Дзень у гісторыі. 13 сакавіка. Памёр Аляксандр Македонскі. “Дзядзечка Сэм”. Першае ўзбуйненне БССР. Пачатак татальнай русіфікацыі. Сель у Кіеве. Вынайдзены www. Фінал Варшаўскага Дагавора

323 да н.э. Памёр  Аляксандр Македонскі (356 год да н.э. – 323 год да н.э.).

Цар македонскі, адзін з найвядомейшых военачальнікаў і заваёўнікаў антычнасці.

Створаная ім у выніку ваенных паходаў дзяржава была самай вялікай у старажытным свеце, яе межы працягваліся ад Дуная да Інду. Пасля смерці Аляксандра яна хутка развалілася і на яе тэрыторыі ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.

Незвычайны вобраз Аляксандра Македонскага яшчэ ў старажытнасці паслужыў пісьменнікам для розных гісторыка-прыгодніцкіх твораў, якія былі шырока распаўсюджаныя ў літаратуры Грэцыі, Рыма, Блізкага Усходу. Сярод іх асаблівым захапленнем карыстаўся раман «Александрыя», які быў вельмі папулярны і на нашых землях, яго чыталі ўсе адукаваныя людзі таго часу, у тым ліку і Ф. Скарына. Пры гэтым беларускі першадрукар рэкамендаваў чытаць не «Александрыю», а біблейскую кнігу Макавеяў, дзе ўзгадваецца Аляксандр.

У ВКЛ былі вядомы розныя варыянты «Александрыі» – і пераклад з лацінскай мовы, які нёс адбітак еўрапейскага рыцарскага раману, і пераклад з грэчаскай мовы, захаваны ў Візантыі. Некаторыя сюжэты з жыцця Аляксандра трапілі ў беларускія народныя казкі і ў рэпертуар батлейкі.

1852 год. Нью-Ёркская газета “NY Lantern Weekly” апублікавала першую выяву дзядзечкі Сэма. 

Аднак папулярнай гэтая графічная выява стала ў 1860–1870-х гадах, калі дзядзю Сэма стаў адлюстроўваць карыкатурыст Томас Наст.

“Дзядзечка Сэм” стаў абазначэннем персаніфікаванай выявы ЗША і яго ўрада, быў упершыню згаданы ў амерыканскай прэсе на старонках штотыднёвіка “The Troy Post” горада Троя штата Нью-Ёрк у артыкуле аб вайне ЗША з Англіяй 7 верасня 1813 года.

Менавіта ў выкананні мастака Т. Наста Дзядзечка Сэм здабыў белую бараду і гарнітур, упрыгожаны палоскамі і зоркамі. Лічыцца, што выраз “Дзядзечкаа Сэм” – гэта жартаўлівая расшыфроўка скарочанай назвы краіны: Uncle SАm – USА.

Існуе версія, што выраз увайшоў ва ўжыванне ў 1812 годзе як вытворнае ад імя мясніка з Троі. Сэм Уілсан пастаўляў мяса ў амерыканскае войска ў скрынках з надпісам U.S., што азначала скарочаную назву краіны. Гэтыя літары супадалі з ініцыяламі Ўілсана, таму салдаты жартам пачалі казаць, што мяса да іх прыбыла ад Дзядзечкі Сэма.

1720 год. Памёр Казімір Ян Павел Сапега (1637/1642-1720).

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, князь. Чашнік, падстолі вялікі літоўскі, падскарбі дворны літоўскі, гетман польны і вялікі літоўскі, ваявода полацкі, маршалак Трыбунала ВКЛ.

Валодаў шматлікімі беларускімі гарадамі і мястэчкамі, у тым ліку Старым і Новым Быхавам.

Удзельнічаў у выправах супраць туркаў у 1673 г. (камандаваў 3 харугвамі конніцы і 1 пяхоты, набранымі за кошт Сапегаў), 1674, 1683 (камандаваў 10-тысячным войскам), 1689, 1691, 1694 гадах (нанёс паражэнне каля Днястра).

На пачатку Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721) быў на баку шведаў, на пераломе 1709–1710 перайшоў на бок Аўгуста Моцнага, застаўся ваяводай віленскім.

Памёр у Гродна. Пахаваны ў Бярозе-Картузскай.

1922 год. Нарадзіўся Лявон Луцкевіч.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст. Сын прэм’ер-міністра БНР А. Луцкевіча.

У Другую сусветную вайну настаўнічаў у Радашковічах і Баранавічах, прымаў удзел у нацыянальным падполлі, далучыўся да Беларускай Краёвай Абароны.

Арыштаваны савецкай дзяржбяспекай у Польшчы ў канцы 1945 года. Рэпрэсаваны па справе кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, сасланы на Калыму.

Пасля вызвалення жыў у Вільні, дзе ў 1988 годзе стварыў беларускае культурнае таварыства, удзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху.

Аўтар кнігі “Вандроўкі па Вільні”.

Памёр 28 ліпеня 1997 года.

Браты Юрка і Лявон Луцкевічы.

1924 год. Рэзалюцыяй VI Усебеларускага надзвычайнага з’езда Саветаў БССР і згодна з пастановай ЦВК РСФСР ад 3 сакавіка 1924 года, адбылося «першае ўзбуйненне» БССР.

У склад Беларусі былі вернуты шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, якія была прыхапіла РСФСР у 1919 годзе, у тым ліку Аршанскі, Быхаўскі, Горацкі, Калінінскі (Клімавіцкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі і сам горад Магілёў. 

Тэрыторыя БССР павялічылася ўдвая, з 52,4 да 110 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек.  70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. 

Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР (да 1926 года).

1935 год. Памёр Ян Міхал Развадоўскі (1867-1935).

Польскі мовазнавец-індаеўрапеіст, этнограф, тапаніміст. Член Кракаўскай, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэмій навук.

Прафесар Ягелонскага універсітэта, прэзідэнт Польскай Акадэміі навук.

Аўтар многіх прац па агульным, індаеўрапейскім, польскім мовазнаўстве, анамастыцы, этымалогіі, у тым ліку «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх», «Пра з’явы і развіццё мовы», «Даследаванні назваў славянскіх рэк».

1938 год. Руская мова ўведзена як абавязковы прадмет для вывучэння ва ўсіх школах СССР. Пачатак татальнай русіфікацыі.

З 1917 года савецкія грамадзяне абавязаны былі навучыцца пісьменнасці, але ў іх было права выбару мовы навучання. Развіваліся нацыянальныя школы: пікам стаў 1932 год, калі ў савецкіх школах выкладанне вялося на 104 мовах, у тым ліку некаторых сусветных.

Пад сцягам барацьбы з «вялікадзяржаўным шавінізмам» і «буржуазным нацыяналізмам», які загароджваў, паводле фармулёўкі Н. Крупскай, доступ беднякоў да рускай мовы, выкладанне родных моў сталі скарачаць.

Савецкія ўлады адштурхоўваліся ад трох асноўных прычын для ўвядзення абавязковага вывучэння мовы – руская мова ўвасабляла адзіны сродак зносін для шматнацыянальнай краіны, “садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росту народаў”, а таксама «веды рускай мовы забяспечвалі неабходныя ўмовы для паспяховага нясення ўсімі грамадзянамі СССР вайсковай службы».

Руская мова выступала як мова-«старэйшы брат» у сям’і савецкіх народаў. Тады як родныя мовы лічыліся “вясковымі”.

1940 год. Спектаклем «Каварства і каханне» Ф. Шылера ў Гродне адкрыўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР.

З лістапада 1939 года працаваў у Беластоку, потым у 1940-1941 гадах – у Гродна.

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік А. Вянгерка (1893–1941). Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А. Фрэдры, «Пігмаліён» Б. Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ.

А. Вянгерка.

1961 год. У Кіеве здарылася самая буйная да Чарнобыля тэхнагенная катастрофа: сотні людзей былі забітыя селевым патокам з плаціны.

Па неафіцыйных толькі загінула каля 1500 чалавек.

У пачатку 1950-х гадоў у сумна вядомы Бабіны Яр вырашана было звозіць адыходы ад вытворчасці цэглы. Гэтыя адыходы змешвалі з вадой, а затым змывалі па трубах. Надзейныя здавалася б земляныя дамбы павінны былі заступаць шлях назапашанаму бруду.

А 8:45 13 сакавіка, у гадзіну пік, калі людзі ішлі на працу, дамбу прарвала. Гразевы паток, які дасягаў у вышыню 14 м, з хуткасцю да 60 км/г, рынуўся на горад, хаваючы пад сабой усё жывое. 

Ён змыў трамвайнае дэпо, некалькі вуліц, стадыён, завод, бальніцу, 80 жылых дамоў раёна Куранёўкі. З-за ўзніклых з прычыны аварыі электрычных замыканняў тут і там узнікалі ўзгаранні. 

Праз некаторы час вада, змяшаная з глінай, пачала застываць. Яшчэ нядаўна рухомы паток ператвараўся ў камень. Людзей, жыўцом пахаваных пад пластом пульпы, даводзілася літаральна выкалупваць з яе. Каўшы экскаватараў, якія ліквідавалі наступствы трагедыі, разрывалі трупы на кавалкі. Плошча каля 30 гектараў аказалася пакрытай 3-х метровым каменным пластом.

1989 год. Вынайдзена Сусветная павуціна (World Wide Web, WWW ці www), больш вядомая як Інтэрнэт.

Вынаходнік Інтэрнэту англійскі вучоны Цім Бернерс-Лі з калегамі з Еўрапейскага савета па ядзерных даследаваннях (CERN) у гэты дзень перадалі начальніку свайго аддзела дакумент, які называўся «Інфармацыйны менеджмент: некаторыя прапановы», у якім былі закладзены асноўныя прынцыпы www.

1991 год. Фармальна спынена дзейнасць Аб’яднаных узброеных сіл дзяржаў-удзельніц Варшаўскага Дагавора і іх органаў кіравання.

