У Бабруйску эвакуіравалі будаўнікоў, якія захраслі на вышыні 19 метраў

Ратавальнікі ў Бабруйску эвакуіравалі двух будаўнікоў на вуліцы Сацыялістычнай. 

Мужчыны захраслі ў будаўнічай люльцы паміж паверхамі дома, які будуецца, на адзнацы каля 19 метраў.

Прыбыўшыя на месца работнікі МНС задзейнічалі аўтакаленчаты пад’ёмнік.

Будаўнікоў паспяхова эвакуіравалі на зямлю. 

У медыцынскай дапамозе выратаваныя не мелі патрэбы.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала МНС Беларусі.

У Слаўгарадскім раёне расце лічба рэцыдыўных злачынстваў

На Слаўгарадшчыне вырасла колькасць злачынстваў, дзейсненых раней судзімымі грамадзянамі.

Пра тое, што вырасла колькасць такіх злачынстваў, стала вядома пасля каардынацыйнай нарады, праведзенай у Слаўгарадзе пры ўдзеле намесніка пракурора Магілёўскай вобласці Андрэя Волкава. Пры гэтым у пракурорскім паведамленні не называецца ні працэнт роста, ні ўласна колькасць такіх злачынстваў, ні разглядаемы перыяд. З таго можна зрабіць выснову, што, магчыма, лічбы ўражлівыя і менавіта яны выклікалі неабходнасць прыехаць у раён намесніка абласнога пракурора. Тым больш, што, як адзначаецца ў паведамленні, агульная колькасць злачынстваў у раёне змяншаецца.

“Неабходна актывізаваць працу, накіраваную на сацыяльную і працоўную рэабілітацыю грамадзян, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі», – рэзюмаваў старшыня нарады, пракурор Слаўгарадскага раёна Аляксей Пухоўскі.

Сярод праблемных момантаў і рост крымінальных парушэнняў закона па лініі кіберзлачыннасці. Так, за студзень-красавік 2026 года колькасць злачынстваў праз інтэрнэт вырасла ў 2,5 раза – з двух да пяці выпадкаў.

Намеснік пракурора Магілёўскай вобласці акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў нарады на неабходнасць узмацніць прафілактычную работу таксама сярод непаўналетніх. «Нягледзячы на адсутнасць зарэгістраваных на тэрыторыі раёна злачынстваў, учыненых падлеткамі, адзначаецца рост колькасці грамадска небяспечных дзеянняў, учыненых да дасягнення ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Суб’ектам прафілактыкі неабходна дэталёва разабрацца ў прычынах і ўмовах, якія садзейнічалі іх здзяйснення», – сказаў ён.

Фотаздымак: Генеральная прокуратура

Сваякі вязняў бабруйскай калоніі ліквідавалі свой Viber-чат

Чат сваякоў асуджаных калоніі №2 Бабруйска спыніў сваё існаванне праз пагрозы з боку адміністрацыі.

Чат у Viber быў тэрмінова ліквідаваны 5 чэрвеня 2026 года пасля таго, як сілавым структурам удалося ўстанавіць асобу яго адміністратара.

Адметна, што супольнасць не ўваходзіла ў пералік рэсурсаў, прызнаных беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Больш за тое, у назве чата нават не згадвалася бабруйская калонія. Ён пазіцыянаваўся як група ўзаемадапамогі для людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Аднак, як сцвярджаюць крыніцы праваабаронцаў, пасля выяўлення адміністратара кіраўніцтва калоніі прыгразіла яму сур’ёзнымі наступствамі, калі праца супольнасці будзе працягвацца. Пасля гэтага ўдзельнікі вырашылі самастойна закрыць чат.

Ціск на такія супольнасці ўзмацніўся вясной гэтага года. У красавіку Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» дзясяткі інтэрнэт-рэсурсаў, створаных для зносін паміж сваякамі зняволеных. Тады былі ліквідаваныя дзесяць Telegram-чатаў, дзевяць супольнасцяў у Viber і тры паблікі ў сацыяльных сетках.

