Справаздача магілёўскіх прафсаюзаў павінна была паказаць іх добрую працу, але замест гэтага прадэманстравала жаласны стан эканомікі вобласці.
У Магілёве на пасяджэнні Савета прэзідыума абласнога аб’яднання прафсаюзаў прагучалі статыстычныя даныя, якія чыноўнікі звычайна замоўчваюць.
Дваццаць тры прадпрыемствы вобласці дапускалі парушэнні па зарплаце, а 10 працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасці.
Не навіна, што найбольшая колькасць выпадкаў затрымак зарплаты і няпоўнай занятасці была зафіксавана ў арганізацыях АПК, але “асобныя эпізоды” парушэнняў адзначаліся і на прамысловых прадпрыемствах.
Апраўданне затрымак зарплаты – складанае фінансавае становішча або арышт рахункаў. А няпоўная занятасць звязана з:
- санкцыйнымі абмежаваннямі;
- скарачэннем заказаў;
- пошукам новых рынкаў збыту;
- аптымізацыяй вытворчасці.
Атрымліваецца, што насуперак бадзёрым заявам уладаў санкцыі не ўзмацнілі нашу эканоміку, заказы, нягледзячы на цеснае сяброўства з Расіяй, скараціліся, а славутая афрыканская дуга служыць толькі для таго, каб эканамічная “эліта” пагрэлася на сонейку.
Зрэшты, панікаваць не варта. Бо напрыканцы нарады прафсаюзныя дзеячы асцярожна адзначылі: у шэрагу выпадкаў сітуацыю ўдалося стабілізаваць. Праўда, лічбавага апісання гэтага шэрагу ніхто не даў.
Фота: “Магілёўскія ведамасці”.