Магілёўскія сілавікі спрабуюць дыстанцыйна кантраляваць з’ехаўшых палітвязняў

Расписку “з відам на эміграцыю” вынайшлі магілёўскія “ахоўнікі беззаконня”. Пяць гадоў татальных “чыстак” прывялі да таго, што міліцыянеры застануцца без працы і перайшлі “на дыстанцыйку”.

Сілавікі запатрабавалі ад былога палітвязня з Магілёва пісьмова пацвердзіць, што ён не мае намеру вяртацца на радзіму.

Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Магілёва Аляксандр Табуноў звязаўся з мужчынам і прапанаваў запоўніць спецыяльны дакумент. У ім патрабуецца ўказаць, ці плануе чалавек вяртанне ў Беларусь, а калі так – назваць канкрэтную дату.

Гэтым справа не абмежавалася. Запоўнены дакумент трэба сфатаграфаваць, а затым зрабіць здымак самога сябе – з паперай у руках. Свайго роду лічбавае пацверджанне.

Прыкметная дэталь: беларускі пашпарт у былога палітвязня ўжо ануляваны. Гэта акалічнасць сілавікоў не збянтэжыла – распіску запатрабавалі ў любым выпадку.

Практыка патрабаваць ад палітычных эмігрантаў пісьмовых запэўненняў фіксуецца праваабаронцамі ўсё часцей. Відаць, беларускія сілавыя структуры выбудоўваюць сістэму дыстанцыйнага кантролю над тымі, хто пакінуў краіну пасля рэпрэсій.

Фота MAYDAY.

«Рэха Дрыбіна» даўно сціхла

Дрыбінская «раёнка» панастальгіравала па мясцовым радыё, закрытым у 2016 годзе з-за «адсутнасці якаснага прыёму радыёпраграм у дыяпазоне УКХ».

Да 100-годдзя беларускага радыё дрыбінская раёнка ўспомніла пра тое, як цудоўна было па паўгадзіны слухаць перадачы «Сельская гаспадарка», «Мясцовая ўлада ў дзеянні», «Жыццё Саветаў», «Сустрэча з насельніцтвам», «Наш край», «Нашы землякі» і «Віншуем».

Нягледзячы на тое, што раённае радыё было «надзейнай, даверлівай, кампетэнтнай і ўдумлівай крыніцай інфармацыі», яго закрылі не толькі ў Дрыбіне, а паўсюдна.

Прычым не з-за тэхнічных праблем з вяшчаннем, а таму што:

  • правадное радыё аджыло свой век яшчэ на дзесяць гадоў раней;
  • утрымліваць бескарысную структуру ўладам стала не па кішэні.

І нават тое, што цяпер у Беларусі зарэгістравана больш за 90 радыёстанцый, кажа не пра рост папулярнасці радыё, а хутчэй пра інертнасць уладаў.

Ды што там раённае радыё, калі цяпер адзін толковы блогер можа з поспехам замяніць увесь працоўны калектыў любой раённай газеты разам з бухгалтарам і прыбіральшчыцай.

Падаецца, што справа тут не ў настальгіі па радыё, а ў шкадаванні пра беззваротна страчаныя часы, калі інфармацыя знаходзілася пад татальным кантролем уладаў.

Фота раённай газеты.

Калі кантроль ператвараецца ў параною: беларуская бюракратыя ў трох дзеяннях

У Беларусі чыноўнікі дапрацавалі праект указа аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Калі яго падпіша Аляксандр Лукашэнка — праверак стане менш. Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед.

Нядаўна я пачуў гісторыю ад аднаго кавярніка ў Мінску. Ягонае маленькае прадпрыемства за адзін месяц праверылі чатыры разы. Санстанцыя, пажарнікі, ліцэнзійнікі і нават нейкі загадкавы спецыяліст па арганалептыцы кавы. Кожны з іх прыходзіў са сваім “неадкладным” заданнем. І ўсе яны, здаецца, шукалі не столькі праўду, колькі прычыну — прычапіцца, пагразіць, пакінуць “паперку”.

Я тады падумаў: а ці не пераўтварыліся нашы кантрольныя органы ў некі зброевы склад, дзе кожны кантралёр — нібы вартаўнік з правам на суд?

Апошнія гады ў Беларусі назіраецца выразная тэндэнцыя: колькасць праверак расце, іх характар — усё больш інквізітарскі. Здаецца, бюракратычная машына навучылася харчавацца сама сабою — чым больш праверак, тым больш справаздач, тым больш падстаў для новых праверак. Асабліва моцна гэта адчувае малы і сярэдні бізнес, для якога кожная нечаканая інспекцыя — не проста стрэс, а рэальны рызыка страты кліентаў ці нават ліцэнзіі.

Генпракурор Андрэй Швед нядаўна абвясціў: рыхтуецца новы ўказ, які мусіць “прывесці парадак” у сферу кантролю. Гучыць прыгожа. Але ці не стане ён чарговым дыванком, якім накрыюць тыя ж самыя ямы? Бо праблема не ў колькасці паперак, а ў самой сістэме, якая працягвае функцыянаваць не дзеля развіцця, а дзеля самазабеспячэння.

У краінах, дзе дзяржава — гэта не фетыш, а сэрвіс, кантрольныя органы выглядаюць зусім інакш. Там яны — партнёры бізнесу, яны дапамагаюць выконваць нормы, а не выкарыстоўваюць іх як пасткі. Там дзяржава нагадвае садоўніка, які абразае сухое і падкормлівае жывое. У нас жа — хутчэй паляўнічы з журналам справаздач.

Кансерватызм заходняга тыпу, з яго даверам да асобы і перавагай самарэгуляцыі, стварае асяроддзе, у якім прадпрымальнік адчувае сябе адказным, а не падазраваным. Аднак у Беларусі дзяржава працягвае імкнуцца кантраляваць усё: ад памеру шыльдаў да густу кавы. І з кожным новым правераным актам сыходзіць інвестыцыйны капітал, а разам з ім — вертыкаль надзеі на развіццё.

І ёсць яшчэ адно — больш цёмнае — наступства. Калі правяраюць занадта часта, а знаходзяць заўжды, рана ці позна з’яўляецца спакуса дамаўляцца. Так, празмерны кантроль становіцца не аховай парадку, а глебай для карупцыі. І тады ўжо ніхто не верыць — ні ў правілы, ні ў справядлівасць.

Магчыма, прыйшоў час перагледзець саму логіку кантролю ў нашай краіне. Падумаць, як зрабіць так, каб праверкі не былі пугай, а сталі падтрымкай. Каб узаемны давер — а не страх — стаў нормай.

Бо можа аказацца, што празмерны кантроль — гэта не пра моц, а пра яе адсутнасць. І што дзяржава, якая давярае, заўсёды мацнейшая за тую, што толькі падазрае.

Якуб Ясінскі