Краснапольскі

Узбекам паднялі заробкі пасля відэазвароту, краснапольскім школьнікам – пасля ўмяшання пракурора

Гісторыю з узбекскімі рабочымі ў ліпені абмяркоўвалі ў дзвюх краінах: 255 жыхароў Андыжанскай вобласці прывезлі ў Віцебскую вобласць па кантрактах з абяцанымі 900-1000 доларамі, а на месцы прапанавалі не больш за пяцьсот, жыллё і харчаванне – за ўласны кошт. Госці запісалі відэазварот да свайго хакіма з просьбай вярнуць іх дадому, і ўжо праз некалькі дзён гаворка ішла пра семсот долараў, бясплатнае жыллё і бясплатнае харчаванне.

Ашукваюць, зрэшты, не толькі ўзбекаў. Пракуратура Краснапольскага раёна паведаміла, што на адным з прадпрыемстваў раёна дзевятнаццаці непаўналетнім удзельнікам студэнцкага атрада і іх паўналетняму камандзіру заплацілі менш за мінімальны заробак.

Недаплата – больш за пяць тысяч рублёў на дваццаць чалавек, у сярэднім звыш двухсот пяцідзесяці рублёў на кожнага пры мінімальнай зарплаце 858 рублёў. Праверку пачалі не паводле плана нагляду, а пасля звароту законнага прадстаўніка аднаго з падлеткаў.

Прадпрыемства пракуратура не назвала. Але ў Краснапольскім раёне студэнцкіх атрадаў гэтым летам усяго чатыры, і раённая газета распісала, дзе яны працавалі:

  • Напрыканцы траўня на Алеі Славы далі старт працоўнаму семестру: атрады «Патрыёты», «Радзіма» і «Зорка» з раённай гімназіі і «Спадчыннікі Перамогі» з сярэдняй школы райцэнтра.
  • Тры атрады сельскагаспадарчага профілю працавалі ў ААТ «Краснапольскі», экалагічны – у лесагадавальніку Краснапольскага лясгаса.
  • У атрадзе «Радзіма», які ў ліпені працаваў на зернятоку ААТ «Краснапольскі», было чатырнаццаць байцоў і камандзір – пятнаццаць чалавек. У пракуратуры іх дваццаць.

Значыць, гаворка ідзе пра адзін з двух астатніх сельскагаспадарчых атрадаў – а яны ўсе працавалі ў знакамітым сваёй стратнасцю ААТ «Краснапольскі» – альбо пра экалагічны атрад, што працаваў у лясгасе.

Найхутчэй, менавіта апошні і недаплаціў падлеткам, таму што, калі б гэта быў калгас “Краснапольскі”, то пацярпелых было б тры атрады..

Асобна варта перачытаць травеньскі рэпартаж раённай газеты.

Лідарка раённага БРСМ называла працоўны семестр інвестыцыяй у будучыню моладзі, старшыня савета ветэранаў, гледзячы на байцоўкі, успамінала ўласную маладосць, а прадпрыемствы, якія прымалі атрады, у тэксце называліся «шаноўнымі». Праз два месяцы высветлілася, што адно з гэтых шаноўных прадпрыемстваў плаціла школьнікам ніжэй за дзяржаўны мінімум.

Ад самавольства лукашэнкаўскіх уладаў узбекаў выратавала тое, што ў іх быў тэлефон з відэакамерай і хакім, а ў краснапольскіх школьнікаў знайшоўся адзін настойлівы бацька.

Фота краснапольскай раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва