Ксёндз з Бялынічаў раздаў сваю маёмасць парафіянам

Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка, з’язджаючы з арэндаванай кватэры, раздаў свае рэчы людзям.

Прычына пераезду аказалася даволі простай. У Бялынічах у каталіцкай парафіі няма ўласнай плябаніі, таму святару даводзіцца жыць у здымным жыллі. Нядаўна гаспадыня кватэры паведаміла, што знайшла пакупнікоў на жыллё, і ксяндзу прыйшлося шукаць новае месца.

Замест таго каб перавозіць мэблю і бытавую тэхніку, святар вырашыў развітацца амаль з усім, што меў. «Усё раздаў. Пакінуў толькі тое, што неабходна святару і што дазволена мець, а таксама кнігі. Усё астатняе пайшло людзям», – расказаў ксёндз Юзаф.

Паводле яго, новыя гаспадары знайшліся практычна для кожнай рэчы. Парафіяне атрымалі вопратку, посуд, шкло, халадзільнік, шафы, ложкі, сталы, крэслы, пральную і посудамыйную машыны, дробную бытавую тэхніку, а таксама гаспадарчыя сродкі. «Хто чаго меў патрэбу, тое і атрымаў», – кажа святар.

Сам ксёндз ставіцца да гэтай сітуацыі як да важнага жыццёвага досведу. Ён прызнаецца, што пераезд стаў значна прасцейшым, калі высветлілася, што большасць рэчаў больш не трэба перавозіць. «Добра не мець нічога, апрача дзвюх вопратак. Вельмі зручна пры пераездзе», – жартуе святар.

Пасля выезду з Бялынічаў ён адправіўся ў суседняе Беразіно, дзе таксама служыць пробашчам. З-за недахопу каталіцкіх святароў на Магілёўшчыне ксёндз Юзаф ужо даўно апякуецца адразу дзвюма парафіямі.

Там яго чакала яшчэ адна сустрэча, якая прымусіла задумацца. Святар наведаў найстарэйшую парафіянку, каб павіншаваць яе з 95-годдзем, і расказаў пра сваю гісторыю з пераездам. Адказ жанчыны ён запомніў надоўга.

«Добра, што рана зразумелі, што памрэце. Па жыцці мучацца не прыйдзецца, цягаючы ўсё за сабою», – сказала юбілярка. Гэтыя словы, прызнаецца святар, сталі для яго своеасаблівым працягам урока, які ён атрымаў праз вымушаны пераезд.

Фотаздымак: Інстаграм berezinskaya_panorama

Хто купіць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў шклоўскага «Спартака»?

У Шклове паведамілі пра новы этап пашырэння папяровай фабрыкі «Спартак»: прадпрыемства будуе другую чаргу вытворчасці санітарна-гігіенічнай паперы са 100-працэнтнай цэлюлозы.

«Спартак» – паспяховае прадпрыемства

Афіцыйная карціна выглядае ўпэўнена: кошт праекта – больш за 80 мільёнаў рублёў, новая машына павінна даць 24 тысячы тон паперы ў год, першую прадукцыю чакаюць да канца 2027 года, а на прадпрыемстве абяцаюць больш за 40 новых працоўных месцаў. Але за гэтым аптымістычным наборам лічбаў застаецца галоўнае пытанне – хто менавіта купіць такі дадатковы аб’ём прадукцыі і на якіх умовах?

Фабрыка «Спартак» – не пусты корпус і не праект з нуля. Гэта старое прамысловае прадпрыемства Шклова, гісторыя якога пачынаецца з 1898 года.

Яно перажыло некалькі мадэрнізацый, даўно выпускае паперу, кардон, гафрапрадукцыю і санітарна-гігіенічныя вырабы. Менавіта таму новы праект нельга аўтаматычна запісваць у разрад бессэнсоўных будоўляў. У прадпрыемства ёсць вытворчасць, вопыт, кадры і рынак, з якім яно ўжо працуе.

На карысць «Спартака» сведчаць і свежыя вытворчыя паказчыкі.

БелТА пісала, што ў першай палове 2025 года фабрыка выпусціла прадукцыі на 66,4 мільёна рублёў, трэць адправіла за мяжу, а экспарт склаў 7,3 мільёна долараў. Знешнегандлёвае сальда было станоўчым – плюс 2,1 мільёна долараў. Гэта не падобна да прадпрыемства, якое існуе толькі дзеля справаздач.

