Стваральнікі будучага ядзернага магільніка сустрэнуцца з жыхарамі Магілёўшчыны

На Магілёўшчыне і Гомельшчыне пройдуць сустрэчы кіраўніцтва Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі з мясцовымі жыхарамі.

Раней стала вядома, што будучы ядзерны магільнік можа быць пабудаваны ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Гэтае месца, як і пляцоўка непадалёк ад Беларускай АЭС у Гарадзенскай вобласці і паблізу Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, разглядаецца як адно з магчымых тэрыторый размяшчэння ядзерных адходаў.

Запланаваны яшчэ шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі Магілёўскай і Гомельскай абласцей. “Мы ў гэтым плане цалкам транспарэнтныя. Закрытых тэм для размовы няма. Тлумачым тэхналагічныя ланцужкі, увесь цыкл праходжання адкідаў, якія гэта будуць адкіды (нізкаактыўныя і сярэднеактыўныя кароткачасовыя), якім чынам будзе праводзіцца фінальная ізаляцыя”, – цытуе дырэктара прадпрыемства БелРАА Міхаіла Кіселя (на здымку) БелТА.

Паводле яго, адна з пляцовак будзе выбрана пасля аналізу і падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакументаў. “БелРАА ўжо пачала працу з грамадскасцю ў тых раёнах, дзе вызначаны перспектыўныя пляцоўкі. За паўгоддзе праведзена больш за 20 сустрэч з жыхарамі населеных пунктаў, прадстаўнікамі працоўных калектываў”, – заявіў Кісель.

Па ўсёй верагоднасці, гэтыя сустрэчы з насельніцтвам насілі і будуць насіць супакойваючы характар. Супрацоўнікі БелРАА патлумачаць, што з сябе ўяўляе пункт пахавання радыеактыўных адходаў, “што гэта высокатэхналагічны інжынерны аб’ект, які прызначаны для фінальнай ізаляцыі адходаў, без выхаду ў навакольнае асяроддзе на ўвесь тэрмін небяспекі гэтых адходаў, а гэта не адно дзесяцігоддзе”.

Фотаздымак: БелТА

Засакрэцілі кіраўніцтва БелРАА, якое плануе ядзерны магільнік пад Мсціславам

Зніклі даныя кіраўніцтва прадпрыемства БелРАА, якое разглядае месцы пад магільнік ядзерных адыходаў, у тым ліку на Магілёўшчыне.

Даныя зніклі пасля нядаўняга сыходу з пасады былога дырэктара прадпрыемства Дзмітрыя Логвіна і прызначэння на яго месца Міхаіла Кісяля (на здымку), выхадца з КДБ. Гэта заўважыла выданне “Флагшток”.

Такім чынам дзяржава паказвае, што знайсці адказных за прыняцце рашэнняў будзе не так ужо і лёгка, калі гэта не будзе на руку вышэйстаячым чыноўнікам. 

Нагадаем, што цяпер ідзе выбар месца будаўніцтва ядзернага магіьніка. Разглядаюцца Мсціслаўскі, Хойніцкі і Астравецкі раёны.

Фотаздымак: Мінэнерга

Дырэктар БелРАА: большасць жыхароў Магілёўшчыны не супраць ядзернага магільніка ў вобласці

Каля 60% жыхароў Магілёўшчыны не супраць будаўніцтва сховішча ядзерных адходаў у сваім рэгіёне, заявіў дырэктар прадпрыемства БелРАА («Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі») Дзмітрый Логвін.

Дырэктар у эфіры СТБ агучваў вынікі нейкага апытання, не паведаміўшы, калі і кім яно было праведзена. З гэтага выглядае, што яго сцвярджэнні носяць галаслоўны характар. 

Як раней паведамлялася, месцам размяшчэння ядзернага магільніка можа быць Мсціслаўскі раён. Цяпер магчымы выбар такой пляцоўкі абгрунтоўваюць будаўніцтвам паблізу на Магілёўшчыне другой беларускай электрастанцыі, планы аб чым выношвае цяперашняя ўлада.

Два іншых месца для ядзернага магільніка: Гродзенская вобласць побач з БелАЭС і тэрыторыя Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка на Гомельшчыне.

Таксама са слоў Логвіна стала вядома, што канчатковы выбар пляцоўкі плануюць зрабіць да канца 2026-2027 года. Затым пачнецца праектаванне і будаўніцтва, якое можа стартаваць ужо ў 2028 годзе. 

Скрыншот СТБ