Палітвязень пра Шклоўскую калонію: замарожвалі, білі, фабрыкавалі парушэнні

Вызвалены ў снежні 2025 года палітвязень Ігар распавёў пра сістэмныя катаванні, ізаляцыю ў холадзе, фізічны гвалт і масавую фабрыкацыю дысцыплінарных спагнанняў у Папраўчай калоніі №17 у Шклове.

Каранцін як інструмент ціску

Ігара асудзілі ў 2023 годзе па шэрагу палітычных артыкулаў да пяці гадоў зняволення.  Пасля этапавання ў шклоўскую калонію № 17 Ігара, як і іншых, змясцілі ў каранцін, адкуль ён выйшаў з дзевяццю дысцыплінарнымі парушэннямі. Пра гэта мужчына распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.  Паводле яго, усе спагнанні мелі фармальны характар і выкарыстоўваліся як механізм далейшай ізаляцыі. Сам палітвязень адзначае, што падобная колькасць рапартаў лічыцца «сярэднім» паказчыкам, паколькі многіх вязняў накіроўваюць у ШІЗА непасрэдна з каранціну.

Ігар сцвярджае, што ў атрадзе дзейнічала практыка вынясення рапартаў за спосаб маўлення і фармулёўкі адказаў. У прыватнасці, зняволеных каралі за выказванні, якія адміністрацыя трактавала як «падтрымку крымінальнай субкультуры». Нават выкарыстанне юрыдычна карэктных фармулёвак, паводле суразмоўцы, станавілася падставай для змяшчэння ў штрафны ізалятар.

ШІЗА: холад і дэпрывацыя

У агульнай складанасці палітвязень правёў каля месяца ў штрафным ізалятары. Першыя пяць сутак ШІЗА яму прызначылі за тое, што нібыта не павітаўся з супрацоўнікам калоніі. Узімку Ігара трымалі аднаго ў трохмеснай камеры без пасцельнай бялізны пры тэмпературы ніжэй за +10 градусаў.

Паводле яго, камеру штодзённа праветрывалі, пакідаючы вокны адчыненымі на ўвесь дзень, што прыводзіла да поўнага вымярзання памяшкання. Адзінай крыніцай цяпла заставаліся ацяпляльныя трубы.

Адно са змяшчэнняў у штрафны ізалятар на 15 сутак, як мяркуе Ігар, было звязанае са спробай перадаць ліст на волю. Мужчына распавёў, што перад накіраваннем у ШІЗА яго цалкам распранулі, змясцілі ў клетку на КПП і пакінулі на марозе пры тэмпературы каля -10 градусаў.

Праз некалькі гадзін, калі стан зняволенага істотна пагоршыўся, яго перавялі ў ізалятар, дзе ўмовы ўтрымання, паводле яго, засталіся экстрэмальнымі.

Фізічны гвалт у ПКТ

Пасля серыі пакаранняў у ШІЗА палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу, дзе, як ён сцвярджае, да зняволеных ужываўся фізічны гвалт. Паводле яго, зняволеных ставілі на «расцяжку» і наносілі ўдары па нагах, правакуючы супраціў.

У выніку аднаго з такіх эпізодаў Ігар атрымаў вывіх пляча. З-за адсутнасці належнай медыцынскай дапамогі і дрэнных умоваў утрымання, траўма не загаілася дагэтуль.

Падчас знаходжання ў калоніі Ігар працаваў у швейным цэху. Ён распавёў, што палітвязняў прымушалі шыць форму і спальныя мяшкі для вайсковых патрэбаў. Працоўная змена доўжылася з 22:00 да 6:00, пры адным выходным дні на тыдзень.

«Спіс тэрарыстаў» і перавод у турму

У калоніі Ігара ўнеслі ў так званы «спіс тэрарыстаў». Сам суразмоўца мяркуе, што падставай для гэтага магла стаць узаемадапамога з іншым вязнем. Пасля гэтага адбыўся суд, па выніках якога палітвязня вырашылі перавесці на турэмны рэжым.