Ёсць і яшчэ адзін паказчык: мадэрнізацыя на фабрыцы ішла не толькі за кошт дзяржаўных уліванняў. У публікацыі на сайце прадпрыемства гаворыцца, што ў 2024 годзе «Спартак» інвеставаў 11,1 мільёна рублёў уласнага прыбытку ў новыя лініі па вытворчасці гафраскрыняў. Значыць, грошы на развіццё ў фабрыкі былі. Аднак гэта не здымае пытанняў да новага праекта, бо цяпер гаворка ідзе ўжо не пра 11 мільёнаў, а пра суму больш за 80 мільёнаў рублёў.

А як з рынкам збыту?

Самае слабое месца афіцыйнага аповеду – рынак збыту. У рэпартажы сцвярджаецца, што «пакупнікі чакаюць першых паставак» і што партфель заказаў распісаны наперад. Але канкрэтныя пакупнікі не названы. Не раскрыты краіны паставак, не названы кампаніі, не пазначаны тэрміны кантрактаў і аб’ёмы будучых закупак. Для праекта такога маштабу гэта важней за прыгожыя словы пра запатрабаванасць.

Гэта асабліва прыкметна на фоне ранейшых публікацый. У 2023 годзе БелТА паведамляла, што за дзевяць месяцаў фабрыка экспартавала прадукцыі на 15,7 мільёна долараў, а ўдзельная вага экспарту ў адгружанай прадукцыі складала 50,3 працэнта. Тады ж прадпрыемства адкрыта гаварыла пра замежныя напрамкі і пра экалагічны праект па зборы ўпакоўкі Tetra Pak. Раней геаграфія выглядала больш прадметна.

Яшчэ раней раённае выданне пісала, што 38 працэнтаў экспартнай прадукцыі фабрыкі пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, прычым пастаўкі ідуць у 22 рэгіёны. Гэтая інфармацыя важная для разумення цяперашняй сітуацыі: калі пасля 2022 года заходнія напрамкі сталі больш складанымі, нагрузка на расійскі рынак магла вырасці. Але тады ўзнікае новае пытанне – ці здольны ён паглынуць яшчэ 24 тысячы тон паперы ў год без ціску на цану і рэнтабельнасць?

Фармальна логіка праекта зразумелая. Санітарна-гігіенічная папера патрэбная заўсёды, а цэлюлозная аснова дазваляе вырабляць больш мяккую, белую і даражэйшую прадукцыю. Сыравіну абяцаюць беларускую – са Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Для раёна гэта працоўныя месцы, падаткі і загрузка будаўнічых арганізацый. Але эканоміка праекта вымяраецца не тым, колькі грошай асвоена на будоўлі, а тым, колькі прадпрыемства заробіць пасля запуску.

Каб ацаніць рэальны поспех, патрэбныя не лозунгі, а некалькі паказчыкаў:

  • колькі фактычна склаў прыбытак фабрыкі ў 2024 і 2025 гадах;
  • якая частка новага выпуску ўжо закрыта цвёрдымі кантрактамі;
  • на якія рынкі пойдуць дадатковыя 24 тысячы тон паперы;
  • які тэрмін акупнасці праекта коштам больш за 80 мільёнаў рублёў;
  • як зменіцца даўгавая нагрузка прадпрыемства пасля запуску другой чаргі.

Пакуль гэтых даных у адкрытых публікацыях няма. Ёсць даныя пра выпуск, экспарт, мадэрнізацыю і занятасць, але няма ключавога адказу – наколькі рэнтабельным будзе рэзкае пашырэнне вытворчасці. Гэта прынцыповая розніца. Можна пабудаваць сучасны цэх, паставіць новую машыну і стварыць працоўныя месцы, але калі гатовая прадукцыя будзе прадавацца з нізкай маржой, эканамічны эфект апынецца значна больш сціплым за афіцыйныя чаканні.

Усё дзеля лукашэнкаўскага «Адзін раён – адзін праект»?

У гісторыі «Спартака» ўжо былі буйныя ўкладанні ў мадэрнізацыю. Напрыклад, у 2021 годзе БелТА паведамляла пра рэканструкцыю ўчастка перапрацоўкі макулатуры, дзе значная частка сродкаў паступіла праз Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тады задача была зразумелай – пашырыць перапрацоўку нізкасортнай макулатуры і знізіць залежнасць ад сыравіны. Цяперашні праект выглядае больш амбіцыйна: фабрыка фактычна дадае буйны новы аб’ём цэлюлознай санітарна-гігіенічнай паперы.

