“Нізкі статус” для палітвязняў – здзекі ў горацкай калоніі

Былому лідару партыі «Зялёныя» і палітвязню Дзмітрыю Кучуку ў Горацкай калоніі №9 прысвоілі «нізкі статус» – маргінальны турэмны маркер, што ператварае чалавека ў ізгоя.

Дзмітрый Кучук быў затрыманы ў лютым 2024 года і асуджаны на шэсць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах і “заклікі да санкцый”. У няволі яму прысвоілі “нізкі статус”, а сем месяцаў ён правёў у адзіночнай камеры. У размове з “Вясной” ён распавёў, як адміністрацыя і крымінальныя «аўтарытэты» супрацоўнічаюць, каб прынізіць палітвязняў.

“Нізкі статус” па замове адміністрацыі

Паводле Кучука, “нізкі статус” яму прысвоілі па загадзе адміністрацыі, насуперак турэмным традыцыям. У атрадзе было каля 70 чалавек, з іх 20 з “нізкім статусам”, у тым ліку некалькі палітычных. Аператыўнікі загадалі аўтарытэтам прызначыць яму гэты статус, сцвярджаючы, што ён ўзначальваў ЛГБТ-супольнасць. “Яны сказалі, нібы я ўзначальваў у Беларусі ЛГБТ-супольнасць. Пазней я ўжо не змог ад яго пазбавіцца. Хаця паводле ўсіх вараўскіх традыцый гэта было бяспраўе (беспредел). Бо ў мяне не было ніякіх “касякоў” (парушэнняў турэмных правілаў, за якія могуць прызначыць “нізкі статус”). Пазней за гэты статус я апынаўся ў ШІЗА і ПКТ” – кажа ён.

Падчас каранціну начальнік прапанаваў яму памыць умывальнік, а гэта дзеянне, якое ў турэмных нормах лічыцца прыніжальным. За адмову палітвязня адправілі ў ШІЗА на 17 сутак. Так адміністрацыя свядома правакавала парушэнні, каб пакараць.

Жыццё ізгоя

Асуджаных з «нізкім статусам» аддзяляюць ад іншых: асобныя ўмывальнікі, туалет, посуд і сталы. Ім забаронена сядаць разам і дзяліцца ежай або цыгарэтамі. “Бо сесці за стол – гэта канчатковае прызнанне “нізкага статуса”. Калі ты харчуешся асобна, ты паказваеш, што не згодны з гэтым” – тлумачыць Кучук. Такіх вязняў лічаць ізгоямі, прымушаюць мыць прыбіральні і выконваць брудную працу. Асуджаныя пазбягаюць кантактаў з імі, бо могуць самі атрымаць “статус”.

“Нізкі статус” маральна знішчае, кажа Дзмітрый: “Вязняў з “нізкім статусам” там называюць “петух”, “підарас”. Цябе пастаянна будуць маральна забіваць, здзеквацца”. Адмяніць статус амаль немагчыма. Гэта могуць зрабіць толькі крымінальныя аўтарытэты, але ў дачыненні да палітычных яны падпарадкоўваюцца адміністрацыі.

Сем месяцаў у адзіночцы

З усяго тэрміну ў калоніі Кучук толькі два тыдні правёў у жылой зоне, астатні час прабыў у ШІЗА і ПКТ у адзіночнай камеры. Там не дазвалялі чытаць, атрымліваць перадачы, не выдавалі матраса. “Адзінае, можна перакінуцца парай словаў з раздатчыкам ежы ды паслухаць галасы вязняў з суседніх камер” – узгадвае ён.

Сілавікі праз радыёхвалю гучна транслявалі абразы і правакацыі, распускалі чуткі пра яго сям’ю, каб маральна зламаць. Праз гэта вязні жылі ў пастаяннай напрузе, чакаючы памілавання, пра якое часта падманам абвяшчалі.

Салідарнасць і чалавечнасць

Нягледзячы на статус, Дзмітрый сустракаў праявы падтрымкі. Загадчык гаспадаркі ставіўся да яго без абразаў, даваў газеты і матрас. Іншыя вязні перадавалі хлеб, кавалак сала ці дробязі як знакі салідарнасці. “Пры ўсім тым, што крымінальныя аўтарытэты прысвоілі мне гэты статус, яны ж у прыватных размовах стасаваліся са мною даволі на роўных. Яны ўсведамлялі, што “статус” мне далі за палітыку. Калі на прамзоне іншыя мяне правакавалі, аўтарытэты гэтыя пытанні вырашалі” – кажа ён.

