіксаваліся праблемы з перазалужэннем луговых угоддзяў. У публікацыі пра вынікі кантролю гаварылася, што ў гаспадарках Быхаўскага раёна да такіх работ не прыступалі, хаця яны непасрэдна ўплываюць на ўраджайнасць травяных кармоў.

Пра гэта паведамлялі «Магілёўскія ведамасці». Таму фраза пра перазалужэнне ў справаздачы гучыць не як доказ устойлівага парадку, а як напамін пра праблему, якую гадамі даводзілася падцягваць праз кантроль і адміністрацыйны ціск.

А чыноўнікі ўсё спадзяюцца

Усе думкі Сяргея Сысы пабудаваны вакол надзеі. Надвор’е дапамагло, травы выраслі лепшыя, тэхніка абноўлена, кармы будуць нарыхтаваны, жывёлы павінны даць надоі і прывагі. Але ранейшыя афіцыйныя матэрыялы паказваюць, што слабое месца Быхаўскага раёна не толькі ў надвор’і і не толькі ва ўраджайнасці траў.

Слабое месца – у якасці кармоў, выкананні тэхналогій, санітарыі, захаванасці пагалоўя і кіраванні гаспадаркамі. Менавіта таму словы пра добры першы ўкос не адказваюць на галоўнае пытанне: што змянілася ў сістэме, якая ўжо прыводзіла да нізкаякаснага сенажу, звышнарматыўнага падзяжу, парушэнняў утрымання жывёл і скарачэння пагалоўя ў асобных сельскагаспадарчых арганізацыях?

Пакуль на гэтае пытанне няма адказу, справаздача выглядае не як доказ пераадолення праблем, а як чарговая сезонная карцінка-размалёўка: надвор’е дапамагло, травы пайшлі, чыноўнікі спадзяюцца на лепшае. Але надзея – гэта яшчэ не эканоміка. Між тым Быхаўскі раён не выключэнне з агульнага правіла. Да таго ж гэта самы вялікі раён на Магілёўшчыне.

Фота БелТА.

Клімавіцкі старшыня захапіўся міжнароднасцю “Белагра”

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віктар Пугач (на фота) з’ездзіў на «Белагра-2026» і захапіўся маштабам выставы.

Ды і як тут не выпасці ў асадак: 575 кампаній з 12 краін. Але калі адкінуць ліслівыя захапленні і паглядзець на форум цвярозым поглядам, усё можна апісаць адным словам – дакаціліся.

Формула «575 кампаній з 12 краін» зручная для загалоўкаў. Яна адразу стварае адчуванне шырокай геаграфіі і сур’ёзнай знешняй цікавасці да беларускага аграпраму.

Але яшчэ да адкрыцця выставы паведамлялася, што з пададзеных заявак пераважная большасць прыйшлася на Беларусь. Паводле даных, апублікаваных перад форумам, беларускія арганізацыі падалі 441 заяўку. Расія падала 73 заяўкі, Кітай – 25. Астатнія краіны былі прадстаўлены больш сціпла. Асаблівую ролю ў замежным прадстаўніцтве адыграла Расія.

На афіцыйнай старонцы выставы гаворыцца, што ў «Белагра-2026» удзельнічалі прадпрыемствы з 18 расійскіх рэгіёнаў. Асобныя калектыўныя стэнды падрыхтавалі Бранская, Белгародская, Мурманская і Чалябінская вобласці, а таксама Краснадарскі край. Акрамя таго, была прадстаўлена экспазіцыя Расійскага экспартнага цэнтра «Сделано в России».

Яшчэ адна важная дэталь – само слова «кампанія». У выставачнай статыстыцы побач з вытворцамі могуць улічвацца ведамствы, навуковыя арганізацыі, абласныя экспазіцыі, канцэрны, аб’яднанні і калектыўныя стэнды. Гэта не 575 замежных прадпрыемстваў. Гэта агульны масіў удзельнікаў, большую частку якога забяспечыла сама Беларусь.

То-бок, калі шчыра – самі выставіліся, самі пазахапляліся.

Фота раённай газеты.

