Дзень у гісторыі. 19 студзеня. Вадохрышча. Першы магілёўскі тралейбус і апошні “Фольксваген-жук”. Нарадзіліся падарожнік Міхал Урончанка, “Ляпіс” Сяргей Міхалок. Памёр краязнавец Міхаіл Без-Карніловіч

Вадохрышча, або Багаяўленне. Апошняе свята каляднага цыкла (з 7 па 19 студзеня). 

“Святое Хрышчэнне – Калядам прашчэнне”. У гэты дзень, які гістарычна звязваюць з хрэсьбінамі Ісуса Хрыста, людзі асвячалі ваду.

Адно з самых старажытных святаў хрысціянскай Царквы, адносіцца да часоў апосталаў. Старажытная назва свята – “Епіфанія” – з’ява, або “Тэафанія” – Багаяўленне, таксама яго называлі “свята Свету”. Бо Бог прыходзіць у свет у гэты дзень, каб явіць свету Святло.

Само слова “хрысціць” на мове арыгінала азначае “апускаць” (грэц. βάπτιση – “апусканне ў ваду”).

У памяць аб тым, што Хрыстос сваім Вадохрышчам асвяціў ваду, напярэдадні свята вада асвячаецца ў храмах, у само свята Богаяўлення – у рэках або іншых месцах, дзе бяруць ваду. Для подступу да вады напярэдадні свята мужчыны выразаюць у лёдзе вялікую палонку ў выглядзе крыжа – Іардань, а сам ледзяны крыж усталёўваюць побач. Над ракой каля крыжа адбываецца абрад Іарданскага водаасвячэння. Вакол палонкі, святары і мясцовыя жыхары здзяйсняюць хрэсны ход, служаць малебен і, тым самым, асвячаюць ваду. Асвечаная вада лічыцца гаючай.

Лічыцца, што Вадохрышчанская вада змывае ўсе грахі, таму на Вадохрышча людзі тры разы з галавой апускаюцца ў ваду. Гэтак жа лічыцца, што ў вадохрышчанскую ноч вада прыходзіць у рух, як бы, у памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста. І сіла вады становіцца цудадзейнай. З боскай дапамогай вады – вылечваліся хворыя, ваду давалі піць дзецям. У старажытнасці народ верыў, што на Богаяўленне свеціць сонца, а ў вадохрышчанскую ноч адкрываецца неба, што сімвалізуе адкрытыя зносіны з Богам.

Дзень ратавальніка Беларусі (з 2000 года).

Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях (МНС) было зацвероджана ў гэты дзень у 1999 годзе. 

МНС створана ў 1994 годзе на базе атрада службы выратавання – Рэспубліканскага спецатрада па правядзенні першачарговых аварыйна-выратавальных работ, які бярэ пачатак з 1991 года.

МНС выконвае шырокі спектр работ – гэта ліквідацыя пажараў, наступстваў стыхійных бедстваў, аварый на сістэмах жызнезабеспячэння, ратаванне людзей на вадзе і іншае.

Беларуская служба выратавання сёння – гэта каля 1 000 баявых падраздзяленняў, на ўзбраенні якіх знаходзіцца больш за 6 000 адзінак тэхнікі.

Сёння ў структуры МНС функцыянуюць 17 спецыяльных службаў, у тым ліку службы пажаратушэння і аварыйна-выратавальных работ, хімічнай і радыяцыйнай бяспекі, інжынерных работ, вадалазная, медыцынская, выбухатэхнічная, авіяцыйная, пошукава-выратавальная, парашутна-дэсантная, пантонная і іншыя.

Дзень Магілёўскага географа. 

У 1934 годзе адчынены кафедра фізічнай геаграфіі і геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута. 

Першым дэканам і загадчыкам кафедры стаў Даніла Васілеўскі. 

На геаграфічным факультэце працавалі дактары навук, прафесары, знакамітыя ў свеце і Еўропе географы, падарожнікі Г. Шэнберг, П. Бардакоў, М. Баднарскі, М. Мікалаеў, М. Самбікін, А. Мядзведзеў, А. Гожаў, Б. Бажэнаў, І. Сілініч, Б. Нешатаеў, С. Сідор, Р. Дулаева, М. Звераў, М. Клюкін, Ю. Шчарбакоў, Б. Крубіч-Лебедзеў, М. Плоткін, планавалася і праца ў даваенны час Аркадзя Смоліча.