Пасля  дэпартацыі ў Літву Кучук аднаўляе здароўе і збіраецца працягваць палітычную дзейнасць. Былы палітзняволены кажа, што нягледзячы на працяглы тэрмін у адзіночнай камеры, ён усё ж такі не здзічэў.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Беларусы ў Варшаве і Вільні патрабуюць ад Германіі пакарання для садыста з Бабруйска

Каля амбасады Германіі ў Варшаве прайшоў пікет з патрабаваннем прыцягнення да адказанасці экс-турэмшчыка з Бабруйска Дзмітрыя Шынвізэ, які пераехаў у ФРГ.

Дзмітрый Шынвізэ, працуючы начальнікам аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 Бабруйска, непасрэдна займаўся фізічным і псіхалагічным гвалтам над палітвязнямі. А пасля звальнення з працы атрымаў нямецкія дакументы па праграме рэпатрыяцыі і спакойна жыве ў дэмакратычнай Германіі.

Арганізатарам акцыі, у якой 4 кастрычніка ўзялі ўдзел каля 20 чалавек, выступіла міжнародная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў “Рух” пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да Волі”. 3-га кастрычніка падобны пікет праходзіў каля нямецкай амбасады ў Вільні.

Удзельнікі пікету ў Варшаве мелі намер перадаць у амбасаду зварот на адрас урада ФРГ, аднак ахова дыппрадстаўніцтва яго не прыняла, спаслаўшыся на выходны дзень, і параіла прынесці дакумент 6 кастрычніка альбо выслаць праз пошту.

Адносна Шынвізэ, як адзначана ў звароце, маюцца абгрунтаваныя падазрэнні, што ён “здзяйсняў катаванні” і дапусціў “іншыя цяжкія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”, піша выданне “Позірк”.

“Згодна з паведамленнямі СМІ, ён, як мяркуецца, атрымаў нямецкія дакументы як позні перасяленец (статус, які дае права на нямецкае грамадзянства адразу пасля прыбыцця ў краіну) і цяпер, верагодна, пражывае пад імем Дзімітрый Шонвізе (Dimitri Schönwiese) у Шверыне. – гаворыцца ў дакуменце – Сведчанні беларускіх палітвязняў пацвярджаюць сістэматычныя кпіны, а таксама іншыя псіхалагічныя і фізічныя акты гвалту, здзейсненыя Шынвізэ ў калоніі № 2″.

“Гэтыя дзеянні кваліфікуюцца як катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, якія могуць разглядацца як злачынствы супраць чалавечнасці і ў Германіі могуць пераследавацца на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі ў адпаведнасці з параграфам № 7 Закона аб злачынствах супраць міжнароднага права (VStGB)” – адзначана ў звароце.

У сувязі з гэтым падпісанты дакумента патрабуюць абавязаць Федэральную пракуратуру і профільныя аддзелы Федэральнага ўпраўлення крымінальнай паліцыі “ініцыяваць папярэдняе расследаванне і распачаць вытворчасць паводле VStGB (уключаючы эпізоды катаванняў і незаконных пакаранняў), выкарыстоўваючы доказы і сведкавыя паказанні пацярпелых і праваабарончых арганізацый”.

Падпісанты звароту таксама патрабуюць “забяспечыць абарону сведкаў і ахвяр, якія пражываюць у Еўразвязе, а таксама гарантаваць абмен матэрыяламі з адпаведнымі механізмамі ААН, у прыватнасці з Камітэтам супраць катаванняў”.

Пра тое, што экс-турэмшчык Шынвізэ пераехаў у Германію, мае статус позняга перасяленца на падставе нямецкіх каранёў, 13 жніўня паведаміла “Наша ніва”. Сярод іншага медыя прывяло сведчанні былых вязняў, якія зазналі жорсткае абыходжанне з боку згаданай асобы.

Калаж: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”

У шклоўскай калоніі небяспечна размаўляць па-беларуску, сведчыць былы палітвязень

Былы палітзняволены журналіст з Гомеля Яўген Меркіс распавёў, як ён быў вымушаны перастаць размаўляць на сваёй роднай мове ў шклоўскай калоніі №17.