Варшаўскі дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, ГДР, Польшчай, Румыніяй, СССР і Чэхаславакіяй быў падпісаны на Варшаўскай нарадзе 14 красавіка 1955 года. Варшаўская Дамова – ваенна-палітычны абарончы саюз еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў. Ён быў заключаны на 20 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем на наступныя 10 гадоў для тых дзяржаў, якія не дэнансуюць Дагавор за год да заканчэння гэтага тэрміну.

Зараз усе былыя краіны Варшаўскага Дагавора, акрамя правапрыемніцы СССР – Расіі, з’яўляюцца членамі НАТА. Лагічны вынік эвалюцыі.

У 1967–1976 гадах Галоўнакамандуючым Аб’яднаных узброеных сіл краін-удзельніц Варшаўскага дагавора быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюза І. Якубоўскі, а начальнікам  штаба ў 1955-1962 гадах – ураджэнец Гродна, генерал арміі, кавалер ордэна Перамогі А. Антонаў (1896-1962).

генерал арміі А. Антонаў.

Дзень у гісторыі. 10 сакавіка. Адкрыўся оперны тэатр. Выбух на Мінскім радыёзаводзе. Нарадзіліся мастак А. Марачкін, гісторык М. Ткачоў, скульптар А. Вараб’ёў

1564 год. Загадам Івана Жахлівага і дабраславеннем мітрапаліта Макарыя ў Маскве надрукавана першая руская кніга “Апостал”.

Надрукавалі яе выхадцы з Беларусі Іван Фёдараў (мяркуемае месца нараджэння – сённяшні Вілейскі раён) і Пётр Мсціславец.

Выбар для першага выдання кнігі быў невыпадковы: “Апостал” выкарыстоўваўся на богаслужэннях, пры падрыхтоўцы святароў і для навучання грамаце ў царкоўна-прыходскіх школах.

Праца над “Апосталам” вялася з красавіка 1563 па сакавік 1564 года.

1710 год. Выйшаў у свет першы друкаваны падручнік па геаграфіі на рускай мове – “Геаграфія ці кароткае зямнога свету апісанне”.

Хто з’яўляўся аўтарам першага рускага падручніка па геаграфіі, да гэтага часу загадка. Гісторыкі мяркуюць, што кніга была перакладзена з галандскай мовы.

Дакладна невядомы і перакладчык. Але ім можа быць ураджэнец Мсціслаўшчыны Ілля Капіеўскі (Капіевіч, 1651–1714). Асветнік, першы настаўнік Пятра І ў Галандыі, выдавец, перакладчык шматлікіх кніг, паэт, пісьменнік, распрацоўшчык грамадзянскага шрыфту, аўтар сучасных рускіх назваў 12 сузор’яў, папулярызатар тэрмінаў “мапа”, “карта”, “глёбус” у рускай мове. Імя І. Капіевіча носіць адна з вуліц Мінска.

У падручніку геаграфіі 1710 года апісаны “зямныя кругі” – роўналежнік, тропікі, канцавоссі. Давалася ў ім і паняцце аб градусах шырыні і даўжыні, пералічваліся асноўныя крыніцы карысных выкапняў Еўропы, пазначаны тыпы палітычнага ладу ў розных еўрапейскіх краінах, апісаны некаторыя краіны і народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі і Афрыкі.

1781 год. Памёр Міхал Карыцкі (1714–1781).

Беларускі паэт-лацініст эпохі Асветніцтва, манах-езуіт, педагог, доктар філасофіі.

Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у Мінскім езуіцкім калегіуме, Віленскай акадэміі, Слуцкай семінарыі, у Варшаве, Драгічыне, Нясвіжы, Полацку, Бабруйску.

Падзяляў ідэі Асветніцтва, імкнуўся палепшыць сістэму адукацыі, надаць ёй больш свецкі характар.

Пачынальнік класіцызму як творчага метаду, паўплываў на паэзію Рэчы Паспалітай. Пісаў вершы, казкі, элегіі, пасланні, паэмы, элегіі, пародыі лацінскай мовай.

Пасля скасавання (1773) Папам ордэна езуітаў Адукацыйная камісія прызначыла яго на пасаду прэфекта Мінскага калегіума.

Cваю маёмасць ахвяраваў на патрэбы Мінскай школы, дзе выкладаў у апошнія гады.

У некаторых творах выказваў свае пачуцці замілавання родным краем, ганарыўся яго прыгажосцю і багатай гісторыяй, праслаўляў адвечную славянскую раку Дзвіну і старажытны Полацк, куды раіў Кацярыне ІІ перанесці сваю сталіцу.

1861 год. На наступны дзень пасля дня нараджэння памёр Тарас Шаўчэнка (1814–1861).

Вядомы ўкраінскі мастак і літаратар. 

Беларусь наведваў у 1829 годзе, у час прыезду свайго ўладніка П. Энгельгарта ў Вільню. У 1843 годзе, здабыўшы волю, Шаўчэнка па дарозе з Пецярбурга да Украіны наведаў Віцебск, Магілёў, Гомель. Гэтым жа шляхам вяртаўся ў Пецярбург у 1847 годзе. Падрымліваў сувязі са многімі беларускімі літаратарамі, удзельнікамі вызваленчага руху.

У яго гонар у Беларусі усталяваны помнікі ў Брэсце, Слуцку, Гомелі, Мінску, Магілёве (2005). У 2015 годзе помнік у Магілёве быў пашкоджаны вандаламі.

Выява Шаўчэнкі разам з Гогалем і Пушкіным размешчана на мемарыяльнай дошцы на будынку па Ленінскай, 33.

У Беларусі вуліцы Шаўчэнкі ёсць у шматлікіх гарадах, у тым ліку Бабруйску, Магілёве.

1939 год. У Мінску прэм’ерай оперы «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага адкрыўся будынак Дзяpжаўнага тэатра опеpы і балета Белаpyсi.

Адзін з двух музычных тэатраў краіны разам з Музычным тэатрам. Размешчаны ў Траецкім прадмесці. Будынак оперы – помнік міжнароднага значэння, узор савецкага канструктывізму з элементамі ар-дэко. Існуе легенда, што Янка Купала, убачыўшы праект, выклікнуў: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!».

Пастаноўкі большасці спектакляў у тэатры ідуць на мове арыгінала, а таксама на беларускай і рускай.

У тэатры працавала 8 Народных артыстаў СССР і 11 – БССР.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў тэатра выходзіў на акцыі пратэсту. Больш за 300 артыстаў і супрацоўнікаў падпісалася пад зваротам у падтрымку купалаўцаў.

27 кастрычніка артысты правялі акцыю салідарнасці з беларускім народам, звярнуўшыся перад пачаткам спектакля «Царская нявеста» да прысутных: «У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконне і несправядлівасць, мы не можам маўчаць…». Пасля звароту яны выканалі песню «Магутны Божа», гледачы падтрымалі артыстаў авацыямі.

Пасля гэтага пачаліся звальненні, а спектаклі былі адменены «у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй».

1940 год. У в. Папоўшчына (цяпер Карпаўскі Чэрыкаўскага раёна) нарадзіўся Аляксей Марачкін.

Беларускі мастак і грамадскі дзеяч, педагог.

Працаваў галоўным мастаком Мастацкага фонду, у Беларускай акадэміі мастацтваў, загадваў кафедрай жывапісу. Член БНФ. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі «Пагоня».

Працуе пераважна ў станкавым жывапісе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа і нацюрморта. Тэматыка яго твораў прысвечана гістарычным падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры беларускага народа.

Стварыў партрэты шматлікіх выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку «Цётка», «Пачатак. Францыск Скарына», «М. Гусоўскі», «Вераніка і Максім», «Рагнеда», «Кірыла Тураўскі», «Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега», «Мікола Ермаловіч», серыю партрэтаў «Мае сучаснікі», цыкл твораў «Народныя легенды і паданні», розных тэматычных кампазіцый, у тым ліку з Чарнобыльскай тэмай.

Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, у Мастацкай галереі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у музеях і прыватных галерэях Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Двойчы адмовіўся ад ганаровага дзяржаўнага звання «Ганаровы мастак», пратэстуючы супраць сістэмы дзяржаўнага патранату і кантролю за мастацтвам, супраць палітыкі А. Лукашэнкі.

А. Марачкін і Г. Бураўкін.

1942 год. У Мсціславе нарадзіўся Міхась Ткачоў.

Беларускі гісторык, археолаг, грамадскі дзеяч. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Загадчык рэдакцыі гісторыі, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Ініцыятар стварэння энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

Вывучаў ваенна-абарончае дойлідства, матэрыяльную культуру і архітэктуру гарадоў Беларусі XI-XVIII стагоддзяў.

Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі», «Гісторыя беларускага мастацтва».

Першым прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэм населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.

Памёр 31 кастрычніка 1992 года.

У яго памяць у Гродна і Мсціславе ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.

1946 год. Нарадзіўся Уладзімір Гасцюхін.

Савецкі і беларускі акцёр тэатра і кіно, Заслужаны артыст РСФСР, Народны артыст Беларусі.

Здымаўся ў больш чым 120 кінафільмах, у тым ліку “Хаджэнне па пакутах”, “Час выбраў нас”, “Магістраль”, “У пошуках капітана Гранта”, “Знак бяды”, “Шляхціц Завальня”, “Дальнабойнікі”, “Ціхі Дон”, “Смерць шпіёнам. Крым”, “Снайпер: Апошні стрэл”.

У 2017 годзе зняўся ў прапагандысцкім фільме тэлеканала Беларусь 1 «Белы легіён чорных душ. Журналісцкае расследаванне». 

Прадстаўнік “рускага свету”. Прытрымліваецца антыамерыканскіх і антыўкраінскіх поглядаў. «Персона Нон Грата» на тэрыторыі Украіны. 

Заснавальнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Сярод многіх узнагарод, медаль і Ордэн Ф. Скарыны.

1969 год. У Магілёве нарадзіўся Андрэй Вараб’ёў.

Беларускі скульптар.  

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Беларускую акадэмію мастацтваў. Выкладаў мастацкія дысцыпліны ў МДУ імя А. Куляшова. 

З 1995 года актыўна выстаўляецца, у тым ліку і за мяжой, арганізуе ўласныя праекты. Мае ўласную галерэю. З’яўляўся кіраўніком абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі.

