12 ліпеня ў гісторыі. Пятро-Паўла. Дзень фатографа. Халера на Магілёўшчыне. Атака іпрытам. Прохараўскі бой. У Магілёве +35,5˚С. Нарадзіўся Б. Камароў.

Сусветны дзень бортправадніка (World Civil Aviation Flight Attendant Day)

Прафесія мае амаль векавую гісторыю. Яна ўзнікла ў Германіі ў 1928 годзе, калі на борт самалёта сталі браць спецыяльнага чалавека, у чые абавязкі ўваходзіла забеспячэнне сэрвісу падчас палёту – сцюарда. Раней гэтым займаўся другі пілот самалёта.

Спачатку функцыі бортправаднікоў выконвалі мужчыны – часцей за ўсё імі былі былыя афіцыянты дарагіх рэстаранаў. У 1930 годзе ў ЗША узнікла ідэя прыцягнуць да працы прывабных дзяўчат – гэта павінна было стаць дадатковай рэкламай пасажырскіх авіяперавозак. Існаваў і яшчэ адзін довад на карысць прадстаўніц прыгожага полу: яны менш важылі, што мела вялікае значэнне для самалётаў таго часу.

Першай сцюардэсай у гісторыі авіяцыі называюць Элен Чэрч (1904-1965) са штата Аёва (мела вагу 52 кг). У свой першы палёт у гэтай якасці яна адправілася 15 мая 1930 года па рэйсе Сан-Францыска – Шаен.

Зараз пры падборы персанала выкарыстоўваецца прынцып “трох В”: выява вонкава (гаворка, міміка, макіяж, прывабнасць), вобраз унутраны, вобраз прафесійны (веды і навыкі).

Дзень Святых Першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла (праваслаўная канфесія). Заканчэнне Пятрова паста.

Абодва апосталы шмат зрабілі ў распаўсюджванні Хрыстовай веры і абодва ў пакутах загінулі ў Рыме пры імператары Нероне.

Пятро і Паўла дзень на гадзіну зменшылі.

Прыйшоў Пятрок і сарваў лісток.

Пятро-Паўла спякоты дадаў. 

Пачынаюць цямнець ночы.

Салавей спявае да Пятрова дня. 

На Пятроў дзень і зязюля перастае кукаваць.

Рачное купанне ў гэты дзень ачышчае ад любадзейных грахоў.

Дзень святой Веранікі – заступніцы фатаграфіі. Дзень фатографа.

Калі асуджаны на смерць Ісус Хрыстос ішоў на гару Галгофу, несучы Свой крыж на распяцце і ўпаў, Вераніка, падбегла да Яго, напаіла вадой і дала свой поплатак, выцерці пот з твару. Вярнуўшыся дадому, Вераніка выявіла, што на тканіне захавалася святое аблічча Збавіцеля. Гэты поплатак з часам патрапіў у Рым і стаў тут вядомым пад імем Нерукатворнай выявы.

У эпоху Сярэднявечча амаль кожная царква мела выяву Веранікі з яе гаспадаром (потавым поплаткам). У містэрыях Сярэднявечча Вераніка таксама заняла трывалае месца і дагэтуль з’яўляецца галоўнай фігурай шостага прыпынку Крыжовага шляху.

Мяркуюць, што імя Веранікі ўяўляе сабой скажонае ад лацінскага vera icon (“сапраўдная выява”) – так звалі “плат Веранікі”, адрозніваючы яго ад іншых вобразаў Хрыста.

Дарэчы, адзначаць Дзень фатографа 12 ліпеня было вырашана яшчэ і таму, што ў гэты дзень у 1854 годзе нарадзіўся Дж. Істмэн – заснавальнік кампаніі Kodak.

1843 год. Памёр Ігнат Даніловіч (1787-1843).

Беларускі гісторык права і археограф.

Адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў ВКЛ. Прафесар. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута ВКЛ, упершыню апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 года.

Марыў пра адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы і мовы Статутаў ВКЛ.

1876 год. Італьянка Марыя Спелтэрына перайшла па канаце праз Ніягарскі вадаспад.

23-гадовая цыркавая артыстка М. Спелтэрына за 11 хвілін перайшла па канаце праз вадаспад, затым за 10 хвілін вярнулася назад, рухаючыся спіной наперад.

Праз тыдзень яна паўтарыла пераход ужо з завязанымі вачыма, а яшчэ праз некалькі дзён – са скаванымі кайданкамі рукамі і нагамі.

1909 год. Магілёўская губерня аб’яўлена на пагражальным становішчы па халеры.

Упершыню з халерай магілёўцы пазнаёміліся ў 1831 годзе. Як пісаў ігумен Арэст, «1831 года, у сярэдніх датах мая адкрылася ў Магілёве хвароба, ніколі не чутная, так званая халера, ад якой вельмі шмат памерла габрэяў і хрысціян, падобная маравой язве; па 30 і больш чалавек за дзень памірала… у Магілёве каля трох месяцаў працягвалася…».

І ў 1872 годзе халера нагадала аб сабе, накрыўшы 5 паветаў губерні.

1916 год. У г. Горкі нарадзіўся Лаўрэнцій Абецэдарскі (1916-1975).

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АПН СССР.

Стваральнік навуковай школы вывучэння дасавецкага перыяду гісторыі Беларусі.

Крытык тэорыі «залатога веку» ў гісторыі ВКЛ.

Суаўтар дапаможніка для школ “Гісторыя БССР” (1960-1987), двух- і пяцітомнай «Гісторыі Беларускай ССР».

1917 год. Пад бельгійскім горадам Іпр супраць англа-французскіх войскаў Германія ўжыла хімічную зброю – іпрыт.

Вадкі атрутны гарчычны газ скурна-нарыўнага дзеяння быў выкарыстаны з мэтай сарваць наступ англа-французскіх войскаў.

Іпрыт уздзейнічае на вочы і органы дыхання, страўнікава-кішачны тракт і скураныя пакровы. Усмоктваючыся ў кроў, ён праяўляе і агульнаатрутнае дзеянне.

Рэальнай абароны войскаў ад іпрыту ў тыя гады не было, і ўжыванне яго на поле бою было эфектыўным да самага канчатка вайны.

На працягу Першай сусветнай вайны хімічныя рэчывы прымяняліся ў велізарных колькасцях: 12 000 тон іпрыту, якім было атручана каля 400 000 чалавек.

Цяпер хімзброя забаронена Канвенцыяй аб забароне хімічнай зброі 1993 года.

1920 год. РСФСР паводле Маскоўскай дамовы прызнала Літоўскую Рэспубліку і яе правы на значную частку тэрыторыі Беларусі.

Па дамове была скасавана Літоўска-Беларуская ССР, якая дэ-юрэ існавала з 27 лютага 1919 па 31 ліпеня 1920 года.

Пазней, у кастрычніку 1939 год пераважна беларускі па насельніцтву Віленскі край адышоў ад БССР да Літвы.

Герб Літвы

1942 год. У нью-ёркскім бары “Зялёны папугай” забіты яго ўладальнік Макс Гелер. 

Злачынства было раскрыта дзякуючы папугаю, які назваў імя забойцы.

Птушка “выступала” нават на судовым працэсе.

1943 год. Адбылася танкавая бітва пад Прохараўкай.

Пачатак Арлоўскай наступальнай аперацыі савецкіх войск «Кутузаў». 

Савецкія гісторыкі аж да пачатку 1990-х гадоў стваралі міф аб «найбуйнейшай танкавай бітве ў гісторыі войнаў», аб ўдзеле 1 500 танкаў: 800 савецкіх і 700 – германскіх. 

Сучасныя даследаванні кажуць аб удзеле не больш за 300 нямецкіх танкаў, стратах 180 савецкіх і да 100 нямецкіх танкаў. 

Прохараўская бітва саступае па маштабах бітвам пад Бродамі-Роўна (3 200 танкаў) і пад беларускім Сянно (2 000 танкаў) ў 1941 годзе. У гонар бітвы створаны Музей-запаведнік “Прохараўскае поле”.

1953 год. У в. Міхайлаўск Магілёўскага раёна нарадзіўся Базыль Камароў.

Беларускі мастак, графік, краязнавец, руплівец беларускай мовы і гісторыі.

Акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Значнае месца ў яго творчасці займае гістарычная тэма. Стваральнік гістарычных выяў Магілёва, макетаў старажытнага горада для экспазіцый музеяў, Магілёўскага замку ў парку Горкага. 

Удзельнік шматлікіх выстаў, распрацоўшчык праектаў аздаблення геалагічнага музея МДУ імя А. Куляшова, партрэтнай галерэі выбітных географаў геаграфічнага таварыства.

 

1976 год. У Бабруйску нарадзіўся Андрэй Міхневіч.

Беларускі лёгкаатлет (штурханне ядра).

Бронзавы прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў 2008 у Пекіне. Чэмпіён Еўропы (2010) і свету (2003). Спартсмэн года Беларусі 2003 года.

У 2001 пакараны двухгадовай дыскваліфікацыяй за ўжыванне забароненых прэпаратаў, у 2013 годзе па факце паўторнага парушэння антыдопінгавых правілаў Дысцыплінарнай камісіяй НАДА дыскваліфікаваны пажыццёва.

2021 год. У Магілёве пабіты метэарэкорд +35,5˚С.

Да гэтага самым спякотным быў дзень у 1936 годзе, калі зафіксавалі тэмпературу +35,4˚С. Пры гэтым месячны рекорд па краіне пабіты не быў: ён зафіксаваны ў 1936 годзе ў Лельчыцах і Гомелі +37,9˚С. Мінімальная тэмпература для 12 ліпеня ў Магілёве склала +7˚С у 1995 годзе.

11 ліпеня ў гісторыі. Вызваленне Вільні. Полацкая трагедыя. Салтанаўская бітва. Тэракотавае войска. “Народная воля”.

Сусветны дзень шакаладу (World Chocolate Day, з 1995 года).

Першымі навучыліся рабіць шакалад майя. Яны называлі яго “ежай багоў”. Іспанскія канкістадоры, якія ўпершыню даставілі яго ў Еўропу, ахрысцілі ласунак “чорным золатам” і выкарыстоўвалі для ўмацавання фізічных сіл.

Крыху пазней спажыванне шакаладу ў Еўропе абмяжоўвалася толькі арыстакратычнымі коламі. Выбітныя жанчыны лічылі шакалад афрадызіякам. Так, у маці Тэрэзы быў запал да шакаладу, а спадарыня Пампадур была ўпэўненая, што толькі шакалад можа распаліць агонь страсці. 

Толькі ў 1920-я гады са з’яўленнем прамысловай вытворчасці ад шакаладу змаглі атрымаць асалоду і людзі, якія не адносяцца да арыстакратыі.

У шакаладзе ёсць элементы, якія садзейнічаюць адпачынку і псіхалагічнаму аднаўленню. Цёмныя гатункі шакаладу стымулююць выкід эндарфінаў – гармонаў шчасця, якія ўздзейнічаюць на цэнтр задавальнення, паляпшаюць настрой і падтрымліваюць тонус арганізма.

Шакалад валодае “супрацьракавым” эфектам і здольны запавольваць працэсы старэння. Таксама вядома, што шакалад багаты пажыўнымі рэчывамі, у тым ліку тлушчамі, а значыць і калорыямі.

Сусветны дзень народанасельніцтва Зямлі (World Population Day, з 1989 года).

Устаноўлены ААН у гонар таго, што 11 ліпеня 1987 года насельніцтва Зямлі перавысіла  5 мільярдаў чалавек – у гэты дзень югаслаў Мацей Гашпар з харвацкага Заграба стаў 5-мільярдным жыхаром. 

Шасцімільярдны зямлянін нарадзіўся 12 кастрычніка 1999, сямімільярдны – 31 кастрычніка 2011, васьмімільярдны – 15 лістапада 2022 года.

Прагноз насельніцтва на 2050 год – 9,7 мільярдаў.

969 год. Памерла Вольга, княгіня Кіеўская.

У хрышчэнні Алена. Кіравала Руссю пасля гібелі мужа – князя кіеўскага Ігара Рурыкавіча, як рэгент пры сваім сыне, з 945 да 960 год.

У 946 годзе жорстка адпомсціла драўлянам за забойства свайго мужа, аднак устанавіла нормы даніны, час і месцы (пагосты) яе збору.

Першай з правіцеляў Русі прыняла хрысціянства ў 957 годзе ў Канстанцінопалі, да агульнага хрышчэння Русі. Першая на Русі святая. 

1496 год. Горад Гродна атрымаў поўнае магдэбургскае права.

Сёння 358-тысячны горад. Упершыню згадваецца пад 1128 годам. “Каралеўскі” горад. Калісьсці – цэнтр княства, буйны эканамічны цэнтр ВКЛ, цэнтр губерні ў Расійскай імперыі, цэнтр паўстання 1863-1864 гадоў, адна са сталіц БНР. 

Зараз тут працуюць буйныя прадпрыемствы: «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Белкард», «Радыёхваля», «Завод аўтамабільных агрэгатаў», швейна-гандлёвая фабрыка «Элод», пальчаткавая фірма «Акцэнт», абутковая «Нёман», тытунёвая «Нёман», шэраг ВНУ, устаноў культуры. 

Гродна – перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння, лідар у краіне па колькасці помнікаў – тут іх захавалася звыш 400.

1660 год. Войска Міхаіла Казіміра Паца прыступам вызваліла Вільню ад маскоўскага войска.

У перыяд вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў у ліпені 1655 года пасля жорсткага бою на подступах да горада і зацятай абароны з вулічнымі баямі, сталіца Вялікага Княства Літоўскага была занята расійскімі войскамі. Горад гарэў 17 дзён. 

У сувязі з заключэннем у кастрычніку 1656 года Віленскага перамір’я, вайна скончылася, але не надоўга, летам 1658 года царскія войскі зноў занялі горад. Вызвалены Пацам.

1705 год. У Сафійскім саборы ў Полацку маскоўскі цар Пётр І забіў 5 манахаў-базыльян.

Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Ф. Духінскага, п’яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор, які належаў уніятам, і дзе захоўваліся мошчы Іасафата Кунцэвіча. Цар запатрабаваў ключы ад царскіх варот, а калі базыльяне адмовіліся іх даць, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне.