Журналіста пасля прысуду на чатыры гады зняволення за супрацоўніцтва з Белсатам і Флагштокам накіравалі для абыцця пакарання ў папраўчую калонію №17 у Шклоў. 

Для палітычных усюды забароны

«Хоць раней у СІЗА і калоніях ніколі не сядзеў, але дзякуючы кнігам, расповедам савецкіх дысідэнтаў уяўляў, як выглядае сістэма. Таму мне асабіста было лягчэй, бо гадамі быў у тэме» – распавёў выданню Флагшток былы палітвязень, якого 11 верасня 2025 года прымусова дэпартавалі ў Літву лукашэнкаўскія ўлады.

Аднак цяжкасці Яўген перажываў як і ўсе «палітычныя»: забарона наведваць спортзал, стадыён, нават бібліятэку і царкву. Даводзілася пастраянна быць у напружанні, бо трэба было сачыць за тым, што адбываецца навокал, і за сабой:

«Каб не далі якога парушэння, а тым больш вакол стукачы, і не ведаеш дакладна хто менавіта. Сістэма прасякнута ўстаноўкай: зэк павінен пакутаваць. Падыход, які вельмі псуе жыццё – зэк не павінен мець вольнага часу. Адміністрацыя стварае вельмі шчыльны графік. Акрамя прымусовай працы – розныя лекцыі дадаткова, дзяжурствы, як у войску трэба стаяць на тумбачцы ў атрадзе, грамадскія працы часта безсэнсоўныя, прагляды фільмаў на выходных. Таму зэкі вельмі выматаныя».

У калоніі па-беларуску лепей не размаўляць

Яўген, які ў паўсядзённым жыцці размаўляе па-беларуску, практыкаваў гэта і ў СІЗА, але не ў калоніі. «У шклоўскай калоніі мне хутка далі зразумець, што ў цябе будуць гіганцкія праблемы. І на прыкладах іншых сядзельцаў стала зразумела, што я яшчэ больш прыцягну да сябе ўвагу, і пачнуць кідаць у ШІЗА, дзе можна нават за пару дзен пасадзіць здароўе. Потым – ПКТ, крытая турма» – тлумачыць журналіст.

Яўген бачыў у калоніі шмат людзей, якія хутка псіхалагічна зламаліся, нехта пачынаў вар’яцець. Фонам у многіх адбываліся сумныя падзеі: смерці блізкіх, разводы. Цяжка было пераносіць тое, што палітычным забараняюць ліставацца з сябрамі, важнымі табе людзьмі, а дазваляюць толькі з блізкімі сваякамі.

Фотаздымак: Белсат

Былы палітвязень: калонія ў Шклове адрозніваецца сваім садызмам

Адзін з дэпартаваных у Літву былых палітвязеняў Віталь Бандарук, распавёў пра катаванні і здзекі, якія ён перажыў у папраўчай калоніі №17 у Шклове, і параўнаў яе з магілёўскай турмой.

«Ластаўка», расцяжка і холад

«ПК-17 адрозніваецца сваім садызмам» – распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Віталь Бандарук. Паводле яго, адміністрацыя калоніі актыўна выкарыстоўвала жорсткае абыходжанне, у тым ліку катаванні холадам у ШІЗА.

Былы зняволены ўзгадвае, што калі яго вадзілі “ластаўкай” яму вывіхнулі руку: вязняў прымушалі ісці ў нахіле з рукамі ў кайданках уверх, і любы рэзкі рух мог прывесці да падзення тварам у зямлю. Асабліва вылучаўся супрацоўнік Прохараў, якога Бандарук называе садыстам.

«Ён ламаў рукі людзям, рэзка падымаў за кайданкі, і чалавек падаў на падлогу. Не раз я чуў крыкі ад іншых вязняў пад маімі дзвярыма», – кажа палітвязень.

У ШІЗА і ПКТ Віталь правёў восем месяцаў. Камеры там нагадвалі халадзільную камеру: падлога выкладзеная пліткай, якая нібыта астуджалася праз спецыяльныя трубкі. «Ногі літаральна прымярзалі да падлогі», – адзначае ён.

Халодныя камеры разбуралі здароўе. Бандарук кажа, што найбольш пакутавалі ногі і суставы: калені ацякалі, узнікалі праблемы з мачавіком, вязні пастаянна бегалі ў прыбіральню ад холаду.