Аўтар шматлікіх гарадскіх скульптур, якія вядомы большасці магілёўцаў, шклаўчан, быхаўчан і іншых. Сярод яго скульптур – Шклоўскі агурок, закаханая пара, гімнастка, львы на мосце імя Яшына праз Дняпро ў Магілёве, Маленькі прынц, вобраз Магіслава на Ратушы, мемарыяльныя шыльды славутым ураджэнцам і іншыя.

1972 год. Адбыўся выбух на Мінскім радыёзаводзе.

Загінула ад 103 да 143 чалавек, больш за 100 пацярпела.

Выбух у цэху па вырабе тэлевізыйных футляраў Мінскага радыёзавода – гэта катастрофа стала адной з найбольш масавых у Беларусі паводле колькасці ахвяр. Ад выбуху абрынуліся жалезабетонныя перакрыцці, пакінуўшы ад будынка толькі слупы, на якіх трымаўся дах. 

Прычынай выбуху быў названы дробнадысперсны пыл ад шліфавання драўняных пліт і фанеры. За шматлікія гады працы ён асядаў у вентыляцыі, якая не спраўлялася з адкідамі вытворчасці такога памеру. Адной іскры было дастаткова, каб пыл выбухнуў.

Праекціроўшчыкі і дырэктар завода апынуліся за кратамі.

Мінск з космасу. Месца выбуху (завулак С. Кавалеўскай) адзначана чырвоным кружком.

2000 год. Памёр ураджэнец в. Батвінаўка (зараз Крычаўскі раён) Уладзімір Труханоўскі (1914-2000).

Савецкі і расійскі гісторык, пісьменнік і дыпламат. Доктар гістарычных навук. Акадэмік РАН.

Скончыў Ленінградскі педінстытут, Вышэйшую дыпламатычную школу. Служыў у войску, у наркамаце замежных спраў, генеральным консулам у Іране, загадчыкам аддзела ААН. Браў удзел у Сан-Францыскай і Патсдамскай канферэнцыях.

Выкладаў, кіраваў кафедрай у Маскоўскім інстытуце міжнародных зносін, працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР, галоўным рэдактарам часопіса «Пытанні гісторыі», віцэ-прэзідэнтам Савецкай Асацыяцыі Садзейнічання ААН, прэзідэнтам Асацыяцыі брытанскіх даследаванняў.

2011 год. Памёр Янка Сіпакоў (1936-2011).

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт», часопісах «Вожык»,  «Маладосць», «Беларусь», у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, кніг паэзіі, паэм у прозе, нарысаў, кніг прозы, кнігі прытчаў, фантастычна-прыгодніцкай аповесці, цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак.

Пераклаў на беларускую мову класікаў сусветнай і рускай літаратуры.

Памёр 10 сакавіка 2011 года ў Мінску.

На Першамайскай дэманстрацыі. Я. Сіпакоў, І. Навуменка, Н. Маеўская, Б. Сачанка, Ю. Свірка. 1958 год.

2013 год. Памёр Барыс Аракчэеў (1926-2013).

Беларускі мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычных карцін і батальных сцэн.

Пад час вайны служыў у Бабруйску, Мінску.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Тэатральна-мастацкі інстытут (першы выпуск, разам з будучымі народнымі мастакамі А. Анікейчыкам, В. Грамыкам, А. Кашкурэвічам i Л. Шчамялёвым).

Сярод яго твораў – пейзажы, нацюрморты, серыя партрэтаў сучаснікаў і знакамітых людзей. З’яўляўся адным з чатырох стваральнікаў дыярамы «Мінскі кацёл» у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Акадэміі мастацтваў, з’яўляўся настаўнікам многіх вядомых беларускіх мастакоў, сярод якіх У. Кожух, А. Кузьміч, В. Рускевіч, Ф. Янушкевіч, В. Ясюк.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Фондзе Саюза Мастакоў, Магілёўскім мастацкім музеі і іншых, галерэях Гомеля, Светлагорска, Полацка, Крупак, Баранавічаў, у прыватных калекцыях замежных краін.

Імя мастака носіць галерэя ў г. Крупкі.

Б. Аракчэеў. Мінск

Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень. Рабаванне Кіева. Першая лётчыца. Нарадзіліся палітыкі А. Чарвякоў, А. Саннікаў, “беларускі Шаляпін” П. Конюх, паэт С. Адамовіч. Памёр дзеяч БНР П. Крачэўскі.

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду. 

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1910 год. Нарадзіўся  Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Беларуская бібліятэка ў Лондане.

Дзень у гісторыі. 4 сакавіка. Вынаходніцтва мікрафона. АЭС у Антарктыдзе. Нарадзіліся атэіст К. Лышчынскі, рэпарцёр Р. Капусцінскі, атлет А. Рыбакоў. Не стала М. Гогаля, К. Шэрмана.

Міжнародны дзень акулярыка (International day of bespectacled)

Першыя лінзы знайшлі яшчэ пры раскопках Троі – іх узрост каля 2500 гадоў да н.э.

Старажытным цывілізацыям былі вядомыя празрыстыя лінзы з горнага крышталя. Але няма ніводнага гістарычнага сведчання, што гэтыя лінзы выкарыстоўваліся ў якасці лупы для практычных мэт.

У І палове XI стагоддзя арабскі навуковец Ібн аль-Хайсам апісаў лінзы, якія павялічваюць. Але Усход не здолеў зрабіць з гэтага ніякіх практычных высноваў. На Захадзе першым у 1267 годзе паспрабаваў выкрыстаць лінзы для вачэй навуковец і мысляр Роджэр Бэкан.

Першыя акуляры з’явіліся ў XIII стагоддзі ў Італіі. У 1285 годзе майстар-шкловыдзімальнік Сальвіна Армаці з Фларэнцыі першым арганізаваў вытворчасць акуляраў з лінзамі, якія ўстаўляліся ў аправу і дазвалялі карэкціраваць дальназоркасць. 

У Беларусі акуляры носяць да 40% мужчын і больш за 45% жанчын. Гэта не тычыцца сонечных акуляраў.

1484 год. У  Вільні памёр Казімір Казіміравіч, Святы Казімір (1458-1484).

Намеснік вялікага князя літоўскага, кананізаваны каталіцкай царквой. Каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі. Каталіцкі святы, патрон Вільні, апякун земляў Вялікага Княства Літоўскага, патрон Гродзенскага біскупства.

Сын Казіміра Ягелончыка. Кіраўнік справамі ў Польшчы (1481-1483), займаўся дабрачыннасцю.

Кананізаваны ў 1522 годзе.

Асаблівае значэнне культ Святога Казіміра атрымаў на землях ВКЛ, дзе ў яго гонар праводзіцца асобная служба 4 сакавіка. У Вільні ў гэты дзень адбываецца святочны кірмаш – “Казюкас”.

1634 год. Нарадзіўся Казімір Лышчынскі.

Вялікалітоўскі філосаф, мысліцель-атэіст, педагог і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай. Упершыню ўжыў тэрмін «атэіст». Пакараны смерцю за атэізм.

Скончыў Віленскую акадэмію. Прымаў удзел у маскоўскай, шведскай, турэцкай ваенных кампаніях. Выкладаў у Львове, Берасці. Працаваў настаўнікам, меў юрыдычную практыку.

У 1666 годзе выйшаў з ордэна езуітаў, ажаніўся, пераехаў у свой родавы маёнтак Лышчыцы на Берасцейшчыне. Карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты. Шмат судовых спраў правёў на карысць мяшчан і шляхты, якія судзіліся з езуітамі за захопленыя землі, даўгі. Меў сваю школу, вучыў дзяцей шляхты і сялян.

Напісаў трактат «Аб неіснаванні Бога». Рукапіс кнігі выкраў агент езуітаў Ян Бжоска.

У 1687 годзе царкоўны суд за цяжкае злачынства –  атэізм – пастанавіў спаліць яго жывога на вогнішчы. Па ўласнай просьбе асуджанага кара была заменена на адсячэнне галавы.

30 сакавіка 1689 года на плошчы Старога Мяста ў Варшаве абезгалоўлены і спалены на вогнішчы.

1782 год. Нарадзіўся Казімір Ельскі.

Беларускі скульптар, архітэктар, мастак; выхаванец Віленскага ўніверсітэта і яго прафесар. Прадстаўнік класіцызму. Сын мастака і скульптара Караля Ельскага.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, удасканальваў сваё майстэрства ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу.

Выкладаў ў Віленскім універсітэце, стварыў бюсты прафесараў для новай залы ўніверсітэцкай бібліятэкі, працаваў над рознымі элементамі дэкору для будынкаў універсітэта, заснаваў кабінет скульптуры.

Аўтар працы пра сувязь архітэктуры, скульптуры і жывапісу – першую на польскай мове. Стваральнік паркавых скульптур, надмагільных помнікаў для радавых капліц.

Рэстаўраваў ковенскую Ратушу, ляпныя ўпрыгожванні Пажайсляйскага кляштара.

Адным з яго вучняў быў віленскі мастак А. Сляндзінскі.

1812 год. Памёр Яўхім Храптовіч (1729–1812).

Грамадскі, палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, публіцыст, паэт і перакладчык. Апошні канцлер вялікі літоўскі (1793-1795), граф.

Пасля стварэння Адукацыйнай камісіі (1773) – першага ў свеце міністэрства адукацыі – стаў камісарам дэпартаменту Віленскай акадэміі і школаў ВКЛ, значна павялічыў колькасць школ розных узроўняў.

Аўтар вершаў на польскай мове і латыні, на гутарковай беларускай мове лацініцай. Валодаў кніжнасцю на старабеларускай мове.

1852 год. Памёр Мікалай Гогаль (Янкоўскі) (1809–1852).

Рускі і ўкраінскі пісьменнік, драматург, паэт. Заснавальнік крытычнага рэалізма ў рускай літаратуры.

Падчас навучання ў Нежынскай гімназіі выступаў на сцэне тэатра як акцёр і рэжысёр-пастаноўшчык спектакляў, заснаваных на сюжэтах антычнасці або побыту, спазнаў сусвет старажытнай украінскай гісторыі, народных звычаяў і народнай творчасці.