Па іншай версіі, канфлікт адбыўся пасля таго, як на пытанне цара пра тое, хто намаляваны на іконе, манахі адказалі, што гэта святы Іасафат, забіты ератыкамі. Цар загадаў арыштаваць манахаў, але яны аказалі супраціўленне, у выніку чаго адбылося сутыкненне, у якім яны і былі забіты.

1812 год. Адбылася Салтанаўская бітва пад Магілёвам. 

Паміж вёскамі Салтанаўка і Фатава за 12 км на паўднёвы захад ад Магілёва адбылася бітва паміж атрадамі 7-га пяхотнага корпуса пад камандаваннем генерал-лейтэнанта М. Раеўскага, генерала І. Паскевіча  і французскімі войскамі пад камандаваннем маршала Даву. 

У 9-гадзіннай бітве французы страцілі каля 5 000, рускія – 2 500 чалавек.

Гарматная страляніна была чутна ў горадзе. Значная частка корпуса Даву знаходзілася на бівуаках за Віленскай заставай.

1911 год. Нарадзіўся Янка Чабор (Іван Патаповіч, 1911-1943).

Беларускі паэт, публіцыст, удзельнік нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце.

Аўтар вершаў. У 1931 апублікаваў «Адкрыты ліст» з заклікам да заходнебеларускіх пісьменнікаў аб’яднацца ў адзіную пісьменніцкую арганізацыю. Адзін са стваральнікаў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі.

У снежні 1933 года на з’ездзе пісьменнікаў абраны рэдактарам-выдаўцом часопіса «Літаратурная старонка», які стаў друкаваным органам Літаратурнага фронту. Першы нумар часопіса выйшаў з друку 25 студзеня 1934 і адразу быў канфіскаваны польскімі ўладамі, а Чабор быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі.

Выйшаў з турмы ў верасні 1936 года. Заняўся арганізацыяй кааператываў у вёсках сваёй ваколіцы. У 1939 годзе браў удзел у арганізацыі работы першых савецкіх устаноў у Заходняй Беларусі. Мяркуецца, што загінуў у ГУЛАГу.

Дом Янкі Чабора ў Рачканах, Ляхавіцкі раён

1918 год. У Маскве адкрыты Беларускі народны ўніверсітэт.

Установа існавала з 11 ліпеня да 12 жніўня 1918 года. Арганізаваны культурна-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята. Загадчыкам універсітэта быў П. Урбановіч.

За час існавання ўніверсітэта заняткі наведалі 57 чалавек, пераважна школьныя настаўнікі Беларусі, у тым ліку з тэрыторыі, якая была на той момант акупавана Германіяй. Ім былі зачытаны лекцыі па беларускай гісторыі, літаратуры, мове, эканоміцы, геаграфіі і іншых навуках.

Сярод лектараў былі Дз. Анучын («Да пытання аб беларускай тэрыторыі»), Ул. Пічэта («Гісторыя беларускага народа»), А. Ясінскі («Гісторыя адукацыі на Беларусі»), Зм. Жылуновіч («Агляд беларускай літаратуры») і іншыя.

Слухачы адначасова маглі наведваць лекцыі на Усерасійскіх настаўніцкіх курсах, арганізаваных Наркамасветы РСФСР. Частка прачытаных лекцый была выдадзена пад назвай «Курс беларусазнаўства» (1918-1920).

Зм. Жылуновіч.

1919 год. Скасавана Магілёўская губерня.

Дзевяць яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губерню РСФСР, Мсціслаўскі павет быў перададзены Смаленскай, а Сенненскі павет – Віцебскай губерні. 

Магілёўская губерня існавала ў 1772-1919 гадах. Яе плошча складала 42 134 вярсты², а насельніцтва даходзіла да 1,9 млн. чалавек (у 1897 г. – 1,7).  

У снежні 1926 года было абвешчана другое ўзбуйненне тэрыторыі БССР, у выніку якога ў склад яе былі вернуты Рэчыцкі і Гомельскі паветы Гомельскай губерні, перайменаваныя затым у акругі. Клінцоўскі, Навазыбкаўскі і Старадубскі паветы адышлі да Бранскай губерні РСФСР.  Гомельская губерня ў складзе РСФСР была ліквідавана.

1920 год. Армія РСФСР заняла Мінск пасля адступлення польскай арміі.

Пад польскай уладай горад знаходзіўся з 8 жніўня 1919 года, калі бальшавікі здалі Мінск амаль бяз баёў. Тут дзейнічала часовая польская адміністрацыя – Грамадзянская ўправа ўсходніх зямель, а з 15 верасня горад становіцца адміністрацыйным цэнтрам Мінскай акругі. 

Бальшавікі пратрымаліся ў горадзе ў ліпені-кастрычніку 1920 года і потым зноў здалі палякам.

Ю. Пілсудскі ў Мінску, 1919

1932 год. Нарадзіўся Анатоль Анікейчык (1932-1989).

Беларускі скульптар, педагог, народны мастак Беларусі.

Прафесар Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Сярод яго вучняў вядомыя беларускія скульптары некалькіх пакаленняў: Л. Давідзенка, Г. Буралкін, Г. Гаравая, У. Слабодчыкаў, А. Фінскі, А.  Мятліцкі, У. Жбанаў, С. Гумілеўскі, В. Янушкевіч і іншыя.

Шырока вядомы пераважна як скульптар-манументаліст, прымаў удзел у стварэнні вядомых манументальных ансамбляў: помніка Янку Купале ў Мінску, мемарыяльных комплексаў «Прарыў» на Ушаччыне і «Праклён фашызму» ў Докшыцкім раёне, помніка М. Гастэла і яго экіпажу, помніка-бюста Янку Купале ў Араў-парку ў ЗША і іншых.

Рамантычнасць светапогляду аўтара адлюстроўвалася у сімвалісцкай статуарнай пластыцы: «Папараць-кветка», «Вясна», «Бессмяротнасць», «Перамога, якая нясе мір».

Анікейчык – адна з выдатных постацей беларускай скульптуры паваеннага часу, поруч з майстрамі айчыннай пластыкі –  А. Глебавым, А. Бембелем, З. Азгурам, С. Селіханавым.

1974 год. Знойдзена знакамітае кітайскае “Тэракотавае войска”.

У наваколлях горада Сіань на поўначы правінцыі Шэнсі мясцовыя сяляне капалі студню і натыкнуліся на абломкі тэракотавых постацяў ваяроў у поўным баявым рыштунку. Знаходка прыцягнула ўвагу археолагаў, і неўзабаве тут былі разгорнуты маштабныя працы.

Неўзабаве перад даследчыкамі ў поўным баявым рыштунку паўстала тэракотавая армія, якая “ахоўвала” грабніцу легендарнага імператара Цынь Шыхуандзі (259-210 гг. да н. э.), які ў свой час падпарадкаваў сабе ўсе царствы старажытнага Кітая, стварыў у 221 годзе да н. э. першую ў кітайскай гісторыі імперыю і загадаў узвесці Вялікую Кітайскую сцяну.

Усе лучнікі, вершнікі і пяхотнікі глядзелі на ўсход, дзе знаходзіліся царствы, разгромленыя вялікім імператарам. Статуі воінаў выкананы ў поўны рост і з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва. Кожны тэракотавы ваяр мае свае ўнікальныя рысы і нават выраз твару.

Статуі вырабляліся ўручную і пакрываліся спецыяльнай глазурай, па якой наносілася фарба. Навукоўцы мяркуюць, што гэта партрэты рэальных ваяроў. Тэракотавае войска з’яўляецца, па ўсёй верагоднасці, толькі часткай грандыёзнага пахавальнага комплексу. Як мяркуецца, у кар’еры знаходзілася каля васьмі тысяч фігур воінаў і коней.

У 1987 годзе комплекс грабніцы Цынь Шыхуандзі быў уключаны ЮНЕСКА ў Рэестр аб’ектаў сусветнага культурнага значэння.

1995 год. Выхад першага нумара газеты «Народная воля».

Беларуская грамадска-палітычная газета на беларускай і рускай мовах. Галоўны рэдактар з моманту заснавання – Іосіф Сярэдзіч.

З 2005 года газета зведала ціск з боку ўлад: выключалася з каталога «Белпошты», не распаўсюджвалася праз  «Белсаюздрук» і «Белпошту», спыняўся выпуск… 17 чэрвеня 2011 года А. Лукашэнка заявіў: “Народная воля” так і нарываецца, яна правакуе ўладу, можа, яшчэ кагосьці. Ёй выгадна ладзіць правакацыі, каб мы неяк рэагавалі па законе на гэта. І каб потым узбуджаны Захад у іх абарону падымаў гвалт і нажываў на гэтым рэйтынг”.

25 жніўня 2020 года Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць свежы нумар «Народнай Волі» быццам з-за паломкі станка. Пасля друкавалася некаторы час у Маскве, але 13 лістапада 2020 года ўвесь тыраж быў канфіскаваны невядомымі.

Са студзеня 2021 года не друкуецца.

Дзень у гісторыі. 13 мая. Раненне Папы Рымскага. Нарадзіліся мастакі С. Жукоўскі, А. Кішчанка, дзеячы БНР Я. Серада, І. Ермачэнка, актрыса С. Станюта, пераможца “Еўрабачання” А. Рыбак.

Успамін Найсвяцейшай Марыі Панны з Фацімы (каталіцкі каляндар).

“Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем” – такія былі словы Маці Божай, якая 13 мая 1917 года аб’явілася тром дзецям-пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце ў партугальскім мястэчку Фаціма. Яна прыходзіла да дзяцей да 13 кастрычніка.

Маці Божая, раскрыўшы далоні, паслала дзецям такое моцнае святло, што яно пранікла ў іх і ў самую глыбіню душаў. Праз момант Найсвяцейшая Панна дадала: «Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны». Праз імгненне яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні.

1622 год. Памёр Іван Мялешка (?-1622).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1613 годзе ініцыяваў стварэнне ўніяцкага Жыровіцкага манастыра на чале з І. Кунцэвічам, перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў.

Стольнік Гродзенскі, мазырскі падкаморы, маршалак слонімскі, кашталян мсціслаўскі, брэсцкі, смаленскі, член Рады ВКЛ.

Хто Аўтар «Прамовы Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага, на Варшаўскім сойме ў прысутнасці караля Жыгімонта III Вазы ў 1589 годзе», якая ўяўляе сабой вобраз сацыяльна-палітычнай сатыры, высмейвае норавы польскай шляхты. 

Аўтар абураецца вынікамі Люблінскай уніі і адстойвае інтарэсы жыхароў ВКЛ, якія пакутуюць ад польскага прыгнёту. Сур’ёзную пагрозу дзяржаўнапалітычнай незалежнасці Беларусі, яе свабоднаму нацыянальна-культурнаму развіццю сатырык бачыў не толькі з боку польскай экспансіі, але i з боку Масковіі. 

Выйсце з такіх складаных для Айчыны абставін аўтар «Прамовы…» бачыў у як мага больш хуткім выгнанні ўсіх чужынцаў, што «да нас улезлі насуперак праву нашаму». Па сваёй аб’ектыўнай накіраванасці «Прамова…» – глыбока патрыятычны літаратурны твор, этапная з’ява ў развіцці беларускай літаратуры, узбагачэнні яе сацыяльнага i духоўна-маральнага зместу.

У XVIІ стагоддзі «Прамова…» бытавала ў шырокіх колах грамадства, неаднаразова перараблялася i дапаўнялася. Існавала мноства разнастайных яе спісаў i рэдакцый, але да нашага часу дайшлі толькі тры рэдакцыі. Упершыню яна надрукаваная Ю. Нямцэвічам у 1822 годзе

1624 год. Нарадзіўся Аляксандр Сапега (1624-1671).

Рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, каралеўскі сакратар, канонік віленскі і варшаўскі, рэферэндарый вялікі духоўны літоўскі, камандзір драгунскай харугвы (1666), біскуп жмудскі і віленскі. 

У 1671 годзе перанёс Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у новую капліцу, дзе ён знаходзіцца і зараз.

Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любліне, Віленскай езуіцкай акадэміі, калегіуме Барталамея Навадворскага ў Кракаве, у Кракаўскім універсітэце, у духоўных установах Падуі, Балоньі, Рыма і Парыжа.

Памёр 22 мая 1671 года. Пахаваны ў кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Вільні.

1870 год. Нарадзіўся Аляксандр Турчыновіч (1870-1917)

Беларускі гісторык, краязнавец, педагог.  

Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут.

Працаваў у Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай, Пецярбургскай гімназіях. 

Адзін з ініцыятараў правядзення вучнёўскіх адукацыйных экскурсій па Расіі. Разам з гімназістамі з Магілёва, Вільні і Гродна ўдзельнічаў у такога кшталту экскурсіях у Маскву, Пецярбург, Кіеў, затым былі Крым, Каўказ, Прыбалтыка, падарожжы па Дняпры, Волзе і Каспійскім моры.

Падарожнік па еўрапейскіх краінах.

Аўтар дапаможнікаў і даведніка для настаўнікаў па экскурсійнай справе, кніг «Пра лёс помнікаў класічнай літаратуры», «Паладыум: галоўныя звесткі з рымскіх старажытнасцей, літаратуры і метрыкі», падручніка “Кароткая, але поўная граматыка лацінскай мовы для гімназій”, нарыса “Стагоддзе Гродзенскай губерні (1802–1902)”.

Пасля 1917 года далейшы лёс невядомы.

Гродзенская мужчынская гімназія.

1875 год. Нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі (1875-1944).

Польскі і расійскі жывапісец, пейзажыст беларускага паходжання, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX – першай трэці XX стагоддзя, аўтар 670 шэдэўраў мастацтва. Акадэмік жывапісу Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў.

Дзяцінства прайшло Пружанамі.

Вучыўся ў Варшаве, Беластоку, у Маскоўскім мастацкім вучылішчы (аднакласнік В. Бялыніцкага-Бірулі). Удзельнік Таварыства перасоўнікаў, Саюза рускіх мастакоў.

Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў. Як упаўнаважаны па справах аховы помнікаў мастацтва пры савецкім урадзе ўратаваў некалькі сядзіб ад знішчэння.

Пасля таго, як пачалося адкрытае цкаванне мастака, ён выехаў у 1923 годзе ў Польшчу, дзе крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства.