Нягледзячы на гэта, інфармацыя пра сітуацыю ў беларускіх калоніях працягвае з’яўляцца ў незалежных медыя. Менавіта гэта, на думку праваабаронцаў, выклікае асаблівую занепакоенасць уладаў і становіцца прычынай новых спробаў кантраляваць нават нефармальныя кантакты паміж роднымі асуджаных.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Шклоў пахваліўся ростам тавараабароту, але амаль 70% пакупак прыйшлося на ежу

Шклоўскія ўлады з гонарам паведамілі, што рознічны тавараабарот Шклоўскага раёна ў першым квартале 2026 года вырас на 4,8 працэнта.

Аднак радавацца рана. Паказчык рознічнага тавараабароту паказвае, на якую суму жыхары і госці раёна купілі тавараў у крамах за пэўны перыяд.

У дадзеным выпадку:

  • за студзень-сакавік 2026 года праз крамы і гандлёвыя арганізацыі Шклоўскага раёна было прададзена тавараў на 42,2 мільёна рублёў;
  • з улікам інфляцыі і змянення цэн аб’ём продажаў аказаўся на 4,8 працэнта большым, чым за той жа перыяд 2025 года;
  • з гэтых 42,2 мільёна рублёў на харчовыя тавары прыпала 27,9 мільёна рублёў;
  • на нехарчовыя тавары прыпала 12,3 мільёна рублёў.

Аднак гэта не азначае, што землякі Лукашэнкі сталі багацейшымі на 4,8 працэнта.

Рост тавараабароту можа быць звязаны з рознымі прычынамі:

  • павелічэннем рэальных даходаў насельніцтва;
  • ростам колькасці пакупнікоў з іншых раёнаў;
  • развіццём гандлёвай сеткі;
  • змяненнем структуры спажывання;
  • адкрыццём новых крам.

Акрамя таго, Шклоўскі раён невялікі. Калі падзяліць 42,2 мільёна рублёў на колькасць насельніцтва раёна (каля 22 тысяч чалавек), атрымаецца прыкладна 1900 рублёў пакупак на аднаго жыхара за квартал або каля 630 рублёў у месяц. Гэта ўжо дазваляе прыкладна ацаніць маштабы спажывання.

Самая цікавая лічба ў гэтай хітрай статыстыцы нават не рост тавараабароту, а тое, што 69,4 працэнта ўсіх пакупак прыпала на харчовыя тавары. 

Гэта вельмі высокая доля. У развітых эканоміках па меры росту дабрабыту доля выдаткаў на ежу звычайна змяншаецца, а больш грошай ідзе на паслугі, адпачынак, тэхніку, жыллё і іншыя нехарчовыя тавары. Таму такая структура выдаткаў ускосна паказвае, што для большасці жыхароў раёна прадукты харчавання застаюцца асноўным артыкулам спажывецкіх выдаткаў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Паўтарагадзінны лівень затапіў вуліцы Бабруйска

Стыхія разбушавалася ў Бабруйску 7 чэрвеня пасля 16:00. За паўтары гадзіны ліўню вуліцы горада ператварыліся ў рэкі, паведамляе тэлеграм-чат «Дарогі Бабруйска».

У сацыяльных сетках пішуць, што найбольш дасталося вуліцам Сацыялістычнай і Чангарскай.

А вось абласны цэнтр ліўні чамусьці абыходзяць бокам.

«Магілёўаблгідрамет» прагназуе, што пагроза ліўняў па вобласці захаваецца і сёння.

Фота – скрыншот тэлеграм-чата «Дарогі Бабруйска».

Бабруйчанін прыглядаў за кватэрай пенсіянеркі і абрабаваў яе

У Бабруйску мясцовы жыхар абрабаваў пакінутую на яго кватэру пакуль гаспадыня была на лячэнні.

Больш за 1800 рублёў знікла ў 81-гадовай бабруйчанкі, якая апынулася на лячэнні ў бальніцы. За кватэрай у адсутнасць пенсіянеркі прыглядалі 51-гадовы мужчына і яго сужыцелька. Паводле звестак праваахоўнікаў, бабруйчанін даведаўся, дзе гаспадыня захоўвае свае зберажэнні, і забраў грошы сабе.

