Няхай і не сямімільнымі крокамі, але Магілёўшчына ідзе ў светлую будучыню

Час канкрэтных спраў і пустой гаварыльні – у Магілёве ўлады рабілі справаздачу за зробленую працу і будавалі планы на будучыню.

Мінулі тыя баявыя часы, калі «губернатар» Анатоль Ісачанка рубіў з пляча і называў хоць нейкія лічбы, якія сведчылі пра рэальны стан спраў у эканоміцы вобласці, а яго адразу лавілі на слове і патрабавалі тлумачэнняў, якія даводзілася даваць былому галоўнаму эканамісту вобласці Руслану Страхару.

Цяпер выступленні Ісачанкі сталі асцярожнымі, а паказчыкі, агучаныя на ўсю публіку – максімальна абцякальнымі.

На чарговай дваццатай сесіі абласнога савета «дэпутатаў» у пашыраным складзе, якая прайшла ў Магілёве, даклад старшыні аблвыканкама, які хоць і называўся «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці за 2025 год», канкрэтнасцю не вызначаўся.

Мабыць, адзінай канкрэтнай лічбай была колькасць медалёў магілёўскіх спартсменаў, заваяваных на чэмпіянатах і першынствах свету і Еўропы.

Пра стратныя прадпрыемствы і правальную сельскую гаспадарку кіраўнік Магілёўшчыны амаль не казаў, а сітуацыю чамусьці параўноўваў з 2020 годам.

Калі шчыра, канспект справаздачы Анатоля Міхайлавіча можна змясціць у некалькіх словах: нешта пабудавана, дзесьці адрамантавана і пра кагосьці паклапаціліся.

А светлую будучыню, якая надыйдзе дзесьці ў 2030-м і прынясе вобласці мільён тон малака і 300 тысяч тон мяса, на хлеб, на жаль, не намажаш.

З вялікай ступенню верагоднасці рабіць справаздачу за гэтую светлую будучыню тады ўжо будзе пераемнік Анатоля Ісачанкі. І, паводле лукашэнкаўскай традыцыі, узяткі з яго будуць гладкія. Як і з кіраўніка «дэпутацкага» корпуса Аляксандра Гарошкіна, які, выслухаўшы даклад старшыні аблвыканкама, заўважыў, што ў будучыню мы ідзём, але ж не сямімільнымі крокамі.

Фота афіцыйнага сайта Магілёўскага аблвыканкама.

Сход таварыства “Веды” ў Магілёве прызнаў, што непісьменнасць – гэта цемра

Старшыня таварыства “Веды”, выступаючы перад магілёўскімі “знаўцамі”, трапіў у яблычак, калі прызнаў, што высокі ўзровень невуцтва вядзе да правалаў у эканоміцы.

Дзе, як не ў Магілёве казаць пра тое, што “на пэўным этапе высокі ўзровень невуцтва можа прывесці да таго, што людзі пачынаюць верыць у розныя забабоны і містыфікацыі. Гэта пагражае прыняццем няслушных рашэнняў у сферы эканомікі, сацыяльнага развіцця, навукі і тэхналогій, што, у сваю чаргу, аслабляе дзяржаўны апарат і яго эканамічны базіс”.

Гэтая цытата належыць старшыні рэспубліканскага аб’яднання “Веды”, аналітыку БІСІ Аляксею Аўдоніну, а адрасаваная яна была іншым аналітыкам, якія сабраліся на дыялогавай пляцоўцы ў Магілёве.

Аўдонін вельмі каротка і ёміста сфармуляваў усе праблемы Магілёўшчыны, як самай адсталай вобласці краіны. Тут вам і дрымучае эканамічнае невуцтва, і містыфікацыі-забабоны, накшталт адкрыцця дзясятка рыбных комплексаў да канца года, і няслушныя рашэнні ў сферы эканомікі, што нядаўна прывялі да таго, што дырэктараў вядучых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці пакаралі за правалы.

Нарэшце “Веды” знайшлі ў сабе сілы прызнаць, што чыноўнікаў нашай вобласці трэба або прасвятляць, або гнаць у тры шыі з наседжаных насестаў.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Глуск заблытаўся ў цытатах Лукашэнкі: аўтобус павінен хадзіць, але грошай няма

Узаемавыключальныя эканамічныя выкладкі Лукашэнкі заблыталі сельскі сход у Глускім раёне, дзе абмяркоўвалі пытанні аўтобусных зносін і вясковай лазні.

Старшыні глускага райвыканкама Аляксею Жураўлёву давялося аддувацца за трызненне, якое нясе самапрызначаны кіраўнік Беларусі.