Пасля пераезду ў 1828 годзе ў Пецярбург, займаўся напісаннем паэм, аповесцей, апавяданняў, драматычных твораў, камедый.

Этапнай у гісторыі тэатра стала яго сацыяльная камедыя «Рэвізор» (1836). Пасля  яе прэм’еры, вандраваў па Германіі, Швейцарыі, Францыі, Італіі, пісаў паэму-раман «Мёртвыя душы» (1842). У 1848 годзе вярнуўся ў Маскву і працаваў над другім томам «Мёртвых душ», але незадоўга перад смерцю рукапіс спаліў.

У 1828 годзе наведваў Магілёў.

Раздзелы другога тома «Мёртвых душ» занава перапрацаваў нібыта на падставе накідак, якія былі атрыманы ад сябра Гогаля М. Пракаповіча, магілёўскі інжынер М. Ястржэмбскі. У студзені 1872 года чытачы гістарычнага часопіса “Руская даўніна”, да свайго невымоўнага здзіўлення, выявілі “Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы. Паэма Н. У. Гогаля. Новыя ўрыўкі і варыянты” – містыфікацыю ад Ястржэмбскага па матывах Гогаля.

У гонар М. Гогаля названы вуліца і 3 завулкі ў Магілёве, вуліцы ў большасці буйных гарадоў Беларусі.

1877 год. Амерыканскі вынаходнік Эміль Берлінер стварыў мікрафон.

За год да гэтага А. Бэл таксама стварыў мікрафон, які зваўся вадкасным перадатчыкам. Гэты перадатчык быў прадстаўлены на Філадэльфійскай выставе. Там яго і ўбачыў Берлінер і вырашыў, што зможа зрабіць прыбор не горшым.

Берлінер здолеў ачысціць і ўзмацніць гукі і вынайшаў своеасаблівы тэлефонны перадатчык з няшчыльным кантактам, які назваў мікрафонам. Дзякуючы ўдасканаленням Берлінера тэлефон перастаў быць проста тэхнічнай навінкай і стаў эфектыўным сродкам сувязі, здольным перадаваць гукі на вялікія адлегласці.

А. Бэл спрабаваў судзіцца з Берлінэрам, але суд стаў на бок Берлінера. Тады Бэл вырашыў пайсці іншым шляхам – ён выкупіў патэнт у Берлінера за 50 000 даляраў, а сам вынаходнік быў прыняты ў Bell Telephone Company ў якасці галоўнага спецыяліста па тэлефоннай тэхніцы.

1890 год. Нарадзіўся Вінцук Адважны (Язэп Германовіч).

Беларускі пісьменнік, каталіцкі святар усходняга абраду, паэт, публіцыст.

Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Працаваў у касцёлах Беласточчыны, Слонімскага, Дзісненскага павету, Друйскім кляштары марыянаў, у Друйскай гімназіі, у Харбіне (Маньчжурыя), Вільне. Член Таварыства беларускай школы, арганізаваў беларускую школу, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове.

Яго празаічныя і паэтычныя творы рэгулярна з’яўляліся на старонках перыядычнага друку. Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.

У 1948 годзе арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены КДБ. Асуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у сібірскіх лагерах.

Па вызваленні ў 1955 годзе выехаў у Польшчу, у 1959 – у Рым, потым ў Лондан. Быў дырэктарам школы-інтэрнату Св. Кірылы Тураўскага, выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам», прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны «Кітай – Сібір – Масква», якія былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах.

Памёр 26 снежня 1978 года ў Лондане. Пахаваны на Могілках Святога Панкрата ў Лондане у адной магіле з айцом Львом Гарошкам, з якім меў пры жыцці не найлепшыя адносіны.

1911 год. Нарадзіўся Васіль Стома.

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч эміграцыі.

З 1949 года жыў у ЗША. Адзін з дзеячаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, старшыня ў Беларускім культурна-асветным камітэце, сябра рэдкалегіі газеты «Беларус», сябра Рады БНР, выкладчык беларускай суботняй школы, ініцыятар школьных тэатральных пастановак.

Памёр 31 мая 1992 года ў Нью-Брансуіку. Пахаваны на могілкай царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансуіку.

1932 год. У Пінску нарадзіўся Рышард Капусцінскі.

Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».

Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў першую ўзнагароду – Залаты Крыж Заслугі – за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.

Удзельнік руху «Салідарнасць».

Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у 1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.

Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага, Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і ўзнагарод.

Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Памёр 23 студзеня 2007 года.

У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.

1938 год. У Оршы нарадзіўся Леанід Трушко.

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст БССР.

Працаваў у  Аршанскім народным,  Беларускім тэатры імя Якуба Коласа (1967-1999).

Выканавец шматлікіх ролей у пастаноўках «Радавыя», «Парог» А. Дударава, «Трыбунал» А. Макаёнка, «Амністыя» М. Матукоўскага, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта, «Званы Віцебска» У. Караткевіча і іншых, ролей у кіно.

Мастацкі фільм “Вясна на Одары”, 1967.

1962 год. Запрацаваў ядзерны рэактар АЭС на амерыканскай антарктычнай станцыі Мак-Мерда. Адзінкавы выпадак у гісторыі Антарктыды.

Лічылі, што электрастанцыя дазволіць зэканоміць вялізныя сродкі, якія выдаткоўваюцца на падвоз дызпаліва і яго бесперапынны падагрэў – каб пазбегнуць замярзання. 

Аднак у 1972 годзе ў корпусе рэактара выявіліся расколіны. Было прынята рашэнне ўстаноўку дэмантаваць, а з прычыны тэхналагічных складанасцей і экалагічных рызык ад далейшых праектаў развіцця атамнай энергетыкі ў Антарктыдзе – адмовіцца.

1982 год. У Магілёве нарадзіўся Андрэй Рыбакоў.

Беларускі цяжкаатлет.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2004, 2008 гадоў у Афінах, Пекіне атрымаў срэбныя медалі ў мужчынскай вагавай катэгорыі да 85 кг. Але ў 2016 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў яго пекінскага срэбра за ўжыванне допінгу.

Чэмпіён Беларусі 2012 года ў катэгорыі да 94 кг.

Яму належаць сусветныя рэкорды ў катэгорыі да 85 кг у рыўку – 187 кг (чэмпіянат свету, 2007) і па суме рыўка і штуршка – 394 кг (пекінская алімпіяда, 2008). Рэкорд па суме перасягнуты іранцам Кіянушам Растамі ў 2016 годзе.

2005 год. Памёр Карлас Шэрман (1934-2005).

Беларуска-уругвайска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца.

Нарадзіўся ва Уругваі ў сям’і выхадца з Заходняй Беларусі. Працаваў у аргенцінскіх газетах. У 1956 годзе прыехаў на Беларусь.

Дэбютаваў у аргенцінскім перыядычным друку ў 1952, у рускай перыёдыцы Беларусі – з 1964, на беларускай мове – з 1975 года.

Загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР,  віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Перакладчык іспанамоўных аўтараў: Г. Гарсія Маркеса, Н. Гільена, Ф. Піта Радрыгеса і іншых.

З беларускай на іспанскую пераклаў асобныя творы А. Куляшова, М. Танка, І. Шамякіна, В. Быкава, Я. Купалы,  Я. Коласа, Р. Барадуліна і іншых.

Аўтар кніг, зборнікаў паэзіі.

Дзень у гісторыі. 1 сакавіка, або 16 лютага 7531. Прароцтвы Настрадамуса. Трыбунал ВКЛ. Нарадзіўся акцёр Ф. Шмакаў. Забойства мастака І. Пэна

Сусветны дзень камплімента (World Compliment Day).

Няма дакладных звестак аб тым, кім і калі заснавана гэта свята, але галоўнае вядома, што гэта было спантаннае жаданне простых людзей зрабіць адзін з дзён у годзе больш яркім, цёплым, запамінальным і збліжальным.

Французскае “compliment” – асаблівая форма пахвалы, выказванне адабрэння, прызнання, ветлівыя, прыемныя словы. Пры дапамозе кампліменту можна лёгка паказаць канкрэтнаму чалавеку сваю павагу, выказаць захапленне, прадэманстраваць сімпатыю.

Камплімент – просты, але магутны сродак, які дапамагае ўсталёўваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі. Камлімент, які своечасова прагучаў, можа разрадзіць абстаноўку, пераламаць напружаную сітуацыю і нават паўплываць на асабістае жыццё і кар’еру. Нядзіўна, што мастацтва рабіць кампліменты даўно ўжо стала неад’емнай часткай бізнэс-культуры.

Найважнейшая ўмова эфектнага кампліменту – гэта шчырасць.

Цікавы эксперымент праводзілі японскія генетыкі. Двум галінкам сакуры цэлы тыдзень казалі: адной, што яна – “гадасць, пачвара”, а другой: “прыгажуня, разумніца!” Да канца эксперыменту першая зачахла, а другая зацвіла пышным колерам.

Гэтае свята лішні раз нагадвае нам аб вялікай сіле слова, якое сказана шчыра і ад чыстага сэрца! 

Цікавыя факты. 

41% жанчын лічаць, што камплімент гэта найлепшы падарунак, што здольны надоўга ўзняць настрой.

Для мозгу атрыманне кампліменту – такая ж грамадская ўзнагарода, як узнагароджанне грашыма.

Сусветны дзень грамадзянскай абароны ( World Civil Defense Day, з 1990 года).

Заснаваны па рашэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны (МАГА) ў мэтах прыцягнення грамадскай увагі да важных задач, якія выконваюцца нацыянальнымі службамі грамадзянскай абароны і абароны – выратавання жыцця і навакольнага асяроддзя.

Датай свята выбраны дзень уступлення ў сілу ў 1972 годзе статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны.

Сярод напрамкаў дзейнасці МАГА: падрыхтоўка нацыянальных кадраў у галіне кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый; аказанне тэхнічнай дапамогі дзяржавам у стварэнні і ўдасканаленні сістэм папярэджання надзвычайных сітуацый і абароны насельніцтва; прапаганда досведу і ведаў па грамадзянскай абароне і пытаннях кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый.