Штогод выяжджаў на пленэры на Гродзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак малюе свае родныя мясціны: Палессе, Свіслацкую пушчу, Панямонне, Падароск, Рось, Гарнастаевічы.

Падчас Другой сусветнай вайны падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у гітлераўскім канцлагеры Прушкаў каля Варшавы.

Яго палотны захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін.

С. Жукоўскі. Рака Нёман. Палатно, алей, 1895

1879 год. Нарадзіўся Янка Серада (1879-1943).

Беларусі педагог, дзеяч нацыянальнага руху, першы старшыня прэзідыума Рады БНР, трэці старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі.

Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай войн,

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня Усебеларускага з’езда (1917), удзельнік мірных перамоваў у Брэст-Літоўску.

Працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы, быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульта, выкладчыкам Мінскага беларускага педтэхнікума, арганізатарам і дырэктарам Мінскага ветэрынарнага-заатэхнічнага тэхнікума, дацэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, сасланы ў Яраслаўль. У снежні 1941 года паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены ў лістападзе 1943 года. Далейшы лёс невядомы.

1894 год. Нарадзіўся Іван Ермачэнка (1894-1970).

Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, лекар, ад’ютант генерала П. Урангеля, прадстаўнік ураду БНР у Канстантынопалі, консул на Балканах, сузаснавальнік Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэту.

З 1922 года жыў у Празе, скончыў медыцынскі факультэт Карлава ўніверсітэта, браў удзел у беларускім студэнцкім руху і ў працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі.

У 1940 годзе заснаваў беларускае выдавецтва ў Празе, якое дзейнічала ў ягоным доме. Прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

Пасля вайны жыў у ЗША. Працаваў лекарам. Адзін з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амерыцы».

1895 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895-1955).

Беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак.

У Першую сусветную вайну служыў у расійскім войску, прапаршчык. Падчас службы рабіў фатаграфіі баёў з ворагам, салдат і афіцэраў свайго падраздзялення, пацярпелых, параненых, ахвяр вайны. З атрыманых здымкаў склаў фотаальбом «Памяткі вайны 1914-1917».

Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі на баку чырвоных. Сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. За актыўную грамадска–палітычную дзейнасць супраць польскай дзяржавы быў арыштаваны і зняволены ў Лукішках, у канцлагеры Бяроза-Картузскі, адкуль вызваліўся ў верасні 1939 года.

Быў загадчыкам бібліятэкі і сакратаром Віленскага беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча, дырэктарам Літаратурнага музея А. Пушкіна.

У 1948 годзе арыштаваны КДБ, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Памёр у 1955 годзе, пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Аўтар вершаў, артыкулаў, замалёвак, апавяданняў, трох кніг вершаў. Перакладчык Л. Талстога, М. Зошчанкі.

Ілюстратар віленскіх беларускіх календароў-гадавікоў, падручнікаў, фотаальбомаў, буклетаў, дапаможнікаў па мастацтве, разьбе па дрэве.

1905 год. Нарадзілася Стэфанія Станюта (1905-2000).

Беларуская актрыса, легенда сцэны купалаўскага тэатра, Народная артыстка Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій, уладальніца прызоў Міжнародных фестываляў, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Сыграла некалькі дзясяткаў ролей у тэатральных пастаноўках па творах Я. Купалы, З. Бядулі, К. Губарэвіча, У. Шэкспіра, Р. Шэрыдана, К. Крапівы, І. Мележа, А. Макаёнка і іншых.

Здымалася ў многіх кінафільмах, у тым ліку «Родная справа», «Памяць зямлі», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Мама, я жывы», тэлефільмах «Мы – хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і іншых.

У яе гонар названа вуліца ў Мінску.

1921 год. Савет народных камісараў РСФСР прыняў дэкрэт аб стварэнні сеткі дамоў адпачынку.

Першымі ў Беларусі запрацавалі дамы адпачынку “Ждановічы”, “Чонкі” (1922), “Мінскі” (1923). З 1930 года запрацаваў Дом адпачынку завода штучнага валакна ў Салтанаўцы.

Ждановічы. 1920-я гады.

1933 год. Нарадзіўся Аляксандр Кішчанка (1933-1997).

Народны мастак Беларусі. Аўтар слыннага “Габелену стагоддзя”, на якім выяўленыя самыя значныя постаці свету і Беларусі – занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, мае памеры 14х19 м, вагой – каля 300 кг.

Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва.

Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўным мастацтве, габелене.Выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Найбольш вядомыя працы: мазаіка «Беларусь партызанская» на мінскім гатэлі «Турыст», серыя пано на будынках у мікрараёне Усход-1, шэраг габеленаў.

Памёр 11 лістапада 1997 года ў Мінску.

1981 год. У Рыме турэцкі тэрарыст Агджа некалькі разоў стрэліў у Папу рымскага Яна Паўла ІІ.

Натоўп вернікаў сабраўся ў гэты дзень на плошчы Святога Пятра, каб вітаць вярхоўнага іерарха. Ян Павел ІІ ехаў у адкрытым аўтамабілі, які павольна прабіраўся праз натоўп вернікаў. Раптам пачуліся стрэлы, і святы айцец, сьцякаючы крывёй, упаў на рукі свайго сакратара.

23-гадовага тэрарыста-турка Мехмеда Алі Агджу, члена падпольнай тэрарыстычнай арганізацыі “Шэрыя ваўкі” схапілі на месцы злачынства, а паранены Ян Павел быў тэрмінова дастаўлены ў шпіталь, дзе яму прыйшлося перанесці нялёгкую чатырохгадзінную аперацыю. 

Лекары абвясцілі, што жыццю папы нічога не пагражае: хоць стрэлы былі зроблены амаль ва ўпор, ні адна з куль па шчаслівай выпадковасці не закранула жыццёва важных органаў.

1986 год. У Мінску нарадзіўся Аляксандр Рыбак.

Нарвежскі скрыпач, спявак, кампазітар, канцэртмайстар. Адзіны з беларусаў пераможца “Еўрабачання” (2009).

Вучыўся ў школе пры Беларускай акадэміі музыкі, кансерваторыі ў Осла.  Яго бабулі і дзядулі жывуць у Мінску і Віцебску.

Выконвае музыку свайго бацькі на вершы Максіма Багдановіча. Лічыць, што родная культура паўплывала на яго музычны густ. У 2011 годзе запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую версію свайго хіта «Europe’s Skies», у беларускай інтэрпрэтацыі яна атрымала назву «Небасхіл Еўропы».

1996 год. Пачала выдавацца газета “Педагог” Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова.

З верасня 1997 года – “Універсітэцкі веснік” МДУ імя А. Куляшова. Рэдактары газеты: Л. Шышакова (1996-2018), В. Караткевіч (2018-2019), С. Сомаў (2019-2023).

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 8 красавіка. Дзень цыган. Закрыццё Лігі Нацый. Адкрыццё тэатра юнага гледача. Л. Брэжнеў – генсек. Удар па вакзалу Краматорска. Нарадзіўся палітык К. Дуж-Душэўскі

Міжнародны дзень цыган. Зацверджаны Першым Сусветным кангрэсам цыган (8 красавіка 1971, Лондан, прысутнічалі дэлегаты з 30 краін).

У гэты дзень у многіх краінах праводзяцца Міжнародныя цыганскія фестывалі, ладзяцца фотавыставы, кінапаказы, працуюць спецыяльныя класы па тэатральным мастацтве, спевах і танцах, праходзяць канцэрты.

Цыганы не маюць сваёй дзяржавы, але маюць свой сцяг – двукалёр па гарызанталі;  сіняе (неба) поле зверху, зялёнае (зямля) – знізу, на  іх фоне – чырвонае кола, якое ўвасабляе качавы лад жыцця.

Першая ўзгадка пра цыганоў на Беларусі датаваная 1501 годам, калі цыганскі важак Васіль з Міра атрымаў ахоўную грамату ад літоўскага князя Аляксандра Ягелончыка.

Цыгане – гэта 80 этнічных груп. Жывуць яны па ўсім свеце. Іх  каля 18 мільёнаў чалавек, у тым ліку ў краінах ЕС ад 10 да 12 мільёнаў.

Згодна з перапісам 2019 года, у Беларусі жыве каля 7 000 цыган (у 1989 годзе – 10 800) – беларуска рома (мінчаны, віцебшчукі, ліпенцы, халадорэ і інш.),  бежанцытка рома, халадытка рома, польска рома (бернікі, курсакі, удзейкі), літоўска рома (бучкі, флюкі), лотфітка рома, сэрвы, кэлдэлары, цыгане-мусульмане – люлі (мугат).

У Віцебскім і Жлобінскім раёнах да вайны нават існавалі цыганскія калгасы. У Магілёўскай вобласці цыганы кампактна жывуць ў бабруйскай Цітоўцы, магілёўскіх Грабянёва і Чапаеўцы.

Ураджэнец Віцебска цыган Вальдэмар Калінін – вядомы ў свеце пісьменнік, паэт, аўтар першага поўнага пераклада Бібліі на цыганскую мову.

Цыганскія карані маюць Пабла Пікасо, Элвіс Прэслі, Чарлі Чаплін, Роні Вуд, Галіна Вішнеўская, Ганна Нятрэбка, Філіп Кіркораў, Златан Ібрагімавіч.

Дзень арханёла Гаўрыіла-Дабравесніка. Сабор Арханёла Гаўрыіла.

У народзе яго так ахрысцілі за тое, што ён не раз з’яўляўся да людзей з добрымі весткамі.

Сабор – “сход”. Людзі збіраюцца разам і славяць Арханёла Гаўрыіла, яго імя азначае “крэпасць Божая”.

Гаўрыіл натхняў сваёй прысутнасцю прарока Майсея, калі той пісаў Быццё, адкрыў будучыню іудзейскага народа прароку Данілу, паўстаў перад святой Ганнай і расказаў, што тая народзіць дачку Марыю, і стане Марыя маці Ісуса Збавіцеля.

З таго моманту, як Марыя ўвайшла ў храм Ерусаліма, ён неадступна знаходзіўся побач з ёй усё яе зямное жыццё. Арханёл Гаўрыіл распавёў святару Захара аб нараджэнні Іаана – Хрысціцеля Гасподняга.

Гаўрыіл падтрымліваў Ісуса, калі той маліўся ў садзе Гефсімана перад пакутамі. Ён жа абвясьціў жанчын аб Уваскрашэнні Хрыстовым, і тыя прыйшлі памазаць Яго цела мірам.

1891 год. Нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891–1959).

Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог, архітэктар. Аўтар эскіза сучаснага бел-чырвона-белага сцяга.

У 1912 годзе далучыўся да беларускага руху, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. Калі вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце быў актывістам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў у Белнацкаме, у Віленскай беларускай радзе, старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі.

Эміграваў у Літоўскую рэспубліку, дзе працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, інжынерам-будаўніком, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства, выдавец часопісаў «Беларускі сцяг», «Крывіч», «Беларускі асяродак». Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (1940–1941). Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.

У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцлагер. Праз заступніцтва сяброў вызвалены праз 4 месяцы.

У 1944–1946 гадах – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі архітэктуры. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.

Апрыштоўваўся савецкімі ўладамі і знаходзіўся пад следствам (1946–1947, 1952). У 1952 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. Датэрмінова вызвалены ў 1955 годзе.

1921 год. У. Ленін даў загад аказаць дапамогу па ўдасканаленню вынаходніцтва ў галіне радыё і тэлебачання Міхаілу Бонч-Бруевічу (1888–1940).

Міхаіл Бонч-Бруевіч – рускі і савецкі радыётэхнік, заснавальнік расійскай радыёлямпавай прамысловасці. Член-карэспандэнт АН СССР, прафесар Маскоўскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча, Ленінградскага інстытута інжынераў сувязі, доктар тэхнічных навук. Унёс значны ўклад у развіццё радыёфізікі. Аўтар падручнікаў, навуковых прац, а таксама каля 60 патэнтаў на вынаходніцтвы ў галіне радыётэхнікі.

Выхадзец з шырокага і вядомага на паўднёвым захадзе Расійскай імперыі дваранскага роду Бруевічаў, выхадцаў са шляхецтва Рэчы Паспалітай, заснавальнікам якога лічыцца У. Бруевіч, які валодаў з 1561 года сялом Саматэвічы (цяпер Касцюковіцкі раён).

1946 год. У Жэневе прайшло апошняе паседжанне Лігі Нацыяў –  “маці” ААН.

Ліга Нацый была заснавана ў выніку Версальскага пагаднення ў 1919–1920 гадах як аснова Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. У 1934–1935 гадах у Лігу Нацый ўваходзіла 58 дзяржаў-удзельнікаў. Мэты Лігі Нацый ўключалі ў сябе: раззбраенне, прадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, а таксама паляпшэнне якасці жыцця на планеце.

Афіцыйнымі мовамі Лігі Нацый былі французская, англійская і іспанская

14 снежня 1939 года СССР быў выключаны з Лігі Нацый за напад на Фінляндыю.

1949 год. Памёр Фёдар Дамінікоўскі (1905–1949).

Беларускі глебазнавец, гісторык, географ, геолаг, даследчык фасфатавых радовішчаў Магілёўскай вобласці, папулярызатар геаграфіі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Скончыў Варонежскі ўніверсітэт, у якім быў сакратаром беларускага студэнцкага зямляцтва ў Варонежы. Працаваў у Беларускім доследым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі, ва Усесаюзным інстытуце сельскай гаспадаркі ў Саратаве, маскоўскім Інстытуце паўночнай збожжавай гаспадаркі, загадчыкам кафедры геалогіі і глебазнаўства БДУ (з 1943), вучоным сакратаром Савета ўніверсітэта. Даследчык гісторыі навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліяграфічнага слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945–1947), вялікай колькасці артыкулаў для часопіса “Беларусь”.

1956 год. Адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача. Другое адкрыццё.

Тэатр быў створаны ў Мінску ў 1931 годзе М. Кавязіным. Спыніў сваё існаванне ў 1941 годзе.

Займае будынак 1936–1937 гадоў пабудовы, які быў адноўлены ў 1952–1954 гадах.

Комплексу Тэатра юнага гледача і Палаца піянераў і школьнікаў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння.

У 2011–2015 гадах будынак быў на рэканструкцыі.