«Спіш на жалезных нарах, якія таксама прамярзаюць. Гэта невыносна. Усе, хто праходзіў праз ШІЗА, потым хадзілі кульгаючы», – узгадвае ён.

Галадоўка і ціск адміністрацыі

На палітвязняў рэгулярна складалі рапарты з надуманых прычын, што адкрывала шлях да новых крымінальных спраў. Пасля аднаго з такіх рапартаў Віталь абвясціў галадоўку.

«Пяць дзён я трымаўся толькі на вадзе. Калі ты вельмі злы, нават есці не хочацца. Потым ужо прыйшла слабасць» – кажа былы палітвязень.

За гэты час адміністрацыя склала на яго 27 рапартаў, аднак пасля гэтага на працягу амаль трох месяцаў Бандарука не чапалі.

Вымагальніцтва і «фонды атрада»

Асобную ўвагу Бандарук звяртае на вымагальніцтва грошай. З яго патрабавалі пералічваць сродкі ў «фонд атрада», але ён адмовіўся. Паводле Бандарука, калі чалавек не плаціць, то яго пераводзяць у турму, а калі плаціць, то “жывеш у шакаладзе: даюць дадатковае тэлефанаванне, ходзіш на ўсе спатканні”.

“Яны перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы, калі ўжываюць сілу, і вымагальніцтва практыкуюць. Сведчанняў у мяне вельмі шмат. Я ведаю людзей, якія тысячамі долараў выплачвалі, каб гэтыя баракі будавалі. Гэтая сістэма працуе ад моманту, як толькі трапляеш у каранцін”, – сведчыць былы палітзняволены.

Калі турма лягчэй за калонію

З-за жорсткіх умоў Бандарук сам папрасіў перавесці яго на турэмны рэжым. Ён адзначае, што ў Магілёве кантраст адчуваўся адразу.

«У ПК-17 нават у душ выводзяць чатыры чалавекі з сабакам. А ў Магілёве канваір адзін вядзе двух зняволеных. І супрацоўнікі не абражаюць палітвязняў», – расказвае Віталь.

Ён дадаў, што ў магілёўскай турме харчаванне было значна лепшае, чым у шклоўскай калоніі. Калі ў ПК-17 ён схуднеў з 125 да 65 кілаграмаў, то пасля пераводу ў Магілёў за год зноў набраў вагу.

Віталь Бандарук падкрэслівае, што шклоўская калонія №17 вылучаецца асаблівай жорсткасцю і сістэмным садызмам. Катаванні холадам, вымагальніцтва грошай, прыніжэнне і здзекі сталі там нормай. У параўнанні з ёй нават магілёўская турма выглядала больш чалавечнаю.

Фотаздымак: Праваабарочнчы цэнтр “Вясна”

Былы палітвязень: горацкая калонія – самая мярзотная зона ў Беларусі

Дэпартаваны ў Літву палітвязень Мікалай Дзядок распавёў пра катаванні, якія спазнаў падчас зняволення, у прыватнасці, ў калоніі №9 у Горках.

Анархіст і блогер Мікалай Дзядок за амаль пяць гадоў за кратамі па палітычных прычынах спазнаў беспрэцэдэнтны ціск, катаванні, бясконцыя штрафныя ізалятары і турэмныя рэжымы ў розных пенітэнцыярных установах Беларусі. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, у горацкай калоніі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) яго ўтрымлівалі каля паўтара месяца. Агулам, паводле падлікаў палітвязня, адзін год з пяці гадоў няволі яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.

“Калі быць дакладным, то за кратамі я правёў роўна чатыры гады і 10 месяцаў. З іх роўна год мяне трымалі ў ШІЗА. Што тычыцца ўмоваў, то, напэўна, ужо ўсе ў Беларусі ведаюць, што такое ШІЗА. Там нічога няма, апроч нейкіх асабістых рэчаў, і таксама ўвесь час холадна. ШІЗА – гэта сапраўдная катавальня холадам. Па законе там не можа быць менш за 18 градусаў. Аднак ніколі не даб’ешся, каб у ШІЗА табе замералі тэмпературу” – распавёў Дзядок.

Нягледзячы на ўсё катаванні, ён адзначае, што зараз няма такога, як у сталінскія часы, калі ў лагер закідвалі палітычнага і ўвесь лагер яго гнабіць. “Агульнага хейта да палітвязняў няма. Я гэтага не пабачыў нават на строгім рэжыме ў горацкай калоніі, дзе я прабыў каля двух тыдняў, а гэта самая мярзотная зона, якая ёсць у Беларусі” – кажа Мікалай Дзядок.