Прапажу пенсіянерка выявіла пасля вяртання дадому і звярнулася ў міліцыю. Падазраванага выявілі хутка. Аказалася, што ўсе выкрадзеныя грошы мужчына паспеў прайграць у гульнявых аўтаматах.

У дачыненні да нячыстага на руку памочніка распачатая крымінальная справа.

Фотаздымак: shutterstock

Апякун кацянатаў з Хоцімска папаўся на махлярстве

Абяцаючы даглядаць за нованароджанымі кацянятамі хацімчанін падмануў мінчанку на 1,5 тыс. рублёў.

Гісторыя пачалася з таго, што жыхарка сталіцы знайшла на вуліцы двух нованароджаных кацянятаў. Малечы патрабавалі пастаяннага догляду і спецыяльнага кармлення, але жанчына не мела неабходнага досведу. Таму яна звярнулася па дапамогу ў тэматычную інтэрнэт-супольнасць, дзе абмяркоўваюць праблемы бяздомных жывёл.

На заклік адгукнуўся 25-гадовы жыхар Хоцімска. Малады чалавек паведаміў, што вучыцца на ветэрынарнага ўрача і мае досвед выхаджвання нованароджаных жывёл. Яго словы падаліся пераканаўчымі.

Каб выратаваць кацянятаў, мінчанка асабіста прывезла іх у Магілёўскую вобласць. Яна таксама пагадзілася аплочваць усе выдаткі, звязаныя з доглядам і лячэннем жывёл.

Пэўны час усё выглядала цалкам праўдападобна. Хацімчанін рэгулярна паведамляў, што возіць кацянятаў у ветэрынарную клініку, купляе лекі, шпрыцы, корм і іншыя неабходныя рэчы. Для пацверджання сваіх слоў ён прасіў грошы, якія жанчына без ваганняў пералічвала на яго банкаўскую картку.

Паводле яго паведамленняў, значныя сумы ішлі нават на паездкі ў ветклініку. Часам ён заяўляў пра неабходнасць выклікаць таксі, якое нібыта каштавала ад 45 да 60 рублёў у адзін бок.

Так працягвалася некалькі тыдняў, пакуль у жанчыны не ўзніклі сумненні. Каб упэўніцца, што грошы сапраўды ідуць на дапамогу жывёлам, яна сама звязалася з ветэрынарнай клінікай. Там яе чакала непрыемнае адкрыццё. Высветлілася, што кацянятаў прывозілі да ветэрынараў толькі адзін раз – у першы дзень пасля іх перадачы новаму апекуну.

Пасля гэтага мінчанка звярнулася ў міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі жыхара Хоцімска і распачалі супраць яго крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве. Што сталася з кацянятамі і ў якім яны цяпер стане, афіцыйна не паведамляецца. 

Фотаздымак: ТГ ОС Exclusive

“Дэпутат” Гарошкін любіць талаку. У Дрыбіне і Касцюковічах да яе таксама неабыякавыя

На нарадзе ў Вейна “сенатар-дэпутат” Аляксандр Гарошкін заклікаў чыноўнікаў больш актыўна выкарыстоўваць талаку і суботнікі для вырашэння надзённых пытанняў.

У чым-у чым, а ва ўжыванні бясплатнай працы грамадзян улады Магілёўшчыны сапраўды дасягнулі поспехаў.

Найбольш салідарныя з Гарошкіным у гэтым плане самыя слабыя раёны вобласці – Касцюковіцкі і Дрыбінскі.

Там талака – справа звыклая, а займаюцца яе арганізацыяй мясцовыя РАУС, якія прымушаюць жыхароў, што вядуць асацыяльны лад жыцця, выконваць грамадска-карысныя работы.

У Касцюковічах удзельнікі такой талакі днямі бралі ўдзел у прыборцы прыдамавой тэрыторыі на вуліцы Камсамольскай. У Дрыбіне грамадзяне гэтай жа катэгорыі таксама ўсёй талакой дапамаглі УКП «Жылкамгас».