Рэпертуар тэатра складаецца з пастановак для дзяцей і падлеткаў.

1959 год. У Парыжы памёр Леан Уладзіслаў Радзівіл (1888–1959).

Вайсковец, мецэнат, апошні ардынат нясвіжскі, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы. Ахвяра рэпрэсій.

Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.

У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.

За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нясвіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.

Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абмяняны на вязняў рэжыму  Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.

Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.

1966 год. Генеральным сакратаром ЦК КПСС абраны Леанід Брэжнеў (1906–1982). 

Кіраўнік СССР (1964–1982), Генеральны Сакратар КПСС (1966–1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960–1964, 1977–1982). Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы. Маршал.

Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова).

Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна), наведваў Оршу, Талачын, Шклоў, Друцк, Смальяны, Стараселле.

1991 год.  Камісія Вярхоўнага Савета РСФСР зацвердзіла вяртанне да трыкалёра ў якасці дзяржаўнага сцяга.

Трыкалёр быў адменены ў 1918 годзе.

Сцяг у Расіі аднавілі нягледзячы на тое, што яго выкарыстоўвалі калабаранты ў 1941–1945 гадах. Не менш за 400 000 рускіх служылі ў фашыстаў, ад 80 000 да 135 000 казакоў служылі у Вафен-СС, паліцыі. Вядомы 15-ы казачы кавалерыйскі корпус СС, некалькі рускіх дывізій СС, брыгады СС “Дружына”, 1-я гвардзейская Руская Вызвольная армія, Руская Вызвольная Армія Вермахта (12  корпусаў, 13 дывізій, 30 брыгад), Руская Вызвольная Народная Армія, Руская Нацыянальная Народная Армія, Руская Нацыянальная Армія, авіяцыйны корпус і іншыя.

2011 год. У ЗША Памёр Станіслаў Галактыёнаў (1937–2011).

Беларускі савецкі і амерыканскі навуковец, адзін з заснавальнікаў малекулярнага мадэлявання. Доктар біялагічных навук.

Скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут, аспірантуру Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Працаваў у  Інстытуце арганічнага сінтэзу АН Латвійскай ССР, інстытуце біялогіі АН БССР (да 1991), у Цэнтры малекулярнага дызайну Вашынгтонскага ўніверсітэта, дзе стаў міжнародна вядомым. Займаўся малекулярнай біялогіяй. Адзін з заснавальнікаў малекулярнага мадэлявання.

Аўтар больш сотні навуковых прац, якія перакладзены на еўрапейскія мовы.

2011 год. Памёр Антон Лабуда (1923–2011).

Беларускі фізік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны работнік  адукацыі.

Скончыў БДУ. Працаваў дацэнтам кафедры эксперыментальнай фізікі і фізічнай электронікі БДУ, намеснікам дэкана фізічнага факультэта, вядучым навукоўцам радыёфізічнага аддзялення, першым дэканам факультэта радыёфізікі і электронікі БДУ. Займаўся даследаваннямі плазмавай тэматыкі.

2022 год. З тэрыторыі ДНР нанесены ракетны ўдар па чыгуначным вакзале ва ўкраінскім Краматорску.

Загінулі 52 чалавекі, у тым ліку 5 дзяцей, паранена больш за 100 чалавек. Адна ракета патрапіла ў часовую залу чакання на вакзале, калі на ім знаходзілася каля 4 000 чалавек, якія чакалі эвакуацыі, другая ракета не разарвалася – на ёй быў надпіс “За детей”.

Краматорск з 12 красавіка па 5 ліпеня 2014 года быў захоплены сепаратыстамі ДНР, потым вызвалены. У кастрычніку 2014 года у Краматорск пераехала украінская Данецкая абласная ваенна-грамадзянская адміністрацыя. Краматорск стаў адміністрацыйным цэнтрам Данецкай вобласці.

Дзень у гісторыі. 13 сакавіка. Памёр Аляксандр Македонскі. “Дзядзечка Сэм”. Першае ўзбуйненне БССР. Пачатак татальнай русіфікацыі. Сель у Кіеве. Вынайдзены www. Фінал Варшаўскага Дагавора

323 да н.э. Памёр  Аляксандр Македонскі (356 год да н.э. – 323 год да н.э.).

Цар македонскі, адзін з найвядомейшых военачальнікаў і заваёўнікаў антычнасці.

Створаная ім у выніку ваенных паходаў дзяржава была самай вялікай у старажытным свеце, яе межы працягваліся ад Дуная да Інду. Пасля смерці Аляксандра яна хутка развалілася і на яе тэрыторыі ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.

Незвычайны вобраз Аляксандра Македонскага яшчэ ў старажытнасці паслужыў пісьменнікам для розных гісторыка-прыгодніцкіх твораў, якія былі шырока распаўсюджаныя ў літаратуры Грэцыі, Рыма, Блізкага Усходу. Сярод іх асаблівым захапленнем карыстаўся раман «Александрыя», які быў вельмі папулярны і на нашых землях, яго чыталі ўсе адукаваныя людзі таго часу, у тым ліку і Ф. Скарына. Пры гэтым беларускі першадрукар рэкамендаваў чытаць не «Александрыю», а біблейскую кнігу Макавеяў, дзе ўзгадваецца Аляксандр.

У ВКЛ былі вядомы розныя варыянты «Александрыі» – і пераклад з лацінскай мовы, які нёс адбітак еўрапейскага рыцарскага раману, і пераклад з грэчаскай мовы, захаваны ў Візантыі. Некаторыя сюжэты з жыцця Аляксандра трапілі ў беларускія народныя казкі і ў рэпертуар батлейкі.

1852 год. Нью-Ёркская газета “NY Lantern Weekly” апублікавала першую выяву дзядзечкі Сэма. 

Аднак папулярнай гэтая графічная выява стала ў 1860–1870-х гадах, калі дзядзю Сэма стаў адлюстроўваць карыкатурыст Томас Наст.

“Дзядзечка Сэм” стаў абазначэннем персаніфікаванай выявы ЗША і яго ўрада, быў упершыню згаданы ў амерыканскай прэсе на старонках штотыднёвіка “The Troy Post” горада Троя штата Нью-Ёрк у артыкуле аб вайне ЗША з Англіяй 7 верасня 1813 года.

Менавіта ў выкананні мастака Т. Наста Дзядзечка Сэм здабыў белую бараду і гарнітур, упрыгожаны палоскамі і зоркамі. Лічыцца, што выраз “Дзядзечкаа Сэм” – гэта жартаўлівая расшыфроўка скарочанай назвы краіны: Uncle SАm – USА.

Існуе версія, што выраз увайшоў ва ўжыванне ў 1812 годзе як вытворнае ад імя мясніка з Троі. Сэм Уілсан пастаўляў мяса ў амерыканскае войска ў скрынках з надпісам U.S., што азначала скарочаную назву краіны. Гэтыя літары супадалі з ініцыяламі Ўілсана, таму салдаты жартам пачалі казаць, што мяса да іх прыбыла ад Дзядзечкі Сэма.

1720 год. Памёр Казімір Ян Павел Сапега (1637/1642-1720).

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, князь. Чашнік, падстолі вялікі літоўскі, падскарбі дворны літоўскі, гетман польны і вялікі літоўскі, ваявода полацкі, маршалак Трыбунала ВКЛ.

Валодаў шматлікімі беларускімі гарадамі і мястэчкамі, у тым ліку Старым і Новым Быхавам.

Удзельнічаў у выправах супраць туркаў у 1673 г. (камандаваў 3 харугвамі конніцы і 1 пяхоты, набранымі за кошт Сапегаў), 1674, 1683 (камандаваў 10-тысячным войскам), 1689, 1691, 1694 гадах (нанёс паражэнне каля Днястра).

На пачатку Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721) быў на баку шведаў, на пераломе 1709–1710 перайшоў на бок Аўгуста Моцнага, застаўся ваяводай віленскім.

Памёр у Гродна. Пахаваны ў Бярозе-Картузскай.

1922 год. Нарадзіўся Лявон Луцкевіч.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст. Сын прэм’ер-міністра БНР А. Луцкевіча.

У Другую сусветную вайну настаўнічаў у Радашковічах і Баранавічах, прымаў удзел у нацыянальным падполлі, далучыўся да Беларускай Краёвай Абароны.

Арыштаваны савецкай дзяржбяспекай у Польшчы ў канцы 1945 года. Рэпрэсаваны па справе кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, сасланы на Калыму.

Пасля вызвалення жыў у Вільні, дзе ў 1988 годзе стварыў беларускае культурнае таварыства, удзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху.

Аўтар кнігі “Вандроўкі па Вільні”.

Памёр 28 ліпеня 1997 года.

Браты Юрка і Лявон Луцкевічы.

1924 год. Рэзалюцыяй VI Усебеларускага надзвычайнага з’езда Саветаў БССР і згодна з пастановай ЦВК РСФСР ад 3 сакавіка 1924 года, адбылося «першае ўзбуйненне» БССР.

У склад Беларусі былі вернуты шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, якія была прыхапіла РСФСР у 1919 годзе, у тым ліку Аршанскі, Быхаўскі, Горацкі, Калінінскі (Клімавіцкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі і сам горад Магілёў. 

Тэрыторыя БССР павялічылася ўдвая, з 52,4 да 110 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек.  70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. 

Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР (да 1926 года).

1935 год. Памёр Ян Міхал Развадоўскі (1867-1935).

Польскі мовазнавец-індаеўрапеіст, этнограф, тапаніміст. Член Кракаўскай, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэмій навук.

Прафесар Ягелонскага універсітэта, прэзідэнт Польскай Акадэміі навук.

Аўтар многіх прац па агульным, індаеўрапейскім, польскім мовазнаўстве, анамастыцы, этымалогіі, у тым ліку «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх», «Пра з’явы і развіццё мовы», «Даследаванні назваў славянскіх рэк».

1938 год. Руская мова ўведзена як абавязковы прадмет для вывучэння ва ўсіх школах СССР. Пачатак татальнай русіфікацыі.

З 1917 года савецкія грамадзяне абавязаны былі навучыцца пісьменнасці, але ў іх было права выбару мовы навучання. Развіваліся нацыянальныя школы: пікам стаў 1932 год, калі ў савецкіх школах выкладанне вялося на 104 мовах, у тым ліку некаторых сусветных.

Пад сцягам барацьбы з «вялікадзяржаўным шавінізмам» і «буржуазным нацыяналізмам», які загароджваў, паводле фармулёўкі Н. Крупскай, доступ беднякоў да рускай мовы, выкладанне родных моў сталі скарачаць.

Савецкія ўлады адштурхоўваліся ад трох асноўных прычын для ўвядзення абавязковага вывучэння мовы – руская мова ўвасабляла адзіны сродак зносін для шматнацыянальнай краіны, “садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росту народаў”, а таксама «веды рускай мовы забяспечвалі неабходныя ўмовы для паспяховага нясення ўсімі грамадзянамі СССР вайсковай службы».

Руская мова выступала як мова-«старэйшы брат» у сям’і савецкіх народаў. Тады як родныя мовы лічыліся “вясковымі”.

1940 год. Спектаклем «Каварства і каханне» Ф. Шылера ў Гродне адкрыўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР.

З лістапада 1939 года працаваў у Беластоку, потым у 1940-1941 гадах – у Гродна.

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік А. Вянгерка (1893–1941). Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А. Фрэдры, «Пігмаліён» Б. Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ.

А. Вянгерка.

1961 год. У Кіеве здарылася самая буйная да Чарнобыля тэхнагенная катастрофа: сотні людзей былі забітыя селевым патокам з плаціны.

Па неафіцыйных толькі загінула каля 1500 чалавек.

У пачатку 1950-х гадоў у сумна вядомы Бабіны Яр вырашана было звозіць адыходы ад вытворчасці цэглы. Гэтыя адыходы змешвалі з вадой, а затым змывалі па трубах. Надзейныя здавалася б земляныя дамбы павінны былі заступаць шлях назапашанаму бруду.

А 8:45 13 сакавіка, у гадзіну пік, калі людзі ішлі на працу, дамбу прарвала. Гразевы паток, які дасягаў у вышыню 14 м, з хуткасцю да 60 км/г, рынуўся на горад, хаваючы пад сабой усё жывое. 

Ён змыў трамвайнае дэпо, некалькі вуліц, стадыён, завод, бальніцу, 80 жылых дамоў раёна Куранёўкі. З-за ўзніклых з прычыны аварыі электрычных замыканняў тут і там узнікалі ўзгаранні. 

Праз некаторы час вада, змяшаная з глінай, пачала застываць. Яшчэ нядаўна рухомы паток ператвараўся ў камень. Людзей, жыўцом пахаваных пад пластом пульпы, даводзілася літаральна выкалупваць з яе. Каўшы экскаватараў, якія ліквідавалі наступствы трагедыі, разрывалі трупы на кавалкі. Плошча каля 30 гектараў аказалася пакрытай 3-х метровым каменным пластом.

1989 год. Вынайдзена Сусветная павуціна (World Wide Web, WWW ці www), больш вядомая як Інтэрнэт.

Вынаходнік Інтэрнэту англійскі вучоны Цім Бернерс-Лі з калегамі з Еўрапейскага савета па ядзерных даследаваннях (CERN) у гэты дзень перадалі начальніку свайго аддзела дакумент, які называўся «Інфармацыйны менеджмент: некаторыя прапановы», у якім былі закладзены асноўныя прынцыпы www.

1991 год. Фармальна спынена дзейнасць Аб’яднаных узброеных сіл дзяржаў-удзельніц Варшаўскага Дагавора і іх органаў кіравання.

Варшаўскі дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, ГДР, Польшчай, Румыніяй, СССР і Чэхаславакіяй быў падпісаны на Варшаўскай нарадзе 14 красавіка 1955 года. Варшаўская Дамова – ваенна-палітычны абарончы саюз еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў. Ён быў заключаны на 20 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем на наступныя 10 гадоў для тых дзяржаў, якія не дэнансуюць Дагавор за год да заканчэння гэтага тэрміну.

Зараз усе былыя краіны Варшаўскага Дагавора, акрамя правапрыемніцы СССР – Расіі, з’яўляюцца членамі НАТА. Лагічны вынік эвалюцыі.