Дзень у гісторыі. 3 чэрвеня. Першы парашут, першая ахвяра Мураўёва-вешальніка. Бой пад Мілавідамі. “Курапаты – дарога смерці”.

Сусветны дзень ровара (World Bicycle Day, з 2018 года).

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН. З ініцыятывай заснавання даты выступілі прадстаўнікі Туркменістана. На французкай “velocipede” – “хуткая нага”.

Ровар быў вынайдзены ў 1817 годзе нямецкім прафесарам фон Дрэзам, але тады яшчэ не меў педаляў. Блізкі да сучаснага выгляду сродак перасоўвання быў вынайдзены ў 1884 годзе англічанінам Дж. Кемпам Старлі і атрымаў назву “rover” – “вандроўнік”, якая перайшла у польскую, украінскую, беларускую мовы.

Роварныя рэкорды хуткасці: 268,83 км/г – Фрэд Ромпельберг (Нідэрланды) на саляной раўніне штата Юта, ЗША, 1995 год. У 2010 годзе Маркус Штольц з’ехаў з гары ў Чылі з хуткасцю 210 км/г.

Ровар на Беларусі з’явіўся ў Віцебску ў 1870-я гады. Першай спартовай роварнай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе. Група раварыстаў у 1894 годзе ажыццявіла прабег па маршрутах: Берасце -Кобрын-Вялікарыта-Брэст (145 км) і Брэст-Старая Жабінка-Камянец-Чарноўцы- Брэст (141 км). У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.

Ужо ў 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Еўрасаюза продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў. У Беларусі зараз больш за 3 мільёны ровараў.

Дзень роўнаапостальных цара Канстанціна і маці яго царыцы Алены.

Святы імператар Канстанцін, які атрымаў ад Царквы найменне Роўнаапостальны, а ў сусветнай гісторыі найменаваны Вялікім, быў сынам цэзара Канстанцыя Хлора, які кіраваў Галіяй і Брытаніяй.

Святая царыца Алена, маці імператара Канстанціна, была хрысціянкай. Будучы кіраўнік усёй Рымскай імперыі – Канстанцін – быў выхаваны ў павазе да хрысціянскай рэлігіі. Бацька яго не пераследваў хрысціян у кіраваных ім краінах, у той час, як ва ўсёй астатняй Рымскай імперыі хрысціяне падвяргаліся жорсткім ганенням з боку імператараў.

1757 год. У Нясвіжы памёр Ян Пашакоўскі (1684-1757).

Педагог і выдавец, гісторык, тэолаг, член ордэна езуітаў, доктар філасофіі,  рэктар Слуцкага і Нясвіжскага калегіумаў, стваральнік і выдавец календароў. Быў папулярызатарам гістарычнай навукі ў ВКЛ.

У адрозненні ад календарнай традыцыі выключыў са сваіх выданняў астралогію, прагностыку і іншыя забабоны, а запоўніў звесткамі з гісторыі і культуры ВКЛ, чым жадаў заахвоціць моладзь да чытання гістарычных прац.

Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Коўне, Крожах, быў прэфектам школы ў Коўне. Выкладаў філасофію ў Вільні, быў выхавальнікам Гераніма Фларыяна Радзівіла, сына Міхала Радзівіла Рыбанькі.

План аднаўлення Нясвіжскага калегіума.

1785 год. Першае выкарыстанне парашута для скачкоў.

Французскі паветраплавальнік Франсуа Бланшар прадэманстраваў у Лондане сканструяваны ім парашут для скачкоў з паветранага шара.

Сам Бланшар апрабаваць сваё вынаходства не вырашыўся і з вышыні 300 м скінуў на парашуце сабаку.

Першы эскіз парашута намаляваў Леанарда да Вінчы ў 1483 годзе. “Калі ў чалавека ёсць шацёр з накрухмаленага палатна шырынёй у 12 локцяў і вышынёй у 12 – пісаў геніяльны вучоны – то ён зможа кідацца з любой вышыні, без небяспекі для сябе”.