Праз 25 гадоў, у гэты ж дзень у 1959 годзе зарэгістраваны першы ў Беларусі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства. Першым старшынёй стаў Мікалай Нешатаеў, вучоным сакратаром – Пятро Лярскі.

1630 год. Памёр Яўстах Валовіч. 

Дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат і бібліяфіл. Вялікі пісар, падканцлер вялікі літоўскі, біскуп віленскі. Удзельнік пасольства Рэчы Паспалітай да Папы рымскага і іншых пасольстваў.

У час яго біскупства пабудавана 26 касцёлаў, галоўным чынам на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі.

Шчодры мецэнат. Спрыяў утварэнню ў складзе Віленскай акадэміі факультэтаў права і медыцыны. Заснаваў на ўласныя сродкі лякарню Святых Нікадзіма і Язафата ў Вільні.

Уладальнік каштоўнай асабістай бібліятэкі. Асобныя кнігі з яго збору захоўваюцца ў бібліятэках Віленскага ўніверсітэту, Акадэміі навук Літвы і іншых бібліятэках.

1656 год. Памёр Казімір Леў Сапега. 

Вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі, маршалак дворны літоўскі, падканцлер літоўскі, адміністратар Берасцейскай эканоміі.

Займаўся ўпарадкаваннем архіву Кароны. Удзельнічаў у заключэнні выгаднага для Рэчы Паспалітай Палянаўскага мірнага дагавора (1634).

Браў удзел у вайне з казакамі ва Украіне (1648-1653), заключэнні Збораўскага пагаднення, бітве пад Берастэчкам.

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667) выставіў уласны полк. Восенню 1655 года пад Берасцем каардынаваў баявыя дзеянні супраць маскоўскіх і шведскіх войскаў.

Дамогся ад караля прывілеяў на магдэбургскае права і кірмашы для сваіх мястэчак, у тым ліку для Бялынічаў.

1802 год. Нарадзіўся Міхал Урончанка. 

Геадэзіст, картограф, усходазнаўца, кадравы разведчык, генерал-маёр, генерал-губернатар Тыфліса, першы падарожнік па Малой Азіі, аўтар паняцця меандраванне, літаратар, паліглот, першы перакладчык на рускую мову Т. Мура, У. Шэкспіра, Дж. Байрана, А Міцкевіча і іншых. 

Адзін з 17 заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства. Старшыня Камітэта па адукацыі яўрэяў.

Яго імя значыцца на мемарыяльнай дошцы ў гонар найлепшых выпускнікоў Магілёўскай гімназіі.

Сябар А.Пушкіна, Н. Языкава, А. Міцкевіча.

Правёў топагеадэзічныя здымкі ў Бесарабіі, на Балканах, у Беларусі, Малой Азіі, на Каўказе, у Прычарнамор’і, Цэнтральнай Расіі, у Наварасійскім краі і Паволжы.

Памёр 26 лістапада 1855 г. у Харкаве.

Яго імя ўшанавана ў Балгарыі, Турцыі, Расіі, Беларусі (у Магілёве – толькі на дошцы гімназіі; пры гэтым няма ні бюста, ні помніка, ні вуліцы яго імя).

1862 год. Памёр Міхаіл Без-Карніловіч. 

Беларускі тапограф і статыстык, гісторык, этнограф, краязнавец, генерал-маёр. Брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

Карніловіч стаў Без-Карніловічам у выніку бюракратычнай памылкі.

Праводзіў тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай і іншых губерняў, Беластоцкай акругі. Збіраў звесткі аб беларускіх старажытнасцях.

Аўтар ваенна-статыстычнага агляду Віцебскай губерніі, кнігі «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (1855).

Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай i Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў нашчадкаў крывічоў, гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ.

Імкнуўся вывучаць гісторыю асобных гарадоў або мясцовасцей у непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнай і агульнаеўрапейскай гісторыяй.

1900 год. У Мінску нарадзіўся Віктар Баркоўскі. 

Мовазнавец, прафесар, доктар філалагічных навук, акадэмік АН СССР, Берлінскай акадэміі навук, ганаровы доктар філасофіі ГДР, член-карэспандэнт Акадэміі навук і літаратуры ў Майнцы (ФРГ). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

Спецыяліст па гістарычным сінтаксісе рускай і беларускай моў, наўгародскіх берасцяных граматах, рускай дыялекталогіі.

