Ліст з мінулага перадалі Лукашэнку ў Шклове

У Шклове Лукашэнку перадалі ліст, які ён пісаў у маладосці, абяцаючы выратаваць вёску. Паводле падлікаў журналістаў, у сярэднім кожны тыдзень знаходжання “ратавальніка” пры ўладзе ў Беларусі знікае адна вёска.

Падчас паездкі ў Шклоўскі раён Аляксандру Лукашэнку ўручылі ліст, напісаны ім яшчэ ў гады, калі ён балатаваўся ў дэпутаты. Па сутнасці, гэта яго тагачасныя абяцанні выбаршчыкам – перш за ўсё пра будучыню беларускай вёскі.

Ліст перадаў старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ. Рарытэт адносіцца да перыяду, калі Лукашэнка ўзначальваў саўгас «Гарадзец».

Паводле слоў чыноўніка, у тэксце гаварылася пра намер захаваць вёскі і сельскія населеныя пункты і забяспечыць роўныя ўмовы жыцця для гараджан і сельскіх жыхароў.

Сам Лукашэнка адзначыў, што наўрад ці ліст тады публікаваўся, спаслаўшыся на складаныя адносіны з партыйнымі органамі, і паабяцаў яго прачытаць.

Цікава іншае: калі супаставіць гэтыя абяцанні з тым, што адбылося за дзесяцігоддзі яго кіравання, карціна атрымліваецца жудаснай.

За апошнія 30 гадоў з карты Беларусі знікла амаль 1700 населеных пунктаў. Многія вёскі фармальна яшчэ існуюць, але фактычна ўжо без жыхароў, а ў сярэднім кожны з 118 раёнаў краіны страціў каля 14 вёсак.

Паводле падлікаў журналістаў, у кожны тыдзень знаходжання Лукашэнкі пры ўладзе ў Беларусі знікае адна вёска.

Прычым знікаюць нават тыя населеныя пункты, якія калісьці змаглі аднавіцца пасля разбурэнняў Другой сусветнай вайны.

Скарачаецца і само сельскае насельніцтва. За 30 гадоў яно зменшылася на 1,3 мільёна чалавек – з 3,2 мільёна да 1,9 мільёна. Сёння ўсе беларускія вёскі разам налічваюць менш жыхароў, чым адзін Мінск.

Карціна па ключавых паказчыках выглядае так:

  • смяротнасць на вёсцы прыкладна ў тры разы перавышае нараджальнасць;
  • узровень беднасці вышэйшы, чым у горадзе: 6 працэнтаў супраць 2,9 працэнта;
  • сям’я ў вёсцы ў сярэднім мае на 20 працэнтаў меншыя рэсурсы.

Праблемы заўважныя і ў інфраструктуры. За апошнія гады:

  • закрыты 178 дзіцячых садоў і 161 школа;
  • дзіцячыя сады наведваюць 58 працэнтаў сельскіх дзяцей супраць 96 працэнтаў у гарадах;
  • штогод знікаюць сотні крам, а доля вёскі ў тавараабароце ўпала да 13,4 працэнта.

Нават базавыя ўмовы жыцця застаюцца няроўнымі: гарачая вада ёсць менш чым у палове сельскіх дамоў, а сярэдняя працягласць жыцця сельскага жыхара прыкладна на чатыры гады ніжэйшая, чым у гараджан.

Такім чынам, ліст з мінулага, у якім гаварылася пра захаванне вёскі і роўныя магчымасці, сёння выглядае хутчэй як напамін пра невыкананыя абяцанні. Стараннямі Лукашэнкі беларускае сяло за гэтыя гады не наблізілася да горада, а працягнула губляць людзей, інфраструктуру, перспектывы і надзею.

Фота БелТА

Сыты – вясёлы, галодны – нос павесіў. Чаму магілёўскія “раёнкі” наперабой апісваюць абеды механізатараў?

Кожную вясну раённыя газеты Магілёўскай вобласці ўзахлёб распавядаюць, як смачна кормяць трактарыстаў у полі – і амаль ніколі не задаюць простае пытанне: чаму гаспадаркі, якія так шчодра кормяць людзей, стратныя ўжо тры дзесяцігоддзі запар?

