Дэпартаваны ў Літву палітвязень Мікалай Дзядок распавёў пра катаванні, якія спазнаў падчас зняволення, у прыватнасці, ў калоніі №9 у Горках.
Анархіст і блогер Мікалай Дзядок за амаль пяць гадоў за кратамі па палітычных прычынах спазнаў беспрэцэдэнтны ціск, катаванні, бясконцыя штрафныя ізалятары і турэмныя рэжымы ў розных пенітэнцыярных установах Беларусі. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, у горацкай калоніі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) яго ўтрымлівалі каля паўтара месяца. Агулам, паводле падлікаў палітвязня, адзін год з пяці гадоў няволі яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.
“Калі быць дакладным, то за кратамі я правёў роўна чатыры гады і 10 месяцаў. З іх роўна год мяне трымалі ў ШІЗА. Што тычыцца ўмоваў, то, напэўна, ужо ўсе ў Беларусі ведаюць, што такое ШІЗА. Там нічога няма, апроч нейкіх асабістых рэчаў, і таксама ўвесь час холадна. ШІЗА – гэта сапраўдная катавальня холадам. Па законе там не можа быць менш за 18 градусаў. Аднак ніколі не даб’ешся, каб у ШІЗА табе замералі тэмпературу” – распавёў Дзядок.
Нягледзячы на ўсё катаванні, ён адзначае, што зараз няма такога, як у сталінскія часы, калі ў лагер закідвалі палітычнага і ўвесь лагер яго гнабіць. “Агульнага хейта да палітвязняў няма. Я гэтага не пабачыў нават на строгім рэжыме ў горацкай калоніі, дзе я прабыў каля двух тыдняў, а гэта самая мярзотная зона, якая ёсць у Беларусі” – кажа Мікалай Дзядок.
Цяперашні былы палітзняволены быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліку МУС.
У Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада 2021 года Мікалаю Дзядку вынеслі палітычна матываваны прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мікалай не прызнаў віну ні па адным артыкуле.
У судзе Горацкага раёна 28 чэрвеня 2022 года разглядзелі справу “аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму”. Суддзя Станіслаў Ляшэнка пастанавіў перавесці Мікалая на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады і 10 месяцаў. На пачатку ліпеня Міколу перавялі з горацкай калоніі №9 у гарадзенскую турму №1.
11 верасня 2025 года стала вядома, што Міколу Дзядка і яшчэ паўсотні вязняў прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”