З яго імем звязана развіццё даследаванняў у галіне параўнальна-гістарычнага сінтаксісу рускай і – шырэй – усходнеславянскіх моў. У гэтай галіне ён выступіў як даследчык, аўтар шырока вядомых прац, як арганізатар кірунку параўнальна-гістарычных даследаванняў усходнеславянскіх моў.

Пасля грамадзянскай вайны займаў пасады памочніка начальніка аддзела ўпраўлення вышэйшымі марскімі вучэбнымі ўстановамі, памочніка начальніка аддзела Штаба камандуючага марскімі сіламі РСФСР. Зяць акадэміка Яўхіма Карскага.

У 1930-1950 гады працаваў у шэрагу педінстытутаў і ўніверсітэтаў, у тым ліку, у першай палове 1930-х гадоў у Магілёўскім педінстытуце, дзе займаўся пытаннямі рэформы беларускага правапісу.

Аўтар прац па гісторыі вывучэння беларускай мовы, аналізу спадчыны Я. Карскага.

Памёр 26 студзеня 1982 года ў Маскве.

1910 год. Нарадзіўся Іван Ушакоў. 

Беларускі тэатральны мастак. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Працаваў у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, у тым ліку ў якасці  галоўнага мастака.

У афармленні спектакляў шырока выкарыстоўваў выразныя сродкі жывапісу, сэнсавы і эмацыйны акцэнт рабіў на пейзажы. Стварыў дэкарацыі да спектакляў «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка, «Фландрыя» Э. Сарду, «Ірынка» К. Чорнага, «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава.

Памёр 26 жніўня 1966 года.

1931 год. Нарадзілася Наталля Паплаўская. 

Беларуская мастачка. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працавала ў станковай, кніжнай графіцы, у тэхніцы акварэлі (цыкл «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»), літаграфіі (серыі «Палессе», «Героі беларускіх казак»), афорта, лінагравюры. Шмат працуе над афармленнем дзіцячай кнігі, школьных падручнікаў.

Яе работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, фондах Саюза Мастакоў, Міністэрства культуры Расіі, аб’яднанні «Цэнтральны дом мастака» у Маскве, мастацкім музеі г. Магілёва, галерэях Аполе і Варшавы, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і Еўропы.

1944 год. Загінуў Мікола Чарнецкі

Беларускі публіцыст, педагог, палітычны дзеяч. Доктар філасофіі.

Актывіст Грамады беларускай моладзі ў Гродне, студэнцкіх арганізацый у Празе, Пражскім універсітэце, Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны, член пражскага бюро Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

У 1929-1944 гадах працаваў у Заходняй Беларусі: выкладчык беларускіх гімназій у Радашковічах і Клецку, сурэдактар віленскага часопіса «Золак», дырэктар школы ў в. Крынкі, кіраўніком асветы Крынкаўскага раёна пры Саветах.

Арыштаваны НКУС, уцёк з-пад арышту. Падчас вайны працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку.

Па-зверску забіты польскімі тэрарыстамі. Пахаваны на Праваслаўных могілках у Беластоку.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі

1970 год. Пуск першага тралейбуса ў Магілёве

Першыя тралейбусы паехалі па маршруце чыгуначны вакзал – завод імя Куйбышава. 

Зараз у Магілёве працягласць тралейбусных ліній складае каля 81 км. 

Плануецца будаўніцтва новых ліній, у тым ліку да мікрараёна “Спадарожнік”, у жылы раён “Казіміраўка”.

1972 год. Нарадзіўся Сяргей Міхалок. 

Беларускі спявак, аўтар музыкі і тэкстаў, акцёр. У 1990-2014 гадах вакаліст і галоўны ідэолаг гурта “Ляпіс Трубяцкі”, з 2014 года — вакаліст гурта “Brutto”.

Супрацоўнічаў з тэатрам «Бамбукі», гуртом «Крамбамбуля», працаваў арт-дырэктарам ў клубе «Аддис-Абеба», разам з Аляксеем «Хацонам» Хацкевічам удзельнічаў у комік-дуэце «Саша і Сірожа», сузаснавальнік творчага аб’яднання «Дети солнца».

У 2011 годзе за смелыя выказванні ў адрас уладаў, за асуджэнне за разгон акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, «Ляпіс Трубяцкі» трапіў у «чорны спіс» творчых калектываў.