Перад пераводам супрацоўнікі калоніі, паводле сведчанняў Ігара, змясцілі яго ў свежапафарбаваную камеру штрафнога ізалятара. Знаходзячыся ў памяшканні, палітвязень неаднаразова губляў прытомнасць ад атручвання парамі фарбы.

Крытычны стан зняволенага, паводле яго слоў, стаў прычынай тэрміновага пераводу з калоніі ў турму.

Напрыканцы лета 2024 года Ігара этапавалі ў магілёўскую турму № 4, а ў снежні 2025 вывезлі з Беларусі ва Украіну з іншымі вызваленымі палітвязнямі.

Фотаздымак: “Новы час”

Экс-палітвязень Шклоўскай калоніі: беларускія турмы – гэта жах для іншаземцаў

Экзатычным аб’ектам для назіранняў адчуваў сябе ў Шклоўскай калоніі №17 былы палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада – актывіст анархісцкага руху, сын супрацоўніцы японскага пасольства і беларуса.

“Нават у сістэме турэмных паняццяў ёсць правіла, што ў турме няма нацыянальнасцяў, і фармальна табе не павінны прад’яўляць ніякіх прэтэнзій ці пытанняў, звязаных з паходжаннем. Але наколькі гэта працуе, цяжка сказаць. На побытавым узроўні і ў зняволеных, і ў турэмшчыкаў усё роўна праяўляецца пачуццё «экзатычнасці», што прыехаў нехта незвычайны” – распавёў былы палітзняволены сайту моладзевай арганізацыі “Іншыя”.

Паводле Акіхіры, асабліва выразна ён адчуў гэта менавіта ў Шклоўскай калоніі. “У шклоўскай калоніі я адразу адчуў рэакцыю: «О, прыехаў японец!» Для большасці я быў як экзатычны аб’ект для назірання” – ўзгадвае ён.

Прычым для некаторых, больш ідэалагічна зацятых ці прадузятых, усе ідэнтычнасці складаюццца ў «бінга» – экстрэміст, анархіст, замежнік. “І пачынаецца: «А, ты замежнік, жыў у нашай краіне, і табе яшчэ не падабалася? Трэба было з’язджаць! Валі ў сваю Японію!» Такое таксама сустракаў. Не магу сказаць, што часта, але здаралася. У цэлым для большасці працаўнікоў турэмнай сістэмы больш характэрная абыякавасць. Адкрытая нянавісць сустракаецца радзей. У супрацоўнікаў ГУБАЗіКа – так, у іх шмат вось гэтага: «іншаземец», «вузкавокі», «жоўты» і гэтак далей. Ім падабаецца за гэта чапляцца” – кажа Акіхіра Гаеўскі-Ханада.

Ён распавёў пра пачутае з магілёўскай калоніі. Там калі збівалі нейкага афрыканца, то крычалі, што ён “малпа”, “негр”. Канфлікт быў справакаваны не гэтым, але ў момант збіцця праявілася менавіта такое стаўленне. 

Акіхіра Гаеўскі-Ханада 2000 года нараджэння. Скончыў мінскую гімназію №19. Лаўрэат спецыяльнага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але затым паступіў у ЕГУ. Быў затрыманы 12 жніўня 2020 года, абвінавачаны па шэрагу палітычных артыкулаў па справе “Рэвалюцыйнага дзеяння”. Асуджаны да 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі №17, а потым яго перавялі ў Магілёўскую турму №4. Выдвараны з Беларусі ў Літву 21 чэрвеня 2025 года.

Фотаздымак: theothersby.org

У шклоўскай калоніі з’явіўся клоўн – ён забаўляе дзяцей наведвальнікаў

Сапраўдны клоўн з імем “Пузырык” цяпер забаўляе дзяцей падчас працяглых спатканняў з асуджанымі роднымі ў шклоўскай калоніі №17, дзе гінуць палітвязні.

Як стала вядома выданню MAYDAY, дзецям у так званай гасцініцы для працяглых спатканняў (1-3 дні) з асуджанымі роднымі на тэрыторыі калоніі паказваюць фокусы, іх забаўляюць, каб у іх не было адчування знаходжання ў пенітэнцыярнай установе. Такім чынам адміністрацыя калоніі дамагаецца новых падзяк ад сваякоў вязняў.