Жураўлёў удзельнічаў у сельскім сходзе ў вёсцы Заволочыцы Глускага раёна. Калі ўзнялі пытанне пра перавозку людзей па маршруце Глуск-Бабруйск аўтобусамі бабруйскага філіяла аўтапарка №2 і маршруткай, высветлілася, што прыватнік запусціць маршрут у тэставым рэжыме і пралічыць яго эканамічную выгаду.

Ён будзе вазіць людзей з панядзелка па пятніцу, а аўтобус – па пятніцах, суботах і нядзелях.

Праблема ў тым, што людзям давядзецца апраўдваць чаканні маршрутчыка і часцей карыстацца транспартам. Інакш – ніякіх паездак не будзе.

І тут адзін з удзельнікаў сельскага сходу нагадаў старшыні райвыканкама словы Лукашэнкі пра тое, што аўтобус павінен хадзіць нават туды, дзе жыве адзін чалавек. Гэта прагучала як аргумент на карысць таго, што ўладам варта не чакаць рашэння прыватніка, а павялічыць колькасць рэйсаў дзяржаўнага аўтобуса.

Аляксею Жураўлёву давялося прывесці іншае выказванне Лукашэнкі – што лішніх грошай у дзяржавы няма. Адсюль выснова: аўтобусы дзяржаўнага прадпрыемства не збіраюцца вазіць паветра.

Падобная сітуацыя і з мясцовай лазняй – яе закрылі з-за эканамічнай немэтазгоднасці.

Сельскі сход нібыта «адзінагалосна» пагадзіўся з довадамі старшыні, але асадачак застаўся.

А як інакш? Эканоміка не слухае загадаў Лукашэнкі і пастаноў яго прадстаўнікоў на месцах. Таму і даводзіцца выкручвацца. Добра, што супярэчлівых выказванняў у Лукашэнкі хапае на ўсе выпадкі жыцця.

Фота раённай газеты “Радзіма”.

Людзей за рысай беднасці больш за ўсё на Магілёўшчыне

У Магілёўскай вобласці 5,1% насельніцтва жыве за рысай беднасці, што больш, чым ва ўсіх іншых рэгіёнах Беларусі.

Паводле даных Белстата за трэці квартал 2025 года, за Магілёўшчынай па долі такіх грамадзян ідзе Гомельская вобласць – 5%. Затым Берасцейская – 4,8%, Віцебская – 4,6%, Менская – 2,5%, Гарадзенская – 2,4%. Менш за ўсё жывучых за рысай беднасці, як і мае быць, – у сталіцы. Там іх 1,1%.

У сярэднім жа па Беларусі гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 3,4%. Гэта 309,7 тыс. чалавек з 9 млн 109 тыс. 280 насельніцтва краіны. Прычым у гарадах жывучых за рысай беднасці – 2,7%, а ў сельскай мясцовасці – 5,6%.

З асноўных выдаткаў беларусаў 37,2% ідзе на харчаванне, 35,9% – на набыццё нехарчовых тавараў, 24,7% – на аплату паслуг. З паслуг 5,4% займаюць жыллёва-камунальныя.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Як змяніліся заробкі ў Беларусі за пяць гадоў: хто вырас, а хто застаўся ззаду

За апошнія пяць гадоў афіцыйная сярэдняя зарплата ў Беларусі вырасла больш чым у два разы – з каля 1 200 BYN у 2020‑м да 2 652,3 BYN у 2025‑м. Але за гэтымі лічбамі – неаднародная рэальнасць: нехта ўзняўся, а нехта застаўся на тым жа месцы або нават панізіў свае шанцы. Я, магілёвец, бачу і адчуваю – «сярэдні заробак» часта бывае тварам, за якім хаваюцца няроўнасць, абыякавасць і кавалак сацыяльнай неадэкватнасці.

Калі я вечарам праходжуся па магілёўскіх вуліцах, побач з дамамі, дзе святло з вокнаў змешваецца з гукамі тэлевізараў і ціхім шаптаннем ролікаў у мэсенджарах, узнікае адчуванне патаемнай напружанасці. Так, можа, грошы і сталі большымі, але ці стала ад гэтага жыццё лягчэйшым? Ці не аказаліся гэтыя лічбы проста новай абгорткай для тых самых няўпэўненых спадзяванняў?

Афіцыйная статыстыка паказвае, што ў 2025‑м сярэдняя налічаная зарплата складае 2 746,4 BYN. Але аўтаматычны разлік «сярэдняга» значэння, часта, як выглядае: ён можа быць скажоны дзякуючы невялікай частцы людзей з вельмі высокімі заробкамі. Рэальную сітуацыю лепш адлюстроўвае іншы паказчык – медыянная зарплата. Па апошніх дадзеных, медыянны заробак складае каля 2 014 BYN, у той час як сярэдні – 2 652,3 BYN. 