Жыве ва Украіне з 2014 года. Заслужаны артыст Украіны (2020).

На фоне ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, аднавіў дзейнасць у групе “Ляпіс Трубяцкі” і запусціў тур па Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў падтрымку ўкраінскага боку.

1978 год. У Германіі выпушчаны апошні аўтамабмль “фольксваген-жук”, Volkswagen Käfer. 

Ён выпускаўся з 1938 года. Гэта самы масавы аўтамабіль у гісторыі. Усяго было выраблена 21 529 464 аўтамабіля. На зборачным канвееры аўтамабіль быў заменены мадэллю “Гольф”.

Зараз “Жукі” выпускаюць у Мексіцы і Бразіліі.

У 2021 годзе дызайн “Жука” без адпаведнага дазволу быў скапіяваны кітайскай кампаніяй “Great Wall” і прадстаўлены ў якасці ўласнага канцэпта кампактнага хэтчбэка.

Дзень у гісторыі. 14 лістапада. Сусветны дзень барацьбы з дыябетам. Нарадзіўся Паўлюк Багрым. Нэлі Блай паспаборнічала з героем Жуля Верна і аб’ехала Зямлю за 72 дні

Сусветны дзень барацьбы з дыябетам (World Diabetes Day, з 1991 года) праводзіцца ў дзень нараджэння канадскага лекара і фізіёлага Фрэдэрыка Банцінга, які разам з лекарам Чарльзам Бестам адыграў вырашальную ролю ў адкрыцці ў 1922 году інсуліну – лекаў, што ратуе жыццё людзям, хворым на дыябет.

Мэтай Сусветнага дня дыябету з’яўляецца павышэнне дасведчанасці аб дыябеце, акцэнтаванні ўвагі на лад жыцця пры цукровым дыябеце, а таксама на тое, як можна прадухіліць развіццё гэтай хваробы. У гэты дзень дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, лекары нагадваюць людзям пра праблему цукровага дыябету і неабходнасць аб’яднання намаганняў каб змяніць сітуацыю да лепшага.

Некалькі апошніх дзесяцігоддзяў цукровы дыабет знаходзіцца на вяршыні ў спісе захворванняў, якія прыводзяць да інвалідызацыі і смяротнасці насельніцтва.

На жаль, з кожным годам тэндэнцыя толькі пагаршаецца. Цукровы дыябет стаў глабальнай праблемай.

Сёння на дыябет пакутуе каля 425 мільёнаў чалавек – 6% насельніцтва планеты. Статыстыка несуцяшальная і прагназуецца, што ў 2025 годзе колькасць пацыентаў з дыябетам павялічыцца ў 2 разы. Да 2030 года цукровы дыябет стане 7-й прычынай смерці ва ўсім свеце.

За 20 гадоў у Беларусі ў 3 разы вырасла колькасць хворых з цукровым дыябетам. У краіне хварэюць каля 340 тысяч чалавек, з іх амаль 20 тысяч цукровым дыябетам першага тыпу (інсуліназалежныя), каля 320 тысяч другога тыпу.

Кузьма і Дзям’ян (народны каляндар) Рукамеснікі, Курэтнікі, Кузьмінкі – заступнікі рамёстваў, земляробства, кавалёў і вяселля.

Кузьмінкі – сустрэча зімы. Кузьма і Дзям’ян – праводзіны восені, сустрэча зімы.

Устанаўліваецца першы нетрывалы зімовы шлях.

Снежны дзень абяцае будучай вясной вялікі разліў.

Калі Кузьма закуе раку, то Міхайла (21 лістапада) раскуе (Міхайлаўскія адлігі).

Кузьма-Дзям’ян з цвіком масты масціць.

Кузьмінкі – аб восені памінкі. Першае зімовае свята, пачатак зімы.

На Кузьму-Дзям’яна курыцу на стол – з гэтага дня пачыналі біць курэй на продаж.

Калі на Казмадзям’яна ліст застаецца на дрэве, на другі год у гэты дзень будзе мароз.

1812 год. Нарадзіўся Паўлюк Багрым. Беларускі паэт.

Быў кавалём. У рамястве дасягнуў мастацкіх вяршынь, пра што сведчыць зробленая ім каваная жырандоль, якая цяпер захоўваецца ў Крошынскім касцёле.

