Мікола Дзядок распачаў серыю ролікаў пра магілёўскае СІЗА

Палітзняволены анархіст, блогер і палічычны аналітык Мікола Дзядок размясціў на сваім YouTube-канале новае відэа пра норавы, побыт і ўмовы жыцця ў магілёўскай вязніцы. 

Першы ролік з новага турэмнага серыяла Мікалая Дзядка называецца “Помста каракулевых шапак”. Своеасаблівасці расповедам Дзядка надае той факт, што некалькі гадоў таму ён выпусціў сваю першую серыю ролікаў, у якіх падрабязна распавядаў пра магілёўскую “крытую” турму №4, у якой блогер адсядзеў два з паловай гады ў якасці палітзняволенага ў 2012-2015 гадах. Кіраўніцтва турмы, “прадольныя” і іншыя супрацоўнікі адміністрацыі магілёўскай пенітэнцыярнай установы ўжо былі знаёмыя з матэрыяламі блогера і сустракалі яго ў сценах сваёй установы адпаведна. Пастаянныя прыцясненні, прыдзіркі, ціск і дробныя подласці, калі турэмшчыкі самі скідвалі смецце на падлогу і тут жа каралі зняволеных за дрэнную ўборку – новыя турэмныя гісторыі Мікалая Дзядка можна паслухаць па гэтай спасылцы. Усяго палітзняволены абяцае тры ролікі прысвяціць магілёўскаму СІЗА.

Гульня на смерць і сэксуальны гвалт

Папярэдняя серыя ролікаў пра магілёўскую турму налічвала дзесяць ролікаў плюс пасляслоўе. Дзядок пачаў яе ў лютым 2020 года, давёў да дзевяці выпускаў, а два апошніх відэа запісаў ужо ў 2025 годзе, пасля чарговай адсідкі за палітычную актыўнасць у 2020 годзе. 

Відэа Міколы Дзядка пра магілёўскую крытую турму збіралі па некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў. Асабліва папулярнымі сталі ролікі пра гульню на смерць у магілёўскім СІЗА ў 2012 годзе, пра прымусовы сэкс за кратамі, альбо, напрыклад, з такой гаваркой назвай: “Как сожрать сокамерника“.

Фота: скрыншот з YouTube-канала Radix

Былы палітвязень: горацкая калонія – самая мярзотная зона ў Беларусі

Дэпартаваны ў Літву палітвязень Мікалай Дзядок распавёў пра катаванні, якія спазнаў падчас зняволення, у прыватнасці, ў калоніі №9 у Горках.

Анархіст і блогер Мікалай Дзядок за амаль пяць гадоў за кратамі па палітычных прычынах спазнаў беспрэцэдэнтны ціск, катаванні, бясконцыя штрафныя ізалятары і турэмныя рэжымы ў розных пенітэнцыярных установах Беларусі. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, у горацкай калоніі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) яго ўтрымлівалі каля паўтара месяца. Агулам, паводле падлікаў палітвязня, адзін год з пяці гадоў няволі яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.

“Калі быць дакладным, то за кратамі я правёў роўна чатыры гады і 10 месяцаў. З іх роўна год мяне трымалі ў ШІЗА. Што тычыцца ўмоваў, то, напэўна, ужо ўсе ў Беларусі ведаюць, што такое ШІЗА. Там нічога няма, апроч нейкіх асабістых рэчаў, і таксама ўвесь час холадна. ШІЗА – гэта сапраўдная катавальня холадам. Па законе там не можа быць менш за 18 градусаў. Аднак ніколі не даб’ешся, каб у ШІЗА табе замералі тэмпературу” – распавёў Дзядок.

Нягледзячы на ўсё катаванні, ён адзначае, што зараз няма такога, як у сталінскія часы, калі ў лагер закідвалі палітычнага і ўвесь лагер яго гнабіць. “Агульнага хейта да палітвязняў няма. Я гэтага не пабачыў нават на строгім рэжыме ў горацкай калоніі, дзе я прабыў каля двух тыдняў, а гэта самая мярзотная зона, якая ёсць у Беларусі” – кажа Мікалай Дзядок.

Цяперашні былы палітзняволены быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліку МУС.

У Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада 2021 года Мікалаю Дзядку вынеслі палітычна матываваны прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мікалай не прызнаў віну ні па адным артыкуле.

У судзе Горацкага раёна 28 чэрвеня 2022 года разглядзелі справу “аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму”. Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў. На пачатку ліпеня Міколу перавялі з горацкай калоніі №9 у гарадзенскую турму №1.

11 верасня 2025 года стала вядома, што Міколу Дзядка і яшчэ паўсотні вязняў прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”