Стваральнікі будучага ядзернага магільніка сустрэнуцца з жыхарамі Магілёўшчыны

На Магілёўшчыне і Гомельшчыне пройдуць сустрэчы кіраўніцтва Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі з мясцовымі жыхарамі.

Раней стала вядома, што будучы ядзерны магільнік можа быць пабудаваны ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Гэтае месца, як і пляцоўка непадалёк ад Беларускай АЭС у Гарадзенскай вобласці і паблізу Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, разглядаецца як адно з магчымых тэрыторый размяшчэння ядзерных адходаў.

Запланаваны яшчэ шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі Магілёўскай і Гомельскай абласцей. “Мы ў гэтым плане цалкам транспарэнтныя. Закрытых тэм для размовы няма. Тлумачым тэхналагічныя ланцужкі, увесь цыкл праходжання адкідаў, якія гэта будуць адкіды (нізкаактыўныя і сярэднеактыўныя кароткачасовыя), якім чынам будзе праводзіцца фінальная ізаляцыя”, – цытуе дырэктара прадпрыемства БелРАА Міхаіла Кіселя (на здымку) БелТА.

Паводле яго, адна з пляцовак будзе выбрана пасля аналізу і падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакументаў. “БелРАА ўжо пачала працу з грамадскасцю ў тых раёнах, дзе вызначаны перспектыўныя пляцоўкі. За паўгоддзе праведзена больш за 20 сустрэч з жыхарамі населеных пунктаў, прадстаўнікамі працоўных калектываў”, – заявіў Кісель.

Па ўсёй верагоднасці, гэтыя сустрэчы з насельніцтвам насілі і будуць насіць супакойваючы характар. Супрацоўнікі БелРАА патлумачаць, што з сябе ўяўляе пункт пахавання радыеактыўных адходаў, “што гэта высокатэхналагічны інжынерны аб’ект, які прызначаны для фінальнай ізаляцыі адходаў, без выхаду ў навакольнае асяроддзе на ўвесь тэрмін небяспекі гэтых адходаў, а гэта не адно дзесяцігоддзе”.

Фотаздымак: БелТА