Дзень «Нуль дыскрымінацыі» (Zero Discrimination Day, з 2014 года)

У гэты дзень святкуецца індывідуальнасць і непаўторнасць кожнага. Дзень «Нуль дыскрымінацыі» – гэта магчымасць аб’яднацца супраць дыскрымінацыі і адзначыць права кожнага жыць з годнасцю паўнавартасным і прадуктыўным жыццём. Пол, нацыянальнасць, узрост, асаблівыя патрэбы, паходжанне, рэлігія, мова, колер скуры або любая іншая прыкмета не павінна быць прычынай для дыскрымінацыі.

Сімвалам нулявой дыскрымінацыі з’яўляецца малюнак матыля як знака пераўтварэнняў.

5509 год да нашай эры. Пачатак старажытнай эры ад “стварэння свету” па ўльтрасакавіцкім стылі. 

Ультрасакавіцкі стыль – гэта гістарычны каляндарны стыль, які ўжываўся ў даўніну разам з вераснёўскім і сучасным студзеньскім. Пачатак года тут прыпадаў на 1 сакавіка. Выкарыстоўваўся ў старажытных беларускіх княствах, Маскоўскай дзяржаве і Венецыянскай рэспубліцы, у Паўночнай Італіі і Англіі. 

Стыль ужываўся з летазлічэннем «ад стварэння свету» (Канстанцінопальская эра), а таксама і «ад Раства Хрыстовага». У ўсходнеславянскіх народаў існаваў да 1492, у гарадах Паўночнай Італіі і Англіі да 1752 года.

Пачатак года 1 сакавіка паходзіць са старажытнарымскага рэспубліканскага календара Нумы Пампілія. Паколькі год пачынаўся з сакавіка, нумары месяцаў з верасня (“сёмы”) па снежань (“дзесяты”) адпавядалі іх назвам. Толькі пасля рэформы Юлія Цэзара яны зрушыліся на дзве пазіцыі, бо год пачаў пачынацца са студзеньскіх календ (1 студзеня).

З 1492 (7000–7001) года пераважным стаў вераснёўскі год.

Сёння 1 сакавіка 2023 года адпавядае “ультрасакавіцкаму” 16 лютага 7531 года.

Стварэнне свету. Мініяцюра сярэднявечнага рукапісу, XIII стагоддзе

1555 год. У Ліёне апублікавана кніга прароцтваў Настрадамуса.

Мішэль дэ Нотрдам апублікаваў свае першыя прадказанні ў кнізе пад назвай “Прароцтвы Мішэля Настрадамуса” у форме рыфмаваных чатырохрадкоўяў (катрэны), якія былі згрупаваны ў цэнтурыі (сотні ці стагоддзі). Акрамя гэтага ўсе свае прадказанні Настрадамус старанна зашыфраваў і запісаў на міксе чатырох моў – лацінскай, старафранцузскай, італьянскай і грэцкай.

У кнізе практычна не ўказвалася ніякіх дат, часовая паслядоўнасць не выконвалася, ды і самі катрэны былі пераблытаныя. І, тым не менш, даследнікамі творчасці Настрадамуса прыкмячаецца даволі шмат цікавых і дакладных гістарычных супадзенняў.

Настрадамус звяртаўся пры складанні прадказанняў да планетарных схем, якія, паводле некаторых меркаванняў, лічаць, што нябесныя целы аказваюць уплывы на справы людзей. З пункта гледжання сучаснай навукі дадзенае сцвярджэнне малаверагодна.

Вялікая частка крытыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што працы Настрадамуса ўяўляюць сабой толькі асабістыя здагадкі і інтуітыўныя прагнозы.

Некаторыя з прадказанняў Настрадамуса.

2016. Еўропа амаль бязлюдная.

2018. Новай сусветнай дзяржавай становіцца Кітай. Краіны, якія развіваюцца, ператвараюцца з эксплуатуемых у эксплуататараў.

2028. Стварэнне новай крыніцы энергіі. Голад паступова пераадольваецца. Стартуе пілатуемы касмічны карабель да Венеры.

2046. Вырошчваюцца любыя органы. Замена органаў становіцца адным з найлепшых метадаў лячэння.

2066. Падчас нападу на мусульманскі Рым ЗША ўжываюць новы від зброі – кліматычны. Рэзкае пахаладанне.

2480. Сутыкнуцца два штучныя Сонцы. Зямля ў прыцемках.

1581 год. У Вільні створаны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Вышэйшы апеляцыйны суд, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма, пачаў працу ў 1582 годзе. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на адзін год (з 1588 яшчэ выбіраліся тры дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).

Трыбунал разглядаў апеляцыі на рашэні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэні павятовай адміністрацыі. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асоб; пры разглядзе такіх спраў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.

Сесіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў ВКЛ, соймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Сесіі трыбуналу праходзілі ў Вільні, Менску, Наваградку, Троках, Гродна.

1881 год. Ігнат Грынявіцкі бомбай смяротна параніў рускага цара Аляксандра II. І сам атрымаў смяротнае раненне.

Рэвалюцыянер-царазабойца нарадзіўся ў 1856 годзе ў фальварку Басін (цяпер у складзе в. Калінаўка Клічаўскага раёна) у сям’і каталіцкага шляхціца. 

Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута ўдзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, быў членам партыі «Народная воля», сузаснавальнікам яе беларускай фракцыі.

У. Караткевіч прысвяціў Грынявіцкаму верш «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)». У 1975-1998 гадах яго імя насіў мост у Санкт-Пецярбургу (цяпер Нова-Канюшанны мост).

1917 год. Нарадзіўся Фёдар Шмакаў.

Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.

Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве, з 1941 года, больш за 60 год, працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. 

На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».

Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», «Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас»,  «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».

Памёр 2 мая 2009 года.

1933 год. Памёр у ссылцы Уладзімір Жылка (1900-1933).

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

У 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках.

1936 год. Нарадзілася Лідзія Савік.

Беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук. Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Працавала ў школах, у акадэмічных Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа, Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага, С. Баранавых, Б. Мікуліча і іншых, нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага.

Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў, у тым ліку В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, У. Караткевіча, Л. Геніюш.

Аўтар, суаўтар манаграфій, кніг, у тым ліку «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы», «Культура беларускага замежжа», «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта».

1937 год. У Віцебску забіты Іегуда Пэн. (1854-1937). 

Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя. Уладальнік першай у Расіі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).

Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку В. Цадкін, Л. Лейтман, М. Шагал, С. Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка забіты ў сваёй віцебскай хаце. Існуе версія, што да забойства  датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску адчынена  мемарыяльная дошка.

2014 год. Памёр Леанід Левін (1936-2014).

Беларускі архітэктар, скульптар. Заслужаны архітэктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у Інстытуце «Мінскпраект», кіраваў Майстэрняй па забудове цэнтра Мінска, «Творчай майстэрняй архітэктара Л. Левіна».

Член Савета Сусветнага кангрэса рускамоўнага яўрэйства, Генеральнага Савета Еўраазіяцкага яўрэйскага Савета. Старшыня Беларускага аб’яднання яўрэйскіх арганізацый і абшчын, Мінскага яўрэйскага дабрачыннага фонду «Хэсэд-Рахамім», гістарычнага таварыства «Трасцянец», Міжнароднай яўрэйскай акадэміі мастацтва.

Аўтар, суаўтар мемарыяльных комплексаў “Хатынь”, ахвярам халакоста «Яма», у п. Красны Бераг Жлобінскага раёна, «Праклён фашызму» (Докшыцкі раён),, «Прарыў» каля г.п. Ушачы і іншых, шматлікіх помнікаў, у тым ліку Я. Купале, Я. Коласу ў Мінску, К. Заслонаву, «Кацюша» ў Оршы, М. Гастэлу ў Радашковічах.

Аўтар праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска, рэгенерацыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада, Нямігі, Ракаўскага прадмесця

Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Палёты з Анёлам».

Аўтар кнігі «Хатынь».

2015 год. Памерла ураджэнка Магілёва Вікторыя Мазур (1946-2015).

Беларуская артыстка аперэты, лірыка-драматычнае сапрана, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Народная артыстка.

Скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча, Беларускую кансерваторыю.

Больш за 30 гадоў служыла ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры з самага пачатку яго заснавання, першая яго прыма. Згуляла больш за 40 роляў у аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, выступала на шматлікіх канцэртах перад гледачамі Беларусі і замежных краін.

2021 год. Памёр Барыс Нешатаеў (1947-2021). 

Расійскі, украінскі і беларускі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар. Нарадзіўся ў г. Кудымкар Пермскага края. 

У 1958–1963 гадах з бацькамі жыў у Магілёве. Пасля сканчэння Пермскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам у школе, у Пермскім, Сумскім, Смаленскім універсітэтах. У 1995-1996 – прафесар кафедры біялогіі і хіміі, стваральнік і загадчык (1996-2002) кафедры геаграфіі і аховы прыроды Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, браў удзел у мерапрыемствах Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, даследчык Магілёўскай вобласці, рэчышных працэсаў. 

Пахаваны ў г. Сумы (Украіна).

Не стало Алексея Дударева

Известный белорусский драматург, автор знаменитых “Белых рос” и “Рядовых”, Алексей Дударев, ушел из жизни на 73-м году жизни.

В Могилёвском драматическом театре по пьесам Алексея Дударева, в разные годы были поставлены и шли с огромным успехом спектакли: “Ричард lll” по одноименной пьесе Вильяма Шекспира, “Ким”, “Вечер”, “Белые крылья”

Дударев родился в 1950 году в Дубровенском районе Витебской области.
Закончил Белорусский театрально-художественный институт. Был актером, руководителем Белорусского союза театральных деятелей, главным редактором журнала “Мастацтва”.

Драматург был удостоен различных званий и премий: Заслуженный деятель искусств Белорусской ССР (1991), лауреат премии Ленинского комсомола (1984), лауреат Государственной премии СССР (1985).

Самой известной пьесой драматурга была пьеса “Рядовые”, которую поставили практически во всех театрах бывшего Советского Союза.

Произведения писателя переведены на многие языки мира. С именем Алексея Дударева связана целая эпоха белорусского театра.