У сувязі з сялянскімі хваляваннямі 1828 года ў Крошыне і за распаўсюджанне верша «Бунт хлопаў» прыцягваўся да следства.

Пісаў вершы. Захаваўся толькі адзін верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…», які стаў хрэстаматыйным для беларускай літаратуры.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што яму належыць і аўтарства ананімнага верша антыпрыгоннага духу «Гутарка Данілы з Сцяпанам».

У в. Крошын Баранавіцкага раёна працуе музей народнага мастацтва і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма.

wikimedia.org

 1881 год. Нарадзіўся Аляксей Кайгарадаў.

Беларускі кліматолаг і геафізік. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Акадэмік акадэміі навук БССР. 

З сям’і знакамітых генералаў Кайгародавых, пляменнік прафесара, заснавальніка сучаснай феналогіі, аўтара тэрміна “прыродазнаўства” Дз. Кайгародава.

Працаваў у Галоўнай геафізічнай абсерваторыі ў Пецярбурзе, дырэктарам Геафізічнай абсерваторыі ў Мінску, супрацоўнікам фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, у Галоўным упраўленні гідраметэаслужбы СССР, Маскоўскім гідраметэаралагічным інстытуце.

Аўтар натуральнай занальнай класіфікацыі кліматаў зямнога шару, прац пра клімат Беларусі, у тым ліку “Кліматычны атляс Беларусі”, “Клімат БССР, Заходняй Беларусі і сумежных краін”, “Нарыс сельскагаспадарчых кліматычных умоў БССР”.

Памёр 27 верасня 1951 года.

csl.bas-net.by

1889 год. Журналістка Нэлі Блай адправілася ў кругасветнае падарожжа, спаборнічаючы з героем Жуля Верна. 

Раман Жуля Верна “Вакол света за 80 дзён” на той момант чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”. У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона выйшла маладая дзяўчына.

Паўтарыць фантастычнае па тых часах дасягненне здавалася нечуванай дзёрзкасцю, але Блай перавысіла яго, аб’ехаўшы Зямлю вакол за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

tunnel.ru

 1891 год. На Пружаншчыне нарадзіўся Іван Саланевіч. 

Манархіст, мысляр, журналіст. Працаваў журналістам, ваяваў у Белай арміі.

Прафесійна займаўся цяжкай атлетыкай. На Усерасійскім чэмпіянаце 1914 года заняў другое месца ў цяжкай вазе.

У 1933 года пры спробе ўцёкаў з СССР арыштаваны разам з братам-спартсменам і сынам. Усе трое былі вязнамі ГУЛАГа, адкуль здолелі збегчы ў Фінляндыю.

У Балгарыі выдаваў газету «Голос России» (1936-1938). Аўтар кнігі «Расія ў канцлагеры» (1936), якая была адразу перавыдадзена на шэрагу еўрапейскіх моў.  

Пасля замаху на яго жыццё, пераехаў у Германію, дзе пісаў кнігі «Дыктатура сволачы», «Дыктатура імпатэнтаў», «Вялікая фальшыўка Лютага», «Дыктатура пласта», «Белая імперыя», выдаваў газеты «Наша газета», «Радзіма».

За адмову падтрымаць Гітлера некалькі разоў арыштоўваўся.

З 1948 года жыў у Аргенцінуе. Стварыў газету «Наша страна», Народна-Манархічны рух (дзейнічаюць дасюль). Выдаў кнігі «Народная Манархія», «Раман у Палацы Працы» і іншыя.

Памёр 27 красавіка 1953 года ў сталіцы Уругвая – Мантэвідэа.

wikimedia.org

 1905 год. Нарадзіўся Міхась Васілёк

Беларускі паэт. Арганізатар гурткоў Таварыства беларускай школы, дзеяч вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі.

Першы надрукаваны зборнік лірыкі «Шум баравы» быў канфіскаваны польскімі ўладамі, канфіскаваны і знішчаны быў і рукапіс другога зборніка. 

Аўтар некалькіх кніг паэзіі.

У яго гонар названа вуліца у Гродна, на якой стаяў дом паэта.

Памёр 3 верасня 1960 года.

wikimedia.org

1926 год. У Мінску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Арганізавана Інстытутам беларускай культуры ў Мінску 14-21 лістапада 1926 года.

Традыцыйна ў лінгвістычных працах лічыцца, што прычынамі склікання канферэнцыі былі недахопы арфаграфіі Б. Тарашкевіча. 