Гасцініца ў шклоўскай калоніі па-ранейшаму застаецца лепшай у сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі. Напрыклад, у жывым кутку там гуляюць паўліны. 

Як раней паведамлялася, таксама там з’явілася кавамашына для наведвальнікаў. Акрамя таго, у калоніі ёсць сваё атэлье, дзе асуджаныя пры наяўнасці грошай на асабовым рахунку могуць перашыць турэмную робу пад сябе і нават выбраць матэрыялы лепей.

Такім чынам, шклоўская калонія з’яўляецца самай перадавой з пункту гледжання паказнога камфорту, але пры гэтым жыццё палітвязня ў ёй нічога не вартае. У пачатку гэтага года там памёр палітзняволены Валянцін Штэрмер, а 21 мая 2021 года ў ёй жа загінуў палітычны актывіст Вітольд Ашурак.

Фота: Google maps

Эксперты ААН нагадалі пра смерці палітвязняў у шклоўскай калоніі

16 ліпеня 2025 года група незалежных экспертаў ААН заклікала беларускія ўлады неадкладна расследаваць выпадкі смерцяў палітычных зняволеных, у праватнасці, у шклоўскай калоніі.

Сістэмныя праблемы і ігнараванне расследаванняў

У дакуменце, які быў перададзены Радыё Свабода, падкрэсліваецца: «За апошнія чатыры гады некалькі чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітвязнямі, памерлі ў месцах пазбаўлення волі ці неўзабаве пасля вызвалення». Па словах экспертаў, такія смерці адбываюцца на фоне пастаянных паведамленняў пра жорсткае і зняважлівае абыходжанне з тымі, хто трапляе за краты за палітычныя погляды, асабліва пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Эксперты выказалі сумневы, што беларускія ўлады праводзяць належныя расследаванні гэтых трагедый. Яны заклікалі пачаць незалежныя і эфектыўныя праверкі кожнага выпадку, які выклікае сумневы ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека.

Смяротныя выпадкі ў шклоўскай калоніі

У сваёй заяве прадстаўнікі ААН згадалі смерць Валянціна Штэрмера, 61-гадовага бізнесоўца, які адбываў пакаранне ў шклоўскай папраўчай калоніі №17. Ён быў асуджаны за крытыку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Паводле дакумента, нават нягледзячы на дрэнны стан здароўя, адміністрацыя ўстановы адмаўляла яму ў належнай медыцынскай дапамозе і абыходзілася з ім жорстка.

Яшчэ адзін трагічны выпадак адбыўся ў маі 2021 года ў той жа калоніі, дзе пры падазроных абставінах загінуў апазіцыйны актывіст і сябра партыі БНФ Вітольд Ашурак. Ён памёр ва ўзросце 50 гадоў, неўзабаве пасля пераводу ў калонію і змяшчэння ў штрафны ізалятар. Яго асудзілі за «парушэнне грамадскага парадку».

Заклік да справядлівасці

Месяцам раней 16 чэрвеня 2025 года эксперты ААН афіцыйна накіравалі ўладам Беларусі ліст з пералікам сваіх занепакоенасцяў. У ім яны таксама нагадалі пра смерць вядомага мастака Алеся Пушкіна, які памёр у 2023 годзе падчас утрымання ў турме №1 у Гародні. Паводле звестак, яму адмовілі ў своечасовай медыцынскай дапамозе. Нягледзячы на накіраванне ліста ўраду Беларусі з просьбай расследаваць яго смерць, адказу не было атрымана.

Цяпер эксперты мяркуюць, што існуюць важкія падставы лічыць, што ўсе пералічаныя смерці сталі вынікам помсты за рэалізацыю законнага права на свабоду думкі, выказвання і мірных сходаў. Сярод падпісантаў заявы Нілс Муйжніекс, Айрын Хан, Бэн Сол і Морыс Тыдбал-Бінц.