У 1967–1976 гадах Галоўнакамандуючым Аб’яднаных узброеных сіл краін-удзельніц Варшаўскага дагавора быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюза І. Якубоўскі, а начальнікам  штаба ў 1955-1962 гадах – ураджэнец Гродна, генерал арміі, кавалер ордэна Перамогі А. Антонаў (1896-1962).

генерал арміі А. Антонаў.

Дзень у гісторыі. 19 лютага. Крыжовы паход супраць літоўцаў. Крым перададзены Украіне. Першы дазволены апазіцыйны мітынг. Нарадзіліся мастак Ю. Пешка, паэт С. Шушкевіч.

Сусветны дзень кітоў (World Whale Day). 

У гэты дзень 1986 года Міжнародная кітабойная камісія (МКК), пасля 200 гадоў бязлітаснага знішчэння марскіх гігантаў, забараніла камерцыйны промысел буйных кітоў і гандаль іх мясам. Штогод у гэты дзень розныя прыродаахоўныя групы праводзяць акцыі ў абарону кітоў і іншых марскіх млекакормячых. Часта эколагі аб’ядноўваюцца і прысвячаюць гэты дзень абароне аднаго ўнікальнага віду, якому пагражае смяротная небяспека.

У цяперашні час дазволены толькі абарыгенны промысел кітоў выключна для задавальнення запатрабаванняў карэннага насельніцтва, а таксама канфіскацыя кітоў у навуковых мэтах па спецыяльных дазволах урадаў-членаў МКК.

У сярэднім даўжыня кіта складае ад 22 да 27 метраў. Самы вялікі кіт быў злоўлены ў 1926 годзе: яго даўжыня складала 33 метры, а важыла жывёла 150 тон.

Далёкія продкі кітоў былі сухапутнымі жывёламі, якія хадзілі на чатырох нагах.

1236 год. Папа Рыгор IX абвясціў першы крыжовы паход супраць літоўцаў. 

Рыга стала апорным пунктам для прыбываючых воінаў Хрыста. Усяго прыбыло больш за 2 000 саксонцаў, да іх далучылася і 200 пскавічоў, якіх моцна дапяклі набегі балцкіх плямёнаў.

Магістр Ордэна Мечаносцаў Фолквін, не асабліва гарэў жаданнем ісці ў малазнаёмую мясцовасць і таму да восені крыжакі сядзелі ў Рызе. 

Крыжакі і іх саюзнікі спустошылі значную тэрыторыю на мяжы сучасных Латвіі і Літвы. Літоўцы хаця і былі заспеты знянацку гэтым уварваннем, даволі хутка сабралі да 3 000 апалчэнцаў. 

21 верасня каля Саўле (Шаўляй) крыжакоў сустрэў са сваёй дружынай мясцовы правадыр В. Булёніс, да яго на наступны дзень далучыліся жэмайты Вікінтаса. 

Цяжкая конніца крыжакоў увязла ў балоце, што дапамагло літоўцам нанесці суперніку велізарныя страты.

1767 год. Нарадзіўся Юзаф Пешка. 

Польскі і беларускі жывапісец, прадстаўнік акадэмічнага класіцызму. 

Працаваў у Гродна, Нясвіжы, Мінску, іншых гарадах і мястэчках, выкладаў у Школе прыгожых мастацтваў, у Ягелонскім універсітэце, стаў першым дырэктарам рэарганізаванай Школы выяўленчых мастацтваў. 

Пасля падарожжаў па Беларусі пакінуў выявы краявідаў Магілёва і Шклова, Магілёўскай губерні, Віцебска, Нясвіжа, Мінска і іншых. 

Аўтар партрэтаў гістарычных дзеячаў, прац па гісторыі Рэчы Паспалітай. Яго пейзажы з’яўляюцца асабліва каштоўнымі для вывучэння архітэктуры Мінска, Магілёва.  

Памёр 4 верасня 1831 года.

Юзаф Пешка. Краявід Шклова
Юзаф Пешка. Краявід Шклова

1864 год. Нарадзіўся Вячаслаў Адамовіч. 

Беларускі палітычны і вайсковы дзеяч, выдавец, публіцыст, паэт, музыка.

Выдавец газеты «Северо-западный телеграф», удзельнік беларускага вайсковага руху, сябра Беларускай Вайсковай Камісіі, браў удзел у стварэнні таемнай сялянскай вайсковай арганізацыі «Зялёны Дуб», якую ўзначаліў яго сын Вячаслаў (атаман Дзяргач). 

Браў удзел у антыбальшавіцкай акцыі пачатку 1920-х гадоў. Пазней адышоў ад палітычнай дзейнасці, жыў у Вільні.

Памёр 21 лютага 1939 года.

1887 год. Нарадзіўся Янка Пазняк. 

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, палітык. Дзед палітыка Зянона Пазняка.

У маладосці далучыўся да беларускага руху, удзельнічаў у працы беларускіх хрысціянска-асветніцкіх суполак. 

Выдаваў каталіцкую газету «Biełarus», рэдагаваў газету «Biełaruskaja krynica», часопіс «Хрысціянская думка», быў сакратаром Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, старшынёй Прэзідыума Беларускага народнага аб’яднання, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта. Арганізатар беларускіх сялянскіх мастацкіх калектываў і стваральнік беларускіх вясковых школ.

Яго палітычная дзейнасць сустрэла негатыўную рэакцыю з боку польскіх уладаў. Супраць яго было заведзена 35 судовых спраў, накладаліся грашовыя штрафы, ён быў у зняволенні.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС. Верагодна, пасля 22 красавіка 1940 года быў расстраляны ў Мінску.

супрацоўнікі рэдакцыі «Biełaruskaj krynicy» ў Вільні. Злева направа: Я. Найдзюк, У. Тарасевіч, М. Пяцюкевіч, Ян Пазняк
супрацоўнікі рэдакцыі «Biełaruskaj krynicy» ў Вільні. Злева направа: Я. Найдзюк, У. Тарасевіч, М. Пяцюкевіч, Ян Пазняк

1890 год. Нарадзіўся Казімір Сваяк (Стаповіч). 

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, паэт.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Служыў у касцёлах у Камаях, Клюшчанах, іншых у мястэчках Заходняй Беларусі. З 1915 года вёў казанні на беларускай мове. 

Аўтар вершаў, зборніка вершаў, вершаванага апавядання. Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы», «Купалле». Напісаў філасофскі дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» з «Аўтабіяграфіяй».

Памёр 6 мая 1926 года.

У 1990 годзе А. Мальдзіс падчас візіту ў Ватыкан пры размове з Папам унёс прапанову прылічыць К. Стаповіча да ліку блаславёных.

У Вільні ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар.

1901 год. Нарадзіўся Сяргей Бусел. 

Беларускі грамадскі дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання.

Удзельнікк беларускага нацыянальнага руху, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны. У часе Слуцкага збройнага чыну прымаў удзел у фармаванні 1-й  Слуцкай брыгады войскаў БНР.

Уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі, працаваў ў ковенскім Прадстаўніцтве БНР і літоўскім Міністэрстве беларускіх спраў. 

У Празе ўдзельнічаў у эмігранцкіх арганізацыях разам з Т. Грыбам, Я. Мамонькам, П. Бадуновай, М. Чарнецкім. 

Пасля вяртання ў Вільню працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце, у часопісе «Золак». У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС і вывезены ў Мінск. 

У лютым 1940 года прыгавораны да 15 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Далейшы лёс невядомы.

1908 год. Нарадзіўся Станіслаў Шушкевіч.

Беларускі паэт, Заслужаны работнік культуры. Бацька палітыка С. С. Шушкевіча. 

Быў членам літаб’яднання «Маладняк», БелАПП. Працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, загадчыкам бібліятэкі Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, у рэдакцыях шэрагу газет.

Арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 8 год лагераў. Знаходзіўся ў лагеры і ссылцы ў Кемераўскай вобласці. У 1946 годзе вярнуўся на Радзіму. Паўторна арыштаваны ў жніўні 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

Пасля 1956 года працаваў у газетах «Мінская праўда», «Літаратура і мастацтва».

Аўтар вершаў, дзясятка паэтычных зборнікаў, кнігі ўспамінаў, успамінаў пра беларускіх пісьменнікаў, кнігі прозы, зборніка сатыры і гумару. Пісаў і для дзяцей: шэраг зборнікаў вершаў, апавяданняў і казак. Выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах, «Выбранае». 

Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Памёр 1 лютага 1991 года.

1919 год. У Магілёве створана дзіцячая музычная школа. 

Ініцыятыву аматараў музыкі “праштурхнуў” кампазітар М. Чуркін. Установе, неўзабаве дзіцячай музычнай школе №1 імя М. Рымскага-Корсакава, быў выдзелены асабняк былога прамыслоўца Бачкова па Камуністычным завулку, а ў 1925 годзе быў выдзелены новы будынак. 

У 1938 годзе на базе школы было адкрыта Магілёўскае музычнае вучылішча імя Н.А. Рымскага-Корсакава. Школа (зараз – каледж музыкі і харэаграфіі) і вучылішча (цяпер – музычны каледж) да 1960 года працавалі ў адным будынку.

1954 год. Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Крымская вобласць перададзена з РСФСР у склад Украінскай ССР. 

Пастанова Прэзідыума аб перадачы Крыма была прынятая аднагалосна. Фармальнасць адміністрацыйнага ўпарадкавання да 300-годдзя Пераяслаўскай рады, у 2014 годзе стала падставай для расійскай акупацыі Крыма і ўсходу Украіны. 

Прынята лічыць, што ідэя перадачы Крыма належала М. Хрушчову. 

Ніякага ажыятажу сярод насельніцтва падзея не выклікала. Народ і ў Расіі, і ва Украіне прыняў вестку аб перамене статусу Крыма на здзіўленне будзённа.

1989 год. Адбыўся мітынг на мінскім стадыёне «Дынама», арганізаваны Беларускім народным фронтам і Канфедэрацыяй беларускіх аб’яднанняў («Талака», «Тутэйшыя» і іншыя). 

Гэта быў першы ў БССР дазволены ўладамі апазіцыйны палітычны мітынг, першая масавая деманстрацыя нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белых сцягоў і герба «Пагоня».  

Нягледзячы на моцны мароз узяла ўдзел каля 40  000 чалавек. 

Спяваў Сяржук Сокалаў-Воюш. Выступалі лідары Фронту, кандыдаты ў народныя дэпутаты СССР, якіх падтрымліваў БНФ.

Перадвыбарчым лозунгам Фронту быў заклік «Заводы – рабочым, зямля – сялянам, улада – народу». Шэраг кандыдатаў, каго БНФ прапагандаваў і падтрымліваў на выбарах, сталі народнымі дэпутатамі СССР: А. Адамовіч і В. Быкаў – па спісах творчых саюзаў, С. Габрусеў, А. Дабравольскі, А. Жураўлёў, М. Ігнатовіч, С. Шушкевіч – ад выбарчых акруг.

1993 год. Памёр ураджэнец Беларусі Часлаў Кудаба (Худаба). 

Беларускі і літоўскі географ-краязнавец, эколаг, Лаўрэат Дзяржпрэміі Літвы. 

Барацьбіт за незалежнасць Літвы. Кіраўнік праекта па стварэнню геаграфічнага атласа Літвы, аўтар манаграфій, кніг, артыкулаў аб прыродзе, культуры, экалагічным стане Літвы, Беларусі, пра хараство Нарачанскага краю. 

Кніга «Па Віліі: падарожныя запісы» прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія.

Дзень у гісторыі. 14 лютага. Першая згадка пра Літву. Зняцце праклёну з Магілёва. Пераход на новы каляндар. Нарадзіліся мастакі В. Ваньковіч, В. Цвірка, гісторык М. Улашчык, паэт А. Звонак

Трыфан. 

На Трыфана зорна – вясна позняя”. “Які Трыфан, такія і астатнія дні лютага”. Люты – месяц вяселляў, дзяўчыны маліліся Трыфану, каб ён паслаў ім жаніха.

Дзень Святога Валянціна, Дзень закаханых.

У некаторых каталіцкіх дыяцэзіях у гэты дзень адзначаюць памяць Святога Валянціна. Свята, аднак, мае свецкі характар. У гэты дзень дораць каханым і дарагім людзям кветкі, паштоўкі ў форме сардэчка, часта з паэтычнымі, любоўнымі тэкстамі – валянцінкі.

Дзень Св. Валянціна адзначаецца ў гонар раннехрысціянскага святога, што насіў гэтае імя, але паходзіць ад рымскіх Луперкалій. Луперкаліі былі фестывалем эратызму. Луперк – адна з мянушак Фаўна, бога мілавання і заступніка статкаў. Штогод 15 лютага ў Рыме праводзілася свята, падчас якога ў ахвяру прыносіліся жывёлы. З іх скур вырабляліся бізуны. У часе Луперкалій голыя хлопцы з папругамі з казлінай скуры бегалі між жанчынамі і сцябалі іх. Жанчыны ахвотна падстаўлялі сябе пад удары, лічачы, што гэта дасць ім плоднасць і лёгкія роды. У канцы абраду жанчыны таксама раздзяваліся дагала.

У 494 годзе Папа Геласій I паспрабаваў забараніць Луперкаліі. Святу, якое прыйшло ім на замену, быў прызначаны нябесны заступнік – святы Валянцін, які 14 лютага 269 года быў забіты па загаду рымскага імператара Клаўдзія II за прапаведніцкую дзейнасць сярод моладзі.

У познім сярэднявеччы ў Францыі і Англіі жыццё Св. Валянціна паступова пачало абрастаць легендамі, звязанымі з таемным шлюбам закаханых пар. Паводле легенды, імператар лічыў, што самотны мужчына – без сям’і, жонкі і абавязкаў – лепш змагаецца на полі бітвы, і забараніў маладым мужчынам жаніцца. Святы Валянцін употай асвячаў шлюбы. Святара кінулі ў турму, асудзілі на смерць. У турме святы Валянцін пазнаёміўся з дачкой наглядчыка – Юліяй. Закаханы святар перад смерцю напісаў ёй прызнанне ў каханні – валянцінку.

Раней у беларусаў-католікаў Валянцін быў звычайным прысвяткам земляробчага календара.

У Заходняй Еўропе Дзень святога Валянціна стаў шырока адзначацца з XIII стагоддзя, у ЗША – з 1777 года. 

У Масковіі было сваё свята закаханых – на пачатку лета. Яно звязана з легендарнай гісторыяй кахання Пятра і Фяўронні.