Згодна з іншым поглядам, канферэнцыя была склікана з-за палітычных меркаванняў і, увогуле, гэты форум меў пераважна палітычны характар. Што ўлады трактавалі канферэнцыю не столькі як навуковае мерапрыемства, колькі як палітычна-прапагандысцкую акцыю, замацаваць пазіцыі партыі сярод розных груп інтэлігенцыі рэспублікі.

У канферэнцыі ўдзельнічалі ўсе вядучыя супрацоўнікі Інбелкульта на чале з яго старшынёй У. Ігнатоўскім, прадстаўнікі Маскоўскага, Ленінградскага, Берлінскага, Літоўскага, Латвійскага, Варшаўскага ўніверсітэтаў, са Смаленска, Харкава і іншыя.

Галоўным дасягненнем канферэнцыі было наданне ёю выразнага імпульсу разгортванню лінгвістычных даследаванняў у Беларусі.

wikimedia.org

1958 год. Нарадзіўся Уладзімір Качан. Беларускі жывапісец-манументаліст.

Аўтар твораў для партрэтных галерэй Гродзенскага гарвыканкама, да 100-годдзя Гродзенскай Епархіі («Свяціцелі зямлі Гарадзенскай»), гродзенскіх губернатараў, кіраўнікоў Нацыянальнага банка Беларусі, рэктараў і прафесараў Гродзенскіх медыцынскага, аграрнага, дзяржаўнага ўніверсітэтаў і іншых.

Мастак па-свойму інтэрпрэтуе вядомыя сюжэты з сусветнай міфалогіі, мастацтва, сакральнай гісторыі.

wikimedia.org

1963 год. Падчас вывяржэння падводнага вулкана з’явіўся востраў Сюртсей у Ісландыі. Адзін з нешматлікіх астравоў, якія з’явіліся ў сучасны час, і ці ледзь не адзіны, на якім з першага моманту з’яўлення цвёрдай пароды вышэй узроўня акіяна праводзяцца навуковыя даследаванні. 

За некалькі дзён да гэтага на глыбіні 130 метраў пачалося вывяржэнне падводнага вулкана на паўднёвы захад ад астравоў Вестманаэйяр. 

Да чэрвеня 1967 года было каля ста вывяржэнняў, пасля чаго востраў дасягнуў плошчы 2,7 км ².

Востраў назвалі Сюртсей, што па-ісландску азначае “востраў Сурта”, у гонар уладара вогненных волатаў. Акрамя галоўнага вострава, утварыліся і некалькі маленькіх астраўкоў.

1986 год. Памёр Мікола Улашчык

Беларускі гісторык, археограф, празаік, перакладчык, мемуарыст. Доктар гістарычных навук. 

Аўтар навуковых прац па гісторыі ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Удзельнік нацыянальна-культурнага, краязнаўчага руху 1920-х гадоў.

Чатыры разы арыштоўваўся НКУС і КДБ (1930, 1932, 1941, 1950), быў вязнем лагераў. Паміж адсідкамі працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі, у Маскоўскім універсітэце. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года.

Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР.

Даследаваў праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання.

Асноўнымі працамі з’яўляюцца «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду», «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі».

Упершыню пераклаў на рускую мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца», складальнік і рэдактар 32 і 35-га тамоў беларуска-літоўскіх летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай».

Навуковую значнасць маюць і яго меркаванні пра дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных беларускіх летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага.

wikimedia.org

2008 год. Памёр Генадзь Кісялёў. Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, архівіст, гісторык, археограф. Доктар філалагічных, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у архіўных установах Літоўскай ССР (1953-1971), у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР.

Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных нарысаў, гісторыка-літаратурных матэрыялаў, літаратуразнаўчых даследаванняў, гістарычных нарысаў.

Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К. Каліноўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Вярыга-Дарэўскага, П. Шпілеўскага, Я. Коласа і Я. Купалы.

Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе».

Працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі.

2008 год. Памёр Аляксандр Дракахруст. Паэт і перакладчык.

Служыў ваенным журналістам, карэспандэнтам газеты «Во славу Родины».

Аўтар 16 зборнікаў вершаў.

Пераклаў на рускую мову шэраг вершаў і паэм М. Аўрамчыка, А. Астрэйкі, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, С. Грахоўскага і іншых.