Парашут Леанарда быў падобны на сучасны, аднак адсутнасць практычнай патрэбы ў яго прымяненні служыла перашкодай для вырабу падобных прыладаў. Толькі развіццё паветраплавання праз 200 гадоў і частыя катастрофы заахвоцілі вынаходнікаў ушчыльную заняцца стварэннем апарата для паспяховага спуску чалавека з вялікай вышыні.

Упершыню пабудаваў і выпрабаваў такую прыладу французскі фізік Ленорман, які і даў яму назву – “парашут” (ад грэцкага “пара” – супраць і французскага “шуце” – падзенне).

1786 год. Нарадзіўся Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853).

Прыродазнавец, арнітолаг, асветнік. Заснавальнік беларускай арніталогіі. Усё жыццё марыў пра аднаўленне ВКЛ.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, у Варшаве атрымаў урокі малявання ў Норбліна і Арлоўскага. Меў мастацкія здольнасці, што дапамагала яму і ў навуковай дзейнасці: большасць ілюстрацый да сваіх прац выканаў самастойна. У Пастаўскім палацы ім была створана галерэя карцін, якая налічвала больш за 300 палотнаў вядомых мастакоў.

Таксама меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах, стварыў музычныя школы і аркестры ў Паставах і Ракішках.

У 1812 годзе ўзначаліў 19-ы пяхотны французскі полк, пазней быў шэфам 3-й кампаніі польскай ганаровай гвардыі, палкоўнікам войск Варшаўскага княства. Удзельнік Лейпцыгскай бітвы. Узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна.

Патрапіў пад амністыю імператара Аляксандра І і пасяліўся ў 1814 годзе ў Паставах.

У 1831 годзе падтрымаў вызваленчае паўстанне, дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю. Быў арыштаваны, сядзеў у турме.

Распрацаваў сістэму класіфікацыі птушак, якой карыстаюцца сучасныя вучоныя. У Паставах стварыў арніталагічны музей (у калекцыі 3000 птушак з усяго свету і значная колькасць птушыных яек), карцінную галерэю, бібліятэку. Ён упершыню адкрыў гнездаванне ў Беларусі некаторых відаў птушак.

Аўтар больш 20 навуковых прац, у тым ліку “Усеагульная арніталогія, ці апісанне птушак усіх частак свету”, “Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага”.

Памёр 1 студзеня 1853 года.

1863 год. Пад Мілавідамі (зараз Баранавіцкі раён) паўстанцы далі бой расійскім карнікам.

Аб’яднаныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем Ф. Юндзіла, І. Лукашэвіча, А. Лянкевіча, Л. Нарбута і агульным кіраўніцтвам К. Каліноўскага далі бой расійскім войскам. Сярод удзельнікаў бітвы былі Ф. Багушэвіч і М. Андрыёлі.

У гэты дзень расійскія войскі з розных бакоў атакавалі паўстанцкі лагер. Бой ішоў з 12 гадзін дня да цемры.

Паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі, але мелі вялікія страты.

На месцы пахавання паўстанцаў усталяваны капліца-помнік (1930-я гады), у 1990 – камень з мемарыяльнай плітой. У 1993 годзе Мілавідскай школе прысвоена імя А. Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

1863 год. За падтрымку паўстання расійскія карнікі расстралялі ў Вільні ксяндза Станіслава Ішору (1838-1863).

Першая ахвяра М. Мураўёва-вешальніка.

8 лютага 1863 года ён зачытаў у касцёле маніфест паўстанцаў. Сам святар пайшоў у паўстанцкі аддзел Л. Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касцёла. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфеста, да чаго ён не меў дачынення.

Ішору спачатку пакаралі 5 гадамі катаргі, але асабіста Мураўёў замяніў пакаранне на расстрэл.

Пакараны смерцю ў Лукішскай турме ў Вільні. Сведкі пакарання ўспаміналі, што святар звярнуўся да натоўпу з такімі словамі: «Трымацца і не падаць духам. Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны».

У 2003 годзе ў Лідзе адкрыта мемарыяльная шыльда, прысвечаная расстраляным у 1863 годзе ксяндзам.

1935 год. Нарадзіўся Васіль Зуёнак.