Таму галоўнае пытанне да шклоўскага праекта гучыць не так, як у афіцыйных рэпартажах. Не «ці пабудуюць новы цэх?» – будоўля, мяркуючы па публікацыях, сапраўды ідзе. І не «ці патрэбная туалетная папера?» – вядома, патрэбная. Галоўнае пытанне іншае: ці ёсць у фабрыкі пацверджаны рынак, які дазволіць прадаць дадатковы выпуск з прыбыткам, а не проста адсправаздачыцца пра ўвод чарговага аб’екта па ініцыятыве «Адзін раён – адзін праект»?

Пакуль адказ на яго застаецца за кадрам. «Спартак» выглядае значна мацней за паўжывых рэгіянальных прадпрыемстваў: ён працуе, экспартуе, мадэрнізуецца і мае ўласную вытворчую гісторыю. Але менавіта таму да праекта на 80 мільёнаў рублёў варта прад’яўляць больш строгія пытанні.

Фота раённай газеты.

У Глуску суд разгледзеў справу непаўналетняга пра абразы ў інтэрнэце

Абразы ў інтэрнэце могуць абярнуцца рэальнымі наступствамі нават для непаўналетніх. Гэта пацвярджае гісторыя, разгледжаная судом Глускага раёна.

Падставай для разбору сталі абразлівыя паведамленні ў Telegram-чаце ў адрас непаўналетняй дзяўчынкі і яе сям’і. Праверка паказала, што адным з удзельнікаў перапіскі быў 13-гадовы падлетак, які заклікаў іншых карыстальнікаў адпраўляць дзяўчынцы абразы.

З-за ўзросту падлетка прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці не змаглі. Аднак гэта не вызваліла сям’ю ад наступстваў. Бацькі хлопца былі прыцягнуты да адказнасці за неналежнае выхаванне сына.

Пасля гэтага маці дзяўчынкі звярнулася ў суд, запатрабаваўшы кампенсацыю маральнай шкоды. Паколькі аўтар паведамленняў не дасягнуў 14 гадоў, патрабаванні былі прад’яўлены яго законнаму прадстаўніку.

Урэшце бакі заключылі міравое пагадненне. Маці падлетка абавязалася выплаціць па 500 рублёў кампенсацыі пазоўніцы і яе дачцэ, а таксама пакрыць судовыя выдаткі ў памеры 1710 рублёў.

У гэтай гісторыі ўсё сумленна, усё паводле закона, суд на вышыні. А вось які суд будзе судзіць цалкам дарослых беларускіх прапагандыстаў, якія з экранаў дзяржаўнага тэлебачання не толькі абражаюць людзей, але і ўжываюць ненарматыўную лексіку?

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Быхаве двое наркакур’ераў асуджаны на 15 гадоў

У Быхаве два чалавекі сталі перад судом за дастаўку з Расіі наркотыкаў і раскладванне іх па тайніках для наркаспажыўцоў.

Абодва мужчыны далучыліся да арганізаванай злачыннай групы дзеля хуткага заробку. Яны працавалі на інтэрнэт-краму, якая займалася продажам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў на тэрыторыі Расіі і Беларусі. 

Як высветліла следства і суд, іх задачай была дастаўка асабліва небяспечных рэчываў праз дзяржаўную мяжу. Атрымаўшы чарговую партыю псіхатропаў у Расіі, кур’еры перавозілі яе ў Беларусь, пасля чаго раскладвалі наркотыкі ў загадзя падрыхтаваныя тайнікі. Каардынаты закладак перадаваліся пакупнікам пасля аплаты тавару. Такім чынам абвінавачаныя ўдзельнічалі ў наладжанай схеме незаконнага абароту наркотыкаў.

Адна з паездак стала для кур’ераў апошняй. Падчас уезду ў Беларусь іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Праваахоўнікі выявілі і канфіскавалі з тайнікоў больш за 300 грамаў мефедрону. Паводле экспертнай ацэнкі, гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

На судзе абодва абвінавачаныя прызналі сваю віну. Патлумачылі, што пайшлі на злачынства дзеля заробку і не задумваліся пра магчымыя наступствы сваіх дзеянняў. Аднак суд палічыў прадстаўленыя доказы дастатковымі для прызнання іх вінаватымі ў незаконным абароце псіхатропных рэчываў у складзе арганізаванай групы.

