Ксёндз з Бялынічаў раздаў сваю маёмасць парафіянам

Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка, з’язджаючы з арэндаванай кватэры, раздаў свае рэчы людзям.

Прычына пераезду аказалася даволі простай. У Бялынічах у каталіцкай парафіі няма ўласнай плябаніі, таму святару даводзіцца жыць у здымным жыллі. Нядаўна гаспадыня кватэры паведаміла, што знайшла пакупнікоў на жыллё, і ксяндзу прыйшлося шукаць новае месца.

Замест таго каб перавозіць мэблю і бытавую тэхніку, святар вырашыў развітацца амаль з усім, што меў. «Усё раздаў. Пакінуў толькі тое, што неабходна святару і што дазволена мець, а таксама кнігі. Усё астатняе пайшло людзям», – расказаў ксёндз Юзаф.

Паводле яго, новыя гаспадары знайшліся практычна для кожнай рэчы. Парафіяне атрымалі вопратку, посуд, шкло, халадзільнік, шафы, ложкі, сталы, крэслы, пральную і посудамыйную машыны, дробную бытавую тэхніку, а таксама гаспадарчыя сродкі. «Хто чаго меў патрэбу, тое і атрымаў», – кажа святар.

Сам ксёндз ставіцца да гэтай сітуацыі як да важнага жыццёвага досведу. Ён прызнаецца, што пераезд стаў значна прасцейшым, калі высветлілася, што большасць рэчаў больш не трэба перавозіць. «Добра не мець нічога, апрача дзвюх вопратак. Вельмі зручна пры пераездзе», – жартуе святар.

Пасля выезду з Бялынічаў ён адправіўся ў суседняе Беразіно, дзе таксама служыць пробашчам. З-за недахопу каталіцкіх святароў на Магілёўшчыне ксёндз Юзаф ужо даўно апякуецца адразу дзвюма парафіямі.

Там яго чакала яшчэ адна сустрэча, якая прымусіла задумацца. Святар наведаў найстарэйшую парафіянку, каб павіншаваць яе з 95-годдзем, і расказаў пра сваю гісторыю з пераездам. Адказ жанчыны ён запомніў надоўга.

«Добра, што рана зразумелі, што памрэце. Па жыцці мучацца не прыйдзецца, цягаючы ўсё за сабою», – сказала юбілярка. Гэтыя словы, прызнаецца святар, сталі для яго своеасаблівым працягам урока, які ён атрымаў праз вымушаны пераезд.

Фотаздымак: Інстаграм berezinskaya_panorama

Пасля 25 гадоў у Германіі расіяне пераехалі ў Магілёў і пазногці ў іх адразу сталі крапчэй

Пераезд сям’і з Германіі ў Магілёў адразу стаў нагодай для беларускіх прапагандыстаў асудзіць гнілы Захад і праславіць беларускую “стабільнасць”.

Гісторыя выглядае так: у 2000 годзе сям’я інжынераў Паспелавых з Омска пераехала на сталае месца жыхарства ў Германію і пражыла там чвэрць стагоддзя. Цяпер Паспелавы зноў вырашылі змяніць прапіску і пераехалі ў Магілёў.

Прычыны, з-за якіх было прынята такое рашэнне:

  • Паспелавы так і не сталі “сваімі” ў чужой краіне;
  • медыцынскае абслугоўванне: у Германіі бясплатны агляд давялося б чакаць месяцамі, у Беларусі – прайшлі за тыдзень;
  • высокая якасць прадуктаў: за тры месяцы беларускай дыеты пазногці сталі мацнейшымі;
  • хваляваліся за сваяка, які ваяваў у Чырвонай Арміі, трапіў у нямецкі палон і памёр у канцлагеры;
  • адмова аўстрыйскіх (не нямецкіх) уладаў у просьбе ўсталяваць фотаздымак сваяка на брацкай магіле: “сям’і адказалі катэгарычна і нават цынічна”.

Байкамі пра моцныя пазногці, перавагу беларускай медыцыны над нямецкай і высокую якасць беларускай прадукцыі ўжо нікога не здзівіш: яны прапісаны ў падлізлівай песні “Бацька”, разам з віламі і яжовымі рукавіцами.

А вось гісторыя з канцлагерам – іншы каленкор. Менавіта аўстрыйскія ўлады збераглі памяць пра сваяка Паспелавых, а ўсталяванне фотаздымка на брацкай магіле  гэта толькі жаданне, якое ідзе ўразрэз з аўстрыйскім разуменнем парадку на мемарыяльных комплексах. Незразумела таксама, ці ёсць на той магіле фотаздымкі іншых пахаваных.

Пасля гэтага ў Паспелавых узнік цэлы шквал прэтэнзій да Германіі, якая іх прыняла. Яны раптам зразумелі, што:

  • вайна не скончылася;
  • на Захадзе ствараюць грамадства спажыўцоў;
  • Германія стала актыўна прымаць мігрантаў пасля падзей ва Украіне;
  • прыезджыя (такія самыя, як яны)  лічаць сябе поўнапраўнымі гаспадарамі;
  • яны жылі ў пастаянным страху за сябе і сваіх блізкіх;
  • у Беларусі на вуліцах бяспечна, усё пад кантролем.

Зразумела, уся гэтая гісторыя старанна адрэдагаваная беларускімі ідэолагамі – і выразна бачная іх тапорная работа. 

Сапраўдную прычыну пераезду Паспелавых мы не даведаемся. 

Застаецца толькі статыстыка: з Германіі з’ехала адна сям’я, а жывуць там тысячы беларускіх сем’яў. Яшчэ дзясяткі тысяч мараць з’ехаць туды, нягледзячы на тое, што іх пазногці могуць згубіць беларускую трываласць.

Фота: “Беларусь Сегодня”.