Адзіная краіна, дзе свята Св. Валянціна забаронена – Саудаўская Аравія.

Дзень камп’ютаршчыка (Geek day). 

Неафіцыйны дзень, які шырока адзначаецца ў прафесійным свеце. Дата прымеркаваная да прэзентацыі 14 лютага 1946 года ў ЗША першага кампутара ENIAC I (Electrical Numerical Integrator And Calculator) – прататыпа сучаснага.

У спецыялістаў камп’ютарнай сферы некалькі прафесійных свят за год. У 256-ы дзень года (13 ці 12 верасня) адзначаецца Дзень праграміста, у апошнюю пятніцу ліпеня – Дзень сістэмнага адміністратара, 9 верасня – Дзень тэсціроўшчыка.

Праграмісты, як сапраўдныя прафесіяналы, вылічылі дату свайго свята матэматычна. Лік 256 – гэта колькасць лікаў, якую можна прадставіць з дапамогай аднаго байта інфармацыі. І таму 256-ы дзень з пачатку года, а менавіта 13 верасня, супольнасць камп’ютаршчыкаў і праграмістаў таксама лічыць сваім прафесійным святам.

Сімвал @ называюць у Беларусі – слімаком, у Польшчы – малпачкай, у Расіі – сабакам.

1009 год. Упершыню ў гістарычных крыніцах зафіксаваны тапонім Літва. 

У Кведлінбургскіх аналах зафіксавана, што ў гэты дзень быў забіты на мяжы Русі і Літвы місіянер Брунон Баніфацый – святы, апостал Прусіі, граф.

1666 год. Праклён, якому Магілёў быў падвергнуты за паўстанне 1661 года супраць рускіх войск, адменены. 

Адмяніў праклён кіеўскі мітрапаліт Іосіф і блаславіў Магілёў са словамі: “Неналежныя маскоўскія архіерэі былі ўторгнуліся ў маю епархію, то ад іх праклёну вызваляю, а наадварот бласлаўляю”.

1800 год. Нарадзіўся Валянцін Ваньковіч. 

Беларускі мастак рамантычнага кірунку. Акадэмік жывапісу.

Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум, Віленскі ўніверсітэт, Акадэмію  мастацтваў у Пецярбургу.

У доме брата Эдварда ў Мінску часта гасцявалі мастакі, кампазітары, літаратары, у тым ліку Я. Дамель, М. Кулеша, Ч. Манюшка, С. Манюшка, В. Дунін-Марцінкевіч.

У паўстанні 1830–1831 гадоў не ўдзельнічаў з прычыны хваробы, хаця такі намер меў – набыў зброю і каня.

З 1839 года жыў на эміграцыі. У 1841 пасяліўся ў Парыжы. Жыў у А. Міцкевіча.

Аўтар партрэтаў А. Міцкевіча, А. Гарэцкага, М. Шыманоўскай, К. Ліпінскага, А. Тавяньскага, А. Манюшкі і іншых. 

Характарныя карціны «Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе», «Міцкевіч на скале Аю-Даг», «Напалеон каля вогнішча». Сярод работ, літаграфіі «Аўтапартрэт», «Галава старога», малюнкі «Від руін у Італіі», «Пейзаж» і іншыя. Апошняя яго карціна «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыжскім касцёле Сен-Севярын.

Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбургу, Варшавы, Кракава, Парыжу.

Памёр 12 мая 1842 года ад сухотаў на руках у А. Міцкевіча. Пахаваны на могілках Манмартр-дэ-Сен-Дэні.

У Мінску дзейнічае дом-музей Ваньковічаў, каля якога ўсталяваны помнік мастаку.

1906 год. Нарадзіўся Мікалай Улашчык. 

Беларускі гісторык і археограф, празаік, перакладчык, мемуарыст. Доктар гістарычных навук. Аўтар навуковых прац па гісторыі ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Удзельнік нацыянальна-культурнага, краязнаўчага руху 1920-х гадоў.

Чатыры разы арыштоўваўся НКУС і КДБ (1930, 1932, 1941, 1950), быў вязнем лагераў. Паміж адсідкамі працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі, у Маскоўскім універсітэце. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года.

Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР.

Даследаваў праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання.

Асноўнымі працамі з’яўляюцца «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду», «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі».

Упершыню пераклаў на рускую мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца». Складальнік і рэдактар 32 і 35-га тамоў беларуска-літоўскіх летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай».

Навуковую значнасць маюць і яго меркаванні пра дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных беларускіх летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага.

Памер 14 лістапада 1986 года.

1907 год. Нарадзіўся Алесь Звонак. 

Беларускі паэт, драматург, перакладчык, тэатразнавец. Лаўрэат  Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. 

Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва», на Беларускім радыё, у часопісе «Маладняк», у Акадэміі навук, узначальваў полацкую філію «Маладняка».

У лістападзе 1936 года арыштаваны НКУС, сасланы ў лагеры Магаданскай вобласці. Пасля лагераў працаваў геолагам на Далёкім Усходзе, у 1955 годзе вярнуўся ў Мінск.

Аўтар вершаў, п’ес, крытычных артыкулаў, больш дзесяці зборнікаў вершаў, кнігі ўспамінаў. Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах і «Сябрына: Выбраныя творы».

Яго п’еса «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» ставілася ў тэатрах. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Якуб Колас», «Вобразы і думы».

Перакладаў на беларускую мову А.Чэхава, А.Фадзеева, Ш. Руставелі,  Д. Кугульцінава, А.Пушкіна, М. Някрасава, М.Бажана, П.Тычыны, У.Сасюры,  Р.Гамзатава, Ю.Славацкага і іншых.

Памёр 2 лютага 1996 года.

1913 год. Нарадзіўся Віталь Цвірка. 

Беларускі жывапісец.

Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум, Маскоўскі мастацкі інстытут.

Выкладаў ў школах Мінска, ва эвакуацыі ў Самаркандзе, Мінскім мастацкім вучылішчы, загадваў кафедрай і быў рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Займаўся пейзажам і «тэматычным жывапісам»: гістарычным і побытавым. Шматлікія падарожжы па Беларусі становяцца неабходнасцю як пошук тэм для будучых краявідаў, якія амаль цалкам выціснулі астатнія жанры жывапісу з яго творчасці. Толькі ў апошняе дзесяцігоддзе жыцця ён звяртаецца да нацюрморта. 

Пачынаючы з 1970-х гадоў, разам з алейным жывапісам працуе ў акварэлі. Большасць твораў захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Памер 11 чэрвеня 1993 года.

1918 год. У РСФСР і БССР перайшлі на грыгарыянскі каляндар (новы стыль).

24 студзеня 1918 года дэкрэтам СНК БССР быў уведзены грыгарыянскі каляндар, у адпаведнасці з якім была ўведзена папраўка ў 13 сутак. Пасля 31 студзеня 1918 года адразу наступіў дзень 14 лютага.

1984 год. Памёр Язэп Найдзюк. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Вільні. Працаваў друкаром і дырэктарам Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, рэдагаваў папулярны часопіс «Шлях моладзі».

У 1939 годзе быў арыштаваны і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер. 

У час II Сусветнай вайны жыў у Мінску, працаваў у школьным інспектараце, выдаваў часопіс «Беларуская школа», тэхнічным кіраўніком «Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі», намеснікам члена Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы. Улетку 1944 выехаў у Германію. 

Пасля вайны, хаваючыся ад савецкай дзяржбяспекі, пераехаў у Польшчу дзе жыў у Інаўроцлаве пад імем Юзафа Александровіча, працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, займаўся краязнаўствам. 

Пісаў артыкулы ў беларускую эмігранцкую прэсу, сувязь з беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у Амерыцы. Вёў ліставанне з Л. Геніюш, Ю. Туронкам, К. Грынкевічам і іншымі дзеячамі.

Аўтар успамінаў, дзённікаў, падручніка для моладзі «Пазнавайма гісторыю беларускага народу», папулярнага нарысу «Беларусь учора і сяння».

У яго гонар на будынку друкарні ў польскім Інаўроцлаве адкрыта памятнай шыльда.

1989 год. Памёр Вінцэнт Жук-Грышкевіч. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, шосты старшыня Рады БНР (1971–1982).

Скончыў Пражскі ўніверэсітэт. Выкладаў у беларускай гімназіі,  Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні. Прымаў актыўны ўдзел у грамадска-нацыянальным жыцці.

У верасня 1939 года быў арыштаваны ДПУ і зняволены ў лагерах у Туркменістане. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала У. Андэрса. Служыў у Іраку, Палестыне, Егіпце, Італіі, удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна.

Пасля вайны выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых польскіх школах у Італіі і Вялікабрытаніі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі і яго кіраўнік, член Рады БНР.

У Атаўскім універсітэце ЗША абараніў доктарскую дысертацыю «Лірыка Янкі Купалы». Адзін з заснавальнікаў Радыё «Вызваленне», першы кіраўнік беларускай рэдакцыі (1954–1956), адзін з заснавальнікаў Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады.

Памёр 14 лютага 1989 года ў Канадзе.

2014 год. Памёр Гаўрыла Вашчанка. 

Беларускі жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Выкладчык, загадчык кафедрай манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Айчыннай вайны і пасляваеннай стваральнай працы, пра жыццё сучаснага Палесся.

Сярод твораў: «Непакораная», «Косцік», «Юнацтва», «Маё Палессе», «Дума пра хлеб», «Балада пра мужнасць», «Мацярынскія крылы», «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» і іншыя. Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва», трыпціх пра паўстанне К. Каліноўскага «За зямлю, за волю», «Балада пра мужнасць» і іншыя.

Аўтар мазаічнага пано ў мінскім Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, размалёвак Палаца культуры хімікаў у Светлагорску, вітражоў і люстры ў касцёле Сымона і Алены.

Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі, у тым ліку Янкі Купалы, Якуба Коласа, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К. Астрожскага, С. Буднага, В. Цяпінскага.

Яго персанальная карцінная галерэя дзейнічае ў Гомелі.

Гаўрыла Вашчанка, Генадзь Бураўкін, Васіль Шаранговіч

Дзень у гісторыі. 19 студзеня. Вадохрышча. Першы магілёўскі тралейбус і апошні “Фольксваген-жук”. Нарадзіліся падарожнік Міхал Урончанка, “Ляпіс” Сяргей Міхалок. Памёр краязнавец Міхаіл Без-Карніловіч

Вадохрышча, або Багаяўленне. Апошняе свята каляднага цыкла (з 7 па 19 студзеня). 

“Святое Хрышчэнне – Калядам прашчэнне”. У гэты дзень, які гістарычна звязваюць з хрэсьбінамі Ісуса Хрыста, людзі асвячалі ваду.

Адно з самых старажытных святаў хрысціянскай Царквы, адносіцца да часоў апосталаў. Старажытная назва свята – “Епіфанія” – з’ява, або “Тэафанія” – Багаяўленне, таксама яго называлі “свята Свету”. Бо Бог прыходзіць у свет у гэты дзень, каб явіць свету Святло.

Само слова “хрысціць” на мове арыгінала азначае “апускаць” (грэц. βάπτιση – “апусканне ў ваду”).

У памяць аб тым, што Хрыстос сваім Вадохрышчам асвяціў ваду, напярэдадні свята вада асвячаецца ў храмах, у само свята Богаяўлення – у рэках або іншых месцах, дзе бяруць ваду. Для подступу да вады напярэдадні свята мужчыны выразаюць у лёдзе вялікую палонку ў выглядзе крыжа – Іардань, а сам ледзяны крыж усталёўваюць побач. Над ракой каля крыжа адбываецца абрад Іарданскага водаасвячэння. Вакол палонкі, святары і мясцовыя жыхары здзяйсняюць хрэсны ход, служаць малебен і, тым самым, асвячаюць ваду. Асвечаная вада лічыцца гаючай.

Лічыцца, што Вадохрышчанская вада змывае ўсе грахі, таму на Вадохрышча людзі тры разы з галавой апускаюцца ў ваду. Гэтак жа лічыцца, што ў вадохрышчанскую ноч вада прыходзіць у рух, як бы, у памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста. І сіла вады становіцца цудадзейнай. З боскай дапамогай вады – вылечваліся хворыя, ваду давалі піць дзецям. У старажытнасці народ верыў, што на Богаяўленне свеціць сонца, а ў вадохрышчанскую ноч адкрываецца неба, што сімвалізуе адкрытыя зносіны з Богам.

Дзень ратавальніка Беларусі (з 2000 года).

Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях (МНС) было зацвероджана ў гэты дзень у 1999 годзе. 

МНС створана ў 1994 годзе на базе атрада службы выратавання – Рэспубліканскага спецатрада па правядзенні першачарговых аварыйна-выратавальных работ, які бярэ пачатак з 1991 года.

МНС выконвае шырокі спектр работ – гэта ліквідацыя пажараў, наступстваў стыхійных бедстваў, аварый на сістэмах жызнезабеспячэння, ратаванне людзей на вадзе і іншае.

Беларуская служба выратавання сёння – гэта каля 1 000 баявых падраздзяленняў, на ўзбраенні якіх знаходзіцца больш за 6 000 адзінак тэхнікі.

Сёння ў структуры МНС функцыянуюць 17 спецыяльных службаў, у тым ліку службы пажаратушэння і аварыйна-выратавальных работ, хімічнай і радыяцыйнай бяспекі, інжынерных работ, вадалазная, медыцынская, выбухатэхнічная, авіяцыйная, пошукава-выратавальная, парашутна-дэсантная, пантонная і іншыя.

Дзень Магілёўскага географа. 

У 1934 годзе адчынены кафедра фізічнай геаграфіі і геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута. 

Першым дэканам і загадчыкам кафедры стаў Даніла Васілеўскі. 

На геаграфічным факультэце працавалі дактары навук, прафесары, знакамітыя ў свеце і Еўропе географы, падарожнікі Г. Шэнберг, П. Бардакоў, М. Баднарскі, М. Мікалаеў, М. Самбікін, А. Мядзведзеў, А. Гожаў, Б. Бажэнаў, І. Сілініч, Б. Нешатаеў, С. Сідор, Р. Дулаева, М. Звераў, М. Клюкін, Ю. Шчарбакоў, Б. Крубіч-Лебедзеў, М. Плоткін, планавалася і праца ў даваенны час Аркадзя Смоліча.