Гэта значыць, што палова працуючых атрымлівае менш за 2 014 BYN – і для іх «рост у два разы» можа быць толькі ў справаздачах. А ў жыцці – як было цяжка, так і застаецца.

У цэлым па краіне статыстыка выглядае прыемна – рост зарплат ёсць, некаторыя сектары сапраўды канкуруюць за кадры, павышаючы аплату працы. Але не ўсе атрымалі гэты «прывілеяваны квіток». Вывучаючы рэгіёны, я бачу: у вялікіх гарадах – больш шанцаў, больш запытаў, больш перспектыў. А ў рэгіёнах, як Магілёў – дзе структуры працы стабільныя, але не заўсёды дастаткова плацяць – рэдка можна сустрэць звышмяжовыя заробкі.

Калі я гавару з знаёмымі – будаўнікамі, настаўнікамі, працаўнікамі сферы аховы здароўя – яны часта ўсміхаюцца пасля слоў «зарплата вырасла»: «Так, сумы на карцінках – вялікія. Але на рукі – усё тое ж, або нават менш». Бо інфляцыя, рост коштаў, падаткі, валютны курс – усё гэта так ці інакш адбіваецца. І нармальная ежа, аплата камунальных, абслугоўванне – на гэта ўсё часцей патрабуецца ўсё больш.

Для дзяржавы гэта выглядае як поспех: «Мы паднялі сярэдні заробак». Але для тых, хто не ўваходзіць у лік найбольш забяспечаных, гэта хутчэй новае ўпакоўванне старых праблем. І калі эканоміка дэманструе рост толькі на графіках, не зачапіўшы паўсядзённае жыццё людзей, то такі рост становіцца не рухавіком змен, а проста добрай вітрынай.

Я – магілёвец. І бачу ўсё выразна: адны здолелі адаптавацца да новых умоў, выкарысталі магчымасці і глядзяць у будучыню з пэўным аптымізмам. А другія – як стаялі на месцы, так і засталіся, з тымі ж нагрузкамі, тымі ж зарплатамі і тымі ж жыццёвымі цяжкасцямі. І паміж гэтымі двума светамі – прорва сацыяльнай няроўнасці, якую не схаваць нават самымі прывабнымі лічбамі.

Так, паказчыкаў сум прыгожы – гэта факт. Але для нас, простых жыхароў, важна, каб гэты рост адчуваўся ў сапраўднасці: каб зарплата не была птушачкай у табліцы, а стала надзейным штуршком у жыццё, годнае для чалавека, а не для графікаў.

Магчыма, варта адысці ад звыклага гіпнатызму «сярэдніх» паказчыкаў – тых самых агульных лічбаў і дыяграм, якія нічога не кажуць пра рэальнае жыццё. Куды важней паглядзець на канкрэтнага чалавека, на яго сям’ю, на тое, як ён жывё, працуе і выжывае. Бо менавіта там, у штодзённасці, і праяўляецца праўдзівая карціна дабрабыту – або яго адсутнасці.

Якуб Ясінскі

У Крычаўскім раёне бізнес умацоўвае пазіцыі

Нягледзячы на тое, што “Тыдзень беларускага бізнесу” доўжыцца ўсяго чатыры дні, у Крычаўскім раёне ён паспяхова папаўняе бюджэт.

Крычаўскія журналісты пацікавіліся ў начальніка аддзела эканомікі райвыканкама, як ідуць справы з прадпрымальніцтвам у рэгіёне.

Цікаўнасць была зусім не фармальнай. З учорашняга дня ў Беларусі стартаваў “Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва”, які, чамусьці, працягнецца толькі чатыры дні.

Высветлілася, што:

  • паступленні ў бюджэт за студзень-верасень 2025 года ад суб’ектаў гаспадарання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна склалі 7,23 мільёна рублёў, або 123 працэнты да аналагічнага перыяду 2024 года;
  • удзельная вага ў агульным аб’ёме падатковых паступленняў ад такіх суб’ектаў гаспадарання склала 33,9 працэнта, што больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года – тады паказчык ледзь перавышаў 15 працэнтаў.

Прыкладна такая ж сітуацыя і ў іншых раёнах Магілёўшчыны.