Суд Быхаўскага раёна вынес кожнаму пакаранне ў выглядзе 15 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, яны павінны выплаціць штраф у памеры 500 базавых велічынь кожны.

Фотаздымак: pravo.by

Вайсковы дрон трапіў у гараж у Чавускім раёне

Раніцай 3 чэрвеня 2026 года беспілотнік трапіў у гараж у вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

Паводле тэлеграм-канала “Рэальная Беларусь”, пацярпелых ад удару дрона няма, але ў бліжэйшых дамах павыбіла вокны. У хуткім часе ў вёску прыбылі сілавікі і затрымалі мужчыну, які спрабаваў зняць здарэнне на тэлефон.

Нагадаем, што 16 верасня 2025 года расійскі дрон упаў на ўсходзе Магілёўшыны. Падзенне ваеннага беспілотніка суправаджалася грохатам. Больш дакладнае месца падзенне дрона вядома рэдакцыі, але з прычыны бяспекі крыніц інфармацыі, мы не ўказваем яго ў гэтым тэксце.

Паводле сведак, гэта быў першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Пры гэтым, мясцовым жыхарам на тэлефоны прыходзілі СМС-паведамленні-папярэджанні “аб нераспаўсюдзе недакладнай інфармацыі”. Як казалі сведкі, гэтыя папярэджанні паступалі ад спецслужб.

Ілюстратыўны фотаздымак: “Рэальная Беларусь”

Шматдзетную бабруйчанку асудзілі на восем гадоў калоніі за наркотыкі

У Бабруйску маці чатырох дзяцей прызнана вінаватай у закладванні тайнікоў з наркотыкамі.

Паводле матэрыялаў суда, жанчына праз мэсенджар Telegram атрымала прапанову працы ў інтэрнэт-краме, якая займалася распаўсюджваннем наркотыкаў. Для працаўладкавання яна накіравала свайму будучаму «куратару» фотаздымак пашпарта.

Ужо на наступны дзень пасля атрымання інструкцый па канспірацыі і мерах бяспекі бабруйчанка атрымала першае заданне. Яна павінна была забраць з тайніка псіхатропнае рэчыва – мефедрон, расфасаваць яго на дробныя дозы і раскласці ў розных месцах для далейшага продажу спажыўцам наркотыкаў.

Аднак па ўказаных каардынатах жанчына тайнік не знайшла і паведаміла пра гэта свайму кіраўніку. Пасля гэтага ёй перадалі новае заданне і новыя каардынаты. За выкананне працы абяцалі заплаціць ад 60 да 70 долараў ЗША.

Да месца знаходжання чарговай закладкі бабруйчанка не дабралася. Па дарозе яе затрымалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Падчас аперацыі з тайніка было вынята 2,25 грама мефедрону – псіхатропнага рэчыва, забароненага да абароту ў Беларусі.

На судовым пасяджэнні 33-гадовая абвінавачаная цалкам прызнала сваю віну.

Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў жанчыну вінаватай у незаконных з мэтай збыту набыцці і захоўванні асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы. Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў пазбаўлення волі. Прысуд пакуль можа быць абскарджаны.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Апазіцыйная грамадская дзеячка Любоў Санкевіч памерла ў Бабруйску

Не стала бабруйчанкі Любові Санкевіч, якая сваёй грамадскай дзейнасцю на карысць праўды і справядлівасці запомнілася жыхарам горада.

Пра смерць жанчыны стала вядома са старонкі ў сацыяльнай сетцы Facebook, дзе родныя паведамілі, што пахаванне адбылося 27 траўня 2026 года.

Любоў Санкевіч была адной з самых вядомых грамадзкіх актывістак Бабруйска. Яе імя неаднаразова з’яўлялася ў незалежных медыя ў сувязі з барацьбой за свае працоўныя правы, удзелам у акцыях пратэсту і крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў.

Шырокую вядомасць яна атрымала яшчэ ў 2003 годзе пасля галадоўкі пратэсту супраць звальнення з працы. Бухгалтарка паводле адукацыі, Санкевіч працавала на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Яна сцвярджала, што была звольненая пасля спробаў выкрыць злоўжыванні і раскраданне маёмасці на прадпрыемстве. Не пагадзіўшыся з рашэннем кіраўніцтва, жанчына распачала судовую барацьбу, а пасля заявіла пра фальсіфікацыю матэрыялаў сваёй справы і абвясціла галадоўку.