Прыехалі – і слінкі пацяклі

Нядаўна партал Чэрыкаўскага раёна апублікаваў матэрыял з загалоўкам “У аграрыяў Чэрыкаўшчыны палявыя абеды па раскладзе”. Тэкст пачынаецца так: “Нягледзячы на пераменлівае надвор’е, аграрыі Чэрыкаўшчыны, працуючы на палях, не зніжаюць абаротаў. Перапынак робяць толькі на абед. Бо ён па раскладзе.”

Далей ідзе апісанне меню: боршч, мяса, гародніна, тэрмасы з гарачым. Удакладняецца, што гаспадаркі аплачваюць ад 50 да 70 працэнтаў кошту абеду, а вячэра – увогуле бясплатна.

Механізатары згодна ківаюць на пытанне пра якасць ежы. Усе задаволеныя.

Гэты тэкст – не выключэнне. “Прыдняпроўская ніва” паведамляла пра тое, як повары “распрацоўваюць сытнае меню, каб карміць працаўнікоў гарачымі абедамі проста ў полі”. Тая ж “Прыдняпроўская ніва” распавядала пра ПАЗік, які імкліва мчыцца “па шырокіх дарогах, вузкіх сцежках і лясных перасеках” з бідонамі, “поўнымі даверху свежымі шчамі і духмяным какава”.

Загаловак – “Абеды ў полі: зручна, смачна і нядорага”. У газеце “Зямля і людзі” пра Мсціслаўскі раён – “Сыты – вясёлы, а галодны – нос павесіў”. У краснапольскім “Чырвоным сцягу” карэспандэнт выязджае ў палі да аграрыяў ААТ “Краснапольскі” і таксама не забывае пра меню.

Газеты Быхаўскага, Асіповіцкага, Клімавіцкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага раёнаў узнаўляюць тую ж схему.

Што не так з пасылам гэтых тэкстаў

Было б лёгка растлумачыць гэты жанр тэмай нізкіх заробкаў: маўляў, бедны трактарыст не можа купіць сабе нармальны абед, таму гаспадарка дапамагае. Але гэта было б няправільна. У пасяўную і ўборачную механізатары ў беларускім АПК зарабляюць прыстойна:

  • здзельныя стаўкі;
  • надбаўкі за выпрацоўку;
  • прэміі па выніках кампаніі.

Сезонны заробак механізатара ў разгар страды цалкам канкурэнтны з гарадскімі заробкамі. Субсідаваны абед – гэта не дапамога беднаму работніку. Гэта элемент сістэмы, у якой зусім іншыя мэты.

Сапраўднае пытанне гучыць інакш. Калі механізатары атрымліваюць нармальныя грошы, калі ў гаспадарках спраўная тэхніка, калі сталовыя кормяць смачна і амаль бясплатна – чаму тады большасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці застаюцца стратнымі ўжо тры дзесяцігоддзі запар? Куды знікаюць прыбытак, рэнтабельнасць? І хто вырашае, што гэтая сістэма павінна існаваць менавіта ў такім выглядзе?

Калгас як палітычны праект

Адказ на гэтыя пытанні ляжыць не ў аграноміі і не ў эканоміцы, а ў палітыцы. Беларуская мадэль сельскай гаспадаркі – гэта свядомы выбар, які Аляксандр Лукашэнка зрабіў у сярэдзіне 1990-х і адстойвае з таго часу з пенай у рота. Калі суседнія краіны праводзілі зямельныя рэформы і ліквідавалі калгасы, Беларусь захавала савецкую структуру аграсектара: дзяржаўныя і квазі-дзяржаўныя прадпрыемствы, планавыя паказчыкі па гектарах і тонах, жорсткую залежнасць ад дзяржаўных субсідый.

