Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка, з’язджаючы з арэндаванай кватэры, раздаў свае рэчы людзям.
Прычына пераезду аказалася даволі простай. У Бялынічах у каталіцкай парафіі няма ўласнай плябаніі, таму святару даводзіцца жыць у здымным жыллі. Нядаўна гаспадыня кватэры паведаміла, што знайшла пакупнікоў на жыллё, і ксяндзу прыйшлося шукаць новае месца.
Замест таго каб перавозіць мэблю і бытавую тэхніку, святар вырашыў развітацца амаль з усім, што меў. «Усё раздаў. Пакінуў толькі тое, што неабходна святару і што дазволена мець, а таксама кнігі. Усё астатняе пайшло людзям», – расказаў ксёндз Юзаф.
Паводле яго, новыя гаспадары знайшліся практычна для кожнай рэчы. Парафіяне атрымалі вопратку, посуд, шкло, халадзільнік, шафы, ложкі, сталы, крэслы, пральную і посудамыйную машыны, дробную бытавую тэхніку, а таксама гаспадарчыя сродкі. «Хто чаго меў патрэбу, тое і атрымаў», – кажа святар.
Сам ксёндз ставіцца да гэтай сітуацыі як да важнага жыццёвага досведу. Ён прызнаецца, што пераезд стаў значна прасцейшым, калі высветлілася, што большасць рэчаў больш не трэба перавозіць. «Добра не мець нічога, апрача дзвюх вопратак. Вельмі зручна пры пераездзе», – жартуе святар.
Пасля выезду з Бялынічаў ён адправіўся ў суседняе Беразіно, дзе таксама служыць пробашчам. З-за недахопу каталіцкіх святароў на Магілёўшчыне ксёндз Юзаф ужо даўно апякуецца адразу дзвюма парафіямі.
Там яго чакала яшчэ адна сустрэча, якая прымусіла задумацца. Святар наведаў найстарэйшую парафіянку, каб павіншаваць яе з 95-годдзем, і расказаў пра сваю гісторыю з пераездам. Адказ жанчыны ён запомніў надоўга.
«Добра, што рана зразумелі, што памрэце. Па жыцці мучацца не прыйдзецца, цягаючы ўсё за сабою», – сказала юбілярка. Гэтыя словы, прызнаецца святар, сталі для яго своеасаблівым працягам урока, які ён атрымаў праз вымушаны пераезд.
Фотаздымак: Інстаграм berezinskaya_panorama