Актывістка неаднаразова крытыкавала дзяржаўныя органы за нежаданне разглядаць яе скаргі па сутнасці. Паводле яе, нават Міністэрства юстыцыі не запатрабавала ўсіх неабходных дакументаў для поўнага вывучэння абставінаў канфлікту.

Для ўсёй Беларусі Любоў Санкевіч стала вядомай 22 чэрвеня 2017 года. Падчас пікету салідарнасці ў Мінску яна публічна папрасіла прабачэння за тое, што на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе аддала свой голас за Аляксандра Лукашэнку.

Пасля вяртання ў Бабруйск пенсіянерку сустрэлі супрацоўнікі міліцыі. На чыгуначным вакзале яе затрымалі і даставілі ва ўпраўленне для складання адміністрацыйных матэрыялаў. Падчас знаходжання ў аддзяленні жанчыне стала дрэнна, яна выклікала хуткую дапамогу і была шпіталізаваная.

Сваё расчараванне ў Лукашэнцы Любоў Санкевіч тлумачыла разыходжаннем паміж яго абяцаннямі і рэальнымі дзеяннямі. Як прафесійны бухгалтар, яна звяртала ўвагу на супярэчнасці ў дзяржаўнай статыстыцы і эканамічных паказчыках.

Актывістка адкрыта заяўляла пра існаванне карупцыі ў дзяржаўным апараце, крытыкавала эканамічную палітыку ўладаў і гаварыла пра пагаршэнне сацыяльнага становішча грамадзян.

Асобнае месца ў яе грамадскай дзейнасці займала барацьба за сумленныя выбары. Любоў Санкевіч працавала незалежнай назіральніцай падчас выбарчых кампаній, паведамляла пра магчымыя фальсіфікацыі і парушэнні выбарчага заканадаўства. Яна ўваходзіла ў склад «Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры», удзельнічала ў пікетах і акцыях у Бабруйску і Мінску.

За сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю жанчына неаднаразова трапляла пад адміністрацыйны пераслед і атрымлівала штрафы. Аднак гэта не прымусіла яе адмовіцца ад сваіх перакананняў.

Любоў Санкевіч таксама ўздымала тэмы хабарніцтва ў родным горадзе і адкрыта казала пра праблемы, якія, на яе думку, замоўчваліся мясцовымі ўладамі. Менавіта гэтай прынцыповасцю, настойлівасцю і гатоўнасцю адстойваць праўду яна запомнілася многім бабруйчанам.

Фотаздымак: www.facebook.com/liubou.sankevich

Аграрыі Быхаўшчыны спадзяюцца на добрае надвор’е і фартуну

Першы намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Сяргей Сыса (на фота) ў свежым паведамленні пра ход першага ўкосу намаляваў цалкам добразычлівую карціну. Травы сёлета лепшыя, надвор’е паспрыяла, тэхніка часткова абноўлена, аграрыі працуюць на поўную сілу, а нарыхтаваных кармоў павінна хапіць жывёле на ўвесь асенне-зімовы перыяд.

Накасілі – яшчэ не значыць нарыхтавалі

На першы погляд гэта звычайная сезонная справаздача: колькі гектараў убрана, колькі сена і сенажу трэба нарыхтаваць, колькі галоў буйной рагатай жывёлы неабходна забяспечыць кармамі. Але калі супаставіць гэтыя словы з матэрыяламі Камітэта дзяржаўнага кантролю, пракуратуры і публікацыямі ў самім раёне, аптымістычная карцінка пачынае рассыпацца.

Праблема Быхаўшчыны не ў тым, што ў чэрвені 2026 года дрэнна растуць травы. Праблема ў тым, што добрыя травы і добрае надвор’е не адмяняюць сістэмных правалаў у якасці кармоў, утрыманні жывёлы, падзяжы жывёлы і арганізацыі працы гаспадарак.

Начальнік быхаўскага райсельгасхарчу робіць акцэнт на ўдалым старце корманарыхтоўкі. Пад першы ўкос у раёне адведзена амаль 11 300 гектараў, з іх убрана каля пятай часткі. Асобна падкрэсліваецца, што люцэрна і бабовыя травы ўдаліся добра.

Аднак ключавое пытанне не толькі ў тым, колькі травы скасілі, а ў тым, якой якасці корм потым апынуўся ў траншэях і на фермах.