Гэтая мадэль існуе не таму, што яна эфектыўная. Хранічныя страты большасці сельгаспрадпрыемстваў – факт, які не хаваюць нават афіцыйныя крыніцы. Магілёўскі аблвыканкам публікуе дадзеныя пра ўраджаі і аб’ёмы вытворчасці, але не пра рэнтабельнасць канкрэтных гаспадарак.

Між тым карціна добра вядомая спецыялістам: значная частка СПК і ААТ у вобласці датуецца з бюджэту і не здольная працаваць без прамой дзяржаўнай падтрымкі.

Мадэль існуе таму, што яна выконвае іншую функцыю – палітычную. Калгасны лад дае Лукашэнку некалькі рэчаў адначасова:

  • кантроль над сельскай рабочай сілай: людзі, прывязаныя да дзяржаўнага прадпрыемства ў раённым цэнтры, куды менш свабодныя, чым фермеры або наёмныя работнікі рыначнага аграхолдынга;
  • сетку лаяльных кіраўнікоў: дырэктары гаспадарак, старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі раённых структур АПК – гэта шматтысячная армія “моцных гаспадарнікаў”, чыё становішча цалкам залежыць ад дзяржавы і асабіста ад улады;
  • нарэшце, ідэалагічны наратыў: савецкая вёска як вобраз стабільнасці і клопату пра чалавека працы.

Райвыканкам як элемент затратнай сістэмы

У нармальнай рыначнай эканоміцы дырэктар стратнай гаспадаркі або рэструктуруе бізнес, або знікае. У беларускай сістэме стратнасць кампенсуецца бюджэтнымі субсідыямі, спісаннем даўгоў, льготнымі крэдытамі і адміністрацыйным ціскам на паказчыкі.

Роля раённага выканаўчага камітэта ў гэтай схеме – ключавая. Менавіта ён кантралюе ход пасяўной, менавіта праз яго ідзе размеркаванне рэсурсаў, менавіта яго чыноўнікі аб’язджаюць гаспадаркі і складаюць зводкі.

Раённыя газеты, якія публікуюць рэпартажы пра гарачы боршч, таксама фінансуюцца з раённых бюджэтаў.

“Прыдняпроўская ніва”, “Зямля і людзі”, “Чырвоны сцяг” – усе гэтыя выданні існуюць у той жа сістэме каардынат, што і гаспадаркі, пра якія яны пішуць. Крытычны погляд на калгасную мадэль азначаў бы крытыку ў адрас раённага кіраўніцтва, што немагчыма. Таму пішуць пра суп.

Прафсаюзная вертыкаль тут выконвае ролю дэкаратыўнага кантралёра. Магілёўская абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК праводзіць маніторынгі харчавання і фіксуе, што ежа гарачая і смачная. Абласное аб’яднанне прафсаюзаў публікуе адпаведныя справаздачы.

Гэта стварае ілюзію незалежнага нагляду. Але беларускія прафсаюзы – такі ж элемент дзяржаўнай вертыкалі, як і раённыя газеты. Яны не задаюць нязручных пытанняў, бо не для гэтага існуюць.

Што хаваецца за талеркай боршчу

Такім чынам, жанр “абедаў у полі” існуе не для таго, каб распавесці пра клопат пра работнікаў. Жанр існуе для таго, каб прадэманстраваць: сістэма працуе. Людзі накормленыя, тэхніка ў полі, прафсаюз праверыў, райвыканкам трымае руку на пульсе. Усё пад кантролем. Гэта пасланне адрасавана адразу некалькім аўдыторыям:

  • сельскаму чытачу – каб ён не сумняваўся ў разумнасці калгаснага ўкладу. раённаму чыноўніку – каб ён бачыў сябе часткай працуючай сістэмы;
  • абласному начальству – каб адрапартаваць пра сацыяльную стабільнасць;
  • і, у канчатковым выніку, наверх – туды, адкуль у 1990-я было прынята рашэнне захаваць савецкі аграсектар і дзе гэтае рашэнне застаецца ў сіле па сённяшні дзень.

А пытанне, якое пры гэтым не задаецца: калі сістэма так добра працуе, калі боршч такі смачны і механізатары так задаволеныя – чаму гаспадаркі не могуць пракарміць сябе самі? 