Можна толькі ўявіць, што было б, калі б прадпрымальніцтва ў Беларусі не выкаранялася ўсімі магчымымі спосабамі, а ягоны “тыдзень” сапраўды складаўся, як у Бібліі, з сямі дзён.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц

Як спрацавала Магілёўшчына за 9 месяцаў – Кірпічонак прапанавала зайсці з тылу

У Магілёўскім аблвыканкаме падвялі вынікі за 9 месяцаў 2025 года і прапанавалі захапіць азіяцкія рынкі, як Аляксандр Македонскі.

У гэтым годзе на падвядзенні вынікаў развіцця Магілёўскай вобласці чыноўнікі сталі асцярожней у выказваннях.

Відавочна, улічылі вопыт мінулага года, калі “губернатар” Анатоль Ісачанка, вазьмі, ды і назаві колькасць стратных арганізацый вобласці, якая “скарацілася”. Адразу ўзнік шэраг удакладняючых пытанняў, на якія ўладам не было чаго адказаць.

Цяпер фармулёўкі сталі больш абцякальныя.

Галоўны эканаміст вобласці Алена Пруднікава-Кірпічонак толькі адзначыла, што “не дапрацавалі прамысловыя флагманы рэгіёна: ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”.

Перашкодзіў, маўляў, груз мінулых памылак і агрэсіўная палітыка азіяцкіх вытворцаў, якія заходзяць на расійскі рынак, што традыцыйна лічыўся нашым.

Выхад Пруднікава-Кірпічонак убачыла ў тым, каб вобласць выходзіла на рынак усходне-азіяцкага кантынента.

То бок, пакуль вытворцы з Азіі пераключыліся на Расію, прапануецца ўдарыць з тылу і захапіць іх рынкі.

Нешта падобнае ўдалося прадзелаць Аляксандру Македонскаму ў бітве пры Гаўгамелах, а ўлічваючы тое, што ў вялікага заваёўніка не было за плячыма такой магутнай падтрымкі, як ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”, шанцы на перамогу ў Магілёўскай вобласці не жартоўныя.

Фота: БелТА.

У крамах Магілёва і вобласці пратэрміноўка, а Лукашэнка лаецца матам

У крамах Магілёўшчыны гандлююць пратэрміноўкай і парушаюць забарону на павышэнне цэн.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверыў 13 крамаў ў Магілёве, Глускім, Крычаўскім, Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах.

Вось вынікі: 

  • у дзевяці крамах прадавалі тавары з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці;
  • у двух прыватных гандлёвых аб’ектах на рынку Магілёва завышалі цэны на садавіну і гародніну, а гандлёвыя надбаўкі на шэраг тавараў былі завышаныя ў 3,3 раза; 
  • выяўлены факт рэалізацыі больш як 360 адзінак адзення без цэннікаў і прадастаўлення пакупнікам неабходнай інфармацыі пра тавар;
  • у шасці правераных гандлёвых аб’ектах адсутнічалі пералікі тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы.

Усё б нічога, але «завышэнне цэн» і «пералік тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы» – гэта элементы сілавога кіравання эканомікай.

Менавіта гэты метад абраў Лукашэнка месяц таму, калі на нарадзе заявіў падначаленым: «Да похер твой макроуровень людям!»

Пытанне толькі ў тым, наколькі хутка выбар на карысць «спакою людзей» прывядзе да поўнага краху стратнай лукашэнкаўскай эканомікі.

Падкрэслім таксама, што выкарыстанне Лукашэнкам ненарматыўнай лексікі стала больш частым. 

Нядаўна ён хваліўся тым, што “паслаў нах” амерыканцаў.

Такая бескампрамісная блізкасць да народу можа сведчыць як пра ўзраставыя змены, так і пра набліжэнне фіналу кіравання Лукашэнкі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Калі кантроль ператвараецца ў параною: беларуская бюракратыя ў трох дзеяннях

У Беларусі чыноўнікі дапрацавалі праект указа аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Калі яго падпіша Аляксандр Лукашэнка — праверак стане менш. Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед.

Нядаўна я пачуў гісторыю ад аднаго кавярніка ў Мінску. Ягонае маленькае прадпрыемства за адзін месяц праверылі чатыры разы. Санстанцыя, пажарнікі, ліцэнзійнікі і нават нейкі загадкавы спецыяліст па арганалептыцы кавы. Кожны з іх прыходзіў са сваім “неадкладным” заданнем. І ўсе яны, здаецца, шукалі не столькі праўду, колькі прычыну — прычапіцца, пагразіць, пакінуць “паперку”.

Я тады падумаў: а ці не пераўтварыліся нашы кантрольныя органы ў некі зброевы склад, дзе кожны кантралёр — нібы вартаўнік з правам на суд?