Цяперашні былы палітзняволены быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліку МУС.

У Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада 2021 года Мікалаю Дзядку вынеслі палітычна матываваны прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мікалай не прызнаў віну ні па адным артыкуле.

У судзе Горацкага раёна 28 чэрвеня 2022 года разглядзелі справу “аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму”. Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў. На пачатку ліпеня Міколу перавялі з горацкай калоніі №9 у гарадзенскую турму №1.

11 верасня 2025 года стала вядома, што Міколу Дзядка і яшчэ паўсотні вязняў прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Паднябеннага збіваў начальнік магілёўскай калоніі Лазарэнка, сведчыць былы вязень

Загінуўшы ў магілёўскай калоніі №15 палітвязень Андрэй Паднябенны падчас зняволення спазнаў здзекі і катаванні, сведчаць былыя сядзельцы.

Судовы пераслед і жыццё ў калоніі

Нагадаем, што гамельчука Андрэя Паднябеннага затрымалі 5 лістапада 2021 года. Яго абвінавацілі ў падпале машыны начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў і кіраванні Telegram-каналам, прызнаным «экстрэмісцкім фарміраваннем». Суд вынес цяжкі прысуд: 15 гадоў калоніі, а пазней дадаў яшчэ год і восем месяцаў.

У жніўні-верасні 2023 года Паднябенны трапіў у магілёўскую калонію, дзе хутка апынуўся ў ШІЗА. Паводле сведчанняў былых вязняў, з якімі размаўляла выданне “Наша ніва”, у штрафным ізалятары ён правёў не менш за 50 сутак. Андрэй часта скардзіўся на здароўе, таму імкнуўся атрымаць больш лёгкую працу – прыбіранне тэрыторыі замест працы на вытворчасці. Ён рэгулярна звяртаўся ў медчастку і займаўся фізічнымі практыкаваннямі, каб падтрымаць сябе ў форме.

Сярод іншых вязняў Андрэй карыстаўся павагай, але многія пазбягалі кантактаў з ім праз ярлык «тэрарыста». Аднойчы яго перавялі ў атрад з пераважна пажылымі вязнямі. Перадачы яму часта не дазвалялі, таму іншыя сядзельцы дзяліліся з ім ежай і рэчамі.

Ціск, збіццё і ўспаміны таварышаў

Паводле былых вязняў, Андрэй распавядаў, што былы начальнік калоніі ПК-15 Аляксей Лазарэнка збіваў яго. Нягледзячы на цяжкія ўмовы і частыя пакаранні, ён заставаўся ветлівым і стойкім чалавекам. «Ён верыў і казаў, што будзе ісці да канца. Я плакаў, калі даведаўся пра яго смерць. Ён быў моцны чалавек» – успамінае адзін з яго знаёмых па калоніі.

Аляксей Лазарэнка
Аляксей Лазарэнка

Афіцыйная прычына смерці Паднябеннага – удушша, што звычайна пішуць, калі хочуць паведаміць, што чалавек павесіўся.

Смерць Паднябеннага стала цяжкім ударам для яго блізкіх. У Андрэя засталіся трое дзяцей, а гісторыя яго жыцця стала чарговым сведчаннем жорсткага ціску на палітвязняў у Беларусі.

Фотаздымак: spring96.org

Холад, катаванні і праца: сведчанні вязня шклоўскай калоніі

Былы палітзняволены Мікіта Літвіненка распавёў пра стаўленне адміністрацыі шклоўскай калоніі №17 да палітвязняў, смерць зняволеных праз неаказанне ім медыцынскай дапамогі, а таксама пра працу там.

У верасні 2020 года ў Мінску затрымалі Мікіту Літвіненку, якому тады было 21 год, і яго траіх сяброў, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”. У аснову іх абвінавачвання ляглі прызнанні, напісаныя супрацоўнікамі нібыта ад імя мужчын, аб удзеле ў пратэстах 2020 года. Усяго абвінавачванняў было на шэсць артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Каб іх падпісалі, затрыманым ламалі пальцы на руках. Потым Мікіту і яго сяброў асудзілі да пазбаўлення волі. 