Чаму аблвыканкам рапартуе пра тоны збожжа, але не публікуе дадзеныя пра рэнтабельнасць? Чаму кожны год патрэбны новыя субсідыі, новыя спісанні даўгоў, новыя адміністрацыйныя кампаніі – і новыя рэпартажы пра гарачы боршч?

Нармальная сельская гаспадарка выглядае інакш

У рыначным аграсектары – такім, якім ён стаў у суседніх краінах пасля 1991 года – няма месца раённаму выканаўчаму камітэту ў ролі галоўнага агранома. Няма месца дзяржаўнай газеце, якая распавядае фермеру, што ён добра паабедаў. Няма месца прафсаюзнаму маніторынгу меню. Ёсць рынак, ёсць кантракты, ёсць банкі, ёсць страхаванне ўраджаяў.

Стратная гаспадарка або знаходзіць інвестара, або закрываецца к чортавай бабулі. Эфектыўная – расце і наймае людзей на канкурэнтны заробак.

Менавіта гэтай мадэлі не існуе ні ў Магілёўскай вобласці, ні ва ўсёй Беларусі. Не таму што нашы аграрыі горш працуюць. А таму што сістэма выбудавана так, каб гэтай мадэлі не было.

Калгасны лад, раённая бюракратыя, ідэалагічная прэса, дэкаратыўныя прафсаюзы – усё гэта звёны аднаго ланцуга. Ланцуга, які ўтрымлівае беларускую вёску ў стане кіраванай стратнасці ўжо трыццаць гадоў.

Гарачы боршч у полі – гэта не праява клопату пра чалавека. Гэта вітрына. За вітрынай – Чэрыкаўскі раён са стратнымі гаспадаркамі, Магілёўскі раён з бюджэтнымі датацыямі, Мсціслаўль з газетай, якая не смее задаць сапраўднае пытанне. 

За вітрынай – сістэма, якая абыходзіцца краіне ў мільярды штогод і не змяняецца таму, што яе змена азначала б канец палітычнай мадэлі, на якой трымаецца рэжым.

Фота чэрыкаўской раённай газеты.

Паспяховы бізнес па-магілёўску: грошы аддалі, імёны засакрэцілі

Магілёўская вобласць рапартуе: малы і сярэдні бізнес на ўздыме, падаткі растуць, інвестары ўкладаюцца. Адна дэталь у прыгожай справаздачнасці выпала – хто менавіта з прадпрымальнікаў атрымаў амаль 10 мільёнаў бюджэтных рублёў, чыноўнікі так і не паведамілі.

У Магілёўскай вобласці працуюць каля 8,5 тысячы камерцыйных арганізацый і больш за 21 тысячу індывідуальных прадпрымальнікаў. На працягу апошняй пяцігодкі сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ўпэўнена нарошчвае свае пазіцыі ў рэгіянальнай эканоміцы.

Гэта – паводле дадзеных начальніка аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Наталлі Рэчыцкай.

Паралельна з ростам сектара ў рэгіёне рэалізуецца Дзяржаўная праграма “Устойлівае прадпрымальніцтва”. За пяцігодку, з 2021 па 2025 год, фінансавую падтрымку атрымалі 43 інвестыцыйныя праекты – на агульную суму 9,9 мільёна рублёў. Сродкі выдзяляліся ў форме субсідый на кампенсацыю часткі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах, а таксама льготных крэдытаў за кошт абласнога бюджэту.

Па выніках рэалізацыі праектаў бізнес атрымаў:

  • 8 капітальных будынкаў у ўласнасць;
  • 44 адзінкі транспартных сродкаў і спецыяльнай тэхнікі;
  • больш за 50 адзінак прамысловага абсталявання.

Геаграфія – уся вобласць. Галіновы ахоп – паўсюдны. Пытанне без адказу: хто канкрэтна атрымаў грошы?