Дзень у гісторыі. 28 лютага. Судзебнік Казіміра. Газета «Гоман». Нарадзіліся пісьменнікі У. Радзівіл, А. Бадак, гісторык Г. Галенчанка, Нобелеўскі лаўрэат П. Кругман

1468 год. У ВКЛ прыняты крымінальны кодэкс – Судзебнік Казіміра.

Першы зборнік крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Складзены паводле загаду вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка. 

Напісаны на старабеларускай мове суцэльным тэкстам. Дату выдання Судзебніка вызначыў ураджэнец Прапойска протаіерэй І. Грыгаровіч. 

У судзебніку вызначалася сістэма судоў, іх кампетэнцыя, утрымліваліся нормы грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права.

Вызначаліся адзіныя віды пакарання за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, змяняўся парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўвалася адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа. Скарачаліся плацяжы на карысць суддзяў, павышалася адказнасць бадзягам, прадугледжвалася адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асноўнымі відамі пакарання паводле судзебніка сталі пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі.

1616 год. Памёр Мікалай Радзівіл Сіротка (1549-1616).

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падарожнік, мемуарыст, мецэнат. 

Удзельнік аблог Улы, Пскова, вызвалення Полацка ад войск Івана Жахлівага. Падарожнік па Еўропе, Блізкаму Усходу. Аўтар кнігі «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю», якая вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай, рускай мовах, у 1984 годзе – на беларускай.

Ініцыятар і фундатар выдання першай дакладнай карты ВКЛ (выдадзена ў 1613).

1712 год. Нарадзіўся Удальрык Крыштоф Радзівіл.

 Польскі і беларускі пісьменнік, паэт, гісторык. Канюшы літоўскі, вялікі пісар літоўскі і староста менскі, генерал-лейтэнант войска ВКЛ.

Дзівак i фантазёр, здольны і начытаны, але схільны да авантурызму. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у тым ліку грэцкую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую.

Пакінуў значную літаратурную спадчыну. Аўтар кніг «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў», «Маральныя элегіі», «Агульная гісторыя» (або «Універсальная гісторыя», 3648 старонак), «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Сусветныя крытыкі або сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» і іншых.

Перакладчык твораў на польскую мову.

Спрабаваў увесці ў спектаклях прыдворных тэатраў беларускую мову. Па-беларуску гаворыць адзін з герояў пераробкі твора Э. Бруселя «Камедыя Эзопа», прызначаная для нясвіжскага тэатра.

Памёр 21 ліпеня 1770 года.

1812 год. Памёр Гуга Калантай (1750–1812). 

Палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст.

Доктар філасофіі і тэалогіі. Актыўны дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, рэктар Кракаўскага ўніверсітэта.

Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791 года, адзін з вядучых ідэолагаў, кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў паўстанні 1794 года.

Суаўтар Кракаўскага акта паўстання, Паланецкага ўніверсала, пастановы аб надзяленні зямлёй сялян, якія бралі ўдзел у паўстанні.

Пасля паражэння паўстання ў 1794–1802 гадах быў у аўстрыйскім зняволенні.

Пакінуў багатую філасофскую і публіцыстычную спадчыну. Яго працы заснаваны на перадавых на той час ідэях Асветніцтва, вучэнні французскіх фізіякратаў, эвалюцыйнай канцэпцыі развіцця грамадства.

1916 год. У Вільні пачалося выданне газеты «Гоман».

Беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася да канца 1918 года ў Вільні на беларускай мове  2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай пад рэдакцыяй В. Ластоўскага, Я. Салаўя.

Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае.

Газета друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, па гісторыі нацыянальна-культурнага і літаратурнага руху, легенды, артыкулы па сацыяльна-палітычным праблемам, інфармацыю з франтоў, абвесткі беларускіх кнігарняў. Упершыню апублікавала некаторыя творы Я. Коласа, М. Багдановіча, Зм. Бядулі, А. Гаруна, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Нікіфароўскага, А. Луцкевіча.

1937 год. Нарадзіўся Георгій Галенчанка. 

Беларускі гісторык-медыявіст, кнігазнавец. Доктар гістарычных навук.

Працаваў у БДУ, у Інстытуце гісторыі АН БССР, даследаваў пытанні гісторыі беларускага кнігадруку XVI–XVIII стагоддзяў.

Аўтар даследаванняў «Малой падарожнай кніжкі» Ф. Скарыны, аўтар кніг «Ідэйныя і культурныя сувязі ўсходнеславянскіх народаў у XVI – сярэдзіне XVII ст.», «Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар», суаўтар з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Францыск Скарына», выдадзенай ЮНЕСКА. 

Укладальнік раздзела «Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII ст.» у каталогу «Кніга Беларусі. 1517–1917 гг.», факсімільнага выдання «Бібліі» Ф. Скарыны (у 3-х тамах).

1942 год. У ГУЛАГу памёр ураджэнец в. Выдранка Краснапольскага раёна Канстанцін Кернажыцкі (1902–1942). 

Беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, БДУ.

Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі познефеадальнай і капіталістычнай эпох, эвалюцыю феадальнага спосабу вытворчасці ў канцы XVII – 1-й паловы XIX стагоддзяў. Займаўся пытаннямі распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеадальнага перыяду на Беларусі.

Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». Яго працы лічацца важнай вяхой у беларускай гістарыяграфіі ХХ стагоддзя.

11 снежня 1937 года арыштаваны НКУС, прыгавораны як «польскі шпіён» да лагераў.

1953 год. Нарадзіўся Пол Кругман. 

Амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (2008)

Нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Брэст-Літоўска. Зацікавіўся эканомікай і гісторыяй яшчэ ў дзяцінстве пад уплывам навукова-папулярных кніг выхадца з беларускіх зямель Айзека Азімава.

Прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, Іельскага, Каліфарнійскага, Стэнфардскага ўніверсітэтаў, Лонданскай школы эканомікі, цяпер працуе ў Прынстанскім універсітэце.

1966 год. Нарадзіўся Алесь Бадак. 

Беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык.

Працаваў у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменнікаў Беларусі, у часопісах «Бярозка», «Маладосць», галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман», «Полымя». Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

На шматлікія яго вершы напісаны песні А. Саладухі, А. Ярмоленкі, Алесі.

Аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень.

Выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

1985 год. Памёр Вадзім Жучкевіч (1915–1985). 

Беларускі прыродазнавец, доктар геаграфічных навук, прафесар. Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства БССР.

У школьныя гады займаўся краязнаўчымі даследаваннямі, пісаў вершы, якія дасылаў у “Піянерскую праўду”. Атрымаў філалагічную і геаграфічную адукацыю (1939) у Мінскім педагагічным інстытуце. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў і простым настаўнікам правінцыянальных школ, і ўплывовым чыноўнікам Дзяржплана БССР.

У 1964–1985 гадах працаваў у БДУ: загадчык кафедры фізічнай геаграфіі мацерыкоў, дэкан завочнага факультэта.

Спецыяліст у галіне фізічнай геаграфіі, методыкі выкладання геаграфіі ў школе, стваральнік навуковай тапанімічнай школы Беларусі, аўтар тапанімічнага раянавання, даследчык беларускіх старажытных водных шляхоў, аўтар школьных падручнікаў “Геаграфія БССР. 7–8 класы” (1959–1989), 350 навуковых прац.

1993 год. Памёр Юрый Шчарбакоў (1925-1993).

Савецкі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар, буйны спецыяліст у галіне геамарфалогіі, вывучэння ландшафтаў, член геаграфічнага таварыства.

Герой-танкіст пад час Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік баёў на Курскай Дузе. У час вызвалення Еўропы, двойчы гарэў у танку. Ганаровы грамадзянін г. Прагі.

Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Навукова-педагагічную дзейнасць пачаў на геаграфічным факультэце Магілёўскага педінстытута (1955–1958), прымаў актыўны ўдзел ва ўсебаковым вывучэнні Магілёўскай вобласці, у рабоце Беларускага геаграфічнага таварыства.

Пасля Магілёва працаваў у Пермскім, Краснаярскім, Сімферопальскім, Цверскім універсітэтах.

2007 год. Памёр Генадзь Шкуратаў (1949–2007). 

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Сыграў больш дзясятка роляў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, каля 20 – у кіно.

Дзень у гісторыі. 20 лютага. Масленіца. Каранацыя Жыгімонта Аўгуста. Першы беларускі ўрад. Нарадзіліся геадэзіст Л. Баршчэўскі, рэжысёр В. Мазынскі.

Сусветны дзень сацыяльнай справядлівасці (World day of social justice, з 2009 года). 

Устаноўлены па рашэнню Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Генеральная Асамблея прызнала, што сацыяльнае развіццё і сацыяльная справядлівасць неабходны для забеспячэння і падтрымання міру і бяспекі ўнутры краін і ў адносінах паміж імі і што, у сваю чаргу, сацыяльнае развіццё і сацыяльная справядлівасць не могуць быць дасягнуты ў адсутнасць міру і бяспекі або ва ўмовах адсутнасці павагі да ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод.

Сацыяльная справядлівасць – адзін з распаўсюджаных грамадскіх ідэалаў. 

Справядлівасці жадаюць усё – справядлівага стаўлення на працы і ў сям’і, а таксама справядлівасці ад дзяржавы. Некаторыя адстойваюць пазіцыю справядлівасці толькі да таго часу, пакуль гэта для іх выгадна, і гэта таксама нармальна. Псіхолагі лічаць, што здаровы эгаізм цалкам упісваецца ў вобраз звычайнага чалавека.

Гэты дзень дае нагоду палітыкам, журналістам, навукоўцам і проста неабыякавым грамадзянам падумаць аб тым, наколькі справядлівы сучасны свет, якія сацыяльныя праблемы існуюць.

Пачатак Масленічнага тыдня, 20-26 лютага.  

Народнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 26 лютага, бо праводзіцца за восем тыдняў да Вялікадня (16 красавіка 2023) і  за тыдзень да Вялікага посту. Масленічны тыдзень у гэтым годзе прыпадае на 20-26 лютага.