Яно і зразумела. Пасля масавай алкагалізацыі і дэбілізацыі насельніцтва, праведзенай Гарошкіным і яго калегамі, на талаку выйдуць толькі тыя, каму ад клопату ўладаў ужо папросту не схавацца.

Фота раённай газеты.

Быхаўскае браканьерства: сеткі, дынастыі і бяссілле прафілактыкі

Чарговы рэйд Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету зноў паказаў тое, пра што ў раёне гавораць даўно: браканьерства ў Быхаве і навакольных вёсках застаецца не выпадковым парушэннем, а ўстойлівай мясцовай праблемай.

Інспектары канфіскавалі ў жыхара аднаго з сельскіх населеных пунктаў забароненыя прылады лову – жакі і рыбалоўныя сеткі. Мужчына, заўважыўшы супрацоўнікаў інспекцыі, паспрабаваў схаваць снасці, але падчас агляду домаўладання яны былі выяўлены і канфіскаваны.

Фармальна гэта чарговы паспяховы рэйд. Але для Быхаўскага раёна такая навіна гучыць амаль будзённа. Тут даўно ведаюць, што незаконная рыбалка трымаецца не на адзіночках, а на цэлых сямейных лініях, дзе досвед браканьерства перадаецца ад дзядоў да ўнукаў, а інспектары са сваімі ўзорна-паказальнымі вымярэннямі даўжыні жакоў выглядаюць проста дзецьмі.

У Быхаве, ды і на тым самым Чыгірынскім вадасховішчы, ёсць людзі, для якіх лоўля забароненымі снасцямі даўно стала не эпізодам, а пастаянным заняткам. Яны ведаюць месцы, звычкі інспекцыі, спосабы маскіроўкі і шляхі адыходу.

Таму пытанне не толькі ў канфіскаваных сетках. Пытанне ў тым, чаму раён дзесяцігоддзямі не можа справіцца з тымі, хто ператварыў незаконны промысел у звыклы лад жыцця.

Рэйды патрэбныя. Кожная канфіскаваная сетка – гэта выратаваная рыба. Але аднымі рэйдамі немагчыма перамагчы сістэму, якая даўно ўбудавалася ў мясцовую рэальнасць. Пакуль вядомыя парушальнікі зноў і зноў вяртаюцца да вады, прафілактычныя гутаркі выглядаюць занадта слабым адказам.

Быхаўскаму раёну патрэбная не толькі справаздачнасць пра канфіскаваныя снасці, а шчырая размова пра маштаб праблемы:

хто скупляе рыбу;

хто прыкрывае нелегальны промысел маўчаннем;

чаму адны і тыя ж прозвішчы гадамі застаюцца ў полі чутак, але сітуацыя не змяняецца.

Менавіта ў гэтым галоўная бяда. Браканьерства ў Быхаве – не проста шкода прыродзе. Гэта паказчык таго, што мясцовая сістэма кантролю даўно буксуе. Інспекцыя працуе, сеткі канфіскуюцца, школьнікам чытаюць лекцыі, але прамысловае браканьерства нікуды не знікае.

Пакуль барацьба будзе зводзіцца да асобных рэйдаў, Быхаў так і застанецца раёнам, дзе браканьеры адчуваюць сябе больш упэўнена за закон.

Фота раённай газеты.

Суд пазбавіў мсціслаўчаніна аўтамабіля

Суд Мсціслаўскага раёна разгледзеў крымінальную справу па абвінавачанні жыхара райцэнтра ў кіраванні аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.

І такое рашэнне прынята не выпадкова.

Раней гэты жыхар Мсціслава ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічнае парушэнне. Выплаціў штраф у памеры 8400 рублёў і быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на 60 месяцаў.

Аднак, ужо будучы пазбаўленым вадзіцельскіх правоў, ён зноў сеў за руль аўтамабіля пасля ўжывання алкаголю.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам на два гады з утрыманнем 20 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. Таксама яму забаронена займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на сем гадоў.

У дадатак да ўсяго аўтамабіль, якім кіраваў парушальнік, канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Фота ілюстрацыйнага характару.