Смерці вязняў і жорсткасць супрацоўнікаў

Адбываць пакаранне, якое яму прызначылі ў выглядзе чатырох гадоў зняволення, мужчына паехаў у шклоўскую калонію №17, дзе ўжо загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Гэта ўстанова вядомая асаблівай жорсткасцю, а палітвязняў там часта выкарыстоўваюць як прыклад «пакарання».

Літвіненка ўзгадвае, што нават за кароткі час стаў сведкам некалькіх смерцяў: «З майго атрада памерла тры чалавекі проста таму, што ім не аказвалі дапамогу. Зразумела, што людзі былі не здаровага ладу жыцця, але пры жаданні ім можна было дапамагчы. Гэта значыць, памералі ціск, далі пігулак, адпусцілі. І так адбывалася некалькі разоў. Потым чалавек схадзіў у лазню, памыўся, мабыць, ціск падняўся. Прыйшоў у медчастку, сказаў, што яму дрэнна, яго адправілі ў атрад, дзе ён памёр».

Ён сцвярджае, што збіцці адбываліся ў «сляпых зонах» калоніі: у калідорах без камер і ў карцары. «Стаўленне адміністрацыі бязлітаснае, ніякага жалю няма. Ёсць толькі пагарда, злосць, пыхлівасць і разуменне таго, што яны могуць рабіць з намі, што захочуць. Збіццё часцей адбываецца ў карцары, асабліва калі там яшчэ не было відэакамер, яшчэ ў пакоях для ператрусу, там, дзе камер няма, ну і ў калідорах, у “сляпых зонах”, дзе яны могуць дубінкамі біць» – кажа былы палітвязень

Зняволеныя, асабліва палітычныя, сутыкаюцца з пастаяннымі пагрозамі і маральным ціскам. Па словах Мікіты, яго рэгулярна прымушалі стаяць у нязручных позах па некалькі гадзін. Ён прызнаецца, што ўдары ад супрацоўнікаў былі звычайнай справай.

Адміністрацыя калоніі выкарыстоўвала любыя дробязі як нагоду для пакарання. Пастаянныя ператрусы, рапарты і пазбаўленне спатканняў сталі часткай штодзённасці палітвязняў.

Жыццё ў ізалятары: холад і знясіленне

Літвіненка правёў восем месяцаў у ізалятары і ПКТ. Ён узгадвае холад і антысанітарыю: «І ў ШІЗА, і ў ПКТ круглы год адчыненае акно, гэта значыць, там пастаянна халодныя скразнякі. Ацяпленне не працуе, а калі працуе, то рэгулюецца супрацоўнікамі і ледзь-ледзь цёплае. У ШІЗА пастаянныя “расцяжкі”. За ўвесь час знаходжання ў Шклове я не памятаю дня, калі ў ШІЗА не знаходзіўся б палітвязень. Я нават не ведаю, як апісаць, як там холадна ў міжсезонне. Гэты холад перарастае ў фізічны боль. У гэты час вельмі вільготна, па сценах цячэ. Немагчыма нават заснуць, бо калоцішся».

Акно ў камерах было заўсёды адчынена, ацяпленне не працавала. Сцены пакрывала вільгаць, таму вязні часта не маглі спаць. Як распавядае Літвіненка, начальнік забараніў нават споднюю бялізну, хоць закон дазваляе яе ў зімовы перыяд.

Штрафны ізалятар меў мінімальныя ўмовы: кавалак мыла, шчотку і тэпцікі. У ПКТ дазвалялі кнігі і пісьмовыя прылады, але гэта не палягчала цяжкасці. Пастаянныя «расцяжкі» і абмежаванні выкарыстоўваліся як сродак псіхалагічнага ціску.

Паводле Літвіненкі, адміністрацыя свядома пазбаўляла палітвязняў медыцынскай дапамогі. Са словаў мужчыны, на працу зняволеным даводзіцца хадзіць нават падчас хваробы. Звычайна могуць проста даць таблеткі, “калі пашанцуе – на дзень бальнічны”. 

“Стаматолаг у калоніі ёсць, і нават стаматалагічнае абсталяванне, гэта значыць могуць паставіць часовую пломбу, напрыклад. Але да яго проста не патрапіць, бо вельмі вялікія чэргі. Каб да яго запісацца, трэба прабіваць дарогу, а гэта значыць – прыцягваць да сябе ўвагу. А калі гэта палітвязень, то гэта не вельмі добра. Таму што прыцягненне ўвагі да сябе – прамая дарога ў карцар” – кажа ён.