Галоўныя атрыбуты свята: гульні, песні, танцы і бліны.

1387 год. Ягайла выдаў першую грамату аб наданні прывілеяў баярам ВКЛ, якія прынялі каталіцкае веравызнанне. 

Хрышчэнне Ягайлы ў 1386 годзе не прыпыніла ваенныя кампаніі тэўтонскіх рыцараў, якія сцвярджалі, што хрышчэнне было прытворствам, магчыма, нават ерассю, але значна паляпшыла становішча каталіцкай меншасці за кошт праваслаўнай часткі шляхты. 

Паводле прывілея каталікам даваліся дадатковыя правы і вольнасці, недасяжныя для праваслаўнай шляхты. Гэта выклікала вялікае незадавальненне ў праваслаўнай знаці.

Помнік Ягайлу ў Нью-Ёрку

1530 год. Жыгімонт Аўгуст (1520–1572) каранаваны на караля польскага. 

Вялікі князь літоўскі (1544–1572), кароль польскі (1548–1572). Сын Жыгімонта Старога і Боны Сфорца. Яго ўладарста было перыядам росквіту Адраджэння ў ВКЛ.

Знешняя палітыка Жыгімонта Аўгуста была накіравана на захаванне мірных стасункаў з суседнімі дзяржавамі. Стасункі з Швецыяй палепшыліся, але адносіны з Маскоўскай дзяржавай былі кепскія, Іван IV пачаў Лівонскую вайну (1558–1582), якая падштурхнула ВКЛ да заключэння Люблінскай уніі (1569).

Правёў рэформу скарбу, судоў, войска, садзейнічаў правядзенню Валочнай памеры ў ВКЛ, пачаў стварэнне ваенна-марскога флоту, стварыў Марскую камісію. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Віленскім прывілеем (1563) пацвердзіў роўнасць правоў праваслаўнага і каталіцкага баярства ВКЛ. Зацвердзіў Статут Вялікага Княства Літоўскага (1566). 

Дазволіў дзейнасць езуітаў. 

Быў мецэнатам, падтрымліваў мастакоў, архітэктараў, музыкантаў, акцёраў.

1810 год. Памёр Марцін Пачобут-Адляніцкі. 

Астраном і асветнік. Прафесар Віленскай акадэміі, рэктар Галоўнай школы ВКЛ. Адзін з арганізатараў і першы дырэктар найстаражытнай у Еўропе Віленскай астранамічнай абсерваторыі. 39 гадоў  вёў астранамічныя назіранні, вызначыў геаграфічныя каардынаты Вільні, Гродна, Полацка, іншых гарадоў.

Каралеўскі астраном. Актыўна падтрымаў паўстанне 1794 года. Звяртаўся да Папы Рымскага, каб аднавіць езуіцкі ордэн.

У яго гонар названы кратар на Месяцы.

1849 год. Нарадзіўся Леон Баршчэўскі (1849–1910). 

Тапограф, географ, геолаг, этнограф, археолаг, даследчык Цэнтральнай Азіі. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

За абарону паўстанцаў у дыспуце пра «польскае паўстанне» быў высланы на службу ў Херсонскую губерню.

Служыў ваенным тапографам у Туркестане, выконваў даследаванні мясцовасці і тапаграфічную здымку гандлёвых шляхоў у Кітай і Афганістан для пракладкі стратэгічных дарог. З фотаапаратам вывучаў Самарканд, падарожнічаў уздоўж рэк Зераўшан, Фандар’я, Іскандэрдар’я, Ягнаб, Гісарскі хрыбет.

Быў арганізатарам першых раскопак Афрасіяба – папярэдніка Самарканда, суарганізатарам шэрагу навуковых экспедыцый у Цэнтральную Азію. Сабраў багатыя калекцыі фотаздымкаў ландшафтаў, гарадоў, жыцця і побыту народаў, матэрыялы з легендамі, паданнямі.

З 1897 года служыў у Седльцы камандзірам палка, спрыяў заснаванню гімназіі імя каралевы Ядвігі, потым удзельнічаў у руска-японскай вайне, служыў у Чэнстахове. Беспадстаўна быў абвінавачаны ў растраце палкавой казны, 22 сакавіка 1910 годзе пакончыў з сабой дзеля выратавання гонару.

1892 год. У Гродна нарадзіўся Іван Жангаловіч. 

Астраном, гравіметрыст, геадэзіст, падарожнік, даследчык Арктыкі, Заслужаны дзеяч навукі РСФСР, Ганаровы член Геаграфічнага таварыства СССР, Ганаровы палярнік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.

Кузен вядомага падводніка Жыгімонта Жангаловіча (1897–1935).

Удзельнік вывучэння Курскай магнітнай анамаліі, працаваў у экспедыцыях на Памір, у штогадовых экспедыцыях па даследаванні Паўночнага Ледавітага акіяна, у экспедыцыях на ледаколах «Садко», «Сядоў», «Малыгін». 

Быў рэпрэсаваны (1936–1937).

Вывучаў гравітацыйнае поле Зямлі, пытанні спадарожнікавай геадэзіі, геафізікі, распрацоўшчык «рэферэнц-эліпсоіда Жангловіча» (блізкага да параметраў Красоўскага-Ізотава).

Распрацаваў спосаб вызначэння цэнтра масы Зямлі па назіраннях штучных спадарожнікаў Зямлі.

Яго імем названы востраў у архіпелагу Новая Зямля і астэроід Галоўнага пояса.

Памёр 29 жніўня 1981 года ў Пецярбургу.

1918 год. У Мінску створаны Народны сакратарыят – першы ўласна беларускі ўрад. 

Працаваў з 21 лютага да 11 лістапада 1918 года. Пасада, раўназначная пасадзе міністра, называлася народны сакратар. У Першы склад Народнага Сакратарыята Беларусі ўвайшлі: Язэп Варонка (старшыня і адначасова народны сакратар замежных спраў), Палута Бадунова (сакратар апекі), Гелій Белкінд (фінансаў), Яфім Бялевіч (юстыцыі), Тамаш Грыб (земляробства), Мойша Гутман (яўрэйскіх спраў), Кастусь Езавітаў (вайсковых спраў), Павел Здобін (вялікарускіх спраў), Аляксандр Карабач (пошты і тэлеграфа), Пётра Крачэўскі (кантролю), Іван Макрэеў (унутраных спраў), Віктар Рэдзька (шляхоў зносін), Іван Серада (народнай гаспадаркі), Аркадзь Смоліч (асветы), Васіль Захарка (казначэй), Лявон Заяц (кіраўнік канцылярыі). Сябрамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады.

Народны Сакратарыят Беларусі. Злева направа: Аркадзь Смоліч, Іван Серада, Язэп Лёсік, Аляксандр Цвікевіч, Антон Аўсянік, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі.

1922 год. У Бабруйску нарадзіўся Міхаіл Цікоцкі.

Беларускі мовазнавец і журналіст. Сын вядомага кампазітара Я. Цікоцкага. Доктар філалагічных навук.

Удзельнік вайны. Скончыў БДУ. Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Калгасная праўда», часопісе «Вожык», прафесарам факультэта журналістыкі БДУ.

Даследаваў публіцыстыку Якуба Коласа (кандыдацкая дысертацыя), праблемы публіцыстычнага стылю (доктарская).

Заснавальнік беларускай стылістыкі, аўтар прац па вывучэнні мовы літаратурных класікаў – Я. Коласа, Я. Купалы, К. Чорнага, М. Лужаніна, У. Караткевіча, І. Мележа і іншых. 

Памёр 24 сакавіка 2012 года. 

1945 год. Нарадзілася Таіса Бондар.

Беларуская пісьменніца, перакладчыца.

Скончыла Мінскі дзяржаўны педінстытут замежных моў. Настаўнічала ў Малдове, працавала ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь», дырэктарам рэдакцыйна-выдавецкай установы «Лiтаратура i Мастацтва».

Аўтар вершаў, 10 зборнікаў паэзіі і паэм, а таксама кніг апавяданняў, аповесцей, рамана-містэрыі, перакладаў з малдаўскай, румынскай і англійскай моў.

У рамане «Спакуса» стварыла партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі. У рамане «Ахвяры» адлюстравала складаныя перыпетыі жыцця ахвяр культу асобы і іх нашчадкаў.

Памерла 19 снежня 2005 года.

1946 год. Адбылася аварыя самалёта Лі-2 у аэрапорце Мінска. 

Грузавы самалёт рэйсу Мінск-Масква, пры сустрэчна-бакавым ветры і праз памылкі лётчыкаў, не здолеў ўзляцець і ўрэзаўся ў цагляныя пасляваенныя руіны і разбіўся. Экіпаж, гарадскія пабудовы не пацярпелі.

1947 год. Нарадзіўся Валерый Мазынскі. 

Беларускі тэатральны рэжысёр, стваральнік мінскага тэатра «Вольная сцэна» грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч мастацтва. Лаурэат прэміі «За свабоду думкі» імя В. Быкава.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў галоўным рэжысёрам Беларускага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. Сузаснавальнік тэатраў «Лялька», «Вольная сцэна»

Сярод галоўных яго пастановак:  «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Сымон-музыка», «Радавыя», «Барбара Радзівіл».

Яго творчасць вызначаецца метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, гратэскавасцю і шматпланавасцю структуры.

Рэжысёр і чытальнік беларускага агучвання твораў замежнай і айчыннай літаратуры (звыш за 30 аўдыёкніг), зняў тэлевізійны фільм «Тутэйшыя», 4 дакументальныя фільмы пра Р. Лапіцкага, П. Бадунову, М. Чарняўскага, пра пасляваенны супраціў.

За крытыку беларускай улады ў галіне культуры ў 2021 годзе быў пазбаўлены пенсіі за асаблівыя заслугі перад краінай.

 А. Мілінкевіч і В. Мазынскі
А. Мілінкевіч і В. Мазынскі

1963 год. Памёр Канстанцін Галкоўскі.  

Беларускі і літоўскі кампазітар. Прафесар Літоўскай кансерваторыі.