Праз 25 гадоў, у гэты ж дзень у 1959 годзе зарэгістраваны першы ў Беларусі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства. Першым старшынёй стаў Мікалай Нешатаеў, вучоным сакратаром – Пятро Лярскі.

1630 год. Памёр Яўстах Валовіч. 

Дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат і бібліяфіл. Вялікі пісар, падканцлер вялікі літоўскі, біскуп віленскі. Удзельнік пасольства Рэчы Паспалітай да Папы рымскага і іншых пасольстваў.

У час яго біскупства пабудавана 26 касцёлаў, галоўным чынам на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі.

Шчодры мецэнат. Спрыяў утварэнню ў складзе Віленскай акадэміі факультэтаў права і медыцыны. Заснаваў на ўласныя сродкі лякарню Святых Нікадзіма і Язафата ў Вільні.

Уладальнік каштоўнай асабістай бібліятэкі. Асобныя кнігі з яго збору захоўваюцца ў бібліятэках Віленскага ўніверсітэту, Акадэміі навук Літвы і іншых бібліятэках.

1656 год. Памёр Казімір Леў Сапега. 

Вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі, маршалак дворны літоўскі, падканцлер літоўскі, адміністратар Берасцейскай эканоміі.

Займаўся ўпарадкаваннем архіву Кароны. Удзельнічаў у заключэнні выгаднага для Рэчы Паспалітай Палянаўскага мірнага дагавора (1634).

Браў удзел у вайне з казакамі ва Украіне (1648-1653), заключэнні Збораўскага пагаднення, бітве пад Берастэчкам.

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667) выставіў уласны полк. Восенню 1655 года пад Берасцем каардынаваў баявыя дзеянні супраць маскоўскіх і шведскіх войскаў.

Дамогся ад караля прывілеяў на магдэбургскае права і кірмашы для сваіх мястэчак, у тым ліку для Бялынічаў.

1802 год. Нарадзіўся Міхал Урончанка. 

Геадэзіст, картограф, усходазнаўца, кадравы разведчык, генерал-маёр, генерал-губернатар Тыфліса, першы падарожнік па Малой Азіі, аўтар паняцця меандраванне, літаратар, паліглот, першы перакладчык на рускую мову Т. Мура, У. Шэкспіра, Дж. Байрана, А Міцкевіча і іншых. 

Адзін з 17 заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства. Старшыня Камітэта па адукацыі яўрэяў.

Яго імя значыцца на мемарыяльнай дошцы ў гонар найлепшых выпускнікоў Магілёўскай гімназіі.

Сябар А.Пушкіна, Н. Языкава, А. Міцкевіча.

Правёў топагеадэзічныя здымкі ў Бесарабіі, на Балканах, у Беларусі, Малой Азіі, на Каўказе, у Прычарнамор’і, Цэнтральнай Расіі, у Наварасійскім краі і Паволжы.

Памёр 26 лістапада 1855 г. у Харкаве.

Яго імя ўшанавана ў Балгарыі, Турцыі, Расіі, Беларусі (у Магілёве – толькі на дошцы гімназіі; пры гэтым няма ні бюста, ні помніка, ні вуліцы яго імя).

1862 год. Памёр Міхаіл Без-Карніловіч. 

Беларускі тапограф і статыстык, гісторык, этнограф, краязнавец, генерал-маёр. Брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

Карніловіч стаў Без-Карніловічам у выніку бюракратычнай памылкі.

Праводзіў тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай і іншых губерняў, Беластоцкай акругі. Збіраў звесткі аб беларускіх старажытнасцях.

Аўтар ваенна-статыстычнага агляду Віцебскай губерніі, кнігі «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (1855).

Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай i Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў нашчадкаў крывічоў, гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ.

Імкнуўся вывучаць гісторыю асобных гарадоў або мясцовасцей у непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнай і агульнаеўрапейскай гісторыяй.

1900 год. У Мінску нарадзіўся Віктар Баркоўскі. 

Мовазнавец, прафесар, доктар філалагічных навук, акадэмік АН СССР, Берлінскай акадэміі навук, ганаровы доктар філасофіі ГДР, член-карэспандэнт Акадэміі навук і літаратуры ў Майнцы (ФРГ). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

Спецыяліст па гістарычным сінтаксісе рускай і беларускай моў, наўгародскіх берасцяных граматах, рускай дыялекталогіі.

З яго імем звязана развіццё даследаванняў у галіне параўнальна-гістарычнага сінтаксісу рускай і – шырэй – усходнеславянскіх моў. У гэтай галіне ён выступіў як даследчык, аўтар шырока вядомых прац, як арганізатар кірунку параўнальна-гістарычных даследаванняў усходнеславянскіх моў.

Пасля грамадзянскай вайны займаў пасады памочніка начальніка аддзела ўпраўлення вышэйшымі марскімі вучэбнымі ўстановамі, памочніка начальніка аддзела Штаба камандуючага марскімі сіламі РСФСР. Зяць акадэміка Яўхіма Карскага.

У 1930-1950 гады працаваў у шэрагу педінстытутаў і ўніверсітэтаў, у тым ліку, у першай палове 1930-х гадоў у Магілёўскім педінстытуце, дзе займаўся пытаннямі рэформы беларускага правапісу.

Аўтар прац па гісторыі вывучэння беларускай мовы, аналізу спадчыны Я. Карскага.

Памёр 26 студзеня 1982 года ў Маскве.

1910 год. Нарадзіўся Іван Ушакоў. 

Беларускі тэатральны мастак. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Працаваў у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, у тым ліку ў якасці  галоўнага мастака.

У афармленні спектакляў шырока выкарыстоўваў выразныя сродкі жывапісу, сэнсавы і эмацыйны акцэнт рабіў на пейзажы. Стварыў дэкарацыі да спектакляў «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка, «Фландрыя» Э. Сарду, «Ірынка» К. Чорнага, «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава.

Памёр 26 жніўня 1966 года.

1931 год. Нарадзілася Наталля Паплаўская. 

Беларуская мастачка. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працавала ў станковай, кніжнай графіцы, у тэхніцы акварэлі (цыкл «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»), літаграфіі (серыі «Палессе», «Героі беларускіх казак»), афорта, лінагравюры. Шмат працуе над афармленнем дзіцячай кнігі, школьных падручнікаў.

Яе работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, фондах Саюза Мастакоў, Міністэрства культуры Расіі, аб’яднанні «Цэнтральны дом мастака» у Маскве, мастацкім музеі г. Магілёва, галерэях Аполе і Варшавы, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і Еўропы.

1944 год. Загінуў Мікола Чарнецкі

Беларускі публіцыст, педагог, палітычны дзеяч. Доктар філасофіі.

Актывіст Грамады беларускай моладзі ў Гродне, студэнцкіх арганізацый у Празе, Пражскім універсітэце, Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны, член пражскага бюро Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

У 1929-1944 гадах працаваў у Заходняй Беларусі: выкладчык беларускіх гімназій у Радашковічах і Клецку, сурэдактар віленскага часопіса «Золак», дырэктар школы ў в. Крынкі, кіраўніком асветы Крынкаўскага раёна пры Саветах.

Арыштаваны НКУС, уцёк з-пад арышту. Падчас вайны працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку.

Па-зверску забіты польскімі тэрарыстамі. Пахаваны на Праваслаўных могілках у Беластоку.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі

1970 год. Пуск першага тралейбуса ў Магілёве

Першыя тралейбусы паехалі па маршруце чыгуначны вакзал – завод імя Куйбышава. 

Зараз у Магілёве працягласць тралейбусных ліній складае каля 81 км. 

Плануецца будаўніцтва новых ліній, у тым ліку да мікрараёна “Спадарожнік”, у жылы раён “Казіміраўка”.

1972 год. Нарадзіўся Сяргей Міхалок. 

Беларускі спявак, аўтар музыкі і тэкстаў, акцёр. У 1990-2014 гадах вакаліст і галоўны ідэолаг гурта “Ляпіс Трубяцкі”, з 2014 года — вакаліст гурта “Brutto”.

Супрацоўнічаў з тэатрам «Бамбукі», гуртом «Крамбамбуля», працаваў арт-дырэктарам ў клубе «Аддис-Абеба», разам з Аляксеем «Хацонам» Хацкевічам удзельнічаў у комік-дуэце «Саша і Сірожа», сузаснавальнік творчага аб’яднання «Дети солнца».

У 2011 годзе за смелыя выказванні ў адрас уладаў, за асуджэнне за разгон акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, «Ляпіс Трубяцкі» трапіў у «чорны спіс» творчых калектываў.

Жыве ва Украіне з 2014 года. Заслужаны артыст Украіны (2020).

На фоне ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, аднавіў дзейнасць у групе “Ляпіс Трубяцкі” і запусціў тур па Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў падтрымку ўкраінскага боку.

1978 год. У Германіі выпушчаны апошні аўтамабмль “фольксваген-жук”, Volkswagen Käfer. 

Ён выпускаўся з 1938 года. Гэта самы масавы аўтамабіль у гісторыі. Усяго было выраблена 21 529 464 аўтамабіля. На зборачным канвееры аўтамабіль быў заменены мадэллю “Гольф”.

Зараз “Жукі” выпускаюць у Мексіцы і Бразіліі.

У 2021 годзе дызайн “Жука” без адпаведнага дазволу быў скапіяваны кітайскай кампаніяй “Great Wall” і прадстаўлены ў якасці ўласнага канцэпта кампактнага хэтчбэка.

Дзень у гісторыі. 16 студзеня. Сусветны дзень “The Beatles”. Расія адабрала землі БССР. Нарадзіліся генерал Рамуальд Траўгут, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. Памёр скульптар Уладзімір Жбанаў

Сусветны дзень “The Beatles” (World Beatles Day). 

Устаноўлены па рашэнні ЮНЭСКА.

Менавіта ў гэты дзень у 1957 годзе ў Ліверпулі адкрыўся ў былым бомбасховішчы клуб “The Cavern” (“Пячора”), дзе дэбютаваў музычны калектыў. Самі “бітлы” бяруць адлік гісторыі калектыву з 1956 года, калі Джон Ленан стварыў гурт “Quarrymen”.

9 лютага 1961 года музыкі выйшлі на сцэну клуба пад назвай “The Beatles” (beetle “жук” з намёкам на beat “біт-музыка”). З 19 жніўня 1962 года да самага распаду ансамбля ў 1970 годзе быў нязменны склад: Джон Ленан (рытм гітара, фартэпіяна, вакал), Пол Макартні (бас-гітара, фартэпіяна, вакал), Джордж Харысан (сола-гітара, вакал), Рынга Стар (бубнач, вакал).

Дыскаграфія “The Beatles” уключае ў сябе 13 студыйных альбомаў і 211 песень, якія былі запісаны і выдадзены ў 1963-1970 гадах. На рахунку групы 10 прэстыжных узнагарод “Грэмі” і ў кожнага ўдзельніка па ордэну Брытанскай імперыі.

Пасля распаду групы кожны з музыкаў працягнуў сваю сольную кар’еру. 50 гадоў таму агульны аб’ём продажаў альбомаў “цудоўнай чацвёркі” па ўсім свеце перавысіў мільярд экзэмпляраў.

Джон Ленан у 1980 годзе быў застрэлены музычным фанатам каля ўласнага дома, Джордж Харысан памёр у 2001 годзе ад раку. Пол Макартні і Рынга Стар працягваюць займацца музычнай творчасцю.

“The Beatles” займае першае месца ў спісе найвялікшых выканаўцаў усіх часоў па версіі часопіса “Rolling Stone”.

1593 год. Жыгімонт Ваза склікаў паспалітае рушэнне для здушэння казацкага паўстання. 

Паспалітае рушэнне – усеагульная мабілізацыя, агульная выправа ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памер вайсковай павіннасці вызначала велічыня зямельнага надзелу. Ухвалу аб скліканні рушэння мог прыняць толькі Вальны сойм.

Вялікі князь Ягайла ў сваёй грамаце ад 20 лютага 1387 году засведчыў беспасрэдную повязь тагачаснай назвы паспалітага рушэння з дзяржаўным гербам Пагоня. Тлумачэнні пра рушэнне паспалітае змешчана і ў тэксце Літоўскага статуту.

1708 год. Нарадзіўся Юзаф Станіслаў Сапега. 

Рымска-каталіцкі дзеяч ВКЛ, біскуп.

Хроснік караля Станіслава Ляшчынскага.

Святар з 1732 года. У 1746 годзе выступіў супраць прымусовага адабрання маёмасці праваслаўнай царквы – як рэакцыі на пераследы каталіцтва на захопленай Расіяй Смаленшчыне.

Пасля вялікага пажару ў Вільні ў 1748 годзе стварыў новы план горада, які мусіў перадухіляць падобныя катастрофы ў будучыні.

Валодаў вялікай уласнай бібліятэкай, перапісваў кнігі, даследаваў і ўпарадкоўваў архівы Сапегаў. Фундаваў тэлескоп для Віленскай Акадэміі.

Памёр 4 снежня 1754 года. Пахаваны ў Віленскай кафедры.

1826 год. Нарадзіўся Рамуальд Траўгут. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал.

Служыў у рускай арміі, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. 

Далучыўся да паўстання, у красавіку 1863 году ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. З кастрычніка 1863 года стаў кіраўніком Нацыянальнага ўраду ў Варшаве, фактычна дыктатарам паўстання. 

Арыштаваны 30 сакавіка, паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня 1864 года.

У г. Свіслачы яму пастаўлены помнік.

1829 год. Нарадзіўся Уладзімір Спасовіч. 

Грамадcкі дзеяч, публіцыст, крытык, гуманіст.

Доктар права, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэце. Аўтар «Падручніка крымінальнага права».

Лічыў, што пакаранне не павінна быць помстай і застрашваннем, a выкарыстоўваецца дзяржавай з папераджальнай і выхаваўчай мэтамі. Выступаў супраць цялесных пакаранняў, смяротнай кары.

Патрабаваў заканадаўчага замацавання і ўвядзення ў практыку судаводства прынцыпаў незалежнасці суда ад адміністрацыі, заснавання інстытутаў адвакатуры i пракурорскага нагляду, роўнасці ўсіх перад законам, выбарнасці суддзяў – усё тое, што зараз так актуальна для Белаарусі.