Апошнія гады ў Беларусі назіраецца выразная тэндэнцыя: колькасць праверак расце, іх характар — усё больш інквізітарскі. Здаецца, бюракратычная машына навучылася харчавацца сама сабою — чым больш праверак, тым больш справаздач, тым больш падстаў для новых праверак. Асабліва моцна гэта адчувае малы і сярэдні бізнес, для якога кожная нечаканая інспекцыя — не проста стрэс, а рэальны рызыка страты кліентаў ці нават ліцэнзіі.

Генпракурор Андрэй Швед нядаўна абвясціў: рыхтуецца новы ўказ, які мусіць “прывесці парадак” у сферу кантролю. Гучыць прыгожа. Але ці не стане ён чарговым дыванком, якім накрыюць тыя ж самыя ямы? Бо праблема не ў колькасці паперак, а ў самой сістэме, якая працягвае функцыянаваць не дзеля развіцця, а дзеля самазабеспячэння.

У краінах, дзе дзяржава — гэта не фетыш, а сэрвіс, кантрольныя органы выглядаюць зусім інакш. Там яны — партнёры бізнесу, яны дапамагаюць выконваць нормы, а не выкарыстоўваюць іх як пасткі. Там дзяржава нагадвае садоўніка, які абразае сухое і падкормлівае жывое. У нас жа — хутчэй паляўнічы з журналам справаздач.

Кансерватызм заходняга тыпу, з яго даверам да асобы і перавагай самарэгуляцыі, стварае асяроддзе, у якім прадпрымальнік адчувае сябе адказным, а не падазраваным. Аднак у Беларусі дзяржава працягвае імкнуцца кантраляваць усё: ад памеру шыльдаў да густу кавы. І з кожным новым правераным актам сыходзіць інвестыцыйны капітал, а разам з ім — вертыкаль надзеі на развіццё.

І ёсць яшчэ адно — больш цёмнае — наступства. Калі правяраюць занадта часта, а знаходзяць заўжды, рана ці позна з’яўляецца спакуса дамаўляцца. Так, празмерны кантроль становіцца не аховай парадку, а глебай для карупцыі. І тады ўжо ніхто не верыць — ні ў правілы, ні ў справядлівасць.

Магчыма, прыйшоў час перагледзець саму логіку кантролю ў нашай краіне. Падумаць, як зрабіць так, каб праверкі не былі пугай, а сталі падтрымкай. Каб узаемны давер — а не страх — стаў нормай.

Бо можа аказацца, што празмерны кантроль — гэта не пра моц, а пра яе адсутнасць. І што дзяржава, якая давярае, заўсёды мацнейшая за тую, што толькі падазрае.

Якуб Ясінскі

Новая намесніца старшыні Магілёўскага аблвыканкама па эканоміцы – што пра яе вядома?

Алена Пруднікава-Кірпічонак – эканамістка з Полаччыны, яна аднойчы ўваходзіла ў топ самых прыгожых чыноўніц Беларусі. А таксама, выказвалася, што “людзі павінны разумець, на што трацяцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі”.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка прызначыў на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях эканомікі Алену Пруднікаву-Кірпічонак. Яна замяніла на гэтай пасадзе Руслана Страхара, кар’ерны ліфт якога спусціўся на ўзровень ніжэй.

Пра Алену Пруднікаву-Кірпічонак вядома, што яна пачала сваю працоўную кар’еру як эканаміст “Полацкага камбіната хлебапрадуктаў” у 1998 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымала ў недзяржаўным ВНУ – у Беларускім камерцыйным універсітэце кіравання. У 2011 годзе яна скончыла магістратуру Полацкага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай”, а ў 2017 годзе прайшла перападрыхтоўку ў тым жа Полацкім універсітэце па спецыяльнасці “Фінансы”. З 2013 года яна пачала працаваць у Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь.

У сваю бытнасць супрацоўніцай міністэрства яна часта наведвала Полаччыну, і падчас адной з такіх паездак, у 2015 годзе, выступаючы перад студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выказалася наступным чынам, :

– Людзі павінны разумець, на што марнуюцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі, наколькі эфектыўна яны выдаткоўваюцца, хто нясе адказнасць за наш неэфектыўна выдаткаваны рубель.

кірпічонак
Алена Пруднікава-Кірпічонак у Полацкім універсітэце, 2015 год. Фота: psu.by

З 2017 года Алена Пруднікава-Кірпічонак працавала на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення метадалогіі і каардынацыі дзяржаўных праграм міністэрства эканомікі. У 2019 годзе незалежнае выданне UDF.by нават уключыла прывабную эканамістку ў Топ-13 самых прыгожых беларускіх чыноўніц.

Фота з адкрытых крыніц.