У справаздачы Наталлі Рэчыцкай (на фота) кідаецца ў вочы прынцыповае замоўчванне: ніводзін з 43 атрымальнікаў дзяржаўнай падтрымкі не названы. Ні прадпрыемствы, ні сумы ў разбіўцы па канкрэтных праектах, ні ўмовы адбору заяўнікаў. Між тым гаворка ідзе пра амаль 10 мільёнаў рублёў з бюджэту Магілёўскай вобласці, гэта значыць пра грошы падаткаплацельшчыкаў.

Гэты пытанне асабліва актуальнае ў беларускіх рэаліях, дзе прыватны бізнес існуе ў прынцыпова іншай сістэме каардынат, чым у іншых краінах.

Дзяржава не толькі не заахвочвае прыватную ініцыятыву як такую, але актыўна ўмешваецца ў кадравую палітыку прадпрыемстваў.

На гэтым фоне ўзнікае заканамернае пытанне: па якіх крытэрыях размеркоўвалася фінансавая дапамога:

  1. Ці звязана атрыманне льготных крэдытаў з лаяльнасцю ўладальніка бізнесу?
  2. Хто прымаў рашэнні?
  3. Хто нясе за іх адказнасць?

Прыгожая статыстыка пра “трэць эканомікі” і падваенне падатковых паступленняў выглядала б значна пераканаўчэй, калі б суправаджалася імёнамі, лічбамі і адкрытым рэестрам атрымальнікаў дзяржаўных грошай. 

Пакуль жа справаздача выглядае як вітрына без тавару. Рэчыцкая запрасіла ўсіх у госці, дадала, што маці будзе вельмі рада, але адраса чамусьці не назвала.

Фота сайта Магілёўскага аблвыканкама.

Дрыбінскі раён згубіў 2 000 галоў ската за паўтары гады

Дрыбінскі раён губляе статак: мінус 2 034 галоў буйной рагатай жывёлы і ў тым ліку мінус 645 кароў за паўтары гады, а чыноўнікі сцвярджаюць: усё ідзе па плане.

Пакуль Лукашэнка абяцае «адрадзіць Дрыбіншчыну» з дапамогай кароў, афіцыйныя лічбы малююць іншую карціну: за паўтары гады раён страціў амаль дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Супаставіць дадзеныя ўдалося выпадкова – дзякуючы таму, што старонка райвыканкама па сельскай гаспадарцы не абнаўлялася з 2024 года. Гэтае разгільдзяйства чыноўнікаў абярнулася рэдкай магчымасцю для параўнання.

Дзве крыніцы – адна карціна

Параўнанне стала магчымым дзякуючы двум афіцыйна апублікаваным наборам даных. На старонцы Дрыбінскага райвыканкама ў раздзеле «Сельская гаспадарка» ёсць паказчыкі за студзень – снежань 2024 года і пагалоўе на 1 студзеня 2025-га. Даныя не абнаўляліся – у гэтым увесь Дрыбін.

Ну, а раённая газета «Савецкая вёска» ў асобе галоўнага спецыяліста вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ганны Гуськовай (на фота) апублікавала свежыя даныя на 1 красавіка 2026 года.

каровы

Менавіта таму, што чыноўнікі забыліся абнавіць сайт, гэтыя крыніцы можна параўноўваць напрамую. Параўнанне забойнае.

Што было ў 2024 годзе

Паводле даных райвыканкама:

  • на 1 кастрычніка 2024 года – 12 300 галоў БРЖ у сельгасарганізацыях раёна;
  • з іх 5 000 кароў;
  • на 1 студзеня 2025 года – 11 172 галавы БРЖ;
  • за 2024 год выраблена 13 967,3 тоны малака;
  • рэалізавана 12 203 тоны;
  • таварнасць малака – 87,6%.

Што засталося да красавіка 2026-га

Паводле даных раённай газеты на 1 красавіка 2026 года:

  • 10 266 галоў буйной рагатай жывёлы – увесь статак;
  • 4 355 галоў дойнага статка.