Беларускі паэт, перакладчык з розных славянскіх моў, крытык, літаратуразнаўца. Лаўрэат прэміі ЛКСМБ, Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук.

Аўтар многіх зборнікаў паэзіі, зборніка гумарыстычных вершаў, кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, кніг выбраных вершаў, вершаў і паэм, двухтомніка выбраных твораў, кніг нарысаў і замалёвак, перакладаў.

Гімнам прыродна-вясковаму свету, роднаму краю і беларускаму народу ўвогуле стала яго ліра-эпічная пенталогія «Пяцірэчча».

Яго кніга «Нача» пабывала ў космасе: у 1978 годзе яна была дастаўлена касманаўту У. Кавалёнку на арбітальную станцыю «Саюз-6».

1988 год. У газеце “Літаратура і мастацтва” надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”.

Першая праца пра Курапаты.

Колькасць расстраляных НКУС у 1937-1941 гадах у Курапатах па розных ацэнках ад 30 да 102 і нават, да 220-250 тысяч.

З 1993 года Курапаты занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.

4 красавіка 2019 года ўладамі дэмантаваны 70 драўляных, 13 красавіка – усе металічныя крыжы, што былі пастаўлены на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў.

30 ліпеня 2004 года Мінскі гарвыканкам перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую, але менш чым праз год гэта рашэнне было адменена.

1993 год. Памерла Юдзіф Арончык (1908-1993).

Беларуская актрыса. Заслужаная артыстка (1938).

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Працавала ў Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, Тэатры драмы і камедыі пра Белдзяржэстрадзе, мастацкім кіраўніком Мінскага народнага тэатра мімікі і жэсту Беларускага таварыства глухіх.

Мастацтва Арончык вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў.

2017 год. Памёр Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў

Жыў у Віцебску. Скончыў Віцебскую мастацка-графічную педагагічную вучэльню, Маскоўскі паліграфічны інстытут.  У 1976-1986 гадах быў  старшынём Праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў.

У Магілёве сілавікі апячаталі пустую кватэру палітэмігранткі

Пасля серыі ператрусаў, якія прайшлі ў розных рэгіёнах Беларусі, у адным з дамоў Магілёва супрацоўнікі сілавых структур апячаталі кватэру палітычнай эмігранткі.

Паводле інфармацыі крыніцы Mayday, жылое памяшканне доўгі час пустуе, бо гаспадыня пакінула Беларусь некалькі гадоў таму. Аднак гэта не перашкодзіла правядзенню ператрусу. Пасля завяршэння працэсуальных дзеянняў на дзверы кватэры з’явіліся пломбы.

Тое, што адбылося, не засталося незаўважаным для суседзяў. Жыхары дома распавялі, што бачылі супрацоўнікаў сілавых структур і сталі сведкамі таго, як пасля ператрусу доступ у кватэру быў абмежаваны.

Паводле звестак праваабарончых арганізацый, ператрусы прайшлі раней у больш чым трох дзясяткаў адрасоў у розных гарадах краіны. Частка следчых дзеянняў звязваюць з удзелам беларусаў у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Волі, якія сёлета праходзілі за межамі Беларусі – у прыватнасці, у Польшчы і Літве.

Праваабаронцы адзначаюць, што практыка правядзення ператрусаў у дачыненні да ўдзельнікаў замежных грамадскіх і культурных мерапрыемстваў захоўваецца ўжо не першы год і закранае як саміх актывістаў, так і іх сваякоў або маёмасць, якая засталася ў краіне.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Казку пра сучасную стаматалогію ў Краснаполлі расказалі мясцовыя ідэолагі

29 мая раённая газета «Чырвоны сцяг» выдала ўзорна-паказальны матэрыял у жанры «ў нас усё добра». Малады зубны фельчар, якая па размеркаванні з Оршы прыехала праз Крычаў у Краснаполле, паводле версіі аўтара, «шчыра ўражана» маштабам мясцовай ЦРБ, «прыйшла ў поўнае захапленне» ад кабінетаў, акружана «надзвычай добрымі» настаўнікамі і ўжо завалена захопленымі водгукамі пацыентаў.

