Холад, катаванні і праца: сведчанні вязня шклоўскай калоніі

Былы палітзняволены Мікіта Літвіненка распавёў пра стаўленне адміністрацыі шклоўскай калоніі №17 да палітвязняў, смерць зняволеных праз неаказанне ім медыцынскай дапамогі, а таксама пра працу там.

У верасні 2020 года ў Мінску затрымалі Мікіту Літвіненку, якому тады было 21 год, і яго траіх сяброў, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”. У аснову іх абвінавачвання ляглі прызнанні, напісаныя супрацоўнікамі нібыта ад імя мужчын, аб удзеле ў пратэстах 2020 года. Усяго абвінавачванняў было на шэсць артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Каб іх падпісалі, затрыманым ламалі пальцы на руках. Потым Мікіту і яго сяброў асудзілі да пазбаўлення волі. 

Смерці вязняў і жорсткасць супрацоўнікаў

Адбываць пакаранне, якое яму прызначылі ў выглядзе чатырох гадоў зняволення, мужчына паехаў у шклоўскую калонію №17, дзе ўжо загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Гэта ўстанова вядомая асаблівай жорсткасцю, а палітвязняў там часта выкарыстоўваюць як прыклад «пакарання».

Літвіненка ўзгадвае, што нават за кароткі час стаў сведкам некалькіх смерцяў: «З майго атрада памерла тры чалавекі проста таму, што ім не аказвалі дапамогу. Зразумела, што людзі былі не здаровага ладу жыцця, але пры жаданні ім можна было дапамагчы. Гэта значыць, памералі ціск, далі пігулак, адпусцілі. І так адбывалася некалькі разоў. Потым чалавек схадзіў у лазню, памыўся, мабыць, ціск падняўся. Прыйшоў у медчастку, сказаў, што яму дрэнна, яго адправілі ў атрад, дзе ён памёр».

Ён сцвярджае, што збіцці адбываліся ў «сляпых зонах» калоніі: у калідорах без камер і ў карцары. «Стаўленне адміністрацыі бязлітаснае, ніякага жалю няма. Ёсць толькі пагарда, злосць, пыхлівасць і разуменне таго, што яны могуць рабіць з намі, што захочуць. Збіццё часцей адбываецца ў карцары, асабліва калі там яшчэ не было відэакамер, яшчэ ў пакоях для ператрусу, там, дзе камер няма, ну і ў калідорах, у “сляпых зонах”, дзе яны могуць дубінкамі біць» – кажа былы палітвязень

Зняволеныя, асабліва палітычныя, сутыкаюцца з пастаяннымі пагрозамі і маральным ціскам. Па словах Мікіты, яго рэгулярна прымушалі стаяць у нязручных позах па некалькі гадзін. Ён прызнаецца, што ўдары ад супрацоўнікаў былі звычайнай справай.

Адміністрацыя калоніі выкарыстоўвала любыя дробязі як нагоду для пакарання. Пастаянныя ператрусы, рапарты і пазбаўленне спатканняў сталі часткай штодзённасці палітвязняў.

Жыццё ў ізалятары: холад і знясіленне

Літвіненка правёў восем месяцаў у ізалятары і ПКТ. Ён узгадвае холад і антысанітарыю: «І ў ШІЗА, і ў ПКТ круглы год адчыненае акно, гэта значыць, там пастаянна халодныя скразнякі. Ацяпленне не працуе, а калі працуе, то рэгулюецца супрацоўнікамі і ледзь-ледзь цёплае. У ШІЗА пастаянныя “расцяжкі”. За ўвесь час знаходжання ў Шклове я не памятаю дня, калі ў ШІЗА не знаходзіўся б палітвязень. Я нават не ведаю, як апісаць, як там холадна ў міжсезонне. Гэты холад перарастае ў фізічны боль. У гэты час вельмі вільготна, па сценах цячэ. Немагчыма нават заснуць, бо калоцішся».

Акно ў камерах было заўсёды адчынена, ацяпленне не працавала. Сцены пакрывала вільгаць, таму вязні часта не маглі спаць. Як распавядае Літвіненка, начальнік забараніў нават споднюю бялізну, хоць закон дазваляе яе ў зімовы перыяд.

Штрафны ізалятар меў мінімальныя ўмовы: кавалак мыла, шчотку і тэпцікі. У ПКТ дазвалялі кнігі і пісьмовыя прылады, але гэта не палягчала цяжкасці. Пастаянныя «расцяжкі» і абмежаванні выкарыстоўваліся як сродак псіхалагічнага ціску.

Паводле Літвіненкі, адміністрацыя свядома пазбаўляла палітвязняў медыцынскай дапамогі. Са словаў мужчыны, на працу зняволеным даводзіцца хадзіць нават падчас хваробы. Звычайна могуць проста даць таблеткі, “калі пашанцуе – на дзень бальнічны”. 

“Стаматолаг у калоніі ёсць, і нават стаматалагічнае абсталяванне, гэта значыць могуць паставіць часовую пломбу, напрыклад. Але да яго проста не патрапіць, бо вельмі вялікія чэргі. Каб да яго запісацца, трэба прабіваць дарогу, а гэта значыць – прыцягваць да сябе ўвагу. А калі гэта палітвязень, то гэта не вельмі добра. Таму што прыцягненне ўвагі да сябе – прамая дарога ў карцар” – кажа ён.

Цяжкая праца і новы прысуд

Палітвязняў прымушалі працаваць: разбіраць метал, паліць тэлефонныя кабелі, калоць дровы. Пры гэтым аховы працы не існавала. “На працы там я спачатку збіваў паддоны, а потым чысціў алюмініевыя кольцы. Зразумела, што ад такой працы была вельмі моцная стомленасць. Пастаянны бруд, смаркаешся чорным, бо там проста няма чым дыхаць, няма працоўнага адзення, няма дзе памыцца, няма дзе праць рэчы” – узгадвае Літвіненка.

У лістападзе 2023 года Мікіту асудзілі яшчэ на год па арт. 411 за «непадпарадкаванне адміністрацыі». Падчас этапавання ў ПК-9 у Горках ён адчуў розніцу: рэжым быў мякчэйшы, але праца заставалася цяжкай і знясільваючай.

10 сакавіка 2025 года мужчына выйшаў пад прэвентыўны нагляд. Ён абавязаны быў адзначацца ў міліцыі і працаваць. «А 22:01 мне ўжо званіла ў дзверы міліцыя і правярала, ці дома я» – кажа ён.

Адразу пасля вызвалення Мікіта Літвіненка пакінуў Беларусь. Сёння ён у бяспецы і працягвае распавядаць пра катаванні і жорсткасць беларускіх турмаў.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”