Журналісты знайшлі месца жыхарства турэмшчыка-садыста з Бабруйска

Нямецкія журналісты знайшлі дом Дзмітрыя Шынвізэ, які перабраўся ў Германію пасля службы ў бабруйскай калоніі №2.

Былы супрацоўнік пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі Дзмітрый Шынвізэ, вядомы як адзін з кіраўнікоў бабруйскай калоніі №2, пасля пераезду ў Германію аказаўся ў цэнтры ўвагі міжнародных медыя. Журналісты нямецкага выдання Welt am Sonntag змаглі вызначыць яго месца жыхарства ў горадзе Шверын.

Паводле іх звестак, Шынвізэ, які раней узначальваў аператыўна-рэжымную частку калоніі, скарыстаўся нямецкімі каранямі і атрымаў статус «позняга перасяленца». Пасля гэтага ён змяніў імя на Dimitri Schönwiese і разам з жонкай пераехаў у федэральную зямлю Мекленбург – Пярэдняя Памеранія, дзе вёў непублічнае жыццё.

Аднак ананімнасць аказалася часовай. Раней пра яго паведамляла выданне «Наша Ніва», а пазней расследаваннем зацікавіліся і нямецкія журналісты. Яны наведалі дом Шынвізэ, аднак сам ён на кантакт не пайшоў: дзверы адчыніла яго жонка, якая пасля размовы патэлефанавала мужу. Той забараніў перадаваць журналістам свае кантактныя дадзеныя і не адказаў на пісьмовыя запыты.

Паводле сведчанняў былых зняволеных, якіх цытуе «Наша Ніва», Шынвізэ характарызуецца як чалавек, які праяўляў асаблівую жорсткасць у адносінах да асуджаных. Яго нават называюць «кончаным садыстам».

Тым часам нямецкія праваахоўныя органы ўжо звярнулі ўвагу на гэтую гісторыю. Федэральнае крымінальнае ведамства Германіі распачало праверку «абставін і магчымага ўдзелу дадзенай асобы ў патэнцыйных злачынствах супраць чалавечнасці». Вынікі расследавання пакуль не агучаныя, як і не паведамляецца, ці працягваецца яно.

Фотаздымак: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”

Паліцыя Германіі занялася турэмшчыкам-садыстам з Бабруйска

Нямецкія ўлады распачалі праверку ў дачыненні да экс-начальніка аператыўна-рэжымнай часткі папраўчай калоніі №2 у Бабруйску Дзмітрыя Шынвізэ.

Як паведамляе ініцыятыва BELPOL, яна атрымала адказ ад Федэральнага міністэрства юстыцыі Германіі. У ім паведамляецца, што атрыманыя раней ад BELPOL матэрыялы перададзеныя ў Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі. На гэты момант ведамства праводзіць праверку і расследуе магчымую датычнасць Шынвізэ да злачынстваў супраць чалавечнасці.

“Мы просім пацярпелых ад дзеянняў Дзмітрыя Шынвізэ, а таксама сведак звяртацца да нас у Telegram: @infobeLpoL або па электроннай пошце: [email protected]. Любая інфармацыя важная для аператыўнага дакументавання фактаў катаванняў і жорсткага абыходжання і будзе выкарыстана ў рамках далейшага расследавання” – гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што ў звароце BELPOL да нямецкай юстыцыі ўтрымлівалася апісанне меркаванай датычнасці Шынвізэ да катаванняў і жорсткага абыходжання з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. BELPOL таксама перадаў нямецкаму боку ўсе дакументы, якімі валодае арганізацыя, а таксама кантакты людзей, што пацярпелі ад дзеянняў Дзмітрыя Шынвізэ.

Паводле звестак BELPOL, Дзмітрый «Рудольф» Шынвізэ займаў пасаду начальніка аператыўна-рэжымнай часткі папраўчай калоніі №2 у Бабруйску. Менавіта пры яго ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам, як сцвярджаецца, у калоніі ствараліся невыносныя ўмовы ўтрымання, ужываліся метады ціску, прыніжэння і жорсткага абыходжання ў дачыненні да сотняў палітычных зняволеных.