Цытаты ў матэрыяле падабраны так, што ад эпітэтаў у вачах мільгаціць: «маштабны, яркі комплекс», «асобны корпус», «найноўшы якасны рамонт», «па апошнім слове тэхнікі», «створаны ўсе ўмовы, каб працаваць годна». Ключы ад інтэрната выдадзены, пад’ёмныя выплачаны ў поўным аб’ёме, пацыенты тэлефануюць і просяцца «да новай дзяўчыны».

Усё было б добра, але праверыць гэта па-за межамі самой раённай газеты немагчыма.

А што насамрэч?

Водгукі пацыентаў пра Краснапольскую ЦРБ на Яндэкс Картах – рэйтынг каля 3,5 з 5 па 68 ацэнках. У свежых водгуках 2024-2025 гадоў жыхары раёна пішуць зусім не пра «маштабны, яркі комплекс»:

  • не хапае ўрачоў і вузкіх спецыялістаў;
  • бальніца хранічна недафінансаваная;
  • да стаўлення персаналу ёсць прамыя прэтэнзіі;
  • якасць медыцынскай дапамогі – асобная балючая тэма.

Гэта тая самая ЦРБ, ад якой, паводле версіі краснапольскіх прапагандыстаў, спецыялістка, што прыехала па размеркаванні, прыйшла «ў поўнае захапленне».

У адкрытых крыніцах пра гэтае захапленне і захопленых пацыентаў няма ні слова. Незалежных водгукаў менавіта пра стаматалагічнае аддзяленне Краснаполля цяпер няма ўвогуле – ні на картах, ні ў мясцовых пабліках, ні ў раённых групах у сацыяльных сетках. Хвалебная цытата «пра яе ўжо вельмі добрыя водгукі ідуць» існуе выключна ў пераказе самой раёнкі і пацвярджэння па-за ёй не мае.

Сюжэт пра маладога спецыяліста, які «шчыра ўражаны» станам раённай бальніцы, – не больш чым штатная ідэалагічная канструкцыя. Згодна з ёй, размеркаванне трэба падаваць як удачу, рамонт – як дасягненне, кадры – як поспех. Артыкул у раёнцы з разраду “ні пра што”: ён даказвае толькі тое, што краснапольскія журналісты налаўчыліся штампаваць дзяжурныя тэксты.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Стваральнікі будучага ядзернага магільніка сустрэнуцца з жыхарамі Магілёўшчыны

На Магілёўшчыне і Гомельшчыне пройдуць сустрэчы кіраўніцтва Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі з мясцовымі жыхарамі.

Раней стала вядома, што будучы ядзерны магільнік можа быць пабудаваны ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Гэтае месца, як і пляцоўка непадалёк ад Беларускай АЭС у Гарадзенскай вобласці і паблізу Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, разглядаецца як адно з магчымых тэрыторый размяшчэння ядзерных адходаў.

Запланаваны яшчэ шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі Магілёўскай і Гомельскай абласцей. “Мы ў гэтым плане цалкам транспарэнтныя. Закрытых тэм для размовы няма. Тлумачым тэхналагічныя ланцужкі, увесь цыкл праходжання адкідаў, якія гэта будуць адкіды (нізкаактыўныя і сярэднеактыўныя кароткачасовыя), якім чынам будзе праводзіцца фінальная ізаляцыя”, – цытуе дырэктара прадпрыемства БелРАА Міхаіла Кіселя (на здымку) БелТА.

Паводле яго, адна з пляцовак будзе выбрана пасля аналізу і падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакументаў. “БелРАА ўжо пачала працу з грамадскасцю ў тых раёнах, дзе вызначаны перспектыўныя пляцоўкі. За паўгоддзе праведзена больш за 20 сустрэч з жыхарамі населеных пунктаў, прадстаўнікамі працоўных калектываў”, – заявіў Кісель.

Па ўсёй верагоднасці, гэтыя сустрэчы з насельніцтвам насілі і будуць насіць супакойваючы характар. Супрацоўнікі БелРАА патлумачаць, што з сябе ўяўляе пункт пахавання радыеактыўных адходаў, “што гэта высокатэхналагічны інжынерны аб’ект, які прызначаны для фінальнай ізаляцыі адходаў, без выхаду ў навакольнае асяроддзе на ўвесь тэрмін небяспекі гэтых адходаў, а гэта не адно дзесяцігоддзе”.