За першы квартал 2026 года:

  • выраблена 4 132,6 тоны малака – на 274,3 тоны больш, чым годам раней;
  • рэалізавана 3 716,5 тоны;
  • таварнасць – 89,9 працэнта;
  • ААТ «Трылесіна-агра» нарошчыла вытворчасць на 232 тоны, агульны аб’ём – 2 670,5 тоны;
  • ААТ «Дрыбінрайаграпрамтэхзабеспячэнне» – 117,5% да мінулага года;
  • толькі «Трылесіна-агра» рэалізуе малако на 100% гатункам «Экстра».

Катастрофа ў лічбах

Калі параўноўваць напрамую, то атрымліваецца што:

  • кароў было 5 000 (кастрычнік 2024) – стала 4 355 (красавік 2026): мінус 645 галоў;
  • усяго БРЖ было 12 300 – стала 10 266: мінус амаль 2 034 галавы;
  • нават ад студзеньскай кропкі 2025 года (11 172) да красавіка 2026-га: мінус 906 галоў.

Гэта не проста «скарачэнне». Гэта планамернае знішчэнне жывёлагадоўчай базы дэпрэсіўнага раёна, у якога няма іншай эканомікі.

Адкуль бярэцца малако?

Звярніце ўвагу на дзіўныя лічбы – пагалоўя дойнага статка стала менш, а вытворчасць малака толькі вырасла. Што гэта, як не прыпіскі? Улічваючы хранічныя праблемы з забеспячэннем кароў самым неабходным па ўсёй Магілёўшчыне, наўрадці дрыбінская скаціна атрымала нейкія спецыфічныя, элітарныя ўмовы пражывання з палепшаным харчаваннем. 

Рост таварнасці з 87,6 да 89,9 працэнта – таксама не дасягненне, а знак бяды: гаспадаркі вымушаны прадаваць усё да апошняй тоны, не пакідаючы рэзерваў.

Гаварыць пра «развіццё» жывёлагадоўлі ў раёне, дзе статак скараціўся амаль на 2 000 галоў – значыць хлусіць.

Лукашэнка абяцаў падвоіць і атрымаў у падарунак карову

13 сакавіка 2026 года Лукашэнка асабіста прыехаў у Дрыбінскі раён. Ён пабываў на племзаводзе па развядзенні БРЖ герэфордскай пароды і абвясціў пра планы: павялічыць пагалоўе племянной жывёлы з цяперашніх каля 5 тысяч галоў да 10 тысяч да 2030 года, гэта значыць падвоіць за пяцігодку.

Супаставім з рэальнасцю:

  • у раёне 9 190 жыхароў – і іх становіцца менш. Атрымліваецца, што ў перспектыве на Дрыбіншчыне кароў будзе больш за людзей;
  • раённы цэнтр – гарадскі пасёлак на тры тысячы чалавек, самы маленькі райцэнтр у краіне;

На развітанне Лукашэнку падарылі жывую карову, але нават з улікам такога кранальнага падарунка называць дрыбінскія справы «развіццём» нельга. Гэта катастрофа.

Фота раённай газеты.

Імітацыяй рынку зоймуцца ў Магілёўскім аблвыканкаме

Перамовы па разнарадцы: як магілёўскія чыноўнікі спрабуюць «арганізаваць рынак» і прымусіць усіх “засупрацоўнічаць” з 15 красавіка.

У Магілёве вырашылі «наладзіць кааперацыю» паміж буйнымі прадпрыемствамі і малым бізнесам. На гэты раз – праз анлайн-перамовы, якія арганізуе Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Удзельнічаюць МАЗ, БЕЛАЗ, БАТЭ, Белкамунмаш.

Фармальна ўсё выглядае прыгожа: развіццё кааперацыйных ланцужкоў, уцягванне малога і сярэдняга бізнесу, імпартазамяшчэнне, сінергія. На практыцы чыноўнікі ў чарговы раз спрабуюць уручную сабраць тое, што ў нармальнай эканоміцы складаецца само.

Калі буйному заводу сапраўды патрэбны пастаўшчык ён імгненна яго знаходзіць. Хутка. Праз рынак, тэндэры, кантакты, рэкамендацыі, уласныя службы закупак. Калі малому бізнесу выгадна працаваць з МАЗам або БЕЛАЗам – сустрэцца не праблема.