Нагадаем, што 24 чэрвеня 2025 года беларускі праваабаронца і сузаснавальнік арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усцінаў апублікаваў вынікі новага расследавання аб катаваннях і жорсткім абыходжанні ў папраўчай калоніі №17 горада Шклова. Паводле яго слоў, Вітольд Ашурак загінуў ад чэрапна-мазгавой траўмы, атрыманай у выніку жорсткага збіцця.

На фота: скрыншот відэа СК

Праваабронцы анансавалі новае расследаванне аб катаваннях у шклоўскай калоніі

Новае грамадскае расследаванне аб сістэматычных катаваннях, здзеках і рабскай працы ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе гінуць палітвязні, плануецца прадставіць 24 чэрвеня.

Як паведамляе MediaPort Belarus, новае грамадскае расследаванне прадставяць Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Дакумент грунтуецца на 18 глыбінных інтэрв’ю з былымі палітвязнямі, якія адбывалі пакаранне ў гэтай калоніі са снежня 2020 па чэрвень 2024 года.

Падчас анлайн-прэзентацыі на платформе ZOOM будуць агучаныя ключавыя высновы:

  • новыя сведчанні і падрабязнасці гібелі Вітольда Ашурка — палітычнага актывіста, які памёр у ПК №17 пры загадкавых абставінах;
  • фізічны і псіхалагічны гвалт над палітвязнямі;
  • «мецэнацтва» як схема вымагання грошай у асуджаных;
  • прымусовая праца ў інтарэсах ваенных ведамстваў Расіі;
  • функцыянаванне нефармальнай турэмнай іерархіі з удзелам адміністрацыі ўстановы.

Як указваюць арганізатары, анлайн-прэзентацыя носіць закрыты характар і прызначана для СМІ. Для ўдзелу ў ёй патрабуецца рэгістрацыя.

Пасля прэзентацыі, якая запланавана на 11:00 па менскім часе 24 чэрвеня, удзельнікі змогуць задаць пытанні аўтарам расследавання і атрымаць дадатковую інфармацыю для сваіх матэрыялаў.

Нагадаем, што зараз вядома аб смерцях двух палітвязняў у шклоўскай папараўчай калоніі №17. Так, у траўні гэтага года прыйшла вестка аб тым, што памёр Валянцін Штэрмер. Ён быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за тое, што каментаваў агрэсію Расіі супраць Украіны, асуджаючы расійскае ўварванне. Па звестках, Штэрмер быў вельмі слабы, пасля інсульту, але ў калоніі яго кінулі ў штрафны ізалятар.

21 траўня 2021 года ў гэтай жа калоніі пры невысветленых абставінах загінуў Вітольд Ашурак – першы беларускі палітвязень, які стаў ахвярай нечалавечага абыходжання ў зняволенні. У гонар Вітольда Ашурка дэмакратычная беларуская супольнасць адзначае 21 траўня Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Фотаздымак: MediaPort Belarus

У шклоўскай калоніі памёр яшчэ адзін палітзняволены – пасля інсульта яго кінулі ў ШІЗА

У шклоўскай калоніі №17 памёр яшчэ адзін палітзняволены – Валянцін Штэрмер. “Наша Ніва” са спасылкай на чалавека, які сядзеў разам з Штэрмерам паведамляе, што зняволены быў “вельмі слабы, у калонію ён прыехаў пасля інсульту”. Пры гэтым, палітзняволенага нягледзячы на хваробу, кінулі ў ШІЗА. Дакладны час і абставіны яго смерці пакуль невядомыя.

Валянцін Штэрмер нарадзіўся ў 1964 годзе, піша сайт праваабарончага цэнтра “Вясна”. Ён быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за тое, што каментаваў агрэсію Расіі супраць Украіны, асуджаючы расійскае ўварванне. Утрымліваўся ў шклоўскай калоніі №17.

Чатыры гады таму, 21 траўня 2021 года ў гэтай жа калоніі пры невысветленых абставінах загінуў Вітольд Ашурак – першы беларускі палітвязень, што стаў ахвярай нечалавечага абыходжання ў зняволенні. У гонар Вітольда Ашурка дэмакратычная беларуская супольнасць адзначае 21 траўня Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Фота: старонка Валянціна Штэрнера ў “Аднакласніках”