У 2023 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю паведамляў пра парушэнні тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання кармоў у Магілёўскай вобласці. Паводле вынікаў лабараторных даследаванняў значная частка праверанага сенажу была аднесена да нізкаякасных кармоў трэцяга класа, а сярод раёнаў з найбольшай доляй такога сенажу называўся менавіта Быхаўскі раён.

Гэтыя даныя дапаўняла і інфармацыя БелТА пра вынікі даследавання якасці травяных кармоў больш чым у трохстах сарака сельскагаспадарчых арганізацыях.

То-бок афіцыйны аптымізм адносна зялёнай масы сам па сабе нічога не даказвае. Трава можа вырасці добрай, але корманарыхтоўчая кампанія ўсё роўна можа скончыцца нізкапажыўным сенажом, парушэннямі захоўвання і прыпіскамі аб’ёмаў.

Што з падзяжом?

Тым часам падзёж БРЖ у раёне вылічаўся сотнямі галоў.

Сыса кажа, што якасны корм забяспечыць здароўе пагалоўя і дасць станоўчы вынік у надоях і прывагах. Гучыць як па нотах. Але менавіта здароўе пагалоўя ў раёне ўжо станавілася прадметам жорсткага разбору.

На пасяджэнні Быхаўскага райвыканкама ў лютым 2024 года былі названы лічбы, якія дрэнна спалучаюцца з дабратворнай рыторыкай.

Паводле афіцыйнай публікацыі райвыканкама, за 2023 год у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна пала шэсцьсот восемдзесят дзве галавы буйной рагатай жывёлы. З іх дзевяноста чатыры галавы склалі звышнарматыўны падзёж.

Гэта не дробная статыстычная хібнасць і не выпадковы эпізод. Калі падзеж ідзе на сотні галоў, гаворка ўжо не пра надвор’е і не пра адзін няўдалы месяц, а пра якасць кіравання жывёлагадоўляй.

Тым больш што ў той жа публікацыі проста гаварылася пра грубыя парушэнні кармлення і ўтрымання, безгаспадарчасць, ігнараванне тэхналагічных рэгламентаў, невыкананне заатэхнічных і ветэрынарных правілаў. Прычыны называліся адкрыта: не стыхія, а арганізацыя працы.

Асабліва паказальны студзень 2024 года. Толькі за адзін месяц у Быхаўскім раёне пала сто дваццаць галоў буйной рагатай жывёлы. У якасці прычын называліся несвоечасовае выпойванне малодзівам нованароджаных цялят і неналежны санітарны стан на малочна-таварных комплексах і фермах. Гэта таксама было зафіксавана ў матэрыяле райвыканкама.

Менавіта тут узнікае галоўнае супярэчанне. Цяпер намеснік старшыні райвыканкама гаворыць пра пільную ўвагу да кармоў і будучага здароўя жывёл. А ў больш ранніх афіцыйных матэрыялах улады самі прызнавалі, што жывёлы гінулі не праз анамальную засуху або надзвычайную сітуацыю, а праз элементарныя парушэнні догляду, кармлення і санітарыі.

Колькі ёсць і колькі было

Яшчэ адзін прыгожы паказчык са свежай справаздачы Сысы – больш за 22 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ў раёне і больш за 8,6 тысячы галоў малочнага статка. Але агульны раённы паказчык хавае сітуацыю па канкрэтных гаспадарках.

Увосень 2024 года раённая прэса пісала, што ў ААТ «Абідавічы», ААТ «Вароніна», КУП «Мокранскі Агра» і СК «Дуброва» было дапушчана зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Там жа гаварылася пра гаспадаркі, якія не дацягнулі да леташніх прываг. Гэтыя даныя змяшчаліся ў публікацыі Быхаўскай раённай газеты пра жывёлагадоўлю.

Таму спасылка на агульнае пагалоўе гучыць уражліва толькі да таго часу, пакуль не паглядзець на дынаміку ў асобных арганізацыях. Калі частка гаспадарак губляе жывёлу і не выконвае паказчыкі па прывагах, то размова пра будучую эканоміку ад якасных кармоў застаецца хутчэй надзеяй, чым даказаным вынікам.

Надоі таксама пад пытаннем

Сяргей Сыса звязвае якасць кармоў з будучымі надоямі. Але ў раёне ўжо былі прыклады, калі ўзорныя аб’екты з часам апыналіся сярод праблемных.

