Шонвізэ

Беларусы ў Варшаве і Вільні патрабуюць ад Германіі пакарання для садыста з Бабруйска

Каля амбасады Германіі ў Варшаве прайшоў пікет з патрабаваннем прыцягнення да адказанасці экс-турэмшчыка з Бабруйска Дзмітрыя Шынвізэ, які пераехаў у ФРГ.

Дзмітрый Шынвізэ, працуючы начальнікам аператыўна-рэжымнай часці калоніі №2 Бабруйска, непасрэдна займаўся фізічным і псіхалагічным гвалтам над палітвязнямі. А пасля звальнення з працы атрымаў нямецкія дакументы па праграме рэпатрыяцыі і спакойна жыве ў дэмакратычнай Германіі.

Арганізатарам акцыі, у якой 4 кастрычніка ўзялі ўдзел каля 20 чалавек, выступіла міжнародная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў “Рух” пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да Волі”. 3-га кастрычніка падобны пікет праходзіў каля нямецкай амбасады ў Вільні.

Удзельнікі пікету ў Варшаве мелі намер перадаць у амбасаду зварот на адрас урада ФРГ, аднак ахова дыппрадстаўніцтва яго не прыняла, спаслаўшыся на выходны дзень, і параіла прынесці дакумент 6 кастрычніка альбо выслаць праз пошту.

Адносна Шынвізэ, як адзначана ў звароце, маюцца абгрунтаваныя падазрэнні, што ён “здзяйсняў катаванні” і дапусціў “іншыя цяжкія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”, піша выданне “Позірк”.

“Згодна з паведамленнямі СМІ, ён, як мяркуецца, атрымаў нямецкія дакументы як позні перасяленец (статус, які дае права на нямецкае грамадзянства адразу пасля прыбыцця ў краіну) і цяпер, верагодна, пражывае пад імем Дзімітрый Шонвізе (Dimitri Schönwiese) у Шверыне. – гаворыцца ў дакуменце – Сведчанні беларускіх палітвязняў пацвярджаюць сістэматычныя кпіны, а таксама іншыя псіхалагічныя і фізічныя акты гвалту, здзейсненыя Шынвізэ ў калоніі № 2″.

“Гэтыя дзеянні кваліфікуюцца як катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, якія могуць разглядацца як злачынствы супраць чалавечнасці і ў Германіі могуць пераследавацца на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі ў адпаведнасці з параграфам № 7 Закона аб злачынствах супраць міжнароднага права (VStGB)” – адзначана ў звароце.

У сувязі з гэтым падпісанты дакумента патрабуюць абавязаць Федэральную пракуратуру і профільныя аддзелы Федэральнага ўпраўлення крымінальнай паліцыі “ініцыяваць папярэдняе расследаванне і распачаць вытворчасць паводле VStGB (уключаючы эпізоды катаванняў і незаконных пакаранняў), выкарыстоўваючы доказы і сведкавыя паказанні пацярпелых і праваабарончых арганізацый”.

Падпісанты звароту таксама патрабуюць “забяспечыць абарону сведкаў і ахвяр, якія пражываюць у Еўразвязе, а таксама гарантаваць абмен матэрыяламі з адпаведнымі механізмамі ААН, у прыватнасці з Камітэтам супраць катаванняў”.

Пра тое, што экс-турэмшчык Шынвізэ пераехаў у Германію, мае статус позняга перасяленца на падставе нямецкіх каранёў, 13 жніўня паведаміла “Наша ніва”. Сярод іншага медыя прывяло сведчанні былых вязняў, якія зазналі жорсткае абыходжанне з боку згаданай асобы.

Калаж: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”

← Усе навіны Магілёва