Цяжкая праца і новы прысуд

Палітвязняў прымушалі працаваць: разбіраць метал, паліць тэлефонныя кабелі, калоць дровы. Пры гэтым аховы працы не існавала. “На працы там я спачатку збіваў паддоны, а потым чысціў алюмініевыя кольцы. Зразумела, што ад такой працы была вельмі моцная стомленасць. Пастаянны бруд, смаркаешся чорным, бо там проста няма чым дыхаць, няма працоўнага адзення, няма дзе памыцца, няма дзе праць рэчы” – узгадвае Літвіненка.

У лістападзе 2023 года Мікіту асудзілі яшчэ на год па арт. 411 за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Падчас этапавання ў ПК-9 у Горках ён адчуў розніцу: рэжым быў мякчэйшы, але праца заставалася цяжкай і знясільваючай.

10 сакавіка 2025 года мужчына выйшаў пад прэвентыўны нагляд. Ён абавязаны быў адзначацца ў міліцыі і працаваць. «А 22:01 мне ўжо званіла ў дзверы міліцыя і правярала, ці дома я» – кажа ён.

Адразу пасля вызвалення Мікіта Літвіненка пакінуў Беларусь. Сёння ён у бяспецы і працягвае распавядаць пра катаванні і жорсткасць беларускіх турмаў.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Праваабронцы анансавалі новае расследаванне аб катаваннях у шклоўскай калоніі

Новае грамадскае расследаванне аб сістэматычных катаваннях, здзеках і рабскай працы ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе гінуць палітвязні, плануецца прадставіць 24 чэрвеня.

Як паведамляе MediaPort Belarus, новае грамадскае расследаванне прадставяць Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Дакумент грунтуецца на 18 глыбінных інтэрв’ю з былымі палітвязнямі, якія адбывалі пакаранне ў гэтай калоніі са снежня 2020 па чэрвень 2024 года.

Падчас анлайн-прэзентацыі на платформе ZOOM будуць агучаныя ключавыя высновы:

  • новыя сведчанні і падрабязнасці гібелі Вітольда Ашурка — палітычнага актывіста, які памёр у ПК №17 пры загадкавых абставінах;
  • фізічны і псіхалагічны гвалт над палітвязнямі;
  • «мецэнацтва» як схема вымагання грошай у асуджаных;
  • прымусовая праца ў інтарэсах ваенных ведамстваў Расіі;
  • функцыянаванне нефармальнай турэмнай іерархіі з удзелам адміністрацыі ўстановы.

Як указваюць арганізатары, анлайн-прэзентацыя носіць закрыты характар і прызначана для СМІ. Для ўдзелу ў ёй патрабуецца рэгістрацыя.

Пасля прэзентацыі, якая запланавана на 11:00 па менскім часе 24 чэрвеня, удзельнікі змогуць задаць пытанні аўтарам расследавання і атрымаць дадатковую інфармацыю для сваіх матэрыялаў.

Нагадаем, што зараз вядома аб смерцях двух палітвязняў у шклоўскай папараўчай калоніі №17. Так, у траўні гэтага года прыйшла вестка аб тым, што памёр Валянцін Штэрмер. Ён быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за тое, што каментаваў агрэсію Расіі супраць Украіны, асуджаючы расійскае ўварванне. Па звестках, Штэрмер быў вельмі слабы, пасля інсульту, але ў калоніі яго кінулі ў штрафны ізалятар.

21 траўня 2021 года ў гэтай жа калоніі пры невысветленых абставінах загінуў Вітольд Ашурак – першы беларускі палітвязень, які стаў ахвярай нечалавечага абыходжання ў зняволенні. У гонар Вітольда Ашурка дэмакратычная беларуская супольнасць адзначае 21 траўня Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Фотаздымак: MediaPort Belarus

Былы палітвязень распавёў гісторыю катаванняў у бабруйскай калоніі

Былы палітвязень Ілля Бохан распавёў пра тое, як за кратамі ў бабруйскай калоніі №2 палітычных зняволеных крок за крокам пазбаўляюць чалавечых умоў: ад забароны на адукацыю да спання на голых дошках у халодных камерах.