Паводле паходжання беларус, бацька яго паходзіў з Магілёўшчыны. Вучань М. Рымскага-Корсакава, А. Глазунова, А. Лядава. Яго дыпломная праца ў Пецярбургскай кансерваторыі, трохактовая опера «Цыганы» па паэме А. Пушкіна была адзначана залатым медалём.

Жыў і працаваў у Вільні. З Беларусі часта да яго заязджалі Максім Танк, Рыгор Шырма, Алесь Траяноўскі.

Аўтар многіх твораў, заснаваных на беларускім фальклоры, музыкі рамансаў і хораў на вершы беларускіх паэтаў Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Зм. Бядулі, К. Буйло, апрацовак народных песень і народных харавых сюіт «Дуда» і «Каханне».

Яго апрацоўкі і арыгінальныя хары ўваходзяць у рэпертуар Дзяржаўнай харавой капэлы БССР.

Рыгор Шырма і Канстанцін Галкоўскі разам з маладымі беларускімі літаратарамі, 1920-я

Паэтычны спектакль да дня роднай мовы прайшоў у Палацы культуры вобласці

У Палацы культуры вобласці адбыўся паэтычны спектакль “Зямля мая”, прымеркаваны да Сусветнага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. У Малой зале было цесна, але ўтульна.

Народны тэатр і дзіцячая студыя тэатральнага мастацтва Палаца культуры пад кіраўніцтвам рэжысёра А. Кусковай прадставілі цікавую праграму з двух частак. У першай частцы ў выкананні школьнікаў дзіцячай студыі прагучалі вершы паэта Магілёўскага літаратурнага аб’яднання “Ветэран” Галіны Сайко.

У другой частцы гледачы атрымалі асалоду ад прагляду паэтычнага спектакля народнага тэатра паводле паэмы Таццяны Шаўцовай “Зямля мая”. Дарэчы, Таццяна Шаўцова выступіла і як актрыса, і як аўтар музыкі і песень, якія прагучалі ў спектаклі. 

Паэтычны спектакль “Зямля мая” прысвечаны памяці старшыні Бялыніцкага калгаса “Радзіма” Аляксандру Лапацентаву.

Фота: mogilev.media

Дзень у гісторыі. 7 лютага. Першыя мемуары на беларускай мове. Магілёўская электрастанцыя дала ток. Дамова аб ЕС. Нарадзіліся паўстанец Сокал-Кутылоўскі, музыкант Алезіс Дземідовіч

1546 год. Нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі.

Грамадскі дзеяч ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Аўтар вядомага азначэння «Залаты век».

Удзельнік бітвы на Уле (1564), шэрагу войнаў. Прыхільнік пратэстантызму. М. К. Радзівіл Сіротка, Я. Хадкевіч, К. Астрожскі даручалі яму весці важныя судовыя справы.

Браў удзел у Люблінскім сойме 1569 года, у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» – статута вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ.

Аўтар першых мемуараў на беларускай мове. У «Гістарычных запіскахі» падаюцца апроч усяго звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі ХVI–XVІІ стагоддзяў: бітвы Лівонскай вайны, прыёмы каралямі замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі, выбары каралёў.

1881 год. Нарадзіўся Рамуальд Зямкевіч. 

Беларускі бібліёграф, адзін з аўтараў “Нашай Нівы”, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер кніг і рукапісаў.

У 1913-1914 гадах шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. 

Сабраў калекцыю беларускага народнага адзення, унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых славян, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, старадрукаў, у тым ліку «Біблія» Ф. Скарыны, Астрожская Біблія, «Лексікон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Бельскага, кітабы, аўтографы шматлікіх пісьменнікаў.

Аўтар вершаў, перакладаў на беларускую мову, прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя звесткі пра беларускіх літаратараў, апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча, К. Каганца, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага.

Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлагеры каля 1942 года.

1891 год. Памёр Вінцэсь Каратынскі. 

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Памочнік-сакратар Уладзіслава Сыракомлі. Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі «Чым xата багата, тым рада». 

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса. 

Выдаў збор твораў У. Сыракомлі. На беларускую мову ягоныя творы  перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

1892 год. Нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі. 

Беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года, праваслаўны святар.

Скончыў геаграфічны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта (1914), Казанскае вайсковае вучылішча (1915).

Удзельнік І Сусветнай вайны, баёў пад Вільняй і ў Галіцыі. Капітан. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

У 1918-1920 гадах служыў ў войсках Дзянікіна, Юдзеніча.

Прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 года: камандаваў батальёнам, 1-й Слуцкай брыгадай. Захаваў архіў брыгады, які перадаў Б. Тарашкевічу, і сцяг 1-га  Слуцкага Палка, які быў канфіскаваны польскай паліцыяй у 1931 годзе.

У 1921-1939 гадах служыў святаром у парафіях Навагрудскага і Слонімскага паветаў, настаўнічаў у школе, выступаў за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэннях. Член Беларускай нацыянальнай рады.

Арыштаваны НКУС 19 чэрвеня 1941 году, але праз нкалькі дзён уцёк з турмы. 

Быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады па Ганцавіцкай акрузе, у Германіі выкладаў у школе афіцэраў БКА, з красавіка 1945 года камандаваў 1-м беларускім палком. Разам з дывізіяй «Беларусь» здаўся амерыканцам. 

30 красавіка 1945 года арыштаваны СМЕРШ. Вязень ГУЛАГ. У 1948 годзе зноў асуджаны. Амніставаны ў 1957 годзе.

Памёр 7 сакавіка 1983 года ў Шчэцыне.

Пакінуў успаміны аб Слуцкім паўстанні.

1901 год. Нарадзілася Вера Пола.

Беларуская актрыса. Народная артыстка. Прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Вучаніца рэжысёра і педагога Е. Міровіча.

Выконвала ролі ў пастаноўках па творах Э. Самуйлёнка, Янкі Купалы, А. Маўзона і іншых. За выкананне ролі Паўліны ў спектаклі Кандрата Крапівы «Спяваюць жаўрукі» атрымала Сталінскую прэмію. Здымалася ў кіно: «Хвоі гамоняць» (1929), «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».

Памерла 15 кастрычніка 1989 года.

1910 год. Дала ток першая магілёўская электрастанцыя магутнасцю 90 кілават. 

Да 1913 года яе магутнасць узрасла да 400 кВт. Электрастанцыя была пабудавана на тэрыторыі так званай “плошчы гарэлых казармаў”, у Крутым завулку, за сучасным кінатэатрам “Чырвоная зорка”. 

Цяпер самай магутнай у Магілёве цеплаэлектрацэнтраллю з’яўляецца Магілёўская ЦЭЦ-2 з магутнасцю 347 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-1 пасля мадэрнізацыі мае магутнасць 48 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-3 – 19 500 кВт. Акрамя гэтага, у Магілёўскай вобласці працуюць Бабруйская ЦЭЦ-2 магутнасцю 186 000 кВт і Бабруйская ЦЭЦ-1 магутнасцю 12 000 кВт.

1926 год. Нарадзіўся Анатоль Фядосік. 

Беларускі фалькларыст. Заслужаны дзеяч навукі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Падлеткам удзельнічаў у партызанскім руху, потым ваяваў на фронце камандзірам аддзялення разведкі. 

Працаваў у школах Палесся, намеснікам дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук.

Даследаваў фальклорныя сатырычныя жанры, сямейна-абрадавую паэзію, літаратурна-фалькорныя сувязі, народную творчасць перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыю фалькларыстыкі, узаемасувязі славянскага фальклору.

Суаўтар кніг «А. К. Сержпутоўскі», «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным», «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце», «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр», «Народная проза», вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ.

Складальнік тамоў «Сацыяльна-бытавыя казкі», «Жарты, анекдоты, гумарэскі» з серыі «Беларуская народная творчасць» (галоўны рэдактар зводу).

Памёр у 2005 годзе.

1929 год. Слупок тэрмометра ў Магілёве панізіўся да -37°С. 

У другі раз рэкорд паўтарыўся 17 студзеня 1940 года: тыя ж  -37°С.

1940 год. Нарадзіўся Рыгор Печнікаў. 

Беларускі мастак, графік.

Стварыў вялікую колькасць мастацкіх твораў: накідаў тушшу, гуашшу, пастэллю, алоўкам, карцін, абразоў. 

Займаўся аздабленнем інтэр’ераў у школах, музею ў пружанскім тэхнікуме. Распрацаваў праекты царскіх варотаў Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Засімавічы, іканастасу Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Гарадзечна, помніку Сцяпану Гудзімаву ў скверы Пружан. 

Падчас працы выкладчыкам у пружанскай школе мастацтваў падрыхтаваў шмат таленавітых вучняў, некаторыя з якіх сталі вядомыя мастакамі.

1965 год. Нарадзіўся Алег «Алезіс» Дземідовіч. 

Беларускі музыка.

Бубнач гуртоў “Мроя” і “N.R.M” ад часу іх стварэння ў 1980 і 1994 гадах адпаведна. Браў удзел у складзе гурта “Новае Неба”, супольных музычных праектах “Народны Альбом”, “Я нарадзіўся тут”, часова граў у гуртах “ULIS”, “Garadzkija”, “Pete-Paff”.

1992 год. Падпісанне Маастрыхцкай дамовы аб Еўрапейскім Саюзе. 

Падпісана прадстаўнікамі 12 дзяржаў-удзельніц ЕС. Набыла моц 1 лістапада 1993 года.

ЕС – эканамічны і палітычны саюз 27 дзяржаў Еўропы, з насельніцтвам звыш 500 мільёнаў чалавек і з 22 % сусветнага ВУП. За ўсю гісторыю з арганізацыі выйшла толькі адна краіна – Вялікабрытанія (2021).

2018 год. Памёр Генадзь Гарбук.  

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР. Працаваў у драмтэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхалагічнае спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Створаныя ім вобразы адметныя павышай драматычнай напружанасцю, эмацыянальнасцю, глыбокім псіхалагічным разуменнем характараў.

Найбольш яркія характары стварыў у нацыянальным рэпертуары: Васіль («Людзі на балоце» паводле І. Мележа, Дзяржаўная прэмія БССР), Андрэй Ходас (“Белыя росы”), Сымон («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М. Чарота і Далецкіх) і іншыя.