Нягледзячы на гэта, Шынвізэ на працягу доўгага часу пражывае ў Германіі і дагэтуль не сутыкнуўся з прававымі наступствамі. Цяпер жа ягоная роля ў падзеях у Бабруйскай калоніі стала прадметам увагі нямецкіх праваахоўных органаў.

Калаж: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”

Беларусы ў Варшаве і Вільні патрабуюць ад Германіі пакарання для садыста з Бабруйска

Каля амбасады Германіі ў Варшаве прайшоў пікет з патрабаваннем прыцягнення да адказанасці экс-турэмшчыка з Бабруйска Дзмітрыя Шынвізэ, які пераехаў у ФРГ.

Дзмітрый Шынвізэ, працуючы начальнікам аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 Бабруйска, непасрэдна займаўся фізічным і псіхалагічным гвалтам над палітвязнямі. А пасля звальнення з працы атрымаў нямецкія дакументы па праграме рэпатрыяцыі і спакойна жыве ў дэмакратычнай Германіі.

Арганізатарам акцыі, у якой 4 кастрычніка ўзялі ўдзел каля 20 чалавек, выступіла міжнародная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў “Рух” пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да Волі”. 3-га кастрычніка падобны пікет праходзіў каля нямецкай амбасады ў Вільні.

Удзельнікі пікету ў Варшаве мелі намер перадаць у амбасаду зварот на адрас урада ФРГ, аднак ахова дыппрадстаўніцтва яго не прыняла, спаслаўшыся на выходны дзень, і параіла прынесці дакумент 6 кастрычніка альбо выслаць праз пошту.

Адносна Шынвізэ, як адзначана ў звароце, маюцца абгрунтаваныя падазрэнні, што ён “здзяйсняў катаванні” і дапусціў “іншыя цяжкія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”, піша выданне “Позірк”.

“Згодна з паведамленнямі СМІ, ён, як мяркуецца, атрымаў нямецкія дакументы як позні перасяленец (статус, які дае права на нямецкае грамадзянства адразу пасля прыбыцця ў краіну) і цяпер, верагодна, пражывае пад імем Дзімітрый Шонвізе (Dimitri Schönwiese) у Шверыне. – гаворыцца ў дакуменце – Сведчанні беларускіх палітвязняў пацвярджаюць сістэматычныя кпіны, а таксама іншыя псіхалагічныя і фізічныя акты гвалту, здзейсненыя Шынвізэ ў калоніі № 2″.

“Гэтыя дзеянні кваліфікуюцца як катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, якія могуць разглядацца як злачынствы супраць чалавечнасці і ў Германіі могуць пераследавацца на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі ў адпаведнасці з параграфам № 7 Закона аб злачынствах супраць міжнароднага права (VStGB)” – адзначана ў звароце.

У сувязі з гэтым падпісанты дакумента патрабуюць абавязаць Федэральную пракуратуру і профільныя аддзелы Федэральнага ўпраўлення крымінальнай паліцыі “ініцыяваць папярэдняе расследаванне і распачаць вытворчасць паводле VStGB (уключаючы эпізоды катаванняў і незаконных пакаранняў), выкарыстоўваючы доказы і сведкавыя паказанні пацярпелых і праваабарончых арганізацый”.

Падпісанты звароту таксама патрабуюць “забяспечыць абарону сведкаў і ахвяр, якія пражываюць у Еўразвязе, а таксама гарантаваць абмен матэрыяламі з адпаведнымі механізмамі ААН, у прыватнасці з Камітэтам супраць катаванняў”.

Пра тое, што экс-турэмшчык Шынвізэ пераехаў у Германію, мае статус позняга перасяленца на падставе нямецкіх каранёў, 13 жніўня паведаміла “Наша ніва”. Сярод іншага медыя прывяло сведчанні былых вязняў, якія зазналі жорсткае абыходжанне з боку згаданай асобы.

Калаж: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”