“Нізкі статус” для палітвязняў – здзекі ў горацкай калоніі

Былому лідару партыі «Зялёныя» і палітвязню Дзмітрыю Кучуку ў Горацкай калоніі №9 прысвоілі «нізкі статус» – маргінальны турэмны маркер, што ператварае чалавека ў ізгоя.

Дзмітрый Кучук быў затрыманы ў лютым 2024 года і асуджаны на шэсць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах і “заклікі да санкцый”. У няволі яму прысвоілі “нізкі статус”, а сем месяцаў ён правёў у адзіночнай камеры. У размове з “Вясной” ён распавёў, як адміністрацыя і крымінальныя «аўтарытэты» супрацоўнічаюць, каб прынізіць палітвязняў.

“Нізкі статус” па замове адміністрацыі

Паводле Кучука, “нізкі статус” яму прысвоілі па загадзе адміністрацыі, насуперак турэмным традыцыям. У атрадзе было каля 70 чалавек, з іх 20 з “нізкім статусам”, у тым ліку некалькі палітычных. Аператыўнікі загадалі аўтарытэтам прызначыць яму гэты статус, сцвярджаючы, што ён ўзначальваў ЛГБТ-супольнасць. “Яны сказалі, нібы я ўзначальваў у Беларусі ЛГБТ-супольнасць. Пазней я ўжо не змог ад яго пазбавіцца. Хаця паводле ўсіх вараўскіх традыцый гэта было бяспраўе (беспредел). Бо ў мяне не было ніякіх “касякоў” (парушэнняў турэмных правілаў, за якія могуць прызначыць “нізкі статус”). Пазней за гэты статус я апынаўся ў ШІЗА і ПКТ” – кажа ён.

Падчас каранціну начальнік прапанаваў яму памыць умывальнік, а гэта дзеянне, якое ў турэмных нормах лічыцца прыніжальным. За адмову палітвязня адправілі ў ШІЗА на 17 сутак. Так адміністрацыя свядома правакавала парушэнні, каб пакараць.

Жыццё ізгоя

Асуджаных з «нізкім статусам» аддзяляюць ад іншых: асобныя ўмывальнікі, туалет, посуд і сталы. Ім забаронена сядаць разам і дзяліцца ежай або цыгарэтамі. “Бо сесці за стол – гэта канчатковае прызнанне “нізкага статуса”. Калі ты харчуешся асобна, ты паказваеш, што не згодны з гэтым” – тлумачыць Кучук. Такіх вязняў лічаць ізгоямі, прымушаюць мыць прыбіральні і выконваць брудную працу. Асуджаныя пазбягаюць кантактаў з імі, бо могуць самі атрымаць “статус”.

“Нізкі статус” маральна знішчае, кажа Дзмітрый: “Вязняў з “нізкім статусам” там называюць “петух”, “підарас”. Цябе пастаянна будуць маральна забіваць, здзеквацца”. Адмяніць статус амаль немагчыма. Гэта могуць зрабіць толькі крымінальныя аўтарытэты, але ў дачыненні да палітычных яны падпарадкоўваюцца адміністрацыі.

Сем месяцаў у адзіночцы

З усяго тэрміну ў калоніі Кучук толькі два тыдні правёў у жылой зоне, астатні час прабыў у ШІЗА і ПКТ у адзіночнай камеры. Там не дазвалялі чытаць, атрымліваць перадачы, не выдавалі матраса. “Адзінае, можна перакінуцца парай словаў з раздатчыкам ежы ды паслухаць галасы вязняў з суседніх камер” – узгадвае ён.

Сілавікі праз радыёхвалю гучна транслявалі абразы і правакацыі, распускалі чуткі пра яго сям’ю, каб маральна зламаць. Праз гэта вязні жылі ў пастаяннай напрузе, чакаючы памілавання, пра якое часта падманам абвяшчалі.

Салідарнасць і чалавечнасць

Нягледзячы на статус, Дзмітрый сустракаў праявы падтрымкі. Загадчык гаспадаркі ставіўся да яго без абразаў, даваў газеты і матрас. Іншыя вязні перадавалі хлеб, кавалак сала ці дробязі як знакі салідарнасці. “Пры ўсім тым, што крымінальныя аўтарытэты прысвоілі мне гэты статус, яны ж у прыватных размовах стасаваліся са мною даволі на роўных. Яны ўсведамлялі, што “статус” мне далі за палітыку. Калі на прамзоне іншыя мяне правакавалі, аўтарытэты гэтыя пытанні вырашалі” – кажа ён.

Пасля  дэпартацыі ў Літву Кучук аднаўляе здароўе і збіраецца працягваць палітычную дзейнасць. Былы палітзняволены кажа, што нягледзячы на працяглы тэрмін у адзіночнай камеры, ён усё ж такі не здзічэў.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”