У нашым жа выпадку прапануецца сабраць усіх у Zoom і прымусіць «наладжваць кааперацыю». А каманда “губернатара” Ісачанкі выступае як мадэратар «эканамічнай рухухі» і імітуе працэс.

У выніку атрымліваецца дзіўная канструкцыя:

  • буйныя прадпрыемствы прыходзяць, таму што «трэба»;
  • малы бізнес падае заяўкі, таму што «раптом атрымаецца»;
  • чыноўнікі адчытваюцца аб колькасці перамоў.

Можна сабраць сотню кампаній у адной відэаканферэнцыі – гэта не створыць ні канкурэнцыі, ні эфектыўнасці, ні рэальнай кааперацыі.

А яно і не трэба. Што робіць Лукашэнка, калі нешта не працуе? Правільна. Збірае нараду. Яна праходзіць і можна бяздзейнічаць далей. Таму ў Магілёве і не выдумляюць нічога новага.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Бабруйску ІП даналічылі больш за 13 тысяч рублёў падаткаў

Бабруйскія падаткавікі праверылі індывідуальнага прадпрымальніка, які займаўся грузавымі перавозкамі, пасля таго як ён спыніў дзейнасць. Высветліліся цікавыя факты.

Высветлілася, што ў 2022-2024 гадах бабруйскі ІП плаціў зарплату двум супрацоўнікам, не афармляючы іх афіцыйна і не адлюстроўваючы выплаты ў уліку. Так ён заніжаў падаткаабкладаемую базу і недаплачваў падаткі. Факт незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці зафіксаваў эканамічны суд Магілёўскай вобласці.

Да даходаў ад незаконнай дзейнасці прымянілі стаўку падаходнага падатку 26 працэнтаў, а звязаныя выдаткі з разліку выключылі. Выніковая сума даналічаных падаткаў – 13,3 тысячы рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

На 23 прадпрыемствах Магілёўшчыны затрымлівалі зарплату, на дзесяці была няпоўная занятасць

Справаздача магілёўскіх прафсаюзаў павінна была паказаць іх добрую працу, але замест гэтага прадэманстравала жаласны стан эканомікі вобласці.

У Магілёве на пасяджэнні Савета прэзідыума абласнога аб’яднання прафсаюзаў прагучалі статыстычныя даныя, якія чыноўнікі звычайна замоўчваюць.

Дваццаць тры прадпрыемствы вобласці дапускалі парушэнні па зарплаце, а 10 працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасці.

Не навіна, што найбольшая колькасць выпадкаў затрымак зарплаты і няпоўнай занятасці была зафіксавана ў арганізацыях АПК, але “асобныя эпізоды” парушэнняў адзначаліся і на прамысловых прадпрыемствах.

Апраўданне затрымак зарплаты – складанае фінансавае становішча або арышт рахункаў. А няпоўная занятасць звязана з:

  • санкцыйнымі абмежаваннямі;
  • скарачэннем заказаў;
  • пошукам новых рынкаў збыту;
  • аптымізацыяй вытворчасці.

Атрымліваецца, што насуперак бадзёрым заявам уладаў санкцыі не ўзмацнілі нашу эканоміку, заказы, нягледзячы на цеснае сяброўства з Расіяй, скараціліся, а славутая афрыканская дуга служыць толькі для таго, каб эканамічная “эліта” пагрэлася на сонейку.

Зрэшты, панікаваць не варта. Бо напрыканцы нарады прафсаюзныя дзеячы асцярожна адзначылі: у шэрагу выпадкаў сітуацыю ўдалося стабілізаваць. Праўда, лічбавага апісання гэтага шэрагу ніхто не даў.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Беспрацоўных у Касцюковічах зноў прымусілі бясплатна працаваць

Ці то асоб, не занятых у эканоміцы, у Касцюковічах развялося больш чым дзе, ці то міліцыя там самая запатрабавальная, ці то мясцовай газеце падабаецца асвятляць гэтую тэму, але беспрацоўныя там зноў змагаліся са снегам.