Так, малочна-таварны комплекс «Новы Свет» ААТ «Абідавічы» некалькі гадоў таму падаваўся як паспяховы аб’ект. У 2020 годзе раённая прэса пісала, што комплекс штодня здаваў дзяржаве амаль дзве тысячы семсот кілаграмаў малака. Пра гэта расказвалася ў артыкулеі пра работу комплексу «Новы Свет».

Але ўжо ў 2024 годзе гэты ж комплекс апынуўся сярод адстаючых па надоях. Загаварылі пра тое, што на малочна-таварных комплексах «Сялец» і «Новы Свет» не змаглі атрымаць нават 1000 кілаграмаў малака за справаздачны перыяд. Такі паварот добра паказвае, наколькі асцярожна трэба ставіцца да парадных публікацый пра жывёлагадоўлю.

Вось гэта залудзілі

Вось і новая тэхніка не адмяняе старыя правалы. У справаздачы асобна пералічваецца абнаўленне парка: два новыя аўтамабілі МАЗ, два кормаўборачныя камбайны і дзве касілкі. Для справаздачы гэта важная дэталь, але яна не закрывае пытанне арганізацыі работ.

Раней падчас маніторынгу КДК высвятлялася, што ў ААТ «Навабыхаўскі» правядзенне корманарыхтоўкі стрымлівалася недахопам паліва. Пра гэта паведамлялася ў публікацыі пра праверкі корманарыхтоўкі. То-бок праблема была не толькі ў наяўнасці тэхнікі, але і ў элементарным забеспячэнні работ. Машыны можна купіць, але гэта не гарантуе своечасовую ўборку, правільнае захоўванне кармоў і дысцыпліну на месцах.

Сёння Сыса гаворыць пра перазалужэнне плошчаў і ўцягванне зямель пасля меліярацыі. Але і гэты пункт выглядае лепш у справаздачы, чым у кантрольных матэрыялах мінулых гадоў.

Яшчэ ў 2022 годзе ў Магілёўскай вобласці фіксаваліся праблемы з перазалужэннем луговых угоддзяў. У публікацыі пра вынікі кантролю гаварылася, што ў гаспадарках Быхаўскага раёна да такіх работ не прыступалі, хаця яны непасрэдна ўплываюць на ўраджайнасць травяных кармоў.

Пра гэта паведамлялі «Магілёўскія ведамасці». Таму фраза пра перазалужэнне ў справаздачы гучыць не як доказ устойлівага парадку, а як напамін пра праблему, якую гадамі даводзілася падцягваць праз кантроль і адміністрацыйны ціск.

А чыноўнікі ўсё спадзяюцца

Усе думкі Сяргея Сысы пабудаваны вакол надзеі. Надвор’е дапамагло, травы выраслі лепшыя, тэхніка абноўлена, кармы будуць нарыхтаваны, жывёлы павінны даць надоі і прывагі. Але ранейшыя афіцыйныя матэрыялы паказваюць, што слабое месца Быхаўскага раёна не толькі ў надвор’і і не толькі ва ўраджайнасці траў.

Слабое месца – у якасці кармоў, выкананні тэхналогій, санітарыі, захаванасці пагалоўя і кіраванні гаспадаркамі. Менавіта таму словы пра добры першы ўкос не адказваюць на галоўнае пытанне: што змянілася ў сістэме, якая ўжо прыводзіла да нізкаякаснага сенажу, звышнарматыўнага падзяжу, парушэнняў утрымання жывёл і скарачэння пагалоўя ў асобных сельскагаспадарчых арганізацыях?

Пакуль на гэтае пытанне няма адказу, справаздача выглядае не як доказ пераадолення праблем, а як чарговая сезонная карцінка-размалёўка: надвор’е дапамагло, травы пайшлі, чыноўнікі спадзяюцца на лепшае. Але надзея – гэта яшчэ не эканоміка. Між тым Быхаўскі раён не выключэнне з агульнага правіла. Да таго ж гэта самы вялікі раён на Магілёўшчыне.

Фота БелТА.

Клімавіцкі старшыня захапіўся міжнароднасцю “Белагра”

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віктар Пугач (на фота) з’ездзіў на «Белагра-2026» і захапіўся маштабам выставы.

Ды і як тут не выпасці ў асадак: 575 кампаній з 12 краін. Але калі адкінуць ліслівыя захапленні і паглядзець на форум цвярозым поглядам, усё можна апісаць адным словам – дакаціліся.

Формула «575 кампаній з 12 краін» зручная для загалоўкаў. Яна адразу стварае адчуванне шырокай геаграфіі і сур’ёзнай знешняй цікавасці да беларускага аграпраму.