Ілля правёў некалькі гадоў у бабруйскай папраўчай калоніі і называе яе адной з самых цяжкіх для палітвязняў. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, яшчэ ў 2022 годзе сітуацыя была больш-менш прымальнай: зняволеным дазвалялі атрымаць адукацыю, наведваць бібліятэку, хадзіць у царкву і нават гуляць у футбол. Але ўжо праз год для палітычных вязняў пачаліся татальныя абмежаванні: забаранілі ўсе гурткі, адклікалі аплачаныя курсы і пачалі масава чысціць паліцы бібліятэк ад «няправільных» кніг, асабліва гістарычных і польскамоўных.

«Некаторыя за свае грошы запісаліся на курсы ЕШКО, але іх проста выкраслілі з усіх спісаў», — узгадвае Ілля.

Працоўныя будні: холад, штрафы і пустыя кішэні

Ілля працаваў на ўчастку перапрацоўкі сырой гумы з «Белшыны». Гуму трэба было здабываць самастойна, бо брыгадзір адмаўляўся яе выдаваць палітвязням. Як вынік — пастаянна не выконвалася норма. За гэта адміністрацыя накладала штрафы і «прэсавала».

Пальчаткі выдавалі толькі раз на месяц, і яны рваліся ўжо праз некалькі дзён. Узімку ў вялікім двухпавярховым цэху быў ледзь не мароз. Пры гэтым зарплату за цяжкую працу зняволеныя амаль не бачылі: у месяц — капейкі, якія нават не траплялі на рукі.

Замест лекаў — таблетка ібупрафену

З медыцынскай дапамогай было яшчэ горш. «Усе твае хваробы лячылі адной таблеткай ібупрафену», — кажа Ілля. Пашкоджаная на гульні нага не стала падставай для вызвалення ад працы: праз дзень пасля траўмы Ілля з мыліцамі мусіў прыходзіць у цэх.

«Калі толькі паміраеш, тады могуць даць бальнічны. Зубны лекар наогул адмаўляўся лячыць — толькі вырываць», — з чорнай іроніяй кажа ён.

Штрафны ізалятар: смурод, цвіль і дошкі замест ложка

Аператыўнікі ў калоніі вырашалі, як «зламаць» палітвязняў псіхалагічна. Пагрозы «крытай турмы», новай крымінальнай справы ці «петушатні» былі штодзённай зброяй ціску.

Незадоўга да вызвалення Ілля правёў у штрафным ізалятары 42 дні. Афіцыйная прычына — нібыта парушэнне рэжыму і мат у адрас начальніка атрада. Камера ШІЗА — гэта некалькі крокаў у даўжыню, смурод і цвіль, драўляная падлога і дошка замест ложка.

«Першыя 15 дзён я думаў, што звар’яцею. Потым зразумеў: трэба проста дацягнуць да вызвалення», — кажа Ілля.

«Сёння ў Бабруйску сядзець яшчэ горш»

Зняволеным не дазваляюць мець стасункі паміж сабой, дзяліцца рэчамі, нават піць разам гарбату. Палітвязняў могуць пасадзіць у ШІЗА за любую дробязь — за размову, за кубак чаю, ці проста за «проста так».

Ілля ўспамінае, што падчас ягонага тэрміну ў штрафніках трымалі і іншых вядомых палітычных вязняў — Эдуарда Бабарыку, Ігара Салаўя.

«Цяпер умовы яшчэ горшыя, — кажа ён. — Былы вязень, які нядаўна выйшаў, казаў: «Там цяпер проста немагчыма сядзець». І я веру кожнаму слову».

Даведка “Вясны”:

Ілля Аляксандравіч Бохан — фігурант справы аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу), узбуджанай па падзеях у Пінску ў ноч пасля выбараў 9 жніўня. 

У судзе Ленінскага раёна Брэста 21 кастрычніка 2021 года вынеслі прысуды двум фігурантам “пінскай справы”. Палітзняволенага Іллю Бохана і Сцяпана Дразда суддзя Андрэй Грушко прызнаў вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і асудзіў да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі адпаведна. Менавіта такое пакаранне запрасіла для іх пракурорка Алена Ціхановіч. Гэта ўжо трэцяя асуджаная група па “пінскай справе” — агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Пінску з 9 на 10 жніўня пазбавілі волі 26 чалавек. 

У сярэдзіне лютага 2022 праваабаронцам стала вядома, што Ілля быў пераведзены з СІЗА-7 у бабруйскую ПК № 2. Быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Выйшаў на волю 17 красавіка 2024 г. Зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”