Пасля пераходу ў адвакатуру стаў яе «каралём», «першым адвакатам Пецярбурга». Часцей за ўсё выступаў абаронцам па палітычных справах.

Аўтар прац па міжнародным, крымінальным і крымінальнапрацэсуальным праве, гісторыі, мастацтвазнаўстве (суаўтар «Агляду гісторыі славянскіх літаратур»), крытычных артыкулаў, прысвечаных творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў. 

Яго працы ў 10 тамах былі выдадзены ў 1882-1902 гадах. 

Спасовіч паслужыў правобразам адваката Міці Карамазава ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы». 

Ілля Рэпін напісаў яго партрэт.

Памёр 26 кастрычніка 1906 года ў Варшаве.

1893 год. Памёр Іван Берман. 

Беларускі этнограф і краязнавец, праваслаўны святар. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Служыў святаром у Валожыне, Антопалі, Вільні, выкладчыкам валожынскага прыходскага вучылішча, Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, Віленскай 2-й гімназіі.

Вывучаў беларускія народныя абрады, прыкметы, вераванні, забабоны; збіраў матэрыялы пра народны каляндар і метэаралогію беларусаў.

Ад заснавання «Віленскага календара» загадваў у выданні царкоўна-рэлігійным раздзелам.

Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1916 год. Нямецкі фельдмаршал Гіндэнбург сваім загадам надаў беларускай мове статус афіцыйнай. 

Беларуская мова займела раўназначныя правы з іншымі краёвымі мовамі на акупаванай нямецкай арміяй тэрыторыі беларускіх губерняў.

1919 год. Маскоўскія бальшавікі адабралі са складу БССР усходнія землі. 

На 16 дзень пасля абвяшчэння ў Смаленску БССР (ССРБ) ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з беларускім урадам адлучыла з складу Савецкай Беларусі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 

31 студзеня 1919 году ўрад Савецкай Расіі прызнаў незалежнасць ССРБ без яе усходніх тэрыторый.

1919 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Алоўнікаў. 

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Народны артыст. 

Прафесар, рэктар Беларускай кансерваторыі. Бацька кампазітара Ігара Алоўнікава.

Аўтар кантаты і араторыі, сімфанічных паэм, харавой і камерна-інструментальнай музыкі, песень, балад, рамансаў, музыкі да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Девочка ищет отца», «Улица младшего сына», «Баллада о матери» і іншых.

Асаблівае месца ў яго творчасці займалі песні, якія прынеслі кампазітару шырокую вядомасць. Пачатковы матыў адной з іх – «Радзіма, мая дарагая» – стаў пазыўнымі Беларускага радыё.

Памёр 31 ліпеня 1996 года.

1940 год. Нарадзіўся Іван Лагвіновіч. 

Беларускі паэт.

Першы верш напісаў у 3-м класе. Калі працаваў шахцёрам на Данбасе, пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, у Беларусі толькі па-беларуску. Аўтар 6 кніг паэзіі.

Некаторыя яго вершы ўвайшлі ў зборнік выбранай беларускай паэзіі «Агледзіны», у альманахі паэзіі брэсцкіх і баранавіцкіх аўтараў, у калектыўны зборнік «Верш на Свабоду», у анталогію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка за кнігу паэзіі «Палыновыя кветкі».

Памёр 29 сакавіка 2011 года.

2012 год. Памёр Уладзімір Жбанаў. 

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Служыў у Афганістане. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы.

Аўтар шматлікіх гарадскіх скульптур у Мінску (“Дзяўчына на лаўцы”, шырока вядомыя “Курыльшчык”, “Дзяўчынка з парасонам”, “Фатограф”, “Экіпаж”, “Дойлід”), Магілёве – “Дама з сабачкам”, “Астролаг (Зорнік)” – Бабруйску, Лідзе, Віцебску, Гомеле, Светлагорску, Глыбокім, Маладзечне, Дзюсельдорфе, украінскім Паўлаградзе («Паручнік Ржэўскі») і іншыя.

Дзень у гісторыі. 14 студзеня. Нарадзіліся дзеячы незалежнасці Адам Чартарыйскі, Алесь Лагвінец, літаратары Канстанцыя Буйло, Мікола Аўрамчык, Вера Вярба, сцэнарыст Андрэй Курэйчык

Стары Новы год. Гэты феномен з`явіўся ў Савецкай Расіі ў выніку каляндарнай рэформы 1918 года. 

24 студзеня 1918 года СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб увядзенні грыгарыянскага календара. Пасля 31 студзеня ў 1918 годзе, замест 1 лютага адразу ж наступіла 14 лютага. Ранейшая дата 1 студзеня па юліянскім календары ссунулася на 14 студзеня. Так узнікла новае неафіцыйнае свята, якое атрымала назву “стары Новы год”.

Традыцыя сустракаць стары Новы год захавалася і ў Беларусі, ва Украіне, у Сербіі (Сербскі Новы год, Малыя Каляды), Чарнагорыі (“правільны Новы год”), Македоніі, Грэцыі (Дзень Святога Васіля), Румыніі, у нямецкамоўных кантонах Швейцарыі (“стары дзень Святога Сільвестра”).

Цікава, што новы год у гэтыя дні сустракаюць берберы Алжыра, Марока, Туніса і іншых краін Паўночнай Афрыкі, якія жывуць па ўласным календары. Свята ў бербераў носіць назву Yennayer, вядомае таксама як “мараканскі Новы год”, але афіцыйным яно не з’яўляецца.

 1770 год. Нарадзіўся Адам Ежы Чартарыйскі. 

Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў ад’ютантам и дарадцам Аляксандра I, расійскім міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).

Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. 

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.

З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.

Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў. 

Памёр 15 ліпеня 1861 года.

1893 год. Нарадзілася Канстанцыя Буйло (Калечыц)

Беларуская паэтэса, Заслужаны дзеяч культуры. 

Яе дэбютны зборнік вершаў “Курганная кветка” (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч. 

Аўтар шэрагу п’ес, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей. Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня “Люблю” стала народнай. 

Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” лічыў яе “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай поэзіі”. 

Памерла 4 чэрвеня 1986 года.

1894 год. Нарадзіўся Пятро Юргялевіч. 

Беларускі мовазнавец.

Працаваў сакратаром Мсціслаўскага райкама партыі, рэдактарам Калінінскай акруговай газеты «Наш працаўнік» (Клімавічы), у Дзяржвыдавецтве, навуковым сакратаром Інстытуту мовазнаўства акадэміі навук, дацэнтам Менскага вышэйшага педінстытута. 

Даследаваў унармаванне беларускай літаратурнай мовы, гісторыю беларускай мовы і гаворак.

У лістападзе 1935 года арыштаваны. Вязень ГУЛАГу.

Працаваў дацэнтам у Гомельскім педінстытуце (1940-1941), дацэнтам і загадчыкам кафедры ў Магілёўскім (1944-1968) педінстытуце.

Аўтар і суаўтар «Вайсковага расейска-беларускага слоўніка» (1933), «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарамі», «Беларуская граматыка: марфалогія» (1958).

Памёр у 1973 годзе ў Магілёве.

1916 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі. 

Беларускі каталіцкі святар Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Член ордэна марыянаў.

Ксёндзам служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Памёр 22 снежня 2001 года. Пахаваны ў Вішневе. У 2016 годзе ў Вішневе адкрыўся музей святара.

1920 год. У в. Плёсы (зараз – Бабруйскі раён) нарадзіўся Мікола Аўрамчык. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны пры акружэнні ў 1942 года трапіў у палон, вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.

Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса, працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Полымя», «Маладосць».

На літаратурную дзейнасць маладога паэта з Бабруйшчыны блаславілі Якуб Колас і Янка Купала.

Аўтар вершаў, больш за 10 кніг паэзіі, зборнікаў вершаў для дзяцей, выбраных твораў, кнігі «Знаёмыя постаці», прысвечанай беларускім дзеячам.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля і іншых.

Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у тым ліку часопісе «Дзеяслоў».

Разам з Н. Гілевічам суаўтар паэмы “Сказ пра Лысую гару”, у якой з’едлiва апiсвалiся норавы беларускіх лiтаратараў, занятых не творчасцю, а дзялёжкай зямельных участкаў.

Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску

1939 год. Нарадзіўся Васіль  Шаранговіч. 

Народны мастак Беларусі, творца ў галіне кніжнай і станкавай графікі. 

Працаваў у выдавецтве «Беларусь», рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Яго працы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М. Гарэцкага, «3 майго летапісу» і «Новая зямля» Якуба Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж. Рыда, «Збор твораў» М. Багдановіча, «Зямля навагрудская, краю мой родны…» і «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Старыя беларускія хронікі» У. Караткевіча і шматлікія іншыя.

Аўтар гравюр «Памяці вогненых вёсак» (1979-1985), станковых работ: «Смерць Гражыны» (паводле А. Міцкевіча), «Партрэт Ф. Скарыны», «А хто там ідзе», сэрыі «Край нарачанскі», «Блакада. 1943 год» і іншых.

Памёр 31 снежня 2021 годзе праз два дні пасля смерці жонкі.

1942 год. Нарадзілася Вера Вярба (Гертруда Сакалова). 

Беларуская паэтэса, якая атрымала вядомасць ў 20-гадовым узросце, перакладчыца.

Адна з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс, якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.

Працавала ва ўпраўленні кніжнага гандлю Дзяржкамітэта па друку, у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Работніца і сялянка», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў паэзіі. Яе творчасць высока ацэньвалі М. Аўрамчык, В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Лойка, захапляла Г. Бураўкіна, іншых літаратараў.

Адзін з вершаў – «Ручнікі» – з першага зборніка быў пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў шлягерам «Песняроў».

Пра значнасць яе паэзіі ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на шматлікія мовы свету.

Памерла 15 ліпеня 2012 года.

На фота: Іван Пташнікаў, Вера Вярба і Іван Чыгрынаў.1962 г.

1944 год. Нямецка-фашыскія карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Ала Шацілкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. 

Вёска не адноўлена пасля вайны, яе тэрыторыя уваходзіць у склад сучаснага Светлагорскага раёна. Стаяла на р. Ала. 

Загублена 1758 жыхароў (100 мужчын, 508 жанчын, 200 старых, 950 дзяцей). Па колькасці ахвяр на 2-м месцы ў Беларусі пасля в. Боркі Кіраўскага раёна. Уратавацца ўдалося толькі 8 жыхарам. 

У 2020 годзе пабудаваны мемарыял на месцы вёскі.

1947 год. Памёр Вацлаў Міхневіч. 

Літоўскі і беларускі архітэктар, прадстаўнік неаготыкі.

Працаваў гарадскім архітэктарам Вільні, заснаваў праектна-будаўнічае бюро Architekt“, быў галоўным інжынерам у міністэрстве шляхоў зносін Літвы.

Аўтар праектаў каля 30 будынкаў у Вільнюсе і каля 30 касцёлаў па ўсёй Літве і ў Беларусі, у тым ліку ў Відзах і ў Дзярэчыне. Найважнейшыя праекты: крыты рынак, Польскі тэатр на Пагулянцы, Зямельны банк. Суаўтар праекта мячэці ў Каўнасе.

На фота: Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах, 59 м. Спрачаецца аб чэмпіёнстве па вышыні з Геранёнскім касцёлам.

1962 год. Пачалася эксплуатацыя нафтаправода «Дружба». 

Па ім транспартуецца нафта з Волга-Уральскай нафтагазаноснай правінцыі ў краіны Усходняй Еўропы. 

Маршрут нафтаправода праходзіць ад расійскага Альмецьеўска да Мазыра, затым разгалiноўваецца: паўночны ўчастак – па Беларусі, Польшчы, Германіі, Латвіі і Літвы і паўднёвы – па тэрыторыі Украіны, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

У сістэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў (па Беларусі – 2910 км).

Па нафтаправодзе ў Еўропу да ўвядзення санкцый экспартавалася да  67 мільёнаў тон нафты.

1972 год. Нарадзіўся Алесь Лагвінец. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык.

Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, Польскую дыпламатычную акадэмію. 

Працаваў у Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце, каледжы Саўт-Ўэстэрн (Канзас, ЗША), перакладчыкам у Эўрапарламенце, дарадцай старшыні Руху «За Свабоду» А. Мілінкевіча, намеснікам старшыні Руху.

Член Назіральнай рады Цэнтра беларускіх даследаванняў.  Сурэдактар кнігі «Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты», перакладчык кнігі «Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?» (сумесна з В. Мазуркевіч).

Лаўрэат «Прэміі Еўропы» нямецкага фонда імя Г. Шварцкопфа «Маладая Еўропа», прэміі імя Льва Сапегі.

Жыве ў Варшаве.

1980 год. Нарадзіўся Андрэй Курэйчык.  

Беларускі і расійскі сцэнарыст, акцёр.

Працаваў памочнікам старшыні Беларускага Саюзу тэатральных дзеячоў, аглядальнікам “Белгазеты”, галоўным рэдактарам АНТ, на кінастудыях у Галівудзе.

Аўтар шматлікіх сцэнароў для беларускіх тэатраў на беларускай і рускай мовах, каля 30 сцэнараў для кіно. Друкаваў свае п’есы ў «Arche», «Полымя», «Нёман», «Першацвет», аўтар 2 кніг.

Movie Research прызнала яго самым паспяховым сцэнарыстам расійскага кіно 2006-2008 гадоў. 

Абладальнік 12 міжнародных прэмій, апошняя – у 2022 годзе – фінская KOURA за  радыё-спектакль пра беларускіх палітвязняў «Галасы новай Беларусі».

17 жніўня 2020 года ўвайшоў у Асноўны склад Каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады ў Беларусі.

Увосень 2021 года ў сувязі з пераследам за палітычную дзейнасць, эмігрыраваў у Фінляндыю.

2021 год. Памёр Леанід Шчамялёў. 

Народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка, у Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў Першым сакратаром Праўлення Саюза мастакоў, старшынёй Праўлення Мастацкага фонду.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.

Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку «Палявы трыбунал», «Генерал Даватар», «Першы дзень міру».

Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».

Псіхалагічная глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы дзясяткам яго твораў пра сучаснікаў.

Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі  і Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі, абласных краязнаўчых музеях Беларусі і іншых.