Адзін з дэпартаваных у Літву былых палітвязеняў Віталь Бандарук, распавёў пра катаванні і здзекі, якія ён перажыў у папраўчай калоніі №17 у Шклове, і параўнаў яе з магілёўскай турмой.
«Ластаўка», расцяжка і холад
«ПК-17 адрозніваецца сваім садызмам» – распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Віталь Бандарук. Паводле яго, адміністрацыя калоніі актыўна выкарыстоўвала жорсткае абыходжанне, у тым ліку катаванні холадам у ШІЗА.
Былы зняволены ўзгадвае, што калі яго вадзілі “ластаўкай” яму вывіхнулі руку: вязняў прымушалі ісці ў нахіле з рукамі ў кайданках уверх, і любы рэзкі рух мог прывесці да падзення тварам у зямлю. Асабліва вылучаўся супрацоўнік Прохараў, якога Бандарук называе садыстам.
«Ён ламаў рукі людзям, рэзка падымаў за кайданкі, і чалавек падаў на падлогу. Не раз я чуў крыкі ад іншых вязняў пад маімі дзвярыма», – кажа палітвязень.
У ШІЗА і ПКТ Віталь правёў восем месяцаў. Камеры там нагадвалі халадзільную камеру: падлога выкладзеная пліткай, якая нібыта астуджалася праз спецыяльныя трубкі. «Ногі літаральна прымярзалі да падлогі», – адзначае ён.
Халодныя камеры разбуралі здароўе. Бандарук кажа, што найбольш пакутавалі ногі і суставы: калені ацякалі, узнікалі праблемы з мачавіком, вязні пастаянна бегалі ў прыбіральню ад холаду.
«Спіш на жалезных нарах, якія таксама прамярзаюць. Гэта невыносна. Усе, хто праходзіў праз ШІЗА, потым хадзілі кульгаючы», – узгадвае ён.
Галадоўка і ціск адміністрацыі
На палітвязняў рэгулярна складалі рапарты з надуманых прычын, што адкрывала шлях да новых крымінальных спраў. Пасля аднаго з такіх рапартаў Віталь абвясціў галадоўку.
«Пяць дзён я трымаўся толькі на вадзе. Калі ты вельмі злы, нават есці не хочацца. Потым ужо прыйшла слабасць» – кажа былы палітвязень.
За гэты час адміністрацыя склала на яго 27 рапартаў, аднак пасля гэтага на працягу амаль трох месяцаў Бандарука не чапалі.
Вымагальніцтва і «фонды атрада»
Асобную ўвагу Бандарук звяртае на вымагальніцтва грошай. З яго патрабавалі пералічваць сродкі ў «фонд атрада», але ён адмовіўся. Паводле Бандарука, калі чалавек не плаціць, то яго пераводзяць у турму, а калі плаціць, то “жывеш у шакаладзе: даюць дадатковае тэлефанаванне, ходзіш на ўсе спатканні”.
“Яны перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы, калі ўжываюць сілу, і вымагальніцтва практыкуюць. Сведчанняў у мяне вельмі шмат. Я ведаю людзей, якія тысячамі долараў выплачвалі, каб гэтыя баракі будавалі. Гэтая сістэма працуе ад моманту, як толькі трапляеш у каранцін”, – сведчыць былы палітзняволены.
Калі турма лягчэй за калонію
З-за жорсткіх умоў Бандарук сам папрасіў перавесці яго на турэмны рэжым. Ён адзначае, што ў Магілёве кантраст адчуваўся адразу.
«У ПК-17 нават у душ выводзяць чатыры чалавекі з сабакам. А ў Магілёве канваір адзін вядзе двух зняволеных. І супрацоўнікі не абражаюць палітвязняў», – расказвае Віталь.
Ён дадаў, што ў магілёўскай турме харчаванне было значна лепшае, чым у шклоўскай калоніі. Калі ў ПК-17 ён схуднеў з 125 да 65 кілаграмаў, то пасля пераводу ў Магілёў за год зноў набраў вагу.
Віталь Бандарук падкрэслівае, што шклоўская калонія №17 вылучаецца асаблівай жорсткасцю і сістэмным садызмам. Катаванні холадам, вымагальніцтва грошай, прыніжэнне і здзекі сталі там нормай. У параўнанні з ёй нават магілёўская турма выглядала больш чалавечнаю.
Фотаздымак: Праваабарочнчы цэнтр “Вясна”