Фотаздымак: БелТА

У Бабруйску бадзяжных жывёл лавілі з парушэннямі

Пракурорская праверка выявіла сур’ёзныя парушэнні ў працы бабруйскага прадпрыемства, якое адказвае за адлоў, утрыманне і эўтаназію безнаглядных жывёл. 

Пракурорскі прэс-рэліз не называе прадпрыемства, якое займаецца бадзяжнымі жывёламі, але вядома, што ў Бабруйску такія функцыя ўскладзены на ААТ «Спецаўтапрадпрыемства». Як высветлілася, спецыялізаваная арганізацыя, доўгі час функцыянавала без ветэрынарнага лекара, а супрацоўнікі не мелі неабходнай падрыхтоўкі і абсталявання для выканання сваіх абавязкаў. Праверка паказала, што прадпрыемства на працягу працяглага часу не магло ўкамплектаваць штат ветэрынарным спецыялістам. Адсутнасць ветэрынара прывяло да таго, што жывёлы не праходзілі абавязковы першасны агляд, а нормы іх кармлення фактычна вызначаліся без прафесійнага кантролю.

Не лепш ішлі справы і з тэхнічным абсталяваннем. На прадпрыемстве адсутнічалі спецыяльныя прылады для дыстанцыйнага ўвядзення прэпаратаў, якія дазваляюць бяспечна абезрухоўліваць або ўсыпляць жывёл. Больш за тое, работнікі, якія займаюцца адловам, не праходзілі навучанне па выкарыстанні спецыяльных стрэльбаў, прызначаных для працы з сабакамі, у якіх могуць быць прыкметы шаленства.

Пракуроры звярнулі ўвагу і на праблемы з вядзеннем дакументацыі. У журнале ўліку адлоўленых жывёл рэгулярна адсутнічалі звесткі аб іх выглядзе і вазе, што ставіць пад сумнеў паўнату і дакладнасць справаздачы.

Парушэнні былі выяўлены і ў сферы абыходжання з адходамі. Правяраючыя зафіксавалі выпадкі захоўвання адходаў па-за спецыяльна абсталяваных для гэтага месцаў, што супярэчыць устаноўленым санітарным патрабаванням.

Па выніках праверкі пракурор Бабруйска ўнёс прадстаўленне кіраўніцтву прадпрыемства з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя недахопы. У надзрным ведамстве заявілі, што пасля ўмяшання пракуратуры на прадпрыемстве пачалі прымаць меры для выпраўлення сітуацыі і ўдасканалення працы службы.

Фотаздымак: instagram.com/specautobobruisk

Мода на продаж старых сартыраў укараняецца на Магілёўшчыне

Яшчэ адзін туалет выставілі на продаж у Магілёўскай вобласці. На гэты раз прыбіральня была арыштавана і выстаўлена на продаж за даўгі МПМК-280 у Чэрыкаўскім раёне.

Відавочна, іншых актываў у прадпрыемства няма, таму прадаўцы ўчапіліся ў туалет мёртвай хваткай і патрабуюць за яго 3440 рублёў.

І гэта пры тым, што “збудаванне неўстаноўленага прызначэння”, а менавіта так называюць туалет у аб’яве, размешчана не ў цэнтры Чэрыкава, а на перыферыі –

у вёсцы Гронаў Вепрынскага сельсавета.

Фота e-auction.

Дэкан факультэта і ІП з Горкаў “абулі” ВНУ на 320 тысяч рублёў

У Горках судзілі дэкана факультэта і яго падзельніка – прыватнага прадпрымальніка.

Яны “прыцягвалі” замежных студэнтаў нібыта праз індывідуальных прадпрымальнікаў, якія атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне. Па такой схеме ў ВНУ было залічана 305 студэнтаў.

Уся фішка ў тым, што ніякіх ІП не было і блізка – пошукам студэнтаў на грамадскіх пачатках займаліся супрацоўнікі факультэта па ўказанні дэкана.

На юрыдычнай мове гэта – крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі групай асоб у асабліва буйным памеры.

Усе ганарары за прыцягненне студэнтаў салодкая парачка дзяліла паміж сабой. Усяго з чэрвеня 2022-га па верасень 2025 года яны завалодалі грашыма ВНУ на агульную суму больш за 320 тысяч рублёў.

Як водзіцца, у судовым пасяджэнні абвінавачаныя цалкам прызналі віну і пакрылі шкоду, прычыненую навучальнай установе.

43-гадовага дэкана прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі. Прадпрымальнік, якому сорак два гады, атрымаў пяць гадоў.

Яны таксама прыгавораны да штрафаў у памеры 500 і 300 базавых велічынь адпаведна і не змогуць займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на працягу 5 гадоў.

ВНУ не называецца, але гэта сакрэт Палішынеля. У Горках усяго адна вышэйшая навучальная ўстанова, якая куе кадры для каманды змагароў з карупцыяй пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

Практычна ўсе кіраўнікі сярэдняга і вышэйшага звяна ў Беларусі скончылі БДСГА. Многія з іх ужо адседзелі і выйшлі на волю з чыстым сумленнем. А некаторыя, нават не чакаючы заканчэння пяцігадовага тэрміну адлучэння ад пасад, занялі новыя пасады і зноў з галавой пагрузіліся ў барацьбу з карупцыяй.

А як інакш? Бо сам дзед сказаў пра гэтую брацію: пабудзе ў месцах не такіх аддаленых – залаты чалавек.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёўскай вобласці, аказваецца, больш за 250 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў лёгкай прамысловасці, які ў 2026 годзе адзначаецца 14 чэрвеня, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Магілёўскай вобласці прадставіла даныя пра стан галіны ў рэгіёне.

Паводле інфармацыі статупраўлення, лёгкая прамысловасць Магілёўшчыны сёння прадстаўлена больш чым 250 арганізацыямі. У 2025 годзе ў іх было занята 12,5 тысясячы чалавек, прычым 80 працэнтаў работнікаў – жанчыны. Сярэдні ўзрост занятых у галіне – 41,4 года.

Адукацыйны ўзровень работнікаў:

  • прафесійна-тэхнічная адукацыя – 60,3 працэнта;
  • сярэдняя спецыяльная – 21,7 працэнта;
  • вышэйшая – 11,9 працэнта.

Намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата работнікаў лёгкай прамысловасці ў студзені – красавіку 2026 года склала 1 975,2 рубля, што на 9,5 працэнта вышэй за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.

Структура вытворчасці

У 2025 годзе аб’ём выпускаемай прадукцыі галіны размеркаваўся наступным чынам:

  • тканіны і тэкстыльныя вырабы – 55,9 працэнта;
  • пашыў адзення – 34,2 працэнта;
  • вытворчасць абутку – 6,2 працэнта;
  • дубленне і выраб скуры, вырабы са скуры – 3,7 працэнта.

Да ліку вядучых вытворцаў рэгіёна статупраўленне адносіць «Магатекс», «Стужку», «Легпрамразвіццё», «Славянку», «Махіну-ТСТ», «ГроссТэкс», Бабруйскі гарбарны камбінат, «Проммаш», вытворча-тэхналагічную кампанію «Мадэрам-Захад» і «Бабруйсктрыкатаж».

Але ў галіне не ўсё так бясхмарна. Увосень 2025 года Лукашэнка зняў з пасады старшыню канцэрна «Беллегпрам» Таццяну Лугіну і прызначыў на яе месца Надзею Лазарэвіч, былую першую намесніцу старшыні Мінскага гарвыканкама. Лугіну перавялі на праблемнае прадпрыемства «Камволь», у якога назапасіліся даўгі ў 200 мільёнаў рублёў.

Тады ж Лукашэнка, які некалі раіў красці лекалы ў замежных вытворцаў, не выключыў, што канцэрн можа быць пераўтвораны ў паўнавартаснае міністэрства.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.