На думку міліцыянераў, грамадскія работы фарміруюць у грамадзян такія якасці, як:

  • дысцыплінаванасць;
  • добрасумленнасць;
  • патрыятызм;
  • павага да чалавечай годнасці;
  • павага да чужой працы.

Акрамя таго, уборка снегу аказвае на беспрацоўных «дабратворны ўплыў і матывуе іх да афіцыйнага працаўладкавання, вядзення нармальнага здаровага ладу жыцця».

Варта нагадаць, што калі міліцэйскія справы ў краіне складаюцца ўсё лепш і лепш, то з эканомікай нешта не клеіцца. Хоць снегу ў Беларусі хапае на ўсіх, патрыятызм растае на вачах, а колькасць грамадзян, якія ігнаруюць удзел у эканоміцы, расце ўдарнымі тэмпамі.

Відавочна, прымусовыя работы дрэнна спалучаюцца з павагай да чалавечай годнасці, а «добраахвотная» уборка дваровых тэрыторый у Касцюковічах не спрыяе папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Цяпер статыстыка алкагалізацыі насельніцтва і ўзроўню самагубстваў засакрэчаная беларускімі ўладамі. А калі яна яшчэ была ў адкрытым доступе, Касцюковіцкі раён, які, дарэчы, даў свету міністра Кубракова, лічыўся лідарам зусім не здаровага ладу жыцця.

Фота раённай газеты.

На Магілёўшчыне рэалізавалі 25 праектаў, але старыя выдавалі за новыя

У Магілёве Дзмітрый Круты прызнаўся, што ў рэгіёнах мухлююць з ініцыятывай «Адзін раён – адзін праект».

Расказваючы пра пераможнае шэсце па Магілёўскай вобласці ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект», Дзмітрый Круты агучваў ужо парадкам надакучылыя ўсім лічбы пра тое, як мудрая ідэя Лукашэнкі падымае народную гаспадарку і як старыя і маладыя радуюцца рэалізацыі розных праектаў.

Адзінай свежай навіной і, магчыма, нечаканым прызнаннем Крутога стала тое, што ў раёнах «старыя праекты спрабуюць выдаць за новыя, частка аб’ектаў пераходзіла на наступны пяцігадовы цыкл праз затрымкі з будаўнікамі і набыццём абсталявання».

Што да паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, то сем раёнаў удзельнічалі ў падпраграме паводле індывідуальнага ўказа змагара з асвятленнем.

Хоць фармальны тэрмін яе дзеяння завяршыўся ў 2025 годзе, Лукашэнку будзе прапанавана працягнуць падатковыя і іншыя «цыклы» да 2030 года.

А калі абысціся без цыклічнай хлусні, то ўсё проста: прымусам мілым не станеш, і праект не рэалізуеш.

Фота: БелТА.

У Слаўгарадзе за год створана шаснаццаць працоўных месцаў

Кадры Слаўгарада схільныя да цякучасці, але курс на “ўстойлівае развіццё” нарэшце ўзяты.

Новаму старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Максіму Патапенку далажылі пра дасягненні раёна за 2025 год.

Асабліва хваліцца няма чым: пяць паказчыкаў з чатырнаццаці, даведзеных аблвыканкамам, не выкананыя. Гаварыць пра сельскую гаспадарку Слаўгарадчыны бессэнсоўна – вытворчасць прадукцыі там традыцыйна кульгае на ўсе чатыры капыты.

Няпростая сітуацыя ў раёне і з кадрамі: суадносіны прынятых і звольненых у арганізацыях раёна склалі 87,6 працэнта. Радуе толькі тое, што ў 2025 годзе ў раёне створана 16 новых працоўных месцаў.

Максім Патапенка апісаў сітуацыю ў рэгіёне фразай «тут не дайшлі, там не недарабілі», а мясцовыя журналісты, з уласцівым ім аптымізмам, вырашылі, што менавіта так выглядае «курс на ўстойлівае развіццё».

Фота раённай газеты.