Але яшчэ да адкрыцця выставы паведамлялася, што з пададзеных заявак пераважная большасць прыйшлася на Беларусь. Паводле даных, апублікаваных перад форумам, беларускія арганізацыі падалі 441 заяўку. Расія падала 73 заяўкі, Кітай – 25. Астатнія краіны былі прадстаўлены больш сціпла. Асаблівую ролю ў замежным прадстаўніцтве адыграла Расія.

На афіцыйнай старонцы выставы гаворыцца, што ў «Белагра-2026» удзельнічалі прадпрыемствы з 18 расійскіх рэгіёнаў. Асобныя калектыўныя стэнды падрыхтавалі Бранская, Белгародская, Мурманская і Чалябінская вобласці, а таксама Краснадарскі край. Акрамя таго, была прадстаўлена экспазіцыя Расійскага экспартнага цэнтра «Сделано в России».

Яшчэ адна важная дэталь – само слова «кампанія». У выставачнай статыстыцы побач з вытворцамі могуць улічвацца ведамствы, навуковыя арганізацыі, абласныя экспазіцыі, канцэрны, аб’яднанні і калектыўныя стэнды. Гэта не 575 замежных прадпрыемстваў. Гэта агульны масіў удзельнікаў, большую частку якога забяспечыла сама Беларусь.

То-бок, калі шчыра – самі выставіліся, самі пазахапляліся.

Фота раённай газеты.

Казку пра сучасную стаматалогію ў Краснаполлі расказалі мясцовыя ідэолагі

29 мая раённая газета «Чырвоны сцяг» выдала ўзорна-паказальны матэрыял у жанры «ў нас усё добра». Малады зубны фельчар, якая па размеркаванні з Оршы прыехала праз Крычаў у Краснаполле, паводле версіі аўтара, «шчыра ўражана» маштабам мясцовай ЦРБ, «прыйшла ў поўнае захапленне» ад кабінетаў, акружана «надзвычай добрымі» настаўнікамі і ўжо завалена захопленымі водгукамі пацыентаў.

Цытаты ў матэрыяле падабраны так, што ад эпітэтаў у вачах мільгаціць: «маштабны, яркі комплекс», «асобны корпус», «найноўшы якасны рамонт», «па апошнім слове тэхнікі», «створаны ўсе ўмовы, каб працаваць годна». Ключы ад інтэрната выдадзены, пад’ёмныя выплачаны ў поўным аб’ёме, пацыенты тэлефануюць і просяцца «да новай дзяўчыны».

Усё было б добра, але праверыць гэта па-за межамі самой раённай газеты немагчыма.

А што насамрэч?

Водгукі пацыентаў пра Краснапольскую ЦРБ на Яндэкс Картах – рэйтынг каля 3,5 з 5 па 68 ацэнках. У свежых водгуках 2024-2025 гадоў жыхары раёна пішуць зусім не пра «маштабны, яркі комплекс»:

  • не хапае ўрачоў і вузкіх спецыялістаў;
  • бальніца хранічна недафінансаваная;
  • да стаўлення персаналу ёсць прамыя прэтэнзіі;
  • якасць медыцынскай дапамогі – асобная балючая тэма.

Гэта тая самая ЦРБ, ад якой, паводле версіі краснапольскіх прапагандыстаў, спецыялістка, што прыехала па размеркаванні, прыйшла «ў поўнае захапленне».

У адкрытых крыніцах пра гэтае захапленне і захопленых пацыентаў няма ні слова. Незалежных водгукаў менавіта пра стаматалагічнае аддзяленне Краснаполля цяпер няма ўвогуле – ні на картах, ні ў мясцовых пабліках, ні ў раённых групах у сацыяльных сетках. Хвалебная цытата «пра яе ўжо вельмі добрыя водгукі ідуць» існуе выключна ў пераказе самой раёнкі і пацвярджэння па-за ёй не мае.

Сюжэт пра маладога спецыяліста, які «шчыра ўражаны» станам раённай бальніцы, – не больш чым штатная ідэалагічная канструкцыя. Згодна з ёй, размеркаванне трэба падаваць як удачу, рамонт – як дасягненне, кадры – як поспех. Артыкул у раёнцы з разраду “ні пра што”: ён даказвае толькі тое, што краснапольскія журналісты налаўчыліся штампаваць дзяжурныя тэксты.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.